Асветніцтва на Беларусі. Дзейнасць Адукацыйнай камісіі і яе значэнне. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Асветніцтва на Беларусі. Дзейнасць Адукацыйнай камісіі і яе значэнне.



Як і Рэфармацыя, Асветніцтва прыйшло на Беларусь з Еўропы. Яно ўзнікла ў выніку развіцця буржуазных адносін і наконт ідэалогіі было накіравана супраць схаластыкі і цемрашальства. У грамадскіх і дзяржаўных справах, у жыцці асобы, чалавека пад час Асветніцтва стаў лічыцца галоўным розум, навука. Асветнікі былі перакананыя, што шлях да лепшага жыцця і справядлівасці ляжыць праз навуку і веды, якія дадуць магчымасць дасканала арганізаваць грамадства.

З сярэдзіны ХVIII стагоддзя Асветніцтва на Беларусі стала шырока распаўсюджвацца сярод шляхты і мяшчан. Гэта асяроддзе фарміруе новы ідэал: чалавек разумны, скептык і рацыяналіст, крытык рэлігіі і прыхільнік навукі. Магнаты і шляхта нават змянілі векавыя жупаны, кунтушы і шырокія паясы на еўрапейскае адзенне, сталі перабудоўваць свае сядзібы на еўрапейскі лад: замест старамоднага барока, па іх разуменню, перавагу пачалі аддаваць класіцызму, які імкнуўся ўсё падпарадкаваць законам розуму, прыгажосці і вялікай прастаце. Амаль да канца ХVIII ст. класіцызм існаваў у архітэктуры паралельна з барока, а ў ХІХ ст. стаў пануючым у большасці мастацкіх, літаратурных і архітэктурных напрамках культуры. Класіцызм, як увасабленне эпохі Асветніцтва ў культуры, найбольш адпавядаў тагачасным грамадскім тэндэнцыям.

Асветніцтва на Беларусі перш за ўсё аказала ўплыў на сістэму адукацыі. У перыяд засілля контррэфармацыі навучальныя ўстановы знаходзіліся ў распараджэнні шматлікіх манаскіх ордэнаў і таму школа была канфесійнай. Станаўленне ў ХVIII ст. рыначнай эканомікі ў перадавых еўрапейскіх краінах стала адбівацца на гаспадарствах і беларускіх землеўладальнікаў, уцягваючы іх у таварна-грашовыя адносіны. Для абслугоўвання гэтых адносін патрабаваўся новы ўзровень ведаў, якіх не магла даць пранікнутая містыцызмам і адарваная ад жыцця канфесійная школа. Патрабавалася свецкая адукацыя.

Першая спроба рэформы школы ў гэтым напрамку была зроблена ў 40-х гадах XVIII ст., калі школы манаскага ордэна піяраў сталі пашырацца і дэмакратызавацца. У іх сталі прымацца дзеці розных пластоў грамадства, у тым ліку сялян. Навучанне было бясплатным і разлічана на 6 гадоў. Дзеці павінны былі за гэта выконваць пэўныя манастырскія работы. У школьную праграму ўводзіліся новыя прадметы: матэматыка, фізіка, гісторыя Польшы і ўсеагульная гісторыя. Вядома, што гэта быў значны крок да свецкай школы. Але і тут усё выкладанне вялося толькі на польскай мове.

Агульная рэформа школы пачалася з часу стварэння ў Рэчы Паспалітай у 1773 годзе Адукацыйнай камісіі. Яна фактычна з’яўлялася першым у Еўропе Міністэрствам народнай адукацыі. Актыўны ўдзел у яе дзейнасці прынялі вядомыя асветнікі Польшчы: Г. Калантай, Я. Снядэцкі і інш., а ў ВКЛ — Храптовіч (1729–1812 гг.), апошні канцлер ВКЛ, І. Страйноўскі, К. Нарбут. Супрацоўнічаў у яе справах у маладым узросце і М. Агінскі, пазней вядомы кампазітар. Пачатак работы Адукацыйнай камісіі супаў з датай роспуска Ордэна езуiтаў (1773 г.), што зрабіла магчымым выкарыстаць у развіцці школьнай справы Рэчы Паспалітай матэрыяльныя рэсурсы езуiцкіх школ: пабудовы, вучэбныя прылады, фінансавыя сродкі, нават выкладчыкаў. Для падрыхтоўкі настаўнікаў новага тыпу пры галоўнай школе ў Вільні (пазней яна стала універсітэтам) была створана настаўніцкая семінарыя.

Дзейнасць Адукацыйнай камісіі мела прагрэсіўны характар. Ад кіраўніцтва школай адлучаліся клерыкалы, і сама асвета стала набываць свецкі характар. Вывучэнне тэалогіі ў сценах школы не дапускалася, многа рабілася, каб у выкладанні прадметаў пазбегнуць схаластыкі і тупога завучвання. У навучальных планах многа часу выдзялялася для фізікі, матэматыкі, прыродазнаўчых навук. З гуманітарных навук вывучалі гісторыю, геаграфію, заканадаўства, логіку, эканоміку, рыторыку і інш. За 21 год свайго існавання Адукацыйная камісія на тэрыторыі Беларусі стварыла 20 школ: у Гародні, Ваўкавыску, Барунах, Нясвіжы, Слуцку і іншых месцах. Гэтыя школы з’яўляліся сярэдняй ступенню навучання, якая давала магчымасць паступаць у галоўную школу ВКЛ.

Пачатковае навучанне наладжвалася як агульнадаступнае, у тым ліку і да прыгонных сялянскіх дзяцей. У 80-я гады XVIII ст. на Беларусі функцыянавала 200 пачатковых школ, у якіх вучылася каля 2500 вучняў, у тым ліку 30% дзяцей сялян. Выкладанне было на польскай мове.

Сярод навучальных устаноў гэтага часу асаблівай увагі заслугоўваюць Гродзенскія школы ўсіх рангаў, заснаваныя і курыруемыя Антоніем Тызенгаўзам (1738–1785 гг.) Ён упершыню ў Рэчы Паспалітай стварыў прафесійную школу, у якой рыхтаваліся медыкі, ветэрынары, акушэры, фінансавыя кантралёры, каморнікі, мастакі, чарцёжнікі і інш. Дзякуючы гэтаму выдатнаму чалавеку, ідэі асветніцтва ў Гародні набылі найбольш яскравы характар. У створаныя школы мецэнат Тызенгаўз са сваіх шматлікіх маёнткаў (Пастаў, Быценя з Палесся і інш.) прывозіў таленавітых дзяцей прыгонных і забяспечваў іх вучобу. Ён запрашаў з Францыі, Італіі, Германіі выдатных спецыялістаў для работы ў сваіх школах. Так, будаўнічую школу ўзначаліў італьянскі архітэктар Д. Сака, які ўзвёў у Беларусі некалькі палацаў. Заснавальнікам і кіраўніком гродзенскай Вышэйшай медыцынскай школы (акадэміі) стаў выдатны еўрапейскі вучоны, урач натураліст француз Ж. Жылібер. Ён стварыў пры школе аптэку, прыродазнаўчы кабінет, анатамічны «тэатр» і батанічны сад, выдаў два тамы фундаментальнай працы «Літоўская флора», заснаваў багатую бібліятэку з працамі французскіх энцыклапедыстаў. Пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі працавала добрая для таго часу бальніца. За перыяд свайго існавання (1775–1781 гг.) акадэмія падрыхтавала тры выпускі ўрачоў. У 1781 годзе яна была злучана з віленскай акадэміяй і быў створаны медычны калегіум (факультэт) у Віленскім універсітэце.

Пашырэнне асветніцкіх ідэй садзейнічала распаўсюджванню на Беларусі выдавецкай справы. Калі ў першай палове XVIII ст. у Беларусі існавала тры друкарні (Магілёў, Супрасль, Гродна), то ў другой палове — 11. Характэрна, што выпушчаная імі літаратура ў большасці сваёй была ўжо свецкага характару. На жаль, кнігі таго часу каштавалі вельмі дорага і друкаваліся не на беларускай мове, таму для асноўнай масы насельніцтва нашай краіны былі недаступнымі.

У 1776 годзе ў Гародні стала выходзіць газета «Гродзенска» (на польскай мове). Яе заснавальнік А. Тызенгаўз ставіў мэтай выхоўваць шляхту ў асветніцкім, радыкальным напрамку, паднімаць і развіваць яе разумовы і патрыятычны ўзровень. На старонках газеты ставіліся і абмяркоўваліся пытанні лёсу і жыцця людзей на захопленых суседнімі краінамі тэрыторыях.

На жаль, у 1794 годзе Адукацыйная камісія была распушчана. Гіста-рычныя ўмовы не спрыялі рэалізацыі імкненняў асветнікаў. Супраць новай сістэмы адукацыі выступілі кансерватыўныя памешчыкі і каталіцкае духа-венства. Яны баяліся пашырэння адукацыі і дэмакратычных поглядаў сярод народа.

У адрозненне ад Заходняй Еўропы, эпоха асветніцтва не прынесла беларускаму народу ў поўным аб’ёме належнай карысці па цэламу шэрагу прычын. Тут была вельмі слабай і адсталай буржуазія, панавала прыгонніцкая сістэма гаспадаркі, асветніцтва амаль не закранула сялянскія масы, якія складалі аснову насельніцтва. Тым не менш, асветніцтва выклікала пэўнае ажыўленне ў культурным жыцці пасля доўгіх гадоў контррэфармацыі.

27. Беларуская літаратура і мастацтва ў XVII–XVIII ст.ст. С. Полацкі і І. Капіевіч – праваднікі беларускай культуры ў Маскве.

Перыяд XVII–XVIII стагоддзяў у мастацтве ВКЛ характарызаваўся панаваннем спачатку стыля барока, а з сярэдзіны XVIII ст. — усталяваннем класіцызму. Як ужо гаварылася, стыль барока стаў у нас пашырацца як мастацкае ўвасабленне ідэалогіі контррэфармацыі. Мастацкія творы гэтага стылю звярталіся не столькі да розуму чалавека, колькі да яго пачуццяў, апелявалі да яго веры ў звышнатуральныя сілы, да містыкі. Для гэтага шырока выкарыстоўваліся такія мастацкія метады, як метафарычнасць, шматзначнасць, кантраснасць і парадаксальнасць. Перавага аддавалася вонкавай форме. А каб адцяніць форму, яе першасць над зместам, выкарыстоўваліся крывалінейныя, акругленыя абрысы, ускладненыя да вычурнасці знешнія дэталі. Атрымоўваліся пышныя і раскошныя формы, якія заварожвалі чалавека прыгажосцю, нават сімфоніяй пластыкі, колеру, светацені. У рэчышчы барока ў гэты час развіваліся практычна ўсе віды мастацтва.

Найбольш поўна барока праявілася ў архітэктуры, асабліва ў культавым дойлідстве. Да такіх пабудоў належыць езуiцкі фарны касцёл у Нясвіжы, узведзены ў канцы ХVI ст. італьянцам Бернардоні, пазней былі пабудаваны ў гэтым стылі езуiцкія касцёлы ў Гародні, у Пінску, бернардзінскі касцёл у Мінску і інш. Развіццё беларускага барока прайшло ў тры перыяды: ранняе (канец ХVI – першая палавіна XVII ст.ст.), сталае (другая палова XVII – 30-я гг. XVIII ст.), позняе ці віленскае барока (30–80-я гады XVIII ст.). Віленскае барока прадстаўляла сабою сінтэз еўрапейскага стылю з мясцовымі стылёвымі напрацоўкамі. Яго рысы найбольш яскрава праявіліся ў пабудове уніяцкага касцёла выдатным архітэктарам Глаўбіцам у Полацку на месцы ўзарванага ў 1710 годзе рускімі войскамі Пятра І знакамітага Сафійскага сабора. Дарэчы, гэты выдатны помнік архітэктуры сёння імкнецца забраць да сваей канфесіі праваслаўная царква.

У перыяд сталага і позняга барока адбываецца яго сваеасаблівая «дэмакратызацыя». Гэты стыль пачынае пранікаць і ў свецкае будаўніцтва. У Мінску, Віцебску, Магілёве і інш. будуюцца ратушы, ствараюцца выдатныя палацавыя ансамблі, акружаныя паркамі. Знікаюць абарончыя атрыбуты ў магнацкіх палацаў, і яны набываюць вытанчаны і імпазантны выгляд, асабліва фасады пабудоў. Вонкавы іх выгляд упрыгожваецца ляпнымі аздабленнямі, пілястрамі, пучкамі калон, паліванай керамікай. Напрыклад, палацы ў Нясвіжы, Ружанах, Шчорсах, Свяцку і інш. У афармленні пабудоў, іх унутранага аздаблення ў разглядаемы перыяд вялікую ролю адыграла кафля. У яе дэкоры і тэхналогіі яскрава праяўляўся стыль барока. Яна ператварылася з плоскай ў аб’ёмную архітэктурную дэталь з мастацкімі выявамі кветак, звяркоў, птушак, арнаменту, выкананых у рознакаляровых варыянтах. Беларуская кафля карысталася вялікім попытам і за мяжой, асабліва ў маскоўскай дзяржаве.

Вялікім попытам у краіне і за мяжой карысталася мастацкае шкло. Пашырэнне ведаў па хіміі ў сувязі з дзейнасцю Полацкай калегіі езуiтаў, хімічнага накірунку школ у Вільні, Гродне, Навагрудку — паспяхова ішло асваенне новых рэцэптур і тэхналогій. Беларускія майстры ўмелі варыць рубінавае шкло, багемскі крышталь, гравіраваць яго ўпершыню карундавай іголкай, размалёўваць каляровымі эмалямі. У XVIII ст. дзейнічалі шкляныя мануфактуры (гуты) у Налібоках, Урэцку, Гродне, Крычаве, Рагачове, Чачэрску.

У XVIII ст. у Беларусі адзначаўся росквіт прыгоннага тэатра. Ствараўся ён пры магнацкіх сядзібах, і артыстамі былі прыгонныя сяляне, атрымаўшыя спецыяльную адукацыю. Першы такі тэатр быў у князя Радзівіла. Ягоная жонка Уршуля Францішка Радзівіл была не толькі стваральніцай тэатра, але пісала і драматургію. Яе першая камедыя «Дасціпнае каханне» была пастаўлена ў Нясвіжы ў 1746 годзе. Яна была аўтарам і рэжысёрам першай тэатральнай дра-мы і першай тэатральнай казкі. Тут заўсёды са сцэны гучалі беларускія мело-дыі, песні, хаця пастаноўкі рабіліся на польскай мове. Нясвіжскі тэатр Радзівілаў складаўся з балета і музыкальнай капэлы. Прыгонныя тэатры дзей-нічалі пры памесцях Агінскіх у Слоніме, Сапегаў — у Ружанах і Дзярэчыне, Тышкевічаў — у Свіслачы і Плешчаніцах і інш. Усяго да падзелу Рэчы Пас-палітай на тэрыторыі Беларусі функцыянавалі 26 оперна-балетных тэатраў і ка-ля 30 сімфанічных аркестраў. Выканаўцы, артысты былі высокапрафесійнымі майстрамі сваёй справы. Аб гэтым сведчаць 69 музычных твораў, што склада-юць знакаміты «Полацкі сшытак», якому 300–350 гадоў.

Вядома, што многія таленавітыя артысты і музыканты, атрымаўшы прафесійную падрыхтоўку ў прыгонных тэатрах Беларусі, з’явіліся асноўным складам узнікшых пазней тэатраў у шэрагу краін, за мяжой. Так, гродзенскі «сялянскі балет» і слонімскія танцоры ў колькасці 60 чалавек сталі базай для заснавання Варшаўскага прыдворнага балета. З 78 акцёраў створанага ў Маскве пры двары Аляксея Міхайлавіча рускага тэатра, 70 чалавек былі беларусамі. Як мы бачым, музычна-тэатральнае жыццё на Беларусі было на ўзроўні культуры перадавых еўрапейскіх краін і магло дапамагаць у развіцці гэтага напрамку культуры другім народам.

У ХVII–ХVIII ст.ст. беларуская літаратура апынулася ў вельмі складаных умовах. Асноўным тормазам яе развіцця было звужэнне сферы ўжывання беларускай мовы. Прычым у гэты перыяд адбываўся пераход ад старажытнабеларускай кніжнай мовы да літаратурнай, якая абапіралася на жывую гутарковую мову народа. Такі працэс быў заканамерны і ішоў ва ўсіх краінах, толькі не так пакутліва і вяла, як на Беларусі. Польшчы і Расіі для гэтага пераходу спатрэбілася каля 50 гадоў, а ў нас ён зацягнуўся больш чым на 150.

У беларускай літаратуры гэты пераходны перыяд азначаецца панаваннем стылю барока, у якім яскрава выдзяляюцца стылёвыя тэндэнцыі:

1. Высокі стыль, звычайна элітарны, феадальна-арыстакратычны. Яму была характэрна рытарычная прыўзнятасць, сімвалічнасць, блізасць да старых афіцыйных формаў беларускай літаратуры.

2. Сярэдні стыль задавальняў эстэтычны густ гараджан і сярэдняй шляхты, якая імкнулася засвоіць еўрапейскі лад і не адрывалася ад нацыянальных традыцый.

3. Нізкае барока, якое прадстаўляла эстэтычныя запатрабаванні найбольш шырокіх пластоў насельніцтва нашага грамадства. Сюды ўваходзіла інтымна-песенная лірыка, батлеечныя п’есы, сатырычная паэзія і проза. Ля вытокаў гэтай «несур’ёзнай літаратуры» стаіць напісаны ананімам у 1655 годзе «Ліст да Абуховіча.» Абуховіч — смаленскі ваявода, які, здрадзіўшы ВКЛ, без боя здаў горад расійскай арміі ў 1654 г. Аўтар рашуча асуджае амаральнасць і прадажнасць прадстаўнікоў пануючых колаў Рэчы Паспалітай. Да гэтага літаратурнага напрамку па форме, мове, стылю і жанру прымыкае другі твор — «Прамова Мялешкі». Быццам бы сапраўды смаленскі кашталян Іван Мялешка выступаў на Варшаўскім сойме і «рэзаў» праўду-матку ў вочы каралю Жыгімонту ІІІ Вазе. На сакавітай беларускай мове аўтар гэтага твора крытыкуе кіраўніцтва Рэчы Паспалітай, якое не клапоціцца аб інтарэсах Літвы. Ён вельмі зняважальна адзываецца аб апалячанай беларускай шляхце, з’едліва пра іх адзначаючы: «Многа тутако такіх ест, што хоць наша костка, аднак сабачым мясам абрасла і воняет!»

Найбольш значным прадстаўніком «высокага» літаратурнага стылю барока быў Сімяон Полацкі (1629–1680 гг.). Сапраўднае прозвішча Пятроўскі-Сітнiяновіч. Нарадзіўся ён у Полацку, у сям’і купца. Вучыўся спачатку ў брацкай мясцовай школе. Скончыў Віленскую езуiцкую акадэмію. У 1664 годзе, як шчыры прыхільнік праваслаўя і праціўнік палітыкі контррэфармацыі, пакінуў Беларусь і ў Маскве разгарнуў актыўную педагагічную, выдавецкую і літаратурную дзейнасць. Ён быў выхавальнікам Пятра І у дзяцінстве. Па яго ініцыятыве і статуту была заснавана першая ў Расіі вышэйшая навучальная ўстанова — славяна-грэка-лацінская акадэмія. Менавіта ў ёй вучыўся праз 50 гадоў М. Ламаносаў. Полацкі адкрыў у Маскве друкарню, якая выдала першы «Буквар». Ім былі напісаны драмы і камедыі, пропаведзі і многа вершаў. Ягоная літаратурная спадчына і грамадска-асветніцкая дзейнасць дае права, на думку гісторыкаў, называцца першым расійскім інтэлігентам.

Другім выдатным дзеячам, які значна ўзбагаціў культуру Расіі, з’яўляецца Ілля Капіевіч (1651–1714 гг.). Па палітычных матывах ён вымушаны быў эміграваць у Галандыю. Там у 1697 годзе як перакладчык пазнаёміўся з Пятром І і быў запрошаны працаваць ў Расію. Капіевіч рэфармаваў царкоўна-славянскі алфавіт кірыліцы, спрасціў яго. Новы шрыфт сталі называць грамадзянскім або «капіеўкай». Сёння ім карыстаецца з невялікімі змяненнямі большасць славянскага народу. Ён напісаў і пераклаў на рускую мову больш за 20 кніг, у тым ліку першую ў Расіі арыфметыку, падручнікі па іншаземных мовах, першы каляндар, першыя на рускай мове творы па навігацыі, байкі Эзопа і інш. Увогуле, вельмі многія беларусы ўзбагачалі расійскую культуру сваім майстэрствам. Так, пад кіраўніцтвам Івана Максімава з-пад Копыля і Сцяпана Івакова з Мсціслаўля былі ўпрыгожаныя ў Расіі Новаерусалімскі манастыр на Істры, Круціцкі церамок, церамок Крамлёўскага палаца. Беларускія майстры аздаблялі ажурнай разьбой па дрэву палац цара Аляксея ў сяле Каломенскім, царскія вароты ў Саборы Новадзявочага манастыра ды інш.

Такім чынам, культурнае жыццё Беларусі ў разглядаемы перыяд было даволі разнастайным і багатым, што давала магчымасць дапамагаць і блізкім суседзям.

28. Пачатак індустрыяльнай цывілізацыі і палітычная мадэрнізацыя ў краінах Заходняй Еўропы і Беларусі.

У той час, калі Беларусь страціла сваю незалежнасць і была ўключана ў склад Расійскай імперыі, то ў свеце распачаўся працэс палітычнай мадэрнізацыі (ад фр. і англ. - сучасны). Яна ахапіла ўсе накірункі жыцця грамадства. Неад'емнай часткай мадэрнізацыі былі небывалы рост гарадоў (урбанізацыя), выкарыстанне машын у вытворчасці (індустрыялізацыя), развіццё навукі. Колькасць тэхнічных вынаходстваў і удасканальванняў расла незвычайнымі тэмпамі. Развіваўся чыгуначны і водны транспарт. Былі адкрыты новыя спосабы выплаўкі сталі, пачалася вытворчасць пластмасы і сінтэтычных тканяў. З'явіліся тэлефон і тэлеграф, аўтамабілі і самалёты. Калі ўсходнія цывілізацыі, краіны Азіі і Афрыкі захоўвалі свой традыцыйны воблік (аграрная цывілізацыя), то Еўропа змянілася да непазнавальнасці. Там традыцыйныя ўстоі разбураліся пад уплывам навукова-тэхнічных дасягненняў і прамысловай рэвалюцыі. Новая індустрыяльная цывілізацыя карэнным чынам мяняла эканамічную, палітычную, сацыяльную і ідэалагічную асновы грамадства.

Эканамічнай асновай індустрыяльнай цывілізацыі сталі:

· грошы, капітал

· рынак

· прыватная ўласнасць

· наёмная праца

· канкурэнцыя.

Сацыяльная аснова (буржуазія):

· прамысловая

· банкаўская

· сельская

· наёмныя рабочыя.

Палітычная аснова:

· абмежаваная і прадстаўнічая манархія

· прэзідэнцкая і парламенцкая рэспубліка

· падзел улады на 3 галіны

· усеагульнае выбарчае права

· з'яўленне палітычных партый

· дэмакратызацыя грамадства

· прававая дзяржава.

Ідэалагічная аснова:

· лібералізм (правы і свабоды асобы, свабода слова, сумлення, рэлігіі)

· лібералы – зачынальнікі еўрапейскіх рэвалюцый ХІХ ст.

· ліквідацыя феадальных адносін

· парламенцкі лад кіравання

Важную ролю ў ідэалагічным забеспячэнні развіцця еўрапейскай цывілізацыі іграў нацыяналізм. Гэта ідэалогія, якая грунтуецца на выпрацоўцы пачуцця нацыянальнай годнасці, адраджэнні і асабістага развіцця кожнага народа. Ідэолагі нацыяналізму выступалі за станаўленне нацый, утварэнне нацыянальнай дзяржавы, за вызваленне ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, развіццё наыцяльнальнай культуры, традыцый свайго народа. Нацыяналізм з'яўляўся рухавіком нацыянальна-вызваленчага руху.

Імкненне нацыяналізма падпарадкоўваць і прыгнятаць іншыя народы і нацыі называецца шавінізм. Беларускі нацыяналізм ніколі не перарастаў у шавінізм. Адваротным бокам нацыяналізму з'яўляецца касмапалетызм, які адхіляе ўсякія нацыянальныя адметнасці, традыцыі, нацыянальны суверэнітэт, прапаведвае абыякавыя адносіны да Радзімы, да нацыянальнай культуры. Часта бывае, што шавінізм выкарыстоўвае касмапалітызм, каб нейтралізаваць нацыяналізм.

Станаўленне індустрыяльнай цывілізацыі адбывалася ў той час, калі Расія ўяўляла сабою неабмежаваную абсалютную манархію, там захоўвалася буйное памешчыцкае землеўладанне і прыгоннае права. Расія развівалася марудна да рэформы 1861 года, так званым "прускім" шляхам (у адрозненне ад амерыканскага - хуткага). Разам з ёй сталі адбывацца станоўчыя працэсы на Беларусі. Але, на жаль, яны праходзілі са значным спазненнем у параўнаннні з цэнтральнымі губернямі Расіі. Так, напрыклад, у другой палове 19 ст. адбыліся даволі глыбокія рэформы судовай сістэмы, дзякуючы якім паявіўся інстытут "прысяжных засядацелей", якія вырашалі віноўнасць. Дзякуючы ім была апраўдана В.Засуліч, якая страляла ў губернатара за парушэнне правоў чалавека. На Беларусі судовая сістэма яшчэ доўгі час падпарадкоўвалася губернатарам, а ў цэнтральных рэгіёнах Расіі былі створаны земствы, якія ўяўлялі сабою дэмакратычныя інстытуты мясцовай улады. Яны займаліся адукацыяй народа, аховай здароўя і лячэннем і іншымі справамі, патрэбнымі простаму народу. На Беларусі земствы былі створаны толькі ва ўсходніх губернях Беларусі на 50 гадоў пазней (у пачатку 20 ст.).

Індустрыяльная цывілізацыя спрыяла эканамічнаму, сацыяльнаму і духоўнаму прагрэсу ў Еўропе ва ўсіх сферах жыцця. Але разам з тым мела адмоўныя бакі:

· павялічэнне інтэнсіўнасці працы ў вытворчасці

· узніклі прамысловыя, аграрныя, эканамічныя крызісы

· абеззямельванне сялянства, папаўненне радоў беспрацоўных

· барацьба за рынкі сбыту, сферы ўплыву, абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі

· эміграцыя працоўных у ЗША і краіны Паўднёвай Амерыкі

· напалеонаўскія войны (асабліва вайна 1812 г., якая закранула і Беларусь) з мэтай пашырэння ўплыву Францыі ў Еўропе.

1812 год і Беларусь.

З надыходам вайны беларускі народ звязваў надзею на вырашэнне аграрнага пытання, атрымання зямлі, а шляхта – на аднаўленне сваёй дзяржаўнасці – ВКЛ. Гэтыя падзеі ўзмацніліся пасля таго, як у лістападзе 1806 года у вызваленай ад немцаў "прускай" частцы Польшчы было створана Княства Варшаўскае.

У гэтых умовах Расійскі імператар Аляксандр І з мэтай адцягнення беларускай шляхты ад палітыкі французскага імператара ў 1811 года прыняў контркрок. Ён заявіў аб сваім жаданні аднавіць пад эгідай Расіі Вялікае Княства Літоўскае. Па яго даручэнню князі М.Агінскі, К.Любецкі і граф Л.Плятэр склалі праект "Палажэння аб праўленні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім", якое павінна было ахапіць усе тыя тэрыторыі, што дасталіся Расіі ад былой Рэчы Паспалітай у 1772-1807 гг. У процівагу канстытуцыі Варшаўскага Княства нават прадугледжвалася паступовае, на працягу 10 гадоў асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак гэта быў тактычных ход, падман. Расійскія ўлады лічылі Беларусь сваімі "исконными" землямі і не збіраліся аднаўляць дзяржаўнасць. Пра гэта выразна сказаў ужо ў студзені 1813 года той жа Аляксандр І. У пісьме да Адама Чартарыйскага ён пісаў: "Не забывайце, што Літва, Падолле і Валынь дасюль лічаць сябе правінцыямі рускімі і ніякай логіка ў свеце не ўпэўніць Расію, каб яны маглі быць не пад уладай Гасудара Расіі, а пад якойсці іншай".

ВКЛ было адноўлена Напалеонам. Па памерам яно было меншае, чым існавала да 1772 года. Быў створаны Часовы ўрад княства, ствараліся мясцовыя органы ўлады, войска. Аднак ва ўмовах вайны гэты ўрад галоўным чынам займаўся забеспячэннем патрэбаў вайны. З адступленнем Напалеона ён вымушаны быў эміграваць за мяжу.

Вайна 1812 года прынесла вялікія спусташэнні Беларусі: разбураны многія гарады і вёскі, амаль напалову скарацілася колькасць жывёлы, зменшыліся пасяўныя плошчы, каля 1 млн. жыхароў Беларусі загінула. І рускія, і французы ў ходзе вайны забяспечвалі сябе рэкрутамі, прадуктамі, фуражом за кошт беларускага народа. Толькі на баку Расійскай арміі ў выніку рэкруцкіх набораў ваявала каля 180 тысяч жыхароў беларускіх зямель. Разам з тым больш як 25 тысяч беларусаў ваявала на баку Напалеона, у корпусе А.Панятоўскага.

Шмат беларусаў ваявала ў партызанскіх атрадах. Створаныя па ініцыятыве шляхты альбо простых сялян гэтыя атрады перашкаджалі расійскім і французскім войскам вывозіць матэрыяльныя каштоўнасці, запасы харчоў і фуражу, нападалі на абозы і каманды, што займаліся марадзёрствам і рэквізіцыямі (рэквізіцыя – прымусовае адабранне дзяржавай маёмасці ад уласніка пры надзвычайных абставінах у вёсках).

Нягледзячы на вялікія бедствы, пасля вайны беларускія губерніі не былі вызвалены ад рэкруцкіх набораў і паставак на патрэбы арміі. Цар дараваў здраду мясцовым памешчыкам, што пайшлі на службу да французаў, але нічога не зрабіў для сялян, што змагаліся ў партызанскіх атрадах на баку расійскіх войскаў. У сваім маніфесце 30 жніўня 1814 года цар адзначыў, што "сяляне, верны наш народ – няхай атрымаюць узнагароду сваю ад Бога". Больш гэтага, прыгон і эксплуатацыя памешчыкаў у беларускай вёсцы пасля вайны рэка узмацнілася.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-12-07; просмотров: 176; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.118.227.69 (0.035 с.)