Геаграфічнае размеркаванне тэмпературы 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Геаграфічнае размеркаванне тэмпературы



Прыземнага слоя атмасферы

5.10.1. Геаграфічныя фактары размеркавання тэмпературы паветра. Размеркаванне тэмпературы паветра на геаграфічных картах паказваюць пры дапамозе ізатэрм – ізаліній, якія злучаюць кропкі з аднолькавымі тэмпературамі. У цэлым, тэмпература змяншаецца ад экватара да палюсоў і супадае з размеркаваннем радыяцыйнага балансу зямной паверхні. Аднак, ізатэрмы не супадаюць з шыротнымі

кругамі. Гэта тлумачыцца тым, што на размеркаванне тэмпературы ўплываюць шэраг геаграфічных фактараў:

1) Геаграфічная шырата, ад якой залежыць колькасць цяпла, што паступае на Зямлю ад Сонца;

2) Уплыў сушы і мора, якія неаднолькава награюцца і ахалоджваюцца;

3) Цыркуляцыя атмасферы, якая пераносіць цёплыя і халодныя масы паветра;

4) Марскія цячэнні, снегавое і ледзяное покрыва, горныя хрыбты;

5) Вышыня над узроўнем мора.

Уплыў вышыні выключаюць шляхам прывядзення тэмпературы да ўзроўня мора, зыходзячы з таго, што на кожныя 100 м падняцця тэмпература паніжаецца на 0,6 оС.

Для выяўлення геаграфічных заканамернасцей размеркавання тэмпературы паветра будуюць карты сярэднегадовых ізатэрм і сярэдніх ізатэрм для самага халоднага (студзень) і самага цёплага (ліпень) месяцаў.

5.10.2. Размеркаванне сярэдніх гадавых тэмператур. Сярэднія гадавыя ізатэрмы бліжэй за ўсё да шыротных кругоў (рыс. 5.7). Аднак, адхіленне сярэдніх гадавых ізатэрм ад паралелей, як правіла, абумоўлена розным фізічным уздзеяннем на тэмпературу сушы і мора, а таксама марскіх цячэнняў.

З рыс. 5.7 бачна, што ў сярэдзіне тропікаў амаль паўсюдна сярэднегадавыя тэмпературы вышэй за 25 оС. Над Паўночнай Афрыкай, Індыяй і Мексікай узнікаюць востравы цяпла з тэмпературай вышэй нават 28 оС. Языкі цяпла бачны над Паўднёвай Амерыкай, Паўднёвай Афрыкай і Аўстраліяй. Востравы і языкі цяпла сведчаць аб тым, што ў сярэднім за год у трапічных шыротах мацерыкі цяплей, чым акіяны.

У пазатрапічных шыротах, асабліва ў Паўднёвым паўшар’і, гадавыя ізатэрмы амаль супадаюць з паралелямі. Аднак, у Паўночным паўшар’і ізатэрмы над мацерыкамі адхіляюцца на поўдзень, а над акіянамі на поўнач. Гэта значыць, што ў пазатрапічных шыротах у сярэднім за год мацерыкі халадней, чым акіяны.

Самае цёплае месца на Зямлі знаходзіцца на поўдні Чырвонага мора ў Хадэйдзе (Йемен), дзе зафіксавана сярэднегадовая тэмпература +32,5 оС. Самае халоднае месца – ва Усходняй Антарктыдзе, дзе сярэднегадавыя тэмпературы знаходзяцца ў межах -50 – - 55 оС.

Пад ўздзеяннем халодных цячэнняў каля заходніх узбярэжжаў мацерыкоў утвараюцца языкі холаду (гадавыя ізатэрмы звернуты да экватара). Пад уплывам цёплых цячэнняў уздоўж усходніх узбярэжжаў узнікаюць языкі цяпла (ізатэрмы накіраваны ў бок палюсоў).

5.10.3. Размеркаванне сярэдніх студзеньскіх тэмператур. Ізатэрмы студзеня ва ўмераных і палярных шыротах маюць больш выражанае азанальнае прасціранне. Яны ў большай меры адхіляюцца ад напрамку шыротных кругоў, набываючы рэзкія выгіны і гнуткасць на мяжы кантынентаў і акіянаў (рыс. 5.8), асабліва ў Паўночным паўшар’і. У Паўднёвым паўшар’і, дзе пераважае водная паверхня, ізатэрмы маюць амаль шыротны напрамак. У Паўночным замовым паўшар’і тэмпература рэзка змяняецца з шыратой, а ізатэрмы размяшчаюцца гусцей, чым у Паўднёвым. Акрамя таго, у Паўночным паўшар’і над халоднымі мацерыкамі ізатэрмы выгнуты ў бок экватара, а над цёплымі акіянамі – у бок полюса, падкрэсліваючы адрозненні марскога і кантынентальнага кліматаў.

Асабліва моцна прагнуты ізатэрмы на поўнач над цёплымі водамі Паўночнай Атлантыкі. За кошт уздзеяння цёплага Атлантычнага цячэння нулявая ізатэрма нават зімой трапляе за палярны круг. А ўздоўж узбярэжжа Нарвегіі назіраецца згушчэнне студзеньскіх ізатэрм і іх мерыдыянальнае прасціранне. На такое прасціранне ізатэрм адбіваецца ўплыў Скандынаўскіх гор, за якімі над кантынентам збіраецца халоднае паветра. Скандынаўскія горы перашкаджаюць праходжанню цёплага марскога паветра з захаду. Гэтым самым горная сістэма ўзмацняе кантраст тэмператур паміж акіянам і сушай. Такім жа чынам уплываюць Скалістыя горы на Ціхаакіянскім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі.

Над Паўночнаўсходняй Азіяй і Грэнландыяй у студзені ізатэрмы замкнутыя, яны абрысоўваюць востравы холаду. У Якуцкім полюсе холаду (Верхаянск і Оймякон) сярэднестудзеньская тэмпература дасягае -48 оС, а абсалютны мінімум -71 оС. Утварэнню нізкіх тэмператур садзейнічаюць глыбокія міжгорныя ўпадзіны і даліны, дзе адбываецца застой паветра і ўзнікаюць магутныя антыцыкланальныя інверсіі.

Амаль такія ж нізкія тэмпературы назіраюцца ў Грэнландыі, дзе яны захоўваюцца цэлы год (у Якуціі толькі зімой). Вельмі холадна ў раёне Бафінавай зямлі. Над Паўночным полюсам цяплей, чым у Якуціі і Грэнландыі, таму што сюды часта заходзяць цыклоны, яны прыносяць цёплае марское паветра з Атлантыкі і Ціхага акіяну.

У трапічных шыротах студзеньскія ізатэрмы праходзяць вельмі блізка да шыротных кругоў. Тут тэмпература мала змяняецца з шыратой і неістотна адрозніваецца паміж мацерыкамі і акіянамі, дасягаючы 24 – 28 оС.

У Паўднёвым паўшар’і ў студзені лета. Тут ізатэрмы размяркоўваюцца раўнамерна. Аднак над мацерыкамі Паўднёвай Амерыкі, Паўднёвай Афрыкі і Аўстраліі праяўляюцца востравы цяпла. Напрыклад, у Аустраліі сярэднестудзеньская тэмпература складае 34 оС, а максімальная – дасягае 55 оС.

Летнія тэмпературы на ўзбярэжжы Антарктады складаюць каля -5 оС, а ў глыбіні кантынента паніжаюцца да -35 оС.

5.10.4. Размеркаванне сярэдніх ліпеньскіх тэмператур. Летам тэмпература паветра над мацерыкамі вышэй, чым над акіянамі. Пагэтаму ў Паўночным паўшар’і над мацерыкамі ізатэрмы выгнутыя на поўнач, а над акіянамі ў бок экватара (рыс. 5.9). Больш таго, у трапічным поясе Паўночнай Амерыкі, Аравійскага паўвострава, Цэнтральнай Азіі, Мексікі ізатэрмы набываюць замкнуты выгляд, адлюстроўваючы, гэтым самым, востравы цяпла з тэмпературамі 32-40 оС. У Паўночнай Афрыцы ў Лівійскай пустыні (на поўдзень ад Трыпалі) назіраюцца абсалютныя максімумы Зямлі, якія дасягаюць +58 оС. Некалькі ніжэй (+57 оС) зафіксаваны абсалютны максімум тэмпературы ў Каліфорніі, у міжгорнай Даліне Смерці. На Беларусі абсалютны максімум складае +38 оС у раёне Гомеля і +35 оС на поўначы рэспублікі.

У летнім Паўночным паўшар’і істотна змяншаецца тэмпературны кантраст паміж экватарам і полюсам. У выніку гэтай з’явы летнія ізатэрмы размяркоўваюцца радзей, чым зімовыя.

Звяртае на сябе ўвагу згушчэнне ліпеньскіх ізатэрм уздоўж каліфарнійскага ўзбярэжжа. Згушчэнне ізатэрм адлюстроўвае кантраст паміж тэмпературамі над халодным Каліфарнійскім цячэннем і гарачымі суседнімі пустынямі. Так, сярэднеліпеньская тэмпература на ўзбярэжжы складае +16 оС, а ў сярэдзіне пустынь – +32 оС.

У Паўднёвым зімовым паўшар’і ліпеньскія ізатэрмы амаль супадаюць з шыротнымі кругамі. Толькі на заходніх і ўсходніх узбярэжжах пад уздзеяннем адпаведна халодных і цёплых цячэнняў назіраюцца адхіленні ізатэрм--у першым выпадку ў бок экватара, а ў другім--у бок полюса.

Па меры перамяшчэння ад трапічных шырот у бок Паўднёвага полюсу тэмпература ў ліпені хутка паніжаецца. На ўзбярэжжы Антарктыды яна дасягае -15...-35 оС, ва ўсходняй частцы мацерыка – -70 оС. Абсалютны ж мінімум тэмпературы на станцыі “Усход” складае амаль -90 оС. Гэты раён з’яўляецца полюсам холада не толькі для Паўднёвага паўшар’я, але і для ўсяго Зямнога шара. Выключна нізкія тэмпературы ў Антарктыды тлумачацца тым, што ва ўмовах палярнай ночы і антыцыкланальнага надвор’я адбываецца інтэнсіўнае радыяцыйнае ахалоджванне лядова-снегавай падсцілаючай паверхні і прылеглых да яе слаёў паветра.

 

5.11. Тэмпература шыротных кругоў

Для аналізу асаблівасцей размеркавання тэмпературы паветра вызначаюць сярэднія яе значэнні для асобных шыротных кругоў (паралеляў). Сярэднешыротныя тэмпературы вызначаюцца пры дапамозе карт гадавых, студзеньскіх і ліпеньскіх ізатэрм. На пэўнай шыраце (паралелі) у шэрагу пунктаў (15-20 пунктаў) вызначаюць тэмпературу і разлічваюць яе сярэдняе значэнне. На аснове сярэдніх шыротных тэмператур даследуецца размеркаванне тэмпературы паветра ў залежнасці ад шыраты, пары года і характара падсцілаючай паверхні (табл. 5.6).

Прыведзеныя дадзеныя ў табл. 5.6 паказваюць, што ўнутры тропікаў і ў запаляр’і сярэднешыротныя тэмпературы змяняюцца мала. Больш істотныя змяненні тэмпературы характэрны для ўмеранага пояса, дзе яна паніжаецца ад тропікаў да палярных кругоў на 0.5 – 0.6 оС на кожны градус шыраты.

Табліца 5.6

Сярэднія шыротныя тэмпературы (паводле С.П. Хромава)

Шырата паўночная град. Студзень Ліпень Год Шырата паўднёвая град Студзень Ліпень Год
  -41 -1 -23 Экватар +27 +26 +26
  -30 -1 -17   +26 +25 +25
  -25 +7 -10   +26 +21 +23
  -16 +13 -1   +23 +16 +19
  -7 +17 +5   +16 +11 +13
  +6 +23 +14   +9 +4 +6
  +15 +28 +21   +2 -10 -4
  +22 +28 +25   -3 -23 -13
  +26 +27 +27   -11 -40 -25
          -14 -48 -30

 

Арктыка, як у сярэднім за год, так і ў цёплую і халодную пару года аказваецца цяплей у параўнанні з Антарктыкай.

У залежнасці ад суадносін мацерыковай і акіянічнай паверхні ўзнікаюць вялікія адрозненні паміж тэмпературамі Паўночнага і Паўднёвага паўшар’яў. Так, умераныя шыроты ў Паўночным паўшар’і летам цяплей, а зімой халадней, чым гэтыя шыроты ў Паўднёвым паўшар’і, з-за пераважаючай плошчы акіяну ў апошнім.

Сярэднія шыротныя тэмпературы дазваляюць разлічыць сярэднюю тэмпературу для кожнага паўшар’я і ўсёй Зямлі ў цэлым (табл. 5.7).

Табліца 5.7

Сярэдняя тэмпература паветра (оС)

Рэгіён студзень ліпень год Амплітуда
Паўночнае паўшар’е +8 +22 +15  
Паўднёвае паўшар’е +17 +10 +14  
Зямны шар +12 +16 +14 -

 

З табл. 5.7 выходзіць, што ў студзені Паўночнае паўшар’е мае сярэднюю тэмпературу +8 оС, а ў ліпені – +22 оС. Тэмпература ж Паўднёвага паўшар’я ў студзені складае +17 оС, а ў ліпені +10 оС. Такім чынам, гадавая амплітуда ў Паўночным паўшар’і дасягае 14, а ў Паўднёвым – толькі 7 оС. Прыведзеныя дадзеныя сведчаць аб тым, што Паўночнае паўшар’е, дзе пераважае паверхня сушы, ў два разы кантынентальней, чым Паўднёвае. Сярэднегадавая тэмпература паветра Зямнога шара атрымоўваецца каля 14 оС.

Зімовыя тэмпературы паміж Паўночным і Паўднёвым паўшар’ямі адрозніваюцца толькі на 2 оС, а летнія – на 5 оС. Гэта тлумачыцца тым, што акіяны ў Паўночным паўшар’і цяплей, чым у Паўднёвым. Гэтыя абставіны павялічваюць розніцу летніх тэмператур і змяншаюць адрозненні зімовых тэмператур паміж адным і другім паўшар’ем.

5.11.1. Ізанамалы тэмпературы паветра. Для выяўлення ўздзеяння мацерыкоў і акіянаў на тэмпературу паветра вызначаюць тэмпературныя анамаліі. Пад тэмпературнымі анамаліямі разумеецца рознасць паміж фактычнай тэмпературай, якая назіраецца ў дадзеным месцы, і сярэдняй тэмпературай шыротнага круга. Калі тэмпература ў дадзеным месцы вышэй тэмпературы ўсяго шыротнага круга, то тэмпературная анамалія лічыцца дадатнай, калі ніжэй, то – адмоўнай.

Атрымаўшы гарызантальнае поле тэмпературных анамалій, будуюць карты тэрмаізанамал для студзеня і ліпеня (рыс. 5.10, 5.11). Тэрмаізанамаламі называюцца лініі на карце, якія злучаюць кропкі з аднольковымі анамаліямі тэмпературы.

На студзеньскай карце тэмпературных анамалій (рыс. 5.10) бачна, што зімой у Паўночным паўшар’і мацерыкі анамальна халодныя, а акіяны анамальна цёплыя. У Паўднёвым паўшар’і сітуацыя складваецца наадварот – анамальна цёплымі аказваюцца мацерыкі (акрамя Антарктыды) у параўнанні з акіянамі.

Самыя вялікія адмоўныя анамаліі характэрны для якуцкага полюса холаду, дзе яны дасягаюць -24 оС, а над Паўночнай Амерыкай, з-за меншых памераў мацерыка, усяго -8 оС. У гэты час у Паўночнай Атлантыцы дадатныя анамаліі тэмпературы складаюць 20 оС, што абумоўлена магутным ацяпляльным уздзеяннем Гальфстрыма. Найбольшы кантраст тэмпературных анамалій паміж мацерыкамі і акіянамі зімой у Паўночным паўшар’і прыходзіцца на 60о шыраты, дзе ён складае 44 оС. На поўнач і на поўдзень ад гэтай шыраты кантраст анамальнасці тэмпературы нівеліруецца. Пры гэтым халодныя марскія цячэнні ствараюць на заходніх узбярэжжах мацерыкоў вобласці адмоўных анамалій тэмпературы. На ўсходніх узбярэжжах, дзе дзейнічаюць цёплыя цячэнні, узнікаюць вобласці дадатных анамалій.

У ліпені сітуацыя ў размеркаванні анамалій тэмператур змяняецца супрацьлегла студзеньскай. У гэты час у Паўночным паўшар’і мацерыкі выступаюць вобласцямі анамальна цёплымі, а акіяны – анамальна халоднымі. У зімовым Паўднёвым паўшар’і над мацерыкамі назіраецца адмоўныя анамаліі, а над акіянамі – дадатныя (рыс. 5.11).

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў ліпені адрозненні температурных анамалій паміж акіянамі і мацерыкамі значна менш, чым у студзені. Экстрэмальныя значэнні ліпеньскіх анамалій тэмпературы складаюць толькі 8 оС, а студзеньскіх – -44 оС.


РАЗДЗЕЛ 6

ВОДНЫ РЭЖЫМ АТМАСФЕРЫ

 

Пад водным рэжымам атмасферы разумеецца вільгацезвабарот, які адбываецца ў межах кліматычнай сістэмы і з’яўляецца важнейшым кліматаўтваральным працэсам. Асноўнымі складаючымі вільгацеабарота з’яўляюцца выпарэнне, кандэнсацыя ў атмасферы, воблачнасць, выпадзенне ападкаў, паверхневы і падземны сцёк. Сярод пералічаных складаючых вільгацеабарота пагодна-кліматычнае значэнне маюць выпарэнне, кандэнсацыя, утварэнне воблакаў і ападкаў.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2017-02-08; просмотров: 424; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.145.10.206 (0.031 с.)