Прадмет курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі». 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Прадмет курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі».



Задачы курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі».

 Вывучаемы курс ставіць дзевяць задач, якія неабходна вырашыць: 1) вывучэнне заканамернасцей змены гістарычных канцэпцый і іх аналіз; 2) аналіз метадалагічных прынцыпаў, якімі кіраваліся даследчыкі гісторыі Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды; 3) даследаванне працэса накаплення фактычных ведаў аб чалавечым грамадстве на тэрыторыі Беларусі, увядзення ў навуковы зварот новых крыніц (аднак гістарыяграфія не займаецца пошукам і публікацыяй гістарычных крыніц); 4) вывучэнне змены і ўдасканалення метадаў і прыёмаў крыніцазнаўчага аналізу; 5) вывучэнне праблематыкі гістарычных даследаванняў; 6) вывучэнне гістарычных навуковых устаноў, а таксама сістэмы гістарычнай адукацыі ў краіне; 7) аналіз сродкаў навуковай інфармацыі і распаўсюджвання гістарычных ведаў, іх уплыву на грамадскую самасвядомасць; 8) даследаванне міжнародных сувязяў айчыннай гістарычнай навукі, уплыву замежнай філасофіі і навуковай думкі на беларускіх вучоных; 9) вывучэнне ўмоў развіцця гістарычнай навукі і адукацыі і, асабліва, урадавай палітыкі ў вышэйадзначанай галіне.

Прынцыпы і метады гістарыяграфічнага пазнання.

Вывучэнне гістарыяграфіі гісторыі Беларусі прадугледжвае выкарыстанне шэрагу прынцыпаў навуковага пазнання. Першым з іх з’яўляецца прынцып гістарызму. Ён вызначае аналіз любой гістарыяграфічнай з’явы (канцэпцыі вучонага, навуковага накірунку і г.д.) у развіцці і ў сувязі з фактарамі, якія яе абумовілі. Разглядаючы той ці іншы гістарыяграфічны факт, неабходна ўлічваць узровень развіцця тагачаснай гістарычнай навукі, каб не было неабгрунтаваных заўваг да сваіх папярэднікаў.

Другі прынцып – прынцып сістэмнасці. Ён арыентуе даследчыка на вывучэнне перыядаў і накірункаў гісторыі гістарычнай навукі як сістэмы.

Трэці прынцып – прынцып каштоўнаснага падыходу, які прадугледжвае вылучэнне тых ідэй і з’яў мінулага, якія маюць значэнне для сучаснага этапа развіцця гістарычнай навукі.

Вылучаецца шэсць асноўных метадаў гістарыяграфічнага пазнання: 1) параўнальна-гістарычны метад (параўнанне розных гістарычных канцэпцый з мэтай вызначэння іх агульных рыс, асаблівасцей, ступеняў параўнання), 2) храналагічны метад(аналіз эвалюцыі навуковай думкі, змены канцэпцый, ідэй у храналагічнай паслядоўнасці), 3) праблемна-храналагічны метад(дзяленне шырокай тэмы на шэраг вузкіх праблем, кожная з якіх разглядаецца ў храналагічнай паслядоўнасці), 4) метад перыядызацыі(вылучэнне асобных этапаў у развіцці гістарычнай навукі з мэтай вызначэння вядучых накірункаў навуковай думкі), 5) метад рэтраспектыўнага аналіза (вывучэнне развіцця гістарычнай думкі ад сучаснасці да мінулага), 6) метад перспектыўнага аналіза(вызначэнне перспектывы будучых даследаванняў, тэм, праблем).

Прадмет курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі».

Гістарычная навука Беларусі прайшла складаны і супярэчлівы шлях развіцця, асабліва ў савецкі час. Склалася сістэма ўстаноў гістарычнага профілю, падрыхтаваны кваліфікаваныя кадры даследчыкаў, назапашаны вялікі аб’ём гістарычных ведаў. Гістарычная навука не можа развівацца без аналіза набытых звестак, вызначэння ўкладу асобных вучоных і калектываў у вырашэнне навуковых праблем. Яна мае патрэбу ў ацэнцы выкарыстаных вучонымі крыніц і іх інтэрпрэтацыі, метадалогіі канцэптуальных палажэнняў, дакладнасці вынікаў, новага ўкладу ў развіццё навукі. Усё гэта вызначае высокую ролю гістарыяграфіі гісторыі Беларусі сярод іншых гістарычных навук.

Тэрмін «гістарыяграфія» мае грэчаскае паходжанне і складаецца з дзвух слоў: «гісторыя», што азначае «апавяданне аб мінулым», і «графо» - «пішу». Такім чынам, у прамым сэнсе «гістарыяграфія» азначае «апісанне чаго-небудзь», «пісьмовае апавяданне аб мінулым». Гэтае значэнне тэрміна заховалася да ХХ ст., а тых, хто займаўся гісторыяй, называлі «гістарыёграфамі». Напрыклад, у дарэвалюцыйнай Расіі існавала званне прыдворнага гістарыёграфа. Яно прысвойвалася вядомым вучоным і пісьменнікам (Г.Ф.Мілеру, М.М.Шчарбатаву, М.М.Карамзіну). Пасада давала ім вялікі грашовы аклад і доступ у архівы.

У ХХ ст. значэнне тэрміна «гістарыяграфія» змянілася. Пад ёй сталі звычайна разумець сукупнасць гістарычных работ, прысвечаных той ці іншай праблеме або сукупнасць даследаванняў, аб’яднаных агульнымі рысамі: нацыянальнымі (беларуская, расійская, амерыканская гістарыяграфія), тэарэтычнымі (ліберальная, дваранска-манархічная, марксісцкая гістарыяграфія), тэматычнымі (гістарыяграфія ВКЛ, гістарыяграфія аграрнай гісторыі), храналагічнымі (гістарыяграфія 20 - сярэдзіны 50-х гг., гістарыяграфія сярэдзіны 50 – 80-х гг. ХХ ст.). Не адразу зацвердзіўся тэрмін «гісторыя гістарычнай навукі», які стаў ужывацца з пачатку ХХ ст.

Сама праблема вызначэння прадмета гістарыяграфіі паўстала ўжо ў ХІХ ст. Шэраг даследчыкаў (С.М.Салаўёў, К.М.Бястужаў-Румін) разумелі пад ім біяграфіі гісторыкаўз пералікам іх прац. М.В.Каяловіч, П.М.Мілюкоў, В.В.Ключэўскі, А.С.Лапа-Данілеўскі разумелі пад прадметам гістарыяграфіі працэс развіцця гістарычнай думкі. Але гэты падыход не разглядаў крыніцавую базу даследаванняў, формы арганізацыі навукі, падмяняў гістарыяграфію гісторыяй філасофскіх ідэй.

У савецкі час гістарычная школа М.М.Пакроўскага пераўтварыла дыскусію аб прадмеце гістарыяграфіі ў класавую палеміку. Гэты падыход лёг у аснову вызначэння паняцця «гістарыяграфія» у «Очерках истории исторической науки в СССР»: «гістарыяграфія – гэта навука, якая вывучае гісторыю накаплення ведаў аб развіцці чалавечага грамадства, гісторыю ўдасканалення метадаў гістарычнага даследавання, гісторыю барацьбы розных плыняў у сферы тлумачэння грамадскіх з’яў». Фактычна пад гістарыяграфіяй сталі разумець гісторыю грамадскай думкі, што набліжала яе да філасофіі і сацыялогіі.

У 1961 г. выйшаў падручнік «Историография истории СССР с древнейших времён до Великой Октябрьской социалистической революции». Аўтары разглядалі гістарыяграфію не толькі як вывучэнне працэса назапашвання ведаў аб развіцці чалавечага грамадстава і пераўтварэння іх у навуку. Аўтары імкнуліся найперш вызначыць класавую сутнасць гістарычных тэорый. Асобая ўвага надавалася вывучэнню рэвалюцыйнага накірунку ў гістарыяграфіі.

Паколькі ў 60-я гг. разгарнулася дыскусія аб перыядызацыі савецкай гістарыяграфіі, А.Л.Шапіру прапанаваў уключыць у прадмет гістарыяграфіі працэс укаранення навуковых ведаў у жыццё, г.зн. іх адлюстраванне ў творах літаратуры і мастацтва. З ім не пагадзіўся акадэмік А.М.Сахараў. У палеміцы на старонках часопіса «Вопросы истории» ён вызначыў прадмет гістарыяграфіі як аб’ектыўны працэс развіцця ведаў аб мінулым, які абумоўлены ўсім грамадска-эканамічным развіццём. М.В.Нечкіна ўключыла ў прадмет гістарыяграфіі гісторыю вывучэння сусветнай гісторыі, гісторыю развіцця спецыяльных і дапаможных гістарычных дысцыплін, Я.М.Гарадзецкі – вывучэнне арганізацыі і функцыяніравання цэнтраў гістарычнай навукі, гістарычнай перыёдыкі, палітыку дзяржавы і г.д.

Такім чынам, у навуцы зацвердзіўся тэрмін «гісторыя гістарычнай навукі». Але гісторыя гістарычнай навукі – гэта працэс развіцця навукі і яе падсістэм, а гістарыяграфія – гэта навуковая дысцыпліна, якая вывучае гэты працэс. Гістарыяграфія – гэта навука, якая вывучае працэс накаплення ведаў аб развіцці чалавечага грамадства і пераўтварэння іх у навуку, характарызуе розныя погляды на гістарычныя з’явы, разглядае працэс удасканалення метадаў гістарычнага даследавання. Прадметам гістарыяграфіі гісторыі Беларусі з’яўляецца гісторыя вывучэння айчыннай гісторыі ў гістарычнай навуцы Беларусі.

Паколькі прадмет даследавання цесна звязаны з паняццем «гістарычная навука», таму гістарыяграфія ўключае ў сябе два накірункі: 1) арганізацыя навукі (структура навуковых і вучэбна-навуковых устаноў, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, крыніцазнаўчая база навукі, метадалагічная аснова даследаванняў, перыядычныя выданні і выдавецкая база і інш.); 2) дасягненні гістарычнай навукі (абагульняючыя калектыўныя працы, манаграфіі, артыкулы, дакументальныя публікацыі і інш.).

Таму гістарыяграфія гісторыі Беларусі вывучае арганізацыю гістарычнай навукі, даследчыцкую праблематыку (паказвае развіццё навуковага пазнання гістарычнага мінулага), тэарэтычную базу даследаванняў (выяўляе, якім чынам тыя ці іншыя тэарэтычныя канцэпцыі выкарыстоўваюцца ў працы даследчыка, уплываюць на фарміраванне навуковых школ, плыняў), паказывае ўплыў палітычнай сітуацыі на канцэптуальную пазіцыю даследчыка.

Калі і чаму з’явілася гістарыяграфія? У старажытнасці і сярэднявеччы гістарычнае мысленне не выходзіла за межы простага пераказу фактаў. Летапісцы і храністы не разумелі прычыны гістарычных перамен. Адсутнічала крытыка крыніц, вызначаныя метады даследавання. Калі ў Беларусі распрацоўка гістарыяграфічных праблем адносіцца да савецкага часу, то ў Расіі – да 20 – 30-х гг. ХІХ ст. (звязана з пераасэнсаваннем прац М.М.Карамзіна). Згодна канцэпцыі Н.Л.Рубінштэйна і Р.А.Кірэевай, у Расійскай імперыі гістарыяграфія аформілася ў спецыяльную гістарычную дысцыпліну толькі ў сярэдзіне ХІХ ст., калі разгарнулася барацьба паміж дзвума плынямі гістарычнай думкі: ліберальнай і кансерватыўна-дваранскай. Менавіта тады з’явілася неабходнасць у гістарыяграфічных ведах.

Расійскі гісторык І.І.Калеснік прапанаваў крытэрыі вызначэння гістарыяграфіі як самастойнай гістарычнай дысцыпліны. Іх – пяць: значныя дасягненні ў галіне тэорыі і метадалогіі гістарычных даследаванняў, фарміраванне цэнтраў па распрацоўцы гістарычных праблем, падрыхтоўка кадраў гісторыкаў, якія прафесійна займаюцца мінулым сваёй навукі, стварэнне навуковых даследаванняў, якія асвятляюць працэс развіцця гістарычнай навукі, фарміраванне асаблівай навуковай лексікі.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-12-15; просмотров: 49; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 13.58.82.79 (0.006 с.)