Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Уступленне Чырвонай арміі у Зах.Беларусь і Зах.Украіну

Поиск

Кіраўніцтва Германіі падштурхоўвала Маскву да актыўных дзеянняў супраць Польшчы. Але савецкі ўрад дзейнічаў вельмі асцярожна, бо было добрае разуменне адказнасці за развязванне Сусветнай вайны. Маскве патрабавалася легальная падстава для ўвядзення войскаў на тэрыторыю Польшчы. Націск германскага кіраўніцтва пастаянна ўзрастаў, ім выкарыстоўвалася карта страты для Масквы зоны ўплыву ў Польшчы, якая была вызначана паводле жнівеньскіх «пратаколаў».

11 верасня быў аддадзены загад аб стварэнні Беларускага (камандуючы М.П.Кавалёў) і Украінскага (камандуючы С.К.Цімашэнка) франтоў, а 16 верасня яны былі разгорнуты і падрыхтаваны для вызваленчага паходу. Усяго мелася 60 стралковых, 13 кавалерыйскіх дывізій і 18 танкавых брыгад агульнай колькасцю каля 600000 чалавек, 5467 сярэдніх і цяжкіх гармат, 4000 танкаў і 2000 самалётаў. Але толькі пасля 16 верасня, калі польскі ўрад падаўся ў эміграцыю і ніхто не гарантаваў бяспеку беларускаму насельніцтву, савецкі ўрад абвясціў аб увядзенні Чырвонай Арміі на тэрыторыю, якую засяляюць брацкія беларускі і украінскі народы.

17 жніўня польскаму паслу ў Маскве была ўручана нота, у якой СССР брала на сябе забеспячэнне гарантый грамадзянскіх і маёмасных правоў «польскім» беларусам і украінцам. Урад Польшчы прызнаў, што стану вайны краіны з СССР няма, СССР таксама не аб’яўляў вайны Польшчы. Таму ў загадзе Вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброеных сіл Польшчы маршала Э.Рыдз-Сміглы 17 верасня польскім войскам прадпісвалася не ўступаць у баі з савецкімі воінскімі падраздзяленнямі, за выключэннем спроб раззбраення. Загад Э.Рыдз-Сміглы садзейнічаў таму, што ваенных дзеянняў паміж польскімі і савецкімі войскамі фактычна не было. Зафіксавана каля 40 выпадкаў супраціўлення пагранічных патрулёў, а таксама баі пад Кобрынам, Вільняй, Сапоцкіным. Найбольш упартыя баі разгарнуліся 20-21 верасня ў Гродне.

У перыяд з 17 па 30 верасня 1939 г. страты войск Беларускага фронту склалі 996 чалавек загінуўшымі і 2002 параненымі. Да 2 кастрычніка Чырвоная Армія ўзяла ў палон 450 тыс. салдат і афіцэраў польскай арміі (афіцэраў – каля 20 тыс.). Трагічным быў лёс афіцэрства. Па рашэнню Палітбюро ЦК УКП(б) ад 5 сакавіка 1940 г. іх расстралялі пад Катынью «без прад’яўлення абвінавачванняў».

Паход Чырвонай Арміі пачаўся 17 верасня 1939 г. і працягваўся 12 дзён. Да 22 верасня былі занятыя Беласток і Брэст. Савецкаму Саюзу адыйшлі тэрыторыі, якія былі анексіраваны Польшчай у 1920 г. – гэта прыкладна 190 тыс. кв. км з насельніцтвам каля 12 млн. чалавек, у асноўным украінцаў і беларусаў. Заходняя мяжа СССР была перасунутая на захад на 250-300 км. Лінія сутыкнення савецкіх і германскіх войск у асноўным супадала з «лініяй Керзана». 25 верасня 1939 г. у Брэсце адбыўся парад савецкіх і нямецкіх войск – патэнцыяльных ворагаў.

Уз’яднанне народаў Украіны і Беларусі з’явілася актам гістарычнай справядлівасці. Большая частка насельніцтва Заходняй Беларусі сустракалі савецкіх салдат кветкамі, хлебам-соллю. У некаторых месцах стыхійна ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія раззбройвалі паліцэйскіх і асаднікаў, бралі пад ахову чыгуначныя масты, прадпрыемствы, іншыя аб’екты. Органамі новай улады з’яўляліся часовыя ўправы і сялянскія камітэты.

У адпаведнасці з сакрэтным пратаколам, прыкладзеным да дагавора аб сяброўстве і мяжы паміж СССР і Германіяй ад 28 верасня 1939 г., перакройваліся сферы ўплыву ў Польшчы. Усходняя частка Варшаўскага ваяводства і ўсё Люблінскае адыходзілі Германіі. Узамен у сферу інтарэсаў савецкай дзяржавы ўключалася тэрыторыя Літвы і частка заходніх паветаў Беластоцкага ваяводства з пераважна польскім насельніцтвам, а таксама некаторыя ўсходнія часткі паветаў Варшаўскага ваяводства.

Пагадненні з фашысцкай Германіяй дэзарыентавалі рэвалюцыйныя і антыфашысцкія сілы ў іншых краінах, ускладнілі становішча камуністычных партый. Кіраўнік польскага ўраду ў эміграцыі В.Сікорскі кваліфікаваў савецка-германскую дамоўленасць ад 28 верасня як чацвёрты падзел Польшчы. У дэкрэце польскага прэзідэнта Савецкі Саюз быў названы агрэсарам. Аб’яўлялася аб пачатку барацьбы за ўзнаўленне суверэнітэту Польшчы ў межах да 1 верасня 1939 г.

СССР і краіны Балтыі.Савецка.-фінляндская.вайна

Становішча ў краінах Балтыі. Утварэнне Малдаўскай ССР

Намнога складаней была сітуацыя ў Прыбалтыцы і Малдавіі. Восенню 1939 г. савецкі ўрад прапанаваў Балтыйскім дзяржавам падпісаць пагадненні аб узаемадапамозе. Яны былі падпісаны 28 верасня 1939 г. з Эстоніяй, 5 кастрычніка з Латвіяй, 10 – з Літвой. Дамоўленасці прадугледжвалі аказанне бакамі ўсялякай дапамогі на выпадак нападу якой трэцяй краіны; забаранялі бакам удзел у кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з бакоў; на тэрыторыі Прыбалтыкі размяшчаліся ваенныя базы Чырвонай Арміі, але СССР «не спакушалася на суверэнныя правы бакоў, якія дамаўляліся». Падчас перамоваў ад Каўнаса, Рыгі і Таліна не хавалі інфармацыі аб усталяванні паміж СССР і Германіяй сфер уплыву, адпаведна Прыбалтыка ўжо была абмежавана ў сваіх дыпламатычных пошуках.

Нас больш цікавіць пагадненне паміж Масквой і Літвой ад 10 кастрычніка, згодна якому Літва атрымала Вільню і Віленскі край. Міністр замежных спраў Літвы Ю.Урбшыс лічыў такую прапанову з боку Масквы за выключны гістарычны шанец для Літвы «вярнуць» Вільню, у той час як адмова Каўнаса выклікала б канфлікт. Адначасова з Прыбалтыйскімі дзяржавамі Савецкім Саюзам былі падпісаны пагадненні аб пастаўках нафты, жалеза, бавоўны і іншай сыравіны. Прысутнасць Чырвонай Арміі прыдавала прыхільнікам сацыялістычнай ідэі смеласці і рашучасці. Так, у Рызе пры насельніцтве каля 350 тыс. чалавек у антыўрадавых дэманстрацыях і мітынгах удзельнічала каля за 100 тыс. чалавек.

Адначасова з узмацненнем пазіцый Германіі ў Еўропе, Прыбалтыйскія краіны ўсё больш схіляліся на бок Берліна. Урадамі гэтых краін быў створаны антысавецкі ваенна-палітычны саюз «Прыбалтыйская канфедэрацыя», наладжваліся кантакты з Германскім МЗС. У чэрвені 1940 г. урад СССР абвінаваціў прагерманскі ўрад Літвы ў правакацыйных дзеяннях і стварэнні антысавецкай кааліцыі, што парушала ўмовы раней падпісаных пагадненняў, і запатрабаваў змены ўрада і права размесціць дадатковыя вайсковыя часткі ў стратэгічных раёнах краіны. Урад Літвы, а так сама ўрады Латвіі і Эстоніі згадзіліся 14 чэрвеня на ўльтыматыўныя савецкія ўмовы.

У далейшым праводзяцца выбары ў народныя сеймы Літвы і Латвіі. Гэтыя органы, а так сама Дзяржаўная Дума Эстоніі з 21 па 24 ліпеня 1940 г. прынялі дэкларацыі аб увядзенні ў краінах Савецкай улады, уступленні ў склад СССР і правядзенні сацыялістычных пераўтварэнняў. Так, у выбарах у літоўскі Сейм у ліпені 1940 г. прыняло ўдзел 94,8% выбаршчыкаў. За кандыдатаў блоку працоўнага народа прагаласавала 97,8%, супраць – толькі 2,2%, дэпутатамі Сейма сталі 52 камуністы і 48 беспартыйных. 3-5 жніўня 1940 г. Вярхоўны Савет СССР прымае Прыбалтыйскія краіны у склад СССР.

Ці былі гэтыя працэсы «акупацыяй» Прыбалтыкі? На тэрыторыях гэтых краін не было савецкай акупацыйнай адміністрацыі. Уваходжанне прыбалтыйскіх рэспублік у склад СССР адбылося паводле рашэння нацыянальных устаноўчых органаў, створаных на аснове праведзеных выбараў. Гэта стала падставай для прызнання законным ўваходжанне Прыбалтыкі ў склад СССР з боку вялікіх дзяржаў на Патсдамскай канферэнцыі ў 1945 г., а таксама на Хельсінскай канферэнцыі ў 1975 г.

28 чэрвеня 1940 г., «у адпаведнасці з дамоўленасцю паміж СССР і Румыніяй», Чырвоная Армія перайшла Днестр і заняла Тэрыторыю Бесарабіі і Паўночнай Букавіны. У жніўні 1940 г. на гэтых землях з далучэннем Малдаўскай аўтаномнай рэспублікі была ўтворана Малдаўская ССР.

Савецка-фінляндская вайна

З жніўня 1939 г. Масква праводзіла палітыку далучэння да СССР тэрыторый, уключаных у сваю «сферу ўплыву» згодна з сакрэтнымі пратаколамі да савецка-германскіх пагадненняў. Апошняй у чарзе стаяла Фінляндыя – з увядзеннем яе ў палітычную арбіту Масквы, па-сутнасці, аднаўлялася былая мяжа Расійскай імперыі пачатку XX ст. Вырашэнне фінляндскага пытання адпавядала і мэце забеспячэння бяспекі паўночна-заходніх подступаў да Ленінграда, бо мяжа праходзіла ў 32 км. ад горада. Сучасныя артылерыйскія сістэмы дазвалялі абстрэльваць калыску рэвалюцыі з тэрыторыі Фінляндыі.

У кастрычніку 1938 г. па кастрычнік 1939 г паміж СССР і Фінляндыяй ішлі перамовы аб урэгуляванні савецка-фінскай мяжы. Савецкі Саюз прапанаваў Суомі перадаць сабе ў арэнду на 30 год порт Ханко, а так сама абмяняць частку фінскай тэрыторыі – 2761 кв. км на 5529 кв. км савецкай тэрыторыі ва ўсходняй Карэліі. Але на значна меншай фінскай тэрыторыі знаходзілася 8 буйных цэлюлозна-папяровых камбінатаў і ГЭС Раўхала, якая вырабляла трэцюю частку энергіі ў Фінляндыі, а так сама развітая транспартная сетка. СССР прапаноўваў незаселеную і нераспрацаваную тэрыторыю.

Фінскі бок адхіліў прапановы Масквы. СССР выкарыстаў ваенны інцыдэнт на мяжы і 30 лістапада 1939 г. часткі Чырвонай Арміі перасеклі савецка-фінляндскую мяжу. Кіраўніцтва СССР разлічвала на хуткую перамогу – за 14 дзён, аднак вайна зацягнулася. У складзе Чырвонай Арміі на савецка-фінскім фронце ўдзельнічала ад 550 да 760 тыс. чал. Вайна была дрэнна падрыхтавана, кіраўніцтва краіны не дала Генштабу часу для распрацоўкі дэталёвага плана дзеянняў і разгортвання ваенных частак. Фінскае камандаванне вельмі ўдала выкарыстоўвала ўсе магчымасці мясцовасці і прыродных умоваў, а так сама магутнасці «лініі Манэргейму». Таму на першым этапе баёў у снежні 1939 г. яны мелі пэўныя перавагі, а савецкія войскі панеслі вялізарныя страты. З 11 лютага 1940 г.пачаўся другі этап ваенных дзеянняў. Чырвоная Армія была ўзмоцнена танкавымі і авіяцыйнымі злучэннямі, атрымала цёплае абмундзіраванне. У пачатку сакавіка была пераадоленая «лінія Манергэйма», і войскі пачалі наступленне на сталіцу Фінляндыі.

Збоку СССР у ваенных дзеяннях прымалі ўдзел да 760 тыс. чалавек, 11 тыс. гармат, 3000 танкаў, 3000 самалётаў, караблі Балтыйскага і Паўночнага флатоў, Ладажскай флатыліі. З боку Фінляндыі – усе яе ўзброеныя сілы колькасцю каля 600 тыс. чалавек (разам з рэзервам), каля 900 гармат, 270 самалётаў, 60 танкаў і 29 караблёў. Ваенную і дыпламатычную падтрымку фінам аказвалі Англія, Францыя, Швецыя, Нарвегія, Італія. На баку фінаў змагаліся тысячы дабравольцаў з Еўропы і Амерыкі.

Вялікія краіны дамагліся 14 снежня 1939 г. выключэння СССР з ліку членаў Лігі Нацый. Ужо 2 снежня 1939 г. ЗША ўвялі «маральнае эмбарга» на пастаўкі ў СССР авіяцыйнай тэхнікі і тэхналогій. А англійскі ваенны кабінет разгледзеў 7 лютага 1940 г. мерапрыемствы па ажыццяўленню інтэрвенцыі супраць Савецкага Саюза, нават планавалася нанесці паветраныя бомбавыя ўдары па нафтавых промыслах Закаўказзя.

Цікава, што з пачаткам вайны на тэрыторыі Фінляндыі быў створаны паўстанцкі «ўрад Фінляндскай Дэмакратычнай Рэспублікі» – ці так званы «ўрад Куусінена». Гэтая акцыя была дзейснай спробай палітычнага націску на Хельсінкі. Яна давала зразумець ураду Суомі, што непрыняцце патрабаванняў СССР можа прывесці да змены палітычнага строю ў гэтай краіне. Было нават распачата стварэнне «фінляндскай народнай арміі». Падчас перамоваў у сакавіку 1940 г. выкарыстанне фактара «Куусінена» вымусіла Хельсінкі прыняць усе ўмовы савецкага ўрада.

12 сакавіка 1940 г. мірнае пагадненне было падпісана ў Маскве, Фінляндыя захавала свой суверэнітэт, але ўмовы СССР ёй прыйшлося выканаць усе і ў поўным аб’ёме.

Вайна была вельмі непапулярнай сярод савецкага народу. Чырвоная Армія панесла неапраўдана вялікія страты. Гэта 65 тыс. чалавек забітымі, 20 тыс. страчанымі без вестак, параненымі і абмарожанымі каля 200 тыс., захварэўшымі – 51 тыс. чалавек. Вайна паказала слабасць Чырвонай Арміі – што ў вялікай ступені паўплывала на рашэнне Гітлера перапыніць падрыхтоўку нападу на Англію і пераарыентаваць агрэсію на Усход – супраць СССР. Калос у яго ўяўленні стаяў на гліняных нагах.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-06; просмотров: 515; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.145.106.7 (0.009 с.)