Культура Беларусі, як  частка сусветнай культуры, яе паняцце, сутнасць і структура. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Культура Беларусі, як  частка сусветнай культуры, яе паняцце, сутнасць і структура.



Разглядаемая праблема — культура беларускага народа з часу яго ўзнікнення — з’яўляецца надзвычай важнай і актуальнай у вышэйшай школе. Немагчыма спазнаць грамадства, яго палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя асновы, вызначыць узровень яго развіцця не спасцігаючы культуру. Больш складанай становіцца падрыхтоўка высокаадукаваных спецыялістаў, патрыё-таў сваёй Бацькаўшчыны без засваення імі духоўных каштоўнасцей свайго народа. Перш чым павесці размову аб месцы беларускай культуры ў сусветнай цывілізацыі, трэба нагадаць, што азначае паняцце культура, гісторыя культуры беларускага народа і інш.

Гісторыя культуры Беларусі — гэта навука, якая ўключае інтэгратыўныя веды аб нацыянальнай культуры як цэласнай сукупнасці матэрыяльных, мастацкіх і духоўных каштоўнасцей, створаных беларускім народам у працэсе яго гістарычнага развіцця са старажытнах часоў да нашых дзён.

Слова «культура» мае лацінскае паходжанне, ідзе ад рымскай антычнасці, што першапачаткова азначала засваенне, апрацоўку зямлі. Пад ёй разумелі засваенне глебы, поля, апрацоўку саду, уход за раслінамі, жывёламі — гэта значыць земляробства і сельскую гаспадарку. Найбольш звыклае для нас паняцце культуры, як выхаванне і адукацыя, у гэтым кантэксце ўспрымаецца як нешта другаснае, дапаўняючае чалавечую прыроду, а часта супрацьстаячае ёй. Тым не менш, культурны чалавек усімі сваімі набыткамі абавязаны адукацыі і выхаванню. Гэта і ёсць галоўны змест культуры ўсіх народаў, захоўваючых культурную пераемнасць і традыцыі, як форму калектыўнага вопыту ва ўзаемаадносінах з прыродай.

Між тым і ў гэтым выпадку паняцце «культура» таксама будзе няпоўным. Бо культура азначае і пакланенне, і ўшанаванне, і гонар, і культ, — перш за ўсё, рэлігійны. Старажытны чалавек пастаянна знаходзіўся ў акружэнні розных багоў — у хаце, у полі, у лесе, спачатку язычніцкіх, пазней — іудзейскіх, хрысціянскіх і іншых рэлігій, пакланяўся ім.

Пад культурай антычныя грэкі і рымляне разумелі і засваенне, і выхаванне, і культ адначасова. Як вядома, у грэчаскіх гарадах-полісах была створана ўнікальная сістэма адукацыі і выхавання, у якой фарміраваўся не проста прафесіянал у якойсьці асобнай сферы жыццядзейнасці, а чалавек, як асоба, індывід, з ярка выражанымі каштоўнаснымі арыентацыямі. Няма сумневу, што ў гэтым звароце да чалавека і заключаецца непераўзыходзячае гуманістычнае значэнне антычнага разумення культуры, у аснове якога ляжыць ідэал чалавека, як галоўнай мэты культурнага працэсу. Без антычнай ідэі культуры не існавала б ні антычнасці як гістарычнай эпохі, ні сусветнага міру культуры.

Пазней у гэты тэрмін пачалі ўкладваць больш шырокі сэнс: да культуры пачалі адносіць усё тое, што ствараў чалавек фізічнай і духоўнай працай, а таксама — сам працэс стварэння, у адрозненне ад зробленага прыродай, і ў той жа час, у цесных узаемаадносінах з прыродай. Культура ўзнікае тады, калі людзі пераходзяць ад выкарыстання зробленых прыродай прадуктаў і прадметаў да іх стварэння сваімі рукамі, выкарыстоўваючы накопленыя веды і вопыт.

Гэта складаны грамадскі феномен, які з′яўляецца вынікам шматвяковага развіцця і дзейнасці чалавечай супольнасці. Сёння, па розных ацэнках, існуе звыш 500 вызначэнняў паняцця «культура».

Культура — гэта гістарычна вызначаны ўзровень развіцця грамадства, творчых сіл і здольнасцей чалавека, адлюстраваны ў тыпах і формах арганізацыі жыццядзейнасці людзей, а таксама ў ствараемых імі матэрыяльных і духоўных каштоўнасцях. Культура — гэта якасны стан грамадства на кожным этапе яго матэрыяльнага і духоўнага развіцця, яго вытворчае існаванне.

Сусветная культура, у тым ліку і беларуская, у сваім развіцці прайшла некалькі этапаў: культура старажытных цывілізацый (антычнасці), сярэдневечча, эпоха Адраджэння і Рэфармацыі, Новага і Найноўшага часу. Сусветная культура падзяляецца на рэгіянальную, этнасацыяльную і інш. Гэта паняцце ўжываецца таксама для характарыстыкі канкрэтнага грамадства. Напрыклад, культура Усходу, антычнай Грэцыі, старажытнай Беларусі і інш., культура ацтэкаў, крывічоў, майя, этрускаў і г. д.

У адпаведнасці з асноўнымі сферамі жыццядзейнасці чалавека культура падзяляецца на матэрыяльную і духоўную. Ёсць культура палітычная, фізічная, экалагічная, сямейна-бытавая і інш.

За тысячагоддзі свайго існавання чалавек зрабіў вялікі пераварот у сваім жыцці: ад прымітыўных пабудоў з касцей і скуры старажытных жывёл — да прыгожых шматпавярховых дамоў і цэлых гарадоў з высокімі ўзорамі дойлідства; ад простых наскальных малюнкаў і ўмоўных знакаў — да сусветна вядомых шэдэўраў жывапісу, цікавых і каштоўных кніг у розных жанрах літаратуры; ад каменных сякер — да камп′ютараў з мільярдамі аперацый у секунду. Такі шлях прайшла сусветная культура.

Гэты пералік быў бы больш разнастайным і багатым, калі б на зямлі не вяліся частыя разбуральныя войны, у выніку якіх прыпынялася развіццё культуры заваяванага народа: яна несла вялікія, незаменныя, страты. З гісторыі вядома, што найбольш магутныя па колькасці этнасы часта не толькі не цанілі, але і садзейнічалі разбурэнню духоўных здабыткаў суседніх народаў, што прыводзіла іх да культурна-моўнай асіміляцыі, страты сваёй нацыянальнай самабытнасці. Сучасная цывілізацыя недалічваецца дзесяткаў, а то і соцень народаў з іх багатай і самабытнай культурай, бо яны былі дашчэнту зруйнаваны або не вытрымалі канкурэнцыі не столькі з развітымі культурамі, колькі з-за агрэсіўнасці, непамяркоўнасці іх носьбітаў.

Згаданае вышэй у поўным аб′ёме зведала на шматвяковым шляху і беларуская культура. Яна прайшла ў сваім развіцці і этапы фарміравання, узнікнення, і перыяды сапраўднага росквіту, уздыму (гэтак званы «залаты век»), і была на краю пагібелі пад час паланізацыі і русіфікацыі, шматлікіх жорсткіх, знішчальных войнаў. Але ў самыя трагічныя для беларускай культуры часіны ў яе заўсёды знаходзіліся надзейныя заступнікі, прыхільнікі яе аднаўлення, — і працэс духоўнага заняпаду спыняўся, пачыналася новае ўзыходжанне да прагрэсу.

За сваю шматвяковую летапісную гісторыю беларуская культура стала паўнапраўнай, дастойнай часткай сусветнай культуры, сусветнай цывілізацыі. Пацверджанняў таму нямала. Вось некаторыя з іх.

1. Здаўна засяліўшы значныя тэрыторыі ў цэнтры Еўропы, беларусы прыклалі шмат намаганняў, каб супясчаныя, падзолістыя глебы сталі даваць добры ўраджай жыта, ячменю, бульбы, ільну і іншых культур. Ужо ў IX стагоддзі на беларускіх землях распачалося горадабудаўніцтва. А да ХII ст. тут налічвалася каля 50 гарадоў, у якіх высокага ўзроўню дасягнулі дойлідства, розныя рамёствы, гандаль. Па развіццю гарадской гаспадаркі старажытная Беларусь не ўступала гарадам Заходняй і Усходняй Еўропы. Многа разоў чужынцы разбуралі гарады, мястэчкі, вёскі, але беларусы зноў адбудоўвалі яшчэ лепшае і прыгажэйшае.

2. Беларусы стварылі выдатныя помнікі палітычнай і прававой культуры эпохі Адраджэння — тры Статуты Вялікага княства Літоўскага. Выкладзеная ў Статуце 1588 г. прававая сістэма спрыяла таму, што і праз 200 гадоў пасля выдання ён лічыўся самым выдатным зборам законаў у Еўропе. Статут аказаў значны ўплыў на развіццё прававой сістэмы многіх еўрапейскіх краін.

3. Беларускі народ стварыў багатую, самабытную, выдатна распрацаваную мову, якая здольна быць адмысловым інструментам для палітычнай, навуковай і культурнай дзейнасці, зрабіць гонар любому народу. Яе асноўны слоўнікавы запас складае звыш 110 тысяч, а перакладны — 330 тысяч. Гэта адна са старажытнейшых і развітых моў свету.

4. Значнае месца ў культуры беларусаў займае непаўторны, самабытны, самы багаты ў свеце фальклор — песні, танцы, карагоды, музыка, міфы, легенды, паданні, казкі, прымаўкі, загадкі, жарты і інш. Узнікшы ў сівую даўніну, ён развіваўся, узбагачаўся народнай мудрасцю і выстаяў да нашага часу, нягледзячы на паланізацыю і русіфікацыю апошніх трох стагоддзяў.

5. Шырокае распаўсюджванне на Беларусі здаўна атрымала дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Дрэва, гліна, косці, саломка, лён, шоўк і іншае ў руках таленавітых умельцаў ператвараліся ў выдатныя мастацкія творы, што не мелі роўных у свеце. Асаблівую славу і гонар дэкаратыўна-прыкладному мастацтву прынеслі знакамітыя слуцкія паясы. Разам з крыжам Лазара Богшы, зробленым па заказу Еўфрасінні Полацкай, яны з’яўляюцца найвялікшай нацыянальнай рэліквіяй: па прыгажосці і тэхніцы ткацтва не маюць роўных у свеце. Усяго на Беларусі было выткана прыкладна 300 такіх паясоў. На жаль, гэтыя золатам тканыя рарытэты сёння амаль немагчыма ўбачыць у беларускіх музеях: яны незаконна вывезены ў Расію, Польшчу і іншыя краіны.

6. Беларускі народ стварыў магутную індустрыяльна-аграрную эканоміку: машынабудаўніцтва, электроніку, дакладнае прыборабудаванне, развітую хімічную прамысловасць і інш. Прадукцыю трактарнага і аўтамабільных заводаў, вытворчых аб’яднанняў «Атлант», «Віцязь», «Гарызонт» і іншых ведаюць у многіх краінах свету, на ўсіх кантынентах.

7. Магутнасць дзяржавы, яе жыццяздольнасць азначаецца не столькі колькасцю фабрык і заводаў, прыродных выкапняў і ўрадлівасцю зямлі, як колькасцю і якасцю высокакваліфікаваных работнікаў і кіраўніцтва. Самае вялікае прамысловае прадпрыемства можна пабудаваць з дапамогай індустрыяльнай дзяржавы ў самай адсталай краіне за 3–5 гадоў. Але каб такія заводы нармальна самастойна працавалі, нацыянальныя кадры патрэбна рыхтаваць ад 15 да 30 год. Можна лічыць, што беларусы набылі высокі прафесіяналізм, значны і разнастайны інтэлектуальны патэнцыял. Але, на жаль, апошнім часам, гэты інтэлект нацыі не знаходзіць дастойнага прымянення ў айчыннай вытворчасці і вымушаны з’язджаць за мяжу ў пошуках лепшай долі, матэрыяльных здабыткаў.

8. Беларускі народ мае вялікую дыяспару, па розных падліках, ад 3-х да 5 мільёнаў чалавек. Жывучы ў чужым асяроддзі ў розных краінах свету, беларусы захоўваюць родную мову, традыцыі, культуру, а ў многіх выпадках нават узбагачаюць яе сваёй таленавітай дзейнасцю ў палітыцы, навуцы, літаратуры і мастацтве.

9. Беларуская зямля заўсёды славілася талентамі. Лёс беларускага народа склаўся так, што ў гістарычным мінулым многія з найбольш здольных людзей працавалі на ніве іншаземнай культуры. Так, культуру рускага народа ўзбагачалі Сімяон Полацкі, Ілля Капіевіч, Восіп Казлоўскі, Аляксандр Грын (Грынеўскі), Міхаіл Глінка, Аляксандр Твардоўскі і многія іншыя. Польскую культуру — Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Манюшка, Адам Міцкевіч і іншыя. Значная колькасць знакамітых беларусаў праславілася ў іншых краінах. Гэта — Ігнацій Дамейка ў Чылі, Восіп Гашкевіч — у Японіі, Мікола Судзілоўскі — на Гаваях, Генрых Мінкоўскі — у Германіі, Гіём Апалінэр — у Францыі, Казімір Семяновіч — у Галандыі, Тадэвуш Касцюшка, Барыс Кіт — у ЗША і многія іншыя.

Тым не менш, нягледзячы на такую раскіданасць сваіх талентаў у свеце, беларусы і на Бацькаўшчыне здолелі стварыць непаўторную нацыянальную матэрыяльную і духоўную культуру, якая стала дастойнай часткай сусветнай культуры. Больш падрабязна аб культуры беларусаў на працягу ўсяго яе існавання размова пойдзе ніжэй.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-12-07; просмотров: 125; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.219.22.169 (0.009 с.)