Асаблівасці культуры старажытнай Беларусі. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Асаблівасці культуры старажытнай Беларусі.



Як вядома, фарміраванне беларускага этнасу, яго дзяржаўнасці і культуры доўжылася даволі вялікі час з характэрнымі для яго складанасцямі і супярэчнасцямі. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў культуры, як матэрыяльнай, так і духоўнай.

Па сведчанню археолагаў, першае сталае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ўтварылася ў VIII–VII тысячагоддзях да н. э. Разам са з′яўленнем чалавека тут з′яўляліся і элементы культуры. Пад час неаліту (IV тысячагоддзе да н. э.) тут ужо існавала керамічная вытворчасць: прылады працы і посуд ляпілі з гліны, абпальвалі на вогнішчы, упрыгожвалі кампазіцыямі з выявамі чалавека, птушак, звяроў, а таксама арнаментам у выглядзе ромбаў, зігзагаў, ялінак, зорак.

У канцы ІІІ – пачатку ІІ тысячагоддзя да н. э. тут знойдзены медныя і бронзавыя вырабы — наканечнікі дзідаў, нажы, сякеры, медныя дыядэмы, дарагія жаночыя ўпрыгожанні, якія траплялі сюды ў невялікай колькасці па гандлёвых шляхах. Большасць жа рэчаў, прылад працы выраблялася з рагоў жывёлы, касцей, крэменю.

У VII–VI стагоддзях да н. э. на Беларусі навучыліся здабываць жалеза з балотнай руды і вырабляць з яго зброю, прылады працы, упрыгожанні.

Карані беларускага этнасу ўзыходзяць да тых часоў, калі з VI стагоддзя новай эры на большую частку нашай краіны пачынаюць пранікаць з Вісла–Одэрскага міжрэчча славянскія плямёны. У выніку інтэнсіўнага засваення імі тэрыторыі Беларусі, на якой жылі балты, у VIII–IX ст.ст. тут склаліся этнічна блізкія паміж сабой супольнасці усходнеславянскага насельніцтва: крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне. На іх аснове ўтварыўся старабеларускі этнас. Згодна з летапісамі і археалагічнымі даследаваннямі ён кампактна размяшчаўся ў Верхнім Падняпроўі, Падзвінні, Панямонні.

Культура старажытнай Беларусі мела некаторыя асаблівасці.

1. Культура засяляўшых нашу зямлю плямёнаў мела агульныя рысы, мала чым адрознівалася паміж сабой. Іх мовы былі разнавіднасцямі усходне-славянскай моўнай групы. Нязначныя адрозненні былі ў матэрыяльнай культуры — у тыпах жылля, керамічным посудзе, прыладах працы. Выключэнне складалі толькі жаночыя ўпрыгожанні, асабліва металічныя скроневыя кольцы: у крывічанак — бранзалетападобныя, у радзімічанак — сяміпрамянёвыя, у дрыгавічанак — зярнёныя буйныя пацеркі.

2. Культура нашых продкаў была сваеасаблівым сінтэзам культуры карэнных балтаў і прыйшоўшых сюды славян у выніку іх узаемапранікнення і ўзаемаўплыву. У іх матэрыяльнай культуры прысутнічаюць прыкметы як славянскай (паўзямлянкавыя жытлы з печамі-каменкамі), так і балцкай (ляпныя слоікападобныя пасудзіны). Аб гэтым сведчаць раскопкі старажытнага гарадзішча ля вёскі Банцараўшчына пад Мінскам. Так званая Банцараўская культура была распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі пражывання крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Паколькі славяне знаходзіліся на больш высокім узроўні культурнага развіцця, то стала непазбежнай паступовая асіміляцыя імі карэннага мясцовага насельніцтва балтаў, што ў асноўным адбылося яшчэ да Х стагоддзя. Гэта быў перыяд балта-славянскага сінтэзу, асіміляцыйных працэсаў балта-славянскай культуры.

3. Адметнасць беларускай нацыянальнай культуры і яе спалучэнне з культурай усіх усходніх славян. На працягу ўсяго існавання старажытнай Беларусі ў яе духоўным жыцці захаваліся сваеасаблівыя, непаўторныя, адметныя рысы, уласцівыя толькі нашай нацыянальнай культуры. І ў той жа час прасочваюцца прыкметы агульнай для ўсіх усходнеславянскіх плямён культуры. У IX–XII ст.ст. з′явілася шмат розных твораў культуры, якія ў аднолькавай ступені належаць да духоўнай спадчыны як беларускага, так і ўкраінскага, і рускага народаў. Найлепшыя з іх распаўсюджваліся па ўсіх усходнеславянскіх землях і былі, у асноўным, зразумелымі для кожнага з іх. Так, калі з ХІ стагоддзя пачалося летапісанне, то Іпацьеўскі летапісны звод стаў важнай крыніцай па гісторыі і культуры не толькі Кіеўскага, Галіцка-Валынскага, але і Полацкага, Тураўскага, Смаленскага і іншых княстваў. А таксама «Слова пра паход Ігаравы», «Аповесць мінулых гадоў» і іншыя.

4. Уплыў Візантыйскай культуры на нацыянальную культуру нашых продкаў. Дзякуючы свайму выгаднаму геаграфічнаму становішчу, гандлёвым шляхам, што звязвалі арабскі Усход і Візантыю са Скандынавіяй, Прыбалтыкай, Ноўгарадам, а таксама з Захадам, на беларускіх землях ішло інтэнсіўнае эканамічнае і культурнае развіццё. Сувязі з гэтымі краінамі аказвалі значны ўплыў на культуру беларусаў, як матэрыяльную, так і духоўную. Але ў першую чаргу на развіццё беларускіх зямель аказвала Візантыя, у якой традыцыі антычнай адукаванасці і асветы аж да ХІІ стагоддзя знаходзіліся на больш высокім узроўні, чым у іншых краінах Еўропы. У беларускія школы з Візантыі пераймалася выкладанне такіх прадметаў, як грэчаская мова, красамоўнае майстэрства, астраномія, філасофія, этыка і іншыя.

Сведчаннем узаемнага ўплыву і выкарыстання усходнеславянскіх культур з′яўляецца і ўвядзенне на Беларусі славянскай азбукі і пісьменства, створаных братамі Кірылам і Мяфодзіем з Фесалонікаў. Славяне па паходжанню, яны былі візантыйскімі перакладчыкамі рэлігійных кніг з грэчаскай мовы на стараславянскую. Кірыліца ад стараславянскай пісьменнасці перайшла ў спадчыну старабеларускай, стараўкраінскай і старарускай.

12. Пісьменнасць, кніжная асвета і літаратура ў Х – ХІІІ ст.ст. Духоўная і асветніцкая дзейнасць Е. Полацкай і К. Тураўскага.

Пісьменства на Беларусі асабліва хутка пачало распаўсюджвацца пасля ўвядзення тут хрысціянства ў канцы Х стагоддзя (992 г.). Яно паскорыла працэс развіцця кніжнай асветы, літаратуры, адукацыі, садзейнічала ўмацаванню міжнародных сувязей з краінамі больш высокай культуры, іх узаемаўплыву і інш. Манастыры і цэрквы зрабіліся першымі культурнымі цэнтрамі, у якіх былі заснаваны школы, арганізавана перапіска кніг. Яны сталі першымі кнігасховішчамі, бібліятэкамі.

Першым кніжнікам сярод усходнеславянскіх князёў летапісы называюць унука Рагвалода, старэйшага сына Рагнеды і Уладзіміра — Ізяслава, які княжыў у Полацку з 988 па 1001 гг. Ніканаўскі летапіс згадвае, што менавіта ён увёў у Полацку пісьменства і навучанне грамаце. Пячатка з ягоным іменем, якой замацоўваліся княжацкія граматы, лічыцца самым старажытным помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх славянаў. Захаваліся яшчэ надпісы на прасліцах, на помніках «Рагвалодаў камень», «Барысаў камень», а таксама знойдзеныя пры раскопках прыстасаванні для пісьма («пісалы») і кніжныя засцёжкі ў Полацку, Менску, Браславе і інш., пячаткі князёў Усяслава і Барыса. Усё гэта сведчыць аб адносна шырокім распаўсюджванні пісьменства сярод насельніцтва, пачынаючы з канца Х стагоддзя.

Манастыры і цэрквы становяцца асяродкам культуры. Увядзенне хрысціянства выклікала неабходнасць у адукаваных людзях, якія патрэбны былі для службы ў храмах, для перакладаў і перапіскі рэлігійных кніг. Гэтыя культурныя цэнтры далі першых вучоных, кніжнікаў, пісьменнікаў, прапаведнікаў. Вакол царквы групавалася тагачасная інтэлігенцыя — адукаваныя людзі, носьбіты культуры. Славутымі прадстаўнікамі хрысціянскай кніжнай асветы і адукацыі на Беларусі з′яўляюцца Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч і іншыя.

Сярод іх найбольшай таленавітасцю вызначалася полацкая князёўна Прадслава, у манастве Еўфрасіння (1110–1173 гг.). Першая жанчына ў усходніх славян, кананізаваная царквою ў святыя.

Як вядома, у раннім сярэдневеччы на беларускіх землях, акрамя летапісаў, бытавалі і такія арыгінальныя літаратурныя творы, як жыція святых. 3 дайшоўшых да нас жыцій мы і даведаліся пра выдатных беларускіх асветнікаў. Найкаштоўнейшым помнікам старажытна-беларускай літаратуры з'яўляецца «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» — галоўная крыніца біяграфічных звестак пра самую знакамітую палачанку. Па адукаванасці і па зробленых дзеля асветы свайго народу справах яна не мела сабе роўных не толькі ў славянскім свеце, але і на ўсім еўрапейскім кантыненце. Яна не заканчвала універсітэтаў. Па-першае, жанчын у сярэдневечныя універсітэты не прымалі, па-другое, калі яна нарадзілася, у Еўропе быў усяго адзін — у Балоні. Яе універсітэтам і была тагачасная літаратура, у асноўным — царкоўная. Але ў княжацкія палацы траплялі таксама хронікі, гістарычныя аповесці, прыродазнаўчыя трактаты.

Дачка князя Георгія, унучка славутага валадара Усяслава Чарадзея, Прадслава, насуперак волі бацькоў, у 12-гадовым узросце збегла ў манастыр, дзе ўсё сваё жыццё прысвяціла асвеце, адукацыі, выхаванню. Яна заснавала два манастыры (мужчынскі і жаночы) і пры іх — дзве царквы. Адна з іх — царква Святога Спаса, дзе знаходзіліся келлі Еўфрасінні і яе малодшай сястры Градзіславы (зараз гэта Спаса-Еўфрасіннеўская царква, у якой захоўваюцца яе мошчы).

У манастырах Еўфрасіння ўвесь час працавала над збіраннем, перакладамі грэчаскіх рэлігійных твораў, перапісваннем кніг. Яна адчыніла там майстэрні па перапісцы кніг — скрыпторыі. Адзін майстар рабіў тут каляровыя ініцыялы, другі — мініяцюры, трэці — пераплёты. Калі ўзнікала патрэба перапісаць кнігу хутчэй, яе дзялілі на некалькі частак. Са скрыпторыяў кнігі разыходзіліся па ўсёй Полацкай зямлі і за яе межамі.1 Прыбытак ад іх продажу аддавала тым, хто быў у нястачы (ёсць меркаванні лічыць, што Еўфрасіння вяла Полацкі летапіс і пісала арыгінальныя творы, якія, на жаль, не заха

Пры манастырах яна адкрыла дзве школы, ў тым ліку — адну для дзяўчынак. Тут вучыліся грамаце, чытанню, пісьму, «цыфіры» і царкоўным спевам не толькі дзеці заможных палачан, але і простых людзей. Першымі падручнікамі былі царкоўныя кнігі. Аднак высокаадукаваная ігумення пашырыла межы звычайнай праграмы. Апрача царкоўнаславянскай, дзеці вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі веды па прыродазнаўству і медыцыне, па навуцы красамоўства — рыторыцы. 3 найбольш здольнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзіліся заняткі па паэтыцы. Не раз заняткі вяла сама маці-ігумення. «Юных, — чытаем мы ў «Жыціі Еўфрасінні Полацкай, — вучыла чысціні душэўнай і цялеснаму супакаенню, гавенню шчыраму, хаджэнню рахманаму, голасу ціхмянаму, слову дабрачыннаму, ядзенню і піццю маўкліваму; пры старэйшых маўчаць, мудрых слухаць, да старэйшых — пакоры, да роўных і меншых — любові некрывадушнай; мала казаць, а болей разумець.»2

Перад намі паўстае вобраз самаахвярнай, незвычайнай жанчыны. У «Жыціі» ўслаўляецца яе імкненне да духоўнай дасканаласці і ведаў, яе самаахвярнасці. У ім ёсць звесткі пра сярэдневяковы Полацк, яго культурнае жыццё, побыт, пра полацкіх князёў і епіскапаў.

Як вядома, па заказу Еўфрасінні полацкі майстар-ювелір Лазар Богша ў 1161 годзе зрабіў крыж. Доўгі надпіс на ім з´яўляецца каштоўным помнікам нашага пісьменства: спачатку зроблены дробнымі літарамі кароткі надпіс аб майстры. Затым — «У лета 6669 (1162 г.) Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да...(пропуск) 40 грыўняў (мабыць плата майстру за работу). І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынясе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворнаю Троіцаю ды святымі айцамі... і хай напаткае яго доля Іўды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое… валадар або князь або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі...»

У канцы жыцця Еўфрасіння здзейсніла сваю мару — зрабіла паломніцтва на Святую зямлю Іерусаліма, дзе і памерла. Дзень памяці святой заступніцы святкуецца 24 мая.

Другім прадстаўніком кніжнай асветы на Беларусі з´яўляецца Кірыла Тураўскі (каля 1130 – каля 1182 гг.). Нарадзіўся і ўзгадаваўся ў месцы Тураве на беларускай зямлі. Быў ён сынам багатых бацькоў, але не ўзлюбіў багацця і мірнае славы гэтага свету, а «найболей любіў вучэнне боскіх кніг». Вывучыўшы Святое пісанне, пайшоў у манастыр і зрабіўся манахам. Старабеларускі пісьменнік, прапаведнік, царкоўны дзеяч. Шырокую вядомасць яму прынеслі т. зв. «Словы» — павучэнні, прысвечаныя розным біблейскім сюжэтам, у якіх праявіўся яго арыгінальны паэтычны дар. Захавалася восем «Слоў», каля трыццаці спавядальных малітваў, тры прытчы (філасофскія творы), «Аб чыне чарнарызца» і некалькі канонаў (царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога) і інш. Стаўшы тураўскім епіскапам, Кірыла асабліва праславіўся як прапаведнік, выдатны майстар так званага «ўрачыстага красамоўнага майстэрства». Але пазней пакідае гэтую пасаду, замыкаецца ў келлі і працягвае пісаць розныя творы, а таксама перакладае і перапісвае іншых аўтараў.

Лепшым доказам папулярнасці славутага дзеяча старажытнай Беларусі з´яўляецца тое, што яшчэ пры жыцці сучаснікі называлі яго «залатавустам», яго казанні змяшчаліся ў анталогіях «Торжественник» і «Златоуст», куды ўключаліся лепшыя творы грэчаскіх майстроў прамоўніцкага красамоўства. Кірыла Тураўскі з’яўляецца вялікім гуманістам свайго часу, сімвалам таленту беларускага народа, яркім сведчаннем глыбіні каранёў нашай культуры.

Выдатным царкоўна-палітычным дзеячам, мысліцелем і асветнікам старажытнай Беларусі быў Клімент Смаляціч (?–1164 г.). Стаў вядомы, дзякуючы сваёй рознабаковай адукаванасці, рэдкай эрудыцыі, выдатнаму літаратурнаму таленту. Добра ведаў творы Гамера, Платона, Арыстоцеля, чытаў іх у арыгінале. Як сцвярджае Іпацьеўскі летапіс, ён быў другім на Русі мітрапалітам славянскага паходжання, астатнія — Візантыйскага.

Бліскучым помнікам усходнеславянскай літаратуры, у тым ліку і беларускай, з´яўляецца «Слова пра паход Ігаравы». Невядомы аўтар вядзе сваё апавяданне не як старонні летапісец, а як мастак. Славуты палацкі князь Усяслаў Чарадзей згадваецца ў «Слове» як мудры палітык і таленавіты ваявода, які праз ўсё жыццё пранёс вернасць сваёй Бацькаўшчыне. Аўтар шчыра захапляецца ім, надзяляе незвычайнымі здольнасцямі чараўніка. Апавядаючы пра няшчасці роднай зямлі, аўтар «Слова» паказвае адзін з надзвычай трагічных момантаў — бітву на Нямізе ў Менску, дзе, адстойваючы незалежнасць старажытна-беларускай дзяржавы, полацкія дружыны сустракаліся з войскам князёў Яраславічаў. Добрае веданне аўтарам «Слова пра паход Ігаравы» мінулага Полацкага княства, заклапочанасць яго лёсам, спагада да самага славутага з Рагвалодавічаў наводзяць на думку, што геніяльны паэт меў цесныя сувязі з крывіцкай зямлёй, а магчыма, і быў народжаны ёю. Старажытнага песняра лічылі нашым земляком Уладзіслаў Сыракомля, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта і іншыя беларускія літаратары і гісторыкі. Пясняр не раз згадвае Стрыбога, Дажджбога і іншых язычніцкіх багоў. А менавіта ў Полацкім княстве пазіцыі паганства пасля афіцыйнага хрышчэння былі ў параўнанні з іншымі усходнеславянскімі землямі найбольш моцнымі, нават у вялікакняжацкім асяроддзі, аж да ХІІІ стагоддзя.

Значнай па колькасці была і перакладная літаратура Полацкага княства. Спачатку пераклады рабіліся з грэчаскай, старажытнаіудзейскай, лацінскай моў на стараславянскую асноўных кніг хрысціянскай літаратуры: Бібліі, Евангелля, Псалтыра, Жыцій святых. Перакладаліся таксама і свецкія эпічныя творы грэчаскіх, рымскіх і іншых аўтараў. Гэтая літаратура, як царкоўная, так і свецкая, пашырала кругагляд беларусаў, знаёміла іх з новымі юрыдычнымі і маральнымі нормамі, відамі мастацтва, садзейнічала сувязям з культурай Візантыі, Заходняй Еўропы.

Багатай на Беларусі была вусная народная творчасць, фальклорная культура часоў Полацкага, Тураўскага і іншых княстваў, якая захавалася да нашага часу.

13. Прадумовы ўзнікнення Вялікага княства Літоўскага. Фарміраванне тэрыторыі дзяржавы ў ХІІІ – Х V ст.ст.

Перыяд ВКЛ – самая славутая эпоха ў нацыянальнай гісторыі. Да пачатку ўзнікнення ВКЛ на тэрыторыі Беларусі існавала прыкладна 30 княстваў, што сведчыла пра феадальную раздробленасць. З канца 30-х па 40-я 13 ст. пачынаецца новая эпоха беларускай гісторыі – эпоха ВКЛ, новай дзяржавы, якая бярэ пачатак з беларускага Панямоння – Наваградскага княства. Сама назва Літвы Міндоўга ў летапісе сустракаецца пад 1236 годам, проста Літва вядома з 11 ст. (упершыню пад 1009 годам), з 1040 пра Літву ўзгадваюць усходне-славянскія летапісы і ў аналах нямецкіх гарадоў.

З летапісаў і хронікі Генрыха Латыша відаць, што на пачатак 13 ст. Літва стала магутнай ваеннай сілай: за першую трэць 13 ст. літоўскія дружыны зрабілі прыкладна 40 паходаў (22 ваен. паходы на ўладанні нямецкага ордэна, 4 – на Польшчу і 14 разоў хадзілі па здабычу на ўсходнеславянскія землі, у тым ліку на Полаччыну і Смаленшчыну).

У адносінах да Літвы нямецкі ордэн мечаносцаў доўгі час займаў толькі абарончыя пазіцыі (хоць дагэтага падпарадкаваў сабе землі Латвіі і Эстоніі і далейшую экспансію звязваў з Літвой).

Да сярэдзіны 13 ст. літоўскія плямёны яшчэ не мелі адной дзяржаўнай арганізацыі. Утварэнне ВКЛ – гэта заканамерны вынік унутранага сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця зямель сучаснай Беларусі і Літвы ў 12-13 стст., а таксама знешніх прычын. Як нам вядома, даўнія традыцыі самастойнага і незалежнага дзяржаўнага існавання мела Полацкае княства. Лагічна, што менавіта яно павінна было стаць аб'ядноўваючым цэнтрам. Аднак, пасля смерці Ўсяслава Чарадзея яно распалася на некалькі ўдзельных княстваў, паміж якімі ішлі феадальныя міжусобіцы, пагроза крыжакаў, страта Кукенойса і Герцыкі (выхад да Балтыкі). Усё гэта падарвала сілы Полацка, ён паступова прыйшоў у заняпад.

У сярэдзіне 13 ст. цэнтр палітычнага жыцця Беларусі перамясціўся з Паддзвіння ў Панямонне, з Полацка ў Наваградак, які быў тады самым значным горадам гэтага рэгіёна. Утварэнне ВКЛ пачалося з Наваградка, сучасны Навагрудак. У сярэдзіне 13 ст. пачало ўзвышацца Наваградскае княства. Гэтаму спрыялі яго выгадная аддаленасць ад раёнаў змагання з крыжацкай і татарскай навалай, высокі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю.

Прычыны (перадумовы) ўзнікнення ВКЛ у беларускім Панямонні?

а)Унутраныя – высокі эканамічны і культурны ўзровень развіцця беларускага Панямоння – гарадоў Ваўкавыск, Свіслач, Гародня, Слонім, асабліва Навагародак (заснаваны ў 10 ст.). У 12-13 стст. Навагародак зведаў незвычайны росквіт эканомікі (земляробства, рамёствы, гандаль з Візантыяй, Блізкім Усходам, Польшчай, Прыбалтыкай і інш.). Археалагічныя раскопкі пацвердзілі, што гэта быў горад (рэгіён) з высокай матэрыяльнай культурай, шырокімі міжнароднымі сувязямі, са значнай заможнай праслойкай насельніцтва (выйшлі з-пад уплыву галіцка-валынскіх князёў). Усё гэта, несумненна, адыграла важную ролю ў працэсе пабудовы ВКЛ.

б )Знешнія – неабходнасць супрацьстаяць знешняй агрэсіі татара-манголам з паўднёвага ўсходу і рыцарам-крыжакам з паўночнага захаду. Феадальная раздробленасць(княжацкія міжусобіцы) ў сярэднія вякі была характэрнай з'явай для многіх краін Еўропы. Раздробленыя княствы аказваліся бездапаможнымі перад крыжакамі і мангола-татарамі. Патрэбна было іх аб'яднанне для падтрымкі і саюзу ў барацьбе са знешнім ворагам.

 

З аднаго боку, з 1237 года татара-манголы робяць ваенны паход у Еўропу з Азіі праз землі ўсходнеславянскіх княствў:

1240 г. – захоплены Кіеў

1241 г. – Кракаў (сталіца Польшчы)

1251 г. – залежнасць ад іх прызнаў Ноўгарад (Аляксандр Неўскі ездзіў за "ярлыком")

1259 г. – Даніла Галіцкі (Галіцка-Валынская зямля) прызнае сябе васалам татара-манголаў.

Беларусь у сваёй асноўнай частцы не зведала мангольскага нашэсця (акрамя паўднёвых гарадоў Брэста, Пінска, Гомеля). У 1257-1260 гг. пасля прызнання сябе татарскім васалам галіцка-валынскія і ардынскія князі рабілі сумесныя набегі на Беларусь. Таму аб'яднанне было неабходным.

З другога боку, адначасова з Залатой Ардой з'яўляецца пагроза з боку крыжакаў, якія ў канцы 12- пач. 13 стст. з'явіліся ў Прыбалтыцы і пачалі каланізаваць яе тэрыторыі. У 1201 г. яны заснавалі крэпасць Рыгу. Для хрысціянізацыі паганцаў тут ствараецца ордэн мечаносцаў – рыцарскі ордэн братоў па мечу. У 1214 г. ён захапіў Кукенойс і Герцыку.

в) Даўняя практыка палітычнага і ваеннага ўзаемадзеяння на землях балта-славянскага памежжа. З канца 12 ст. разам з берасцейскім князем супраць палякаў змагаюцца Мінскія, Друцкія, Полацкія князі.

Як вядома, ў рэгіёны паўночна-заходняй Беларусі славяне прыйшлі позна і жылі тут у перамежку са сталым балцкім насельніцтвам. Выразнай этнічнай мяжы між імі не было.

Пачатак утварэння ВКЛ звязаны з імем Міндоўга, які княжыў у 1236-1263 гг. Ён паходзіў з сям'і буйнога літоўскага феадала (кунігаса). Дзе гвалтам, дзе подкупам, дзе шлюбамі дзяцей падначаліў сабе дробных феадалаў і заснаваў адносна адзіную новую незалежную дзяржаву, адну з буйнейшых у свеце і Еўропе.

Значэнне і ролю ВКЛ у беларускай (ды украінскай) гісторыі нельга недаацэньваць – яно вельмі вялікае. Без ВКЛ, без Міндоўга, Вітаўта і інш. мы мелі б яшчэ больш бязрадасную будучыню, чым маем сёння, пачынаючы з 18 ст.

Па-першае, ВКЛ стала перашкодай для заваявання нашых зямель тэўтонамі, крыжаносцамі і іх саюзнікамі палякамі.

Па-другое, яно паўстала супраць бязрадаснай усходняй перспектывы абарачэння нас у Арду, якую настойліва навязвала Масковія.

Па-трэцяе, без ВКЛ сёння не існавала б ні Беларусі, ні Ўкраіны,а народы былі б апалячаны ці анямечаны.

ВКЛ у сваім узнікненні, развіцці і заняпадзе прайшло 3 асноўныя этапы:

1. Этап станаўлення і ўмацавання ВКЛ(Наўгародскі перыяд 1236-1316 гг.)

2. Перыяд тэрытарыяльнага росту дзяржавы, эканамічнага і духоўнага росквіту ВКЛ (Віленскі перыяд, пачынаючы з Гедыміна (з 1317 г. па 16 ст.))

3. З 17 ст. пачынаецца паступовы заняпад ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, які завяршыцца падзелам Рэчы Паспалітай.

Такім чынам, гістарычная неабходнасць выклікала да жыцця гэты своеасаблівы беларуска-літоўскі саюз, які стаў дзяржавай.

& Больш за 500 год праіснавала ВКЛ, што з'яўляецца даволі рэдкай з'явай для краіны з буйной тэрыторыяй і поліэтнічным насельніцтвам (у 14 ст. – ад Балтыкі да Чорнага мора, да таго ж складзенай з розных этнічных, культурных і рэлігійных частак. З 1362 г. Кіеў і інш. укр. землі ўвайшлі ў склад ВКЛ). Пісьмовыя крыніцы не згадваюць пра саюз Наваградка з Міндоўгам. Але вядома, што Наваградак няспынна імкнуўся аб'яднаць вакол сябе суседнія славянскія і балцкія землі. Летапісная Літва (13 ст.) – гэта не тэрыторыя сучаснай Літвы, нашай суседкі. Летапісная Літва знаходзілася ў Панямонні. Вось якія запісы захаваліся ў летапісе: "У 1252 г. войска Данілы Галіцкага пайшло ў Літву на Наваградак (Крэнь, стр.193); Літва Міндоўга. Не хацелі аб'яднання ў ВКЛ галіцка-валынскія князі і таму рабілі набегі на Літву".

Яшчэ адзін запіс пра сына Міндоўга Войшалка, які заснаваў на рацэ Нёмане між Літвой і Нова гародкам Лаўрышаўскі манастыр.

Землі цяперашняй Літвы ў тыя часы называліся інакш: Паўночная прыбалтыйская частка Літвы аж да 20 ст. называлася Жамойціяй. Раён сучаснага Вількаміра займала Дзяволтва; Паўднёвы захад і цэнтр сучаснай Літвы займала Аўкштайція. Калі гэтыя землі ўвайшлі ў склад ВКЛ, назва "Літва" распаўсюдзілася і на іх. Але многія нават і зараз працягваюць лічыць, што Беларусь далучалі да Літвы ў 13 ст., што ВКЛ не было беларускай дзяржавай. На самой справе было не так.

Якія ж фактары сведчаць аб беларускасці ВКЛ:

1. ВКЛ стварался на беларускіх землях. Першая сталіца – Наваградак (і называлася Літоўскае). Літва Міндоўга – на Наваградчыне.

2. Жамойцкія землі (сённяшняй Літвы) былі далучаны да ВКЛ толькі ў 1410-1422 г. (пры Вітаўце) і дзяржава атрымала назву Жамойцкае амаль праз 100 год.

3. Дзяржаўная мова да канца 17 ст. у ВКЛ (600 тамоў літоўскай метрыкі) – старабеларуская. Бо гэта быў дамінуючы этнас з развітай пісьмовай мовай, ні ў жамойтаў, ні ў Аўкштайтаў, ні ў Літвы яе не было.

4. Продкі сённяшніх літоўцаў у ВКЛ складалі 2/10 усяго насельніцтва, а іх тэрыторыя – толькі 1/10.

5. Сённяшняя Літва прысвоіла і беларускую сімволіку - герб "Пагоня" (пры Віцені), у жамойтаў – мядзведзь, нават на іх мове да сярэдзіны 19 ст. назвы не было – у 1845 годзе гісторык Даўкантас назваў яе "Віціс" (Вітязь). Да канца 19 ст. насілі назву Жамойція (у іх раней пачалося нацыянальнае адраджэнне, і яны ўзялі назву ўсёй поліэтнічнай дзяржавы).

Перыяд - Наваградскі

На пачатку 13 ст. на беларускіх землях існавалі 30 княстваў. Асновы ВКЛ заклаў Міндоўг (1236-1263 гг.), быў забіты. Паводле хронікі Літоўскай і Жамойцкай, нальшчанскі князь Даўмонт такім чынам адпомсціў Міндоўгу за тое, што той сілай забраў яго жонку. Панаванне Міндоўга стала першым этапам знішчэння племяннога ладу і стварэння новай структуры ўлады.

Яго справу працягнуў сын Войшалк (1263-1268 гг.) – загінуў ад рук Данілы Галіцкага, здолеў далучыць Нальшчанскую зямлю, зеселеную балтамі і Дзяволтву (усходня частка цяперашняй Літвы).

Пры князю Тройдзені, пляменніку Міндоўга (1270-1282 гг.), заходнія балты (прусы) і яцвягі, якія ратаваліся ад крыжакоў, былі пераселены на беларускія землі ў наваколлі Слоніма і Гародні.

Віцень (1255-1316 гг.) – ВКЛ асабліва ўмацавалася пры ім знутры, дабіцца яе палітычнага адзінства. Пры ім удзельныя князі не прэтэндуюць на Наваградскі трон. Віцень мячом уціхамірыў жамойтаў, якія хацелі пайсці на саюз з крыжакамі супраць ВКЛ. Ад Віценя ідзе наш гістарычны герб "Пагоня"(1293 г.), з канца 13 ст. зрабіў гербам Наваградка, потым гербам вялікіх князёў літоўскіх, а з 1384 г. – дзяржаўны герб ВКЛ: Іпацьеўскі летапіс падае: "рыцар збройны на кані з мечам, еже ныне наречут Погоня". Са смерцю Віценя (1316 г.) закончыўся Навградскі перыяд ВКЛ, перыяд станаўлення і ўмацавання ВКЛ.

Сыны: Воін стаў Полацкім князем, далучаны да ВКЛ у 1307 г, ваяваў з крыжакамі (зрабіў 16 паходаў). Сын Федар ваяваў з Польшчай, зрабіў 9 паходаў.

Перыяд – Віленскі

25 гадоў уладарыў у ВКЛ Гедымін (1275-1341 гг.).

З 1316 г. сын Віценя, па некаторых звестках брат (дынастыя Гедымінавічаў). Пры ім пачынаецца віленскі перыяд ВКЛ, тэрыторыя якога павялічылася прыкладна ў 3 разы. Яна ўключала каля 80% сучаснай тэрыторыі Беларусі. У 1323 годзе ён перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню, якая заставалася стольным горадам да канца 18 ст., бо Наваградак стаў пастаянным аб'ектам крыжацкай агрэсіі, што падрывала эканоміку і палітычнае значэнне Наваградскай зямлі – разбуралася, рабавалася, знішчалася Наваградская зямля. Першая назва Вільні – Крыў-горад – на рацэ Вілія. Вільня – гэта святыня для беларусаў, цэнтр беларускай культуры, адукацыі, навукі, нацыянальнага руху з 16 да пач. 20 ст.

Пры Гедыміне і яго наступніках (Альгердзе, Вітаўце і інш.) пачаўся перыяд бурнага тэрытаряльнага росту дзяржавы, што вывела яе ў лік найбуйнейшых тагачасных дзяржаў Еўропы. Гедымін пашырыў межы і ўплыў ВКЛ на ўсходне-славянскі поўдзень і ўсход.

Пры Гедыміне поўная назва пасады дзяржаўнага кіраўніка стала гучаць так: "кароль Літвы і Русі", "кароль літоўцаў і многіх рускіх", адпаведна "каралеўства ліцвінаў і русінаў". Пад назвай "рускія" меліся наўвазе жыхары беларускіх зямель: Віцебскай, Берасцейскай, Менскай і Тураўскай, якія ўвайшлі ў склад ВКЛ. У выніку гэтага дзяржава атрымала назву "Вялікае княства Літоўскае і Рускае". Пад "Літвой" тады разумелася тэрыторыя верхнга і сярэднага Панямоння, а пад "Руссю" – верхняе Падзвінне і Падняпроўе. Пазней (у першай палове 15 ст.), калі была далучана Жамойція – заходняя частка сучаснай Літвы, дзяржава атрымала поўную назву "Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае". Часцей ужывалася скарочаная назва – ВКЛ.

Фарміраванне тэрыторыі ВКЛ

1. Гедымін зрабіў 2 паспяховыя паходы на поўдзень ў 1321-1322 гг. і далучыў да ВКЛ "манархію Кіеўскую, Валынскае і Северскае княствы аж да Пуціўля (за Кіевам на 50 міль, згадваецца ў Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай)". Але канчатковы пераход Кіева да ВКЛ адбыўся ў 1362 годзе пры Альгердзе.

· Гедымін уключыў у склад ВКЛ Віцебскую, Берасцейскую, Менскую, Тураўскую і Пінскую землі – большую частку зямлі сучаснай Беларусі частку Латвіі

· Падляшша (тэрыторыя сучаснай Польшчы)

· Смаленск стаў саюзнікам Гедыміна (Гедымін аддаў дачку замуж за сына маскоўскага князя Івана Каліты)

· Цвярскі князь Дзмітрый (зяць Гедыміна, за якога пайшла замуж дачка Марыя) падпарадкаваў Вязьму

· Польскі кароль (зяць Гедыміна, аддаў яму сваю дачку Альдону).

У выніку Гедымін назваў дзяржаву " ВКЛ (верхняе і сярэдняе Панямонне)

і рускае" (Падняпроўе і сярэдняе Падзвінне).

Палітычная мудрасць Гедыміна заключаецца ў тым, што далучаючы да ВКЛ іншыя тэрыторыі, ён гарантаваў ім аўтаномію, захоўваў мясцовыя законы, правы і ўладанні мясцовых феадалаў і іншых слаёў. Прынцыпам дзяржаўнага жыцця пры ім стаў наступны: "Не рушыць даўніны, не ўводзіць навізны". Ён азначаў паважлівыя адносіны да зямельных уладанняў феадалаў і захаванне гістарычных традыцый насельніцтва ВКЛ, пераемнасць у палітычным і грамадскім жыцці. Для пашырэння межаў Гедымін выкарыстоўваў розныя сродкі:

· дынастычныя саюзы

· шлюбы сваіх дзяцей

· палітычныя пагадненні

· ваенную сілу.

Асаблівых поспехаў Гедымін дамогся сваёй усходняй палітыкай з прынцыпам негвалтоўнага далучэння новых зямель Русі. Адным з галоўных фактараў, які спрыяў працэсу збірання земляў вакол літоўскай дынастыі – антытатарская палітыка літоўскіх князёў. Да моцнага ВКЛ як альтэрнатывы ханскай уладзе хіліліся і заходнія землі Вялікарасіі, для элітаў якіх вялікаўладзімірскі князь быў стаўленікам Залатой Арды.

Другім выйгрышным момантам палітыкі вялікага князя літоўскага была рэлігійная талерантнасць.

З княжання Івана Каліты (1325-1340 гг.) стала хутка ўзрастаць моц Масквы. Іван Данілавіч імкнуўся захоўваць добрыя адносіны як з Ардой, так і з ВКЛ. Ён ў 1333/34 гг. ажаніў свайго сына Сямёна з Гедымінавай дачкой Аўгустай. Гедымін парушыў мір і ў адказ на тое вялікі князь маскоўскі спаліў залежныя ад ВКЛ гарады Смаленскай зямлі. Так Масква ўпершыню адкрыта выступіла супраць ваенных заваёў ВКЛ. Аднак ваенны канфлікт не паспеў перарасці ў вайну. Маскоўскае княства стала ўмацоўвацца дзякуючы новай палітыцы Залатой Арды: хан Узбек паставіў на мэце умацаваць Маскву як супрацьвагу літоўскай экспансіі. У 1339/1340 гг. Залатая Арда прыступіла да ажыццяўлення праграмы маскоўска-татарскага націску на ВКЛ.

Магчыма, Гедымін дасягнуў бы большых поспехаў у аб'яднанні ўсходніх славян, але пастаянна перашкаджалі крыжакі (Тэўтонскі ордэн). Пры Гедыміне на ўсёй заходняй мяжы будуюцца крэпасці (Вільня, Трокі, Ліда, Крэва). Ад ядра крыжакаў у 1341 годзе (у Медніках) Гедымін і загінуў.

2. Дастойна супрацьстаяць ворагам будзе старэйшы сын Гедыміна, Альгерд (1296-1377 гг.) (у Вільні) і ягоны брат Кейстут (княжыў з 1345 г.) (у Троках). Зоны ўплыву Альгерда – ўсходняя палітыка (татара-манголы + маскоўцы), Кейстута – крыжакі.

Пры Альгердзе ВКЛ вырасла ў магутную еўрапейскую дзяржаву, з якой вымушаны былі лічыцца і нямецкі ордэн, і татара-мангольская Залатая Арда і іншыя магутныя суседзі. Пры Альгердзе тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым у 2 разы. Такім чынам, завяршылася аб'яднанне тэрыторыі сучаснай Беларусі ў складзе ВКЛ.

Пасля смерці Альгерда ў 1377 годзе пасад у Вільні дастаўся не Андрэю Альгердавічу, а Ягайлу, які не стаў дастойным пераемнікам бацькі ў збіранні ўсходне-славянскіх зямель вакол Вільні. Пачнецца барацьба паміж братамі (іх 12) за галоўны трон + сын Кейстута Вітаўт.

1385 г. – падпісана Крэўская ўнія. Палякі паставілі Ягайлу ўмову: прыняць каталіцызм самому і прымусіць да гэтага прыдворных, і тады ён становіцца Каралём Польскім і князем ВКЛ.

Палітыка Ягайлы па акаталічванню беларусаў выклікала незадаволенасць вярхоў ВКЛ. Гэтыя настроі выкарыстаў Вітаўт, сын Кейстута і ўнук Гедыміна (1350-1430 гг.). 3-гадовая барацьба паміж Вітаўтам і Ягайлам завяршылася Вострынскім пагадненнем (ля Ліды) у 1392 г. Яно фактычна перакрэсліла Крэўскую ўнію.

& Вітаўт княжыў 38 гадоў у ВКЛ, Ягайла – 48 у Польшчы

Вітаўт – самы выдатны дзяржаўны дзеяч ВКЛ, ён прыйшоў да ўлады ў вельмі неспрыяльны час (барацьба католікаў і праваслаўных за незалежнасць ад Польшчы), таму прабіцца наверх і ўтрымацца там мог толькі вельмі таленавіты, здольны чалавек, які часта шукаў падтрымку ў крыжакаў. Яго мараль, метады барацьбы за ўладу выклікаюць розныя пачуцці: ён прадоўжыў аб'яднанне ўсходне-славянскіх зямель.

Здабыткі Вітаўта:

· 1395 г. – канчаткова падпарадкаваў Смаленск

· далучыў паўднёвую Падолію

· дамогся прызнання сваёй улады над расійскім Ноўгарадам

· пад пратэктарат ВКЛ трапіла Разанскае княства і Пскоў.

Напрыканцы 14 ст. Вітаўт распаліў у сабе вельмі шырокія амбіцыі (пасля 1380 года хан Мамай быў забіты, на яго месца прыйшоў Тахтамыш, які ў 1382 годзе зрабіў паспяховы паход на Маскву, захапіў яе і спаліў. Але ў гэты час з поўдня на Залатую Арду зрабіў паход Тамерлан, які ўшчэнт разбіў войскі Тахтамыша).Тады Вітаўт запрасіў Тахтамыша да сябе, аддаў яму горад Ліду (засяленне татар у ВКЛ). Вітаўт марыў стварыць самую магутную ў Еўропе літоўска-славянскую дзяржаву, далучыўшы Масковію (заключыў з ёй саюз), аддаў замуж сваю дачку Соф'ю за Маскоўскага князя Васіля І. Вітаўт рыхтаваў паход супраць татарскай арды з ханам Тахтамышам, у Лідскім замку яны дамаўляліся пра тое што "Я цябе пасаджу на Ардзе і на Сараі, і на Балканах, і на Астрахані, і на Азове, і на Заяцавай Ардзе, а ты мяне пасадзі на Маскоўскім вялікім княжанні і на Ноўгарадзе Вялікім,і на Пскове,а Цвер і Разань маі ёсць, а немцаў і сам вазьму". Гэтым планам не ўдалося здзейсніцца. 12 жніўня 1399 года ля ракі Ворскла войскі Вітаўта і Тахтамыша былі разбіты аб'яднанымі сіламі залатаардынскіх ханаў. У 1425 годзе пасля смерці Васіля І, Соф'я прыняла васальную залежнасць ад ВКЛ (ненадоўга). Пры Вітаўце ВКЛ займала найбольшую ў сваёй гісторыі тэрыторыю 900 тыс. кв.км. – ад Нёмана і Дзвіны да нізоўя Дняпра і Днястра да прычарнаморскіх стэпаў. На ўсходзе мяжа праходзіла 150 км ад Масквы. Памёр Вітаўт у 1430 годзе, а ўлада перайшла да брата Свідрыгайлы.

14. Грамадска-палітычны лад Вялікага княства Літоўскага. Федэратыўная структура ВКЛ.

Дзяржаўны лад ВКЛ з пачатку свайго ўзнікнення характарызаваўся наяўнасцю шырокай аўтаноміі асобных земляў-княстваў, якія ўваходзілі ў яго склад. Гэта была федэрацыя. Тэрытарыяльная структура ВКЛ паводле ўласных паўнамоцтваў падзялялася на 2 часткі:

· удзельныя княствы, цэнтральныя землі (на Беларусі іх было больш за 20)

Яны мелі сваіх уласных князёў, якія самастойна кіравалі (без удзелу вялікакняскай адміністрацыі), мелі аўтаномію:

а) удзельныя князі прызнавалі васальную залежнасць ад вялікага князя, адмаўляліся ад самастойнай знешняй палітыкі і абавязаліся гаспадару плаціць падаткі і несці ваенную службу (з 16 ст. нават прадугледжвалася пакаранне смерцю, калі шляхціч без прычыны адмаўляўся ехаць на вайну).

б) Вялікі князь абавязваўся не парушаць прыняты тут уклад жыцця, не ўводзіць нічога новага па двубаковай дамове.

З гэтых цэнтральных земляў найбольш развітымі былі т.зв. гаспадарскія вотчыны – палітычны цэнтр, што непасрэдна залежалі ад вялікага князя. Гэта радавыя ўладанні вялікіх князёў літоўскіх. Землі, якія прымалі непасрэдны ўдзел у стварэнні ВКЛ. Буйнейшымі цэнтрамі гаспадарскай вотчыны былі Наваградак, Вільня, Трокі, Мінск, Пінск, Гомель, Магілёў.

47 знакамітых родаў Беларусі арыстакратычныя, самыя багатыя мелі тут свае вотчыны.

· землі "прыслухоўваючыя" (анексы), далучаныя да ВКЛ

На Беларусі гэта былі Полацкая, Віцебская і Смаленскія землі. На Украіне – Валынь, Падолія, Кіеўшчына, Чарнігава-Северская зямля. Падляшша – Драгічын, Бельск, Мельнік – Польша. Жмудзь – этнічная Літва.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-12-07; просмотров: 86; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.144.116.159 (0.094 с.)