Развіцце літаратуры, тэатра і музыкі беларускага народа (20-30-я гг. ХХ ст. ). 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Развіцце літаратуры, тэатра і музыкі беларускага народа (20-30-я гг. ХХ ст. ).



Аналізуючы развіццё музычнай культуры, трэба нагадаць, што поспехі ў станаўленні музычнага мастацтва былі дасягнуты ўжо ў першыя гады савецкай улады. Спачатку ў музычным жыцці пераважала творчасць харавых калектываў, створаных на самадзейнай выснове. Адначасова складваліся ўмовы і рабіліся першыя крокі да стварэння прафесіянальнага музычнага тэатра, нацыянальнай оперы. Вялікую ролю ў падрыхтоўцы прафесійных музычных кадраў, у мастацкім выхаванні працоўных адыгралі народныя кансерваторыі ў Віцебску, Гомелі, Бабруйску. Значнай з'явай стала адкрыццё Беларускага музычнага тэхнікума ў Мінску. Оперны і балетны класы, музычныя калектывы тэхнікума з´явіліся асновай Беларускай студыі оперы і балета (з 1933 г. Дзяржаўны тэатр оперы і балета), сімфанічнага аркестра Беларускага радыёцэнтра, філарманічнага аркестра народных інструментаў.

У 1932 г. арганізоўваецца Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, хор пры радыёцэнтры, у 1937 г. адкрыта Беларуская дзяржаўная філармонія. Філармонія аб'яднала сімфанічны і народны аркестры, харавую капэлу, ансамбль беларускай народнай песні і танца, вакальны і смычковы квартэты. Беларускія цымбалісты І. Жыновіч, А. Астрамецкі, піяніст А. Клумаў і іншыя ўдзельнічалі ва Ўсесаюзных музычных конкурсах. У 1938 г. ствараецца Ансамбль песні і танца Беларускай ваеннай акругі.

Развіццю эстраднага мастацтва спрыяла стварэнне ў Беластоку Дзяржаўнага джаза БССР, мастацкім кіраўніком якога з'яўляўся Эдзі Рознер. Калектыў карыстаўся такой папулярнасцю, што з яго творчасцю азнаёміўся нават сам Сталін. Там жа ў Беластоку ў 1940 г. быў арганізаваны Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р. Шырмы (з 1957 г. Дзяржаўная акадэмічная капэла БССР). Кампазітарскія і музычныя жанры аб'ядноўваў створаны ў 1934 г. Саюз кампазітараў.

У 20-я гады пачалася і адразу ж набыла даволі інтэнсіўны характар дзейнасць першых беларускіх савецкіх прафесійных кампазітараў (М. Чуркіна, М. Аладава, Я. Цікоцкага, Р. Пукста, А. Туранкова, М. Анца, М. Крошнера, В. Залатарова, М. Куліковіча-Шчаглова, М. Равенскага і інш.), былі закладзены асновы сімфоніі, квартэта, фартэпіяна, квінтэта, кантаты, раманса, масавай харавой песні.

Найбольш вядомымі творамі кампазітараў былі: першая беларуская рэвалюцыйная опера «Вызваленне працы» М. Чуркіна і камічная опера «Тарас на Парнасе» М. Аладава, «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага, «У пушчах Палесся» А. Багатырова, «Кветка шчасця» А. Туранкова і першы нацыянальны балет «Салавей» М. Крошнера. Выканаўцамі гэтых твораў былі таленавітыя майстры опернага і балетнага мастацтва Л.Александроўская, Р. Млодак, І. Бало-цін і інш.

Да 1938 г. кампазітары Беларусі напісалі больш за 100 масавых песень, звыш 20 буйных сімфоній, 12 камерных твораў. Некаторыя з напісаных народных песень — «Бывайце здаровы» І. Любана, «Вечарынка ў калгасе» С. Палонскага — сталі шырока вядомымі. Добра вядомымі былі і песні «Каваль», «Рабочы палац» А. Туранкова, «Першамайскі марш» М. Чуркіна і іншыя.

Значнае месца надавалася запісу і апрацоўцы народных песень. У цэлым беларуская музычная культура пры мастацкай недасканаласці многіх твораў абапіралася на народную песеннасць, узбагачала скарбонку беларускай культуры. Многія творы 20–30-х гадоў не страцілі свайго мастацкага значэння і засталіся рэпертуарнымі і зараз.

Адначасова з музычным развівалася тэатральнае мастацтва. 3 1917 г. арганізоўваліся новыя тэатры і шматлікія гурткі, якія з пачаткам першай сусветнай вайны спынілі сваю дзейнасць. У Мінску пачало дзейнічаць Першае таварыства беларускай драмы і камедыі (арганізатар Ф. Ждановіч), якое адыграла важную ролю ў станаўленні беларускага тэатральнага мастацтва. Асабліва развіццё тэатральнага мастацтва пачалося пасля вызвалення Мінска. У 1920 г. адчыніў дзверы БДТ-1 (зараз тэатр імя Я. Купалы), БДТ-2 (пад кіраўніцтвам У. Галубка); у 1926 г. — БДТ-3 (пазней — тэатр імя Я. Коласа ў Віцебску). У трупы гэтых тэатраў увайшлі найбольш таленавітыя прадстаўнікі нацыянальнай сцэны, якія і вызначылі яе развіццё. Гэта В. Галіна, Г. Глебаў, Г. Грыгоніс, К. Міронава, Б. Платонаў, Л. Ржэцкая, Ул. Уладамірскі, А. Ільінскі, П. Маўчанаў, К. Саннікаў, С. Станюта і інш.

У сувязі з культурным патрабаваннем вёскі ў сярэдзіне 30-х гадоў узніклі і дзейнічалі вандроўныя калгасна-саўгасныя тэатры. У 1938 г. іх працавала 8 (у Гомелі, Бабруйску, Барысаве, Слуцку, Полацку, Рагачове, Мазыры, Лепелі). Аб прафесійным узроўні гэтых творчых калектываў сведчыць той факт, што на базе Мазырскага тэатра быў створаны Палескі абласны тэатр, а на базе Барысаўскага ў 1939 г. — Пінскі абласны драмтэатр. 3 развіццём тэатраў расла і колькасць наведвальнікаў. Напрыклад, калі ў 1937 г. іх наведалі 999,4 тыс. чалавек, то ў 1939 г. — 1518 тысяч. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР там разгарнулася праца па стварэнню тэатраў. На пачатку 1941 г. у Беластоку працавалі беларускі і польскі драмтэатры, у Брэсце — рускі і яўрэйскі, у Гародні — рускі драматычны і лялечны, у Вілейцы, Баранавічах і Пінску — беларускія драмтэатры.

3 пачатку свайго існавання беларускі савецкі тэатр звяртаўся да твораў, прысвечаных гістарычнаму мінуламу, разнастайным праблемам сучаснага жыцця. Гэта спектаклі — «На купалле» М. Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Перамога» Я. Міровіча, «Бязвінная кроў», «Ганжа» У. Галубка.

У сярэдзіне 30-х гадоў беларускія тэатры ўступілі ў пару сваёй сталасці. Важнае значэнне ў гэтым мела засваенне сістэмы Станіслаўскага, творчай практыкі МХАТа. Вядучыя тэатры рэспублікі ўзбагачалі рэпертуары творамі беларускіх аўтараў, лепшымі ўзорамі рускай і замежнай класікі. Выкарыстоўвалася драматургія В. Дуніна-Марцінкевіча («Пінская шляхта»), Я. Купалы («Прымакі», «Паўлінка»), З. Бядулі («Салавей»), А. Астроўскага («Беспасажніца») («Ваўкі і авечкі»), І. В. Шылера («Каварства і каханне»).

Разам з развіццём тэатральнага мастацтва пасля 1917 г. пачынаецца станаўленне беларускай савецкай літаратуры. У тых ці іншых формах яна існавала ўжо ў перыяд грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі. Так, у гэты час пісаў вершы-заклікі Я. Купала, працаваў над патрыятычнымі вершамі Я. Колас, у газеце «Дзянніца» друкаваў свае творы Ц. Гартны. Пачалі пісаць 3. Бядуля, М. Чарот.

У пачатку 20-х гадоў беларуская літаратура вызначаецца бурным развіццём і ўздымам. Значную ролю ў гэтым адыграла газета «Савецкая Беларусь», якая пачала выдавацца з ліпеня 1920 г. Яна друкавала творы М. Ча-рота, К. Крапівы, К. Чорнага, М. Лынькова, М. Зарэцкага, В. Каваля, А. Зво-нака.

Выданнем беларускай літаратуры актыўна займалася заснаванае ў 1922 г. выдавецтва «Адраджэнне», часопісы «Маладняк» (1923–1932 гады), «Узвышша» (1927–1933 гады). Літаратурныя творы друкаваліся ў 25 газетах і 15 часопісах.

У 20–30-я гады ў беларускую літаратуру ўвайшлі новыя людзі: М. Чарот, У. Дубоўка, А. Дудар, У. Хадыка, М. Лужанін, А. Куляшоў, А. Бабарэка, А. Вольны, Я. Пушча, А. Аляксандровіч і іншыя. Гэтыя пісьменнікі і паэты аб'ядналіся ў арганізацыю «Маладняк». Мэта іх арганізацыі — стварэнне новага рэвалюцыйнага мастацтва. Але пры ажыццяўленні гэтай мары маладнякоўцы часта дапускалі памылкі ў адносінах да культурнай спадчыны, недастаткова ўвагі надавалі мастацкай вартасці твораў, былі вельмі ідэалагізаваны, палітызаваны. У 1928 г. «Маладняк» быў ператвораны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў, якая была ліквідавана ў 1932 годзе.

Істотны ўклад у тагачаснае літаратурнае жыццё ўнеслі пісьменніцкае аб'яднанне «Узвышша» і згуртаванне «Полымя».

У пачатку 30-х гадоў у літаратурным жыцці БССР адбыліся сур'ёзныя змены. Пастановай ЦК УКП(б) ад 23 красавіка 1932 г. «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» усе літаратурныя структуры ліквідаваліся і стваралася адна — Саюз савецкіх пісьменнікаў. Ён праводзіў лінію партыйнасці ў мастацкай творчасці, якая выражалася ў метадзе сацыялістычнага рэалізму. Гэты метад у якасці асноўнага зацвердзіў і Першы з'езд пісьменнікаў Беларусі, які адбыўся ў чэрвені 1934 года.

Лагічным вынікам правядзення метаду сацыялістычнага рэалізму з'явілася ідэалагізацыя рэвалюцыйных падзей і існуючага ў краіне грамадскага ладу. Наперакор праўдзе, савецкі чалавек стаў прадстаўляцца як творца і гаспадар новага жыцця. Пра гэта сведчаць многія літаратурныя творы, хоць часам і напісаныя на высокім мастацкім узроўні. Гэта творы А. Александровіча, С. Грахоўскага, Э. Самуйлёнка, М. Скрыгана, М. Хведаровіча і іншых. Аповесць П. Галавача «Спалох на загонах», напрыклад, якая рэкламавалася як выдатная літаратурная з'ява, сваім зместам апраўдвала формы і сродкі, з дапамогай якіх праводзілася масавае рассяляньванне краіны.

Метад сацыялістычнага рэалізму стаў выкарыстоўвацца для таго, каб сканцэнтраваць увагу на распачатых пераўтварэннях і адцягнуць народ ад цяжкасцей, пралікаў і злачынстваў кіраўніцтва. Услаўленне дасягненняў павінна было адвесці цені ад лідэраў, прыкрыць негатыўнае. На справе метад у многім стаў сродкам замазвання, прыхарошвання недахопаў, ідэалагічнай апрацоўкі мас, што савецкі лад — самы справядлівы і адзіна магчымы.

Укараненне метаду значна адбілася на стане літаратуры, усяго мастацтва. Героі сталі рэзка падзяляцца на станоўчых і адмоўных. 3 літаратуры знікаюць персанажы гультаёў, п'яніц. Творы становяцца маралізатарскімі.

Са стварэннем саюза пісьменнікаў над усімі творчымі дзеячамі усталёўваецца жорсткі ідэалагічны кантроль, цэнзура. Вялікая роля ў гэтым кантролі адводзілася створанаму галоўнаму ўпраўленню па справах літаратуры і выдавецтваў — Галоўліту.

20–30-я гады з´яўляюцца перыядам развіцця беларускай паэзіі (тут працавалі — Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, А. Гурло, К. Крапіва, К. Губа-рэвіч, А. Дудар, П. Глебка, П. Трус, М. Лужанін і іншыя); прозы — Я. Колас, М. Лынькоў, З. Бядуля і інш.; рамана — Я. Колас «На ростанях», «У палескай глушы», «У глыбіні Палесся», Ц. Гартны –»Сокі цаліны», Я. Нёманскі — «Драпежнікі», Я. Мурашка — «Сын», З. Бядуля — «Язэп Крушынскі», М. За-рэцкі — «Сцежкі-дарожкі».

Ствараецца беларуская драматургія (драма і камедыя). На гэтай глебе працавалі Я. Купала, Л. Радзевіч, М. Чарот, Я. Міровіч, К. Чорны, К. Крапіва і іншыя.

У 1920 годзе на экраны выйшаў першы беларускі мастацкі кінафільм «Лясная быль» (рэжысёр Ю. Тарыч), прысвечаны барацьбе партызан у 20-я гады. Ю. Тарыч у І930 г. стварыў і першую беларускую гукавую стужку «Пераварот». Ён жа зняў і такія карціны, як «Да заўтра», «Джэнтэльмен і певень», «У вялікім горадзе», «Песня вясны». Вядомымі режысёрамі сталі Уладзімір Гардзін (фільм «Кастусь Каліноўскі»), Ул. Корш-Саблін (фільм «У агні народжаная» і інш.). На беларускай кінастудыі сваю творчую дзейнасць пачыналі кампазітары І. Дунаеўскі, А. Туранкоў, акцёры — Л. Кіт, М. Чаркасаў, М. Сіманаў.

20-я – 30-я гады былі часам стварэння беларускага радыё, друку, навукі. Беларускія вучоныя — акадэмік Ц. Бурцін займаўся праблемамі адноснасці і праводзіў даследванні па пытаннях дыферэнцыяльных ураўненняў; акадэмік І. Некрашэвіч, Б. Сняткоў даследвалі праблемы радыёфізікі і электронікі; акадэмік А. Кайгародаў стварыў беларускую геафізічную абсерваторыю; акадэмік М. Прыляжаеў адкрыў рэакцыю, пры дапамозе якой ствараліся новыя класы арганічных злучэнняў (альдэгіды, кіслоты і інш); акадэмік Б. Ерафееў заклаў асновы тапакінематыкі і г. д.

48. Культурнае развіцце ў Заходняй Беларусі. Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР.

Разглядаючы пытанне развіцця культуры ў Заходняй Беларусі трэба ведаць, што, нягледзячы на крайне абмежаваныя магчымасці, культурнае жыццё ў Заходняй Беларусі не замірала. Тут пэўнае развіццё атрымала беларуская літаратура, жывапіс, народная творчасць. Яшчэ ў 20-я гады на хвалі ўздыму рэвалюцыйна-дэмакратычнага вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі з народных глыбінь выйшла прагрэсіўная беларуская літаратура. У перыядычных выданнях пачалі друкавацца творы М. Васілька, А. Салагуба, П. Пестрака, М. Машары, В. Таўлая, М. Засіма і іншых. У гэты ж час выявіўся паэтычны талент Максіма Танка. Яго першы зборнік вершаў «На этапах» (1936 год) адразу звярнуў увагу літаратурных і грамадскіх колаў. У 1937–1938 гг. выходзяць новыя паэтычныя зборнікі пісьменнікаў. Добра вядомымі сталі паэмы М. Танка «Журавінавы цвет», «Нарач», «Каліноўскі».

Працавалі ў Заходняй Беларусі выдатныя публіцысты — А. Альшэўскі, Я. Міско, В. Харужая; навукоўцы — Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, І. Двар-чанін. З ёй звязана творчасць У. Жылкі, М. Гарэцкага, Н. Тараса, многіх іншых.

Значнай падзеяй ў культурным жыцці Заходняй Беларусі стала выданне ў 1937 годзе зборнікаў вершаў М. Васілька «3 сялянскіх ніў», М. Машары «З-пад стрэх саламяных». Лепшым дасягненнем паэтычнага таленту В. Таўлая з´явілася яго паэма «Таварыш». У Заходняй Беларусі пачыналі сваю творчасць Я. Брыль, П. Граніт, А. Дубровіч, С. Крывец і іншыя. Чалавек працы, яго жыццё, патрэбы, барацьба за свабоду, чалавечую і нацыянальную годнасць, — знаходзіліся ў цэнтры ўвагі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Разам з гэтым, дзеячы беларускай культуры Заходняй Беларусі змаглі таксама стварыць распрацоўкі ў выглядзе асобных навукова-тэарэтычных і публіцыстычных прац ў галіне гісторыі, літаратуразнаўства, грамадскай думкі. У 1921 г. ў Вільні выйшла з друку «Хрэстаматыя беларускай літаратуры», якую склаў М. Гарэцкі, у 1927 г. — «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры ад 1905 года» І. Дварчаніна. У 1926 г. С. Паўловіч апублікаваў брашуру «Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы». Культурна-асветніцкую работу ажыццяўляла створанае «Таварыства беларускай школы».

У Заходняй Беларусі пачыналі творчы шлях мастакі Я. Драздовіч, П. Сер-гіевіч, М. Сяўрук. Язэп Драздовіч першым у беларускім мастацтве пачаў пісаць на касмічную тэму. Ім створаны тры серыі карцін — «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне», «Жыццё на Месяцы». Добра вядомыя карціны Пятра Сергіевіча «Студэнтка Вольга Чэрнік», «Беларуская настаўніца», «Дзяўчынка ў сінім сарафане»; Міхася Сяўрука — «Ля студні», «Жніво». Творчасці гэтых мастакоў уласціва глыбокая народнасць, пранікненне ў характар адлюстраванай асобы.

Працавалі ў Заходняй Беларусі кампазітары К. Галкоўскі, Л. Рагоўскі, М. Забейда-Суміцкі. Плённую працу па стварэнню народных хораў і збору беларускіх народных песень праводзілі Р. Шырма, Г. Цітовіч.

Беларускай нацыянальнай інтэлігенцыяй ствараліся гурткі мастацкай самадзейнасці, даваліся канцэрты. У рэпертуары пераважалі беларускія народныя песні, танцы. Драматычныя калектывы ставілі спектаклі «Прымакі» Я. Купалы, «Антось Лата» Я. Коласа, «Суд» У. Галубка.

3 пачатку 20-х гадоў пэўнае развіццё атрымала і адукацыя на беларускай мове. Аднак да сярэдэіны 20-х гадоў у сувязі з узмацненнем палітыкі паланізацыі амаль усе беларускія школы былі зачынены. Так, калі ў 1918–1919 гг. дзейнічала больш 350 такіх школ, то ў 1926 г. іх засталося ўсяго пяць. Гэта выклікала грамадскія пратэсты за аднаўленне беларускай школы. У выніку чаго ўрад Пілсудскага дазволіў адкрыць 29 беларускіх і 49 змешаных беларуска-польскіх школ, 4 гімназіі — у Вільні, Клецку, Навагрудку і Радашковічах. Аднак усе яны ў першай палове 30-х гадоў зноў былі зачынены. Недастаткова існавала і польскіх школ. Таму непісьменных сярод насельніцтва Заходняй Беларусі ва ўзросце звыш 10-ці гадоў налічвалася 43 працэнты. Вынікам недастатковага развіцця адукацыі і нацыянальнага прыгнёту з'явілася нязначная колькасць беларускай інтэлігенцыі.

У дзяржаўных установах Заходняй Беларусі не дазвалялася карыстацца беларускай мовай, беларусаў не бралі на дзяржаўную службу. Культурнае жыццё беларускага народа пастаянна абмяжоўвалася і падаўлялася. Не было беларускіх тэатраў, закрываліся нацыянальныя клубы, бібліятэкі, прагрэсіўныя газеты. Колькасць апошніх пастаянна скарачалася. Напрыклад, калі ў 1927 годзе выдавалася 27 беларускіх легальных газет, то ў 1932 г. іх засталося толькі шэсць. Толькі пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР развіццё культуры стала шматзмястоўным.

49. Масавыя рэпрэсіі дзеячаў беларускай культуры (20-30-я гг. ХХ ст.).

Беларуская культура ў 20-я – 30-я гады ХХ стагоддзя дасягнула значных поспехаў. Яны маглі б быць яшчэ большымі, калі б не масавыя рэпрэсіі.

Рэпрэсіі — гэта неабгрунтаванае прыцягненне да крымінальнай адказнасці за так званыя «контррэвалюцыйныя злачынствы». Прычыны рэпрэсій былі абумоўлены тыранічнай прыродай таталітарнага палітычнага савецкага рэжыму, які ўзяў на ўзбраенне метад дыктату, фарсіраванай індустрыялізацыі і гвалтоўнай калектывізацыі. Яны вынікалі з лозунгу «дагонім і перагонім», сталінскага вучэння аб абвастрэнні класавай барацьбы ў перыяд будаўніцтва сацыялізма. «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, — сцвярджаў Сталін, — з’яўляюцца неабходным элементам наступлення» (Сталин И.В. Соч., т. 13, с. 41). Рэпрэсіі вынікалі і з камуністычнай ідэі інтэрнацыяналізму, сусветнай рэвалюцыі. На Беларусі рэпрэсіі пачаліся ўжо ў першыя гады савецкай улады. З 20-х гадоў у рэспубліцы, як і ў цэлым па СССР, пачаў фарміравацца рэпрэсіўны механізм, які ўключаў заканадаўчую базу, а таксама сістэму судовых і пазасудовых органаў, папраўна-працоўных лагераў. Спачатку ў якасці метадаў рэпрэсіі выкарыстоўвалася крытыка, а потым арышты, лагеры, растрэлы.

Рэпрэсіі закранулі ўсе слаі беларускага грамадства. Да растрэлу прыгаворваліся нават дзеці з 12-гадовага ўзросту. Ужо ў 1920 годзе было арыштавана 860 членаў Беларускай партыі сацыял-рэвалюцыянераў. Арышты і пакаранні ўзмацніліся ў канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў, калі пачалася барацьба з так званым нацыянал-дэмакратызмам. Гэтая барацьба была накіравана супраць беларусізацыі, беларускай мовы і культуры. Прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі абвінавачвалі ў тым, што яны быццам бы ставілі нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя.

Кульмінацыяй распраў над інтэлігенцыяй у 1930–1931 гг. стала сфабрыкаваная справа аб нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі». Па ёй было арыштавана 108 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Сярод арыштаваных былі нарком асветы А. Баліцкі, З. Жылуновіч, прэзідэнт АН БССР У. Ігнатоўскі. Абвінавачванне ў прыналежнасці да кіраўніцтва «СВБ» было прад’яўлена Я. Купалу, Я. Коласу. Я. Купала ў знак пратэсту нават зрабіў спробу самагубства.

У 1933 г. пачалася новая хваля рэпрэсій. Людзей арыштоўвалі за ўжыванне беларускай мовы, выданне на ёй літаратуры, за працы па гісторыі, якія быццам бы не аб’ектыўна яе трактавалі. Былі арыштаваны І. Дварчанін, М. Лунін, Л. Калюга, Ю. Таўбін і іншыя. У гэтым жа годзе былі раскрыты 59 паўстанцкіх, 19 дыверсійных груп, 20 шпіёнскіх ячэек, 4 тэрарыстычныя арганізацыі.

Найбольш вялікія страты беларуская культура панесла ў 1937–1938 гадах. У гэтыя гады рэпрэсіраваны А. Дудар, М. Зарэцкі, П. Галавач, В. Вольны, В. Каваль, Т. Кляшторны, Ю. Лявонны, В. Маракоў, І. Харык і шмат іншых. Зноў згусціліся хмары над Я. Купалам і Я. Коласам. На першага было выбіта 41 паказанне, на другога — 31.

Цяжкія страты панесла тэатральнае мастацтва (Ф. Ждановіч, М. Ра-фальскі, У. Галубок і інш.), навука. У 1930 годзе былі арыштаваны 33 навуковыя супрацоўнікі, 1935 — 16, 1936 — 15, 1937 — 45, 1938 — 27. Сярод арыштаваных былі прэзідэнт АН Беларусі І. Сурта, віцэ-прэзідэнт Т. Домбаль, акадэмікі Я. Афанасьеў, Б. Тарашкевіч, В. Сербента. На працягу 1930–1938 гг. зняты з пастоў і арыштаваны 5 наркомаў асветы (ужо адзначаны А. Баліцкі, а таксама А. Пластун, А. Чарнушэвіч, А. Дзякаў, У. Півавараў). Страты панеслі кампазітары, мастакі, святары.

Рэпрэсіі падвяргалася мова, ужыванне якой скарачалі. Скарачаліся беларускамоўныя школы, народныя дамы, хаты-чытальні, змяншалася выданне беларускіх кніг і газет, справаводства пераводзілася на рускую мову, з пасад кіраўнікоў звальняліся беларусы, распускаліся беларускія краязнаўчыя арганізацыі. Нерэпрэсіраваная частка інтэлігенцыі вымушана была стаць на шлях прыстасавання да рэжыму. Прыстасаваныя павінны былі чарніць вядомых дзеячаў беларускай культуры. Паэт-дэмакрат Ф. Багушэвіч быў абвешчаны «кулацкім паэтам». Я. Карскі — «вялікадзяржаўным чарнасоценцам», пісьменнік М. Гарэцкі — контррэвалюцыянерам. Адмаўлялася і забаранялася ўсё тое, што было зроблена арыштаванымі. Панавалі цэнзура, стан страху.

З верасня 1939 г. рэпрэсіі закранулі і далучаную да БССР Заходнюю Беларусь. Больш як 100 тысяч жыхароў Заходняй Беларусі было дэпартавана ў Сібір, нямала расстраляна як агентаў польскай разведкі.

Усяго за перыяд 1917–1953 гг. на Беларусі было рэпрэсіравана больш 600 тысяч жыхароў рэспублікі. Толькі пісьменнікаў арыштавана 238 чалавек, якіх пасля смерці Сталіна ў жывых засталося 20 («Звязда», 1992, 19 сакавіка). З ліку вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху 1917–1924 гг. рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся жыць на тэрыторыі СССР. У 30-я гады арыштавана 26 акадэмікаў, 6 членаў-карэспандэнтаў АН БССР. Гэтыя рэпрэсіі абяскроўвалі беларускую інтэлігенцыю, падрывалі яе творчыя сілы, ламалі лёс, моцна тармазілі культурнае развіццё.

Зараз ідзе працэс рэабілітацыі тых, хто быў рэпрэсіраваны. Рэабілітавана больш за 200 тысяч жыхароў Беларусі. Гэта лічба сведчыць аб тым, што рэпрэсіі былі незаконнымі. Многія не будуць рэабілітаваны ўвогуле, бо іх сем’і знішчаны поўнасцю і зараз няма каму ўзбудзіць справу. Але, няглядзячы на вялікія страты, культура беларускага народа працягвала развівацца.

Такім чынам, культурнае жыццё ў 20-я – 30-я гады праходзіла ў складаных, часта драматычных умовах. Гэта быў час значных дасягненняў і цяжкіх страт.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-12-07; просмотров: 130; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.220.1.239 (0.029 с.)