Клім Смаляціч (? — пасля 1164 г.) 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Клім Смаляціч (? — пасля 1164 г.)



Царкоўна-палітычны дзеяч, мысліцель, пісьменнік. Нарадзіўся ў 1-й палове 12 ст. у Смаленску. Быў манахам Зарубскага манастыра каля Кіева. Стаў вядомы дзякуючы сваёй рознабаковай адукаванасці, рэдкай эрудыцыі, выдатнаму літаратурнаму таленту. Як сцвярджае Іпацьеўскі летапіс, Клімент Смаляціч «быў кніжнік і філосаф, якіх у Рускай зямлі не бывала». Высокую на той час адукацыю ён, верагодна, атрымаў у Канстанцінопалі.

Паводле яго пераканання, мітрапаліты-грэкі, якія дрэнна валодалі славянскай мовай, не маглі даць столькі карысці для царкоўнага ўпарадкавання і народнай асветы, колькі можна было чакаць ад мітрапалітаў мясцовага паходжання. Назначэнне мітрапалітаў-чужаземцаў без адабрэння княжацкай улады служыла зручнай падставай для ўмяшання грэчаскіх імператараў у справы славянскіх дзяржаў. Усё сваё жыццё Клімент Смаляціч звязваў з барацьбой за царкоўную незалежнасць ад Візантыі. Але ідэя рускай праваслаўнай аўтаноміі, якую так энергічна адстойваў вучоны манах са Смаленска, здзейснілася на практыцы толькі ў канцы 16-га стагоддзя.

Да нас дайшоў толькі адзін твор Клімента Смаляціча — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У гэтым «Пасланні...», разглядаючы тэарэтычныя пытанні, Смаляціч абвяргае высунутыя супраць яго абвінавачванні, прыводзіць аргументы ў абарону свайго права кіраваць царквой. Асноўныя разыходжанні, што служылі падставай для дыскусій паміж Кліментам і Фамой, — рознае разуменне таго, як і да якіх межаў можна інтэрпрэтаваць тэксты Свяшчэннага пісання, ці правамерна наогул яго пашыранае, сімвалічнае тлумачэнне. Паводле меркаванняў Смаляціча, важнае не толькі літаральнае, але і сімвалічнае разуменне біблейскіх тэкстаў, іх творчая інтэрпрэтацыя.

Для распрацоўкі і выкладання ўласных поглядаў Клімент Смаляціч шырока выкарыстоўвае працы Феадарыта Кірскага, Нікіты Гераклійскага, рацыяналістычныя метады для тлумачэння рэлігійных тэм. Апісваючы сваё ўяўленне пра сусвет, ён спасылаецца не толькі на хрысціянскіх, але і антычных аўтараў — Гамера, Платона, Арыстоцеля. Яго асноватворнае ўяўленне пра сусвет — гэта перакананне ў тым, што ўсё існае мае мэтазгодную будову, «усё ўладжваецца, падтрымліваецца і мае поспех сілай боскай, бо няма другой дапамогі, акрамя дапамогі боскай, і іншай сілы, акрамя сілы боскай». Мысліцель характарызуе Бога як непазнавальную абсалютную істоту, якая, аднак, пазнаецца ў сваіх тварэннях. Чалавек, які адкрывае для сябе разумную пабудову свету, становіцца, такім чынам, на шлях пазнання Бога-творцы, знаходзіць вышэйшы сэнс свайго існавання. Важнае месца ў светапоглядзе Клімента Смаляціча займае ідэя няхцівасці. Яго адмова ад усяго, уключаючы царкоўную маёмасць, у той час як многія манастыры, цэрквы, асобныя свяшчэннаслужыцелі з'яўляліся буйнымі ўласнікамі, была не зусім тыповая.

(Паводле В.П.Оргіша)

КІРЫЛА ТУРАЎСКІ

(каля 1130-каля 1182)

Старажытнарускі (старабеларускі) пісьменнік, прапаведнік, царкоўны дзеяч. Звестак пра яго жыццё няшмат. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыціе» — кананічная царкоўная біяграфія: «Гэты шчасны Кірыла, — гаворыцца ў ёй, — нарадзіўся і выхаваўся ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў, ён не любіў, аднак жа, багацця і тленнай славы гэтага свету, але найперш стараўся спасцігнуць вучэнне боскіх кніг і добра напрактыкаваўся ў святых пісаннях». Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з тураўскіх манастыроў. «Пасля гэтага, — піша аўтар яго «Жыція», — імкнучыся да большага подзвігу, ён зачыніўся ў стоўпе і прабыў там пэўны час, працуючы ў поце і малітвах, напісаў тут шмат якія пісанні боскія». Кірыла Тураўскі быў першым вядомым на Русі «стоўпнікам» (зачыніўся ў манастырскай вежы, каб поўнасцю аддацца роздуму і малітвам). Там ён не толькі сузіраў свет Божы і маліўся: у затвор малады паслушнік перанёс багатую на той час бібліятэку і напісаў там свае першыя творы.

Каля 1169 г. князь Юрый Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць епіскапства. Сваю пасаду ён разглядаў як нялёгкі абавязак хрысціяніна і асветніка, бо яго ўзнёсла-паэтычная натура не была схільнай да іерархічнай кар'еры і царкоўнага адміністратарства.

На думку даследчыкаў (І.Яроміна, В.Чамярыцкага), да літаратурнай спадчыны К.Тураўскага належаць 8 слоў-казанняў, 2 прытчы пра душу і цела, альбо пра сляпога і кульгавага, 2 казанні пра манаскі чын і ангельскі вобраз, 2 пасланні да Васіля ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе з найбольшай глыбінёй выявіліся асоба пісьменніка, яго духоўныя перажыванні. Апошнія творы Кірыла Тураўскі напісаў, верагодна, ужо пасля таго, як зноў адышоў ад грамадска-царкоўнай дзейнасці, жыў у келлі пры царкве св. Міколы ў Тураве, засяродзіўшыся на малітвах і багаслоўскай творчасці. Памёр асветнік у апошняе дзесяцігоддзе 12 ст. Яго памяць царква шануе 28 красавіка па старому стылю.

Казанні, альбо «Словы», святога Кірылы ахопліваюць велікодны цыкл нядзельных і святочных дзён ад Вербніцы да Ушэсця. Кожнае з іх, з'яўляючыся класічным творам красамоўніцкага мастацтва, адлюстроўвае пэўную грань багаслоўска-філасофскіх і грамадска-этычных поглядаў пісьменніка.

Спавядальныя малітвы Кірылы Тураўскага - шчырае лірычнае самараскрыццё душы чалавека перад сваімі нябеснымі бацькамі — Богам Айцом, Сынам Божым, Маці Боскай і заступнікамі людзей перад Богам, яго святымі. Бог, кажа паэт у сваіх малітвах, стварыў чалавека самаўладным, а ён падпарадкаваўся граху, зацямніўшы сваю першаствораную красу. I вось чалавек просіць Хрыста ўкрыжаваць цела яго страхам боскім, вызваліць думкі ад усяго зямнога і далучыць да нябеснага, а Багародзіцу моліць заступіцца за яго перад нябесным Царом.

Праблему чалавека ў яго грамадскім быцці Кірыла Тураўскі сімвалічна выявіў у дзвюх прытчах (кароткай і падрабязнай) пра сляпога і кульгавага, альбо пра чалавечую душу і цела. Пісьменнік выкарыстаў як сюжэтную аснову евангельскае апавяданне пра «дамавітага» гаспадара, які пасадзіў вінаград і паставіў варту ля яго варотаў. Але развіў гэты сюжэт у складаны красамоўніцкі твор дыдактычна-філасофскага і сацыяльна-этычнага зместу. Дамавіты гаспадар тут сімвалізуе Бога, стваральніка сусвету, сад-вінаград (вертаград) — зямля і «свет гэты», кульгавы — цела чалавека, а сляпы — яго душа, агароджа вакол саду —законы і запаведзі Божыя, а незачыненыя вароты, якія вядуць у сад, — шлях да пазнання Творцы і створанага ім сусвету. Сляпы і кульгавы, аб'яднаўшы свае сілы (сляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў дарогу), самавольна трапілі ў сад, каб паспрабаваць забароненых пладоў. «Сляпая» душа і «кульгавае» цела сімвалізуюць недасканаласць чалавечага грамадства, якое «кантрабандай» авалодала тайнамі боскага тварэння, не ў стане (па сваёй грахоўнасці і маральнай недасканаласці) выкарыстаць іх для дабра.

Для хрысціянскай культуры таго часу багаслоўская паэтычная, красамоўніцкая і асветніцкая творчасць Кірылы Тураўскага была сапраўдным адкрыццём красы і мастацкай выяўленчай сілы роднай мовы. Пісьменнік добра ведаў класічную візантыйскую рыторыку і паэтыку, творча выкарыстаў гэту багатую эстэтычную традыцыю, узбагаціўшы культуру і мову свайго народа. 3 пазнейшых беларускіх асветнікаў бадай што адзіны Сімяон Полацкі дасканала валодаў красамоўніцкім майстэрствам, хоць і ўступаў свайму выдатнаму папярэдніку ў сіле і прыгажосці лірычнага самавыяўлення. (Паводле У.М. Конана)

ЕФРАСІННЯ ПОЛАЦКАЯ

[свецкае імя Прадслава,

каля 1110 (?) – 23 або 25.5.1173]

Прадстаўніца хрысціянскага культурна-асветніцкага руху ў Полацкім княстве 12 ст. Першая жанчына гэтага перыяду, прылічаная да святых. Нарадзілася ў Полацку. Дачка полацкага князя Георгія Усяславіча, малодшага сына князя Усяслава Брачыславіча.

У другой палове 11-га – 1-й палове 12 ст. Полацкае княства як самастойная і моцная дзяржава дасягнула высокага ўзроўню і ў культурным жыцці. Трывалымі былі гандлёвыя і культурныя сувязі Полацкага княства з краінамі Усходу і Захаду. Культурным сувязям з Візантыяй спрыялі сваяцкія адносіны полацкіх князёў з візантыйскім імператарскім домам. Хрысціянская ідэалогія заваёўвала ўсё больш прыхільнікаў, якія імкнуліся сцвердзіць у жыцці ідэі падзвіжніцтва, асветы і кніжнасці. Асабліва важную ролю ў гэтым працэсе адыграла Ефрасіння Полацкая, звесткі пра дзейнасць якой дайшлі да нас з «Жыція Ефрасінні Полацкай», створанага, відаць, неўзабаве пасля яе смерці.

 
 

Ефрасіння рана пастрыглася ў манахіні насуперак волі бацькоў, якія хацелі аддаць яе замуж. Пасяліўшыся ў келлі Сафійскага сабора, яна занялася перапіскай твораў рэлігійна-маральнага зместу. Гэта, відаць, былі пераважна пераклады з грэчаскіх арыгіналаў. Ёсць падставы меркаваць, што на той час у храме існавала майстэрня, дзе ствараліся і па-мастацку ўпрыгожваліся рукапісы, былі падрыхтаваны майстры і спецыяльнае абсталяванне. Відаць, яшчэ да прыходу Ефрасінні быў пакладзены пачатак вядомай бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора, якая паступова ператварылася ў буйны культурны цэнтр Полаччыны, дзе ствараліся і захоўваліся нацыянальныя духоўныя каштоўнасці. Ефрасіння заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, была фундатарам пабудовы каля 1160 г. царквы святога Спаса (цяпер Спаса-Ефрасіннеўская), дзе размяшчаліся келлі Ефрасінні і яе сястры, і царквы Багародзіцкай. Спаская царква была багата ўпрыгожана фрэскамі, якія маюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць.

Па заказе Ефрасінні полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. быў зроблены напрастольны крыж для царквы святога Спаса. Крыж шасціканцовы. Ягоная форма сімвалізуе створаны Богам за шэсць дзён сусвет. Аснова крыжа – кіпарысавае дрэва, з якога выраблялі асабліва важныя культавыя рэчы. Рэліквія мае вышыню каля 51 см; а таўшчыню – 2,5 см. Крыж быў аздоблены каштоўнымі камянямі, упрыгожаны выявамі евангелістаў, заснавальнікаў праваслаўя, святых Ефрасінні і яе бацькоў. Паводле задумы Ефрасінні, святыня павінна была вечна “жыватварыць” душы палачанаў і ўсіх насельнікаў роднае зямлі. Крыж спалучаў хрысціянскія каштоўнасці з патрыятычнымі ідэаламі. Ён адначасова быў сімвалам і святасці старажытнай Беларусі, і яе дзяржаўнасці.

Крыж Ефрасінні — яшчэ і каштоўны помнік нашага пісьменства. Кароткі дробны надпіс паведамляе імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченному Богъши, сьделавъшему крьстъ сии цръквни святаго Спаса о Офросиньи». На пазалочаных пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі звесткамі. У першай частцы тэксту паведамляецца кошт дарагіх металаў і камянёў, што пайшлі на аздабленне крыжа. 40 грыўняў — мабыць, атрыманая майстрам плата. Гэта вялікія па тым часе грошы: прыкладна столькі плацілі за паўтары сотні лісіных шкур. Богша, у хрышчэнні Лазар, быў заможны і асабіста свабодны чалавек. Другая частка тэксту змяшчае тыповы для таго часу тэкст праклёну, які забараняе любому чалавеку выносіць крыж з належнага яму месца.

У канцы 12 ст. рэліквію вывезлі з Полацку смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 годзе старажытны беларускі горад Смаленск, вялікі князь Васіль забраў крыж ў Маскву. У час Полацкай вайны святыню вярнулі на ранейшае месца. Палачане захоўвалі крыж у Сафійскім саборы. У савецкі час Вацлаў Ластоўскі перавёз крыж у Мінск. У 1929 годзе ён трапіў у Магілёў, адкуль знік у 1941 годзе. Пошукамі крыжа ў розны час займаліся навукоўцы Адам Мальдзіс і Георг Штыхаў, журналіст Алесь Лукашук, дзеячы беларускай эміграцыі. Найбольш верагодна, што наша нацыянальная святыня знаходзіцца ў адным з музейных сховішчаў Расіі. У 1997 г. беларускі мастак-ювелір Мікола Кузьміч завяршыў пяцігадовую працу над стварэннем вобразу Крыжа святой Ефрасінні.

У канцы жыцця Ефрасіння здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе і памерла. У 1187 г. яе мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячорскую лаўру, а ў пачатку 20 ст. — у Полацк.

Дзейнасць Ефрасінні Полацкай — яскравы адбітак кардынальных духоўных зрухаў, што адбываліся ў культурна-грамадскім жыцці Беларусі на працягу 12 ст., калі закладваўся і мацаваўся фундамент новага разумення свету, ствараліся перадумовы развіцця індывіда як непаўторнай асобы, сцвярджэння духоўна-маральнай самакаштоўнасці чалавека. Духоўны ўплыў беларускай асветніцы Ефрасінні далёка выйшаў за межы старажытнай эпохі. Яе імя, справы і вобраз падзвіжніцы крышталізаваліся ў часе і набылі найвышэйшую якасць нацыянальнага сімвала самаадданага служэння высакародным ідэалам, вернасці сваёй радзіме.

(Паводле У.Арлова, А.С. Майхровіч)

 

СКАРЫНА (Скарыніч) ФРАНЦЫСК

[Францішак; 1490(?)- 1551(?)]

Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, мысліцель-гуманіст, асветнік, вучоны і пісьменнік эпохі Адраджэння. Нарадзіўся ў Полацку ў сям'і купца Лукі Скарыны. Пачатковую адукацыю атрымаў у Полацку і, відаць, у Вільні. Вучыўся на філасофскім факультэце Кракаўскага універсітэта, дзе атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі. У 1507 – 11 гг., на думку даследчыкаў, працаваў і вучыўся ў Заходняй Еўропе. У 1512 г. атрымаў у Падуанскім універсітэце ступень доктара медыцыны. Меў таксама ступень доктара вольных навук. Пры матэрыяльнай падтрымцы віленскіх мецэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава ён стварыў у Празе першае ў гісторыі беларускае выдавецтва. На аснове параўнальнага аналізу лацінскіх, чэшскіх, старажытнаяўрэйскіх і царкоўнаславянскіх тэкстаў пераклаў на мову, набліжаную да мовы беларускага пісьменства, а ў 1517 – 19 гг. пракаменціраваў і надрукаваў 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Вярнуўшыся не пазней 1521 г. на радзіму, Скарына стварыў у Вільні новае выдавецтва, абсталяваў у доме Бабіча друкарню і выпусціў на царкоўнаславянскай мове некалькі выданняў пад агульным загалоўкам «Малая падарожная кніжка» (каля 1522 г.), дзе аб'яднаны Псалтыр, Часасловец, Шасцідневец, 8 акафістаў, 10 канонаў, Саборнік (уключае «Святцы» і Пасхалію са звесткамі з астраноміі і грамадзянскага календара, пасляслоўе); у 1525 г. апублікаваў «Апостал».

Адначасова Скарына служыў сакратаром і ўрачом у віленскага біскупа, разам з братам Іванам займаўся камерцыйнымі справамі. Даследчыкі (А.В. Флароўскі, І.І. Первольф) лічаць, што ў канцы 1520-х гадоў Скарына наведаў Маскву, дзе спрабаваў зацікавіць рускі ўрад кнігавыдавецкай справай. У 1530 г. па запрашэнні прускага герцага Альбрэхта Гагенцолерна наведаў Кёнігсберг, у сярэдзіне 1530 г. вярнуўся ў Вільню. Каля 1535 г. выехаў у Прагу, дзе працаваў каралеўскім батанікам; там і памёр, пакінуўшы спадчыну сыну Сімяону.

Скарына ажыццявіў першае ў гісторыі ўсходнеславянскай культуры навукова-рэнесансавае выданне Бібліі, якую ён разглядаў як вынік шматвяковага духоўнага вопыту чалавецтва, крыніцу мудрасці, навукі, тэарэтычнай і практычнай (маральнай) філасофіі. Асветніцкай дзейнасці Скарыны папярэднічала шматвяковае развіццё старажытнарускай і старабеларускай культур. Засвоіўшы дасягненні культуры Адраджэння, ён узняў духоўныя здабыткі свайго народа на больш высокую ступень, надаў Адраджэнню нацыянальна своеасаблівы характар.

Скарына – пачынальнік папулярных у 16—17 ст. жанраў беларускай літаратуры: прадмоў, пасляслоўяў, публіцыстыкі, акафіста, сілабічнай паэзіі. Прадмова ўзнікла ў сярэдневяковай літаратуры і прыжылася ў айчыннай пісьменнасці 10 – 14 ст. Аднак самастойнае значэнне яна набыла з развіццём кнігадрукавання і ростам аўтарскага самаўсведамлення. Скарына ўвёў гэты жанр у шырокі ўжытак, надаў яму філасофска-асветніцкі, навучальна-дыдактычны і маральна-этычны змест.

Лаканічныя пасляслоўі Скарыны не маюць назваў, па форме гэта кароткія допісы. Аднак ім Скарына надаваў не толькі інфарматыўныя, але ідэалагічныя і эстэтычныя функцыі. Яны падзяляюцца на поўныя, скарочаныя, кароткія і нават аднасказавыя. Агульным для ўсіх пасляслоўяў з'яўляецца паведамленне пра заканчэнне кнігі. Адны з іх, апрача паведамлення пра заканчэнне кнігі, маюць звесткі пра выдаўца, перакладчыка і рэдактара, пра яго радзіму. Поўныя пасляслоўі змяшчаюць і тлумачэнні пра мэту выдання, характарыстыку грамадскага значэння кнігі, яе асветніцкай і духоўнай каштоўнасці.

Скарына – заснавальнік яшчэ аднаго «мікражанру» ў беларускай літаратуры – анатацыі да кнігі. Адрасуючы плён сваёй «пільнасці і працы» шырокаму дэмакратычнаму чытачу, ён клапаціўся пра яе даступнасць, тлумачыў сюжэт, кампазіцыю, галоўныя вобразы. Яго анатацыі сведчаць пра асветніцкі, «вучыцельны» кірунак першадрукаваных беларускіх кніг.

Сваю ўласную дзейнасць Скарына найперш разглядаў як служэнне агульнаму дабру, як выкананне свайго абавяз­ку перад народам і радзімай. Гэту дум­ку ён падкрэсліваў амаль у кожнай прадмове і пасляслоўі. 3 этычнага вучэння Скарыны ўскосна вынікала, што людзей павінна аб'ядноўваць ідэя агульнага дабра. Грамадскія інтарэсы павінны быць вышэйшыя за канфесійныя. Характэрная асаблівасць Францыска Скарыны – патрыятызм. Скарына – заснавальнік нацыянальна-патрыятычнай традыцыі ў гісторыі беларускай культуры і грамадскай думкі. Для яго на першы план выступалі інтарэсы свайго народа і айчыны, пачуццё абавязку перад радзімай. Патрыятычны пачатак у светапоглядзе Скарыны — вынік канкрэтызацыі ідэі «агульнага дабра», адна з найбольш яркіх выяў беларускай нацыянальнай свядомасці свайго часу, якая сфармулявана ў наступных словах: «Понеже от приложения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, – тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имеють». Этыка Скарыны выхоўвала ў чалавеку грамадзяніна і патрыёта, фарміравала ў яго якасці, неабходныя для актыўнай грамадска-практычнай дзейнасці на карысць свайго народа і радзімы. На яго думку, чалавекалюбства — вышэйшы прынцып узаемаадносін паміж людзьмі, універсальны закон прыватнага і грамадскага жыцця, аснова ўсіх дабрачыннасцей.

(Паводле У.М. Конана, С.А. Падокшына, І.А. Юхо)

 

СЫМОН БУДНЫ

(каля 1530—13.1.1593)

Беларускі мысліцель-гуманіст эпохі Адраджэння, рэлігійны рэфарматар, тэолаг, філолаг, гісторык, паэт, філосаф, педагог, прадаўжальнік культурна-асветніцкай, нацыянальна-патрыятычнай і філасофскай традыцыі Ф.Скарыны.

Дакладна не высветлена, беларус ён ці паляк, нарадзіўся ў Будах беларускіх ці ў Будах, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. Аднак нават тыя, хто лічыць Буднага палякам, пагаджаюцца, што вельмі многія факты сведчаць на карысць яго беларускага паходжання: добрае веданне беларускай мовы, жыцця, нораваў, звычаяў, рэлігійных уяўленняў беларусаў, значная колькасць беларускіх слоў, фразеалагізмаў, народных прымавак і прыказак у яго творах, напісаных на польскай мове, беларускі патрыятызм.

Каля 1544 г. Сымон Будны паступіў на факультэт свабодных мастацтваў Кракаўскага універсітэта, дзе атрымаў грунтоўную гуманітарную і багаслоўскую адукацыю. У яго творах сустракаюцца імёны Арыстоцеля, Платона, Гамера, Вергілія, Сенекі, Цыцэрона, Аўгусціна, Фамы Аквінскага, Эразма Ратэрдамскага, Скарыны, М.Лютэра, Ж.Кальвіна і інш. філосафаў, вучоных, пісьменнікаў, багасловаў. Магчыма, пасля Кракава ён працягваў вучобу ў Базельскім пратэстанцкім універсітэце. У 1558 г. Будны прыехаў у сталіцу Вялікага княства Літоўскага – Вільню, дзе заняў пасаду катэхізіста (настаўніка пратэстанцкай беларускай суполкі) з абавязкам выкладаць асновы кальвінісцкага вучэння дзецям і дарослым. У выніку гэтай дзейнасці, якая працягвалася два гады, склалася яго першая праца на беларускай мове – «Катэхізіс». Гэта аргумент на карысць беларускага паходжання Сымона: каб адразу выкладаць на беларускай мове, неабходна было добра яе ведаць. У 1560 г. ён прызначаны прапаведнікам у Клецк. Сумесна з нясвіжскім намеснікам Мацеем Кавячынскім і яго братамі, а таксама з кальвінісцкім міністрам (прапаведнікам) Лаўрэнціем Крышкоўскім Будны заснаваў у Нясвіжы друкарню, пры якой была пабудавана і паперня (майстэрня па вырабе паперы). Падтрымку беларускім кнігавыдаўцам аказвалі ўладальнік Нясвіжа Мікалай Радзівіл Чорны і будучы канцлер Вялікага княства Літоўскага Астафій Валовіч. Па загадзе апошняга з Вільні ў Нясвіж былі перавезены шрыфты Ф. Скарыны. 10.6.1562 г. у Нясвіжскай друкарні выйшла першая кніга – «Катэхізіс». Аўтарамі гэтай кнігі лічацца Будны, Кавячынскі і Крышкоўскі, аднак галоўная роля ў яе напісанні належала Буднаму. У кастрычніку 1562 г. у Нясвіжскай друкарні выйшаў другі беларускі твор таго ж аўтарскага калектыву «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», аднак да нашага часу ён не захаваўся.

У 1565 г., пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага, Будны пераехаў у Холхла, куды яго запрасіла Ганна Кішка – удава віцебскага ваяводы. Галоўнымі ў яго творчай дзейнасці гэтага часу былі пераклад на польскую мову і крытычнае даследаванне Бібліі. Яму давялося вывучыць і супаставіць паміж сабою вялікую колькасць біблейскіх кніг, напісаных на старажытнаяўрэйскай, старажытнагрэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, польскай, чэшскай, нямецкай, французскай, беларускай («Біблія» Скарыны) мовах, тэалагічных і філасофскіх трактатаў многіх старажытаых, сярэдневяковых і рэнесансавых аўтараў. Гэта істотна пашырыла яго эрудыцыю і паўплывала на рэлігійна-філасофскія погляды. У 1572 г. Будны з Холхла пераехаў у Заслаўе (пад Мінскам), бліжэй да месца выдання Бібліі. У гэтым жа годзе Біблія ў поўным аб'ёме выйшла ў свет. Месца выдання на ёй не пазначана.

У гэты перыяд у лёсе Сымона Буднага адбыўся пералом. Ён знайшоў новага мецэната ў асобе беларускага магната Яна Кішкі. Восенню 1573 г. апошні прапанаваў яму пасаду міністра у Лоску, заснаваў там друкарню і аддаў яе ў поўнае распараджэнне Буднага. У 1574 г. у Лоскай друкарні выйшаў Новы запавет з прадмовай і каментарыямі Буднага, што былі апушчаны ў папярэднім выданні Бібліі. Вялікая прадмова, у якой аўтар выказаў ідэі прынцыповага метадалагічнага значэння, грунтоўныя каментарыі да евангельскіх тэкстаў зрабілі гэта выданне унікальным, выдатным помнікам не толькі беларускай, але і еўрапейскай думкі. Будны не імкнуўся да адмаўлення хрысціянства і аўтарытэту Бібліі. Наадварот, яго мэтай было аднаўленне ісціннага хрысціянскага веравучэння, першапачатковага, сапраўднага сэнсу Свяшчэннага пісання. Аднак радыкалізм яго вывадаў падрываў асновы рэлігійна-тэалагічнага светапогляду. Выхад у свет з Лоскай друкарні Новага запавету з прадмовай і каментарыямі Буднага выклікаў бурную рэакцыю ў асяроддзі тэолагаў і рэлігійных філосафаў усіх кірункаў — ад каталіцкіх і пратэстанцкіх да яўрэйскіх. У той жа час рэлігійна-філасофскія ідэі Буднага падтрымаў Васіль Цяпінскі.

Вялікае значэнне Будны надаваў прапагандзе сваіх рэлігійна-філасофскіх ідэй і на Захадзе. На працягу 1574 г. ён выдаў у Лоскай друкарні на лацінскай мове некалькі твораў: «Аб дзвюх прыродах Хрыста», «3 нагоды аргументаў Сімлера», «Кароткі доказ, што Хрыстос не з'яўляецца такім жа богам, як бацька» і інш. Большасць з гэтых трактатаў стала вядома толькі ў 1974, калі італьянскі вучоны Масіма Фірпа надрукаваў іх як дадатак да сваёй кнігі «Антытрынітарыі Усходняй Еўропы ў XVI стагоддзі. Новыя тэксты Сымона Буднага, Міколы Паруты і Якуба Палеалога» (Фларэнцыя, 1977). У 1576 г. у Лоску выйшаў у свет галоўны рэлігійна-філасофскі твор Буднага «Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры», у якім ён абагульніў свае радыкальныя ідэі.

Рэлігійна-філасофскія ідэі Буднага былі наватарскія ў еўрапейскай думцы: ён адхіляў традыцыйнае вучэнне пра Тройцу і абвяшчаў сапраўдным богам толькі Бога Бацьку. На аснове вялікай колькасці лагічных, гістарычных і філалагічных аргументаў ён прыйшоў да высновы, што Хрыстос з'яўляўся не Богам, а самаадданым прапаведнікам, рэальным чалавекам, за што і быў надзелены боскімі ўшанаваннямі, здольнасцю тварыць цуды. Істотны момант рэлігійна-філасофскіх поглядаў Буднага – натуралістычная інтэрпрэтацыя біблейскіх цудаў, адмаўленне замагільнага свету і бессмяротнасці душы. Асноўная этычная ідэя, выкладзеная Будным у «Катэхізісе», – ідэя рэлігійна-маральнага адраджэння. У прадмове ён пісаў пра скажэнне сапраўднага хрысціянства ў каталіцтве і праваслаўі, падмену свядомай і шчырай веры і маралі фармальнай і паказной. Ён акцэнтаваў увагу на асабістай рэлігійнасці і маральнасці чалавека. Асновай веры, паводле Буднага, з'яўляюцца не дагматыка, абрады і літургія, а этыка, якая змяшчаецца ў боскім адкрыцці, у Бібліі. Ідэі Буднага аб развіцці беларускай мовы, культуры — адзін з фактараў станаўлення нацыянальнай свядомасці. Разам з тым ён сцвярджаў неабходнасць засваення ўсёй сукупнасці еўрапейскай культуры, асуджаў езуітаў за іх рэлігійную нецярпімасць, папракаў тых праваслаўных дзеячаў, якія імкнуліся адмежавацца ад заходнееўрапейскай адукаванасці.

Сымон Будны — таленавіты празаік, паэт, перакладчык; пісаў на беларускай, польскай і лацінскай мовах.

(Паводле С.А.Падокшына)

 

ВАСІЛЬ ЦЯПІНСКІ

Беларускі гуманіст-асветнік, пісьменнік і кнігавыдавец. Нарадзіўся ў сям'і дробнага гаспадарскага баярына Полацкага павета Мікалая Амельяновіча. У 1567 г. служыў малодшым афіцэрам коннай роты аршанскага старасты Ф.Кміты-Чарнабыльскага. Прымаў удзел у Лівонскай вайне 1558—63 гг. Служыў у падканцлера Вялікага княства Літоўскага Астафія Валовіча, пратэктара рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць на Беларусі і ў Літве.

Цяпінскі прадоўжыў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі Ф.Скарыны, быў асабіста і ідэйна звязаны з С.Будным, падзяляў яго грамадска-палітычныя і рэілігійныя погляды. Як і С.Будны, ён прыйшоў ад кальвінізму да антытрынітарызму. У 1570-я гады Цяпінскі на свае сродкі арганізаваў друкарню (знаходзілася, відаць, у Цяпіне) з намерам выдаваць кнігі на беларускай мове. У яго была неблагая бібліятэка, неабходная яму для выдавецкай дзейнасці. Наважыўшыся надрукаваць Евангелле на дзвюх мовах — царкоўнаславянскай і старажытнарускай (беларускай), Цяпінскі распачаў цяжкую і складаную па тым часе работу па яе перакладзе. Зараз вядома толькі адно яго выданне – Евангелле, якое выйшла каля 1570 г. і змяшчае евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі (захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Гэта частка выдання выяўлена ў 19 ст. у рукапісным зборніку, куды былі ўплецены 62 друкаваныя аркушы Евангелля Цяпінскага. Прадмова да гэтага выдання на шасці аркушах напісана Цяпінскім. Пры перакладзе Евангелля на беларускую мову Цяпінскі апіраўся на стараславянскія пераклады Свяшчэннага пісання асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем. Уся перакладчыцкая і друкарская дзейнасць вялася ім з патрыятычных пачуццяў «своей Руси услугуючи».

Пра сваё высокае прызначэнне служыць беларускаму народу Цяпінскі пісаў у рукапіснай прадмове да Евангелля. Ён высока цаніў «зацный, славный, острий, довстипный» беларускі народ, да якога адносіў і сябе. Занепакоены заняпадам нацыянальнай культуры і асветы, духоўнасці існуючага грамадства, ён звязваў яго з агульным заняпадам навукі і маралі, заклікаў паноў і духавенства дапамагчы паспалітаму люду адкрыць школы і ўзняць навуку «занядбаную». Цяпінскі імкнуўся даказаць вялікую карысць чытання Евангелля на роднай мове як «сумы закону божиего», якое дае магчымасць лепш разумець рэлігію. Яго падыход да рэлігіі быў рацыяналістычны, талерантны. Рэлігійную адукацыю ён звязваў з асветай наогул. Евангелле адрасаваў і дарослым, і дзецям, і кальвіністам, і праваслаўным, і ўсім, хто хоча чытаць гэту частку Бібліі. Выданнем Евангелля Цяпінскі ставіў за мэту не толькі спрыяць рэлігійнаму выхаванню, але ўзняць асвету і нацыянальную самасвядомасць беларускага народа. Асноўную прычыну цяжкага становішча і заняпаду сваёй айчыны ён бачыў у афіцыйнай палітыцы паланізацыі і акаталічвання беларусаў, у падтрымцы гэтай палітыкі мясцовымі феадаламі, якія саромеюцца свайго паходжання і мовы. Даўно наспелай справай ён лічыў адкрыццё школ, у якіх выкладанне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на беларускай мове, дастаткова багатай для выкарыстання яе ў навучальных установах. Такія школы, на яго думку, павінны адпавядаць усебаковаму развіццю адукацыі на роднай мове і, значыць, усебаковаму развіццю чалавека «для лепшого розсудку», каб у іх «детки смыслы свои неяко готовали, острили и в вере прицвичали». У сваім выданні Евангелля Цяпінскі змясціў 210 глос (слоў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя ці малазразумелыя словы.

(Паводле М.Б.Батвінніка)

 

СТАТУТЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

Статуты Вялікага княства Літоўскага – зводы законаў феадальнага права эпохі Вялікага княства Літоўскага. Вядомы тры рэдакцыі Статутаў – 1529, 1566, 1588 гг. У іх атрымалі юрыдычнае замацаванне асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу. Тут адлюстравалася багатая праўная культура беларусаў, якая бярэ свой пачатак з часоў Полацкага княства, а таксама дасягненні еўрапейскай юрыдычнай думкі.

Першы Статут Вялікага княства Літоўскага (1529 г.) – звод законаў феадальнага права, які дзейнічаў у ВКЛ у сярэдзіне 16 ст.. Статут склала камісія пад кантролем канцлера ВКЛ А.Гаштольда (ёсць меркаванні, што ў складанні Статута прымаў удзел Ф. Скарына). Ён быў зацверджаны на Віленскім сейме 29 верасня 1529 г. У аснову Статута складальнікі заклалі такія прынцыпы, як суверэннасць дзяржавы, адзінства права, прыярытэт пісанага права, у склад дакумента было ўведзена шмат новых прававых норм, у якіх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносіны, уключаны нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і інш. галін права.

Упершыню Статут 1529 г. надрукаваны ў 1841 г. у Познані ў «Зборы літоўскіх законаў з 1389 да 1529 гг.» (лацінскім шрыфтам), у 1854 г. – кірыліцай у Маскве.

Другі статут Вялікага княства Літоўскага дзейнічаў у Беларусі і Літве ў 1566 –88 гг., а на Правабярэжнай Украіне і ў 17 – 18 стст. У аснову яго пакладзены Статут 1529 г., дапоўнены новымі палажэннямі, якія адлюстроўваюць змены ў грамадска-палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. Складальнікі Статута надалі яго нормам аднастайную і сучасную, на той час, форму і прававую тэрміналогію (беларускую), зразумелую для большасці насельніцтва, што спрыяла ўмацаванню сярод шляхты і мяшчан павагі да закона і дзяржавы. Статут напісаны на беларускай мове, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы. Упершыню надрукаваны ў 1855 г. у Маскве.

Трэці статут Вялікага княства Літоўскага дзейнічаў у ВКЛ з 1589 г. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 г. – Статуты ВКЛ 1529 і 1566 гг. Статут 1588 г. падрыхтаваны на высокім тэарэтычным узроўні кваліфікаванымі прававедамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.Б.Валовіча і падканцлера Л.І. Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністратыўны апарат) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Вольныя людзі паводле закону ні за якое злачынства не маглі быць аддадзены ў вечную няволю. Кожны вольны чалавек меў права выехаць за мяжу, калі гэта не рабілася на шкоду Бацькаўшчыне. Грунтоўна было распрацавана ў Статуце крымінальнае права. Уводзілася прэзумпцыя нявінаватасці, паводле якой чалавек не лічыцца злачынцам, пакуль яго віна не даведзена судом. Закон усталёўваў адказнасць шляхціца за забойства простага чалавека, прадугледжваў больш суровую кару за злачынствы супраць жанчын. Параўнальна з іншымі еўрапейскімі краінамі сістэма пакарання была больш гуманнай: вызваляліся ад крымінальнай адказнасці падлеткі да 18 гадоў, псіхічна хворыя людзі. Статут 1588 г. быў ці не першым у Еўропе праўным кодэксам, які рашуча абараняў прыроду, каштоўных звяроў і птушак.

Ва ўсіх Статутах назіраецца адступленне ад традыцыйных правапісных прыёмаў і збліжэнне з жывымі маўленчымі нормамі беларускай мовы. Напрыклад, адлюстроўваецца з’ява зацвярдзення р,ч; у Статуце практычна не ўжываецца літара і;у Статутах практычна ўпершыню выкарыстоўваецца літара э. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ніводзін іншы помнік старабеларускага пісьменства.

Значэнне Статутаў у гісторыі беларускай мовы яшчэ і ў тым, што яны юрыдычна замацацоўвалі прававое становішча беларускай мовы як дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім. У сярэдзіне 16 ст. у сувязі з умацаваннем палітычных і культурных сувязей з Польшчай у справаводства Вялікага княства Літоўскага пачала пранікаць польская мова. Але гэта тэндэнцыя была прыпынена Статутам 1566 г., куды быў унесены спецыяльны закон аб абавязковым ужыванні ў справаводстве беларускай (па тагачаснай тэрміналогіі – рускай) мовы. Гэта палажэнне было захавана і ў Статуце 1588 г., што спрыяла яшчэ доўгаму выкарыстанню беларускай мовы ў справаводстве.

(Паводле Я. Юхо)

ЛАЎРЭНЦІЙ ЗІЗАНІЙ

[Тустаноўскі;? – 1634(?)]

Беларускі педагог-гуманіст, царкоўны дзеяч, мовавед, перакладчык. Паводле адных звестак, паходзіў з дробнамаянтковай шляхты Трокскага ваяводства, паводле другіх – з мястэчка Тустынь на Валыні. Адукацыю атрымаў у Астрожскай школе на Валыні. Працаваў настаўнікам царкоўнаславянскай і грэчаскай моў у Львоўскай (да 1592 г.), Брэсцкай (1592-95 гг.), Віленскай (1595-97 гг.) брацкіх школах. Калі быў у Брэсце, падрыхтаваў вучэбныя кнігі «Азбука з Лексісам» і «Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова...» Вільня, 1596 г.).

Яго «Азбуку» можна ўмоўна падзяліць на тры часткі: матэрыял, які вучыць чытаць і пісаць; дапаможны лексічны матэрыял; царкоўныя палемічныя тэксты і малітвы. Таму кніга магла выкарыстоўвацца і ў царкоўным, і ў свецкім навучанні. Складальнікам першых дзвюх частак быў Лаўрэнцій Зізаній, апошняй – яго брат Стэфан. Пры выданні «Азбукі» выкарыстаны клішэ з выданняў Ф. Скарыны. У «Лексіс» – беларускі слоўнік (1061 слова) – уключаны словы з народнай гутарковай мовы, што спрыяла развіццю мовы, якая потым стала часткай літаратурнай, свецкай, прыведзены самыя разнастайныя звесткі па ваеннай гісторыі, прававым становішчы розных сацыяльных груп насельніцтва ў дзяржаве, па філасофіі, геаграфіі, этнаграфіі, біялогіі, медыцыне. Слоўнік 3ізанія – сведчанне яго рацыяналістычнага падыходу да вывучэння розных з'яў рэчаіснасці; адна з крыніц уяўлення пра ўзровень тагачасных ведаў аб развіцці рамёстваў, аб прафесіях, вырабах і гандлі. Яго гуманістычныя тэндэнцыі выявіліся ў раскрыцці ўсяго навучальнага метаду для простых людзей. Тлумачэнні, якія 3ізаній робіць у сваім слоўніку, далёкія ад навуковага аналізу ўсіх паняццяў, але ён імкнецца проста растлумачыць многія словы і паняцці. Слоўнік 3ізанія – значная культурна-асветніцкая з'ява ў гісторыі Беларусі.

12.2.1596 г. у друкарні Віленскага Святадухаўскага брацтва выдадзена «Грамматіка словенска...». Яна складаецца з уводзін, арфаграфіі, этымалогіі, прасодыі. Сінтаксіс даецца невялікімі часткамі ва ўсіх раздзелах. У кнізе на кожнае правіла прыведзена шмат прыкладаў і практыкаванняў для замацавання навучальнага матэрыялу. На першых старонках вучням тлумачыцца неабходнасць свецкіх ведаў. Выданне «Грамматіки...» замацавала агульнаграмадскую думку пра неабходнасць вывучэння «сямі вольных мастац



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2017-02-21; просмотров: 449; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.189.2.122 (0.06 с.)