Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Культурнае жыццё Беларусі на сучасным этапе

Поиск

У сярэдзіне 80-х гадоў былога стагоддзя беларуская культура ўступае ў новы этап свайго развіцця, для якога характэрна аслабленне дзяржаўнага кантролю і ідэалагічнага ўціску над гэтай сферай. Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця аказвае вялікі ўплыў на развіццё беларускай культуры. Яшчэ адзін з фактараў, які адыгрывае значную ролю ў культурных працэсах, – абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці нашай краіны, што стварыла спрыяльныя ўмовы для актывізацыі нацыянальных тэндэнцый у нашай культуры.

Немалую ролю ў гэтым працэсе адыгрывалі грамадскія аб’яднанні, якія займаліся пытаннямі адраджэння гісторыі Бацькаўшчыны, захавання помнікаў гісторыі і культуры, вяртання нацыянальных каштоўнасцей на радзіму ("Няміга", "Талака", "Падзея", "Тутэйшыя", згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і інш.). Было скасавана манапольнае становішча дзяржаўных устаноў у сферы культуры, з’явіліся шматлікія неафіцыйныя творчыя аб’яднанні – Беларускі фонд культуры (з 1987 г.), Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Адраджэнню гістарычнай памяці народа садзейнічала выданне часопісаў ("Спадчына", "Беларуская мінуўшчына", "Беларускі гістарычны часопіс") і фундаментальных прац па беларускай гісторыі. Была створана пэўная заканадаўчая база, якая юрыдычна замацавала курс на нацыянальнае адраджэнне — законы "Аб мовах" (26.1.1990), "Аб культуры" (4.9.1991), "Аб адукацыі" (26.10.1991) і інш.

З сярэдіны 80-х гг. пачалася рэформа агульнаадукацыйнай і прафесійнай школы, у выніку якой была ўсталявана шматузроўневая сістэма адукацыі (пачатковая – базавая – сярэдняя школы – сярэднія прафесійныя вучылішчы і спецыяльныя навучальныя ўстановы – ВНУ). З 1993 г. адбываецца пераход да якасна новага зместу навучання ў сярэдняй школе, з прымяненнем прагрэсіўных метадаў і тэхналогій, уводзіцца 2-гадовае профільнае навучанне (10 – 11 кл.), з’яўляюцца новыя тыпы навучальных устаноў – ліцэі, каледжы, гімназіі. Разгортваецца сетка беларускіх нацыянальных школ. У новых праграмах значная роля адводзіцца вывучэнню беларускай гісторыі; рыхтуюцца новыя падручнікі, а праз некалькі год гэты курс становіцца абавязковым для вывучэння і ў ВНУ.

За гэты час значныя змены адбыліся і ў вышэйшай школе: з’явіліся ВНУ розных форм уласнасці, пашырылася кола спецыяльнасцей (уведзена каля 200 новых), адбываецца больш цеснае інтэграванне адукацыі з навукай.

Але на шляху рэформы адукацыйнай сістэмы сустракаюцца і шматлікія цяжкасці: недастатковае фінансаванне, нізкая заработная плата выкладчыкаў, слабасць метадычнай базы. На рэферэндуме 1995 г. былі ўнесены праўкі ў "Закон аб мовах", па якіх у якасці дзяржаўнай разам з беларускай пачала выкарыстоўвацца і руская мова. Гэта пэўным чынам адбілася на адукацыі (пачаўся пераход да рускамоўных класаў) і культуры.

Беларуская навука з распадам СССР сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі: скарацілася фінансаванне, асабліва фундаментальных даследаванняў, разбураецца матэрыяльна-тэхнічная база навуковых устаноў, назіраецца "старэнне" кадраў і эміграцыя інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі за мяжу (у 1991–1998 гг. выехаў 451 навуковец). Работа па стабілізацыі сітуацыі, распачатая у сярэдзіне 90-х гг., дала пэўныя вынікі: пачала ўдасканальвацца сістэма дзяржаўнага кіраўніцтва, беларуская навука інтэгруецца ў шматлікія міжнародныя структуры. Але цяжкасцей застаецца яшчэ шмат. Увогуле, развіццё навукі і адукацыі ў Беларусі можа стаць адной з рэальных магчымасцей выхаду краіны з крызісу.

Адбыўся адыход ад сацыялістычнага рэалізму ў літаратуры і адкрыліся магчымасці для свабоды творчасці беларускіх літаратараў. Новыя творы пісьменнікаў і паэтаў, прысвечаныя праблемам пошуку выйсця з нацыянальна-духоўнай дэградацыі – спадчыны савецкага рэжыму, прадстаўляюць асабістае бачанне сучаснага жыцця, звяртаюцца да старонак мінулага. Гэта, перш за ўсё, творы патрыярхаў сучаснай беларускай літаратуры В. Адамчыка, В. Быкава, Р. Барадуліна, Я. Брыля, Н. Гілевіча, І. Чыгрынава, І. Шамякіна. Тэма мінулага пераважае ў творчасці У. Арлова, Т. Бондар, Л. Дайнекі, В. Коўтун, А. Лойкі, К. Тарасава, В. Чаропкі.

Не застаецца без увагі тэма гераізму ў час вайны (В. Адамчык, В. Карамазаў, І. Чыгрынаў). У першыя гады незалежнасці набыла вастрыню тэма рэпрэсій і культу асобы, – як яны ўплывалі на лёс людзей (Г. Далідовіч, І. Навуменка, А. Кудравец, Л. Геніюш). Не страчвае цікавасці тэма вёскі, своеасаблівага беларускага нацыянальнага асяродку; тэма гаспадара, цесна звязанага са сваёй зямлёй (В. Федарэнка, С. Грахоўскі, І. Пташнікаў). Сапраўднай трагедыяй для нашага народа стала Чарнобыльская катастрофа, паказаная ў творах А. Адамовіча, С. Алексіевіч, В. Гігевіча, С. Законнікава, В. Казько, Б. Сачанкі, І. Шамякіна, інш. Вялікая работа праводзіцца па вяртанні на радзіму літаратурнай спадчыны людзей, якія пісалі ў эміграцыі і ў сталінскіх лагерах. Убачылі свет раней невядомыя творы С. Баранавых, А. Бачылы, М. Гарэцкага, А. Гаруна, П. Галавача, Л. Геніюш, С. Грахоўскага, А. Звонака, Я. Купалы, Л. Марозавай (Лесі Беларускі), Б. Мікуліча, Я. Нёманскага і інш.

Новы час аказаў немалы ўплыў на беларускі тэатр. Разам з шырокавядомымі ў свеце аўтарытэтнымі калектывамі працуюць новыя лабараторыі, студыі ("Маладзёжны тэатр", "Вольная сцэна", "Дзе – Я?"). Рэпертуар тэатральных калектываў папаўняецца творамі нацыянальнай тэматыкі (балет А. Мдывані і В. Елізар'ева "Страсці (Рагнеда)" – Дзяржпрэмія РБ 1996 г., опера "Князь Наваградскі", спектаклі "Звон – не малітва", "Саламея"). Шмат работы па адраджэнні беларускай культуры робяць спевакі і музыканты ("Беларуская капэла", В. Скорабагатава, мужчынскі камерны хор "Унія"). Творчасць многіх кампазітараў змяшчаецца ў бок нацыянальнай тэматыкі (А. Мдывані, В. Кузняцоў, А. Бандарэнка). Стала традыцыяй правядзенне шматлікіх музычных фестываляў ("Славянскі базар у Віцебску", "Мінская вясна", "Магутны божа"…). Росту цікавасці да нацыянальнай музыкі ў маладзёвым асяроддзі спрыяе творчасць фолк- і рок-гуртоў "Палац", "Тройца", "Крыві", "Юр’я", "NRM" і інш.

Увогуле сучасная мастацкая культура Беларусі характарызуецца пошукам новых форм праяўлення, пашырэннем альтэрнатыўных метадаў, стракатасцю жанраў. "Новым павевам" стала арыентацыя творчасці на масавы попыт; сучаснае мастацтва носіць пераважна відовішчны характар. Сфера культуры і мастацтва камерцыялізуецца.

Гэта добра відаць на прыкладзе сучаснага выяўленчага мастацтва. За апошні час адкрылася некалькі недзяржаўных галерэй ("Жыльбел", "Верхні горад", "Віта-нова", "Арт-Творчасць"). Шырокае развіццё жанру пейзажа сведчыць пра пераарыентацыю мастакоў на новы масавы рынак (работы Ф. Янушкевіча, Я. Баракоўскага). Папулярнасцю карыстаюцца таксама гістарычныя сюжэты (Я. Бартальёнак, А. Марачкін, Ю. Піскун). Стала папулярнай станкавая скульптура, зарыентаваная на замежны попыт (У. Слабодчыкаў, Г. Гаравая).

Беларусь адкрыта для шырокіх кантактаў з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. У 1993, 1997, 2001 гг. у Мінску прайшлі з'езды беларусаў свету, на якія з'ехаліся вядомыя беларусы-навукоўцы і творцы, чый талент квітнее далёка за межамі радзімы. На сённяшні дзень за межамі Беларусі пражывае 3 мільёны беларусаў.

Даволі сур’ёзную заклапочанасць выклікае тэндэнцыя да закрыцця, пераважна ў сельскай мясцовасці, клубаў, кінаўстановак, бібліятэк. Гэта істотна ўплывае на культурны ўзровень жыхароў вёскі.

Увогуле з атрыманнем дзяржаўнай незалежнасці беларуская культура перажывае нацыянальны ўздым. Але, каб гэтая тэндэнцыя захавалася і надалей, дзяржава павінна перагледзець сваю палітыку ў бок павелічэння фінансавання, уліку нацыянальнага фактара пры папаўненні фондаў культурных устаноў. Нацыянальную самабытнасць можна захаваць толькі з пашырэннем ужытку беларускай мовы ва ўстановах адукацыі і культуры. Толькі развітая нацыянальная культура можа стаць рэальным зместам суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-12-28; просмотров: 476; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.191.68.112 (0.008 с.)