Музычна-тэатральнае жыцце Беларусі (канец Х V ііі–пачатак ХХ ст. Ст. ). 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Музычна-тэатральнае жыцце Беларусі (канец Х V ііі–пачатак ХХ ст. Ст. ).



У музычна-тэатральнай культуры ў канцы XVIIІ – першай палове ХІХ ст. адбываюцца змены. Замест прыгонных тэатраў магнатаў з′яўляюцца тэатры прыватнай антрэпрызы, якія ўвасаблялі новы, камерцыйны падыход да арганізацыі відовішчаў. Па форме дзейнасці тэатры былі «аб′язнымі». Яны мелі сталую базу ў губернскім ці буйным павятовым горадзе і час ад часу рабілі турнэ па навакольных гарадах, мястэчках. Высокае майстэрства і вялікую вядомасць набылі ў той час віленская тэатральная трупа Мараўскага, гродзенская — Саламеі Дзешнер, мінская — Кажынскага. У 30-я гады тэатральныя відовішчы адбываюцца ўжо бесперапынна ва ўсіх губернскіх і ў многіх павятовых гарадах. Усталёўваецца тэатральны сезон, з′яўляюцца пастаянныя гарадскія тэатры.

У сярэдзіне 40-х гадоў для палягчэння прыгляду за тэатральным мастацтвам царскія ўлады правялі тэатральную рэформу. Усе вандроўныя трупы забараняліся, у губернскіх гарадах ствараліся пастаянныя руска-польскія тэатры і тэатральныя дырэкцыі. Гэтыя тэатры мелі манапольнае права на паказ спектакляў. Аднак рэформа не была даведзена да канца. Ужо ў сярэдзіне 50-х гадоў на Беларусі зноў дзейнічаюць аматарскія «аб′язныя» трупы.

Такія аматарскія трупы былі вельмі папулярны ў шляхецкім, чыноўніцкім і афіцэрскім асяроддзі. На аматарскай сцэне рабіў першыя крокі беларускі нацыянальны тэатр. Ля яго вытокаў стаялі В. Дунін-Марцінкевіч і тыя мінскія акцёры і музыканты-аматары, якія гуртаваліся вакол яго. 23 верасня 1841 г. адбылася прэм′ера аматарскага спектакля — камічнай оперы «Рэкруцкі яўрэйскі набор», музыку для якой напісалі С. Манюшка і К. Кржыжаноўскі, а лібрэта — В. Дунін-Марцінкевіч. 9 лютага 1852 г. мінскія аматары паставілі «Ідылію» тых жа аўтараў.

З сярэдзіны ХІХ ст. атрымалі сцэнічнае жыццё народныя танцы (у спектаклях В. Дуніна-Марцінкевіча). Тут трэба адзначыць, што беларускія народныя матывы выкарыстоўвалі М. Глінка (варыянт Лявоніхі ў сімфоніі рэ мінор), А. Глазуноў (у сімфоніі рэ мажор), М. Карловіч (у «Літоўскай рапсодыі» і сімфоніі «Адвечныя песні»), Л. Рагоўскі (у сваіх сімфоніях), М. Мусаргскі (сцэна ў карчме ў оперы «Барыс Гадуноў»), М. Рымскі-Корсакаў (у «Майскай ночы»). Іх апрацоўвалі М. Іпалітаў-Іванаў, А. Грачанінаў, С. Танееў і інш.

З тэатрам было цесна звязана музычнае мастацтва. Музыка гучала не толькі на спектаклях: яе слухалі ў салонах мясцовай шляхты, выкладалі ў навучальных установах, праходзілі сольныя і аркестровыя канцэрты.

На Беларусі добра ведалі музычныя творы заходнееўрапейскіх кампазітараў, папулярнасцю карысталіся кампазіцыі мясцовых аўтараў.

Сусветнай славай карыстаюцца творы нашых землякоў М. К. Агінскага, С. Манюшкі, добра вядомыя імёны А. Абрамовіча, В. Казлоўскага, Г. Глінскага, П. Карафа-Корбута, І. Шадурскага і інш. У арганізацыі канцэртнага жыцця і пашырэнні музычнай асветы значную ролю адыгралі браты Дамінік і Вікенцій Стэфановічы, якія кіравалі мінскім аркестрам.

Міхал Клеафас Агінскі паходзіў з сям′і беларускай шляхты, добра вядомай на слонімшчыне. Ён быў вядомы не толькі як выдатны кампазітар і выканаўца, але і як палітычны і грамадскі дзеяч, удзельнік паўстання за аднаўленне Вялікага княства Літоўскага. М. Агінскім напісана больш як 60 музыкальных твораў: 4 вальсы, 4 маршы, 3 мазуркі, некалькі мінуэтаў, рамансаў, песень і больш 20 паланэзаў. Найбольш папулярным творам кампазітара з′яўляецца яго паланэз «Развітанне з Радзімай». Ён аўтар чатырохтомных мемуараў і трактата «Пісьмы аб музыцы».

Глыбокі след у беларускай музычнай культуры пакінуў ураджэнец Ігуменскага раёна С. Манюшка. У Мінску ў таленавітага музыканта і выкладчыка Д. Стэфановіча ён атрымаў пачатковую музычную адукацыю. З Мінскам звязана стварэнне і пастаноўка яго першых вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер. У садружнасці з В. Дунінам-Марцінкевічам ім напісаны оперы «Спаборніцтва музыкантаў», «Чарадзейная вада», «Сялянка», пастаўленных у Мінску і іншых беларускіх гарадах.

Фларыян Міладоўскі быў вучнем Мендэльсона. Ён напісаў шэраг музычных твораў, добра вядомых ў Еўропе. Восіп Казлоўскі, дзед знакамітага расійскага спевака Івана Казлоўскага, з′яўляўся збіральнікам твораў беларускага музычнага фальклору. Запрошаны ў Пецярбург, ён стаў там кіраўніком Яго імператарскай вялікасці тэатраў, напісаў расійскі гімн «Гром победы, раздавайся».

У другой палове ХІХ ст. у Мінску пачынаюць працаваць фартэп′янная фабрыка, магазін па продажу нот і інструментаў, узнікаюць новыя аматарскія таварыствы: першая беларуская трупа І Буйніцкага, Мінскае музычнае таварыства, Мінскі музычны гурток, Таварыства аматараў прыгонных мастацтваў, прыватныя музычныя школы.

У тэатральна-музычным жыцці значнае месца займалі гастролі С. Рахма-нінава, Ф. Шаляпіна, Д. Зілоці, М. Батыстыні, Мікалая і Медэі Фігнер, Генадзя і Юліі Веняўскіх і шмат іншых.

Для пачатку ХХ ст. характэрны больш дэмакратычныя формы аматарскага музыцыравання і яго далейшае развіццё. У гарадах і мястэчках ствараліся хоры, музычна-драматычныя гурткі, якія выконвалі і захоўвалі беларускія народныя песні і танцы.

37. Станаўленне беларускай нацыянальнай літаратуры і мовы (ХІХ–пач.ХХ ст.ст.).

Адметнай рысай культурнага жыцця Беларусі канца ХVIII – пачатку ХХ ст.ст. з’яўлялася развіццё літаратуры і журналістыкі. Цэлыя галіны культуры становяцца своеасаблівай трыбунай палітычнай думкі, месцам ідэалагічнай барацьбы. Літаратура Беларусі ў гэты час фарміравалася пад уплывам вялікай французкай рэвалюцыі, нацыянальна-вызваленчага руху. Яна ўвабрала ў сябе прагрэсіўныя элементы сусветнай культуры, была шматмоўнай. Друкаваліся кнігі на польскай, лацінскай, нямецкай і іншых мовах. З’яўляліся літаратурныя творы на беларускай мове.

Развіццё беларускай літаратуры ішло ад рамантызму праз сентыменталізм да рэалізму, шляхам паступовага адыходу ад фальклорнага апісальніцтва на пачатку яе развіцця — да развітай літаратуры. Ішоў працэс жанравага ўзбагачэння, удасканальвалася вершаскладанне.

Характэрнай з’явай беларускай літаратуры першай паловы ХIХ ст. было ўзнікненне ананімных твораў «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Сход», «Вясна гола перапала», «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе» і іншых. У іх адлюстраваны рысы сацыяльных адносін таго часу, думкі і настроі беларускіх сялян, сцвярджалася права прыгоннага селяніна звацца чалавекам, вучыла асуджэнню існуючых парадкаў.

Значную ролю ў станаўленні беларускай літаратуры, а разам з ёй і мовы, адыгралі пісьменнікі, збіральнікі народнага фальклора Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Аляксандр Рыпінскі, У. Сыракомля, В. Каратынскі і іншыя. У 20–30-я гады развіваецца паэтычны талент Паўлюка Багрыма. У творах гэтых аўтараў гучала народная гаворка, мова тых мясцовасцей, адкуль паходзілі пісьменнікі. Найбольшае распаўсюджванне атрымала цэнтральная беларуская гаворка. Яна стала асновай новай беларускай літаратурнай мовы. Разам са станаўленнем новай беларускай літаратурнай мовы выпрацоўвалася агульнабеларускае вымаўленне, стыль, правапіс.

Выдатным літаратарам Беларусі з’яўляецца Адам Міцкевіч. Яго творы, напісаныя на польскай мове пад значным уплывам мовы беларускага народа, паэтыкі беларускай песні, могуць лічыцца спадчынай не толькі польскага народа. У сваіх творах «Мешка, князь Навагрудка», «Бульба», «Дзяды», «Пан Тадэвуш», «Гражына» А. Міцкевіч выкарыстаў тэмы і вобразы беларускага фальклору, сюжэты беларускай гісторыі.

У 40-я гады ХIХ ст. свайго росквіту дасягнула творчасць пісьменніка, драматурга, грамадскага дзеяча В. Дуніна-Марцінкевіча. Яго першыя п’есы «Рэкруцкі яўрэйскі набор», «Спаборніцтва музыкантаў», «Чарадзейная вада» былі напісаны на польскай мове і пастаўлены на мінскай сцэне. У 1846 г. убачыла свет выдатная музычная п’еса В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка», дзе ўпершыню загучала жывая беларуская гаворка. У 50-я гады ён стварае вершаваныя апавяданні «Вечарніцы», «Гапон», «Халімон на каранацыі» і іншыя, а таксама займаецца перакладамі. Адзін з найлепшых і самых вядомых сваіх твораў — фарсвадэвіль «Пінская шляхта» — пісьменнік стварыў у пачатку 60-х гадоў.

Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры і мовы другой паловы ХIX ст. стала творчасць Ф. Багушэвіча. Да сваіх зборнікаў «Дудка беларуская», «Смык беларускі» Ф. Багушевіч складаў прадмовы, праз якія імкнуўся абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа. У іх ён абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы. Галоўнае месца ў творах пісьменніка — паказ жыцця паднявольнага сялянства, пошукі справядлівасці.

Новыя тэмы, матывы і вобразы канца ХIХ — пачатку ХХ ст.ст. прынеслі ў беларускую літаратуру Янка Лучына, Адам Гурыновіч, Цётка, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч і іншыя. Я. Лучына з’яўляецца аўтарам першага беларускага верша «Роднай старонцы». У ім, а таксама ў сваіх паэмах «Паляўнічыя акварэлькі», «Гануся», «Андрэй», «Віялета» ён выражае любоў да радзімы, асэнсоўвае беларускую рэчаіснасць.

Кнігі «Скрыпка беларуская», «Хрэст на свабоду» Цёткі (А. Пашкевіч) сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. Цётка з’явілася адной з пачынальнікаў апавядальнага жанру.

На якасна новы ўзровень узнялі беларускую літаратуру і мову Янка Купала, Якуб Колас. Адзіны паэтычны зборнік «Вянок» належыць Максіму Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры.

У пачатку ХХ ст. раскрыліся творчыя здольнасці М. Гарэцкага, З. Бядулі, Ц. Гартнага, К. Каганца і інш. Беларуская літаратура пачала знаходзіць прызнанне ў суседніх, перш за ўсё славянскіх народаў, паступова ўключацца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.

Важным здабыткам беларускай культуры ХIX – пачатку ХХ ст.ст. стала развіццё перыядычнага і кніжнага друку. Спачатку друк быў прадстаўлены апазіцыйнымі выданнямі, пазней — незалежнымі. Значнай падзеяй культурнага жыцця Беларусі стала стварэнне ў 1906 г. першага беларускамоўнага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» у Пецярбургу.

У заключэнне трэба адзначыць, што значнае месца ў беларускай культуры займала развіццё навукі, філасофіі і грамадска-палітычнай думкі. Выдатны ўклад ў матэматыку і астраномію ўнёс Ян Снядэцкі. Дзякуючы яму, у Вільні была адкрыта астранамічная абсерваторыя, яго падручнік па сферычнай трыганаметрыі лічыўся лепшым у Еўропе і быў выдадзены ў Лейпцыгу. Брат Яна Снядэцкага Андрэй, стаў аўтарам працы «Тэорыя арганічных рэчываў», у якой стварыў упершыню стройную навуковую тэорыю на падставе эмпірычных дадзеных біялогіі.

Знакамітымі вучонымі свету былі: вядомы батанік і біёлаг С. Юндзіл, прафесар медыцыны А. Бекю, фізіёлаг М. Гамаліцкі, хімікі К. Шміт, І. Цютчаў; аграбіёлагі — М. Аганоўскі, І. Чарнятаў. Філософія развівалася Я. і А. Сня-дэцкімі, К. Нарбутам, Д. Доўгірдам, асветніцтва — Л. Бароўскім, Я. Славацкім, Т. Занам. Ідэі матэрыялістычнага светапогляду развівалі Ф. Савіч, М. Лавіцкі, В. Давід, Э. Жылігоўскі, А. Саветаў, І. Сцебут, М. Рытаў і многія іншыя.

Развівалася дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У канцы ХIX ст. пачынаецца дэманстрацыя кінафільмаў. У 1907 годзе бяруць пачатак здымкі мясцовых хранікальных сюжэтаў. Зараджаецца спорт.

Культура Беларусі канца ХVIII – пачатку ХХ ст.ст. стала важнай часткай сусветнага гістарычнага працэсу. У многіх галінах — выяўленчым мастацтве, літаратуры, тэатры, навуцы — яна дасягнула еўрапейскіх вышынь. У гэты час фарміравалася яе самабытнасць, непаўторныя традыцыі, агульнанацыянальная літаратурная мова.

Беларускі народ, нягледзячы на паланізацыю і русіфікацыю, здолеў захаваць свой этнічны воблік, адстаяў нацыянальную перспектыву.

38. Змены ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў 1917 годзе. Прадумовы беларускага дзяржаўнага аднаўлення.

Беларускі народ меў сваю дзяржаўнасць больш за тысячу гадоў: Полацк (сярэдзіна 9 ст.), ВКЛ (з перш. паловы 13 ст. да 1791 г. (да Канстытуцыі РП)), трэці падзел РП (1795 г.), у выніку якога адбылася канчатковая страта беларускага суверэнітэта. Да пачатку 20 ст. у Беларусі склаліся спрыяльныя ўмовы для адраджэння беларускай дзяржаўнасці:

1. У 1903 г. у стварэнні першай нацыянальнай палітычнай партыі (БРГ→БСГ) прынялі ўдзел Вацлаў Ластоўскі, браты Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч, Кастусь Кастравіцкі, большасць з якіх былі студэнтамі пецярбургскага універсітэта. У першай праграме БСГ выказвалася за вызваленне ад Расіі, за дэмакратычную РБ. У другой праграме 1906 г. значылася дзяржаўная і культурна-нацыянальная аўтаномія Беларусі, але са сваім парламентам у Вільні. Пасля правалу рэвалюцыі 1907 года БСГ вымушана была спыніць сваю дзейнасць да лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.

2. Руская рэвалюцыя 1905-1907 гг. паўплывала на адраджэнне беларускай дзяржаўнасці. У 1906 годзе ў Пецярбургу было заснавана першае легальнае выдавецтва "Загляне сонца і ў наша аконца": за 8 гадоў існавання выдала больш за 40 кніг на беларускай мове тыражом больш 100 тысяч экземпляраў. Актыўна дзейнічалі такія выдавецтва, як "Мінчук", "Наша хатка", "Наша ніва". У 1907 г. знята забарона з ужывання беларускай мовы.

3. У Вільні распачаты выпуск у свет беларускіх газет: "Наша доля" (верасень 1906 г.), "Наша ніва" – выхавала шмат людзей, якія будуць стаяць ля вытокаў адраджэння беларускай дзяржаўнасці.

4. Першая сусветная вайна паскорыла нацыянальны рух на Беларусі. Усевалад Ігнатоўскі так сказаў пра людскія страты (1,5 млн. людзей): "Беларусь ператварылася ў сусветную трупярню".

5. Пад час заканчэння вайны (1914-1918 гг.) пачаўся распад імперый: Аўстрыйскай, Асманскай, Расійскай. На руінах узнікаюць новыя дзяржаўныя ўтварэнні. У гэты час назіраецца кансалідацыя беларускага нацыянальнага руху.

6. Лютаўская рэвалюцыя 1917 года ў Расіі. Мікалай ІІ адмовіўся ад улады, створаны Часовы ўрад. Знікла сістэма, што бязлітасна падаўляла ўсе спробы беларусаў аднавіць сваю дзяржаўнасць. Выйшлі з падполля палітычныя партыі, у тым ліку і беларускія. Абвешчаныя ў Расіі свабоды далі магчымасць сабраць 1 і 2 з'езды беларускіх арганізацый. На 1 быў створаны Белнацкам, на 2 – абрана беларуская дзяржаўная рада. Мэта бел. арганізацый – сабраць групы людзей з рознымі палітычнымі поглядамі, але якія былі за аднаўленне Беларусі з роднай мовай, нац. традыцыямі. Пасля Лют. рэвалюцыі прадстаўнікі нац. інтэлігенцыі пачалі агітаваць людзей за аб'яднанне людзей, каб стварыць бел. ваеннае аб'яднанне. Яны сабраліся ў Мінску ў кастрычніку 1917 года і стварылі Цэнтральную беларускую ваенную раду (ЦБВР) – зародак міністэрства абароны. Акрамя таго, створана вябікая беларуская рада (ВБР) як зародак будучага правіцельства (з прадстаўнікоў беларускіх арганізацый). Гэтыя суполкі зрабілі спробу аб'яднаць людзей вакол нац. ідэі, але не атрымалася, таму што супраць гэтага выступалі БУНД, меньшавікі, эсэры.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-12-07; просмотров: 78; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.222.109.141 (0.02 с.)