Словы і музыка: Ю.А. Касцецкага 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Словы і музыка: Ю.А. Касцецкага



Панасюк Л.К.

Лунінец

Самвыдат


Паважаныя чытачы, перш чым пазнаёміцца з гэтай невялічкай па аб’ёму брашурай, хачу прапанаваць вам невялікі ўступ. Мае краязнаўчыя даследаванні прывялі мяне да знаёмства з кнігай польскага вучонага этнолага і сацыёлага Юзафа Абрэмбскага “Палессе”. Кніга мае 600 старонак, напісана на польскай мове. Змест яе настолькі зацікавіў нас з Ларысай Канстанцінаўнай — маёй жонкай, што мы вырашылі зрабіць пераклад некаторых яе раздзелаў і старонак, якія больш датычацца гісторыі блізкай нам мясцовасці і таму ў гэтай кнізе ёсць карысная інфармацыя, якая проста можа зацікавіць многіх людзей. Самагісторыя з’яўлення гэтай кнігі таксама варта асобнага аповеду, але нам прыдзецца апусціць гэтыя падзеі. Адно скажу, што ўся кніга–зборнік была выдадзена ў Варшаве выдавецтвам “OFICYNA I NAUKA” ў 2007 годзе. Навуковым рэдактарам кнігі з’яўляецца доктар філалагічных навук, прафесар Ганна Энгелькінг. Яна ж напісала і падрабязны ўступ на 32-х старонках, да кнігі Юзэфа Абрэмбскага, назва якой гучыць — “Палессе Юзэфа Абрэмбскага”. Гэта спроба прааналізаваць 600 старонак навуковага тэксту, ацаніць яго і галоўнае — даць магчыма чытачам, у тым ліку і беларусам, асэнсаваць сёння яго навуковы подзвіг у 20-50 гады ХХ стагоддзя на вялікім абшары ПАЛЕССЯ, у тым ліку нашага Лунінецкага, Столінскага, Ганцавіцкага, Пінскага, Кобрынскага, Косаўскага паветаў Палескага ваяводства, а таксама Кастопальскага, Ковельскага і Сарненскага паветаў Валынскага ваяводства. У кнізе ёсць некалькі карт, дзе змог пабываць вучоны-этнограф. геаграфічныя карты, памешчаныя ў кнізе дапамагаюць чытачам арыентавацца аб месцазнаходжвання даследаваных ім мясцін. Есць невялікая колькасць непаўторных фотаздымкаў мясцовасці, жыхароў, прыроды, звычаяў. Яны надаюць кнізе вялікую каштоўнасць. Амаль на кожнай з 600 старонак працы маюцца па 5-6 зносак-тлумачэнняў, спасылак і пералік назваў прац другіх вучоных у гэтай галіне Усе яны маюць вялікую цікавасць, паколькі закранаюць гісторыю і нашых лунінецкіх вёсак, уклады жыцця нашых продкаў, маюцца імёны і прозвішчы яго рэспандэнтаў, запісы размоваў з імі на мясцовай мове. У кнізе ўпамінаецца каля 10 вёсачак і мястэчак нашай Лунінеччыны і не меньшая колькасць мястэчак нашых суседзяў.

Трэба сказаць некалькі удзячных слоў пра Ганну Энгелькінг, дзякуючы якой наш Лунінецкі музей мае сёння кнігу “ПАЛЕССЕ, ЯКОГА НЕ ВЕДАЕМ…”, Варшава, 1999, падрыхтаваную Інстытутам мастацтва Польскай Акадэміі навук, кафедрай беларускай культуры ўніверсітэта ў Беластоку і ў аўтарстве Гражыны Рушчык пры судзеянні доктара навук Ганны Энгелькінг.

У кнізе ёсць выдатныя фотаздымкі, зробленыя фатографамі: Юзафам Абрэмбскім, Станіславам Бохнітам, Янам Булгакам, Станіславам Дваракоўскім, Казімірам Машынскім (які бываў на тэрыторыі Лунінецкага павета яшчэ ў 1925-1928 гады і зрабіў шмат фотаздымкаў нашых землякоў у вёсках Багданаўка, Велута, Чучавічы, Ліпск, Сінкевічы, Лобча, Чудзін, Дзяніскавічы і др.), Казімірам Мядзінскім, Генрыкам Паддэмбскім, Эдуардам Фалькоўскім, Юзэфам Шыманчыкам і некаторымі невядомымі нам сёння іншымі фатографамі. Шкада, што такія выданні становяцца вядомымі для нас са спазненнем, але такі гэта быў час… Хаця некаторыя жыхары паспелі пазнаць сваіх родных і блізкіх нават у такі час. (Велута, на адным здымку жыхарка Хлуд, сястра якой Ева яшчэ паспела ўбачыць яе на здымку 1926 года. Ёсць у кнізе здымак і могілак з нарубамі ў в. Велута і Багданаўка. Аўтар Казімір Машынскі, дарэчы, будучы настаўнік Юзэфа Абрэмбскага).

Гэта цудоўная кніга была выдадзена і на беларускай мове. Такія кнігі маюць і некалькі другіх раёнаў Палесся Брэсцкай вобласці. За гэта мы павінны быць асабіста шчыра ўдзячны доктару навук, пані Ганне Энгелькінг. Але вернемся да Абрэмскага. Дык хто ж ён, усё-такі, сам Юзэф Абрэмбскі?..

Юзэф Абрэмбскі нарадзіўся ў Тэпліку на Падоллі ў 1905 годзе. Быў малодшым у сям’і Антонія Абрэмбскага, эканома земскіх маёнткаў, і Марыі з Галайскіх, настаўніцы. Меў дзве сястры — Антаніну, пазней Абрэмбска-Яблонска, прафесар слявянскай філалогіі, і Марыю, пазней Сцібэр, мастачка, выкладчыца ў мастацкіх навуковых установах.

“Паходзілі мы з Мазоўша. Бацька наш будучы 14-гадовым хлопцам прымаў удзел у паўстанні 1863 года, быў кур’ерам. Быў нават паранены і знаходзіўся ў крэпасці ў Мадліне. Пазней скончыў сельскагаспадарчую школу і працаваў эканомам маёнткаў графа Патоцкага на Падоллі. Мяняў маёнткі, і таму я нарадзілася ў Пшэльнай, а брат — у Тэпліку. Потым бацьку перавялі ў ваколіцы Слоніма, там знаходзіўся маёнтак Плянта, вялізныя лясы, лясная гаспадарка… А пазней зноў вярнуліся на Украіну, дзе жылі і дзядзькі ў мясцовасці Дужы Стэп. Маці мая паходзіла з шматдзетнай сям’і, і дзе навука была даступнай толькі маладым хлапцам.і мама, як дзяўчынка, прыслугоўвала ім, а потым мела сярэднюю хатнюю адукацыю… Пазней скончыла ў Варшаве настаўніцкія курсы ў Стафані Сэмпалоўскай; тыя часы надзвычай маме імпанавалі…”

(З успамінаў Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай, 1994)

Пасля смерці бацькі сям’я жыла ў Кіеве, Лодзі, нарэшце Варшаве. Юзаф вучыўся ў гімназіі. Экстэрнам здаў экзамены на атэстат сталасці ў Кракаве ў 4-ай рэальнай гімназіі.

Пазней Абрэмбскі вывучае ў Ягелонскім універсітэце этнаграфію славян, дзе адначасова працуе асістэнтам кафедры этнагарафіі славян у знакамітага выкладчыка, этнографа Казіміра Машынскага. Гэты навуковец у многім спрычыніўся да абуджэння цікавасці маладога даследчыка да Палесся. Тут жа Абрэмбскі вывучае і славянскую філалогію ў Казіміра Ніча ў 1928 годзе. Гэта якраз той самы час, калі Машынскі апрацоўвае вынікі сваіх амаль што 3-х гадовых этнаграфічных экспедыцый па Палессі (асабліва Берасцейскаму П.І.), дзе ён зрабіў некалькі соцен выдатных здымкаў, якімі мы любуемся і ганарымся сёння.

Летам 1927/28 гг. ён прымае ўдзел у аўтаэкспедыцыі на Балканы, там праводзіць этнаграфічныя даследаванні Балгарыі, Турцыі. Яго цікавасць у першую чаргу, земляробства і паляванне. Выніккам паездкі стала напісанне дыпломнай работы ў 1929-1931 “Lud Slowianski”. У 1932-33 гг. Абрэмбскі вядзе даследаванні структуры вясковага насельніцтва і сям’і, абрадаў, народнай медыцыны і магіі ў Македоніі і Усходняй Сербіі. Па гэтых матэрыялах абараняе доктарскую дысертацыю. Большасць яго здымкаў таго часу не апублікаваны і па сёння.

Аднак самы плённы яго час, — эта 1934-1937 гады. Юзэф Абрэмбскі звязвае свой лёс з інстытутам даследванняў нацыянальных праблем (IBSN), становіцца (правадзейным членам якога) з 1936 года. У 1934-1937 гадах праводзіць у рамках IBSN і ў супрацоўніцтве з Камісіяй навуковых даследванняў усходніх земляў этнасацыялагічныя даследванні на Палессі. Вынікі гэтых даследаванняў былі прадстаўлены ў рэфератах на сходах інстытута, на першым навукова-справаздаўчым з’ездзе, прысвечаным усходнім землям II Рэчы Паспалітай у верасні 1936 г., і ў артыкулах, якія апублікаваў у “Справах народнасцей” і ў “Сацыялагічных поглядах” (“Сённяшнія людзі Палесся”, “Этнічныя праблемы Палесся”, “Праблемы этнічных груп у этналогіі і яе сацыялагічнае разуменне”,” Статычны і дынамічны падыход у даследаваннях народнасцей”).

У 1936 годзе Абрэмбскі становіцца віцэ-дырэктарам Дзяржаўнага Інстытута вясковай культуры. У 1938 годзе жэніцца з Тамарай Маразовіч. Яна, эканаміст і сацыёлаг, з цягам часу становіцца яго добрым памочнікам у этнасацыялагічных даследаваннях. Неўзабаве ў іх нарадзіўся сын Стэфан.

1939-1945 гады былі цяжкімі выпрабаваннямі для яго, як і для ўсіх славян: пачалася Другая Сусветная вайна. Абрэмбскі хавае большую частку бібліятэкі інстытута і яго архіў у бяспечныя месцы, асабліва ў 1944 годзе, у часы Варшаўскага паўстання.

Пасля заканчэння вайны, у лютым 1946 года ён абараняе доктарскую дысертацыю па этналогіі ў Варшаўскім універсітэце на аснове навуковай працы “Архаічнае Палессе” і тут жа выступае з дакладам на паседжанні сената Варшаўскага ўніверсітэта з дакладам па доктарскай дысертацыі “Эканамічная тэорыя і сацыялагічны метад пры даследаванні першабытных грамадстваў”. Летам гэтага ж года ён едзе па запрашэнні прафесара Е.Е. Эванса-Прытхарда ў Інстытут сацыяльнай антрапалогіі Оксфардскага ўніверсітэта, дзе выступае з цыклам лекцый (“Сяляне Усходняй Еўропы ў працэсе перамен”), выкладае ў Інстытуце антрапалогіі Лондана. У 1947 годзе пакідае Лондан і едзе на Ямайку, дзе працуе там на працягу паўтара года.

У 1948-1959 гг. Абрэмбскі працуе ў дэпартаменце міжнароднай апекі ААН. На адным з кангрэсаў выступіў з дакладам “Сацыялогія ўзнікаючых народаў”, які быў, як бы падсум оў ваннем македонскіх, палескіх і ямайскіх даследаванняў. На жаль, большая частка яго прац таго перыяду, згодна з рэгламентам ААН была выдадзена альбо друкавалася ананімна. Толькі не вялікая частка прац была падпісана ягоным прозвішчам.

1959-1967 Абрэмбскі прафесар сацыялогіі і антрапалогіі ў навучальных установах штата Новы Йорк. Ён працуе як прафесар- дыдактык сацыяльнай антрапалогіі. Выкладае ва ўніверсітэтах у Новым Йорку. Прымае актыўны ўдзел у амерыканскіх і міжнародных семінарах і канферэнцыях, рыхтуе да друку навуковыя матэрыялы з даследаванняў у Македоніі і Ямайцы.

Адзін з яго амерыканскіх студэнтаў успамінаў: “Лекцыі Абрэмбскага, якія ён чытаў з неаслабнай цікавасцю і палкасцю пазнання, былі поўныя эрудыцыі і настрою, былі цалкам пазбаўлены педантызму ці пыхлівасці. Мы выражаем яму тое, на што многія прэтэндуюць, — павагу, бо дасягнуў таго, што сведчыць пра многае — майстэрства”.

(Е.К. Наццінгам, “Юзаф Абрэмбскі, 1905-1967”)

Юзаф Абрэмбскі памёр 28 снежня 1967 года ў Голлісе штата Нью Йорк.

“У асобе Абрэмбскага польская навука мела аднаго з самых славутых сацыёлагаў і адначасова этнолагаў. Ён належаў да самых здольных вучняў Браніслава Маліноўскага. Усе даследванні Абрэмбскага могуць паслужыць узорам навуковай працы”.

(Навакоўскі С., “Юзаф Абрэмбскі — недаацэнены сацыёлаг”)

“Юзаф Абрэмбскі быў на працягу ўсяго свайго жыцця гуманістам у самым глыбокім сэнсе гэтага слова. Быў чалавекам выключна сціплым і адначасова чалавекам выключнай свабоды духа”.

(Е.К. Наццінгам, “Юзаф Абрэмбскі, 1905-1967”)

Пасля смерці вучонага вялікая частка архіву засталася не на ягонай радзіме вучонага, а ў Амерыцы. Гэта больш чым тысячны архіў фотанегатываў і шмат рукапісаў. Абрэмбскі не паспеў закончыць друкаванне сваіх шматлікіх прац і вынікаў навуковых даследаванняў. Не маючы магчымасць пералічыць многія працы вялікага вучонага, назаву толькі некалькі, якія маюць прамое дачыненне да нашага беларускага Палесся, у тым ліку і Лунінецкага. Гэта працы:

“Архаічнае Палессе”, “Край каралёў і мужыкоў”, “Панская гаспадарка”, “Паншчына-дарэмшчына”, “Лях прыгнятальнік і цар вызваліцель”, “Гаспадары лесу і балота”, “Палескі патрыярхат” “Палессе і палешукі ва ўяўленнях суседаў”, “Народ без Бацькаўшчыны”, “Панская школа і мужыцкія дзеці”, “Легенда лясных людзей”. Усе гэтыя назвы з’яўляюцца раздзеламі ЗБОРНІКА — I-й кнігі Абрэмбскага “ПАЛЕССЕ”, упершыню выдадзенай у 2007 годзе, у гонар 70-гадовага завяршэння ім трохгадовай экспедыцыі па Палессі. Апошнім раздзелам у гэтай фундаментальнай працы з’яўляецца раздзел “Палеская вёска сёння”.

Хочацца яшчэ дабавіць пра Юзэфа Абрэмбскага і тое, што ў сваіх працах ён не цураецца цытаваць працы іншых народазнаўцаў, сваіх папярэднікаў і сучаснікаў — Мітрафана Доўнара-Запольскага, Часлава Пяткевіча, Яленскую і другіх вучоных (іх прозвішчы вы заўважыце ў брашуры П.І.). Верыцца, што гэта кніга будзе перакладзена на беларускую мову, бо ў ёй адлюстравана гісторыя Палесся ў міжваенны перыяд — 20-40-я гады ХХ стагоддзя, магчыма, яна яшчэ з’явіцца і ў інтэрнэце… Дарэчы, у часопісе “АRCHE №3 2011 г.” раздзел “Народ без Бацькаўшчыны” 137-220 старонкі. Паходзіць з яго архіўнай спадчыны, надрукаванай у 1936 годзе ў часопісе Sprawy Narodowosciowe” m. 10, №1-2, с. 1-21 (скарочаная версія і называўся “Этнічная праблема Палесся”). Пераклад зрабіў Андрэй Бераснеў, якому мы таксама выказваем сваю шчырую ўдзячнасць за грунтоўны пераклад з польскай мовы. У гэтым жа нумары ёсць матэрыял Ганны Энгелькінг “Палессе Юзафа Абрэмскага”, пераклад з польскай мовы Андрэя Бераснева, паводле аўтарскага машынапісу.

Вельмі цікавы нумар часопіса. Не магу ўтрымацца і не змясціць невялічкі матэрыял на адвечнае пытанне некаторых жыхароў нашага раёна, адкуль пайшло слова-мянушка “СЕГАЧЫ”?.. Аказваецца, на старонцы 153, у зносцы пад №19 ёсць такое тлумачэнне:

[” У палявых запісах Станіслава Д варакоўскага (родзічы якога пахаваны ў Бастыні ), зробленых у Лобчы Лунінецкага павета, у 1935 годзе ёсць такі запіс: “Назва сегачы паходзіць ад сегача (світкі). ” На іх называюць сегачі, шчо воны носять сорочку доўгую, а на вэрху сегач, а по нашому пальто альбо свытка ) ].

Гэта вельмі кароткі ўступ да цікавых матэрыялаў, якія толькі гадоў 15-20 сталі даступнымі для тых, хто любіць свой палескі край, яго багатую і славутую гісторыю, тым больш, што шматлікія старонкі працы вучонага адносяцца і да вёсак нашага Лунінецкага раёна

З павагай Панасюк І.А., настаўнік-ветэран. Лунінец.

 

 


“Гаспадары лесу і балота“. (Старонкі раздзела 138-139 з кнігі Юзэфа Абрэмбскага “Палессе”.

Поле палешука — гэта дробныя, рассеяныя на вялікім абшары, нівы. Адначасова прыходзіцца апрацоўваць розныя па сваіх асаблівасцях глебы і супрацьстаяць то пераўвільгатненню іх, то яе сухасці. Гэта робіць неабходным прымяняць розныя сістэмы апрацоўкі (глебы). Рысы палескага земляробства знаходзяцца ў прынцыповай адпаведнасці з гаспадаркай палешука. Зыходзячы з гэтага, вырабляюцца і пэўныя прылады працы. Фізічныя магчымасці чалавека, здольнасць спасцігаць таямніцы акаляючай яго прыроды, уменне карыстацца размешчанымі ў ёй дарамі, выкарыстоўваць на сваю карысць пэўныя прывілеі, якія яна дае чалавеку; цяжкая праца, розум, а калі-небудзь шчаслівы выпадак — вось умовы, дзякуючы якім паляшук стварае сваю субстанцыю жыцця.

Але багацце, рознавіднасць і ўсебаковасць палескай гаспадаркі не з'яўляецца простым адлюстраваннем багацця і разнастайнасці прыроды Палесся. Гэта хутчэй адлюстраванне сацыяльнай сістэмы — багацця і магчымасцей сацыяльнай арганізацыі з яе культурнымі і маральнымі традыцыямі, якія здольны надзяліць жыхара пушчы і багнаў матэрыяльнымі і духоўнымі інструментамі для барацьбы за існаванне (жыццё), з'яўляцца яго цвёрдай і суровай апорай, насыціць зместам, які прыдае жыццю чароўнасць і прыгажосць. Прыкметы традыцыйнай сістэмы гаспадарання палескага сялянства цесна звязаны з яго радзінным, (сямейным) укладам, з яго сямейнай аўтаноміяй. Сям'я — аснова сацыяльнай палескай арганізацыі. Усё дабро, усе здабыткі і прадукты, створаныя ў гаспадарцы павінны служыць толькі яе (сям'і) патрэбам. Ніводзін прадукт не ствараецца для рынку, — гэта вартасці, якія павінны служыць сям'і, якія становяцца агульнымі сямейнымі здабыткамі, элементамі яе арганізацыі, якія забяспечваюць ёй жыццё.

„Паляшук не любіць і не разумее гандлю, наогул, ён дбае толькі аб сваёй уласнай выгадзе — піша Еленьска — Яго турбуе толькі тое, каб выцягнуць з зямлі дастатковае ўтрыманне для сябе і сям'і. А калі можна, то з году ў год пакідаць запас грэчкі, жыта і г.д. Аб продажы сваіх прадуктаў ніколі не думае, хіба толькі пры вострай патрэбе можа збываць збожжа, згаджаючыся на яго продажу. Багатыя гаспадары валодаюць шматгадовымі запасамі збожжа, якое найчасцей становіцца нарэшце здабычай пацукоў. Патрэбы тутэйшых людзей вельмі абмежаваны, яны задавальняюць сябе выключна саматужным промыслам. Земляробчымі машынамі сяляне не карыстаюцца наогул. Хаты кожны будуе сам сабе, ад прызбы да даху, толькі печ і комін ставіць вясковы муляр. Устаўляе шыбы ў вокны, робіць лавы, сталы, ложкі і ўсё начынне кожны сам для сябе, роўна як і сохі, вазы, сані, граблі і бароны, кубельцы, бочкі, кошыкі, начоўкі, балеі і г.д. Адзежы паляшук таксама купляе не многа: боты, шапкі, хусткі на галаву, часам з паркалю, спадніцы, пацеркі, спінкі для карсетаў. Амаль усё адзенне зроблена з тканіны, у гэтым жа доме вытканай, апрача адной — світы, пашытай спецыялістам, якім з'яўляецца кравец-яўрэй. Па гэтай прычыне грошы гаспадару не вельмі патрэбны. Галоўная яго трата, гэта падаткі […] Апрача гэтага, ён траціцца на такія рэчы, як жалеза для сох, косы, сярпы, соль, часам у пост трохі алеяў, а на ўсялякія ўрачыстасці, у святы і наогул пры кожным зручным выпадку — гарэлка. Яна ў бюджэце мясцовых палешукоў займае важнае месца. Уся ўвага ў гаспадарцы звернута не на атрыманне грошай, бо іх можна заўжды зарабіць дастаткова, а на “выцягванне” з зямлі, найбольшай карысці.“ [Еленьска 1891, ст.297]

Аўтаномная і ўсебаковая палеская гаспадарка мае галоўны прынцып: многа зямлі, многа быдла, многа лесу і балота, а для ўсяго гэтага патрэбна было многа рук для працы. Кардынальнай умовай гаспадарчага поспеху і матэрыяльнага дабрабыту была колькасць членаў сям’і, яна давала магчымасць пэўнаму падзелу працы па гаспадарцы. Гэта спрыяла ўтрыманню вялікіх сямей, дзе арганізацыя стварэння матэрыяльных даброт, дзякуючы адпаведнаму падзелу працы, была больш паспяховай, а праца больш плённай.

“Раньшэ грамада жыла вялікімі сем’ямі — расказвае адзін з альманскіх гаспадароў — і іначэй жыць не можна было. Зямля была раскінута па далёкіх месцах. То еслі малая сям’я, то она не могла работаць на такіх раскінутых землях. Еслі нада сеяць ілі жаць, то нет кого аставіть дома. То паэтаму ані жылі вялікімі сем’ямі, шчо часть уходіла на збор хлеба, а дома находілісь хазяйкі для паддержкі хазяйства. Уходілі на збор хлеба на одну неделю, на две”.

[Павел Хойко, Альманы (сёння Столінскі раён П.Л). ].

Вялікія сем’і былі не толькі носьбітамі традыцыйнай сістэмы гаспадарыння на Палессі, але і творцамі яе дабрабыту і багацця.

“Харашо мы пры бацьку жылі — расказвае адзін з прадстаўнікоў даўніх часоў, — малі тры пары валоў, пару лашадей,чатыры вупражы, кароў восем і девять бывае. Было тавару большэ трыццаці штук, авец тожэ да трыццаць штук было. Хлеба то хватало, хаця ў тыдзеь ішло тры чашкі (чатыры з паловай, да пяці пудоў) і собі і свіням. Свіней было 6 і 7. Клецей было тры, падкоў (падок — мера плошчы поля) хлеба тры, […] авёс, ячмень, проса, грэчка по адной. А шчо картоплі, то ўжэ было…” [Альманы, сёння Столінскі раён Брэсцкай вобласці П.Л.].

Набытае сумеснай працай багацце было не толькі залогам матэрыяльнага забеспячэння сям’і. Мела яно больш шырокі сэнс, паколькі вызначала месца сям’і ў вясковай іерархіі.

“Тагды тавару (тавар — хатняя жывёла) багата было: трыдцатак і больш было. Пар тры валоў і чатыры. Коней тагды было па тры штукі […] і грошы былі на ўсялякія патрэбы.[…] Клецей было тры:адна была бацькавай, другая была дзядзькі, а я сабе трэцюю зрабіў. Падкоў: от, на Чынаве 4 было, а дома было два, тры, чатыры, а за балотам два было. Ото мы былі першыя хазя е. Пчол да сотні было і больш. […] А тагды яшчэ зладзеяў не было. А толькі мядзведзяў баялісь” [ Якаў Хойко, Альманы ].

 

Раздзел: Патрыярхат на Палессі ў 20-40 гады ХХ стагоддзя.

Хаты палескай вёскі месцяцца па абодвух баках вуліцы, на няроўнай адлегласці адна ад другой, часам за адной агароджай стаяць дзве, калі радзіна вельмі вялікая.

Будуюцца хаты непасрэдна пры вуліцы так, што з вуліцы можна заглядваць у акно хаты, уваходныя дзверы хаты размешчаны так, што ўваходзіць у хату можна толькі з падворка.

Падворак амаль заўжды доўгі, на ім з двух бакоў месцяцца гаспадарчыя пабудовы. Насупраць галоўнай брамы — другая, ніжэйшая, якая вядзе на агарод.

Агарод цягнецца за хатай вузкім шнурам і даходзіць да другой агароджы, за якой стаіць стадола (гумно), стагі жыта, часам сушылка і азярод (прыстасаванне для сушкі).

Такім чынам, кожная гаспадарка займае вузкую і доўгую прастору. Па правы бок брамы акном на вуліцу стаіць хата, за ёй паветка (пабудова без трох сцен) прыкрыта дахам, дзе захоўваюцца сані, вазы, запасныя колы; у некаторых — сена. За паветкай стаіць свіран, які выкарыстоўваецца для захоўвання розных хатніх запасаў. Такіх свіронкаў на падворку можа быць некалькі, часам яны пабудаваны каля самых варот, часам прыпёрты да якой-небудзь сцяны.

У гумне (стадоле) складзена жыта (у снапах), якое потым абмалочваецца на так у.

У багатых гаспадароў ёсць летняя кухня з выкладзенай у ёй печчу (так званая — варыўня), хлеў для свіней і хлеў для кароў. Там жа стаяць і коні, калі няма асобнай стайні для іх. Усе гэтыя забудовы месцяцца на вельмі малой прасторы падворка, на большай частцы яны невялікія па памерах, нізкія, крытыя дранкай, (гонтай), а то і саломай, чаротам; складзены абавязкова з круглякоў. Палешукі не робяць прыгожых забудоў, і нават багатыя людзі жывуць у брудных, нізкіх, задымленых хатах.

Хата палешука — гэта арыгінальная першабытная забудова, якая на першы погляд можа паказацца жытлом, больш прыстасаваным для жывёлы, чым для людзей, але тым не менш, яна поўнасцю задавальняе патрэбы уласнікаў (гаспадароў). Заўсёды невялікая, памерам ад 14-16 аршын даўжыні на 7-8 аршын шырыні. На такі спосаб забудоў уплывае, мабыць, прастата ва ўзвядзенні такіх хатак і сацыяльная настроенасць палешука, які адчувае сябе больш абароненым і шчаслівым, калі бачыць блізка твары родных. Кожны сам сабе будуе дом ад прызьбы да даху, і толькі вясковы пячнік (каменшчык) складзе з неапаленай гліны печ.

Хата падзелена на 3 няроўныя часткі: найменшая — сені, па правы бок хаты размешчаны жылы пакой, па левы — нешта накшталт, кладоўкі (каморы) — клець.

У некаторых хатах, у якіх жыве значна большая сям’я, замест клеці ёсць іншае жылое памяшканне, завецца яно святліцай, аднак наяўнасць яе (святліцы) — вельмі рэдкае выключэнне. Надта нізкія дзверы вядуць у сені, якія служаць часта для розных гаспадарчых работ, тут стаяць жорны, цэбры, вёдры, бочкі, ступы, а таксама і нейкія ўжо не патрэбныя рэчы. З сяней па драбінах можна залезці на гару (прастора паміж столлю і страхай), дзе таксама захоўваюцца мала патрэбныя рэчы. У клеці захоўваюцца найдаражэйшыя і найкаштоўнейшыя запасы: адзежа цэлай сям’і ў вялікіх лубяных кублах (дубовых скрынь нашы сяляне не ведаюць), палатно ў валках, наміткі (вузкае палатно, якім пакрывалі галаву замужнія жанчыны), паношанае адзенне, вялікія запасы льну і в о ўны, матк і прадзеных нітак, сала ў кавалках, сушоныя грыбы, лыка на лапці, лісце тытуню, соль, лубкі з мёдам; гусіны пух і пер’е ў мяшках і іншыя рэчы. Зрэшты, хата, якая не больш за 8 квадратных аршынаў, здаецца ад ўсяго таго, што ў ёй знаходзіцца, яшчэ меншай. У жылы пакой з сяней вядуць нізкія дзверы, а парог заўжды высокі так, што, уваходзячы ў хату, патрэбна згінацца амаль напалову (роста).

Пры дзвярах, па левы бок, чвэрць хаты займае печ-велікан з мноствам маленькіх схованак і патаемных мястэчак. Ёсць падп е чак, дзе ў сцюдзёныя зімы могуць сядзець куры; прып е чак, на які можна сесці або нават зручна легчы. Ёсць малая ямка для заграбання жару (гарачых вугельчыкаў), які застаецца гарачым пад попелам, каб за кожным разам не распальваць агонь.

Ёсць, урэшце, ч э ран (чар э н) (шырокая прастора печы), які добра награваецца. На ім звычайна цэлы дзень (асабліва марознай зімой) сядзяць малыя дзеці, а ноччу спяць старэйшыя члены сям’і.

Па другі бок дзвярэй, направа ад кутка хаты, цягнуцца 2 паліцы (полкі), на якіх месцяцца гаршкі, шклянкі, міскі, якія заўсёды маюцца ў кожнай хаце. Фаянсавыя талеркі размаляваны ў кветкі чырвонага колеру. Лыжкі самаробныя, драўляныя.

Сцяна ад падворка направа мае 2 акны, першае ад уваходу звычайна меншае, шырокае, але нізюткае, другое, трошкі большае, трэцяе таксама большае, размешчана ў сцяне ад вуліцы, насупраць дзвярэй. Пад вокнамі, уздоўж сцен, стаяць лавы. Месца ў куце хаты насупраць дзвярэй паміж двума вокнамі — гэта п о куць.

Гэта ганаровае месца ў хаце, там звычайна сядзіць гаспадар падчас абеду або вячэры, там садзяць пачэсных гасцей увечары, перад Раством, там ставіцца міска з куццёй (абрадавая ежа з варанай пшаніцы) на падасланым сене. Гэты кут — святое месца хаты. Перад лавай, насупраць акна, стаіць стол, цэлы дзень накрыты абрусам даматканага вырабу, пасярэдзіне ляжыць бохан хлеба. Над акном, у рад адна за адной, вісяць іконы — старыя, самаробныя, малюнкі на дрэве. Яны вельмі непрыгожыя і смешныя, але намаляваны з сапраўднай, наіўнай і шчырай верай, гэта звычайна — Прачыста, з вялікай галавой на тонкай шыі, святыя Пятро і Павел стаяць разам, з ключамі і з кнігай у руках; святы Юрый, часам Міхаіл, бывае, калі-нікалі, Святая Троіца. У малодшых тут-жа вісіць каляровая карціна імператара і імператрыцы падчас каранацыі. На ўсіх абразах вытканыя рушнікі, чырвоныя канцы якіх звісаюць з абодвух бакоў

За іконамі ляжаць грамнічныя свечкі, асвечаныя ў царкве, травы, якімі акурваюць захварэлых. Паміж печкай і сцяной злева ад дзвярэй размешчаны палок (або ложак) — гэта збіты з дошак доўгі, шырокі тапчан, нерухома прымацаваны да сцен, спаць на ім можа некалькі чалавек, часцей гэта месца прызначана для гаспадара з жонкай. Старыя людзі спяць на печцы (чэрані), маладыя сцелюцца на лавах, пад вокнамі. Лічба асоб, якія спяць у адной хаце, можа даходзіць да 14 і нават болей. Летам усе маладыя спяць у гумне (стадоле) або нават на свежым паветры.

Калі ёсць у хаце малое дзіця, калыска (звычайна лубяная) вешаецца на шнурах, прымацаваных да б э лек (б а ляк) на столі, блізка, дзе спіць маці, каб магла пахалыхаць, калі дзіця заплача.

За балькамі на столі затыканы звычайна разнастайныя рэчы: верацёны, звязкі льну, сухія галоўкі з зернем маку, лучына, сушоныя травы, лыка на лапці і г.д. Усё гэта так нізка, што дастаткова працягнуць руку, каб дастаць усё (патрэбнае).

Убок ад полаці (палк а) са столі звісае доўгая папярочная жэрдка, якая служыць вешалкай для ўсіх убораў (адзення), што патрэбна мець пад рукамі; там калі-нікалі могуць сохнуць ручнікі, пялёнкі і г.д. Столь з драўлянымі бэлькамі ніколі не беліцца. Сцены таксама не беляцца, толькі кожны тыдзень мыюцца гарачай вадой, ад чаго з цягам часу яны становяцца гладкімі і бліскучымі, як паліраваныя.

Падлогі ў хаце ніколі няма, яе замяняе звычайная зямля або ўтрамбаваная гліна, усё гэта няроўнае і мае шмат ямачак.

Паміж двума вокнамі з падворка, у паўтара (1,5 локця) ад сцяны, знаходзіцца лучнік. Гэта нешта накшталт каміна, якіспускаецца ўніз ад столі. (Ён) мае форму ўсечанага конуса, вузкага зверху, расшыранага ўнізе, сплеценага з лазы, абвітага грубым палатном і абмазанага звонку і ўнутры глінай. Ад асновы конуса ўніз падвешана на доўгіх кручках жалезная рашотка, на якую кладуць запаленую смальную лучыну. Дым ідзе сабе наверх, запаўняючы конус, і паветра ва ўсёй хаце ачышчаецца. А лучына дае яснае, прыгожае, вясёлае святло, якое ружовым бляскам аблівае маладыя твары, схіленыя над прасніцамі, старыя сів ы я галовы і дзіцячыя мурзатыя тварыкі.

Уся абстаноўка палескай хаты пры святле лучніка набывае нейкі маляўнічы і таямнічы выгляд. Нібыта дух мінуўшчыны зыходзіць з таго ціхага святла і ахіляе тых людзей, якім няма справы да розных палітычных падзей, што рушаць рэшткі Еўропы, і яны не намагаюцца выйсці з таго зачараванага кола, якое акрэслена рукамі іх ужо далёкіх продкаў.

Гэтае апісанне палескай хаты і тэрыторыі блізкай да яе (падворка) дае ўяўленне аб матэрыяльных асаблівасцях і прадметах, якія складаюць дабрабыт і сэнс жыцця і перайшл як спадчына ад далёкіх продкаў палешука. Гаспадарскае атачэнне жылога дома: гумны, аборы, стагі, клеці, свірны і азяроды, сабраныя ў цеснай прасторы, а таксама ўсе гаспадарчыя прылады і запасы, якія запаўняюць прастору вакол хаты (дома). Усё гэта разам падкрэслівае і вызначае гаспадарчыя функцыі палескай сям’і, яе сувязь з зямлёй як аснову спакойнага жыцця. Вытворчая і спажывецкая мэта палешука — гэта эксплуатацыя зямлі, сумесна арганізаваная праца, якая ўтварае ўласны набытак і каштоўнасці на патрэбы членам сваёй сям’і і на агульна сямейны ўжытак.

Палеская хата і яе дворышча — гэта месца, якое злучае ўсіх членаў сям’і з іх рознымі сямейна-гаспадарчымі заняткамі ў адзінае цэлае, гэта цэнтр яе супольнага жыцця. Аб багацці гавораць не толькі запоўненыя гаспадарчыя забудовы; сімваламі сямейнага дабрабыту становяцца і элементы ўнутранага ўладкавання хаты: стол, за якім збіраюцца ў час яды, покуць — цэнтральнае месца сямейна-рэлігійнага культу з ганаровым месцам для бацькі (галавы дому) і розныя месцы начлегу: звісаючая са столі калыска, прыпечак, лавы, полаці — усё гэта паказвае, што ў склад сям’і ўваходзіць некалькі пакаленняў, пасяленцаў хаты і, нарэшце, лучнік, каля якога збіраецца ўся сям’я для вячэрняга дружнага сямейнага побыту, для сумеснай размовы, вячэрняй працы і забаў. Усе элементы ўладкавання дворышча і палескай хаты выражаюць жыццёвую еднасць усіх яе членаў.

Такім чынам, спантанна, праз сям’ю, яе быт і функцыянаванне і адбываецца працэс жыцця, працяг якога ідзе цераз умацаванне і перадачу пэўнай культурнай спадчыны ад пакаленняў старэйшых да пакаленняў малодшых. Валоданне зямлёй у шырокім сэнсе гэтага слова з’яўляецца ўвасабленнем і асновай матэрыяльнай забяспечанасці сям’і, яуая пранікае ва ўсе галіны яе сацыяльнай функцыянальнасці і ў яе вонкавую арганізацыю.

У кожным грамадстве культура і землеўладанне — гэта два ўзаемазвязаныя і ўзаемапранікаючыя аспекты працэсу быту пэўнай групы, і выражаюцца яны ў яе існаванні, устойлівасці і развіцці. Яны робяць магчымым біялагічны і культурны працяг пэўнай групы і яе матэрыяльнае існаванне, а таксама заклікаюць да жыцця шэраг працэдур з рознымі бытавымі і сацыяльнымі функцыямі. У гэтым сэнсе вялікая сям’я палешука не адрозніваецца ад іншых вялікіх сем’яў у аграрных грамадствах — краявых або экзатычных.

Але спосаб, якім палеская сям’я аб’ядноўваецца сваімі функцыямі і задачамі, вызначаецца яе структурай, якую мы называем палескім патрыярхатам.

На чым гэты палескі патрыярхат заснаваны? (або што ёсць аснова гэтага, так званага, палескага патрыярхату?), якія ён мае асаблівасці, прыметы і рысы?

Галоўнай прыметай родавага ўладкавання палескай сям’і з’яўляецца бацькоўская лінія. Той патрыярхальны характар у звычайнай яго характарыстыцы звёўся б да выканання простых законаў спадчыннасці па мужчынскай лініі і звязаны з ім правілам шлюбу, пры якім жонка пакідае бацькоўскі дом і пераходзіць на гаспадарку мужа. Але важнай падаецца нам з’ява, якая пранізвае ўсе формы быту, і мэта цесна з ім звязаная: стварэнне, звязкі ў якой аб’яднаны сваімі ўяўленнямі, верай, звычаямі — бацьк і, сыны і зямля. Саюз бацькоў, сыноў і зямлі — галоўны элемент палескай родавай арганізацыі. Гэта аснова, якая вызначае палескае землеўладанне, як цэласную сістэму, і на гэтым шляху саюзбацькоў, сыноў і зямлі накладвае адбітак на на разнастайныя аспекты жыцця сям’і і ўсяго роду.

У палескай сістэме землеўладання фундамент, на якім трымаецца саюз паміж чалавекам і зямлёй, вызначаны паходжаннем чалавека, яго роднаснымі сувязямі. Зямля — каштоўнасць родава-сямейная, якая перадаецца па мужчынскай лініі: ад бацькі да сына, ад дзеда да ўнука. Сацыяльнае паходжанне зацвярджае саюз чалавека з зямлёй, абумоўлівае месца жыхарства, вызначае яго паўнамоцтвы да распараджэння і эксплуатацыі, а таксама акрэслівае пазіцыі асобы ў агульнай прасторы сям’і, характар яе асабістых функцый і заняткаў у залежнасці ад становішча, якое гэта асоба займае ў сям’і. У сувязі з гэтым паўстае вызначальная рыса структуры вялікай сям’і Палесся, прыярытэтная пазіцыя ў ёй — б а цькі і яго сыноў. Гэты патрыярхальны тып уладкавання вялікай сям’і знаходзіць свой выраз у кожнай яе асобе, складзе, унутранай іерархіі (супадчыненні), у роднасных узаемаадносінах, у нормах і мерах уздзеяння, якія рэгулююць сямейныя ўзаемаадносіны, арганізоўваюць сумесную працу і асабісты занятак, і, нарэшце, у рэлігійных вераваннях і агульнай маральнасці сям’і.(…).

Тыповы склад сям’і мае рысы, якія падкрэсліваюць бацькоўскую лінію. Сыны, іх жонкі, дзеці жывуць разам, працуюць на агульнай гаспадарцы. Дочкі ў такой сям’і лічацца часовымі асобамі. Па дасягненні сталасці, выходзячы замуж, яны пакідаюць бацькоўскі дом і пераходзяць на гаспадарку мужоў, да свёкра і свекрыві. Патрыярхальная палеская сям’я — гэта аб’яднанне, не зусім генетычна звязанае. Не ўсе дзеці належаць у ёй да дамавой абшчыны, не ўсе яе члены маюць кроўнае радство з заснавальнікам сям’і. Гэта аб’яднанне міжрадз і ннае: частка генетычнай сям’і аказваецца па-за дамавой абшчынай, а сям’я прымае ў свае члены прадстаўнікоў іншага роду. Такая міжроднасная структура палескай сям’і — гэта вынік сямейнага ладу, які мае прыярытэтам бацькоўскую лінію: яна ставіць у прэвілегіраванае становішча бацьку і сына і падпарадкоўвае пераходзячых да мужняй радні кабет (жанчын). У сувязі з такім складам патрыярхальнай палескай сям’і паўстаюць яе тыповыя структурныя рысы: асновай арганізацыі вялікай сям’і з’яўляецца заўсёды цэнтр, складзены з бацькоў і дзяцей, і найперш з бацькі і сыноў, якія звязаны агульнымі сямейнымі традыцыямі, кроўным радством, уяленнямі аб сувязі са сваёй уласнай зямлёй, супольнай маёмасцю, аднолькавасцю прозвішча, моцнымі сямейнымі пачуццямі, таксама прывілеямі будучай спадчыны. Вялікая палеская сям’я — гэта толькі плод (вынік) сегментацыі сям’і таго асяродка (цэнтра), які разрастаецца цераз шлюб яе членаў, больш дакладна — сыноў з вялікай сям’і, звязаных паміж сабой на аснове Бацькаўшчыны.

Гэты асяродак і з’яўляецца асноўным цэнтрам падзелу вялікай сям’і (як культавай групы). Ён увасабляе асабісты і агульнасямейны працяг працы і з’яўляецца моцным стрыжнем яе арганізацыі, трываласці і развіцця.

Праз гэты асяродак (цэнтр) перадаецца прозвішча, вызначаецца месца жыхарства і сямейная ўласнасць: найбольш зразумелых, часта, знешніх элементаў яе арганізацыі. Захаванне культурных традыцый сям’і таксама звязана са старэйшымі яе членамі; па меры старэння і ўпадку якіх знаходзіць свае шляхі працягу і пашырэння нават сам патрыярхальны ўклад вялікай сям’і па меры таго асяродка, знаходзіць працяг, аднаўленне і адраджэнне стандартаў (эталону) групы. […] Для патрыярхальнага асяродка зямля — гэта не толькі жыццёвая прастора групы, не толькі месца існавання і дзеяння, не толькі сродак і аснова выжывання — гэта таксама спецыфічная агульная каштоўнасць; гэта Бацькаўшчына — агульна-сямейная радзінная святасць.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-09-18; просмотров: 759; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.138.138.144 (0.068 с.)