Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

І. Выберыце правільны адказ.

Поиск

1. Першая кніга М.Стрыйкоўскага

А) «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі»

Б) «Ганец цноты»

В) «Праваслаўнага ўезду да Кракава і… Генрыха Валуа апісанне»

Г) «Пра пачатак, паходжанне… народа літоўскага, жамойцкага і рускага».

2. Асаблівасць «Хронікі польскай, літоўскай…» М.Стрыйкоўскага

А) сугучнасць лівонскім хронікам

Б) вузкая крыніцавая база

В) адпаведнасць антычнай гістарыяграфіі

Г) схільнасць да Ягелонаў.

3. «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага складаецца з

А) 22 кніг

Б) 23 кніг

В) 24 кніг

Г) 25 кніг.

4. Першым пачаў датаванне падзей біблейскай гісторыі

А) Ян Квяткевіч

Б) Дзіянісій Петавій

В) Альберт Інэс

Г) Антоній Пасевіна.

5. Першы сістэматызаваны курс «Гісторыі Літвы» напісаў

А) М.Стрыйкоўскі

Б) К.Бартольд

В) В.Віюк Каяловіч

Г) А.Нарамеўскі.

6. Гісторыя як самастойны прадмет была ўведзена ў Літоўскай правінцыі езуітаў у

А) 1740 г.

Б) 1741 г.

В) 1742 г.

Г) 1743 г.

7. Пачатак перыядычнаму друку ў ВКЛ паклаў

А) Я.Дрэўс

Б) К.Бартольд

В) С.Растоўскі

Г) Я.Пашакоўскі.

8. Я.Прэўсгайф з’яўляецца аўтарам

А) «Радзівілаўскага летапісу»

Б) «Гісторыі Літоўскай правінцыі езуітаў»

В) «Гісторыі Віленскай Акадэміі»

Г) «Вобліка сарматаў».

9. У Галоўнай Літоўскай школе кафедру ўсеагульнай гісторыі ўзначальваў

А) Т.Гусаржэўскі

Б) Э.Гродэк

В) Ф.Папроцкі

Г) А.Нарамеўскі.

10. Вядучую ролю гандлю ў гісторыі Рэчы Паспалітай адводзіў

А) Ф.Папроцкі

Б) А.Нарушэвіч

В) К.Вырвіч

Г) М.Догель.

11. М.Догель заклаў асновы

А) рацыяналістычнай філасофіі

Б) крыніцазнаўства

В) асветніцкага разумення гісторыі

Г) рамантычнай гістарыяграфіі.

12. А.Нарушэвіч скончыў калегію езуітаў у

А) Гродне

Б) Полацку

В) Варшаве

Г) Пінску.

13. Найвышэйшай інстанцыяй у гістарычным працэсе А.Нарушэвіч лічыў

А) чалавека

Б) Бога

В) дзяржаву

Г) манархію.

14. З’яўленне прыгоннага права А.Нарушэвіч тлумачыў

А) тэорыяй знешняга заваявання

Б) унутраным развіццём Польшчы

В) уплывам магдэбургскага права

Г) памкненнямі магнатаў.

15. Палітычным ідэалам Нарушэвіча з’яўлялася

А) абмежаваная манархія

Б) дэспатыя

В) шляхецкая рэспубліка

Г) асветніцкая манархія.

16. Першай спробай інтэрпрэтацыі права ВКЛ у польскай гістарыяграфіі была дзейнасць

А) Е.Бандтке

Б) Ф.Шміта

В) Т.Чацкага

Г) С.Ліндэ.

17. На думку І.Лялевеля, філасофскі асэнсаванае абагульненне мінулага – гэта

А) гістарыяграфія

Б) этыялогіка

В) фактаграфія

Г) крыніцазнаўства.

18. Самай багатай са славянскіх моў І.Лялевель лічыў

А) беларускую

Б) украінскую

В) чэшскую

Г) польскую.

19. Аснова «рамантычнай» гістарыяграфіі

А) гісторыя дзяржавы

Б) гісторыя манархіі

В) «нацыянальны дух»

Г) рэспубліканскія інстытуты ўлады

20. Першы дэкан юрыдычнага факультэта Кіеўскага універсітэта

А) І.Даніловіч

Б) І.Анацэвіч

В) М.К.Баброўскі

Г) І.Ярашэвіч.

21. Першым гісторыю ВКЛ у Віленскім універсітэце пачаў выкладаць

А) І.Даніловіч

Б) І.Анацэвіч

В) І.Ярашэвіч

Г) М.К.Баброўскі.

22. Канцэпцыю існавання феадалізму ў ВКЛ упершыню прапанаваў

А) І.Даніловіч

Б) І.Анацэвіч

В) І.Ярашэвіч

Г) М.К.Баброўскі.

23. І.І.Грыгаровіч супрацоўнічаў з археаграфічнай камісіяй у

А) Кіева

Б) Пецярбурга

В) Вільні

Г) Масквы.

24. Асновы славяназнаўства заклаў

А) І.Даніловіч

Б) І.Анацэвіч

В) І.Ярашэвіч

Г) М.К.Баброўскі.

25. Першы ў беларускай навуцы археаграфічны зборнік

А) «Скарбніца грамат»

Б) «Беларускі архіў старажытных грамат»

В) «Акты, относящиеся к истории Западной России»

Г) «Собрание русской истории».

26. Бітву на Нямізе В.М.Тацішчаў лакалізаваў на

А) Нямізе

Б) Дняпры

В) Нёмане

Г) Бярэзіне.

27. Першая праца ў Расіі, прысвечаная царкоўнай уніі ў ВКЛ, была напісана

А) В.М.Тацішчавым

Б) Г.Ф.Мілерам

В) С.І.Богуш-Сестранцэвічам

Г) М.М.Бантыш-Каменскім.

28. Тэндэнцыя да абаснавання права Расіі на беларускія землі прасочваецца ў

А) «Истории Российской»

Б) «Древней Российской Вифлиофике»

В) «Бархатной книге»

Г) «Географическом словаре Российского государства».

29. Аўтар кнігі «О Западной России»

А) В.М.Тацішчаў

Б) Г.Ф.Мілер

В) С.І.Богуш-Сестранцэвіч

Г) М.М.Бантыш-Каменскі.

30. Упершыню матэрыялы дахрысціянскай міфалогіі, сабраныя на тэрыторыі Беларусі, былі апублікаваны

А) В.Суравецкім

Б) М.Чарноўскай

В) І.Загорскім

Г) А.Плятарам.

31. «Ліцвінам рускага паходжання» называлі

А) В.Суравецкага

Б) Ю.Нямцэвіча

В) І.Загорскага

Г) А.Плятара.

32. 20 разоў перавыдаваўся твор

А) «Манеты даўняй Польшчы»

Б) «Пошукі пачаткаў славянскіх народаў»

В) «Гістарычныя песні»

Г) «Аб даўніх трунах».

33. Першым атрымаў права на правядзенне археалагічных раскопак

А) А.Плятар

Б) З.Даленга-Хадакоўскі

В) П.Кепен

Г) Ю.Нямцэвіч.

 

Тэма 4

Беларусь у гістарычных даследаваннях

Пачатку 60-х гг. ХІХ ст.

 

План

 

1. Дзейнасць урадавых устаноў Расійскай імперыі па вывучэнню мінулага Беларусі.

2. Гісторыя ВКЛ у расійскай гістарыяграфіі другой трэці ХІХ ст.

3. Вывучэнне гісторыі «мясцовымі» даследчыкамі Беларусі і Літвы ў 30 – пачатку 60-х гг. ХІХ ст.

 

Літаратура

 

1. Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси ХVІ в. – 30-е годы ХХ в. – Мн.: Беларус. навука, 1996. – С. 50 – 78.

2. Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2001. – 496 с.

3. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1. – Мн.: БелЭн, 2005. – 768 с.

4. Беларусы: У 8 т. Т. 3. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – 365 с.

5. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. – Мн.:БелЭн, 2005. – 688 с.

6. Живописная Россия: Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. Воспроизведение изд. 1882 г. – 2-е изд. – Мн.: БелЭн, 1994. – 550 с.

7. Запрудскі І.М. Адам Кіркор як гісторык беларускай літаратуры // Роднае слова. – 2000. - № 4. – С. 18 – 19.

8. Запрудскі І.М. «Заваяваць сабе свабоду…» // Настаўніцкая газета. – 2002. – 7 верас.

9. Историография истории России до 1917 года: Учеб. для студ. высш. учеб. заведений: В 2 т. – М.: ВЛАДОС, 2003. – Т. 1. – С. 261 – 268.

10. Караў Дз. Пачаткі беларускага крыніцазнаўства // Спадчына. – 1994. - № 1. – С. 4 – 14.

11. Карев Д.В. Белорусская историография в конце ХVІІІ – начале 60-х годов ХІХ в. // Очерки истории науки и культуры Беларуси ІХ – начала ХХ в. / П.Т.Петриков, Д.В.Карев, А.А.Гусак и др. – Мн.: Наука и техника, 1996. – С. 24 – 39.

12. Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVІ – ХІХ ст. – Мн.: Навука і тэхніка, 1984. – С. 36 – 72.

13. Каханоўскі Г.А. Тэадор Нарбут і Беларусь // Чырвоная змена. – 1989. – 18 ліст.

14. Каханоўскі Г.А., Каханоўскі А.Г. Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч. – Мн.: Навука і тэхніка, 1991.

15. Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР (эпоха феодализма): Учеб. пособие. – Мн.: Университетское, 1986. – 175 с.

16. Мелешко Е.И. Концепция исторического развития белорусских земель в трудах П.О. Бобровского // Вестник ГрГУ. – Серия 1. – 2000. - № 2. – С. 43 – 50.

17. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклап. даведнік. – Мн.: БелЭн, 1996. – 671 с.

18. Ненадавец А. Тэадор Нарбут. – Мн.: Полымя, 1996. – 63 с.

19. Нечухрин А.Н. Отечественные историки – уроженцы Гродненщины. – Гродно: ГрГУ, 1989. – 31 с.

20. Цітоў В. С. Этнаграфічная спадчына. Беларусі. Традыцыйна-бытавая культура. Вучэб.–метад. дапаможнік. – Мн.: Беларусь, 1997. – 207 с.

21. Янчук Н. А.К.Киркор: Краткий очерк жизни и деятельности. – Мн., 1988.

 

Тэматыка рэфератаў

 

1. А.К.Кіркор як гісторык-даследчык мінулага свайго краю.

2. Т.Нарбут аб гісторыі ВКЛ.

3. Уклад братоў Тышкевічаў у развіццё археалогіі і краязнаўства Беларусі.

4. Дзейнасць Віленскай археалагічнай камісіі.

 

1. Дзейнасць урадавых устаноў Расійскай імперыі па вывучэнню мінулага Беларусі. У другой трэці ХІХ ст. узрастае цікавасць да беларускіх губерняў з боку расійскіх журналістаў і навукоўцаў, а таксама афіцыйнай улады. Шляхецкае паўстанне 1830 – 1831 гг. сведчыла аб адсутнасці падтрымкі мерапрыемстваў рускага ўрада ў дадзеным рэгіёне. Узнікла патрэба ў зборы грунтоўнай інфармацыі пра Беларусь з той мэтай, каб распачаць прапагандысцкую дзейнасць па пераарыентацыі мясцовага насельніцтва на бок Расіі.

Цікавасць да беларускай праблематыкі ў 30 – 40-я гг. пачынаюць праяўляць Сінод, Міністэрства ўнутраных спраў, жандармерыя. У часопісах цэнтральных урадавых устаноў («Журнал МВД», «Журнал Министерства народного просвещения», «Журнал Министерства государственных имуществ») з’яўляюцца гісторыка-статыстычныя артыкулы пра Беларусь.

У 1834 г. былі арганізаваны губернскія статыстычныя камітэты. Іх функцыя заключалася ў зборы звестак аб мінулым і сучасным стане гаспадаркі, насельніцтве, гісторыка-бытавых асаблівасцях заходніх губерняў. Супрацоўнікі камітэтаў распрацавалі праграмы для выдання «Губернских ведомостей» (газеты выходзілі пры губернскіх управах з 1838 г.) і «Памятных книжек» губерняў (выдаваліся з канца 30-х гг. ХІХ ст.). У іх неафіцыйных частках часта публікаваліся гісторыка-краязнаўчыя нарысы, нататкі, гістарычныя дакументы. Пры ўсёй сваёй праўрадавай накіраванасці яны да пачатку 80-х гг. ХІХ ст. абуджалі інтарэс да гісторыі Беларусі.

Віленскі, Гродзенскі, Віцебскі, Мінскі і Магілёўскі статыстычныя камітэты працавалі з рознай ступенню эфектыўнасці, але іх роля ў развіцці гістарычнай навукі ў Беларусі несумненная. Па-сутнасці, статыстычныя камітэты былі адзінымі навукова-інфармацыйнымі цэнтрамі ў губернях, якія праводзілі комплекснае вывучэнне Беларусі. Камітэты выконвалі шматлікія запыты Рускага геаграфічнага таварыства, Пецярбургскай археаграфічнай камісіі, Генеральнага штаба. Цікава, што з канца 1848 г. пры віленскім генерал-губернатары была ўведзена спецыяльная пасада чыноўніка па асобым даручэнням з мэтай збору статыстычных і гістарычных звестак.

Як правіла, супрацоўнікі губернскіх статыстычных камітэтаў да сваіх абавязкаў адносіліся добрасумленна і з ініцыятывай. Ужо ў 30 – 50-я гг. ХІХ ст. з’яўляюцца «Исторические обозрения» і «Исторические описания» Віцебскай, Віленскай, Гродзенскай, Магілёўскай губерняў, Беластоцкай вобласці, статыстычныя карты і дэмаграфічныя табліцы па ўездам.

У 40-я гг. ХІХ ст. пачынаецца сістэматычнае гісторыка-статыстычнае даследаванне заходніх губерняў краіны чыноўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў (МУС). Доўгі час гэтыя работы выкарыстоўваліся толькі для службовага карыстання. Таксама МУС Расіі ў сярэдзіне ХІХ ст. арганізавала комплекснае даследаванне регіёна сіламі аматараў гісторыі – праз афіцэраў, праваслаўных святароў, сапраўдных статскіх саветнікаў і нават генералаў. Прыкладам з'яўляецца ўраджэнец Мінскай губерні, выпуснік Кіеўскай духоўнай акадэміі Іван Пятровіч Барычэўскі (Барычэўскі-Тарнава) (1810 – 1887 гг.). У сваіх працах «Исследование о происхождении, названии и языке литовского народа» (1847 г.), «Православие и русская народность в Литве» (1851 г.) ён адным з першых пачаў вывучаць гісторыю і старажытнасць народаў Беларусі і Літвы.

Падтрымку даследчыкам у справе вывучэння гісторыі Беларусі аказывалі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, у прыватнасці, грамадзянскія губернатары. Яны праяўлялі ініцыятыву ў пошуку гістарычных дакументаў і іх выданні з той мэтай, каб даказаць, што ў мінулым Беларусь і Літва былі рускім праваслаўным краем. У 1843 г. грамадзянскі губернатар Віленскай губерні князь Далгарукі садзейнічаў выданню 200 дакументаў, прысвечаных гісторыі праваслаўнай царквы ВКЛ у ХІV – ХVІІІ ст., «Собрание древних грамот городов: Вильно, Ковно, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам». Праз пяць гадоў па ініцыятыве мінскага грамадзянскага губернатара А.Сямёнава ўбачыла свет «Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам», у якім разглядаўся лёс праваслаўя на беларускіх землях.

Значны ўклад у вывучэнне гістарычнага мінулага Беларусі і Літвы ўнеслі афіцэры Генеральнага штаба Расійскай імперыі. З 1837 па 1854 гг. спецыялісты гэтай ваеннай установы тры разы выдавалі для службовага карыстання спецыяльныя статыстычныя матэрыялы аб заходніх губернях краіны. Паралельна ішла камплектацыя архіва ваенна-тапаграфічнага бюро, збор дакументаў па гісторыі воінскіх частак, рыхтаваліся ваенна-гістарычныя і ваенна-тэарэтычныя работы, прысвечаныя гісторыі ваенных дзеянняў у ХVІІІ ст., паўстання 1794 г., вайны 1812 г., паўстання 1830 – 1831 гг.

Пасля паражэння ў Крымскай вайне (1853 – 1856 гг.) ваеннае міністэрства вырашыла праз афіцэраў Генеральнага штаба сабраць гістарычныя звесткі пра заходнія губерні імперыі. Таму ў 1857, 1858, 1859 гг. для іх былі выдадзены спецыяльныя інструкцыі. Пры гэтым афіцэры абапіраліся на працу генерал-маёра Міхаіла Без-Карніловіча «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии…», якая выйшла ў друкарні ІІІ-га аддзялення ў 1855 г.

Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч (1796 – 1862 гг.) паходзіў з дваранскай сям’і Магілёўскай губерні. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1828 – 1829 гг. У 1831 –1847 гг. кіраваў тапаграфічнай экспедыцыяй на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Пасля адстаўкі працаваў у архівах.

Праводзячы тапаграфічную здымку мясцовасці і статыстычнае вывучэнне Мінскай, Віцебскай, Наўгародскай, Валынскай губерняў і Беластоцкай вобласці, Без-Карніловіч сабраў значны матэрыял для напісання кнігі.

Аўтар паставіў перад сабой мэту – азнаёміць чытача з Беларуссю, пад якой ён разумеў Віцебскую і Магілёўскую губерніі. Паходжанне тэрміна «Беларусь» даследчык выводзіў ад светлага колеру твара і вачэй насельніцтва, белага колеру адзення. Асобая ўвага прысвечана гісторыі Полацкага княства і крывічоў. Вельмі коратка прадстаўлены падзеі на Полаччыне ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Цікава, што аўтар даказываў паходжанне Віценя з дынастыі полацкіх князёў.

Без-Карніловіч зыходзіў з дваранска-манархічных пазіцый пры асвятленні мінулага беларусаў, лічыў іх нашчадкаў крывічоў і радзімічаў. Але пісаў пра беларусаў як асобны народ. Праўда, цэльнай гістарычнай канцэпцыі ён не стварыў. Вартасць даследавання заключаецца ў гісторыка-геаграфічных і этнаграфічных замалёўках гарадоў і мястэчак Паўночнай і Усходняй Беларусі.

З 1859 г. афіцэры дэпартамента Генеральнага штаба прыступілі да рэалізацыі пастаўленай перад імі задачы. Цэнтральны статыстычны камітэт МУС спецыяльным цыркулярам прадпісаў грамадзянскім губернатарам аказываць ім дапамогу і падтрымку праз гарадскую і ўездную паліцыю. Ужо з 1861 г. пачалі выходзіць першыя гісторыка-статыстычныя апісанні заходніх губерняў пад назвай «Материалы для географии и статистики России». Том «Матэрыялаў…», прысвечаных Віленскай губерні, падрыхтаваў капітан А.Карэва (1861 г.), Смаленскай губерні – штабс-капітан М.Цэбрыкаў (1862 г.), Мінскай губерні – падпалкоўнік І.Зяленскі (1864 г.). Але найбольш грунтоўнай працай лічыцца два тамы па Гродзенскай губерні (1863 г.), складзеныя падпалкоўнікам П.Баброўскім.

Павел Восіпавіч Баброўскі (1832 – 1905 гг.) нарадзіўся ў сям’і доктара філасофіі, доктара права Восіпа Кірылавіча Баброўскага. Пляменнік вядомага вучонага-славіста М.К.Баброўскага. Вучыўся ў Пружанскім дваранскім вучылішчы, Полацкім кадэцкім корпусе, Канстанцінаўскім ваенным вучылішчы, Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба. Служыў у розных вайсковых структурах. Генерал-маёр. Член Рускага геаграфічнага таварыства. Захапляўся гісторыяй і этнаграфіяй.

Кніга Баброўскага ўяўляе сабой арыгінальнае і грунтоўнае навуковае даследаванне. Аўтар прадставіў уласнае канцэптуальнае бачанне гісторыі беларускіх зямель, у якой адчуваецца адбітак палітычнай сітуацыі ў заходніх губернях і заходнерускай тэндэнцыі. Даследчык імкнуўся даказаць, што Гродзенская губерня па гістарычнаму паходжанню з’яўляецца неад’емнай часткай Расіі. На падставе дзяржаўніцкага крытэрыя аўтар прапанаваў уласную перыядызацыю гісторыі Заходняй Русі, вылучыўшы наступныя перыяды: 1) старажытнарускі (ІХ – сяр. ХІІІ ст.); 2) «уладарніцтва Літвы» (сяр. ХІІІ ст. – 1569 г.); 3) «уладарніцтва Польшчы» (1569 – 1795 гг.). У першым перыядзе адбывалася самастойнае развіццё «народных сіл», волю якіх выконвалі рускія князі. Літоўскае заваяванне гэтага рэгіёна прывяло да ўтварэння ВКЛ. Яно па-свайму характару заставалася рускай дзяржавай. Але Люблінская ўнія прывяла да асіміляцыі мясцовага насельніцтва палякамі, якія прынеслі з сабой прыгоннае права. У цяжкіх палітычных умовах Рэчы Паспалітай традыцыйныя звычаі мясцовага насельніцтва захоўвала праваслаўная царква. Падзелы Рэчы Паспалітай прывялі да вызвалення «заходнерусаў» ад прыгнёту. Баброўскі назваў прычыны складанай палітычнай сітуацыі ў заходніх губернях краіны і нелаяльнасці мясцовага насельніцтва да афіцыйнай палітыкі: уплыў польскай культуры, высокі працэнт яўрэйскага насельніцтва, варожая расійскім уладам пазіцыя каталіцкай царквы.

Гістарычныя погляды Баброўскага мелі пэўныя разыходжанні са славянафільскай ідэалогіяй. У прыватнасці, ён узняў праблему ролі яцвяжскага элемента ў этнагенезе насельніцтва Гродзенскай губерні. Яцвягаў даследчык не адносіў ні да славян, ні да балтаў. На яго думку, яны сталі адной з этнічных крыніц «заходнерусаў». Баброўскі станоўча ставіўся да палітыкі вялікіх літоўскіх князёў, адзначыў талерантнасць Вітаўта. Таксама аўтар надаваў пазітыўны характар магдэбургскаму праву. Ён лічыў, што прывілеі, атрыманыя рамеснікамі і купцамі ў ВКЛ, сталі прадумовай эканамічнай самастойнасці гарадоў, садзейнічалі ўтварэнню буйных гандлёвых цэнтраў. Свае аргументы Баброўскі супрацьпаставіў тагачаснай пануючай тэорыі аб магдэбургскім праве як адной з прычын анархіі ў Рэчы Паспалітай. Сапраўдную прычыну слабасці гэтай краіны ён бачыў у недасканаласці дзяржаўнага апарату.

М.В. Баброўскі аставіў шэраг краязнаўчых прац: «Несколько слов о Зельвенской ярмарке», «Колония Супрасль», «Исторические сведения о городах Гродненской губернии», «Историческая монография города Гродно».

Работы афіцэраў Генеральнага штаба адрозніваліся сваёй гістарычнай і крыніцазнаўчай базай. Парой яны абапіраліся на неправераныя крыніцы (паведамленні жыхароў, мясцовыя паданні і інш.). Аднак іх выданні ўтрымлівалі каштоўны матэрыял, узяты з прыватных шляхецкіх архіваў і калекцый рукапісаў.

У першай палове ХІХ ст. у сувязі з «разборамі шляхты» вялікай праблемай стала фальсіфікацыя гістарычных дакументаў, якія падцвярджалі права на шляхецкае званне. Мінск лічыўся сталіцай падробак, упісаных у старажытныя актавыя кнігі. Мікалай І у 1843 г. вымушаны быў стварыць тры камісіі для разгляду актавых кніг, але яны працавалі неэфектыўна, бо адсутнічалі прафесійныя спецыялісты-археографы. З другога боку, значная частка дакументаў справаводства страчвалася, бо адсутнічала централізацыя архіўнай справы – архівы былі ведамственымі. У 1845 г. МУС выдала правілы, якія патрабавалі кожны год арганізоўваць пры губернскіх кіраваннях спецыяльныя камісіі для разбора справаводства. Паколькі прафесійныя архівісты адсутнічалі, то камісіі знішчалі шмат каштоўных гістарычных дакументаў. Усё гэта заставіла ўрад прыняць рашэнне аб арганізацыі ў 1852 г. Віленскага і Віцебскага цэнтральных архіваў. Перад імі была пастаўлена задача сабраць старажытныя актавыя кнігі і дакументы да 1799 г.

2. Гісторыя ВКЛ у расійскай гістарыяграфіі другой трэці ХІХ ст. Ліберальная палітыка імператара Аляксандра І у польскім пытанні не знайшла падтрымкі сярод рускай арыстакратыі, аб чым сведчыць вядомы ліст М.М.Карамзіна да імператара (1811 г.). У ім прыдворны гісторык выступіў супраць планаў цара аднавіць самастойнасць Польшчы: «Можете ли Вы с мирною совестью отнять у нас Белоруссию, Литву, Волынь, Подолию, утвержденных собственностью России еще до Вашего царствования… Да, разделы Польши при Екатерине II – захват «по праву меча», но дело это совершено, и для Вас уже свято: для Вас Польша есть исконно русское достояние… К тому же Белоруссия… была некогда коренным достоянием России…». Паўстанне 1830 – 1831 гг. яшчэ раз пераканала Пецярбург, што духоўнага яд'нання беларускіх зямель з Расіяй не адбылося. У гэтых умовах вялікая роля стала надавацца журналістыцы.

Яшчэ ў 20-я гг. ХІХ ст. у краіне з'явіліся новыя часопісы, у сваёй большасці гістарычнага характару. На старонках расійскіх перыядычных выданняў сталі друкавацца рэцэнзіі на кнігі і крыніцы, выдадзеныя ў Беларусі і Літве (І.Лялевеля, З.Даленгі-Хадакоўскага, Т.Нарбута і інш.). У часопісах «Северный архив», «Соревнователь просвещения», «Вестник Европы», «Отечественные записки» з'яўляліся артыкулы аб гістарычных падзеях, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі ў ХVІ – пачатку ХІХ ст., друкаваліся мемуары сучаснікаў і нататкі падарожнікаў.

Вялікая заслуга ў азнаямленні расійскага навуковых колаў грамадства з гісторыяй Беларусі належыць Васілю Рыгоравічу Анастасевічу (1775 – 1845 гг.), які займаўся вывучэннем заканадаўства ВКЛ. Працуючы сакратаром графа М.П.Румянцава, а затым у канцылярыі папячыцеля Віленскай навучальнай акругі князя А.Чартарыйскага, ён ажыццявіў навуковае выданне ІІІ Статута ВКЛ 1588 г.

Адным з першых рускіх гісторыкаў і археографаў апісаў старадрукі Ф.Скарыны і інш. выданні першых усходнеславянскіх друкарань Канстанцін Фёдаравіч Калайдовіч (1792 – 1832 гг.). Ён падрыхтаваў да публікацыі творы Кірылы Тураўскага, склаў кароткі слоўнік беларускай мовы «Пра беларускую гаворку» (1822 г.).

Актывізацыя археаграфічнай дзейнасці ў 30-я гг. ХІХ ст. была выклікана арганізацыяй у 1834 г. Пецярбургскай археаграфічнай камісіі. Яе ўдзельнікі падрыхтавалі да выдання 5 тамоў «Актов, относящихся к истории Западной России» (1846 – 1853 гг.): складальнік і рэдактар І.І.Грыгаровіч, 14 тамоў «Актов, относящихся к истории Южной и Западной России» (1861 – 1892 гг.): рэдактары М.І.Кастамараў, Г.Ф.Карпаў. Апублікаваныя дакументы ў сваёй большасці датычацца палітычнай і царкоўнай гісторыі Беларусі і Украіны. Яны заклалі аснову вялікадзяржаўна-манархічнай версіі айчыннай гісторыі.

Пецярбургская археаграфічная камісія ў другой трэці ХІХ ст. сабрала каштоўнейшыя рукапісы з архіваў Сапег у Дзярэчыне, грэка-уніяцкіх мітрапалітаў у Жыровіцах, Віленскага універсітэта. Калі не атрымлівалася цалкам вывезці сховішчы, то складаліся падрабязныя вопісы дакументаў, або працавалі капіравальшчыкі.

Другая трэць ХІХ ст. характарызуецца паскораным выспяваннем розных славянафільскіх і часткова на іх аснове вялікадзяржаўных канцэпцый гісторыі «Заходняй Русі». Менавіта у гэты перыяд пры ўдзеле гісторыкаў М.П.Пагодзіна і С.П.Шавырова складваюцца абрысы тэарэтычнай канцэпцыі, якая атрымала пазней назву тэорыі «афіцыйнай народнасці». Згаданая канцэпцыя павінна была абгрунтаваць святасць і незыблемасць расійскай манархіі і дзяржаўнага ладу, а ў сваім рэгіянальным кантэксце гістарычную правамернасць і законнасць вяртання ў Расійскую імперыю «рускіх» зямель Рэчы Паспалітай. Яна супрацьстаяла паланізацыйным і нацыянальна-вызваленчым працэсам. Невыпадкова пасля паўстанняў 1830 – 1831 гг., 1863 г., у якіх удзельнічалі і пэўныя слаі карэннага насельніцтва Беларусі і Літвы (пераважна з ліку шляхты, каталіцкага, уніяцкага духавенства) выйшлі у свет найбольш адыёзныя панрасійскія гістарычныя працы, прысвечаныя гісторыі Заходняй Русі ХІІІ – ХVІ ст.

Калі заснавальнікі тэорыі афіцыйнай народнасці – міністр народнай асветы Увараў і вышэйназваныя прафесары Маскоўскага універсітэта праецыравалі яе на агульнарускім гістарычным фоне, то ў кантэксце «Заходняй Русі» яе першым абгрунтаваў Мікалай Устралаў. У 30-я гг. ХІХ ст. упершыню ў расійскай гістарыяграфіі ён паспрабаваў уключыць гісторыю «Заходняй Русі» у канцэптуальную схему рускай гісторыі.

Мікалай Герасімавіч Устралаў (1805 – 1870 гг.) паходзіў з сям’і прыгоннага, упраўляючага маёнткамі князя Куракіна. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Загадчык кафедры рускай гісторыі, прафесар. Распрацаваў сістэму прагматычнай гісторыі.

У гісторыка-літаратурным эсэ «Россия и Польша: мысли русского офицера» (1832 г.), пабудаваным у форме дыялога паміж «рускім», «палякам» і «французам», Устралаў выказаў адносіны да падзей 1830 – 1831 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі. Ён адзначыў, што ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай Расія забрала свае землі, якія падманным шляхам захапілі палякі пасля Крэўскай уніі. Падзелы Рэчы Паспалітай прынеслі карысць не толькі Расіі і Польшчы, але і Еўропе. Польшча, на думку аўтара, уяўляла сабой небяспеку для кантынента. Пры гэтым даследчык спасылаўся на польскіх гісторыкаў і сцвярджаў, што на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Украіны пражывала не болей 9 % палякаў. Гэта рабіла беспадстаўнымі прэтэнзій шляхты на беларускія губерні.

У 1837 г. выйшла першае, а ў 1842 г. – другое выданне асноўнай працы Устралава «Русская история» у двух тамах. Даследаванне аўтар падрыхтаваў па прапанове міністра народнай асветы графа С.С.Уварава. Устралаў прапанаваў уласную метадалогію вывучэння гісторыі заходніх зямель Русі: 1) як узнікла ВКЛ і як страціла сваю самастойнасць? 2) як адносілася да ВКЛ Маскоўская дзяржава? 3) як разумелі ВКЛ сучаснікі да канца ХVII ст.? 4) што думалі пра ВКЛ пазнейшыя гісторыкі Расіі?

Ён заклаў асновы так званай «заходнерускай» афіцыйнай ідэалогіі. Згодна з асноўнымі парадыгмамі гэтай канцэпцыі для ўсёй хрысціянскай Русі з даўніх часоў было характэрна спалучэнне трох духоўных імператываў: праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць.

Асобная глава кнігі прысвечана гісторыі ВКЛ. Устралаў адзначыў сваю цікавасць да мінулага Вялікага княства Літоўскага адсутнасцю адзінага падыхода сярод вучоных. Адныя даследчыкі лічылі ВКЛ рускай дзяржавай, другія польскай правінцыяй. Устралаў звярнуў увагу на тэрытарыяльную, дэмаграфічную, культурную і рэлігійную перавагу рускага насельніцтва ВКЛ над этнічнымі літоўцамі. Тэрыторыю ВКЛ у ХІV – ХVІІІ ст. ён падзяляў на дзве часткі: «Русские княжества, - пісаў ён, - к западу от Днепра, кроме Галиции, присоединившейся к Польше, слились также в одно целое и образовали вместе с Литовским народом самостоятельное государство, под именем Великого княжества Литовского, главою коего был дом Гедимина». Гісторык лічыў, што ВКЛ было заснавана Гедзімінам, які па прыкладу маскоўскіх князёў рознымі шляхамі збіраў землі вакол Вільні. Пры яго пераемніках «Літоўская дзяржава» уяўляла тую ж сістэму княстваў, што і «Масква» да Івана ІІІ. Таксама ў Вялікім княстве Літоўскім мова, вера, заканадаўства былі «рускімі». «Западная Русь до конца ХVІ века оставалась под властью Князей Литовских, в роде Гедимина, но так же, как и Восточная, спасла свою веру, свой язык, свои уставы гражданские. Следовательно самые крепкие узы связывали её с Восточной Россией, и народ, свято сохраняя законы прародителей, неоднократно обнаруживал живейшее желание возвратиться в подданство Царя православного, целыми областями присоединяясь к его державе». Вялікім злом для дзяржаўнага развіцця стала Крэўская ўнія 1385 г., якая азначала паварот на захад. А пасля Люблінскай уніі ВКЛ стала здабычай езуітаў («иго польское, тягостнее татарского»). Усё «рускае», г.зн. праваслаўнае, стала знішчацца. Рускія цары, пачынаючы ад Івана Каліты да Кацярыны ІІ, імкнуліся аб’яднаць усю Русь – гэта галоўны накірунак знешняй палітыкі Расіі.

Аўтар вызначыў тры галоўныя памылкі, якія былі дапушчаны рускімі даследчыкамі пры аналізе гісторыі ВКЛ. Па-першае, лічылі літоўцаў больш магутным народам, чым славяне. Па-другое, глядзелі на ВКЛ як на варожую Расіі дзяржаву. Па-трэцяе, не вызначалі ўнію ВКЛ і Польшчы як зло для рускага насельніцтва Княства. Задачай рускага гісторыка, на думку Устралава, з’яўляецца раскрыццё барацьбы Русі супраць польскага прыгнёту і вяртання яе да Расіі. Таму расійскі даслечык павінен гісторыі ВКЛ надаваць такую ж увагу як і гісторыі Паўночна-Усходняй Русі.

Устралаў заклаў аснову канцэпцыі заходнерусізма ў гістарычнай навуцы, але не здолеў стварыць сінтэзнай канцэпцыі гісторыі ВКЛ. Гэта тлумачыцца слабой распрацаванасцю праблем сацыяльна-палітычнай гісторыі Беларусі і Літвы і адсутнасцю абагульняючай інфармацыі аб іх культурным, канфесійным, эканамічным развіцці.

Асобую цікавасць выклікае кніга ураджэнца Магілёўскай губерні, прадстаўніка пецярбургскай юрыдычнай школы Восіпа Вікенцьевіча Турчыновіча (1824 -?) «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен», якая была выдадзена ў 1857 г. у Пецярбургу.

Турчыновіч першым у беларускай гістарыяграфіі паспрабаваў разглядзець гісторыю Беларусі як самастойны прадмет даследавання. Ён паставіў перад сабой мэту ахарактарызаваць Беларусь і даказаць, што яна мае ўласную гісторыю. У рэчышчы дваранскай гістарыяграфіі аўтар разглядзеў толькі ваенна-палітычныя і рэлігійныя падзеі з мінулага Беларусі і Літвы – апісаў дзеянні князёў і каралёў. Твор кампілятыўны. Аўтар звёў у адным творы звесткі з прац М.Догеля, А.Нарушэвіча, Т.Чацкага, І.Лялевеля, В.Тацішчава і інш. Тым не менш, кніга Турчыновіча стала важным этапам у развіцці айчыннай гістарыяграфіі. Яна трактавала гісторыю беларусі не як частку Расіі, ВКЛ ці Рэчы Паспалітай, а як гісторыю краіны і народа, маючых гістарычную спецыфіку і асаблівасці.

3. Вывучэнне айчыннай гісторыі мясцовымі даследчыкамі Беларусі і Літвы ў 30 – пачатку 60-х гг. ХІХ ст. Нават пасля закрыцця Віленскага універсітэта (1832 г.), Вільня захавала за сабой статус культурнага і гістарычнага цэнтра Беларусі і Літвы. На 30 – 50-я гг. прыпадае росквіт перыядычнага друку. Навуковая і грамадская дзейнасць прафесараў Віленскага універсітэта садзейнічала выхаванню цэлай плеяды таленавітых гісторыкаў-даследчыкаў, аматараў мінуўшчыны, публіцыстаў.

На другую трэць ХІХ ст. прыпадае навуковая дзейнасць гісторыка, архівіста, бібліёграфа Мікалая Маліноўскага (1799 – 1865 гг.). Будучы вучнем Гродэка і Лялевеля, ён працаваў над гісторыяй Польшчы і ВКЛ. У 1846 – 1849 гг. выйшла кніга «Гісторыя кароны Польскай і ВКЛ», а ў 1847 – 1850 гг. - «Успаміны пра даўнюю Польшчу часоў Жыгімонта Аўгуста». Маліноўскі сабраў вялікую бібліятэку, якая пасля яго смерці была набыта Ю.К.Дзялынскім для кніжнага збора ў Курніку.

Міхал Ігнатавіч Балінскі (1794 – 1864 гг.) нарадзіўся ў маёнтку Цярэспаль полацкага павета ў сям'і інфлянцкага чашніка. Скончыў у 1818 г. фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Супрацоўнічаў з часопісам «Dziennik Wileński», разам з Лялевелем рэдагаваў часопіс «Tygodnik Wileński». Член таварыства шубраўцаў, адзін з рэдактараў яго газеты «Wiadomości brukowe». За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1830 – 1831 гг. быў арыштаваны. З 1836 г. жыў у Варшаве, дзе выдаваў навукова-літаратурны часопіс «Biblioteka Warszawska». У 1846 г. пераязджае ў Вільню. Выковаў абавязкі віцэ-старшыні Віленскай археалагічнай камісіі. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Першай буйнай працай Балінскага стала трохтомная «Гісторыя горада Вільні» (1836 – 1837 гг.) ад узнікнення горада да часоў Стэфана Баторыя. У кнізе ўтрымліваецца шмат фактаў з гісторыі Беларусі. Таксама ён аставіў у пяці тамах запіскі пра Барбару Радзівіл.

Разам з Ціматэўшам Ліпінскім была выдадзена манаграфія «Старажытная Польшча» у трох тамах з 1843 па 1850 гг.

Ціматэўш Ліпінскі (1797 (1799) – 1818 гг.) нарадзіўся ў м. Дзярэчын у сям’і маёра польскага войска. Скончыў факультэт прыгожых навук і мастацтваў Варшаўскага універсітэта. Працаваў у Варшаўскім політэхнічным інстытуце. Прымаў удзел у паўстанні 1830 – 1831 гг. Шмат вандраваў, збіраў помнікі пісьменства, гістарычныя крыніцы, манеты.

Трэці том выдання, які прысвечаны непасрэдна Беларусі, напісаў М. Балінскі. Аўтар лічыў гэту тэрыторыю адвечна польскай. Ён выказаў меркаванне, што славяне прыйшлі сюды ў V ст. н. э. і, верагодна, паходзяць ад каўказкага племені. Гісторык не адмаўляў ролю скандынаваў у развіцці старажытнарускай дзяржаўнасці. У кнізе ёсць звесткі аб шэрагу населеных пунктаў Беларусі і Літвы, іх гістарычным мінулым.

Актыўную выдавецкую дзейнасць праводзіў ураджэнец м. Радашковічы (зараз Маладзечненскі раён) Антон Марціноўскі (1781 – 1855 гг.). Пасля заканчэння Мінскай гімназіі і Віленскага універсітэта ён на правах арэнды пачаў выдаваць у Вільні газету «Kurier Litewski» (1817 – 1839 гг.). А ў 1819 г. Марціноўскі заснаваў першы на тэрыторыі Беларусі і Літвы навукова-літаратурны часопіс «Dziennik Wileński». Ім была арганізавана друкарня, у якой было выдадзена каля 400 назваў кніг, у т.л. творы І.Даніловіча, Т.Нарбута, і інш.

Марціноўскі з’яўляецца аўтарам прац па педагогікі, антыпрыгонніцкай сатыры «Машына для біцця хлопаў» (пад псеўданімам Патэле, 1817 г.), у якой паказаў цяжкае становішча прыгонных сялян. На жаль, яго мемуары загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. Ёсць меркаванне, што ў вайну 1812 г. Марціноўскі пісаў на беларускай мове адозвы да сялян, у якіх заклікаў выступіць супраць памешчыкаў.

У 1841 г. у Вільні з’явіўся новы часопіс, які адыграў значную ролю ў культурным жыцці Беларусі і Літвы, «Athnaeum». Яго рэдактарам быў Юзэф Крашэўскі (псеўданімы Б.Балеславіта, К.Пастарнак).

Юзэф Ігнацы Крашэўскі (1812 – 1887 гг.) вядомы польскі пісьменнік, гісторык. Нарадзіўся ў Варшаве ў сям’і пружанскага харунжага. Дзіцячыя і юнацкія гады правёў пад Пружанамі ў маёнтку Раманава. Скончыў Свіслацкую гімназію і Віленскі універсітэт. За ўдзел у паўстанні 1830 – 1831 гг. быў высланы радавым на Каўказ. З 1833 па 1859 гг. жыў на Палессі, а затым пераехаў у Варшаву. Ганаровы доктар навук універсітэтаў у Кракаве і Франкфурце-на-Майне. Памёр у эміграцыі, у Жэневе. Літаратурная спадчына складае 600 тамоў.

Гісторыя Беларусі і Літвы стала галоўнай тэмай яго шматлікіх гістарычных раманаў – вылучаецца цыкл з 29 твораў («Старое паданне», «Кунігас. Раман з літоўскіх паданняў», «Пан Твардоўскі», «Апошнія са слуцкіх князёў», «Часы Жыгімонта», «Кароль у Нясвіжы. 1784» і інш.). Таксама выдаў шэраг гістарычных прац, сярод якіх «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мовы, вера, звычаі, песні» (1847 – 1850 гг.), «Мастацтва ў славян, асабліва ў Польшчы і дахрысціянскай Літвы». Крашэўскі шмат вандраваў па Беларусі і аставіў цікавыя дарожныя нататкі, напрыклад, «Пінск і Піншчына» (1837 – 1838 гг.). Праца Крашэўскага «Успаміны з Палесся, Валыні і Літвы» (1840 г.) носіць белетрыстычны характар. Побач з красамоўнымі апісаннямі прыроды тут прыводзяцца каштоўныя звесткі аб жыцці народы, яго занятках, прыладах працы, жыллі, адзенні і ежы. Напісана яна з ліберальных пазіцый. Польскі пан і беларускі селянін – члены адзінай сям’і, і не добры пан, а дрэнны аканом з’яўляецца віноўнікам цяжкага становішча селяніна.

Асаблівую цікавасць у даследчыка выклікала гісторыя культуры і быту насельніцтва ВКЛ у ХVІІІ ст., якую ён добра ведаў і выклаў у працы «Польшча ў час трох падзелаў». Аўтар заклікаў да комплекснага вывучэння народнай культуры. Гэтым прынцыпам ён кіраваўся пры напісанні гістарычнай чатырохтомнай працы «Вільня ад яе пачатку да 1750 года» (1842 г.).

Выдавецкую эстафету Крашэўскага падхапіў вядомы археолаг, этнограф, гісторык Адам Кіркор (псеўданімы Ян са Слівіна, Ян Валігурскі, Саборы).

Адам-Ганоры Карлавіч Кіркор (1818 – 1886 гг.) нарадзіўся ў в. Слівіна каля Мсціслава Магілёўскай губерні ў сям’і шляхціца-аднадворца татарскага паходжання. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, затым у Віленскім дваранскім інстытуце, які скончыў экстэрнам.

Яшчэ ў гады гімназічнага навучання Кіркор зацікавіўся фальклорам і этнаграфіяй. Яго першы артыкул «Рэшткі язычніцкіх звычаяў на Беларусі: Купала. Русалкі» быў надрукаваны ў зборніку лепшых сачыненняў выхаванц



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-16; просмотров: 355; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.188.114.150 (0.018 с.)