Практычныя заданні па авалоданню тэхнікай малявання акварэльнымі фарбамі 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Практычныя заданні па авалоданню тэхнікай малявання акварэльнымі фарбамі



Намі выпрацавана методыка, якая дазваляе сфарміраваць неабходныя тэхнічныя ўменні і навыкі малявання акварэллю.

Псіхолагі Р.С. Немаў, Б.Ф. Ломаў сцвярджаюць, што ўменні – гэта элементы дзейнасці, якія дазваляюць нешта рабіць з высокай якасцю, напрыклад, дакладна і правільна выконваць якое-небудзь дзеянне, аперацыю. Навыкі – гэта поўнасцю аўтаматызаваныя інстынктападобныя кампаненты практыкаванняў, якія рэалізуюцца на ўзроўні бессвядомага кантролю. Сістэма ведаў у спалучэнні з сістэмай уменняў і навыкаў дазваляе стварыць гатоўнасць чалавека да самастойнага рашэння пастаўленых перад ім задач.

Для авалодання навыкамі, неабходна каб вучань бачыў дзеянні педагога і паўтараў іх.

Складаныя рухальныя навыкі (да іх можна аднесці і графічныя навыкі) засвойваюцца шляхам мэтанакіраванага навучання ва ўмовах спецыяльна арганізаваных практыкаванняў. У выніку шматлікіх паўтораў спосаб выканання дзеяння ўдасканальваецца, перапрацоўваюцца і аўтаматызуецца ў больш рацыянальныя спосабы, таму практыкаванні з’яўляюцца асноўнай умовай навучання маляванню. Добра, калі практыкаванні не носяць фармальны механічны характар. Фарміраванне тэхнічных навыкаў патрабуе дастаткова часу і ўвагі. Працэс практыкаванняў цесна звязаны з перайманнем, якое выконвае важную ролю ў практыкаванні.

У мэтах адпрацоўкі розных рухаў і іх якасцей вельмі важна забяспечыць паўторнасць рухаў на адным занятку, што дазваляе практыкаваць руку, садзейнічае выпрацоўкі рухальных навыкаў.

Псіхалагічныя даследаванне, праведзеныя пад кіраўніцтвам А. В. Запарожца, паказалі важнае значэнне слова, славеснай інструкцыі ў фарміраванні рухальных навыкаў. Славеснае ўздзеянне павышае не толькі хуткасць засваення навыкаў, але і іх якасць. Навыкі набываюць усвядомлены, абагульнены характар, робіцца лягчэйшым іх перанос у другія ўмовы, перабудова пры змяненні ўмоў дзейнасці. Толькі дзякуючы слову рухі могуць набыць наўмысны і ўсвядомлены характар. Улічваючы гэта, трэба суправаджаць паказ спосабу дзеяння тлумачэннем. Падчас практыкаванняў прамаўляць свае дзеянні ўслых (пры магчымасці) або пра сябе, даваць сабе ўнутраную славесную інструкцыю.

Вызначэнне словам спосабу руху рукі дазваляе ўсвядоміць рух, дае магчымасць кіравацца гэтым словам як правілам пры маляванні. Замацаваныя ў правіле веды спосабу дзеяння, ў злучэнні з адпрацаванымі навыкамі, садзейнічаюць набыццю ўмення. Засваенне тэхнічных правіл малявання дае магчымасць свядома іх выкарыстоўваць.

Вылучым агульныя правілы малявання фарбамі:

- перад маляваннем фарбы трэба намачыць, для гэтага на кожную капнуць па кроплі чыстай вады;

- пэндзлік трымаць праміж трыма пальцамі (вялікім, сярэднім, прытрымліваць зверху указальным), адразу за металічным наканечнікам, не сціскаць моцна пальцамі;

- пры маляванні розных ліній пэндзлік трэба весці па ворсу, таму рука рухаецца наперадзе лініі;

- пры маляванні шырокіх ліній трэба абапірацца на ўвесь ворс пэндзліка, пэндзлік трымаць нахілена да паперы;

- каб намаляваць тонкую лінію, пэндзлік трэба трымаць палачкай уверх і дакранацца да паперы кончыкам;

- калі малюнак трэба замаляваць, неабходна ведаць, што пачынаем маляваць зверху ўніз, справа налева, мазкі накладваем адзін за адным, кожны мазок праводзім толькі адзін раз;

- маляваць трэба хутка, не прыпыняцца. Пэндзлік абавязкова трэба добра прамыць у вадзе (рэкамендуецца два слоіка), высушваць анучкай.

Пры рабоце акварэльнымі фарбамі неабходна памятаць, што калі яны высыхаюць, некалькі змяняюць свой першапачатковы тон і становяцца святлейшымі. Асвятленне іх адбываецца ў выніку выпарэння вады. Змешваць акварэльныя фарбы трэба асцярожна (не больш двух-трох колераў). Белы колер у акварэльных фарбах адсутнічае.

Тэхніка акварэлі дае магчымасць выкарыстоўваць празрыстасць фарбаў, праз якія прасвечваецца белы тон паперы. Пры ўмелай працы акварэль набывае яркасць у тонах і выключную лёгкасць у паўтонах. Пры рабоце акварэллю выкарыстоўваюць два спосабы, якія мастакі называюць ала прыма і лесіроўка.

Ала прыма – спосаб, калі ўсе колеры бяруцца патрэбнай насычанасці. Выкананне нацюрморта, пейзажа, партрэта адбываецца ў адзін прыём. Звычайна такія работы вызначаюцца паветранасцю, лёгкасцю акварэльнага мазка, мяккасцю колерных пераходаў. Асабліва гэты прыём атрымаў сваё развіццё ў беларускім мастацтве ў 1970-я гады, калі беларуская акварэль стала самастойным відам выяўленчага мастацтва.

Спосаб лесіроўкі больш працаёмкі ў адносінах часу выканання. Ён заключае ў сабе накладанне аднаго акварэльнага слоя на другі. Перш чым нанесці паўторны колер, трэба, каб высах першы слой.

Фарбы – гэта як літары, таму неабходна ведаць як называюцца фарбы, засвоіць “каляровы алфавіт”. Спачатку трэба вывучыць назвы фарбаў. Звярнуць увагу на тое, што фарбы жоўтага колеру маюць розны адценні: лімонны, цёпла жоўты і цёмна-жоўты (вохра), чырвоныя – пунсовая, малінавая, чырвона-фіялетавая. Зялёная фарба можа быць светлай і цёмнай, сіняя фарба мае розныя адценні, карычневая бывае жоўта-карычневая і чырвона-карычневая. Важна арыентавацца ў назвах фарбаў, але дастаткова назваў па тонавым адценням (светлы, цёмны) або вобразная назва (лімонная).

Выкарыстанне пэўнай сістэмы практыкаванняў дазваляе эфектыўна сфарміраваць рухальную аснову малявання – тэхнічныя навыкі і ўменні маляваць акварэллю.

У аснову сістэмы навучання маляванню акварэльнымі фарбамі пакладзена паслядоўнасць фарміравання гібкіх, варыятыўных уменняў, заснаваных на практыкаваннях для рукі, вока і мыслення. Мы выкарыстоўвалі наступную методыку для практыкаванняў: фарміраванне ў студэнта імкнення з кожным разам працаваць усе лепш і лепш, ўлік вынікаў і памылак, пераход ад простага да больш складанага, размеркаванне паўтарэння ў часе.

 

 

Заданне № 1

Практыкаванні для работы акварэллю

Гэта практыкаванне дазваляе не толькі навучыцца атрымліваць светлыя колеры, але і прыгожа замаляваць адпаведны малюнак. Можна алоўкам намаляваць розныя геаметрычныя фігуры, напрыклад некалькі прамавугольнікаў. Неабходна звярнуць увагу на тое, што чым меншы пэндзлік, тым меншы трэба намаляваць прамавугольнік (дадатакА, мал. А1).

Паслядоўнасць малявання:

  1. Набіраем на палітру фарбу (лепш не браць фарбы карычневага колеру), трэба дадаць вады, размешваем і замалёўваем першы квадрацік. Увага! Малюем толькі зверху ўніз, злева направа, мазкі накладваем адзін за адным, кожны мазок праводзім толькі адзін раз. Калі знізу збіраецца кропля фарбы, яе можна прыбраць сухім пэндзлікам.
  2. Да фарбы на палітры дабаўляем яшчэ кроплю вады, размешваем і замалёўваем другі прамавугольнік, колер атрымаецца больш светлы.
  3. Дабаўляць вады можна да таго часу, пакуль не атрымаецца вельмі светлы колер. Прыём можна паўтарыць і наадварот, калі ў светлую фарбу на палітры дадаць кропельку фарбы з каробкі.

Выкарыстоўваючы гэты прыём можна выканаць практыкаванне па атрыманню новых каляровых адценняў. Напрыклад, паспрабаваць змяшаць жоўтую фарбу з іншымі. Такім чынам, замацуецца навык працы акварэльнымі фарбамі і расшырыцца ўяўленне аб каляровай гаме, якую могуць даць вашы фарбы (дадатакА, мал. А2).

 

 

Заданне № 2

Прыём высвятлення акварэльнай фарбы сухім пэндзлікам

Такім спосабам можна намаляваць рознакаляровыя паветраныя шары(дадатак Б, мал. Б1).

Паслядоўнасць малявання:

  1. Набіраем на палітру фарбу патрэбнага колеру, да фарбы на палітры дабаўляем ваду. Хуткім рухам малюем паветраны шар (круг, авал).
  2. Хутка прамываем пэндзлік, асушаем яго анучкай і сухім пэндзлікам (усім ворсам) здымаем фарбу з левага боку шарыка. Прамываем і асушаем пэндзлік, здымаем фарбу з другога боку шарыка. Шар набывае празрыстасць. Калі за адзін раз эфект не дасягнуты, можна паўтарыць. Увага! Кожны раз неабходна пэндзлік прамываць і асушваць.
  3. Закончыць “афармленне” шарыка – дамаляваць “хвосцік”, нітку. Нітку прапануем маляваць алоўкам, так атрымліваецца прыгажэй.

Гэтым спосабам можна маляваць аднакаляровую садавіну і гародніну, толькі блік рабіць па форме з аднаго боку (дадатак Б, мал. Б2).

 

 

Заданне № 3



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-09-18; просмотров: 318; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.134.118.95 (0.006 с.)