Сялянскія хваляванні 1830-1850 гг. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Сялянскія хваляванні 1830-1850 гг.



Сялянскі рух, які з’яўляўся адным з найважнейшых фактараў разлажэння і крызісу прыгонніцтва, у першай палове XIX ст. узрастаў. Гэта ў першую чаргу было выклікана ўзмацненнем феадальна-прыгонніцкага ўціску, што знайшло сваё адлюстраванне ў павелічэнні феадальных павіннасцей, захопе ці скарачэнні сялянскіх надзелаў, гвалтоўным перасяленні сялян на горшыя, неўрадлівыя землі, пераводзе на вотчынныя фабрыкі, ператварэнні вольных людзей у прыгонных, у жорсткім абыходжанні з імі памешчыкаў, аканомаў, арандатараў казённых маёнткаў. Узмацненню феадальнага прыгнёту сялянства аказвала усё больш рашучы адпор.

З павелічэннем памераў паншчыны, узмацненнем панскага прыгнёту і свавольства ва ўмовах крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы сялянскі рух значна ўзрос у 1830-1850 гг. За гэтыя гады ў Беларусі адзначана 350 выступленняў сялян. Абсалютная большасць сялянскіх хваляванняў прыпадае на панскія ўладанні. 32 выступленні падаўлены ваеннай сілай. Як і раней, многія хваляванні сялян вылучаліся ўпартасцю і вялікім напалам барацьбы: 20 выступленняў працягваліся больш чым два гады. Некаторыя сяляне змагаліся з памешчыкамі і ўладамі шмат гадоў. Самай распаўсюджанай формай сялянскага руху ў Беларусі ў заставаліся прашэнні, скаргі, колькасць якіх намнога ўзрасла. Сяляне падавалі таксама “іскі аб волі” або змяншэнні велічыні павіннасцей. Прашэнні, скаргі, “іскі аб волі” падаваліся павятовым ўладам, у губернскія і цэнтральныя ўстановы, часам – на імя цара. Але ўсе прашэнні пераходзілі ў найніжэйшыя інстанцыі, пападалі да мясцовых улад, якія каралі сялян, саджалі ў турму.

Пошукі волі, імкненне вызваліцца ад прыгоннай залежнасці, панскай улады былі характэрнай рысай сялянскага руху ў Беларусі ў гэты перыяд. Сялянства прагна прыслухоўвалася да чутак аб волі, горача ўспрымала весткі аб сялянскіх зваляваннях у суседніх рэгіёнах, рэвалюцыйных падзеях на Захадзе. Пошукі волі ўсё часцей становяцца падставай для выступленняў сялян. Некаторыя з іх працягваліся гадамі. Нярэдка сяляне патрабавалі пераводу іх з паншчыны на аброк ці перадачы ў казённае ведамства.

Як і раней, масавай формай сялянскага пратэсту з’яўляліся ўцекі. У перадрэформеннае дваццацігоддзе толькі злоўленых збеглых па кожнай з заходніх губерняў штогод налічвалася па некалькі соцень чалавек, а ў час голаду і іншых бедстваў колькасць іх значна павялічвалася. Часта ўцёкі сялян былі выкліканы чуткамі аб дараванні волі, перадачы іх ў казну.

Сярод актыўных формаў барацьбы сялян па-ранейшаму найбольш пашыранымі з’яўляліся масавыя адмовы ад выканання павіннасцей і распараджэнняў памешчыкаў, аканомаў, мясцовых ўлад. Пераважная большасць адмоў ад выканання павіннасцей была накіравана выключна супраць адбывання паншчыны. Нярэдка хваляванні набывалі ўпарты, працяглы характар і ўсё часцей заканчываліся сутычкамі з прадстаўнікамі мясцовай улады, паліцыяй і войскам.

З другой паловы 40-х гг. XIX ст. сялянскі рух у Беларусі ўзмацніўся таксама з увядзеннем у панскіх уладаннях абавязковых інвентароў. У некаторых месцах увядзенне інвентароў суправаджалася скарачэннем сялянскіх надзелаў, павелічэннем павіннасцей. Абеззямеленне сялян пры правядзенні інвентарнай рэформы зафіксавана ў 9 панскіх уладаннях. З абвастрэннем класавай барацьбы ў беларускай вёсцы пачасціліся забойствы і замахі на памешчыкаў, аканомаў, арандатараў.

Такім чынам у Беларусі адзначалася ўзмацненне сялянскага руху. Многія выступленні вызначаліся вялікай актыўнасцю, масавасцю і вастрынёй. Сялянскі рух натхняўся ідэяй вызвалення ад прыгоннай залежнасці. Пазам з тым, як і ў папярэдні перыяд, ён характарызаваўся распыленасцю, лакальнасцю, слабай арганізаванасцю, адсутнасцю выразных палітычных пазіцый, што абумовіла яго няўдачу.

42. Кансерватыўная плынь у грамадска-палітычным руху на беларускіх землях у 1830-1850 гг.

Пасля паўстання 1830-1831 гг. шырокае распаўсюджанне атрымалі кансерватыўныя погляды. Ідэалогія кансерватызму аформілася ў Еўропе ў канцы XVIII ст. як рэакцыя на рацыяналізм і падзеі Вялікай Французскай рэвалюцыі.

У грамадскім жыцці Беларусі ў першай палове XIX ст. кансерватызм праяўляўся перш за ўсё ў адносінах да рэлігіі, нацыянальных ідэй, а таксама ў крытыцы лібералізму. Так, у адным з артыкулаў часопіса “Дневнік Віленскі” адзначалася, што заклік да роўнасці і братэрства прывёў у Еўропе да спусташэнняў і кровапраліцця, а слова “ліберальнасць” пасыпана попелам пажарышчаў. Мясцовая арыстакратыя ішла за духавенствам, не ўдавалася ў спрэчкі, брала прыклад з французскай раялісцкай эміграцыі, выконвала каталіцкія абрады і практычна ніякімі іншымі спосабамі не дэманстравала свае погляды. Надзвычай папулярнымі былі і ідэі французскага палітычнага дзеяча і філосафа, аднаго з заснавальнікаў кансерватыўнай дактрыны Жэрара дэ Местра, які быў прыхільнікам аўтакратыі і рэлігійнага правідэнцыялізму, лічыў, што дзеянні людзей вызначаны “божай рукой”. Тыя ж ідэі распаўсюджваліся прафесарамі Полацкай езуіцкай акадэміі і часопісам “Месячнік Полоцкі”.

Шырокае распаўсюджанне сярод адукаваных пластоў Беларусі атрымала ў гэты час ідэя рамантычнага правідэнцыянальнага нацыяналізму (польскага месіянізму), якая, як правіла, спалучалася з ідэалізацыяй даўніны, традыцый і бытавых асаблівасцей народнасці.

У выніку дзейнасці А.Міцкевіча і яго сяброў – студэнтаў Віленскага універсітэта, асабліва гуртка “прамяністых”, у Беларусі распаўсюджваліся ідэі польскай нацыянальнай выключнасці. Каля 1820 г. у Вільні пачаў сваю літаратурную дзейнасць відны ідэолаг польскага месіянізму А.Тавяньскі, з якім цесна зблізіўся А.Міцкевіч у 1840-х гг. Прасякнутая духам месіянізму “Кніга народа польскага і польскага пілігрымства” А.Міцкевіча была вельмі папулярнай сярод вучнёўскай моладзі.

Феадальны рамантызм, пропаведзь каталіцкай рэлігійнасці і крытыка рацыяналізму XVIII ст. запоўнілі старонкі мастацка-публіцыстычных выданняў, якія выходзілі ў Вільні, Гродне і Віцебску ў 30-50-х гг. Гэтыя выданні знаходзіліся пад ўплывам кансерватыўных літаратараў і грамадскіх дзеячаў Г.Ржавускага, М.Грабоўскага, І.Галавінскага, Л.Штырмера. Ідэолагам групы быў Г.Ржавускі, крайні кансерватар, раяліст і рэлігійны традыцыяналіст.Ржавускі і яго прыхільнікі імкнуліся нейтралізаваць “прагрэсіўныя ідэі ў заходнім краі”, адлюстраваць “здаровыя ўяўленні аб свеце”. Выдаўцы часопіса “Atheneum” гаварылі аб неабходнасці распаўсюджвання каталіцкага пункту гледжання на розныя праблемы, адзінстве філасофіі і каталіцызму, што адлюстроўвала кансерватыўную платформу часопіса. Такі ж характар мелі гродзенскі часопіс “Ondyna” і віленскія “Pamietniki Umyslowe”. Кансерватыўная грамадскасць Віцебска гуртавалася вакол часопіса “Rubon”, рэдактарам якога быў К.Буйніцкі. У канцы 40-х гг. ён абвясціў сябе прыхільнікам кансерватыўнай ідэалогіі. Буйніцкі імкнуўся абараняць законы езуітаў, якія стаялі на варце старапольскіх звячаяў. Ідэі Буйніцкага, часткова запазычаныя з артыкула Ржавускага “Цывілізацыя і рэлігія”, у сваёй варожасці да прагрэсу, супрацьпастаўленні славянскага і заходнееўрапейскага свету збліжалі яго з рускімі славянафіламі.

 

 

43. Ліберальна-буржуазны рух на беларускіх землях ў 1830-1850 гг.

У 30-50-я гг. грамадскія дзеячы часцей, чым у першай трэці XIX ст., звярталіся да ліберальнай дактрыны, якая выяўлялася ў той час у імкненні да вызвалення асобы ад межаванняў, якія накладваюцца традыцыяй, грамадскай структурай ці законам, а таксама ў веры ў паступовасць прагрэсу і паслядоўнасць усіх яго стадый. Асноўнымі патрабаваннямі лібералізму ў вобласці дзяржаўнага ладу былі: канстытуцыйны прадстаўнічы парадак, пашырэнне мясцовага самакіравання, свабода асобы ад дзяржаўнай апекі, адмена саслоўных прывілегій, удзел народа ў правасуддзі, усталяванне прамога падаходнага падатку і палітычныя свабоды (свабода слова, сходаў і саюзаў). У эканамічнай вобласці прынцып свабоды лібералы раземелі як свабоду гандлю і працы, неўмяшанне дзяржавы ў эканамічную дзейнасць уласнікаў.

Тымі, хто імкнуўся перабудаваць сваю дзейнасць, не парушаючы існуючых законаў, былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы так званай праграмы “арганічнай працы”. Апошняя разумелася як паступовая, легальная дзейнасць, а сама праграма супрацьпастаўлялася планам рэвалюцыйнай узброенай барацьбы і нелегальнай актыўнасці. Вельмі істотным элементам праграмы арганічнай працы была прапаганда прагрэсіўных метадаў апрацоўкі зямлі, развіцця прамысловасці і гандлю. Ліберальная частка дваран патрабавала часовага вызвалення ад падаткаў тых памешчыкаў, якія мелі ці будавалі фабрыкі, і заснавання ў Вільні агранамічнага інстытута, імкнулася арганізаваць таварыства, якое давала б памешчыкам субсідыі для будаўніцтва фабрык, выказвалася за стварэнне спрыяльных ўмоў, каб заахвоціць гарадскіх прадпрымальнікаў да стварэння фабрык.

Ліберальныя ідэі абмяркоўваліся ў дваранскіх салонах і гуртках – у графа Тышкевіча, у Мастоўскага. Вакол віленскага дваранскага грамадства групаваліся памяркоўна-ліберальныя колы тагачаснай Беларусі. Ідэолагам гэтых колаў быў ксёндз Трынкоўскі, які выступаў у абарону сялян, крытыкаваў саслоўны эгаізм шляхты і заклікаў кіравацца ў адносінах да сялян “законамі розуму”, лічыць іх братамі, роўнымі сабе людзьмі.

У канцы 30-х гг. XIX ст. сярод студэнцкай моладзі пачалі вызначацца людзі з памяркоўнымі ліберальнымі поглядамі і так званыя радыкалы. Найбольш аўтарытэтным прадстаўніком першых быў Лавіцкі, які лічыў неабходным знішчэнне саслоўнай няроўнасці, распаўсюджванне асветы сярод шырокіх народных мас, усталяванне народнага кіравання і г.д. Радыкалы адрозніваліся ад іх не столькі ўяўленнямі аб прынцыпах пабудовы справядлівага грамадства, колькі антыпамешчыцкай накіраванасцю і спробамі знайсці падтрымку ў сялян і раме

44. Навуковае вывучэнне Беларусі. Польскія і рускія навукоўцы аб Беларусі і беларусах.

Пешая палова XIX ст. была часам станаўлення навуковага беларусазнаўства, якое ўзнікла як складаная частка маладой тады навукі – славістыкі. Менавіта ў той час распачалося комплекснае даследаванне гісторыі, мовы, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага этнасу.

Вялікую цікавасць да Беларусі пачынаючы з канца XVIII ст. праяўлялі польскія і рускія даследчыкі, што, несумненна, у значнай ступені тлумачылася як настальгічнымі пачуццямі польскага грамадства ў адносінах да былых усходніх тэрыторый падзеленай і такім чынам знішчанай Рэчы Паспалітай, так і імкненнем Расійскай дзяржавы бліжэй пазнаёміцца з новадалучанымі заходнімі тэрыторыямі. Першыя звесткі пра Беларусь руская навука атрымала ад публікацый вынікаў падарожжаў акадэмікаў І.Ляпёхіна і В.Севяргіна, і дзейнасці дзяржаўных устаноў, якія ажыцяўлялі генеральнае межаванне зямельнага фонду Беларусі.

Сярод першых даследчыкаў старажытнага беларускага пісьменства былі польскія вучоныя Т.Чацкі, С.Ліндэ, рускі бібліёграф В.Сопікаў. Першая спроба даследавання жывой беларускай мовы належала рускаму вучонаму К.Калайдовічу. Беларускія фальклорныя і этнаграфічныя матэрыялы змяшчалі ў сваіх капітальных выданнях выдатныя польскія даследчыкі Л.Галамбёўскі, А.Глінскі і рускія навуковыя славутасці І.Снегіроў, А.Афанасьеў. Беларускія фальклорныя запісы, сабраныя мясцовымі энтузіястамі для І.Кірэеўскага, склалі каштоўнейшы рукапісны “Беларускі архіў” знакамітага рускага вучонага.

Беларуссю і беларусамі цікавіліся і вядомыя еўрапейскія славісты. Знакаміты П.Шафарык у той час, калі многія яго калегі, у тым ліку польскія і рускія. Вагаліся ў вырашэнні пытання самастойнасці і самабытнасці беларускага этнасу, у сваёй манументальнай працы “Славянскае народапісанне” (1842) на аснове вядомых яму лінгвістычных і фальклорных даных, “прадказаў існаванне Беларусі, як астраном прадказвае існаванне новай, яшчэ невядомай планеты”.

45. Беларускае адраджэнне. Дзейнасць прадстаўнікоў беларускай навуковай школы ў 1830-1850гг.

Найбольш вялікі і каштоўны ўклад у станаўленне і развіццё беларусазнаўства таго часу ўнеслі прадстаўнікі самой Беларусі тыя яе ўраджэнцы і жыхары, якія распачалі руплівую працу па збіранню вялікага гісторыка-этнаграфічнага, фальклорнага матэрыялу, а потым і па яго сістэматызацыі і асэнсаванню. Значную дапамогу першым даследчыкам аказвалі праграмы вывучэння народнага жыцця, падрыхтаваныя Віленскім універсітэтам, Міністэрствам народнай асветы Расіі, Рускім геаграфічным таварыствам.

Члены румянцаўскага гуртка, якіх аб’яднаў граф М.Румянцаў, атрымаўшы ў спадчыну ад бацькі Гомель, арганізавалі самую буйную на той час археаграфічную экспедыцыю па Беларусі з мэтай выяўлення мясцовых дакументальных гістарычных крыніц. Румянцаў фінансаваў складанне і выданне “Беларускага архіва” (1824) аднаго з першых беларускіх гісторыкаў І.Грыгаровіча. Князь А.Чартарыйскі аказаў значную дапамогу ўраджэнцу Случчыны З.Даленгу-Хадакоўскаму, чые даследаванні зрабілі моцны ўплыў на развіццё сусветнай славістыкі, беларусазнаўства ў прыватнасці.

У першай трэці XIX ст. у віленскім і пецярбургскім перыядычным друку з’явіліся першыя публікацыі апісанняў беларускіх народных абрадаў – плён даследчыцкай працы першых беларускіх аматараў навукі М.Чарноўскага, І.Шыдлоўскага, К.Фалютынскага і інш. У 1840-1850 гг. колькасць і даследчыкаў, і публікацый па пытаннях беларускай гісторыі, этнаграфіі і фальклору значна павялічылася, што сведчыла пра ўзрастанне цікавасці да беларусазнаўства, найперш сярод адукаванай грамадскасці самой Беларусі. У тай час выйшлі ў свет працы беларускіх даследчыкаў, якія сталі этапнымі ў гісторыі развіцця беларускай этнаграфіі і фалькларыстыкі.

Здабыткі пачатковага этапу развіцця беларусазнаўства сведчылі: у першай палове XIX ст. быў закладзены трывалы падмурак вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі. У навуковы ўжытак былі ўведзены значеыя і каштоўныя этнаграфічна-фальклорныя і лінгвістычныя матэрыялы, якія прадстаўлялі амаль усе рэгіёны этнічнай Беларусі, зафіксавалі асаблівасці побыту і духоўнага жыцця беларускага сялянства – захавальніка мовы і традыцыйнай культуры і часта незалежна ад суб’ектыўнай пазіцыі аўтараў публікацый яскрава сведчылі аб арыгінальнасці і самастойнасці беларускага этнасу.

Публікацыя этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў садзейнічала і таму, што нацыянальныя традыцыі, якія да таго часу захоўваліся на побытавым узроўні станавіліся здабыткам усяго беларускага грамадства, а гэта спрыяла ўзмацненню кансалідацыі, працэсаў унутры нацыі. Калі да таго ж прыгадаць, што першыя даследчыкі, прадстаўнікі шляхты і разначынцаў, адносіліся да вывучэння сялянскіх традыцый як да пазнання ўласных культурных каранёў, то беларусазнаўства без перабольшавання можна лічыць тым стрыжнем, вакол якога пачалося збіранне культурных сіл народа ў той час, калі распачыналася фарміраванне беларускай нацыянальнай свядомасці. Працэс гэты адбываўся ў неспрыяльных гістарычных умовах, вызначаўся маруднасцю і супярэчлівасцю і ў немалой ступені абцяжарваўся шэрагам перашкод, сярод якіх немалае месца займалі праблемы нацыянальнага друку.

46. Экспедыцыя Ю.Заліўскага.

«Экспедыцыя Заліўскага» ўяўляла сабой спробу ўзнаўлення барацьбы за незалежнасць Рэчы Паспалітай супольна з агульнаеўрапейскім рэвалюцыйным рухам. Ю. Заліўскі - адзін з арганізатараў паўстання на землях былога ВКЛ. У эміграцыі ён стварыў арганізацыю «Помста Народа» («Zemsta Ludu»). Яна згуртавала пэўную колькасць эмігрантаў, якія згадзіліся выехаць на радзіму ў якасці эмісараў з мэтай аднаўлення ўзброенай барацьбы на тэрыторыі Каралеўства Польскага і заходніх губерняў Расійскай імперыі. Далёка не ўсім удалося дабрацца да месца прызначэння і распачаць актыўныя дзеянні. На тэрыторыі Беларусі ў 1833 г. гэта паспеў зрабіць толькі М. Валовіч. Астатнія з прыбыўшых на месца эмісараў - М. Шыманскі, А. Пішчатоўскі, Ю. Гардынскі толькі пачалі наладжванне канспіратыўных сувязяў. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што за выключэннем М. Валовіча, астатнія кіраўнікі ў сваёй эмісарскай дзейнасці ў асноўным абапіраліся на мясцовае духавенства. Менавіта каталіцкія ксяндзы і манахі давалі рэкамендацыі адносна надзейных людзей, прадастаўлялі сховішча, перадавалі тайную пошту, нагаворвалі мясцовую шляхту да выступлення. Паводле ўспамінаў тагачаснага гродзенскага губернатара М. Мураўёва, па справе эмісараў у губерні было арыштавана каля 200 асоб. Архіўныя дакументы сведчаць, што колькасць асоб духоўнага звання, прыцягнутых да следства, перавышае 10 %. У якасці пакарання большасць іх была пераведзена ў іншыя епархіі. 10 асоб (ксяндзы І. Нецюнскі, Я. Сянкевіч, А. Шымборскі, В. Багінскі, Ф. Зялінскі, А. Садкоўскі, С. Шышко, К. Важынскі, Ф. Ляскоўскі, С. Гілеўскі) за падтрымку эмісараў саслалі ў Сібір або ў цэнтральныя губерні Расіі. Некаторыя з іх былі пазбаўлены шляхецкай годнасці і духоўнага сану. Таксама за «обнаруженное участие монахов злонамеренных замыслах преступников, возвратившихся из-за границы», у 1833 г. быў ліквідаваны гродзенскі дамініканскі кляштар.

 

47. Зараджэнне рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху. Дзейнасць тайных арганізацый “Дэмакратычнае таварыства” і “Саюз свабодных братоў.”

Студэнт медыка-хірургічнай акадэміі ўраджэнец Піншчыны Франц Савіч заснаваў у 1836г. у Вільні "Дэмакратычнае таварыства", У статуце арганізацыі “Прынцыпах дэмакратызму”, напісаных Савічам, былі абвешчаны ідэі сацыяльнай справядлівасці, вызвалення сялян з зямлёй ад прыгону, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць. У 1838г. нелегальная арганізацыя была выкрыта, ўдзельнікі таварыства былі арыштаваны. Па прыгавору суда Савіча выслалі ў салдаты на Каўказ.

У 1846-1849гг. у шэрага гарадоў Беларусі і Літвы дзейнічалі суполкі арганізацыі разначыннай рэвалюцыйна-дэмакратычнай моладзі “Саюз свабодных братоў”. Сваімі задачамі “Саюз” ставіў звяржэнне самадзяржаўя, ажыццяўленне дэмакратычных пераўтварэнняў у Расіі і Польшчы, стварэнне незалежнай Польскай дэмакратычнай рэспублікі.

 

48. Прычыны адмены прыгоннага права. Падрыхтоўка сялянскай рэформы 1861 г.

Адмену прыгоннага права ў Расійскай імперыі абумовілі дзве галоўныя прычыны: існаванне прыгонніцтва стрымлівала эканамічнае развіццё дзяржавы; узрастанне антыпрыгонніцкага руху, перш за ўсё сярод сялянства, пагражала моцным сацыяльным выбухам. У сярэдзіне XIX ст. Расія заставалася адной з нямногіх вялікіх дзяржаў, дзе захавалася права адных людзей валодаць другімі. Ужо не менш як пяць дзесяцігоддзяў пытанне аб прыгонніцтве займала цэнтральнае месца ў ідэалагічных спрэчках розных кірункаў грамадскай думкі Расіі. Але толькі паражэнне ў Крымскай вайне 1853-1856 гг. здолела прымусіць кіраўніцтва імперыі перайсці да непасрэднага вырашэння сялянскай праблемы. Ва ўрадавых колах разумелі, што рэформу лепш правесці “зверху”, інакш можна дачакацца адмены прыгонніцтва “знізу”.

Новы ўрад Расіі на чале з імператарам Аляксандрам II пачаў падрыхтоўку да скасавання прыгону. Спачатку падрыхтоўка сялянскай рэформы вялася ў сакрэце ад шырокіх колаў грамадскасці. У студзені 1857г. быў створаны Сакрэтны камітэт “для абмеркавання мер па ўладкаванні побыту памешчыцкіх сялян”. Члены камітэта спрачаліся наконт умоў адмены прыгоннага права. Адны прапаноўвалі “остзейскі” варыянт, г.зн. вызваленне сялян без зямлі; іншыя жадалі, каб цар узяў ініцыятыву на сябе і дараваў вольнасць сялянам ад свайго імя; некаторыя лічылі, што ўмовы вызвалення сялян павінны выпрацаваць памешчыкі.

Рэформу было вырашана пачынаць з заходніх губерняў. Папершае, мясцовыя памешчыкі былі значна больш, чым памешчыкі ў іншых раёнах Расіі, уцягнуты ў таварнаграшовыя адносіны, што абумоўлівалася блізкасцю да заходнееўрапейскага рынку. Падругое, увядзенне ў 1840-х гг. абавязковых інвентароў у тутэйшых памешчыцкіх гаспадарках прывяло памешчыкаў Беларусі да ўсведамлення хуткай і непазбежнай страты імі сваёй улады над сялянамі і, разлічваючы на больш выгадныя для сябе ўмовы адмены прыгонніцтва, яны мусілі першымі адгукнуцца на прапанову ўрада. Патрэцяе, для самадзяржаўя апазіцыйна настроенае польскае дваранства ўяўляла палітычную небяспеку, таму неабходна было найхутчэй пазбавіць яго магчымасці выкарыстаць сялянскія хваляванні ў сваіх нацыянальных інтарэсах. Для расійскага ўрада было важна, каб ініцыятыва адмены прыгоннага права зыходзіла ад памешчыкаў галоўнай сацыяльнай апоры ўлады. Паколькі памешчыкі асабліва не спяшаліся з прапановамі аб скасаванні прыгонніцтва, памешчыцкую “ініцыятыву” трэба было арганізаваць. Зрабіць гэта аказалася не вельмі цяжка. Яшчэ ў маі 1856г. генерал-губернатар Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў Назімаў на сустрэчы з Аляксандрам II у Брэсце запэўніў імператара, што дваране яго генерал-губернатарства, бачачы вынікі вызвалення сялян у суседніх прыбалтыйскіх губернях, дзе яны атрымалі асабістую свабоду яшчэ ў пачатку XIX ст., пагадзіліся б на падобную рэформу. Летам 1857г. Аляксандр II зноў сустрэўся з Назімавым, цяпер ужо ў Вільні, і генерал-губернатар пацвердзіў, што памешчыкі паўночназаходніх губерняў гатовы выступіць з ініцыятывай адмовы ад прыгоннага права.

20 лістапада 1857г. быў апублікаваны рэскрыпт Аляксандра ІІ віленскаму генерал-губернатару Назімаву. У ім афіцыйна абвяшчалася аб пачатку падрыхтоўкі сялянскай рэформы, умовай якой быў выкуп сялянамi не толькі прысядзібнай, але і палявой зямлі. Для падрыхтоўкі праектаў рэформы прапанавалася стварыць губернскія дваранскія камітэты. У лютым 1858г. Сакрэтны камітэт быў ператвораны ў Галоўны камітэт па сялянскай справе, пад яго кіраўніцтвам павінна была праводзіцца ўся работа па падрыхтоўцы аграрнай рэформы.

Губернскія дваранскія камітэты ў Беларусі былі створаны ў лютым – жніўні 1858г. Магілёўскі і Віцебскі камітэты падтрымалі ідэю надзялення сялян зямлёй за выкуп. У складзе гэтых камітэтаў пераважалі памешчыкі, якія асноўную частку прыбытку атрымоўвалі ад прадпрыемстваў і чыншавых сялян. Яны імкнуліся пазбавіцца ад неўрадлiвай зямлі за вялікі выкуп і разлічвалі ў далейшым на прыбытак ад укладзеных у банкі грошай, атрыманых ад сялян. У заходніх губернях Беларусі зямля каштавала дорага, таму памешчыкі гэтых губерняў выказаліся за вызваленне сялян, але без зямлі. Беззямельныя і малазямельныя сяляне, якіх у гэтым рэгіёне было празмерна шмат, маглі іх забяспечыць таннай рабочай сілай.

У сакавіку 1859г. пры Галоўным камітэце былі створаны рэдакцыйныя камісіі, якiя павінны былі выпрацаваць агульны праект закона аб адмене прыгоннага права на аснове прапаноў губернскіх камітэтаў.

19 лютага 1861г. праекты “Палажэнняў”, распрацаваныя рэдакцыйнымі камісіямі, адобраныя Дзяржаўным саветам і падпісаныя Аляксандрам ІІ, атрымалі сілу закона.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2017-02-08; просмотров: 401; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.191.108.168 (0.033 с.)