Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель у хіх– пачатку ХХ ст. Ст. Аграрныя рэформы хіх ст. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель у хіх– пачатку ХХ ст. Ст. Аграрныя рэформы хіх ст.



У 19-пачатку 20 ст. у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі адбываліся агульныя для Расійскай імперыі працэсы, якія вялі да распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Узніклі адносіны новай індустрыяльнай цывілізацыі. Пра гэта сведчылі поспехі прамысловасці: ўзрасла колькасць мануфактур, на многіх з якіх выкарыстоўвалася вольнанаёмная праца, першыя фабрыкі былі пабудаваны ў 20-я гг.19 ст. у мястэчку Хомск і Косава Гродзенскай губерні. Яны займаліся вырабам сукна. Найбольш распаўсюджаны былі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны: вінакурная, суконная, палатняная, цукровая, мукамольная. З сярэдзіны 19 ст. на шэрагу фабрык пачалі ўжывацца паравыя рухавікі. У 1860 г. на Беларусі налічвалася ўжо 140 мануфактур, 76 фабрык і заводаў, 20 тысяч рамесніцкіх майстэрняў.

Назіраліся змены і ў вёсцы. Сельская гаспадарка ўсё больш звязвалася з рынкам, выкарыстоўваліся машыны, пашыраліся пасевы тэхнічных культур (ільну, канаплі), значна ўзрасла вага бульбы і цукровых буракоў, узнікла танкарунная авечкагадоўля.

Далейшае развіццё прагрэсіўных з'яў у эканоміцы, і асабліва ў сельскай гаспадарцы, стрымлівала панаванне феадальнай сістэмы землеўладання, існаванне прыгоннага права. Прыгонніцкія адносіны стрымлівалі пашырэнне ўнутранага рынку, фарміраванне асоб наёмнай працы, тармазілі тэхнічны прагрэс.

З мэтай павялічыць прыбытковасць сваіх маёнткаў памешчыкі пашыралі ўласныя пасевы за кошт сялянскіх надзелаў. Сітуацыя усугублялася тым, што за 30 гадоў (з 1820 па 1850 гг.) у Віцебскай, Магілёўскай губернях было 10 няўродаў. Сяляне ўсё больш разараліся і не маглі папаўняць дзяржаўную казну, несці ўзрастаючыя павіннасці. Нарасталі крызісныя з'явы, выступленні сялян. Толькі ў 30-40-я гг. 19 ст. іх 11 разоў падаўлялі ваеннай слай. Асабліва ў цяжкім становішчы знаходзіліся дзяржаўныя сяляне, дзе арандатары даводзілі іх да разарэння. Ўсё гэта прымушала царызм праводзіць на Беларусі больш гнуткую сацыяльна-эканамічную палітыку, рабіць захады па вырашэнні аграрнага пытання.

Каб зняць сацыяльную напружанасць у вёсцы, царскі ўрад пад кіраўніцтвам П.Д.Кісялёва ў 1840-1857 гг. правёў рэформу сярод дзяржаўных сялян, якія складалі каля пятай часткі ўсяго сялянства Беларусі. Галоўная мэта рэформы – павялічэнне дзяржаўных даходаў. Гэтага нельга было дабіцца без спынення збяднення сялянства, ліквідацыі свавольства арандатараў маёнткаў і павелічэння колькасці цяглых сялянскіх двароў, здольных выконваць павіннасці і плаціць падаткі на карысць дзяржавы. Рэформа прадугледжвала падробнае апісанне (люстрацыю) ўсіх дзяржаўных маёнткаў і строгае вызначэнне павіннасцей сялян у залежнасці ад іх гаспадарчага становішча.

Ставілася задача перавесці па магчымасці ўсіх агароднікаў (сяляне, якія мелі толькі агарод) і бабылёў-кутнікаў (беззямельных) у разрад цяглых ці паўцяглых сялян, г.зн. надзяленне іх палявым надзелам і сенакосам, а таксама рабочай сілай і неабходным інвентаром. Вызначалася сярэдняя норма надзела – 3 дзесяціны ворнай зямлі і 1 дзесяціна сенакосу на адну рэвізскую душу. Для цяглых двароў, якія мелі поўны надзел і не менш як 2 галавы рабочай жывёлы, устанаўлівалася 6-дзённая паншчына (3 дні з канём і 3 без каня). Для паўцяглых норма змяншалася напалавіну. Прадугледжвалася спыненне здачы казённых маёнткаў у арэнду і замена паншчыны чыншам. У 1844 годзе фальваркі былі ліквідаваны ўвогуле, а паншчына заменена чыншам. Гэты працэс працягваўся 6 гадоў. Там, дзе паншчына захоўвалася, забаранялася адбіраць сялянскія надзелы, павялічваць павіннасці і прымушаць сялян працаваць на ўласнай зямлі арандатара. З мэтай абароны сялянамі сваіх правоў ім дазвалялася ствараць сельскія грамады з выбраным кіраўніцтвам. У выніку сялянскія надзелы павялічваліся больш як на 30%, а павіннасці скараціліся больш як на 40%.

Хвалявалі ўрад і ўзаемаадносіны памешчыцкіх сялян. У 1844 годзе, каб аслабіць крызіс прыгонніцкіх адносін у памешчыцкай вёсцы, ён пайшоў на правядзенне інвентарнай рэформы. Праводзіўся вопіс феадальных уладанняў, унасіліся звесткі аб межах маёнтка, даходах насельніцтва, фіксаваліся памеры сялянскіх надзелаў і павіннасцей. І хоць гэтая рэформа не прадугледжвала ліквідацыю прыгоннага права і замены паншчыны чыншам, яна выклікала супраціўленне памешчыкаў і нараканні сялян там, дзе павіннасці аказаліся завышанымі. Таму ўрад некалькі разоў мяняў падыходы да яе правядзення.

У цэлым гэтыя рэформы хоць і стваралі лепшыя ўмовы для развцця гаспадарчай ініцыятывы сялян, яны не закраналі асноў феадальных парадкаў.

Не ліквідавала поўнасцю феадальныя парадкі і адмена прыгоннага права 19 лютага 1861 года. Па рэформе сяляне атрымалі асабістую волю і пэўныя грамадзянскія правы: уступіць у шлюб без дазволу памешчыка, самастойна распарадзіцца сабою і сваёй маёмасцю, непасрэдна звяртацца ў суд і дзяржаўныя ўстановы, заключаць розныя дагаворы і здзелкі, набываць ва ўласнаць нерухомую і рухомую маёмасць і прадаваць яе, засноўваць прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы, запісвацца ў саслоўе мяшчан ці купцоў, паступаць на службу і ў навучальную установу. Абвяшчалася таксама, што пакаранне селяніна магло адбыцца толькі па судовым прыгаворы ці законным распараджэнні ўрадавых і грамадскіх улад.

Памешчыкі страчвалі паліцэйскую і судовую ўладу над вёскай і разам з тым вызваляліся ад усялякай адказнасці за яе лёс, за выплату сялянамі падаткаў і выкананне павіннасцей на карысць дзяржавы.

Уводзіліся выбарныя органы сялянскага самакіравання – сялянскія старасты і валасныя праўленні на чале са старшынёй. Галоўнымі іх абавязкамі з'яўляліся раскладка і збор падаткаў, кантроль за выкананнем сялянамі шматлікіх павіннасцей, рэгуляванне зямельных адносін, арганізацыя на вёсцы паліцэйскай службы і г.д. За ўсё ўводзілася кругавая парука (калектыўная адказнасць).

Паводле "Агульнага палажэння рэформы", уся зямля, якой спрадвеку карысталіся сяляне, прызнавалася ўласнасцю памешчыка. Таму сяляне павінны былі яе выкупаць, прычым па завышанай у 3-4 разы цане. Нормы выкупных надзелаў вагаліся ад 4 да 5,5 дзесяцін у Віцебскай, Магілёўскай губернях, для астатніх беларускіх губерняў, дзе даўно існавала падворнае землекарыстанне, сяляне маглі выкупаць дарэформенныя надзелы.

Ва ўсходніх і заходніх губернях Беларусі прадугледжваліся адрэзкі ад сялянскіх надзелаў на карысць памешчыкаў у тых выпадках, калі ў іх пасля надзялення сялян заставалася менш чым 1/3 ранейшых угоддзяў.Дваровым сялянам (прыслуга) зямля не выдзялялася.

Пры раздзеле зямлі памешчыкі выбіралі сабе самыя лепшыя ўчасткі, што прывяло да незвычайнай церазпалосіцы панскіх і сялянскіх зямель.

Выкупная цана вызначалася такім чынам, каб памешчык, паклаўчы яе ў банк на працэнты, мог атрымаць штогадовы прыбытак, роўны гадавому чыншу дарэформеннага часу.

Неабходных грошай для выкупу ў сялян не было, а памешчыкі хацелі іх атрымаць адразу. Улічваючы гэта, ўрад пастанавіў, што 20% кошту зямлі выплачваюць самі сяляне, а 80% - ўрад, у выніку сяляне рабіліся даўжнікамі дзяржавы на 49 гадоў і павінны былі выплачваць не толькі суму доўгу, але і вялікія працэнты за пазыку.

Права выкупаць зямлю сяляне атрымлівалі толькі праз 9 гадоў пасля пачатку рэформы. Увесь гэты час яны лічыліся часоваабавязанымі, і за карыстанне зямлёй павінны былі адбываць паншчыну або плаціць памешчыку чынш.

Усё гэта выклікала шматлікія пратэсты сялян, іх выступленні. Толькі ў 1861 годзе на Беларусі адбылося 441 выступленне супраць палажэнняў рэформы. Сяляне не пагаджаліся з яе ўмовамі. Паказальна, што на пачатак 1863 года 80% сялян не падпісалі ўстаўных грамат на выкуп зямлі.

У 1863 годзе ў Польшчы, Беларусі, Літве ўспыхнула паўстанне супраць царызму. З мэтай адцягнуць ад удзелу ў ім беларускіх і літоўскіх сялян царскімі ўладамі былі выдадзены ўказы паводле якіх:

1. сяляне незалежна ад згоды памешчыкаў пераводзіліся на абавязковы выкуп, што азначала вызваленне іх ад стану часоваабавязаных – выклікала найбольшае незадавальненне

2. на 20% зніжаліся выкупныя плацяжы

3. сялянам, якія былі абеззямелены памешчыкамі у перадрэформенны перыяд, поўнасцю ці часткова вярталіся іх былыя зямельныя надзелы

4. урад адмовіўся ад намераў скасаваць сервітутнае права, якое дзейнічала ў многіх маёнтках і дазваляла сялянам карыстацца выпасамі ці сенакосамі, што з'яўляліся ўласнасцю памешчыкаў.

На абавязковы выкуп у 1867 г. былі пераведзены і дзяржаўныя сяляне. У цэлым рэформа 1861 года падрывала асновы прыгоннага права баршчыннай сістэмы гаспадарання, стварала ўмовы для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін. На вёсцы фарміраваўся рынак зямельнай уласнасці і працоўных рук, мянялася структура насельніцтва, праходзіла спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці, яе пераарыентацыя на рынак. Гэта спрыяла і развіццю прамысловай вытворчасці. Да пачатку 20 ст. колькасць мануфактур узрасла да 760, а фабрык і заводаў – 1157. Вялікае значэнне мела будаўніцтва Агінскага, Бярэзінскага, Днепра-Бугскага каналаў, якія злучалі рэкі Чарнаморскага басейна з рэкамі басейна Балтыйскага мора. У 1862 годзе праз тэрыторыю Беларусі прайшла Пецярбургска-Варшаўская чыгуначная дарога, у 1866 г. – Рыга-Арлоўская, у 70-х гадах – Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская магістралі. У 80-я гады пачалі дзейнічаць Палескія чыгункі, з 1902 года –Пецярбургска-Адэская магістраль. У выніку Беларусь атрымала больш цесную сувязь паміж рознымі рэгіёнамі, а таксама з важнейшымі індустрыяльнымі раёнамі Расійскай імперыі.

Развіваецца гандаль. Таварны абарот павялічваецца за кошт гандлёвых аб'яднанняў, крэдытных устаноў, банкаў.

З развіццём прамысловасці, гандлю, раслі гарады, павялічвалася колькасць гарадскога насельніцтва. Толькі за другую палову 19 ст. гарадское насельніцтва павялічылася ў 2,2 раза і склала ў пачатку 20 ст. 10,3% ўсяго насельніцтва. На вёсцы з'явіліся сельская буржуазія (кулакі), сераднякі і беднякі, якія на канец 19 ст. складалі адпаведна 10,30 і 60 %.

Змянялася сацыяльная структура грамадства. Развіццё прамысловасці і гандлю выклікала фарміраванне значнага слоя прадпрымальнікаў, наёмных рабочых. Напрыклад, колькасць наёмных рабочых, уключая сельскагаспадарчых работнікаў, у пачатку 20 ст. склала больш 460 тыс. чалавек. Такім чынам ішло паступавае разлажэнне класаў – саслоўяў папярэдняй эпохі і станаўленне класаў новага індустрыяльнага грамадства – буржуазіі і асобаў наёмнай працы.

Змены ў эканамічным і сацыяльна-палітычным жыцці Беларусі станоўча адбіваліся на працэсе нацыянальнай кансалідацыі беларусаў: фарміраваўся адзіны нацыянальны рынак, фарміравалася адзіная беларуская нацыя. Далейшае развіццё капіталістычных адносін на Беларусі, як і ва ўсёй царскай Расіі, стрымлівала існаванне шматлікіх перажыткаў феадалізма: царскае самаўладдзе, буйное памешчыцкае землеўладанне, абшчына, подаці і павіннасці, сервітуты (панская ўласнасць на сенакосы, лясы, азёры), церазпалосіцы, малазямелле. На пачатак 20 ст. на Беларусі ва ўласнасці памешчыкаў і буйных землеўладальнікаў знаходзілася звыш 55% усіх зямель, у сялян – 33,4 %. Сервітутамі карысталася звыш 50% сялян. Захоўвалася каля 24,7 тысяч сельскіх абшчын, у якія ўваходзілі звыш 90% усіх сялян. Амаль 44% жыхароў вёскі былі малазямельнымі і беззямельнымі.

Каб разбурыць сялянскае абшчыннае землеўладанне, у 1907 годзе гродзенскі губернатар П.А.Сталыпін распачаў аграрную рэформу. Яна прадугледжвала стварэнне хутарской сістэмы:

1. усе сяляне атрымлівалі права выхаду з абшчыны, якая павінна была надзяліць кожнага зямлёй у прыватную ўласнасць

2. кожны селянін меў права патрабаваць выдзялення ўсіх зямельных угоддзяў у адным месцы хутара

3. праводзілася добраахвотнае перасяленне сялян на свабодныя землі ў Сібір, Казахстан, Паўночны Каўказ.

Рэформа да канца не была рэалізавана, яе ідэолаг і пачынальнік Сталыпін быў застрэлены.

Ажыццяўленне рэформы выклікала раскол у вёсцы. Заможныя сяляне імкнуліся пазбавіцца ад апекі абшчыны, атрымаць зямлю, завесці асабістую гаспадарку, арыентаваную на рынак. Сераднякоў і беднякоў палохала ліквідацыя абшчыны і перспектыва застацца без яе абароны і дапамогі ў выпадку неўраджаю, пажару, паморах жывёлы. Для большасці сялян перасяленне на хутары было непасільным з-за адсутнасці сродкаў. Асабліва вострыя спрэчкі і канфлікты сярод сялян выклікала выдзяленне зямлі ў атрубы па прычыне яе рознай якасці. Замацаванне надзельнай зямлі ў асабістую ўласнасць сялян азначала прадастаўленне ім права продажу, закладваць надзелы ў банку. Каб прытупіць вастрыню аграрнага пытання ў еўрапейскіх губернях, урад заахвочваў перасяленне сялян у азіяцкую частку Расіі. У выніку туды перасялілася больш 700 тысяч беларускіх сялян. У цэлым рэформа паскорыла расслаенне вёскі, але праблему зямлі канчаткова не вырашыла.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-12-07; просмотров: 67; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.19.56.114 (0.013 с.)