Пачытайце выказванне У. Караткевіча пра асаблівасці беларускай мовы. Назавіце іх. Пракаментуйце знакі прыпынку. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Пачытайце выказванне У. Караткевіча пра асаблівасці беларускай мовы. Назавіце іх. Пракаментуйце знакі прыпынку.



 

Наша мова вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлку ў жытах, – мякка, а за тры вярсты чуваць. “Эль” – як салодкае віно, “дзе” – як шкляной палачкай па крышталю, мяккае “с” – як соннае ціўканне сінічкі ў гняздзе. І побач “р” – як гарошына ў свістку, і доўга, пявуча, адкрыта гучаць галосныя. А “г” прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзіцяці, каб перастаў сніць дрэнны сон.

18. Прачытайце тэкст. Абгрунтуйце, чаму дж і дз не павінны ўключацца ў алфавіт. Падлічыце, колькі літар у беларускім алфавіце.

 

У падручніках і дапаможніках падаюцца неаднатыпныя, часам супярэчлівыя сцвярджэнні пра беларускі алфавіт. У «Буквары» А.К.Клышкі (1995, с. 103) колькасць літар не называецца, але першакласнікі пры жаданні самі могуць зрабіць падлік: апрача 32 літар, тут пасля д у дужках прыводзяцца дж і дз. Тое самае знаходзім і ў падручніку для 2 класа «Беларуская мова» В.А.Бекіша і інш. (1995, с. 24). Пяцікласнікі з падручніка «Беларуская мова» В.П. Краснея і Я.М.Лаўрэля (1995, с. 141) даведваюцца, што «ў беларускім алфавіце 32 літары, а гукі [дж], [дз] абазначаюцца на пісьме дзвюма літарамі (д, ж і д, з)». Прыкладна тое самае паўтараецца і ў дапаможніку для вучняў старэйшых класаў «Беларуская мова» М.Ц.Кавалёвай (1995, с. 66-67). Аналагічныя звесткі даюцца і ў падручніку для педвучылішчаў «Беларуская мова. Ч. 1» (1982, с. 41-42). У дапаможніках жа для студэнтах-філолагаў вышэйшых навучальных устаноў сцвярджаецца, што сучасны беларускі алфавіт складаецца з 34 літар, потым даецца іх пералік: а, б, в, г, д, дж, дз і г.д. (гл., напрыклад: Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова. – Мінск, 1974. С. 89; Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова. – Мінск, 1985. С. 113-114; Рагаўцоў В.І., Юрэвіч А.Л. Уводзіны ў мовазнаўства. – Мінск, 1987. С. 147-148; Сцяцко П.У. Пачатковы курс мовазнаўства. – Гродна, 1993. С. 53; Сучасная беларуская мова: Лексікалогія. Фаналогія. Арфаграфія. – Мінск, 1976. С. 168). Праўда, у апошняй з пералічаных кніг, у 2 і 3-м дапрацаваных выданнях (1984, с. 160-161; 1993, с. 177-178), сказана, што ў нашым алфавіце 32 літары, а дж і дз утвораны са спалучэння літар і называюцца дыграфамі. Няпэўнасць адносна колькасці літар у алфавіце адчуваецца і пры чытанні энцыклапедыі «Беларуская мова» (1994, с. 29). Тут спачатку гаворыцца, што алфавіт складаецца з 32 літар, а затым дадаецца, што «некаторыя даследчыкі асобнымі літарамі лічаць дыграфы дж, дз». Тут слова «даследчыкі» ўжыта, відаць, не зусім дакладна (замест «аўтары падручнікаў»), бо спецыяльнымі даследаваннямі пра названыя дыграфы ніхто ў беларускім мовазнаўстве не займаўся, ды ў гэтым і няма патрэбы, бо існуе адпаведная агульнапрынятая сусветная практыка.

 

Паводле прынятай агульнасусветнай практыкі, кожная літара алфавіта як асобны графічны знак для перадачы на пісьме пэўнага асноўнага, тыповага гука (фанемы) мае свой, толькі яму ўласцівы малюнак (абрыс), непадобны ні да адной іншай літары. Так, фанема [д] абазначаецца літарай д, фанема [ж] – літарай ж, фанема [з] – літарай з. Ідэальным мог бы лічыцца алфавіт, калі б у ім для кожнай фанемы была свая літара. Але такіх алфавітаў няма. Яны б былі занадта шматлітарныя. У нашай графіцы, як і ў некаторых іншых, многія літары маюць два асноўныя гукавыя значэнні (напрыклад, літары б, в у словах быць – біць, воз – вёз). Няма ў беларускай графіцы асобных знакаў-літар для фанем [дж] і [дз]. Яны абазначаюцца на пісьме спалучэннем дзвюх літар (д, ж і д, з), кожная з якіх ужо заняла ў алфавіце сваю нішу. Такія спалучэнні дзвюх літар называюцца дыграфамі. І, зразумела, яны не павінны ўключацца ў алфавіт – ні ў дужках пасля д, ні без дужак.

 

Аналагічнае можна бачыць і ў шмат якіх іншамоўных алфавітах. Напрыклад, і ва ўкраінскай мове гукі [дж] і [дз] перадаюцца на пісьме дыграфамі: бджола, дзвін. Тое самае і ў польскай мове, дзе алфавіт складаецца з 33 літар, а па-за алфавітам ёсць яшчэ аж 7 дыграфаў, у тым ліку dz, dz для абазначэння афрыкатаў [дз], [дж]. Дыграфы ці паліграфы характэрныя і для англійскай, французскай, нямецкай моў. У нямецкай мове фанема [ш] абазначаецца спалучэннем трох літар – sch, а для перадачы на пісьме фанемы [ч] выкарыстоўваецца спалучэнне з чатырох літар – tsch. І, канешне, такія спалучэнні (паліграфы) у алфавіт не ўключаюцца. «Вынікам непаразумення» называе вядомы даследчык тэорыі пісьма Л.Р.Зіндэр выпадкі, калі ў алфавіт уключаюць спалучэнні дзвюх і больш літар, і ў якасці прыкладаў прыводзіць кабардзіна-чэркескі алфавіт, у якім ёсць чатырохлітарнае спалучэнне кжьу, а таксама беларускі «са спалучэннямі дз і дж для абазначэння афрыкатаў».

 

Характэрна, што ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя не было праблемы адносна таго, уключаць ці не ўключаць у алфавіт дыграфы дз, дж. Б.Тарашкевіч у «Беларускай граматыцы для школ. Выданне 5-е» (Вільня, 1929. С. 47) пісаў: «У беларускай азбуцы 32 літары. Для гукаў дз, дж няма асобных літараў, а таму для кожнага ўжываецца па дзве літары. Але трэба ведаць, што вымаўляюцца дз і дж як адзін гук». Я.Лёсік у «Граматыцы беларускае мовы: Фонэтыка» (Мінск, 1926. С. 43, 38) піша: «Для абазначэння гукаў дз і дж пішацца дзве літары, але чытаюцца яны не паасобку, а разам, злітна: дзед, дзень». У азбуцы, паводле Я.Лёсіка, 33 літары, сярод іх дзве (аднолькавага малюнку) літары г: адна абазначае фрыкатыўны гук [г], а другая – выбухны гук [г] (І.Я.Лепешаў «Сучасная беларуская літаратурная мова: Спрэчныя пытанні» – Мн., 2002, с. 146 – 147).

19. Вызначце колькасць гукаў і літар у словах. Размясціце па трох калонках прапанаваныя словы:

гукаў больш, чым літар

гукаў менш, чым літар

колькасць гукаў і літар супадае

 

Кніга, яе, дзеці, дзед, краіна, дом, паехаць, тваю, рака, аб’інець, салаўіны, людзі, дажджы, здароўе, праходчык, Радзіма, фельчар, дзяжурны, ракетчык, усур’ёз, паджынаць, подзвіг, сашчапіць, аб’езд, расшпіліць, сонны, зжыцца, дзверы, апранаешся, любоўю, самаадданы, схільны, маладзенькі, дошка, разводдзе.

20. Вызначце розныя спосабы абазначэння мяккасці зычных гукаў. У якіх з прыведзеных слоў мяккасць зычных гукаў не абазначаецца на пісьме?

 

Смех, люблю, снег, канькі, пісьмо, пальцы, раз’езд, конь, алень, раз’едзены, бацька, пакатасць, паляпшэнне, паспешліва, пачарсцвець, сальны, салявы, самалюб, сем’янін, сямюстамі, сеньярыта, скіпець, скальпель, сліва, слізь, страсць, суаднесціся, схільны, сцверджанне, сыценькі, сядзельца, тыльда, уменне, чацвёра, яблынька.

Дапішыце наступныя сказы.

 

1. Валоданне і папераменнае карыстанне дзвюма мовамі -- …. 2. На тэрыторыі Беларусі двухмоўе ўзнікла …. 3. У раёнах сумежнага пражывання беларусаў з іншымі народамі ўзнікла …. 4. Білінгвізм даследуецца ў такіх аспектах, як …. 5. Інтэрферэнцыя прыводзіць да …. 6. Разыходжанні ў граматычным афармленні рускіх і беларускіх лексем – гэта …. 7. Сінтаксічная інтэрферэнцыя выклікаецца …. 8. Пранікненне фанетычных рысаў з адной мовы ў другую – гэта …. 9. Лексічная інтэрферэнцыя звязана з …. 10. Прычынай існавання словаўтваральнай інтэрферэнцыі з’яўляецца …. 11. Акцэнтная інтэрферэнцыя звязана з …. 12. Прамежкавая форма змешанага маўлення – гэта… 13. Трасянка ўзнікае ў выніку …. 14. Моўная сітуацыя ў будучым на тэрыторыі Беларусі залежыць ад ….

 

22. Уважліва пачытайце. Адзначце асаблівасці маўлення Мікіты Зміцеравіча. Як называецца такое маўленне? З якога твора ўзяты ўрывак?

 

Тут дзядзька Лёкса па пасудзе

Ударыў зноў: Прашу наліць!

Мікіта Зміцеравіч будзе

У гонар маці гаварыць!

 

Мікіта вычакаў хвіліну,

Пакуль заціх-улёгся шум,

Устаў паважна, нос закінуў,

Як перад люстрам харашун.

 

- Што ж, еслі просіць прадсядацель,

Ці, ізвіняюсь, тамада,

Каб я сказаў што к гэтай даце,

То я далжон адвеціць: да!

 

Дык вот у нашай юбіляркі

Есь многа качастваў такіх,

Што быў бы грэх не выпіць чаркі,

Не ўшанаваць пачотам іх.

 

А першым качаствам законна

Шчытаю я без лішніх слоў,

Што, хоць і ў возрасце прыклонным,

Ана не знаець дактароў.

 

Другое качаства па праву

Адмецім такжа мы спаўна,

Што патрудзілася на славу

За жызь працоўную ана.

 

А трэцім качаствам гардзіцца

Найболей нада, што ўдава

Зрасціла нас, как гаварыцца,

І ў жызь пуцёўку нам дала.

 

У ту вужасную разруху,

Благадара і вапракі,

Ана не пала сілай духу:

Пускала нас - как пціц,з рукі!..

 

Тут выйшла пауза малая,

І д'ябал Вінька не стрываў:

- А што бабуся залатая

І ўнукаў любіць - не сказаў!

 

Мікіта згроб сурвэтку ў пальцы,

Махнуў рукою, як ластом:

- А вы мяне не папраўляйце! -

Раўнуў на Віньку цераз стол.

 

- Я лучча знаю, што бабуся!

І ўсё я знаю, што к чаму!

А еслі ў чом і абшыбуся -

Мяне паправіць есь каму!

 

Наліўся чырванню, засопся

І сеў, забыўшыся на тост.

- Іш, папраўляць мяне знайшоўся!

Схадзі папраў цяляці хвост!..

 

Застолле зразу анямела,

Уткнула ў скацерку насы,

А потым ціха і нясмела

Сям-там узніклі галасы:

 

- Яно, падумаўшы, канешна,

Перабіваць другіх не варт...

- Хацеў - пацешна, выйшла - грэшна...

- Дык ён жа, мабыць, гэта ў жарт?..

 

Сцяпан глядзеў на край кілішка,

Было ад сораму - хоць плач:

«Ну, і Мікішка! Ну й Мікішка!

Хоць маму ўважыў бы, таўкач!..»

 

Няёмкасць зняў пляменнік Зосін -

Нібыта ў бочку, грымнуў бас:

- Мікіта Зміцеравіч, просім

Не сердаваць і кончыць сказ!

 

Тады й Тамаш ускінуў вочы,

Адчуў сябе гаспадаром:

- Ты трэцім качаствам закончыў,

Кажы далей, ды і кульнём!

 

- А просім, просім! - раптам госці

Сыпнулі хорам, дружна ў лад.

Мікіта й сам уцяміў штосьці

І адарваў ад крэсла зад.

 

Устаў, узяў у пальцы чарку,

Хвіліну важна памаўчаў

І ў тым жа тоне, так жа ярка

Сказ прапановай увянчаў:

 

- І так, за здравіе мамашы

І за дальнейшы, значыць, рост

Праізвадзіцельнасці нашай

Я прыдлагаю выпіць тост!..

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-07-14; просмотров: 2191; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.23.101.60 (0.024 с.)