Знешняя палітыка Рэчы Паспалітай. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Знешняя палітыка Рэчы Паспалітай.



Беларусь у складзе РП не магла весці самастойную знешнюю палітыку, але насельніцтва нашай краіны заўсёды адчувала на сваіх плячах вынікі войнаў, якія ішлі на тэрыторі Беларусі.

Своеасаблівай спадчынай ад ВКЛ РП атрымала Лівонскую вайну. Яна пачалася за Лівонію (Ліфляндыю ці Інфлянты – такую агульную назву насіла канфедэрацыя пяці княстваў, якія знаходзіліся на тэрыторыі сённяшніх Латвіі і Эстоніі). Гэтую тэрыторыю Масква аб'явіла сваёй гістарычнай спадчынай і ў 1588 годзе пачала за яе вайну. ВКЛ згодна пагаднення аб саюзе з імі ў 1557 годзе стала на абарону гэтых княстваў ад агрэсара. Тады Іван 4 (Жахлівы) накіраваў свае асноўныя сілы на тэрыторыю Беларусі. Пачатак вайны для ВКЛ быў вельмі неспрыяльны, бо колькасць царскага войска ў некалькі разоў была большай, чым войска ВКЛ, і маскоўскія палкі даволі хутка ўклініліся ў глыб тэрыторыі Беларусі. Яны спустошылі Мсціслаўшчыну і Віцебшчыну, захапілі Полацк і другія гарады паўночнай часткі нашай краіны. Яны былі разрабаваны царскімі ратнікамі. Абозы з загружаным золатам, срэбрам і іншымі каштоўнасцямі пацягнуліся да Масквы. Была раскрадзена старажытнейшая бібліятэка Беларусі, што знаходзілася ў Сафійскім саборы. Разам з нарабаваным скарбам пад вартай гналіся шматлікія гурты палонных беларусаў.

Да 1564 года Расія страціла шмат сіл, і баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі сталі ісці з пераменным поспехам. Сілы ВКЛ былі таксама вычарпаны, што стала асноўнай прычынай заключэння ў 1569 годзе ўніі з польскай дзяржавай. У выніку Лівонская вайна стала ўжо прадметам зацікаўленасці Польшчы. Новы кароль РП, венгр па нацыянальнасці Стэфан Баторый (Сцяпан Батура па беларуску) праявіўся як таленавіты палітык і палкаводзец. З дапамогай Ватыкана ён сабраў моцнае войска і пачаў контрнаступленне, вызваляючы ад маскоўскіх войск беларускія гарады. У 1582 гозе з Масквою было заключана 10-гадовае перамір'е. Закончылася 25-гадовая вайна, у выніку якой уся паўночна-ўсходняя частка беларусі была зруйнавана і спустошана, а вакол Полацка на 50 вёрст абязлюдзела мясцовасць. Расія з гэтай вайны нічога не выйграла.

У пачатку 17 ст. РП пачала праводзіць актыўную рускую палітыку, выкарыстоўваючы бязладдзе ў кіруючых колах Расіі. Гэты час увайшоў у гісторыю як смута. Польскія і Літоўскія феадалы ставілі мэтай пашырыць свой уплыў і ўладу на ўсходзе, вярнуць захопленыя Масквой землі (Смаленск і інш.), а Ватыкан – дабіцца ўніі з рускай праваслаўнай царквой. Яны абласкалі самазванца манаха Грыгорыя Атрэп'ева, што выдаваў сябе за сына цара Івана Жахлівага Дзмітрыя. Ён атрымаў назву Лжэдзмітрыя. Гэтага самазванца ажанілі з польскай шляхцянкай Марынай Мнішак і ў 1605 годзе пасадзілі на маскоўскі царскі трон. Але хутка яго маскоўцы зверглі. Тады паявіўся другі Лжэдзмітрый, які дабіваўся пасады цара ўжо з дапамогаю войск РП, але поспеху не меў. У 1609 годзе пачынаецца інтэрвенцыя за царскі прастол. З 1610 па 1612 год польскі гарнізон знаходзіўся ў Маскве, і рускім царом лічыўся сын караля РП каралевіч Уладзіслаў. Войскі Польшчы і Літвы пад кіраўніцтвам Яна Сапегі гаспадарнічалі ў многіх гарадах Расіі.

Аб'яднанымі сіламі рускага апалчэння пад кірўніцтвам Мініна і Пажарскага ў 1612 годзе войскі інтэрвентаў былі выціснуты з тэрыторыі Расіі. Такім чынам эпапея "смутнага" часу закончылася для Расіі ўдала, а для РП безвынікова, і толькі пазней у 1618 годзе былі вернуты ёй Чарнігаўская і Смаленская землі Беларусі.

Шасцігадовая грамадзянская вайна (1648-1654 гг.) вельмі аслабіла РП. Маскоўскія ўлады рашылі выкарыстаць гэта, каб прабіцца да Балтыйскага мора і расшырыць тэрыторыю Маскоўскага царства за кошт беларускіх зямель, аб'яўляючы іх сваёй гістарычнай спадчынай. Маскве спрыяла таксама далучэнне Ўкраіны, што дазваляла з дапамогай казакоў Б.Хмяльніцкага абараніць паўднёвы фланг ад набегаў крымскіх татараў. У прапагандысцкіх мэтах вайна супраць РП абвяшчалася як абарона праваслаўных веруючых Літвы ад уціску каталікоў і ўніятаў, як захаванне праваслаўных каштоўнасцей. Згодна плану вайны супраць РП меркавалася выкарыстаць 80-тысячную армію і 20 тыс. казакоў Залатарэнкі. Польска-літоўскія войскі ў Беларусі налічвалі 20 тысяч наёмнікаў і 10 тысяч апалчэння мясцовай шляхты.

У ліпені 1654 года руская армія перайшла мяжу РП. У жорсткіх баях да восені большасць гарадоў усходне-паўночнай часткі былі захоплены, некаторыя спалены. Пасля трох з паловаю месяцаў аблогі з-за здрады ваяводы Абуховіча паў Смаленск. Пасля зімовага зацішша ў баявых дзеяннях з вясны 1655 года маскоўскія войскі зноў пачалі наступленне і да лета была акупіравана ўся тэрыторыя Беларусі, у тым ліку і сталіца ВКЛ Вільня. Цар Аляксей Міхайлавіч у знак перамогі нават прыняў тытул самадзержца "Всея Вялікія і Малыя і Белыя Русі".

Цяжкія паражэнні польска-літоўскіх войск на Беларусі спакусілі Швецыю на лёгкую здабычу – захапіць узбярэжжа Прыбалтыкі і польскае памор'е. Швецкія войскі хутка занялі паўночную частку Літвы, Познань, Кракаў і Варшаву. РП апынулася на мяжы палітычнай катастрофы, але і Расія вельмі напалохалася ўзмацненнем Швецыі і стварэннем ёю манапольнага панавання на Балтыцы. З РП было заключана перамір'е і пачалася расійска-швецкая трохгадовая вайна.

Вясною 1660 года РП заключыла мір са Швецыяй, што дало магчымасць сканцэнтрыраваць польска-літоўскія сілы на вызваленне Беларусі. На бяду для Расіі ў 1657 годзе памёр Б.Хмяльніцкі і новы гетман Іван Выгоўскі схіліўся на бок Польшчы. Новы казацкі палкоўнік І.Нячай, прызначаны замест Залатарэнкі, фактычна пачаў антымаскоўскую дзейнасць. Спрыяла для перамогі над расійскім войскам і тое, што насельніцтва Беларусі, якое ў першы перыяд вайны прыхільна адносілася да маскоўскіх ваяроў як адзінаверцаў, быццам маскоўцы будуць спрыяць вызваленню ад феадальнага прыгнёту, на практыцы пераканаліся, што нічога добрага яны не нясуць беларускаму народу. Наадварот, усюды, дзе размяшчаліся расійскія палкі, тварыўся гвалт і рабаўніцтва, нават у адносінах да адзінаверцаў. Многія тысячы беларусаў уганяліся ў палон, з якіх у Маскве і ў іншых гарадах з'явіліся цэлыя пасёлкі і слабодкі. Па гэтай прычыне насельніцтва Беларусі стала актыўна абараняцца ад марадзёраў, і ў многіх месцах сталі паяўляцца ўзброеныя атрады тыпа партызанскіх. А жыхары Магілёва перабілі 7-тысячны расійскі гарнізон і адчынілі вароты горада.У хуткім часе ўсходнія граніцы ВКЛ былі вернуты, і ў 1667 годзе ў вёсцы Андрусава быў заключаны мір паміж Расіяй і РП на 13,5 гадоў. Беларусь, акрамя Смаленшчыны, заставалася ў межах РП.

Цяжкая 13-гадовая вайна 1654-1667 гг. у савецкай гістарычнай літаратуры трактуецца як нацыянальна-вызваленчая, накіраваная супраць польскіх паноў і за ўз'яднанне з Расіяй. Гэта проста прарасійскі імперскі ідэалагічны міф, які яшчэ і сёння паўтараюць некаторыя беларускія гісторыкі. Вайну пачала Расія, у асноўным яе войскі спусташалі наш край, так што для Беларусі гэта стала нацыянальнай катастрофай. Насельніцтва зменшылася на 52% чалавек, аб'ём гандлю і рамеснай вытворчасці знізіўся да 40% ад даваеннага, а ў сельскай гаспадарцы каля палавіны ворных зямель некаму была апрацоўваць. Разам з падзеннем даверу да Масквы беларускі народ разачараваўся і ў праваслаўнай царкве, якая ўвесь час была на баку Расіі. Таму насельніцтва Беларусі стала пераходзіць ва ўніяцтва ў масавым парадку.

Мір на беларускай зямлі трымаўся 35 гадоў, сталі адраджацца гарады і мястэчкі, але ў самым пачатку 18 ст. пачалася новая "Паўночная вайна" (1700-1721 гг.) паміж Швецыяй і кааліцыяй у складзе Расіі, Саксоніі, Даніі пад назвай "Паўночны саюз", адсюль і назва вайны. Расія зноў імкнулася "прабіць акно ў Еўропу", адваяваўшы ў Швецыі выхад у Балтыйскае мора.

Паўночная вайна пачалася няўдала для Расіі і яе саюзнікаў. Швецыя на чале з карлём Карлам ХІІ хутка разбіла войскі Даніі і Саксоніі, Пётр І пацярпеў жорсткае паражэнне пад Нарвай. У пачатку 1702 года Беларусь стала арэнай баявых дзеянняў. Швецкая і руская арміі разбуралі, нішчылі гарады, вёскі, самаўласна перайшлі на забеспячэнне беларускага народа, тварылі гвалт, учынялі грабяжы. Значна ўзмацняла цяжкае становішча народа і тое, што вярхі грамадства ВКЛ раскалоліся на 2 лагеры. Адзін лагер быў прыхільнікам Пятра І на чале з магнатамі Агінскім, Вішневецкім, Радзівілам. Імі была створана Сандамірская канфедэрацыя (аб'яднанне) у падтрымку караля РП Аўгуста ІІ. Другія арыентаваліся на Швецыю і Карла ХІІ. Яны выбралі з дапамогай шведаў новага караля Станіславага Ляшчынскага.

Карл ХІІ вымушаны быў пакінуць тэрыторыю Беларусі, бо ўжо не было чаго рабаваць і падаўся на "хлебную" Украіну. Там стаў чакаць дапамогі, але яе не атрымаў. У верасні 1708 года каля вёскі Лясная (ля Слаўгарада) руская армія разбіла корпус шведаў, што ішоў да Карла ХІІ. Пётр І назваў гэту перамогу "матерью полтавской победы". Генеральная бітва адбылася пад Палтавай у чэрвені 1709 года, дзе шведская армія была поўнасцю разгромлена. Пасля гэтага расійскія войскі разам з сандамірскімі канфедэратамі прагналі шведаў і іх прыхільнікаў з Беларусі.

Паўночная вайна за перыяд з 1702 да 1710 года зноў зруйнавала жыццё на Беларусі, быў знашчаны Полацкі храм святой Сафіі (узарваны), а колькасць насельніцтва зменшылася на 32%. ВКЛ у сваім гаспадарчым жыцці было адкінута на дзесяткі гадоў назад. Расія набыла рашаючы ўплыў на РП, у тым ліку і на ВКЛ. Дзейнасць іх дзяржаўных інстытутаў папала пад кантроль Масквы.Усё гэта падрыхтавала ўмовы для будучых раздзелаў РП.

24. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай і яе падзел паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй.

З эканамічнага крызісу, выкліканага разбурэннем гаспадаркі "Паўночнай вайной", РП, асабліва Беларусь, выходзіла вельмі марудна. Да сярэдзіны 18 ст. большасць беларускіх гарадоў і мястэчак заставаліся ў глыбокім заняпадзе. Эканамічны крызіс у РП ускладняўся крызісам палітычным, бо ўся дзяржава РП апынулася ў стане поўнай анархіі і безуладдзя. Перш за ўсё таму, што ў гэты час у найбольшай меры праяўляўся так званы час "залатых шляхецкіх вольнасцей". У іх аснове ляжала права ліберум вета (свабода забароны) пры галасаванні ў сойме. Гэта азначала, што даволі толькі аднаму са ста дэпутатаў сказаць "не пазволям!" як пастанова ці закон у сойме не прымаліся. Такое права давала магчымасць подкупу дэпутатаў.

Другім тормазам развіцця быў абавязак дэпутатаў строга прытрымлівацца інструкцый, атрыманых імі на павятовых семіках, што таксама паралізавала работу сойма. Такім чынам, палітычную праграму шляхты ў гэты час у РП можна звесці да аднаго галоўнага патрабавання – нічога новага. З 1652 да 1764 года з 55 скліканняў дзяржаўнага сойма 42 пасяджэнні былі сарваны праявай гэтых шляхецкіх вольнасцей.

Трэцяй бядой у гэты час для РП было безупыннае сапернічаства магнатаў і іх групіровак за дзяржаўную ўладу. Справа ў тым, што пасля смерці ў 1572 годзе апошняга караля і вялікага князя з дынастыі Ягайлавічаў Жыгімонта ІІІ Аўгуста, усталявалася традыцыя выбрання на сойме чарговага манарха. Кожная магнацка-шляхецкая групіроўка імкнулася прывесці на трон свайго чалавека. Гэтыя ўнутраныя канфлікты раздзіралі краіну, даводзячы яе нават да грамадзянскай вайны, як гэта было ў 1700 годзе.

Крызісныя з'явы ў РП прыцягнулі ўвагу Расіі, Аўстрыі, Прусіі і Швецыі, каб падтрымаць разлад у краіне, час ад часу ўводзячы туды свае войскі.

У другой палове 18 ст. патрыятычна настроеная частка кіруючых колаў РП прадпрыняла спробу рэфармаваць яе палітычны лад. Галоўным у гэтых рэформах было жаданне ўмацаваць вярхоўную ўладу і абмежаваць свавольства магнатаў і шляхты. Спроба выклікала вялікае незадавальненне як шляхты і магнатаў, так і суседніх дзяржаў. Расія і Прусія выкарысталі для ўмяшання ва ўнутраныя справы РП адмову сойма 1766 года надаць роўныя правы некатолікам: пратэстантам (дысідэнтам) і праваслаўным (схізматыкам). З дапамогай Прусіі ў польскім горадзе Торунь была створана ў 1767 годзе пратэстанцкая канфедэрацыя, а пад патранажам Расіі – Слуцкая канфедэрацыя ад праваслаўных. Гэтыя аб'яднанні выдалі маніфесты з пералікам усіх уціскаў і крыўд, што цярпелі некатолікі, і з просьбаю аб пратэкцыі іх расійскай імператрыцы, а таксама прускага, англійскага і дацкага караля. Пад уціскам расійскіх войск, раскватараваных пад Варшавай, рэформы былі спынены.

У 1768 годзе, незадаволеныя палітыкай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, стаўленніка Расіі, частка магнатаў і шляхты стварыла Барскую канфедэрацыю (крэпасць Бар на Украіне). Канфедэраты выступалі як барацьбіты за панаванне каталіцкай царквы, за незалежнасць і цэласнасць краіны. У ёй прынялі ўдзел такія магнаты, як Кароль Радзівіл, М.К. Агінскі, М.Пац і інш. Але ў 1772 годзе ўзброеныя сілы канфедэратаў былі разбіты А.Суворавым пад Сталовічамі (каля Баранавіч). Яшчэ за месяц да гэтай перамогі ў жніўні 1772 года ў Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле тэрыторыі РП паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Гэты быў першы падзел РП.

Абасноўваўся гэты драпежніцкі акт на афіцыйным узроўні цынічна: быццам "асветленыя" манархі вымушаны былі ўзяць пад сваю апеку землі РП, якія з-за анархіі і магнацкіх спрэчак прыходзяць да заняпаду. Да Расіі адышлі інфляндская зямля і ўсходняя частка Беларусі з Полацкам, Віцебская, Мсціславам і Рагачовым. Усяго 92 тыс. кв. км з 1,3 млн. насельніцтва.

Пасля першага падзелу РП многім стала зразумела, што без кардынальных рэформ у бок буржуазна-дэмакратычных змяненняў незалежнасць краіны не захаваць. З 1773 года ўсе Вальныя (агульныя) соймы, каб пазбегнуць ужывання права "ліберум вета", сталі аб'яўляць сябе канфедэрацкімі, на якіх рашэнні прымаліся простай большасцю галасоў. У тым жа годзе быў ліквідаваны Ордэн езуітаў і было створана першае ў свеце Міністэрства асветы – Адукацыйная камісія. Ініцыятарам яе стварэння быў беларускі магнат, падканцлер ВКЛ Яўхім Храбтовіч. Значны даход ад уласнасці распушчанага ордэна перадаваўся справе адукацыі. Адукацыйная камісія рашуча ўзяла курс на рэалізацыю асветніцкіх ідэй у культурным жыцці РП. За 21 год свайго існавання яна шмат зрабіла ў справе стварэння свецкай адукацыі ў дзяржаве.

Вялікую ролю адыграў Чатырохгадовы (Вялікі) сойм (1788-1792 гг.), на дзейнасць якога паўплывала Французская рэвалюцыя. Вяршыняй яго дзейнасці з'явілася прыняцце 3 мая 1791 года першай у Еўропе (другой у свеце пасля ЗША) канстытуцыі. Гэты асноўны закон сваім зместам быў накіраваны на развіццё дзяржавы ў прагрэсіўна-буржуазным напрамку:

o Канстытуцыя 3 мая 1791 года адмяніла права "ліберум вета"

o зрабіла паслабленні ў прыгонніцтве

o вызначыла размежаванне паміж заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладай у дзяржаве

o прыняла рашэнне аб стварэнні на тэрыторыі РП і Беларусі незалежнай ад Масквы праваслаўнай епархіі.

Канстытуцыю адобрылі Францыя і Англія, а ў Расіі яна і праводзімыя ліберальныя рэформы вызвалі раздражэнне і варожасць. Расійскі ўрад чакаў заканчэння вайны з Турцыяй, каб зноў пачаць інтэрвенцыю.

Нарэшце 35-тысячны корпус расійскіх войск разбіў 15-тысячную польска-літоўскую армію і ў студзені 1793 года тры драпежнікі дамовіліся і зноў падзялілі суседнюю дзяржаву. Расіі дасталася новая частка Беларусі па лініі Друя-Пінск. Гэта быў другі падзел РП.

Каб абараніць гонар зганьбаванай дзяржавы, патрыёты Польшчы і ВКЛ узнялі паўстанне супраць Расійскай імперыі. Кіраўніком паўстання быў абраны нашчадак старажытнага беларускага шляхецкага роду, змагар за незалежнасць ЗША генерал-лейтэнант Андрэй Тадэвуш Касцюшка. У красавіку 1794 года пасля вызвалення Вільні паўстанне ахапіла ўсю Заходнюю Беларусь. На тэрыторыі ВКЛ паўстанне ўзначаліў палкоўнік Якуб Ясінскі. Галоўнай мэтай паўстання было "аднаўленне незалежнасці" ў межах 1772 года, а таксама патрабаванні волі і роўнасці. У маі Касцюшка выдаў дэкрэт – Паланецкі універсал, у якім была адменена асабістая залежнасць сялян ад феадалаў. Сяляне стваралі атрады, якія называліся касіянерскімі (узброеныя косамі). На Беларусі ў паўстанні прыняло ўдзел каля 25 тысяч чалавек. Але паўстанцы не змаглі супрацьстаяць аб'яднаным сілам Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Галоўную ролю ў падаўленні паўстання адыграў А.Сувораў, які за гэта атрымаў званне фельдмаршала і вялікі абшар зямлі з прыгоннымі ў Кобрынскім павеце. Пасля задушэння паўстання адбыўся трэці падзел РП. Яна знікла з карты свету як дзяржава, а Беларусь поўнасцю ўвайшла ў склад Расіі, стаўшы Паўночна-Заходнім краем. Кацярына ІІ загадала выбіць у гонар далучэння новых зямель спецыяльную медаль з надпісам: "Отторгнутое возвратіх".

25. Люблінская ўнія і яе наступствы для культуры беларусаў. Контррэфармацыя на Беларусі, яе змест, мэты і вынікі.

Люблінская унія 1569 года стварыла новыя абставіны жыццядзейнасці Вялікага княства Літоўскага. Як вядома, кіруючыя колы ВКЛ вымушаны былі пайсці на гэты саюз з Польшчай, каб сумесна абараніцца ад агрэсіі Маскоўскай дзяржавы. Створанае дзяржаўнае аб’яднанне «Рэч Паспалітая» фармальна абвяшчала роўнасць і суверэнітэт існавання Літоўскага княства і Польскага каралеўства (Кароны), а на самой справе гэтая кампрамісная згода прынесла нашай дзяржаве значныя страты. Да Польшчы адышлі вялікія тэрытарыяльныя абшары — Украіна і Падляшша. Польшча атрымала спрыяльныя ўмовы для пашырэння свайго культурнага ўплыву на насельніцтва ВКЛ, асабліва на беларусаў, і ў першую чаргу, на беларускіх магнатаў і шляхту. Польскі ўплыў адбываўся ва ўмовах прыніжэння, нават адмаўлення беларускай культуры і выліваўся ў апалячванне беларусаў. Вядучым фактарам у гэтым працэсе была каралеўская ўлада, якая лічылася вышэйшай за княжаскую. Каб зрабіць службовую кар’еру або проста быць пры каралеўскім двары, беларусу трэба было стаць «сваім чалавекам» у польскім культурным і моўным асяроддзі. Таму беларускія магнаты, шляхта і іх нашчадкі імкнуліся хутчэй ператварыцца ў польскіх паноў, тым больш што блізкасць моў дазваляла гэта.

Пастаянна дзеючым фактарам ў апалячванні беларусаў была каталіцкая царква. Яе роля ў гэтай справе значна павялічылася пад час існавання Рэчы Паспалітай, бо яна стала фактычна дзяржаўным інстытутам па апалячванню усходніх славян.

Вялікай ускоснай перашкодай у гэтай справе для каталіцкіх святароў ста-ла рэфармацыя. У сярэдзіне ХVI стагоддзя яна хутка пачала распаўсюджвацца на тэрыторыі ВКЛ. Пад уздзеяннем рэфармацыі каталіцкая царква імкліва стала прыходзіць у заняпад. Многія з беларускіх магнатаў (Радзівілаў, Валовічаў, Са-пегаў, Кішкаў і інш.) ды і з шляхецкага асяроддзя шмат людзей станавіліся пра-тэстантамі, у асноўным кальвінісцкага толку. Радыкальнай плынню пратэстан-цтва ў ВКЛ было арыянства, або антытрынітарызм. Адным з яго прыхільнікаў быў Сымон Будны.

Каб выратаваць каталіцкую царкву ад крызісу, у 1569 годзе ў ВКЛ былі запрошаны прадстаўнікі створанага ў Італіі Ігнаціем Лаёлам ордэна езуiтаў. Гэты ордэн ужо меў 35-гадовы вопыт абароны каталіцызма ад ерасі, меў моцную арганізацыю, распрацаваную праграму, выдатна падрыхтаваныя кадры. Ахоўваць інтарэсы папства, умацоўваць яго ўплыў — было важнейшай задачай езуiтаў. Аб гэтым сведчыў лозунг ордэна: «Qui non papista, est satanista (Хто не за папу, той д’ябал). Вядучым ідэолагам езуiтаў быў таленавіты багаслоў, пісьменнік і палеміст Пётр Скарга.

Пачатак дзейнасці ордэна езуiтаў у Беларусі азначаў, што каталіцкая царква перайшла ў наступ, які атрымаў назву контррэфармацыі. Яна існавала ў нас амаль 200 гадоў, з 1570 г. па 1773 г. (роспуск ордэна езуiтаў) і стала цэлай эпохай у нашай гісторыі. Контррэфрмацыя на Беларусі з’яўлялася часткай еўрапейскага працэсу. Але яна мела тут і свае асаблівасці. Барацьба контррэфармацыі была накіравана не толькі супраць пратэстанцтва, але і супраць праваслаўнай рэлігіі, якая прадстаўляла сабою ідэалагічнага супраціўніка каталіцызму. Другой асаблівасцю было тое, што ў Вялікім княстве Літоўскім напружаная барацьба канфесій не набыла такіх жудасных і агідных формаў, як у Заходняй Еўропе (Варфаламеева ноч 1572 г.), не сталі такімі жорсткімі ганенні па рэлігійных матывах, як у Маскоўскай дзяржаве пад час рэформы Нікана ў сярэдзіне ХVII ст.

У перыяд контррэфармацыі ў ВКЛ дзейнічала многа каталіцкіх ордэнаў (езуiты, бернардзінцы, францысканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.), але тон усяму задавалі езуiты. Прыхільнікам гэтага ордэна быў Кароль і Вялікі князь Літоўскі Стэфан Баторый (Сцяпан Батура па-беларуску). Ён гаварыў: «Каб я не быў каралём, быў бы езуiтам».

Атрымаўшы ўсебаковую падтрымку ад дзяржавы Рэчы Паспалітай, езуiцкі ордэн разгарнуў усеахватную дзейнасць з мэтаю вярнуць у лона каталіцкай царквы «заблудшых» у пратэстантызме ці ў праваслаўі людзей. Галоўнымі сродкамі ордэна былі палітычныя пропаведзі і дыскусіі, расшырэнне адукацыі праз стварэнне езуiцкіх школ і вышэйшых навучальных устаноў. Члены ордэна, каб кантраляваць палітыку, імкнуліся пранікнуць у палацы як духоўнікі, дарадчыкі, хатнія настаўнікі. Таленавітымі пропаведзямі (П. Скарга, С. Варшавіцкі і інш.) яны ўзрушалі людзей, выклікалі ў слухачоў нават слёзы і жаданне каяцца. У 1570 годзе ў Вільні ордэн адкрыў свой калегiум (галоўная школа ВКЛ), ператвораны ў 1579 годзе ў акадэмію — першую вышэйшую навучальную ўстанову ў Літоўскім княстве, якая стала пазней універсітэтам. Першым рэктарам яе стаў П. Скарга. У 1579 годзе езуiты заснавалі калегію ў Полацку, у 1584 г. — у Нясвіжы, а пазней у Оршы, Бярэсці, Пінску, Навагрудку, Гародні, Віцебску, Мінску, Слуцку. Гэтыя навучальныя ўстановы рыхтавалі кадры прыхільнікаў і абаронцаў каталіцызма. Перамозе контррэфармацыі спрыяла і тое, што па ўсёй тэрыторыі Беларусі сталі будавацца кляштары, пышныя ў стылі барока касцёлы з прыгожымі абразамі і скульптурамі, з велічнай арганнай музыкай.

Дзейнасць езуiтаў была азначана ўсталяваннем вытанчанага і пампезнага стылю барока, як у архітэктуры, так і ў іншых відах мастацтва. Гэта была праява пранікнення і ўплыву еўрапейскай культуры на грамадства ВКЛ. Культура нашай краіны абагачалася і больш выразна станавілася часткай заходнееўрапейскай культуры.

Трэба адзначыць, што ў савецкай гістарычнай літаратуры і нават у некаторых сучасных выданнях даецца аднабокая характарыстыка перыяду контррэфармацыі на Беларусі. Падбіраюцца і сістэматызуюцца толькі тыя аргументы, якія пераканаўча даказвалі б, што час контррэфармацыі для беларускага народа з’яўляўся змрочным перыядам гісторыі, які нанёс вялікую шкоду яго развіццю. Так, як бы ўвесь час тады панавала рэакцыйная, цемрашальская клерыкальная палітыка. Безумоўна, шкода была. Перш за ўсе тое, што контррэфармацыя стварыла выдатныя ўмовы для апалячвання беларусаў. Выкладанне ўсіх прадметаў было на польскай мове. Выпускнікі езуiцкіх школ і калегіўмаў у большасці ужо не лічылі сябе «ліцвінамі», а палякамі і станавіліся затым заўзятымі праваднікамі паланізму. Па-другое, езуiцкія школы спецыялізаваліся на распаўсюджванні рэлігійнага светапогляду на развіццё прыроды і грамадства, прыніжаючы або адмаўляючы навуковыя веды. З цягам часу такі стан адукацыі стаў не задавальняць новым патрабаванням. Кіруючыя колы Рэчы Паспалітай вымушаны былі дазволіць уніяцкай царкве пашырыць свой уплыў на адукацыйнай ніве. У пачатку ХVIII ст. базыльянскім ордэнам уніятаў курыраваліся школы ў Навагрудку, Мінску, Пінску, Віцебску, Жыровічах і многіх іншых месцах. У гэтых школах праграмы былі накшталт праграм у езуiцкіх школах, але ўжо ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Ва уніяцкія школы прымаліся дзеці дробнапамеснай уніяцкай шляхты і гараджан, заможная ж шляхта пасылала сваіх нашчадкаў вучыцца за мяжу, або наймала гувернёраў-іншаземцаў.

Усё ж, нягледзячы на многія недахопы, за час дзейнасці контррэфармацыі была створана на Беларусі еўрапейская сістэма адукацыі, у тым ліку і вышэйшая, якая потым на доўгі час была зліквідавана царскай уладай. Увогуле, калі весці гаворку аб тым, хто і калі прынёс большую шкоду беларускаму народу, то хопіць толькі аднаго з многіх прыкладаў захопніцкіх войнаў, што вяла супраць ВКЛ Расійская імперыя. Гэта 13-гадовая вайна (1654–1667 гг.), якая прынесла беларусам на 52% змяншэнне насельніцтва і такія гаспадарчыя страты і знішчэнні, што нават рупліваму беларусу трэба было больш за сто гадоў, каб аднавіць усё. Гэта была фактычна нацыянальная катастрофа беларусаў.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-12-07; просмотров: 128; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.147.89.24 (0.027 с.)