Адраджэнне і Рэфармацыя на Беларусі, іх асаблівасці. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Адраджэнне і Рэфармацыя на Беларусі, іх асаблівасці.



З канца ХV — пачатку ХVI ст. у большасці еўрапейскіх краін пачалася новая эпоха ў развіцці грамадства, якую назвалі Адраджэннем, альбо Рэнесансам. Яе феномен заключаўся ў тым, што ў параўнанні з сярэдневеччам і антычным часам у палітыцы, эканоміцы, ідэалогіі, асабліва культуры ўсёй Еўропы, адбыліся надзвычай вялікія, часам рэвалюцыйныя змяненні, выкліканыя зараджэннем новых буржуазных адносін, новага капіталістычнага ладу, які паступова ішоў на змену феадальнаму грамадству. А паколькі Вялікае княства Літоўскае было еўрапейскай дзяржавай, то ўсе гэтыя працэсы, вядома ж, мелі месца і ў яго межах. Адраджэнне стала вялікім прагрэсіўным пераваротам у гісторыі чалавецтва, маючым свае характэрныя рысы, свае асаблівасці.

1. Зварот да антычных традыцый, антычнай культуры, антычнай філасофіі, іх адраджэнне і далейшае развіццё. Па сутнасці, гэты працэс датычыўся толькі Італіі, дзе старажытная культура дасягнула высокага ўзроўню. Нездарма Адраджэнне і распачалося ў Паўночнай і Сярэдняй Італіі яшчэ ў ХIV ст. Праводзіліся археалагічныя раскопкі па пошуку і аднаўленню рымскіх і грэчаскіх статуй, ішла рэстаўрацыя антычнай архітэктуры, рабіліся пераклады твораў Платона, Арыстоцеля, Цыцэрона, стоікаў, эпікурэйцаў, пры тым мела месца свабоднае асэнсаванне тэкстаў.

Ва ўсіх іншых краінах Еўропы ішло зараджэнне, узнікненне новай, пераважна свецкай, культуры, новага светапогляду. Але Адраджэнне азначала не толькі паўтарэнне антычнасці. Гэта быў вялікі крок наперад ва ўсіх сферах жыццядзейнасці чалавека.

2. Гуманізм эпохі Адраджэння, яе антрапацэнтрызм (ад лац. humanus — чалавечнасць, ад грэц. anthropos — чалавек). Гэта сістэма светапогляду, кірунак грамадскай думкі, ідэалагічная аснова прагрэсіўнай культуры, вядучая ідэйная плынь, якая аформілася ў той час. Усё гэта азначала, што цэнтрам сусвету, новага светапогляду станавіўся не Бог, як у Сярэдневеччы, а чалавек — свабодная творчая істота з неабмежаванымі магчымасцямі, чалавек — асоба, прыгожая маральна і фізічна, поўная ўласнай годнасці, якая валодала рознабаковымі ведамі і асабістымі здольнасцямі.

Эпоха гуманізма стварыла новую сістэму каштоўнасцей, якая абараняла ідэалы дабра, справядлівасці, шчасця, радасці зямнога жыцця, зямной славы і дабрабыту чалавека, незалежна ад яго сацыяльнага паходжання і заслуг перад царквою.

3. Росквіт прыродазнаўчых і гуманітарных навук, навуковых адкрыццяў і тэхнічных дасягненняў. Яны ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё людзей, аказалі істотны ўплыў на іх светапогляд, змянілі іх лад жыцця. Так, выкарыстанне сілы ветра замест мускульнай энергіі чалавека, вынаходніцтва навігацыйных прыбораў прывялі да караблебудаўніцтва, засваення мораў і акеанаў, кругасветных падарожжаў, новых геаграфічных адкрыццяў, новых гандлёвых шляхоў, а ў далейшым — з’яўлення новага саслоўя — гандляроў.

Вельмі значныя наступствы ў галіне ваеннай тэхнікі мела адкрыццё і распаўсюджванне агнястрэльнай зброі. Яно не толькі змяніла стратэгію і тактыку вядзення вайны, але і зрабіла непатрэбнам існаванне цэлага саслоўя — рыцараў-воінаў.

Вытворчасць шкла і яго шырокае выкарыстанне значна змяніла аблічча гарадоў, наблізіла іх да сучаснага выгляду. У архітэктуры пачалі ўжывацца больш дасканалыя стылі, больш лёгкія канструкцыі і матэрыялы.

Вынаходніцтва мікраскопа прывяло да свайго роду рэвалюцыі ў біялогіі — адкрыцця клеткі. Была знята забарона з навуковых даследаванняў цела чалавека і яго псіхікі. Урачы пачалі вывучаць будову цела, анатаміруючы трупы, мастакі — ствараць карціны з выявай непакрытага цела, пісьменнікі, паэты вывучалі пачуцці, эмоцыі чалавека.

І вядома ж, найвялікшай падзеяй, своеасаблівай культурнай рэвалюцыяй, якая вызначала фарміраванне не толькі культуры Адраджэння, але і ўсёй сусветнай культуры, было кнігадрукаванне, у выніку якога больш хуткімі тэмпамі пачала распаўсюджвацца літаратура, асвета, адукацыя.

4. Адбылася мадыфікацыя сярэдневяковай хрысціянскай традыцыі. Змянілася роля царквы, адносіны да яе, да святароў. Супраць каталіцкай царквы як пасрэдніка паміж Богам і чалавекам выступілі рэфарматары-гуманісты, многія з якіх пачалі перакладаць Біблію на жывыя нацыянальныя мовы, што садзейнічала яе даступнасці, распаўсюджванню сярод больш шырокіх колаў насельніцтва. У ідэйнай сістэме грамадства галоўнае месца займаў ужо не Бог, а чалавек, як вянец светабудовы, любімае Божае стварэнне. Хаця па-ранейшаму роля хрысціянскай царквы ў Еўропе яшчэ доўгі час заставалася дастаткова вялікай і моцнай.

5. У эпоху Адраджэння складваліся ўмовы для стварэння нацый, абуджэння нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму, фарміраваліся і развіваліся нацыянальныя мовы, адбывалася інтэнсіўнае станаўленне нацыянальных культур. Носьбітамі новага светапогляду, новай нацыянальнай культуры станавіліся прадстаўнікі рознага сацыяльнага палажэння, розных прафесій, найперш гарадской інтэлігенцыі — паэты, філосафы, мастакі і інш. Не было амаль ніводнай краіны свету, у тым ліку і Беларусі, якая не нарадзіла б выдатных падарожнікаў, вучоных, вынаходнікаў, мысліцеляў, валодаўшых некалькімі мовамі свету.

Гэта была эпоха, найвялікшага дасягнення чалавечага розуму, эпоха, якая мела патрэбу ў тытанах і якая нарадзіла тытанаў па сіле думкі, пачуцця і характару, па шматбаковасці і вучонасці.

Пад уплывам ідэй Адраджэння кардынальна змяніўся светапогляд інтэлектуальнай і арыстакратычнай эліты — яна стала больш рэальна ўспрымаць рэчаіснасць, вырас яе адукацыйны ўзровень. Для простых жа людзей ідэі Адраджэння былі недаступнымі. Яны працягвалі, па сутнасці, жыць у свеце сярэдневякоўя. І менавіта інтарэсам сялян, бюргераў, мяшчан, для каго рэлігія заставалася самым вышэйшым, што было ў іх жыцці, у поўнай меры адпавядаў магутны рэфармацыйны рух, які ускалыхнуў Еўропу ў 20-я гады ХVI ст. Распачаўшыся ў Германіі, ён хутка перакінуўся на іншыя краіны Еўропы, і ў тым ліку ў ВКЛ. Гэты рух у аснове сваёй насіў антыфеадальны характар і распачаўся буржуазіяй — галоўным класам новага грамадства, якое ішло на змену феадальнаму. А паколькі каталіцкая царква была апорай феадалізму, то асноўны ўдар і прыйшоўся па ёй.

Рэфармацыя (ад лац. reformatio — пераўтварэнне) — гэта шырокі грамадска-палітычны і ідэалагічны рух, накіраваны супраць засілля каталіцкай царквы ва ўсіх сферах жыцця, супраць яе багаццяў, пышнасці, індульгенцый, разбэшчанасці святароў. Ідэолагі Рэфармацыі не адмаўляліся ад самой хрысціянскай рэлігіі, а жадалі прыстасаваць яе да інтарэсаў той часткі грамадства, ад імя якой яны выступалі. Новаму дзяржаўнаму ладу, новаму класу патрэбна была свая рэлігія для абароны іх інтарэсаў, больш танная, больш дэмакратычная. Рэлігійныя пераўтварэнні, перагляд дагматаў каталіцызма прывялі да ўзнікнення новага накірунку ў хрысціянстве — пратэстантызма, які адкрываў магчымасць веруючаму непасрэдна звяртацца да Бога без пасрэднікаў — царквы і святароў. Асноўныя дагматы пратэстантызму былі сфармуляваны яго заснавальнікамі М. Лютэрам, Ж. Кальвінам, У. Цвінглі. Рэфармацыя нанесла моцны ўдар па феадальнаму ладу, пануючай царкве, хрысціянскаму светапогляду і расчысціла шлях для новай буржуазнай эпохі. Але калі Адраджэнне азначала свецкі напрамак у развіцці культуры, то Рэфармацыя насіла рэлігійны накірунак.

Усе вышэйпазначаныя характэрныя рысы еўрапейскага Адраджэння і Рэфармацыі мелі месца і ў духоўным жыцці народаў Вялікага княства Літоўскага. Дзякуючы свайму геапалітычнаму становішчу, Беларусь з’яўлялася своеасаблівай міжкультурнай мяжой, скрыжаваннем дзвюх цывілізацый, дзвюх асноўных еўрапейскіх культурных традыцый — усходняй і заходняй. Калі ў Х–ХШ ст.ст. значны ўплыў на беларускую культуру аказвала Візантыя, ці усходняя традыцыя, а ў ХIV – першай палове ХVI ст. — і тая, і другая, то з сярэдзіны ХVI ст. вызначальнай становіцца заходне-еўрапейская культурна- ідэалагічная, філасофская і рэлігійная традыцыя. Гэта стала магчымым у выніку пашырэння міжкультурных, палітычных, гандлёвых сувязей Беларусі з еўрапейскімі краінамі, падарожжаў магнатаў, навукоўцаў, цэхавых майстроў, а таксама навучанне літвінскай моладзі ў Гальскім, Кракаўскім, Лейпцыгскім, Падуанскім, Пражскім і іншых універсітэтах Еўропы.

Для распаўсюджвання ідэй Адраджэння і Рэфармацыі ў ВКЛ склаліся неабходныя эканамічныя, палітычныя і ідэалагічныя перадумовы: гаспадарчы ўздым, урбанізацыя, павелічэнне гандлёва-рамесніцкага саслоўя, ажыўленне грамадска-палітычнага і культурнага жыцця ў гарадах, дзяржаўна-прававая стабілізацыя грамадства, фарміраванне беларускай народнасці, нацыянальнай самасвядомасці, уздым роднай мовы. З другога боку, мела месца абвастрэнне ўнутрыпалітычных і сацыяльных супярэчнасцей, узмацненне саслоўна-класа-вай барацьбы ў вёсцы, а з 1570 года тут пачалася контррэфармацыя.

Трэба адзначыць, што як Адраджэнне, так і Рэфармацыя на Беларусі не былі простым водгукам еўрапейскіх, а выступалі як нацыянальная з’ява, мелі сваю спецыфіку, свае асаблівасці.

1. Гуманістычная культура ў ВКЛ зацвярджалася з некаторым спазненнем у параўнанні з Заходняй Еўропай. Паколькі тут не паспелі сфарміравацца элементы раннебуржуазнага грамадства, то яе развіццё ажыццяўлялася на феадальна-прыгонніцкай аснове, пэўнай залежнасці гарадоў ад феадалаў, недастатковай сацыяльна-палітычнай і ідэйнай сталасці мяшчанскага саслоўя і інш.

2. Ідэя асабістай свабоды была абмежавана інтарэсамі агульнага дабра, роўнасці, справядлівасці.

3. Ідэі беларускага гуманізму былі звязаны не толькі з антыфеадальным, але і з нацыянальна-рэлігійным рухам.

4. Беларускі рэфармацыйны рух быў рэлігійна верацярпімым: ён прымаў выгляд хрысціянскага гуманізму. Верацярпімасць абвяшчалася дзяржаўнай палітыкай ВКЛ і была замацавана ў Статутах 1566 і 1588 гадоў. Там гарантаваліся роўныя правы праваслаўным, католікам, кальвіністам, антытрынітарыям ды іншым рэлігійным сектантам (разд. III, арт. 3). Да пэўнага часу мірнае суiснаванне розных рэлігій не супярэчыла нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, а спрыяла пашырэнню асветы, адукацыі, пісьменнасці. Пазней гэта наклала адбітак на ментальнасць беларускага народа, яго самасвядомасць і культуру.

5. Ідэолагі Рэфармацыі на Беларусі (С. Будны, В. Цяпінскі, Ф. Соцын) былі не проста паслядоўнікамі еўрапейскіх рэфарматараў і гуманістаў, а выступалі як самастойныя нацыянальныя мысліцелі. Рэфармацыйны рух развіваўся тут на трывалай нацыянальнай аснове.

6. Шырокае распаўсюджванне ў гэты час атрымала мецэнацтва, якое адыграла вялікую ролю ў развіцці беларускай культуры. Выдатнымі мецэнатамі былі вялікі князь Аляксандр, Жыгімонт I, магнаты Радзівілы, Сапегі, Агінскія, а таксама заможныя мяшчане. Яны стваралі друкарні, бібліятэкі, адкрывалі школы, прафесійныя тэатры, апякалі здольных да навукі маладых людзей, незалежна ад іх паходжання. На свае сродкі пасылалі вучыцца ў еўрапейскія універсітэты.

І хоць развіццё рэнесанснай культуры тут засталося незавершаным, не да канца аддзеленым ад рэлігійнай ідэалогіі, тым не менш беларускі народ дасягнуў небывала высокага ўзроўню, даў такія імёны мысліцеляў, асветнікаў, якія вывелі Беларусь на перадавыя пазіцыі ў Еўропе, зрабілі яе паўнапраўным удзельнікам агульнаеўрапейскага культурна-гістарычнага працэсу.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-12-07; просмотров: 68; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.22.181.81 (0.006 с.)