Легенда пра Трыстана і Ізольду 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Легенда пра Трыстана і Ізольду



Пераход сюжэтаў ад аднаго народа да другога, з адной эпохі ў другую яскрава ілюструецца на прыкладзе рыцарскіх раманаў. Вытокі рыцарскага рамана – на французскіх землях, у рамана-германскім культурным рэгіёне: на ПН захадзе Францыі і частцы тэр. Англіі, што ў ХІІ — ХІУ стст. належала каралеўскай Анжуйскай дынастыі – Плантагенетам і Ёркам (дзе спалучыліся раманскія, германскія і кельцкія ўплывы). Кельцкага паходжання група сюжэтаў пра караля Артура і рыцараў Круглага стала. Вытокі Р.р.: сярэднявечныя паданні (кельтаў, германцаў, з Усходу) і гіст.хронікі (лац.“Гісторыя каралей Брытаніі” Гальфрыда Манмаўцкага, ХІІ ст.), з антычнай літаратуры – паданні пра Аляксандра Македонскага, авантурны раман, звязаны з “Метамарфозамі” Авідзія (з уласнымі матывамі хрысціянскай скіраванасці). Эвалюцыя жанра звязана з адыходам ад крыніц і развіццём апавядальных форм (з ХІІІ ст. празаічныя апрацоўкі), у якіх адлюстроўваецца новы гіст.-культ. кантэкст. Вылучаюць тры цыклы рыцарскіх раманаў: “антычны” – (“Александрыя” пра жыццё і подзвігі Александра Македонскага, “Троя” – пра Траянскую вайну, “Раман пра Энея” і інш., вядомыя ў беларускіх варыянтах), “брэтонскі” (артураўскі, раманы Круглага стала: пра Трыстана і Ізольду – версіі Тама, Беруля, Марыі Французскай, Готфрыда Страсбургскага, бел.”Аповесць пра Трышчана”; раманы Крэц’ена дэ Труа, Вольфрама фон Эшэнбаха; звод цыкла – раман Т.Мэлары “Смерць Артура”, ХУ ст.), “(усходне)візантыйскі” (“ідылічны”: “Флуар і Бланшэфлёр”, “Акасен і Нікалет”).Тыпалагічныя паралелі жанра рыцарскага рамана: прыдворная аповесць (япон. “Гэндзы-Манагатары”), рыцарская паэма (Ш.Руставелі “Віцязь у тыгравай шкуры”, перс. і тадж. паэта ХІ ст. Гургані “Віс і Рамін”). Пародыяй на стылізаваныя перапрацоўкі рыцарскага рамана, якія пашыраюцца ў іспанскай літаратуры Адраджэння, стаў “Дон Кіхот” Сервантэса. На Беларусі пераклады рыцарскага рамана вядомы з ХУ ст. і мелі распаўсюджванне яшчэ ў ХУІІІ ст. Ён адыграў важную ролю ў развіцці свецкага пачатку ў літаратуры і яго пашырэнні ў грамадскай свядомасці. Адным з вядомых рыцарскіх раманаў быў “Раман пра Энея”.

Апісанне рыцарскага ўзбраення, а таксама турніраў складае значную частку рыцарскага раман. Тэрмін “раман” узнік у 12 ст. для абазначэння тэксту на жывой раманскай мове ў адрозненне ад твора на латыні. Спачатку раман меў вершаваную форму, затым назва пашырылася і на празаічны тэкст і стала абазначаць вялікі па памеру тэкст у прозе. У цэнтры традыцыйнага рыцарскага рамана – апісанне подзвігаў героя, “авантуры”, якія здзяйсняюцца дзеля ўласнай славы і кахання да Панны. Кодэкс рыцарскай дабрачыннасці склалі гераічны (ваеннае майстэрства, мастацтва бою) і эстэтычны (свецкае, прыдворнае выхаванне) ідэалы. Рыцарскае каханне ідэалізаванае. Індывідуалізуюцца пачуццёвы свет, мова герояў. У сюжэце фантастычныя матывы (як казачнага, так і незвычайнага, пазабудзённага зместу), экзатычныя апісанні, партрэтныя характарыстыкі, наяўнасць дыялогаў і маналогаў.

Да “артураўскага цыклу” адносіцца і легенда пра Трыстана і Ізольду. Ён меў шматлікія варыянты ў краінах Еўропы: вершаваныя версіі ў ХУІІ ст. у Францыя, у пачатку ХІІІ ст. у Германіі. У ХІІІ ст. узнікла празаічная версія рамана. У ХУІ ст. раман пра Трыстана трапляе на Беларусь з сербскай рэдакцыі, а сербская рэдакцыя была перапрацоўкай італьянскай версіі сюжэта (даследаванні В.А.Чамярыцкага). Усё гэта сведчыла пра надзвычайную папулярнасць рыцарскага рамана ў розных краінах Еўропы.

Легендарная біяграфія Трыстана, або Сюжэт пра Каханне,

якое перамагае смерць

Нараджэнне і дзяцінства Трыстана. Трыстан нарадзіўся ў каралеўскай сям’і. Матыў надзвычайнасці падзеі нараджэння, уласцівы архаічным сюжэтам, захаваны, але ён трансфармаваны з улікам гістарычнага часу: пры родах памірае каралеўна. Паміраючы, маці прадбачыць сумны лёс дзідяці: згодна з архаічнымі вераваннямі, чалавек, які памірае, здольны бачыць будучыню. Таму маці, дбаючы пра сына, павінна абараніць яго і ад будучых няшчасцяў. Паколькі лёс чалавека прадвызначаны ад нараджэння (старажытны матыў), яго змяніць немагчыма, адно можна аблегчыць гэты лёс. Разам са старажытным ужываецца сярэднявечнае: маці звяртаецца да Бога, каб той аблегчыў лёс яе сына.

Прыгадаем казку “Спячая прыгажуня”, дзе феі адарылі цудамі і дабрабытам нованароджаную прынцэсу. Адна старая фея, незапрошаная на радзіны, пажадала немаўляці заўчаснай смерці. Жадаючы пазбавіць дзяўчыну злога лёсу, маладая фея, якая яшчэ не адарыла нованароджаную, сказала, што смерць яна адмяніць можа, але лёс прынцэсы можа аблегчыць: прынцэса не памрэ, але засне глыбокім доўгім сном. Матыў абароны дзіцяці ад злога лёсу ў бок яго змягчэння відавочна прысутнічае ў творах найперш старажытных народаў.

Прадбачачы сумны лёс свайго сына, маці дае яму імя: Трыстан, што значыць “Сумны”. Матыў выбару імя нованароджанаму і яго невыпадковасць таксама сутракаецца ў творах розных народаў.

Выхаванне героя. У свае сем год Трыстан быў вельмі прыгожым, таму мачаха яго зненавідзела. Матыў незвычайнасці героя – у фізічнай сіле, знешняй прыгажосцйі таксама вядзе свой пачатак з глыбокай старажытнасці. Разам са сваім выхавацелем Трыстан пакідае родны край, каб атрымаць рыцарскае выхаванне. У Галіі Трыстан вылучаецца ад усіх: у гульні ў шахматы і ў таўлеі, у мастацтве валодаць мячом і ў верхавой яздзе. “І так ён ва ўсім вылучаўся, што быў непераўзыйдзеным у кожнай справе, за якую б ні ўзяўся. І ў свае 12 год быў адметным такой мужнасцю і прыгажосцю, што ўсе дзівіліся гэтаму”.

Першы подзвіг героя. Першы свой подзвіг герой здзейсніў у 15 год. Ён смяротна параніў Мархульта (па старажытных крыніцах дракона, па пазнейшых рыцара), брата ірландскай каралевы, які штогод збіраў даніну з Карнуэльса (Корнваліса). У гэты час Трыстан жыў пры двары караля Марка: у архаічнай версіі – Трыстан быў у брата сваёй маці на выхаванні (у старажытных помніках пашыраны матыў: хлопчыка аддаюць на выхаванне яго дзядзьку, вядомы ў беларусаў як звычай дзядзькавання), у пазнейшых – быў у караля Марка на службе. У двубоі з Мархультам Трыстан быў цяжка паранены, каб знайсці паратунак ад гэтай раны, Трыстан адпраўляецца на лодцы ў мора. Два тыдні ён блукае, пакуль нарэшце не прыплыў да берагоў Ірландыі. Трыстан пачынае граць на арфе і спяваць песню: “таму што тады ў рыцараў, якіх прыгнятаў сум, была звычка граць на арфе і спяваць, каб развеяць скруху”.

Знаёмства з Ізольдай. Ізольдай звалі дачку караля і каралевы Ірландыі. Яна таксама, як і Трыстан, была прыгажэйшая за ўсіх. Акрамя таго яна адрознівалася ад усіх сваёй здольнасцю залечваць раны: “і не знайсці б у тыя часы нікога, хто б пераўзышоў яе ў мастацтве лячэння, таму што ёй былі вядомы ўсе травы і іх якасці. І мінула ёй на той час 14 год”. Ізольда вылечвае Трыстана. Гэтаксама стала вядома, што гэта Трыстан забіў Мархульта, брата каралевы. Трыстан вымушаны пакінуць Ірландыю.

Сватаўство караля Марка. Згодна з архаічнай версіяй, у пакоях караля Марка з’яўляецца ластаўка з залатым воласам у дзюбе (у кельтаў залаты волас лічыўся сімвалам і першым напамінкам пра краіну ўцех – пра смерць). Кароль Марк жадае, каб Трыстан знайшоў яму нявесту з залатымі валасамі. Па больш позняй, куртуазнай версіі, бароны нагадваюць каралю, што таму варта было б ажаніцца, каб пакінуць спадчыну свайму сыну. Тут кароль Марк жадае Трыстану больш непрыемнасцей, чым дабра, адпраўляючы яго ў Ірландыю за Ізольдай, аб прыгажосці якой даведаўся ад Трыстана. І зноў Трыстан адпраўляецца ў падарожжа. Розныя версіі апавядаюць пра службу пры двары караля Артура. Згодна з беларускай версіяй, Трышчан заступае ў двубоі бацьку Ізольды, караля Ірландыі Ленвіза. Ён змагаецца з рыцарам Бланорам, паставіўшы Ленвізу ўмову, што пры яго, Трышчана, перамозе кароль выканае любое жаданне Трышчана. Герой перамагае праціўніка і атрымлівае Ізольду для караля Марка.

Каханне герояў. Гэты момант у легендзе звязаны з цэнтральным вобразам – з матывам чарадзейнага пітва. Маці Ізольды прыгатавала для дачкі і яе будучага мужа цудадзейнае пітво: як толькі маладыя вып’юць яго, адразу пакахаюць адзін аднаго на ўсё жыццё, так што нішто на зямлі не здольнае разлучыць іх. Як адзначана ў беларускай версіі: “напіўшыся яны абое гэтак моцна пакахаюць адно аднаго, што давеку ніхто між імі разладу не ўчыніць”. Трыстан забірае Ізольду, і яны адпраўляюцца на караблі ў Карнуэльс. У спякотны дзень выхавацель Трыстана (або слугіня Ізольды), памыліўшыся посудам, дае мілоснае пітво маладым людзям. Аповяд пра раптоўнае каханне, якое ўзнікла паміж Трустанам і Ізольдапю, з’яўляецца ключавым момантам усяго сюжэта. У больш старажытных версіях падкрэслена чарадзейная сіла напою, яго магічнае ўздзеянне на маладых, менавіта яно выклікае выклікае каханне паміж героямі. Далей у тэкст прыўносяцца параўнанні ўзросту закаханых, адзначана роўнасць іх сацыяльнага паходжання, знешняя прыгажосць абодвух. У версіі Готфрыда Страсбургскага асноўная ўвага звязана з адлюстраванннем глыбіні, шматфарбнасці пачуццяў, а матыў любоўнага пітва дае магчымасць апець каханне як чыстае, светлае, глыбокае пачуццё.

Матыў любоўнага трохвугольніка. Гэты матыў з’яўляецца скразным у рыцарскай літаратуры. У сюжэце пра Трыстана і Ізольду развіццё дзеянне звязана з апісаннем тых перашкод, што ўзнікаюць паміж Трыстанам і Ізольдаю, якая стала жонкай караля Марка. У лэ (невялікай паэме) “Пра жымаласць” англа-нарманскай паэтэсы Марыі Французскай апавядаецца толькі пра адзін эпізод сустрэчы закаханых. А вобраз караля Марка ў розных версіях раскрываецца па-рознаму. У адных Марк – подлы, злы, вераломны, ён жорстка помсціць Трыстану. У іншых ён даволі мцудры, даверлівы, яго можна нават пашкадаваць.

Жаніцьба Трыстана. Як сцвярджаецца ў шэрагу версій, Трыстан ажаніўся з іншай Ізольдай – беларускай (яго каханая была Ізольда Белакурая, або Бялявая). “Трыстан бываў жа з ёю толькі з-за яе прыгажосці і дзеля яе імя”, хоць нават у шлюбе ён змог захаваць вернасць сваёй каханай, і яны па-ранейшаму шукалі новых магчымасцей для сустрэч. У беларускай версіі эпізод жаніцьбы Трышчана на іншай адсутнічае, у апавяданні ў процілегласць саслоўным забаронам і хрысціянскім прынцыпам услаўляюцца натуральныя пачуцці, прага да ўцех і кахання.

Смерць Трыстана і Ізольды. У беларускай “Аповесці пра Трышчана” трагічны фінал адсутнічае, яе асноўны змест – турніры, у якіх удзельнічае Трышчан, і гісторыя кахання Трышчана і Іжоты. У іншых версіях апавяданне рухаецца далей: у адным з паходаў Трыстан быў смяротна паранены. На гэты раз рану ад атруты ніхто не можа вылечыць. Таму Трыстан пасылае за Ізольдай бялявай. Ён пытаецца пра карабель, які павінен прыйсці з Карнуэльса з яго каханай. Аднойчы жонка Трыстана ўбачыла ў моры карабель з белымі ветразямі: знак таго, што на ім плыла Ізольда. Але жадаючы перашкодзіць сустрэчы, яна сказала Трыстану, які паміраў: карабель ідзе з чорнымі ветразямі (значыць: без Ізольды). Трыстан не змог перажыць гэтай навіны і памірае, так і не ўбачыўшы сваю каханую. Ізольда Бялявая, убачыўшы памерлага Трыстана, сказала: “І паколькі вы памерлі, дык не жыць больш і мне. Мы любілі адзін аднаго пры жыцці, дык будзем жа любіць і пасля смерці”. Шматлікія версіі апавядаюць пра цуд, які адбыўся пасля смерці закаханых:

“І з магілы Трыстана ўзнялася галінка прыгожая, і зялёная, і пышная і перакінулася праз капліцу, і апусціўся канец галінкі на магілу Ізольды і ўрос у яе.

Убачылі гэта жыхары і расказалі каралю. Кароль тры разы загадваў яе зрэзаць, і кожны раз на наступны дзень яна з’яўлялася настолькі ж прыгожая, якой была і дагэтуль.

Такім быў цуд пра Трыстана і Ізольду...

Амінь”.

Фінал – вандроўны матыў перамогі кахання над смерцю.

У 1900 г. сярэднявечны раман пра Трыстана і Ізольду пераклаў французскі філолаг-медыевіст Жазэф Бедзье. Яго апрацоўка рамана набыла сусветную вядомасць. У 1913 г. была надрукавана рэцэнзія М.Багдановіча на пераклад гэтай апрацйоўкі на рускую мову (яна прыведзена ў Хрэстаматыі па сярэднявечнай літаратуры і цытуецца ў дадзеным тэксце ў нашым перакладзе на беларускую мову). Беларускі паэт падкрэслівае неўміручую сілу і свежасць гэтага вечнага сюжэта:

“Есть странный цветок, называемый «Иерихонская роза». Высушенный, поблекший, он все же оживает, едва только коснется воды. Такова и книга, отмеченная нами в предыдущих строках: свежестью веет от ее тысячелетних фраз, вновь коснувшихся читательской души…

Говорит она о страстной любви, неотвратимой и в этой неотвратимости трагической любви, формы которой – изменчивы, но сущность – вечна и неизсменна. Для изображения ее в повести нашлись нужные слова, то трогательные, то нежные, то немного лукавые, но всегда и везде своеобразные. Вся же книга оставляет после себя столь редкое теперь впечатление цельности и благородной простоты».

Тэма 6. Сусветны пантэон. Праблема аўтара

ў параўнальным вывучэнні літаратур

 

Адраджэнне названа Энгельсам эпохай, якая “мела патрэбу ў тытанах і якая нарадзіла тытанаў па сіле думкі, страсці і характару, па шматбаковасці і вучонасці”. Напачатку Адраджэння такім тытанам быў Дантэ. У канцы яе – Шэкспір і Сервантэс... Гэтыя імёны – вялікае трохгучча новай паэзіі, самае інтымнае і святое кола ўнутры ўсё болей вузкіх і болей шырокіх сфер класікаў новага мастацтва паэзіі” (Ф.Шлегель “Атэнейскія фрагменты”, фр. 247). «Ёсць вышэйшая смеласць: смеласць вынаходніцтва, стварэння, дзе план вялізны агортваецца творчай думкаю – гэта смеласць Шэкспіра, Dante, Milton`a, Гётэ ў Фаўсце, Маліера ў Тарцюфе» (А.С.Пушкін). „…без Ё.-В.Гётэ і Ф.Шылера нельга ж адчуваць сябе ў паэзіі самазацверджаным. Таксама ж думаць, што беларуская паэзія можа мець будучае без вяртання да Гётэ, Шылера, а цераз іх у Адраджэнне, у антычнасць – гэта самагубства“ (А.Лойка). ]. «– Уладзімір Сямёнавіч, уявіце сабе, што вас папрасілі скласці анталогію з пяці аўтараў сусветнай літаратуры. Якіх бы вы выбралі? –... Гэта ўсё адно, што выбраць пяць чалавек, якіх можна ўзяць ва ўратавальную шлюпку. Толькі пяць, а астатнія загінуць. Не ўжо! Я бяру з сабою ў шлюпку ўсіх... Нельга пакінуць кагосьці. Усе яны аднолькава пакутавалі над словам і над лёсам людзей... Вазьміце ўсіх, хто любіў людзей, мучыўся за іх і быў сумленны. Вазьміце ўсіх, хто ўзяў за правіла цудоўныя словы Дон-Кіхота: “Сеньёры, вас пяцёра і вы напалі на аднаго. Значыць, няма вашай рацыі. Бараніцеся, сеньёры”» (з У.Караткевічам гутарыла Р.Станкевіч), бо, па словах У.Караткевіча, «не можа паўнакроўна жыць літаратура без Шэкспіра, Дантэ, Гётэ, якія гучаць на яе мове».

Па словах польскага літаратуразнаўцы К.Выкі (хоць ён меў на ўвазе тую іерархію, якую фарміруюць вышэйшыя літаратурныя ўзнагароды і найперш – Нобелеўская прэмія па літаратуры), асноўная адметнасць тых пісьменнікаў, чые імёны займаюць вышэйшы прыступак у сусветнай літаратуры, – «дадзены пісьменнік займае ў ёй (сусветнай літаратуры – Г.А.) адпаведнае месца, калі ім створаны мастацкія, філасофскія, ідэйныя каштоўнасці, якія не маюць аналагаў у літаратуры іншых народаў». Формуле К.Выкі адпавядае метафара-азначэнне «зоркі першай велічыні».

Згадваючы тое ці іншае імя аўтара, належыць яно сусветнаму пантэону ці не, пісьменнікі не толькі аддаюць даніну павагі, але і сцвярджаюць ідэю пераемнасці паміж літаратурамі, пакаленнямі, творцамі, звязваюць літаратурнае развіццё розных краін і эпох творчымі ланцугамі, што замацоўвае сусветны літаратурны працэс у адзінае цэлае. Формы і віды кантактаў самыя разнастайныя, сярод іх можна назваць прысвячэнні – мастацкае слова аднаго аўтара, адрасаванае другому. Прысвячэнні акрамя іншага дазваляюць параўнаць сябе, сваё жыццё, свой час з вядомым імем, з мінулым часам. Так, У.Сыракомля піша верш “Авідзію”, М.Танк – верш “Гамер”, Ю.Гаўрук – “Шэкспіру”, У.Скарынкін – “Песню перакладчыка” (адрасуючы свой верш Дантэ, “Боскую камедыю” якога пераклаў на беларускую мову).

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-06-23; просмотров: 385; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.139.240.142 (0.021 с.)