Адметныя рысы старажытнакітайскай культуры 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Адметныя рысы старажытнакітайскай культуры



Цывілізацыя і культура кітайскага народа, нягледзячы на катаклізмы, захавала цэласнасць і своеасаблівасць. Яна мела больш рацыянальны, прагматычны характар, у значнай ступені звернуты да каштоўнасцей рэальнага зямнога жыцця. Духоўная культура вызначалася надзвычайнай устойлівасцю, стабільнасцю, кансерватызмам; у яе фарміраванні і развіцці вельмі важную ролю адыгрывалі шматлікія традыцыі, звычаі, абрады, рытуалы і цырымоніі. Па глыбіні эстэтычнага і паэтычнага пранікнення ў быццё прыроды яна бадай не ведае сабе роўных у свеце. Сярод шматлікіх культаў найбольш важнымі і распаўсюджанымі на ўсёй тэрыторыі Кітая былі культ неба і культ продкаў.

Філасофія. Кітайская філасофія ў перыяд свайго ўзнікнення і развіцця не адчувала істотнага ўплыву іншых, некітайскіх, духоўных традыцый. Гэтая цалкам аўтахтонная філасофія ў найбольшай ступені адрозніваецца ад еўрапейскай. Ужо ў V–III стст. да н.э. сфарміраваўся новы тып мыслення, які звязаны з узнікненнем крытычнай філасофіі і тэарэтычнай навуковай думкі. Найбольш вядомымі філосафамі гэтага часу былі Кун-цзы (Канфуцый) і Лао-цзы. Кун-цзы – “настаўнік Кун” (551–479 стст. да н.э.) – вядомы свету як Канфуцый, распрацаваў асноўныя прынцыпы вучэння аб ладзе грамадства і дзяржавы. Ён стаў заснавальнікам рэлігійна-філасофскай канцэпцыі – канфуцыянства. Пасля яго смерці вучні запісалі выказванні Кун-цзы і аб’ядналі іх у кнігу “Луньюй” (“Беседы и суждения”). Лао-цзы з’яўляецца заснавальнікам даасізму.

Асноўнае ў вучэнні Канфуцыя ― сацыяльна-этычны аспект, які абапіраецца на аўтарытэт старажытнасці.

У аснову сацыяльнага ўладкавання было пакладзена маральнае самаўдасканаленне і выкананне нормаў этыкету (“лі”). Канфуцый распрацаваў канцэпцыю ідэальнага чалавека, дзе галоўнае месца адводзілася паняццю “жэнь”, якое азначала гуманнасць, чалавечнасць, любоў да людзей. Канфуцый падзяляе людзей на тры катэгорыі: цзінь-цзы, жэнь і сяо-жэнь.

Цзінь-цзы – высакародны муж, дасканалы чалавек, у якога на першым плане пачуццё абавязку і чалавекалюбства. Сяо-жэнь – маленькі чалавек, або чалавек з маленькай літары. Жэнь – сярэдні чалавек, які патэнцыяльна можа стаць або тым, або другім.

Вялікае значэнне ў вучэнні Канфуцыя займала канцэпцыя “сяо” – сыноўняй пачцівасці, павагі да бацькоў і старэйшых. Канфуцый лічыў “сяо” найбольш эфектыўным метадам кіравання краінай.

Ён патрабаваў вярнуцца да традыцый старажытнасці, каб адрадзіць мараль у грамадстве. Адна з асноўных ячэек грамадства – сям’я, яна павінна будавацца на мудрым кіраўніцтве главы і на сыноўняй павазе да старэйшых усіх астатніх. Дзяржаву філосаф прапаноўваў будаваць па прыкладзе сям’і, і народ павінен паважаць імператара як бацьку і ва ўсім выконваць яго распара­джэнні, а імператар павінен клапаціцца аб народзе. Адначасова імператар, як сын неба, які адчувае сыноўнюю павагу да волі бацькі – неба, будзе раіцца з ім і правільна выконваць усе абрады пакланення вялікаму бажаству. Такім чынам, грамадства будзе будавацца па іерархічным прынцыпе і кожны чалавек зойме сваю сацыяльную нішу. У адпаведнасці з канцэпцыяй Канфуцыя кіраванне дзяржавай і грамадствам асноўваецца на “лі”, правілах, якія набылі функцыю закона. Лі аб’яўлялася вышэйшай праявай жэнь. Правілы ўстанаўлівалі па сутнасці маральна-этычныя асновы жыцця чалавека, грамадства і дзяржавы ў цэлым.

Прыблізна ў адзін час з Канфуцыем жыў Лао-цзы, заснавальнік даасізму. Але не ўсе замежныя вучоныя згодны з тым, што Лао-цзы – гэта гістарычная асоба, таму што пра жыццё гэтага мудраца мы ведаем толькі з некалькіх дайшоўшых да нас паданняў, якія змяшчаюць шмат міфалагічных звестак. У кароткай біяграфіі Лао-цзы, якая змешчана ў “Гістарычных запісках” Сыма Цяня, ён названы ўраджэнцам царства Чу. Па значэнні і папулярнасці Лао-цзы лічаць другім пасля Канфуцыя філосафам Кітая.

Пяру Лао-цзы прыпісваюць філасофскае вучэнне “Дао Дэ Цзін” (“Кніга пра Дао і Дэ”). Ужо ў назве кнігі закладзены дзве асноўныя катэгорыі дадзенага вучэння. Усё на гэтым свеце ўзнікла ў адпаведнасці з Дао (“шлях”, “метад”), і яно прыдае гэтаму свету гармонію, якая распаўсюджваецца і на грамадства. Спазнаць Дао можна толькі на пачуццёвым узроўні. Дэ (“благодать”, “благодатняя сила”) з’яўляецца тым выражэннем Дао, якое прыдае энергію ўсяму свету, пераўтварае яго.

Дао – гэта першапачатак усяго існага ў свеце, абсалютная заканамернасць быцця, нябачны закон прыроды.

Паводле даасізму, увесь свет лічыцца ўвасабленнем гэтага неспасціжнага, няўлоўнага Дао. Лао-цзы сцвярджаў, што ісцін­нае Дао немагчыма выказаць словамі і спасцігнуць розумам. Кожны чалавек павінен прытрымлівацца свайго Дао, дзеля чаго яму трэба адкінуць усе ўмоўнасці цывілізаванага грамадства і падначальвацца натуральным прыродным рытмам і законам. Сапраўдны даасіст павінен адмовіцца ад актыўнай дзейнасці, прытрымлівацца прынцыпу “у вэй” (надзея). Прыхільнікі да­асізму абавязаны былі рабіць толькі тое, што патрабуе ад іх прырода – падтрымліваць уласную жыццядзейнасць, расплоджвацца, быць раўнадушнымі да багацця, мірской мітусні, славы, а таксама імкнуцца да дасягнення адзінства з прыродай і маральна-духоўнай дасканаласці.

У Старажытным Кітаі вядома філасофскае вучэнне Мэн-цзы (370–289 гг. да н.э.). Асноўным у яго філасофіі была ідэя аб дабры, якая ўласціва ўсёй чалавечай прыродзе. Пачуццё спачування, адзначаў філосаф, – ёсць пачатак чалавечнасці; пачуццё сораму – пачатак абавязковага; пачуццё самаахвярнасці – пачатак дысцыплінаванасці; пачуццё добрага і дрэннага – пачатак розуму.

Рэлігія. Традыцыйныя рэлігіі Кітая заснаваны на ўшанаванні Цянь (неба), Шань-дзі (першага правіцеля) і розных духаў (Шань).

Бог народнасці

Культ продкаў таксама становіцца адной з асноў кітайскай рэлігіі. На­сельнікі Кітая шчыра верылі ў пасмяротнае жыццё, таму яны разам з памер­лымі змяшчалі яго асабістыя рэчы, ежу. У імператарскіх грабніцах разам з гаспадаром нярэдка размяшчалі жывёл і рабоў. Аб’ектамі шанавання і пакланення са старажытных часоў былі ў Кітаі прыродныя з’явы і стыхіі: сонца, месяц, планеты, гром, вецер, мора, возера, горы і інш. Са шматлікіх культаў жывёл і раслін на першым месцы быў міфічны дракон – сімвал звышнатуральнай нябеснай сілы, мудрасці, магутнай і справяд­лівай улады імператара; сімвал урадлівасці, шчасця, бессмярот­насці.

Акрамя дракона, да ліку свяшчэнных жывёл адносіліся птушка фенікс, адзінарог, чарапаха, тыгр, кот, певень, ліса, змяя, малпа, пацук, бык, конь, каза, сабака, свіння і інш.

Кілін – містычная жывёла, якая прыносіць поспех

Кітайцамі ўшаноўваліся таксама дрэвы і расліны – сасна, сліва, гранат, каштан, хрызантэма, лотас.

У дзяржаве існавалі некалькі відаў рэлігійных і грамадскіх культаў: агульнадзяржаўныя культы (неба і зямлі, продкаў, імператара); агульнародныя культы вялікіх родапачынальнікаў трох рэлігій – Канфуцыя, Лао-цзы, Буды; хатнія ці мясцовыя культы.

Галоўнымі традыцыйнымі рэлігіямі ў Кітаі з часоў стара­жытнасці былі канфуцыянства, даасізм і будызм. Паводле канфуцыянства, улада правіцеля абвяшчалася свяшчэннай, дараванай небам, а раздзяленне людзей на вышэйшых і ніжэйшых лічылася ўсеагульным законам справядлівасці. Даволі сухія дактрыны канфуцыянцаў былі мала звернуты да народа. Таму не дзіўна, што даасізм аб’яднаў сілы з народнай рэлігіяй. І будызм, і даасізм адмаўлялі каштоўнасці свету і звярталіся да містычнага боку чалавечай прыроды. Будызм ускладваў надзею на нірвану і вечнае шчасце ў “заходнім раі”.

Вышэйшай мэтай прыхільнікаў даасізму лічылася атрыманне бессмяротнасці з дапамогай магічнай практыкі і складанне “эліксіраў”. Калі гэтая мэта аказвалася недаступнай, то можна было спадзявацца на атрыманне багацця, адкрыўшы сакрэт атрымання золата, або працягнуць жыццё з дапамогай сродкаў менш універсальных, чым эліксір бессмяротнасці.

Будызм з’яўляўся адзіным замежным элементам у кітайскай культуры, які пранік ва ўсе слаі грамадства і стаў неад’емнай часткай нацыянальнай цывілізацыі.

Будысцкі храм у Кітаі

Будызм, да таго часу як прыйшоў у Кітай у I ст. да н.э., быў ужо старой рэлігіяй, якая мела за плячамі чатыры – пяць стагоддзяў гісторыі.

Згодна вучэнню Хінаяны, Гаўтама – адзіны Буда, які вечна спачывае ў нірване, дзе адсутнічаюць спакуса і барацьба. Ён пакінуў чалавецтву простае правіла, па якім кожны можа дасягнуць такога стану.

У гэтым вучэнні няма малітваў, заклінанняў або паднашэнняў. Тут Буда – не Бог, а чалавек, які адкінуў карму граху.

Рэлігія Кітая ніколі не сцвярджала сваёй катэгарычнай выключнасці. Ні Буда, ні Канфуцый, ніхто з даоскіх мудрацоў не мог сказаць: “Няма Бога, акрамя мяне”. Багі існуюць, але пакланенне ім – не лепшы шлях пазбегнуць перараджэнняў. Канфуцый, які шанаваў багоў свайго часу, не абвяшчаў іх адзіна сапраўднымі, магчыма, таму, што іншыя былі яму невядомыя. Для людзей таго часу пакланенне багам азначала выкананне рытуалаў і не звязвалася з ідэямі асабістага выратавання.

Міфалогія. Перамены ў грамадскай свядомасці і адпаведнае іх асэнсаванне адлюстроўваліся ў міфах. Найбольш папулярным у Старажытным Кітаі быў касмаганічны міф аб Паньгу, які быў першапродкам, першым чалавекам на зямлі, прабацькам усяго чалавецтва. Паводле гэтага міфа, спачатку ўвесь Сусвет знаходзіўся ў стане першабытнага хаосу і па форме нагадваў гіганцкае курынае яйка. У ім самазарадзіўся Паньгу, які там доўга спаў, а прачнуўшыся, узяў вялізную сякеру і раскалоў яйка. Усё лёгкае, светлае і чыстае (“Ян”) з яго паднялося наверх і ўтварыла неба, а ўсё цяжкае, цёмнае і бруднае (“Інь”) апусцілася ўніз і ўтварыла зямлю. Такім чынам, Інь – Ян – два палярна супрацьлеглыя пачаткі, якія ляжаць у аснове існавання Сусвету, Космасу, а таксама ўсяго жывога на Зямлі.

Юй

Інь – гэта ўсё цёмнае, рэчавае, халоднае, жаночае, пасіўнае, мяк­кае, зямное, вільготнае, інтуітыў­нае, а Ян, наадварот, – усё светлае, духоўнае, гарачае, мужчынскае, актыўнае, цвёрдае, нябеснае, сухое, рацыянальнае. Гэтыя два супрацьлеглыя пачаткі, дасяг­нуўшы свайго апагею, узаемна пераходзяць адзін у аднаго.

У кожным Інь ёсць нейкая частка Ян, а ў кожным Ян у зародкавым стане ўжо існуе Інь. Чаргаванне Інь – Ян вызначае ўсе змены і рытмы, рэгулюе жыццё чалавека, жывёл, раслін і інш. Для нармальнага функцыянавання любой сістэмы неабходна раўнавага паміж Інь і Ян; у адваротным выпадку такая сістэма распадаецца. Сімвалам Інь – Ян з’яўляецца круг з дзвюма часткамі (светлай і цёмнай), у кожнай з якіх пазначана кропка іншага колеру. У кітайскім мастацтве Інь – Ян разглядаецца як галоўны эстэтычны прынцып гармоніі і раўнавагі, як аснова мастацка-вобразнай сістэмы ўсіх відаў мастацтва.

У аснове антрапаганічных уяўленняў кітайцаў – міф аб тым, што людзі ўзніклі з насякомых-паразітаў, якія жылі на целе першачалавека Паньгу. Паводле другой міфалагічнай версіі, першых людзей вылепіла з гліны старажытная багіня – прамаці Нюйва, якая мела выгляд паўжанчыны-паўзмяі.

Ключавымі паняццямі і тэрмінамі кітайскай міфалогіі з’яў­ляюцца Шань-дзі і Цянь. Шань-дзі, паводле міфа, ёсць не толькі вярхоўнае бажаство, але і першапродак. Ён з’яўляўся ў выглядзе жоўтага нябеснага імператара, які кіруе шматлікімі багамі, духамі і вызначае правілы паводзін людзей на зямлі. Кітайскія міфы прыпісваюць яму вынаходніцтва павозкі, лодкі, люстэрка, гліня­нага гаршка для прыгатавання ежы, пісьменнасць, а таксама тое, што ён навучыў людзей музыцы, вырабляў эліксір несмя­ротнасці, напісаў медыцынскі трактат і інш. Шань-дзі ўвасабляў вечнасць і нязменнасць неба, а таксама маральныя законы.

У старажытнакітайскай міфалогіі Цянь (Неба) уяўляецца як вярхоўны дух, найвялікшы правіцель, што дае права зямному ўладару кіраваць краінай, а таксама як вышэйшая боская сіла, што распараджаецца чалавечымі лёсамі.

Старажытныя кітайцы верылі ў тое, што менавіта Неба з’яўляецца пачаткам усіх пачаткаў. Таму кітайцы надзвычай шанавалі Неба, падначальваліся яму, выконвалі яго законы і патрабаванні. Неба лічылася ўвасабленнем мудрасці, справядлі­васці, дабрадзейнасці; яно магло як пакараць, так і своеасаблівым чынам узнагародзіць чалавека.

Адзіным сынам Неба і Зямлі лічыўся імператар, улада якога мела неабмежаваны характар.

Майтрэя

Невыпадкова адна з назваў Кітая – “цянь- ся”, гэта значыць “тое, што знахо­дзіцца пад Небам”, або “Паднябесная імперыя”.

За перыяд тысячагодняга існавання Старажытнага Кітая сфарміраваўся комплекс уяўленняў, які атрымаў назву “культурны этнацэнтрызм”. У яго аснове – уяўленні пра Кітай як пра “Сярэдзіннае царства”, якое знаходзіцца ў цэнтры Сусвету і акружана “варварамі чатырох бакоў свету”.

Пісьменнасць. Кітайцамі ў старажыт­насці былі вынайдзены іерагліфічнае пісь­мо і адукацыя. Самыя раннія надпісы са знойдзеных у “Вялікім горадзе Шан” былі зроблены на касцях жывёл, а таксама на бронзавых рытуальных пасудзінах. Пачынаючы з перыяду Шань-Інь (XVI–XII стст. да н.э.), для нанясення іерогліфаў выкары­стоўвалі доўгія драўляныя і бамбукавыя план­кі. У эпоху Чжоў (XII–III стст. да н.э.) такі спосаб пісьма атрымаў агульнае распаўсюджанне. Пісалі вертыкальна, зверху ўніз. Шырыня планкі была разлічана толькі на адзін іерогліф. Калі планкі разам – атрымлівалася кніга, якую можна было скруціць.

Шырокае распаўсюджанне пісьма прывяло да неабходнасці уніфікаваць напісанне. На рубяжы IX–VIII стст. да н.э. кітайскія іерогліфы былі ўпершыню кадыфікаваны прыдворным гіста­рыёграфам Шы Чжоў. Да канца перыяду Хань канчаткова склалася графічная сістэма кітайскага пісьма, якая існуе зараз.

З сярэдзіны I тыс. да н.э. у якасці матэрыялу для пісьма пачалі выкарыстоўваць шоўк, але з-за дарагавізны ён не стаў агульнадаступным. У многім дзякуючы гэтаму ў II–I стст. да н.э. з’явілася папера – адно з самых значных дасягненняў кітайскай цыві­лізацыі. Аднак не адразу танная папера пацясніла іншыя матэрыялы. Прадстаўнікі вышэйшых класаў яшчэ ў перыяд дынастыі Хань выкарыстоўвалі бамбук і шоўк.

Пачатак афіцыйнай сістэме адукацыі ў імператарскім Кітаі быў пакладзены ў III ст. да н.э. У гэты час з’яўляецца першы тлумачальны слоўнік, складзены Сей Шэнем. У ім было змешчана тлумачэнне амаль на 10 тыс. іерогліфаў. Тады ж было ўведзена адзінае для ўсёй краіны пісьмо, якое пазней стала асновай кітайскай пісьменнасці.

У 136 г. да н.э. быў створаны Іайсю – універсітэт – першая вышэйшая школа ў Кітаі. Першая ВНУ складалася з пяці кафедраў у адпаведнасці з пяццю кананічнымі кнігамі канфуцыянства. Кафедры ўзначальвалі бошы – дактары.

Канфуцыем была заснавана ўласная школа, праз якую прайшло да 3 тыс. навучэнцаў. Сярод асноўных педагагічных прыёмаў у гэтай школе былі дыялог настаўніка з вучнямі, класіфікацыя і параўнанне розных фактаў і з’яў, перайманне найлепшых узораў.

Заснавальнікам гістарычнай навукі ў Кітаі лічаць Сыма Цяня (145 – каля 87 г. да н.э.), пяру якога належыць праца “Запісы тайшы”. Яго гістарычныя запіскі ўключаюць апісанні перыядаў царствавання, храналагічныя табліцы кіраванняў, шэраг геаграфіч­ных і гаспадарчых даных, біяграфіі вышэйшых асоб, нарысы аб суседніх народах, жыццяпісы ўплывовых асоб.

Значнымі былі тэхнічныя дасягненні кітайцаў. Так, ужо ў I ст. н.э. імі быў сканструяваны сейсмограф, створаны нябесны глобус з апісаннем больш за 2500 зорак, магнітны компас. Кітайцы таксама вынайшлі порах, які спачатку выкарыстоўвалі падчас забаўляльных мерапрыемстваў і толькі значна пазней прымянілі яго ў ваеннай справе.

У пачатку II ст. н.э. яны вынайшлі спосаб вырабу таннай паперы з валокнаў драўніны, прычым трымалі гэта ў строгім сакрэце шмат стагоддзяў. Кітайцы першымі авалодалі тэхнікай плаўкі, шырока выкарыстоўвалі тачкі для перавозкі цяжкіх грузаў. У старажытнасці ў Кітаі ўзнікла кнігадрукаванне – прыблізна ў II ст. н.э., тады як у Еўропе гэта адбылося толькі ў XV ст.


Мастацтва Кітая

Літаратура. Найбольш старажытныя помнікі кітайскай філалогіі адносяцца прыкладна да сярэдзіны XII ст. да н.э. У гэты час з’яўляюцца ўказы, дэкларацыі, маніфесты, звароты да народа, якія ў эпоху Чжоўскага царства былі зведзены ў зборнік “Шу- ц­зін”. Гэты звод лічыцца гістарычным помнікам і параўноўваецца з “Іліядай” Гамера.

З XII ст. па VII ст. да н.э. шырокае распаўсюджанне набылі творы пад назвай шы (вершы). З цягам часу шы былі сабраны ў (“Кнігу песень”), у якую ўвайшло каля 300 песень на гістарыч­ную, грамадзянскую, бытавую, абрадавую і любоўную тэмы.

Да літаратурнай спадчыны адносіцца і “Кніга перамен”, якая ўяўляе збор парад па варажбе на сцяблінках тысячалісніка і панцырах чарапоў. Індывідуальная паэзія ўзнікла ў Кітаі прыблізна ў IV–III стст. да н.э. Яшчэ раней узніклі першыя творы ў жанры гістарычнай прозы, оды. Была створана нават спецыяльная Музычная палата, дзе збіраліся і апрацоўваліся народныя мелодыі, песні.

Заснавальнікам літаратурнай паэзіі ў Кітаі лічыцца Цюй Юань. У творах паэта гучыць голас чалавека непрызнанага, адлучанага ад вышэйшага свету. Да сучаснікаў дайшла яго знакамітая паэма “Лісао” (“Паэма смутку”). Традыцыі вялікага паэта працягвалі Хань Фэй, Лу Цзы, Мей Шэен, Ян Сунь, Тао Юань Мінь і інш.

У Кітаі існавала складаная сістэма кіравання краінай. Адбор кандыдатаў на тую ці іншую пасаду рабілі з дапамогай экзаменаў. Кандыдат павінен ведаць на памяць сачыненні старажытных аўтараў, асабліва Канфуцыя, даваць тлумачэнне зададзенаму тэксту, умець разважаць на філасофскія тэмы і складаць вершы. Экзамены праходзілі ў жорсткай абстаноўцы: кожны знаходзіўся ў асобным памяшканні, дзе акрамя пісьмовых прылад нічога не было, экзаменуемаму выдавалася асобая вопратка, паколькі экзамен – гэта таксама свайго роду рытуал, пытанні былі невядомыя, кожны адказ даваўся ў пісьмовай форме і пад дэвізам. Лепшыя атрымлівалі ступень і права здаваць экзамены на другую ступень, а вытрымаўшы іх – на трэцюю. Да экзаменаў дапускаўся кожны, хто жадаў. Той, хто атрымаў пасаду, меў вялікае значэнне, таму што на сваім месцы ён быў вышэйшай уладай, суддзёй, зборшчыкам падаткаў, назначаў на працу, якую павінны былі выконваць усе просталюдзіны на карысць дзяржаве. Вышэйшая вучоная ступень – цзыньшы – давала права на высокі дзяржаўны пост, таму што на экзаменах прысутнічаў сам імператар.

Была ў Кітаі і акадэмія навук – Акадэмія Ханьлінь, куды ўваходзілі асабліва знакамітыя вучоныя мужы, яны тлумачылі законы, стваралі імператарскія ўказы.

Стварэнне універсітэта і акадэміі дало штуршок для развіцця навукі і тэхнікі.

Навука і тэхніка. Высокага развіцця ў Старажытным Кітаі дасягнулі такія навукі, як матэматыка, астраномія, медыцына.

Ужо ў V ст. да н.э. старажытныя кітайцы даведаліся аб ўласці­васцях прамавугольнага трохвугольніка, у I тыс. н.э. быў створаны трактат “Матэматыка ў дзевяці главах”. Кітайскія вучоныя ўпершыню ў гісторыі чалавецтва ўвялі паняцце адмоўных лічбаў. Кітайскія матэматыкі ведалі дзесятковыя дробы, удакладнілі значэнне лічбы “пі”. Тагачасныя астраномы ў I ст. да н.э. упершыню склалі зорны каляндар, карту зорнага неба, адзначылі існаванне сонечных плям, апісалі мноства новых зорак.

Глыбінёй адзначаны даследаванні ў галіне медыцыны. Вядомы кітайскі ўрач Бянь Цяо напісаў “Трактат аб хваробах”, дзе сістэмна апісаў анатомію, фізіялогію, паталогію і тэрапію.

У пачатку I тыс. н.э. у Кітаі было вядома ўжо 35 трактатаў па праблемах лячэння розных хвароб.

Кітайскія ўрачы шырока прымянялі розныя травы, мінералы. Яшчэ да нашай эры тут узнік новы метад лячэння розных хвароб – так званая акупунктура (іголкаўколванне).

Акрамя таго, старажытныя кітайцы першымі пачалі прымяняць наркотыкі ў лячэбных мэтах, а таксама прыпяканне.

Літаратура Кітая выражала бунтарскія настроі, была супраць жорсткасці і насілля, высмейвала чалавечыя парокі, у тым ліку і высокапастаўленых асоб. Паэты-бунтары ва ўсе часы падвяр­галіся розным пакаранням, у тым ліку і выгнанню з краіны. Жыццё самагубствам пакончылі Цай Юань і Хань Фэй, якія доўгі час праследаваліся ўладамі.

Славутым паэтам “залатога веку” літаратуры эпохі Хань быў Сыма Сян-жу (179–117 гг. да н.э.). Гэта самы вядомы прадстаўнік жанру прозапаэтычных твораў – “фу”.

У тагачасным Кітаі існавала і гістарычная проза, у якой не толькі апісваюцца тыя ці іншыя здарэнні, але і дзеючыя асобы, якія пакінулі след у гісторыі. У старажытнай кітайскай літара­туры адсутнічала тэма кахання. Замест яе была тэма сяброўства. На той час у Кітаі не прызнавалі спатканняў або свабоднага выбару мужа. Мужчына жаніўся на дзяўчыне, якую выбіралі бацькі без яго згоды. Ён не мог бачыць нявесту да шлюбу, а калі гэта спатканне здаралася, то магло стаць прычынай разрыву шлюбу.

Выяўленчае мастацтва. Аб мастацтве перыядаў Шан і Чжоў вядома дзякуючы кераміцы, бронзавым пасудзінам, вырабам з яшмы і ўпрыгожанымі разьбой прадметам, уключаючы ласёвыя рогі, слановыя косці і каменныя скульптуры.

Скульптура

Выяўленчае мастацтва Старажытнага Кітая прадстаўлена перш за ўсё ў пахавальных помніках. Сярод скульптуры пераважаюць выявы фантастычных жывёл – “крылатыя львы”. Нават каноны ў выяўленчым мастацтве Кі­тая патрабуюць не паказу статыстычнага стану, а дзеяння, у якім выяў­ляюцца не характары, а ўмоўныя тыпы, дзе багі заўсёды большыя, чым людзі, дзе чуецца пошук Абсалюта. Але галоўная іх якасць – недасказанасць, незавершанасць, якая дае гледачу прастор для сатворчасці.

Бронзавыя пасудзіны і сімвалічныя прадметы з яшмы складаюць дзве самыя важныя катэгорыі застаўшыхся твораў мастацтва, якія ствараліся для рытуальных мэт і выкарыстоўваліся ў часы абраду пакланення продкам.

У малюнках на бронзе – выявы дракона, але не вельмі яшчэ падобныя: тулава – цяжкое і менш выгнутае, чашуя і грыва – адсутнічаюць. З другога боку дракона часта суправаджае птушка, якая называецца фенікс.

Да гэтага часу належыць знойдзеная на адным з магільнікаў першая карціна на шоўку з выявай маладой жанчыны, над якой лётаюць дракон і фенікс, што ўвасабляюць стыхійныя сілы жыцця і смерці.

 

Жывапіс

На стылістыку розных жанраў кітай­скага выяўленчага мастацтва аказалі даволі значны ўплыў два асноўныя рэлігійна-філасофскія напрамкі – канфуцыянства і даасізм. Партрэтны жы­вапіс атрымлівае развіццё ў часы дынастыі Хань.

Да сучаснікаў дайшла легенда аб майстэрстве аднаго мастака: ён валодаў мастацтвам партрэта да такой ступені, што мог перадаць не толькі характэрныя рысы твору, але і ўзрост чалавека. У адным з захаванняў знойдзена фрэс­ка, на якой мастак дасканала перадаў індывідуальныя рысы ўдзельнікаў вядомай гістарычай падзеі.

У эпохі Цынь і Хань выяўленчае мастацтва дасягнула найвышэйшага ўзроўню. Уражвае пахавальны комплекс Цынь Шы-хуандзі, што ўключаў падземны пахавальны палац і 11 глыбокіх падземных тунеляў. Тут размяшчалася так званая тэракотавая армія (каля 8 тыс. воінаў і баявых коней, якія мелі выгляд размаляваных тэракотавых фігур у натуральную велічыню). Захаваліся таксама шматлікія комплексы грабніц мясцовай знаці. Да гэтых падземных пахавальных пабудоў нярэдка вяла “алея духаў-ахоўнікаў”, па абодва бакі ад яе размяшчалі скульптурныя выявы розных жывёл. На сценах шэрага пабудоў захаваліся разнастайныя рэльефы з выявамі стваральнікаў неба і зямлі, легендарных герояў, сямейных сцэн, міфічных жывёл, прыродных стыхій.

Архітэктура. У эпохі Цынь і Хань склаліся асноўныя рысы традыцыйнай кітайскай архітэктуры. Грамадскае ўсталяванне, формы мыслення і рэлігійныя ўяўленні налажылі адбітак на архітэктуру Кітая. Для яе характэрны кансерватызм, следаванне канону, раз і назаўсёды ўстаноўленым прынцыпам, ад якіх архітэктар не павінен быў адступаць. Нават нязначныя дэталі канструкцый і колер афарбоўкі архітэктурных элементаў былі кананізаваны, мелі характар рэлігійных дагматаў.

З часу аб’яднання краіны пачынаецца ўвядзенне найбольш грандыёзных манументальных помнікаў старажытнага кітайскага дойлідства.

Самым старажытным збудаваннем, якое дайшло да нашага часу, з’яўляецца Вялікая Кітайская сцяна.

 

Вялікая Кітайская сцяна

Гэтае збудаванне дае ўяўленне аб узроўні раз­віцця горадабудаўніцтва і інжынернага мастацтва таго часу. Па сведчанні арыгінальных крыніц, яе будаўніцтва вялося на пацягу 10 гадоў намаган­нямі 200 млн. катаржні­каў і 100 тыс. салдат. Вялікая Кітайская сцяна з архітэктурнага пункту гледжання ўяўляе адносна простую па структуры пабудову. Яна ўзведзена з зямлі і каменя з выкарыстаннем больш старажытных фарты­фікацыйных збудаванняў – земляных валоў, насыпаных яшчэ ў VI–IV стст. да н.э. па паўночных і паўночна-ўсходніх межах краіны для абароны ад суседніх народнасцей, а затым абліцавана цэглай. Непасрэдна ў эпоху Цынь быў пабудаваны толькі адзін з участкаў Вялікай Кітайскай сцяны працягласцю 750 км. Першы этап у яе пабудове і аднаўленні працягваўся з перапынкамі наступныя дзве тысячы гадоў, калі яе працягласць была даведзена да 3100 км. Сцяна ўзводзілася з такім разлікам, каб па ёй магла прайсці шарэнга з васьмі салдат або праехаць чатыры коннікі (пры неабходнасці па сцяне праязджалі і павозкі). Такім чынам, умацаванне павінна было служыць і дарогай. Праз кожныя 100–150 м узвышаюцца масіўныя башні – усяго 25 тыс., а праз вызначаныя прамежкі ў ёй ёсць праходы па 3–4 м з варотамі. Сцяна цягнецца па горнай мясцовасці і ўздымаецца да 1800 м над узроўнем мора. Немагчыма дакладна ўстанавіць працягласць сцяны: яе пачатковы і канечны пункт па прамой складае 2450 км, але сцяна пастаянна пятляе, акрамя таго, ёсць адгалінаванні, з улікам якіх яе працягласць складае каля 6000 км.

Сталіца дзяржавы ў адрозненне ад старажытных пасяленняў мела дакладны план. Так, святочны і прыгожы выгляд мела цыньская сталіца Сяньян. Горад быў абнесены моцнай крапасной сцяной з мноствам варот і башняў. Паводле звестак летапісцаў, у ім налічвалася каля 300 палацавых комплексаў, а шырокія вуліцы завяршаліся масіўнымі варотамі.

Галоўныя цэнтры Лоян і Чан-Ань Ханьскай імперыі ўзводзілі па складзеных у старажытных трактатах правілах – па плане з дакладным падзелам на кварталы. Палацы арыстакратыі знахо­дзіліся на галоўнай магістралі горада і складаліся з жылых і парадных пакояў, садоў і паркаў.

Вялікі ўплыў на развіццё кітайскай архітэктуры аказаў будызм. У адрозненне ад Індыі, дзе сімвалам гэтай рэлігіі служыць ступа, у Кітаі будысцкімі мемарыяльнымі збудаваннямі з’яўляюцца шмат’ярусныя башні-пагады. Шмат’ярусная пагада зыходзіць да архітэктуры традыцыйнага кітайскага жытла. Далейшае развіццё і шырокае распаўсюджанне пагады прыходзіцца на эпоху Сярэднявечча.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Творы гэтага віду мастацтва знойдзены археолагамі ў розных правінцыях Кітая. Найбольш ранняя распісная кераміка адносіцца да V – III тыс. да н.э. У правінцыі Хэнань захавалася шмат гарлачыкаў з бледна-жоўтай або чырвона-бурай абпаленай гліны. У гэтых пасудзінах захоўвалі віно і масла, гатавалі ежу, а вялікія сасуды выка­рыcтоўваліся як пахавальныя ўрны. Злепленыя напачатку рукамі, а потым з дапамогай ганчарнага круга цагляныя вырабы – вазы, чашы, блюды, міскі – адрозніваліся незвычайнай правільнасцю формаў. Іх абпальвалі пры тэмпературы каля 1500 градусаў па цэльсію, а затым абточвалі зубамі кабана, дзякуючы чаму яны станавіліся гладкімі і бліскучымі. Верхнюю частку пасудзіны пакрывалі складанымі геаметрычнымі ўзорамі – трохвуголь­нікамі, спіралямі, кругамі і ромбамі, а таксама выявамі жывёл.

Гліняны посуд

У перыяд Шань-Інь з’явіліся цяжкія маналітныя бронзавыя пасудзіны, якія служылі для ахвяравання духам прыроды і духам – ахоўнікам племені. Форма іх была традыцыйнай, яны адлі­валіся па гліняных злепках, аб чым яскрава сведчаць знойдзеныя ў Аньяне керамічныя вырабы. Бронзавыя пасудзіны мелі розную форму, бо рытуал ахвярапрынашэння продкам, у час якога выкары­стоўваліся гэтыя рэчы, быў складаным і ўключаў прыгатаванне цвёрдай ежы і рысавай гарэлкі.

 

Аднак гэта не магло адбывацца без дапамогі іншых пасудзін, таму рытуальныя рэчы ўключалі ў сябе ўсе тыпы сасудаў, неабходных для прыгатавання ахвяравальнай ежы. Вядомы як назвы, так і канкрэтнае прызначэнне гэтых пасудзін. Іх для цвёрдай ежы было пяць “дзі”, кацёл на трох ножках быў круглай формы. Сустракаюцца некаторыя “дзі” і з чатырма ножкамі, але ўсё ж звычайна іх было тры. “Інь” – гэта сферычны гаршчочак на трох апорах. Яго верхняя палова з’яўляецца крышкай. “Хэ” (у форме чайніка, таксама з трыма ножкамі) выкарыстоўваўся для прыгатавання цвёрдай ежы. “Дуй” і “доў” – чашы і кубкі, у якіх падаваліся гатовыя прысмакі. Апошняя (“доў”) ўяўляе асабліва грацыёзную чашу на доўгай ножцы, якая нагадвае бакал для віна.

Сасуд тыпу цзунь. Бронза

Пасудзін для прыгатавання і вытрымкі ахвяравальнага віна было намнога больш. Часам гэтыя сасуды падпісваліся, прычым звычайна ўказваліся імя стваральніка і мэта, для якой прызначаўся прадмет, затым заклік да нашчадкаў захоўваць гэтую каштоўную рэч.

Пасудзіны, з вялікім майстэрствам адлітыя са сплаву медзі і волава, былі пакрыты рэльефам. Галоўнае месца ў ім адводзілася выявам птушак і дракона, якія азначалі стыхію неба і вады, прадвяшчалі добры ўраджай, быкоў і баранаў. Часам малявалі збіральны вобраз жывёлы – ахоўніка чалавека, які яднаў у сабе чатыры тыгры, дракона і барана. Пасудзіны былі рознымі па форме. У прамавугольных вялікіх чанах на чатырох ножках з двума ручкамі “фандзін” рыхтавалі ахвяравальнае мяса. Высокі стройны кубачак “гу”, які пашыраўся знізу і ўверсе, прызначаўся для ахвярнага віна. Звычайна на паверхні гэтых пасудзін наносілі тонкі спіралевідны лінейны “ўзор грому”, на фоне якога ў тэхніцы рэльефу выконвалі асноўныя малюнкі. Аб’ёмныя жывёльныя морды як бы вырасталі з бронзы. Гэтыя пасудзіны павінны былі ахоўваць чалавека і абараняць ад злых сіл, таму яны самі часта мелі форму жывёл і птушак, а іх паверхню запаўнялі выступы і гравіроўка.

Кірпічная разьба

У Старажытным Кітаі разам з ахвяравальнымі пасудзінамі стваралі­ся шматлікія іншыя вытанчаныя прадметы. Гэта гладка адпаліраваныя круглыя бронзавыя люстэркі, інкру­ставаныя серабром і золатам са зваротнага боку; упрыгожаныя лакавым роспісам музычныя інструменты і мэбля, лакавыя падносы, вазы, чашы. Выраб лаку ў той час быў вядомы толькі ў Кітаі. Размаляваны ў розныя колеры натуральны сок лакавага дрэва шматразова наносілі на паверхню вырабу, што надавала яму лоск, трываласць і абараняла ад вільгаці. У захараненнях непадалёк ад горада Чанша археолагі знайшлі шмат лакавых рэчаў. У гібкіх перапляценнях узораў, змешчаных на чашах, блюдах, падносах, адлюстравалася старанне злавіць і занатаваць рух Сусвету.

Мячы, алебарды, наканечнікі коп’яў у Кітаі, як і ўсюды, рабіліся з бронзы. Званы, якія выкарыстоўваліся ў цырымоніях ахвярапрынашэння продкам, у старажытны час таксама адлівалі з бронзы. Вялікае значэнне надавалася чысціні гуку і тону такіх званоў, таму адліў ажыццяўляўся вельмі якасна. Звычайна з расплаўленым металам змешвалі ахвярную кроў авечкі ці вала. У кітайскіх званах не было “языка”, у іх білі, стукаючы драўляным малатком самых розных формаў. Найбольш распаўсюджанымі былі авальныя або круглыя, але сустракаюцца таксама і квадратныя. Як і ахвяравальныя сасуды, званы вытанчана ўпрыгожваліся і часам падпісваліся.

Звычаі і абрады. На быт і норавы кітайцаў значны ўплыў аказалі ідэі канфуцыянства. Паводле канфуцыянскіх нормаў, ад мужчыны патрабаваліся сумленнае выкананне сваіх службовых абавязкаў, падначаленне вышэйстаячым і кіраўніку роду. Жанчына заўсёды павінна быць паслухмянай мужу, свёкру і свяк­роўцы; яе прызначэннем і найважнейшымі абавязкамі лічыліся самаадданае служэнне мужу, працавітасць, гаспадар­лівасць. У Старажытным Кітаі быў вельмі рэгламентаваны побыт людзей. Сістэма выхавання сфарміравала ў насельнікаў краіны ўстаноўку на спакойнае, размеранае жыццё, без мітусні і асабістых амбіцый, з перавагай маральных каштоўнасцей над матэрыяльнымі.

Кітайскія сем’і жылі ў адпаведнасці са сфарміраванымі стагоддзямі нормамі, традыцыямі, звычаямі. Усе члены сям’і павінны былі прытрымлівацца пэўных абмежаванняў. Напрыклад, было строга забаронена ўжываць непрыстойныя словы, рабіць дрэнныя ўчынкі, якія маглі пашкодзіць старэйшым і іншым сваякам. Дзяржаўныя і калектыўныя інтарэсы ставіліся вышэй за індывідуальныя. Правільнымі лічыліся толькі афіцыйныя ісціны.

У аснове духоўнага жыцця кітайцаў быў культ продкаў. Кітаец у паўсядзённым жыцці павінен кіравацца канфуцыянскімі запа­ветамі: аддана служыць сваім жывым і памерлым продкам, пры­носіць ім ахвярапрынашэнні, мець да іх сыноўнюю пачці­васць, заўсёды паважаць, шанаваць сваіх бацькоў, старэйшых людзей і інш. У кожнай кітайскай сям’і былі храмы і алтары продкаў, дзе можна было ім пакланіцца, прынесці ахвяра­прынашэнні.

Ахвярапрынашэнні

Выхаванне праходзіла таксама ў адпаведнасці з меркаваннямі і пастулатамі Канфуцыя. Так, ідэ­альна выхаваны чалавек павінен мець высокія маральныя якасці: высакародства, праўдзівасць, імк­ненне да ісціны. Сям’я ў Старажытным Кітаі найчасцей была палігамная. Бацька лічыўся адначасова главой, правіцелем і суд­дзёй сям’і. У Кітаі існавалі гарэмы, якія маглі налічваць да не­калькіх тысяч чалавек. Інтым­ныя адносі­ны ўспрымаліся як своеасаблівае адлюстраванне ўзаема­дзеяння жаночага і мужчынскага (Інь – Ян) пачаткаў, а таксама свяшчэннага саюза зямлі і неба.

Даасізм фактычна прызнаваў поўную свабоду палавых зносін. У той жа час нярэдкімі былі гомасексуальныя інтымныя зносіны.

Асаблівай павагай у Старажытным Кітаі карысталіся мясцовыя гетэры, якія звычайна мелі музычны і літаратурны талент.

Праўда, канфуцыянства імкну­лася абмежаваць сексуальныя патрэбы суграмадзян. Шлюбным узростам мужчыны было дасягненне ім 30 гадоў, а жанчын – 20 гадоў. Аднак такія правілы нярэдка парушаліся, і вядома шмат выпадкаў, калі жаніліся ў 15– 16 гадоў, а дзяўчаты выходзілі замуж у 13–14 гадоў. Практыка ранніх шлюбаў выклікала асуджэнне прыхільнікаў канфуцыянства. Рашэнне аб уступленні ў шлюб прымалася бацькамі (найчасцей бацькамі жаніха). Выбар нявесты вызначаўся па некалькіх асноўных крытэрыях: выгляд, паходжанне, багацце і інш. Па імені нявесты шляхам гадання вызначалі, ці няма перашкод для заключэння шлюбу. Дата вяселля вызначалася па гараскопе. На вяселле запрашалася мноства гасцей, прычым бацькам жаніха нярэдка прыходзілася залазіць у даўгі, каб сабраць як мага больш гасцей.

Кітайскія гетэры

Эстэтычным ідэалам кітайскай прыгажуні лічылася такая жанчына, якая мела надзвычай кволую, вытанчаную, амаль эфемерную фі­гуру, у яе адсутнічалі ўсялякія вы­пукласці, былі максімальна ма­ленькія і зграбныя рукі і ступні. Каб сфарміраваць такую фігуру, дзяўчынкам з 5–6-гадовага ўзрос­ту пачыналі бінтаваць грудзі і но­гі. Шырока выкарыстоўваліся разнастайныя касметычныя сродкі.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-10; просмотров: 397; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.145.64.132 (0.067 с.)