Гістарыяграфія гісторыі Беларусі першабытнага перыяду. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Гістарыяграфія гісторыі Беларусі першабытнага перыяду.



Археалагічныя даследаванні ў БССР пасля Вялікай Айчыннай вайны ў асноўным ажыццяўляліся супрацоўнікамі Інстытута гісторыі АН БССР і БДУ па археалагічным перыядам, згодна класіфікацыі ЮНЕСКО: 1) палеаліт, мезаліт; 2) неаліт, бронзавы век; 3) жалезны век; 4) сярэдневечча; 5) ХVІІ – ХVІІІ ст.; 6) ХІХ ст.; 7) ХХ ст.]. Вынікам сталі 30 навуковых прац: 8 абагульняючага характару і 22 манаграфіі, а таксама больш за 11 тыс. публікацый. Сярод калектыўных прац вылучаюцца «Очерки по археологии Белоруссии» (1970 – 1972 гг.), «Белорусская археология: достижения археологов за годы Советской власти» (1987 г.) і інш.

Манаграфічныя даследаванні археолагаў маюць сваю спецыфіку: яны прысвечаны аналізу пераважна матэрыяльнай культуры. Даследаванне палеаліту працягваў К.М.Палікарповіч. У 1968 г. ён апублікаваў манаграфію «Палеолит Верхнего Поднепровья», у якой падвёў вынікі вывучэння палеаліту на тэрыторыі Беларусі з 1925 па 1954 гг. Аўтар прааналізаваў помнікі гэтага перыяду, вызначыў асноўныя заняткі насельніцтва, рэканструяваў характар жытла, паказаў зараджэнне мастацтва. Ён выдвінуў гіпотэзу аб пачатку засялення Беларусі ў мусцьерскую эпоху. У 1970 г. у лабараторыі Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта X.А.Арсланаў па зубу маманта атрымаў першую дату Бердыжскай стаянкі – ≈ 23 430 тыс. гадоў таму назад. Там К.М.Палікарповіч знайшоў скрабло-нож эпохі сярэдняга палеаліта, які ляжаў у пяску пад вялікім скапленнем касцей маманта. Другую па ліку ў Беларусі крамянёвую прыладу – скрабло мусц'ерскага тыпа – у 1960 г. выявіў Л.Д.Побаль. Находкі сведчаць, што ўжо ў даледавіковы перыяд у межах Беларусі пражывалі людзі. Комлекснае ўяўленне аб пачатковым этапе гісторыі Беларусі прадставіла А.Г.Калечыц у кнізе «Первоначальное заселение территории Белоруссии» (1987 г.).

Было даследавана не менш сотні стаянак мезаліту, якія лакалізуюцца на тэрасах рэк. Выдзелены 6 археалагічных культур. Вынікі даследаванняў у межах Беларусі абагульнены ў працах К.М.Палікарповіча, У.Ф.Ісаенкі. Апошні вылучыў тры лакальныя вобласці гэтай эпохі на тэрыторыі Беларусі: верхнедняпроўскую, нёманскую і ніжнядняпроўскую. Таксама даследчык пачаў выданне «Археологических карт Белоруссии». Першы выпуск, прысвечаны помнікам каменнага веку, з'явіўся ў 1968 г.

Археолагамі вылучаны помнікі 7 археалагічных культур эпохі неаліту: днепра-данецкая культура (першыя помнікі ў Беларусі адкрыў К.М.Палікарповіч, вядома 19 стаянак, даследаваных Ю.У.Кухарэнкам, У.Ф.Ісаенкам і інш.), нёманская культура (выяўлены 113 археалагічных помнікаў, вывучаных польскім археолагам У.Галубовічам, Л.Д.Побалем, М.М.Чарняўскім і інш.), верхнедняпроўская культура (выяўлена і археалагічна даследавана 176 помнікаў К.М.Палікарповічам, І.І.Арцёменкам і інш.), нарвенская культура (даследавана ў Беларусі 15 стаянак М.М.Чарняўскім, Э.М.Зайкоўскім і інш), культура грабенчата-ямкавай керамікі (М.М.Чарняўскі), культура шарападобных амфар (прадстаўлена крэмнездабываючымі шахтамі ля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна, даследавана Н.М.Гурынай, М.М.Чарняўскім і інш.), помнікі тыпу Бабінавічаў (у Беларусі вядома 6 помнікаў, якія былі даследаваны Н.М.Гурынай, М.М.Чарняўскім, Э.М.Зайкоўскім і інш.).

М.М.Чарняўскі праводзіў раскопкі помнікаў фінальнага палеаліту, мезаліту і неаліту ў басейнах Нёмана і Віліі, першабытных стаянак на Віцебшчыне, даследаваў нёманскую мезалітычную і нарвенскую неалітычную культуры. У 1979 г. ім была выдадзена манаграфія «Неаліт Беларускага Панямоння», а ў 1981 г. – «Бронзавы век на тэррыторыі Беларусі».

З археалагічных культур бронзавага века (III – II тыс. па VII – VI ст. да н. э.) тэрытарыяльна-храналагічна выдзелены сярэднедняпроўская культура (І.І.Арцёменка, У.Ф.Ісаенка, М.М.Крывальцэвіч, Л.Д.Побаль, А.Г.Калечыц і інш.), культура палескай шнуравой керамікі (Ю.У.Кухарэнка, У.Ф.Ісаенка, В.С.Вяргей, А.В.Іоў, А.Г.Калечыц, М.М.Крывальцэвіч і інш.), шнуравой керамікі Панямоння (У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі), паўночна-беларуская культура (Э.М.Зайкоўскі, М.М.Чарняўскі) і інш.

У пасляваенны час разгортваюцца шырокія даследаванні помнікаў жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі. Археолагі пачалі вывучэнне культур гэтага перыяду: мілаградскай і зарубінецкай (П.М.Траццякоў, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, Л.Д.Побаль), штрыхаванай керамікі (А.Р.Мітрафанаў, Ф.Д.Гурэвіч), днепра-дзвінскай (А.Р.Мітрафанаў, Л.В.Аляксееў, Г.В.Штыхаў, В.І.Шадыра).

Л.Д.Побаль даследаваў гісторыю старажытных славян у Еўропе, у прыватнасці помнікі зарубінецкай культуры. У трох манаграфіях «Славянские древности Белоруссии» (1971, 1973, 1974 гг.) ён даказаў пераемнасць зарубінецкіх плямён ад мілаградскіх, іх раннеславянскі характар, ахарактарызаваў працэс пераходу насельніцтва ў селішчы, здабычу жалеза, сувязі насельніцтва з рымскім светам.

У даследаваннях беларускіх археолагаў закранаюцца пытанні першабытнай гісторыі: гаспадарчага жыцця, светапогляду, этнагенезу. Э.М.Загарульскі ў манаграфіі «Древняя история Белоруссии: Очерки этнической истории и материальной культуры (до ІХ в.)» (1977 г.) раскрыў раннюю этнічную гісторыю Беларусі, станаўленне і развіццё гаспадаркі і першабытнай тэхнікі, эвалюцыю жытла і паселішчаў.

Таксама было апублікавана некалькі брашур папулярнага характару з выкарыстаннем этнаграфічнага матэрыяла, якія разлічваліся на шырокае кола чытачоў (Э.М.Загарульскі, У.Ф.Ісаенка, А.Г.Калечыц, М.М.Чарняўскі, Г.В.Штыхаў).

У першым томе «Гісторыі Беларускай ССР» (1972 г.) размешчаны два раздзелы, прысвечаныя дапісьмоваму часу. Іх напісалі У.Д.Будзько, У.Ф.Ісаенка, І.І.Арцёменка, А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль. Аўтары выкарысталі набыткі амаль 15-гадовага пасляваеннага развіцця беларускай археалогіі, прасачылі першапачатковае засяленне Беларусі першабытным чалавекам, яго існаванне ў познепалеалітычны час, заняткі і побыт плямён новакаменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Гістарычны працэс пададзены на фоне развіцця прыроды, з якой першабытны чалавек быў звязаны непасрэдным чынам. Але аўтары яшчэ амаль не вылучаюць мезалітычную эпоху як важны прамежак паміж паляўнічымі ледавіковай эпохі і пазнейшымі земляробамі. Найбольш грунтоўна асветлены жалезны век, што тлумачыцца высокай ступеню даследаванасці яго розных тэрытарыяльных і храналагічных перыядаў. 

Археолагі даказалі, што ў каменным і бронзавым вяках на тэрыторыі Беларусі сфарміравалася даіндаеўрапейскае насельніцтва, а ў ХХІІІ ст. да н.э. прыйшла магутная хваля індаеўрапейцаў. Тым самым даследчыкі адмовіліся ад канцэпцыі М.Я.Мара, дамінаваўшай у даваеннай гістарыяграфіі.

Археалагічныя даследаванні паставілі пытанне аб этнагенезе беларусаў. Пасля Другой сусветнай вайны ў савецкай гістарыяграфіі замацавалася канцэпцыя «панславізма», актыўным прапагандыстам якой выступаў У.І.Пічэта. Па яго ініцыятыве ў Маскве летам 1947 г. быў арганізаваны Інстытут славяназнаўства і балканістыкі АН СССР. Пічэта падкрэсліваў славянскую місію ў Еўропе, а таксама гістарычную еднасць трох народаў: рускага, украінскага і беларускага. Яшчэ ў курсе лекцый «История белорусского народа» (1918 г.) гісторык лічыў славян аўтахтонным насельніцтвам Еўропы, а іх прарадзіму лакалізаваў ва Усходняй Еўропе. На яго думку, пад націскам готаў і гунаў славяне пачалі рухацца на поўнач, да Верхняга Падняпроўя і Падзвіння. Тэрыторыя Беларусі была занята крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі і, нават драўлянамі. Апошніх ён размяшчаў у басейне Беразіны. Аснову «беларускага племені» У.І.Пічэта звязываў з крывічамі і дрыгавічамі, лічыў, што беларуская народнасць сфарміравалася ўжо ў ХІІІ ст.

А.П.П'янкоў у манаграфіі «Паходжанне беларускага народа» (1948 г.) на аснове разнастайных крыніц стварыў этналагічную ўсходнеславянскую тапаграфію, паказаў рассяленне ўсходніх славян, моўную і культурную еднасць Старажытнарускай дзяржавы, раскрыў працэс фарміравання старажытнарускай народнасці.

У 60-я гг. з’яўляецца праца М.Я.Грынблата «Белорусы. Очерк происхождения и этнической истории» (1968 г.). Аўтар упершыню ў беларускай гістарыяграфіі аб’яднаў археалагічныя, антрапалагічныя, гістарычныя і філалагічныя даследаванні, прапанаваў канцэпцыю этнагенезу беларусаў, якая была дамінуючай у пасляваенны перыяд. VІ – VІІІ ст. – гэта рассяленне ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі, ІХ – ХІІІ ст. – перыяд старажытнарускай народнасці, ХІV – ХVІ ст. – фарміраванне беларускай народнасці, ХVІІ – канец ХVІІІ ст. – перыяд далейшага развіцця беларускай народнасці, канец ХVІІІ ст. – да 1861 г. – складванне прадумоў беларускай нацыі.

 Пазіцыя М.Я.Грынблата некалькі адрознівалася ад аўтара канцэпцыі старажытнарускай народнасці С.А.Токарава. Беларускі даследчык адмаўляў пераемнасць усходнеславянскіх плямён з сучаснымі народамі. Таксама ён не прызнаваў уплыў «балцкага субстрата», канцэпцыю якога ў 1967 г. выдвінуў археолаг В.В.Сядоў.

Тэорыя субстратнага паходжання беларусаў ім прадстаўлена ў манаграфіях «Происхождение и ранняя история славян» (1979 г.), «Восточные славяне в VІ – ХІІІ вв.» (1982 г.). Ён лічыў, што ў выніку славянізацыі балцкага насельніцтва і змяшання з ім славян адбылося аддзяленне часткі ўсходнеславянскай народнасці. Гэта прывяло да станаўлення беларускай лінгваэтнічнай супольнасці, якая аформілася ў VІІІ – ХІІ ст. і папярэднічала беларускай народнасці.

Наступным крокам у вывучэнні праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў стала даследаванне «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985 г.), падрыхтаванае калектывам аўтараў (В.К.Бандарчык, І.У.Чаквін, П.У.Церашковіч, Г.І.Каспяровіч). У манаграфіі прадстаўлены гістарыяграфічны агляд, раскрыты працэс фарміравання беларускай народнасці і беларускай нацыі.

У 1991 г. дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора АН БССР М.Ф.Піліпенка апублікаваў даследаванне «Возникновение Белоруссии: новая концепция», у якім прапанаваў уласны погляд на этнагенез беларусаў. Аўтар лічыў, што крывічы, дрыгавічы і радзімічы прынялі ўдзел у фарміраванні «этнічнага ўтварэння – агульнаўсходнеславянскай народнасці» або «Русі». Ён не прыняў тэорыю «балцкага субстрата» Сядова і «крывічскую» тэорыю Ластоўскага, падзверг крытыцы М.І.Ермаловіча, які лічыў палачан асобным этнічным фарміраваннем у выніку змешвання крывічоў, дрыгавічоў і балтаў – «першай па часе мадэллю беларусаў».

2. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ранняга сярэднявечча.

У вывучэнні айчыннай гісторыі ІХ – ХІІІ ст. даследчыкі абапіраліся на вынікі археалагічных даследаванняў, праведзеных у старажытных гарадах Беларусі.

Георгій Васілевіч Штыхаў

У манаграфіях «Древний Полоцк, ІХ – ХІІІ вв.» (1975 г.), «Города Полоцкой земл и ІХ – ХІІІ вв.» (1978 г.), «Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі» (1992 г.) ён зрабіў выснову, што фарміраванне полацкіх (заходніх) крывічоў праходзіла на працягу другой паловы І-га тыс. н.э., што гістарычным ядром Полацкага княства з’яўлялася Падзвінне.

Леанід Васілевіч Аляксееў

У манаграфіі «Полоцкая земля в IX – XIII вв. (Очерки истории Северной Белоруссии)» (1966 г.) Л.В.Аляксееў даказаў, што Полацкае княства з'яўлялася самастойнай палітычнай адзінкай Русі з арыгінальнай і самабытнай культурай.

Пётр Фёдаравич Лысенка

П.Ф.Лысенка у працах «Города Туровской земл и» (1974 г.), «Берестье» (1985 г.), «Дреговичи» (1991 г.) даказаў заснаванне Брэста дрыгавічамі, правамернасць ужывання тэрміна «Тураўская зямля». Пазіцыя даследчыка не супадае з падыходам украінскіх гісторыкаў, якія самастойнасць Тураўскай зямлі выводзяць толькі з 60-х гг. ХІІ ст.

Археалагічна комплекс помнікаў старажытнага Мінска вывучалі многія вучоныя, сярод іх А.М.Ляўданскі, А.Д.Каваленя, Э.М.Загарульскі, Г.В.Штыхаў і інш. Замчышча ў 1957 – 1961 гг. вывучаў В.Р.Тарасенка, даследаванне горада ў 70-х гг. абагульнена ў манаграфіі Э.М.Загарульскага «Возникновение Минска» (1982 г.). У 1984 – 1986 гг. у сувязі з пабудовай станцыі метро «Няміга» былі праведзены раскопкі ў старажытнай частцы горада XII – XVIII ст. Падрыхтаваны участак, які закансерваваны для стварэння Музея старажытнага Мінска. Вынікі вывучэння наваколляў старажытнага Мінска, валасцей-удзелаў, цэнтраў малых княстваў: Барысава, Лагойска, Заслаўля, увёў у навуковы зварот Ю.А.Заяц у працы «Сельское население Минской волости-удела X – XIII вв.» (1988 г.).

У пасляваенныя годы адносна шырока даследаваліся раннефеадальныя гарады ўсходняй часткі Беларусі. Сярод іх Мсціслаўль, Крычаў, Гомель, Брагін, Чачэрск, Рэчыца, Магілёў. Аб іх даследаванні напісаны манаграфіі Т.Н.Каробушкінай «Средневековые памятники южной и восточной Белоруссии» (1987 г.), А.А.Мяцельскага «Города Белорусского Посожья в X – XIII вв.» (1992).

Важную гаспадарча-эканамічную і гандлёвую функцыі ў феадальную эпоху выконвала Нёманска-Дняпроўская водная магістраль. На берагах Нёмана і яго прытоках сфарміраваліся адносна вялікія гарады, сярод іх Гродна. Старажытнасці горада і яго наваколля даследаваліся не адным пакаленнем археолагаў. Надрукаваны манаграфіі Н.Н.Вароніна «Древнее Гродно» (1954 г.), М.А.Ткачова «Замкі Беларусі» (1977 г.), І.М.Чарняўскага «Архитектурно-археологические исследования в Гродно и Могилеве» (1981 г.), Т.С.Скрыпчанка «Обмен и местное производство на территории Белоруссии в XI – XIV вв.» (1982 г.).

У X – XI ст. існавалі ў Панямонні і інш. гарады. Аднак у летапісу яны адзначаны пазней: Навагрудак, Ваўкавыск, Слонім, Турыйск. Звесткі аб іх абагульнены ў манаграфіях Я.Г.Звяругі «Верхнее Понеманье в IX – XIII вв.» (1989 г.), П.А.Рапапорта «Военное зодчество западнорусских земель X – XIV вв.» (1967 г.). Ф.Д.Гурэвіч «Древний Новогрудок» (1981 г.), С.А.Піваварчыка «Городища X – XIII вв. Белорусского Понеманья» (1994 г.).

Пачынальнікам «гістарычнай археалогіі» – новага накірунку ў гістарыяграфіі Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны – з'яўляецца М.А.Ткачоў.

У манаграфіях «Замкі Беларусі» (1977 г.), «Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII – XVIII стст.» (1978 г.), «Замкі і людзі» (1991 г.) першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў генезіс, эвалюцыю і этапы развіцця замкаў і абарончых сістэм населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.

У пасляваеннай савецкай гістарыяграфіі замацавалася феадальная канцэпцыя грамадскага развіцця ўсходніх славян у ІХ – ХІІІ ст., якую распрацаваў Б.Д.Грэкаў.

Б.Д.Грэкаў у сваіх працах даказываў, што ва ўсходніх славян, як і ў германцаў, разлажэнне першабытнаабшчыннага ладу прывяло да развіцця феадальных адносін. Таму ў VІ – VІІІ ст. панаваў дафеадальны ўклад, а ў ІХ – пачатку ХІІ ст. – феадальны. Гісторык сцвярджаў пра далучэнне Полацка да Кіева князем Уладзімірам у 980 г., пра аўтаномію Полацкай зямлі і пачатак барацьбы з Кіевам пры князе Брачыславе.

Супраць феадальнай канцэпцыі выступіў у 1974 г. пецярбургскі даследчык І.Я.Фраянаў.

У працах «Киевская Русь: Очерки социально-экономической истории» (1974 г.), «Киевскай Русь: Очерки социально-политической истории» (1980 г.), «Киевская Русь: Очерки отечественной историографии» (1990 г.) гісторык даказываў, што ва ўсходніх славян у ІХ – ХІ ст. панавалі абшчынныя адносіны пры слабым развіцці феадальнага ўкладу.

З беларускіх гісторыкаў да гэтай праблемы звярнулася В.І.Гарамыкіна. На аснове вялікага факталагічнага матэрыялу у манаграфіях «К проблеме истории докапиталистических обществ (на материале Древней Руси)» (1970 г.), «Возникновение и развитие первой антагонистической формации в средневековой Европе» (1982 г.) аўтар спрабавала даказаць рабаўладальніцкі характар Кіеўскай Русі і вылучала адпаведна рабаўладальніцкі перыяд у ІХ – ХІ ст. і феадальны ў ХІІ – ХІІІ ст.

Блізкую пазіцыю займаў А.П.П’янкоў. У працы «Происхождение общественного и государственного строя Древней Руси» (1980 г.) даследчык прасачыў пераход ад родавых саюзаў да сельскай абшчыны ў першыя стагоддзі нашай эры. Ён лічыў, што ў VІ – VІІІ ст. панаваў рабаўладальніцкі лад, а ў ІХ – ХІІ ст. – феадальны.

У абагульняючых працах, прысвечаных усходнім славянам і выдадзеных за межамі Беларусі, не звярталася належнайя ўвага гісторыі беларускага рэгіёна. Выключэннем з’яўляецца кніга акадэміка М.М.Ціхамірава (1893 – 1965 гг.) «Древняя Русь» (1975 г.). Аўтар адзначаў ідэнтычнасць палітычнага лада Полацкай зямлі ХІІ ст. палітычнай структуры Вялікага Ноўгарада. Гэтую думку падтрымаў І.Я.Фраянаў.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-12-15; просмотров: 87; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.145.173.112 (0.023 с.)