Помнікі першабытнай культуры 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Помнікі першабытнай культуры



На тэрыторыі Беларусі

На тэрыторыі Беларусі артэфакты культуры вядомы з позняга палеаліту. На шэрагу стаянак першабытнага чалавека знойдзены скульптуркі жанчын і птушак з біўняў мамантаў, выкананыя ў стылі наіўнага рэалізму, пласціны з біўняў, упрыгожаныя арнаментам. На познепалеалітычных стаянках трапляюцца разнастайныя ўпрыгожанні – падвескі з ракавінак і зубоў жывёл, пацеркі з фрагментаў трубчатых касцей і вапняковых трубачак марскіх чарвякоў. Большасць палеалітычных знаходак старажытнага мастацтва звязаны з першабытным культам плоднасці і паляўнічай магіяй.

У познім палеаліце складваюцца зачаткі архітэктуры, з’яў­ляюцца нізкія купалападобныя жытлы, умацаваныя ў аснове буйнымі касцямі маманта, з доўгачасовымі агнішчамі-кастрыш­чамі.

У неаліце з далейшым развіццём збіральніцтва, палявання і рыбалоўства, з зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі сацыяльнае і духоўнае жыццё старажытнага чалавека ўскладнілася, што знайшло адлюстраванне і ў культуры.

 

Прадметы эпохi бронзы II–I тыс. да н.э. Змяя. Канец III – пачатак II тыс. да н.э.

На неалітычных стаянках Беларусі, заселеных пераважна паляўнічымі, рыбаловамі і збіральнікамі, сустракаюцца арнамента­ваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, зубоў, бурштыну, дробныя пластычныя выявы людзей, жывёл і птушак з дрэва, рога і косці.

У неаліце ўпершыню на тэрыторыі Беларусі паявіліся бурштынавыя ўпрыгожанні – кроплепадобныя, пальчыкавыя, сякерападобныя, асіметрычныя падвескі, масіўныя трапецапа­добныя падвескі і кольцы, круглыя, прамавугольныя і двайныя круглыя гузікі, цыліндрычныя пацеркі. У гэты час ужо існавала адносна развітое мастацтва. Значнае месца ў ім займалі антрапаморфныя і зааморфныя выявы, прадстаўленыя гравіроўкай і дробнай плас­тыкай.

У Беларусі знойдзены самыя старажытныя музычныя інстру­менты – абломкі птушыных трубчатых касцей з шэрагам прасві­раваных адтулін.

Характэрнай асаблівасцю неаліту з’яўляецца вынаходства глінянага посуду. Ужо самыя архаічныя неалітычныя пасудзіны былі аздоблены глыбокімі круглымі ямкамі пад краем венчыка, якія дапаўняліся гарызантальнымі паясамі грабеньчатых адбіткаў, насечак або наколаў. Пазней арнаментацыя керамікі ўсклад­нілася.

 

Бердыж уяўляе групу археалагічных помнікаў каля вёскі Бердыж Чачэрскага раёна. Там знаходзіцца паселішча эпохі верхняга палеаліту, адно з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. У ім выяўлены рэшткі чатырох жытлаў і пяці гаспадарчых ям, у будаўніцтве якіх выкарыстаны чарапы, буйныя плоскія і трубчас­тыя косці маманта і іншых жывёл. На паселішчы знойдзены крамянёвыя наканечнікі коп’яў з бакавой выемкай, бакавыя, сярэдзінныя і вуглавыя разцы, нажы касцёнкаўскага тыпу, нажы-кінжалы, скрабкі, пласцінкі з прытупленым рэтушшу краем, вастрыі тыпу гравет, рэтушоры, адбойнікі, нуклеусы, прылады сякерападобных формаў і іншае, а таксама пласціны з біўня маманта з геаметрычным арнаментам, характэрныя для помнікаў касцёнкаўска-вілендорфскай культуры. Узрост паселішча 27–25 тыс. гадоў.

Побач знаходзіцца і паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку. На ім знойдзены крамянёвыя нуклеусы, пласціны, адшчэпы, скрэблы, ромбападобны наканечнік стралы, фрагменты ляпной керамікі эпохі неаліту і бронзавага веку. Гэтыя помнікі першабытнай культуры даследавалі К.М.Палікарповіч, С.М.Замятнін, У.Дз.Будзько, А.Г.Калечыц і інш.

Белая Сарока – паселішча эпохі мезаліту (VIII–V тыс. да н.э.) каля в. Белая Сарока Нараўлянскага раёна.

Тут знойдзены 123 крамянёвыя прылады працы (нажы са скошаным канцом, скрабкі, скоблі, разцы, рэтушоры, праколкі, свярдзёлкі), тронкавыя і вербалістыя наканечнікі стрэл свідэрскай і постсвідэрскай культуры, 27 мікралітычных пласцін з прытупленым рэтушшу краем, 600 апрацаваных крамянёў (нуклеусы, трапецыі, прамавугольнікі), рэшткі чатырох вогнішчаў.

Адкрыў помнік і даследаваў У.Ф.Ісаенка.

Добры Бор – стаянка каля в. Добры Бор Баранавіцкага раёна. Тут выяўлены 12 вогнішчаў круглай і авальнай формы, 5 ям (з іх 3, магчыма, былі паўзямлянкамі). Сярод 900 знойдзеных крамянёвых прылад працы і нуклеусаў – трохвугольныя наканечнікі стрэл, масіўныя лістападобныя наканечнікі коп’яў, нажы, разнастайныя скрабкі, разцы, праколкі, цёслы, сякеры. Знойдзены таксама шліфаваныя каменныя сякеры з прасвідраванымі адтулінамі, шліфавальныя пліткі, адбойнікі. Сярод керамікі каля 2 тыс. абломкаў посуду: вастрадонных гаршкоў са шчыльнымі пад- ш­трыхаванымі сценкамі, арнаментаванымі наколамі, насечкамі, пракрэсленымі рыскамі, адбіткамі лінейнага штампа, якія адносяцца да позняга неаліту.

Да бронзавага веку адносяцца абломкі пласкадонных гаршкоў з прафіляванымі сценкамі, арнаментаванымі наразнымі рыскамі, шнуравымі адбіткамі, наколкамі.

Журавель – археалагічны помнік каля вёскі Журавель Чэрыкаўскага раёна. Тут знаходзілася стаянка сожскай культуры позняга мезаліту (VIII –VI тыс. да н.э.), дзе выяўлены вогнішча і майстэрня пачатковай апрацоўкі крэменю: знойдзены больш за 6 тыс. адзінак крамянёвага інвентару, у тым ліку 290 прылад працы. Помнік даследавалі В.Ф.Капыцін і К.М.Палікарповіч.

Крывіна – паселішча позняга неаліту і бронзавага веку, знаходзілася непадалёку ад вёскі Галоўск Сенненскага раёна. Тут выяўлены рэшткі жытлаў памерам 3–3,5 х 4–4,5 м з жэрдак, дах якіх абапіраўся на тоўстыя слупы. У жытлах і паміж імі раз­мяшчаліся вогнішчы дыяметрам 0,4–0,5 м, глыбінёй 0,2 –0,3 м, абкладзеныя камянямі, і ямы ад вогнішчаў. Знойдзены рагавыя, касцяныя і крамянёвыя прылады працы, фрагменты кругла- і вастрадонных гаршкоў, арнаментаваных насечкамі, наколамі, грабеньчатымі і іншымі ўзорамі, бурштынавыя і касцяныя падвескі, пранізкі, гузікі.

Русаковічы – група стаянак каменнага і бронзавага вякоў каля вёскі Русаковічы Стаўбцоўскага раёна. На стаянцы эпохі неаліту знойдзены крамянёвыя прылады працы і фрагменты вастрадонных гаршкоў, арнаментаваных пераважна грабеньчатымі адбіт­камі. Трапляюцца таксама правільна агранёныя пласцінкі, канцавыя скрабкі, аднапляцовачныя нуклеусы, крамянёвыя прылады і кераміка трох этапаў нёманскай культуры і бронзавага веку, арнаментаваная адбіткам шнура і лінейным штампам, баразёнкамі. Выяўлены гаспадарчыя ямы, большасць з якіх бронзавага веку.

Раманавічы – археалагічны помнік каля вёскі Раманавічы Гомельскага раёна. Найбольш старажытныя знаходкі паселішча адносяцца да фінальнага палеаліту, ёсць мезалітычныя і неалі­тычныя рэчы, матэрыялы ранняга і сярэдняга бронзавага веку, жалезнага веку. Знойдзены рэшткі вогнішчаў, больш за 30 тыс. вырабаў з крэменю (скрабкі, сякеры, скоблі, сярпы, наканечнікі стрэл, укладышавыя прылады тыпу “пік” і іншае), кераміка ляпная (з грабеньчатым арнаментам, з адбіткамі шнура, лінейнага штампа, насечкамі, нарэзкамі і іншае) і ганчарная.

Скема – паселішча эпохі неаліту, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў каля вёскі Мікольчыцы Мядзельскага раёна, на берагавым узвышшы р. Скема. У культурных напластаваннях сустракаюцца матэрыялы шнуравой керамікі культуры. Да канца бронзавага і пачатку ранняга жалезнага веку адносяцца знаходкі культур штрыхаванай керамікі і мілаградскай. Даследаваў стаянку М.М.Чарняўскі.

Тайманава – комплексархеалагічных помнікаў каля вёскі Тайманава Быхаўскага раёна на правым беразе Дняпра. Тут знаходзілася стаянка позняга мезаліту (VI тыс. да н.э.). На яе тэрыторыі знойдзены наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, праколкі, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы постсвідэрскай культуры. Даследаваў дадзены помнік Л.Д.Побаль.

Глыбаўка – паселішча позняга мезаліту (VI–V тыс. да н.э.) каля вёскі Глыбаўка Веткаўскага раёна. На яго тэрыторыі выяўлены 5 паўзямлянкавых жытлаў, 17 вогнішчаў і 14 гаспадарчых ям. Круглыя і авальныя жытлы паглыблены ў мацярык да 0,5 м. Вогнішчы адкрытага тыпу знаходзіліся ў цэнтры ці каля сцяны жытла. Знойдзены каля 33 тыс. вырабаў з крэменю: адна-, двух- і шматпляцовачныя нуклеусы, адшчэпы, пласціны, скрабкі, вялікія скрэблы, скоблі, вуглавыя і бакавыя разцы, вастрыі, свярдзёлкі, 2 дрэнна апрацаваныя цяслы, наканечнікі стрэл з пласцін з рэтушаваным дзяржаннем, мікраліты, сякучыя прылады. Даследавала А.Г.Калечыц.

Такім чынам, высветліўшы асноўныя прыметы і агульную характарыстыку культуры першабытнага грамадства, можна прый­сці да наступных высноў:

– першабытная культура сфарміравала такое светаўспры­манне, якое заснавана на ідэях гармоніі чалавека і прыроды, магчымасці магічнага ўздзеяння на навакольны свет (космас);

– асновай жыцця першабытнага грамадства з’яўляўся міф;

– міфы розных народаў падобныя па сваіх сюжэтах і ідэях, што пацвярджае гіпотэзу старажытнага адзінства чалавецтва;

– першабытнае мастацтва не з’яўляецца прымітыўным, а, магчыма, недаступным “разуменню” сучаснага чалавека ў сувязі з тым, што яно заснавана на сімвалах, ідэях, прынцыпах першабытнай ментальнасці;

– першабытнае грамадства, яго культура не з’яўляюцца перыядам далёкага мінулага, светаадчуванне сучаснага чалавека збліжае яго з нашымі далёкімі продкамі праз міф, фальклор і архетыпы.

 

Заданні

1. Падбярыце артэфакты першабытнай культуры, знойдзеныя як у Беларусі, так і ў іншых краінах; прапануйце іх да ўключэння ў электронны варыянт дапаможніка.

2. Вызначце асноўныя ўяўленні (вераванні), на якіх будуецца светапогляд першабытнага чалавека.

3. Вылучыце з вучэбнага дапаможніка Т.І.Шамякінай “Міфа­логія Беларусі” інфармацыю на тэму: “Міф і яго месца ў першабытнай культуры”, падрыхтуйце электронную прэзентацыю.

4. Стварыце электронную прэзентацыю "Стаянкі першабытнага чалавека на тэрыторыі Беларусі".

5. Падбярыце помнікі першабытнай культуры перыяду неаліту на тэрыторыі Беларусі, выявіце іх асаблівасці, прапануйце да ўключэння ў камп’ютэрны варыянт дапаможніка.

 

Літаратура

1. Борзова, Е.П. История мировой культуры: учеб. пособие для вузов искусств и культуры / Е.П.Борзова; Санкт-Петербург. гос. ун-т культуры и искусств. – СПб.: Лань, 2001. – 669 с.

2. Быстрова, А.Н. Мир культуры. Основы культурологии: учеб. пособие / А.Н.Быстрова. – М.: Маркетинг; Новосибирск: ЮКЭА, 2000. – 678 с.

3. Говард, М. Сучасная культурная антрапалогія / нав. рэд. П.Церанковіч; пер. з англ.: I.Карнікаў [і інш.]. – Мн.: Тэхналогія, 1995. – 478 с.

4. История религий: учебник для вузов: в 2 т. / под общ. ред. Н.Н.Яблокова. – 2-е изд., испр. и доп. – М.: Высш. шк., 2004. – Т.2.

5. Культурология: теория и история культуры: учеб. пособие / И.Е.Ширшов [и др.]; под общ. ред. И.Е.Ширшова. – Мн.: БГЭУ, 2004. – 543 с.

6. Малюга, Ю.А. Культурология: учеб. пособие / Ю.А.Малюга. – 2-е изд., доп. и испр. – М.: Инфра-М, 1998. – 278 с.

7. Першиц, А.И. История первобытного общества: учебник для ист. фак. вузов / А.И.Першиц [ и др.]. – 3-е изд., перераб. и доп. – М.: Высш. шк., 1982. – 223 с.

8. Полищук, В.С. Культурология: учеб. пособие для вузов / В.С.Полищук. –М.: Гардарики, 1998. – 444 с.

9. Редегер, Д.Г. История Древнего мира: учеб. пособие для пед. ин-тов / Д.Г.Редегер, Е.А.Черкасова; под ред. Ю.Г.Крушкол. – М.: Просвещение,1970. – 271 с.

10. Рогинский, Я.Я. Об истоках возникновения искусства / Я.Я.Рогинский. – М.: Изд-во МГУ, 1982. – 32 с.

11. Тайлор, Э.Б. Первобытная культура / предисл. и примеч. А.П.Першина; пер с англ. – М.: Политиздат, 1989. – 572 с.

12. Тайлор, Э.Б. Миф и обряд в первобытной культуре / Эдуард Бернетт Тайлор; пер. с англ. Д.А.Корончевского. – Смоленск: Русич, 2000. – 623 с.

 


3. Культура СТАРАЖЫТНЫХ грамадстваЎ

Культура Месапатаміі

Першым асяродкам высокаразвітой агульначалавечай культуры з’яўляецца Старажытны свет. Ён складаўся з наступных культурна-гістарычных арэалаў: Месапатаміі і Двурэчча. Еўра-афра-азіяцкая культурна-гістарычная зона пачала фарміравацца яшчэ ў IV тыс. да н.э. У гэты час на землях Месапатаміі жылі аседлыя шумеры-земляробы. Шумерскія гарады з’яўляліся аднымі з першых культурных цэнтраў у гісторыі чалавецтва.

Месапатамская культура ўзнікла і пачала развівацца на цывілізацыйнай аснове. Яна складалася з самабытных культур розных этнічных супольнасцей, народаў.

Раней за ўсё тут узнікла высокаразвітая шумерская цывілі­зацыя. Менавіта шумераў большасць сучасных усходазнаўцаў называюць родапачынальнікамі культуры Месапатаміі. Пазней узніклі Асірыя і Вавілон, якія стварылі ўласную высокаразвітую культуру, абапіраючыся на дасягненні шумерскай цывілізацыі.

 
 

 


Культурна-гістарычныя арэалы

Асноўную частку Паўночнай Месапатаміі і Сірыі складаў найстаражытнейшы народ хурыты. Яны ўтварылі дзяржаву Мітані і вельмі цесна кантактавалі з акадцамі і егіпцянамі.

На мяжы IIІ–II тыс. да н.э. гісторыя Месапатаміі становіцца ў асноўным гісторыяй семіцкіх народаў. Яны кантактавалі паміж сабой, ваявалі адзін з адным, стваралі і дашчэнту разбуралі помнікі культуры.

Рэлігія. У аснове духоўнага жыцця народаў Месапатаміі, як, між іншым, усіх старажытных цывілізацый, была рэлігія. Характэрная рыса рэлігіі Двурэчча – політэізм і антрапамарфізм багоў. Яе насельнікі мелі даволі вялікі і складаны пантэон.

Згодна міфам шумераў, сонм багоў бярэ пачатак ад багіні Наму, дзякуючы якой з’явілася першая пара багоў – бог Ан і багіня Кі. Ад іх шлюбу ўзніклі ўсе іншыя багі – старэйшыя Энліль, Нуску, Энкі і малодшыя – Анунам, Ігігі і інш. Усе з’явы навакольнага асяроддзя былі размеркаваны паміж багамі і знаходзіліся пад іх наглядам. Так, Ан – бог неба, бацька ўсіх багоў. Ён быў вельмі грозны, варожы людзям, насылаў на ўсіх усялякія напасці. Энліль – вярхоўны бог, бог зямлі і паветра, сын Ан. Ён меў табліцы лёсаў і мог прадбачыць будучыню людзей і ўсяго свету. Яму падначальваліся разбуральныя прыродныя сілы – буры, патопы і інш. Менавіта ён наслаў на людзей сусветны патоп дзеля таго, каб знішчыць усё жывое на зямлі. Энліль – грозны, караючы бог. Яго сімвал – агнявокі бык. Эйя – бог воднай стыхіі.

У абсалютнай большасці багамі былі мужчыны. Выключэннем была Іштар – багіня кахання, урадлівасці, вайны і ваенных бітваў – вельмі прыгожая жанчына, пра яе хараство спявалася ў многіх гімнах.

Вавілонскі жрэц перад алтаром з сімваламі Мардука – дракона і кап’ём. Адбітак друку

Самі багі, паводле павер’яў старажытных шумераў, выйшлі з вялізнага акіяна. Жыхары Месапатаміі лічылі, што багі кіруюць зямлёй, а людзі створаны багамі для таго, каб служыць ім. Пасля смерці чалавека яго душа навечна трапляла ў замагільны свет – цёмнае падземнае царства, дзе яе чакала звычайна вельмі невясёлае жыццё. Кіравалі гэтай краінай багіня смерці Эрышкігаль і яе муж бог вайны Нергал.

Акадцы, арамеі, халдэі не адмовіліся ад шумерскага пантэона багоў, а толькі мянялі іх імёны на семіцкія, а часам атаясамлівалі семіцкіх багоў з шумерскімі. Так, шумерскі бог Ан быў прыпадобнены да акадскага Ану, Энкі – да Эа, Уту – да Шамашу, Інана – да Іштар, Дзімузі – да Тамузу. На чале вавілонскага пантэона багоў знаходзіўся сын Эа, бог маланкі Мардук. У асірыйцаў галоўная роля ў боскім пантэоне адводзілася богу Ашуру.

Пісьменнасць. На мяжы IV–ІІІ тыс. да н.э. у Паўднёвай Месапатаміі ўзнікла першая ў свеце пісьменнасць, якая была вельмі дэкаратыўная. З цягам часу малюначная пісьменнасць удасканальвалася і набыла выгляд клінападобных рысачак. Яны выціскаліся на паверхні кавалка мяккай гліны завостранымі палачкамі, што ўваходзілі ў гліну пад вуглом і стваралі клінападобнае заглыбленне. Сырой гліне надавалася форма пліткі, конуса, цыліндра або прызмы, якія потым абпальваліся для захавання нанесеных знакаў. Кліны размяшчаліся гарызантальна, вертыкальна, пад рознымі вугламі.

 

 
 

 


Шумерскі клінапіс

Пісьменнасць была вялікім дасягненнем шумерскай культуры. У сярэдзіне II тыс. да н.э. клінапіс стаў міжнароднай сістэмай пісьменнасці: яго ведалі і выкарыстоўвалі нават егіпецкія фараоны. У сярэдзіне I тыс. да н.э. клінапіс становіцца алфавітным пісьмом. Ад клінапіснага шумерскага пісьма ўзнікла фінікійскае, ад фінікійскага – грэчаскае, а на аснове грэчаскага была ўтворана кірыліца.

Фінікійскае пісьмо

Менавіта шумеры напісалі першыя элегіі, склалі першы ў свеце бібліятэчны каталог. Шумеры – аўтары першых і найстаражытнейшых у свеце медыцынскіх кніг – зборнікаў рэцэптаў. Яны першымі распрацавалі і запісалі каляндар земляробства. Нават ідэю стварэння першага ў гісторыі людзей рыбнага запаведніка ўпершыню пісьмова зафіксавалі таксама шумеры.

Да цяперашняга часу генетычныя сувязі шумерскай мовы не ўстаноўлены, але большасць вучоных лічаць, што гэта мова, таксама як і мова старажытных егіпцян і народаў Акада, адносіцца да семіта-хаміцкай моўнай групы.

З’яўленне пісьменнасці спрыяла развіццю адукацыі. Спачатку школы ствараліся пры храмах, пазней яны адкрываліся і па-за межамі храмаў. Школы называліся “эдуба” (дом таблічак). У эдубах навучэнцы павінны былі авалодаць сістэмай клінапісу, навучыцца прафесійна вырабляць гліняныя таблічкі. Вучні хадзілі ў школу штодзённа, ім задавалі пісьмовыя і вусныя ўрокі. Спачатку навучэнцаў вучылі чытаць, пісаць, лічыць, а затым яны пачыналі завучваць розныя павучальныя гісторыі, легенды і паданні, казкі, набывалі запас неабходных у далейшым жыцці і працы практычных уменняў і навыкаў. У школах вывучаліся дзве мовы – шумерская і акадская.

Першыя эдубы былі звычайна невялікімі ўстановамі з адным настаўнікам, у абавязкі якога ўваходзіла кіраўніцтва школай і прыгатаванне таблічак-мадэляў. Гэтыя таблічкі-мадэлі вучні завучвалі, перапісвалі ў свае таблічкі-практыкаванні. У буйных “дамах таблічак” былі настаўнікі граматыкі, матэматыкі, малявання, астраноміі. Адукацыя была платнай, прычым памер платы залежаў ад аўтарытэта настаўніка. У законах вавілонскага цара Хамурапі адзначалася, што выхаванне з’яўляецца бацькоўскім доўгам. За падрыхтоўку сына да жыцця і навучанне яго рамёствам адказваў найперш бацька.

Бібліятэка цара Ашурбанапала. Рэканструкцыя

Пры школах ствараліся бібліятэкі, але існавалі і прыватныя кнігазборы. Самай вя­лікай на Блізкім Усходзе была бібліятэка апошняга пра­віцеля Асірыі Ашурбана­пала (VII ст. да н.э.), у якой налічвалася звыш 25 тыс. клінапісных гліняных таблі­чак. Тут было сабрана мноства дакументаў па розных сферах жыцця­дзейнасці грамадства.

 

У бібліятэках захавалася шмат помнікаў старажытнай шумерскай літаратуры, запісаных на гліняных таблічках.

Зараз устаноўлена, што большасць тэкстаў – гэта гімны багам, малітвы, рэлі­гійныя міфы і легенды, часткова аб узнікненні свету, цывілізацыі і земля­ро­бства. Акрамя таго, у храмах здаў­на вяліся спісы царскіх дынастый. Старажытней­шымі лічацца спісы, напісаныя на шумерскай мове жрацамі горада Ур.

Галоўнейшым помнікам шумер­скай літаратуры быў цыкл казанняў аб Гільгамешы, легендарным цары горада Урука. У гэтых казаннях ге­рой Гільгамеш паходзіць ад прос­тага смертнага і багіні Нінсун. Падрабязна апісваюцца вандроўкі Гільгамеша па свеце ў пошуках мудрасці, шчасця і бессмяротнасці. Паданні аб Гільгамешы аказалі вельмі моцнае ўздзеянне на сусветную літаратуру, культуру і на культуру суседніх народаў, якія прынялі і адаптавалі гэтыя легенды да свайго нацыянальнага жыцця.

Моцнае ўздзеянне на сусветную літаратуру мелі таксама паданні аб сусветным патопе.

Тады ж, у старажытнасці, узніклі і першыя звесткі аб паходжанні чалавека, якія неаднаразова перапісваліся потым у розныя перыяды, у тым ліку у перыяд Старававілонскага царства.

У канцы II тыс. да н.э. быў створаны шэраг твораў філа­софскага зместу: “Вавілонская тэадэцыя”, “Кніга Іова”, “Раб, падпарадкоўвайся мне” і інш. У іх расказваецца аб жуда­сным лёсе пакутніка, які вы­конвае ўсе настаўленні, але, нягледзячы на гэта, бясконца пакутуе і мучыцца. У творах ставіцца пытанне: чаму багі дапускаюць такое становішча? І даецца адказ: волю багоў нельга зразумець, і чалавек павінен ёй падпарадкоўвацца.

З пачатку I тыс. да н.э. вавілонская літаратура на акадскай мове прыходзіць у заняпад. Гэта звязана з тым, што мовай міжнародных зносін стала арамейская мова. Але ад арамейскай літаратуры захавалася невялікая колькасць твораў. Да VII ст. да н.э. адносіцца самы знакаміты асірыйскі твор “Аповесць аб Акіхары”, прамудрым пісары і саветніку цароў. Тэкст аповесці быў вядомы на Усходзе і нават у Еўропе.

Навука і тэхніка. Жыхары Месапатаміі вялікую ўвагу надавалі развіццю не толькі адукацыі і літаратуры, але і навуковым даследаванням, асабліва ў галіне астраноміі і матэматыкі. Яны стварылі сонечны і месяцавы каляндар, падзялілі круг на 360 градусаў, гадзіну – на 60 хвілін, хвіліну – на 60 секунд, устанавілі сямідзённы тыдзень. Шумерскія матэматыкі маглі рашаць квадратныя, кубічныя ўраўненні, вылічваць працэнты, вымяраць аб’ём розных фігур, плошчу. Тагачасныя жрацы ведалі тэарэму Піфагора, дакладней, яе вынік. Так, ужо ў сярэдзіне II тыс. да н.э. вучоныя Месапатаміі добра вызначалі ўсход і захад планет, адкрылі перыяд паўтору зацьменняў, спрабавалі разбіць зорнае неба на пэўныя сузор’і. Вавілонскія ўрачы адважваліся рабіць складаныя аперацыі. Напрыклад, здымалі бронзавым нажом катаракту з вачэй.

Шумеры з’яўляліся вынаходнікамі ручнога і нажнога ганчарнага круга, вертыкальнага і гарызантальнага ткацкага станка. Яны першымі ў свеце пачалі прымяняць двухвосевыя павозкі, вынайшлі кола са спіцамі, плуг са зменным лемяшом, човен з ветразем, стварылі баявыя калясніцы.

 

Земляробы стварылі шмат складаных ірыгацыйных па-будоў – каналаў, дамбаў, вадасховішчаў. Насельнікі Міжрэчча навучыліся вы-ра­бляць клей з касцей, скур жывёл, прадметы са шкла, а таксама тканіны з бавоўны. Былі створаны каморніцкія інструменты і прыстаса­ванні, пазней з’явіліся пер- Старажытны Шумер шыя чарцяжы дамоў.

Заслугоўваюць увагі і дасягненні народаў Двурэчча ў сферы прававога рэгулявання грамадскага жыцця. Першым царом-рэфарматарам у гісторыі Месапатаміі быў Урынімгіна (IV тыс. да н.э.). Праз 300 гадоў цар Шульга склаў звод законаў і ўвёў іх у дзеянне. Яны паслужылі ўзорам для пазнейшых законатворцаў. У прыватнасці, для старававілонскага цара Хамурапі (XVIII ст. да н.э.), які ўвёў у дзеянне новы кодэкс законаў.

“Законы Хамурапі” (“Кодэкс Хамурапі”) – адзін з найбольш старажытных помнікаў усходняга звычаёвага права, што ўзнік на 15 стагоддзяў раней за рымскае права. Частка гэтых законаў была запісана клінапісам на двухмятровым каменным слупе. Законы ўстанаўлівалі адначасова і правілы паводзін, і адказнасць за іх парушэнне. У кодэксе ўсё насельніцтва падзялялася на некалькі сацы­яльных катэгорый. Так, свабодны паўна­праўны грамадзянін называўся “авілум” – чалавек. У дадзеную групу на­сельніцтва ўваходзілі зямельныя ўладаль­нікі, жрацы, сяляне-абшчыннікі, рамеснікі, урачы, цыруль­нікі. Была яшчэ катэгорыя свабодных грама­дзян з абмежаванымі правамі, якія звычайна валодалі маёмасцю і рабамі. Самы нізкі слой вавілонскага грамадства складалі рабы.

Кодэкс Хамурапі.

Базальт. Першая

палова XVIII ст. да н.э.

Мастацтва Месапатаміі

Культуру народаў Двурэчча немагчыма ўявіць без мастацтва. Перш за ўсё яно паклала пачатак будаўніцтву ўмацаваных гарадоў, шматпавярховых дамоў з водаправодам і каналізацыяй і зікуратаў-храмаў-алтароў.

Архітэктура. Асаблівасці архітэктуры Месапатаміі ў значнай ступені тлумачацца прыроднымі ўмовамі. Для пасяленняў стараліся выбіраць адносна ўзвышаныя месцы, часта для новых пабудоў выкарыстоўваліся разваліны старых будынкаў. Асноў­ным будаўнічым матэрыялам была цэгла, высушаная на сонцы. Спачатку цэгла ляпілася рукамі. Гэта былі невялікія, прадаў­гаватыя кавалкі гліны, у якія зрэдку замешвалася сечаная салома. У пачатку III тыс. да н.э. зробленая ўручную аднабакова выпуклая цэгла замянялася цэглай, якая выраблялася ў драўляных формах, спачатку прадаўгаватая, затым квадратамі.

Асноўная кладка сцен рабілася з цэглы-сырца. Абпаленая цэгла выкарыстоўвалася толькі для абліцоўкі і ў выключных выпадках. Вядучымі кампанентамі служыла гліна, зрэдку з прымессю попелу і бітуму. Праз кожныя 5–13 радоў сырцовай цэглы ва ўсю таўшчыню сцяны ўкладаліся трыснёг або трысняговая цыноўка, прамазаная бітумам, якая захоўвала сцены ад вільгаці і солей. Такі цяжкі і нетрывалы матэрыял, як цэгла, абмяжоўваў маг­чымасці будаўнікоў, і таму месапатамскія пабудовы вызначаліся цяжкавагавасцю, простымі прама­вугольнымі формамі, масіўнымі сценамі. Найважнейшымі элементамі архітэктуры былі тут купалы, аркі, скляпеністыя столі.

Дрэвы выкарыстоўваліся рэдка і шмат каштавалі. У дамах знаці для балак перакрыццяў прывозілі з гор сасну і кедр. У будаўніцтве палацаў і іх упрыгожванні прымалі ўдзел тысячы лепшых майстроў, пленных рамеснікаў з розных краін. Палацы ўяўлялі будынкі, з шэрагам унутраных дамоў, зрэдку з вонкавай, асобна стаячай крапасной сцяной. У адрозненне ад багатага дома палац меў парадную лесвіцу, якая выходзіла на двор, на версе яе цар выступаў перад народам. Двор афармляла палацавая тэраса, навес якой абапіраўся на сырцовыя стаўбцы. Новаўвядзеннем у палацы была вялікая прыёмная зала.

Да нас дайшло няшмат архітэктурных помнікаў Месапатаміі.

Прыкладам асобай катэгорыі пабудоў з’яўляецца грамадскі будынак, які дайшоў да нас. Гэта, відаць, было памяшканне для народных сходаў ва Уруку (канец IV тыс. да н.э.). У ім да сцен вялізнага палацавага двара прымыкалі калоны і паўкалоны. У ніжняй частцы іх захавалася трохколерная мазаіка з перавагай чырвонага, адсюль умоўная назва “Чырвоны будынак”. Мазаіка складалася з расфарбаваных шляпак абпаленых гліняных конусаў, забітых у сырцовыя сцены. На адным з бакоў двара знаходзілася невялікая эстрада – платформа, на якую вялі бакавыя сходкі.

Мазаікавае ўпрыгожванне мала характэрна для больш позняй архітэктуры. Магчыма, што некаторыя храмы былі знутры распісаны. Вядомым помнікам архітэктуры з’яўляецца і Белы храм. Названыя храмы былі ўзведзены ў гонар галоўных багоў горада Урука – Ану і Інаны. Гэтыя храмы мелі прамавугольны выгляд з выступамі і нішамі, былі ўпрыгожаны рэльефнымі выявамі.

 
 

 


Зікурат. Рэканструкцыя

Адзін з самых вядомых зікуратаў Вавілоніі – так званая Вавілонская вежа, вышыня якой каля 90 м. Яна складаецца з сямі ступеняў (ярусаў, платформаў), прычым на верхняй з іх знаходзіцца свяцілішча Мардука – вярхоўнага бога вавіланян. Узвядзенне гэтай вежы было закончана пры цары Навухада­носары II. Адным з сямі цудаў свету лічацца “вісячыя сады Семіраміды”, якія таксама былі ўзведзены ў перыяд праўлення цара Навухаданосара II (605–562 гг. да н.э.). Яны зроблены дзеля своеасаблівага падарунка вавілонскага цара сваёй жонцы Аміце, каб яна не так моцна сумавала па гарах і садах сваёй радзімы. Размяшчаліся гэтыя сады на тэрасах і даху царскага палаца. Шкада, але персы ў VI ст. да н.э. заваявалі краіну, разбурылі Ваві­лон і амаль усе найбольш значныя помнікі вавілонскай куль­туры.

 

Вавілон. Рэканструкцыя

Скульптура. Адначасова з архі­тэктурай у народаў Месапа­таміі развівалася і скульптура. Перша­пачаткова яна мела неідэалізаваны характар. Для скульп­туры былі характэрны надзвы­чай выцяг­нутыя або ўрэзаныя пра­порцыі, рэзкае падкрэсліванне частак твару, асаб­ліва носа, ва­чэй. У канцы II тыс. да н.э. скульптуры пачынаюць ідэалі­за­ваць цароў. Гэта добра бачна на прыкладзе Саргона Старажы­тнага – засна­вальніка дынастыі Акада. Ён паказаны ўладаром і перамож­цам, магутным героем.

Скульптурнае мастацтва Меса­па­таміі знайшло адлюстраванне і ў круглай пластыцы, у выклю­чных вобразах звяроў, а таксама чалаве­ка–бога, таму што рэлігіі былі пад­парадкаваны ўсе віды мастац­тваў. Вельмі рэалістычныя фігу­ры хат­ніх жывёл, якія былі знойдзены ва Уруку. Дакладная перадача ўсіх дэталяў знешняга выгляду дала магчымасць спецы­ялістам уявіць не толькі жы­вёльны свет, але і разнастай­насць парод жывёл шу­ме­раў. Вельмі дакладна шу­меры адлюстроўвалі жано­чы твар. Напрыклад, ураж­вае белая мар­муровая маска, зробленая невядомым мастаком з Уруку. На ёй па-майстэрску, з яскравымі дэталямі адноўлены малады жаночы пры­гожы твар. У ім адлюстроўваецца непадробны інтарэс да ўнутра­нага стану чалавека, яго эмоцый і перажыванняў.

Побач са скульптурай у Месапатаміі значных поспехаў дасягнула пластыка ў кераміцы і метале. Тут ствараліся гліняныя культавыя статуэткі ў выгля­дзе аголеных стройных жанчын і муж­чын, з’явіліся першыя пячаткі з вы­явамі жывёл і чалавека.

У Двурэччы немалое значэнне набы­ла разьба па камені. Захаваліся чорная базальтавая стэла з выявай палявання на львоў, скульптурная галава з каменя багіні Інаны, каменныя рэльефы і фрызы ў царскіх палацах і храмах багоў, мармуровыя статуэткі з мястэчка Тэль-Асмара, на якіх выяўлены муж­чынскія фігуры, тэракотавыя рэльефы Гільгамеш з выявамі кулачных байцоў, аголеных

з ільвянём на руках танцоўшчыц і інш.

Сярод скульптурных твораў вядомы таксама адносна невялікія фігуры, зробленыя з розных парод каменя.

Узор шумерскай партрэтнай скульптуры

Майстры пластыкі ў метале ў яка­сці зыходнага матэрыялу шырока вы­ка­ры­стоўвалі золата ў камбінацыі з ляпіс-ла­зурам, серабро, бронзу. Аб гэ­тым свед­чаць знакамітая дыядэма ца­рыцы Шубад, залаты шлем і фігура казла з г.Ура.

Такім чынам, культура Месапата­міі, прайшоўшы ў сваім развіцці шэраг этапаў, набыла непаўторны характар, стала своеасаблівай калыс­кай культуры іншых народаў, асярод­кам старажытнай цывілізацыі. Многія яе элементы былі ўспрыняты стара­жытнымі яўрэямі, грэ­камі і іншымі народамі, а найбольш важныя дасяг­ненні ўвайшлі ў скарбніцу сусветнай культуры.

 

 
Дыядэма царыцы Шубад   Залаты шлем

 

Заданні

1. Падбярыце выявы архітэктурных і скульптурных помнікаў Месапатаміі і прапануйце іх да ўключэння ў электронны дапаможнік.

2. Вывучыце эпічнае казанне аб Гільгамешы, параўнайце яго з казаннямі аб рускіх волатах, падрыхтуйце мультымедыйную прэзентацыю.

3. Пазнаёмцеся з першымі протанавуковымі ведамі старажытнай месапатамскай цывілізацыі, аформіце іх у сціплы гіпертэкст, які б мог быць уведзены ў камп' ютэрны варыянт дапаможніка.

4. Дакажыце, што ў развіцці навуковых ведаў, рэгуляванні грамадскіх адносін у Вавілонскім царстве важная роля належала сусветна вядомаму зводу законаў Хамурапі.

5. Стварыце мультымедыйную прэзентацыю “Свет багоў Ваві­лона”.

 

Літаратура

1. Васильев, Л.С. История Востока: учебник для вузов: в 2 т. / Л.С.Васильев.–М.: Высш. шк., 2005. – 2 т.

2. Вассоевич, А.Л. Духовный мир народов классического Востока: ист.-психол. метод. в ист.-филос. исслед. / Православное палестинское о-во, Рос. фонд культуры, Рус.-герм.ассоц. по пропаганде классического культурного наследия. – СПб.: Алетейя: ППО, 1998.– 537 с.

3. Древний Восток: книга для чтения / под ред. В.В.Струве. – М.: Госучпедгиз, 1951. – 240 с.

4. Гнедич,П.П. Всемирная история искусств / П.П.Гнедич. – М.: Современник, 1996.– 494 с.

5. Гуревич, П.С. Культурология: учебник для студентов высш. учеб. заведений / П.С.Гуревич; ред. А.Г.Гридчина. – 3-е изд., перераб. и доп. – М.: Гардарики, 2003, –280 с.

6. Крамер, С. Шумеры: первая цивилизация на Земле / Самюэль Крамер; пер. с англ. – М.: Центрполиграф, 2002. – 381 с.

7. Культурология: учеб. пособие для вузов / С.В.Лапина [и др.]; под общ. ред. С.В.Лапиной. – 2-е изд. – Мн.: ТетраСистемс, 2004. – 495 с.

8. Мифы народов мира: энциклопедия: в 2 т. / гл. ред. С.А.То­карев. – 2-е изд. – М.: Рос. энцикл.: Олимп, 1997. – 2 т. (Т.1: А–К. – 671 с; Т.2: К–Я. – 719 с.).

9. Мировая художественная культура: учеб. пособие для вузов / Б.А.Эренгросс [и др.]; под ред. Б.А.Эренгросс. – М.: Высш. шк., 2001. – 766 с.

10. Немировский, А.И. Мифы и легенды Древнего Востока / А.И.Немировский. – М.: Просвещение, 1994. – 368 с.

11. Поликарпов, В.С. Лекции по культурологии / В.С.Поли­карпов. – М.: Гардарики: Эксперт-бюро, 1997. – 343 с.

12. Редегер, Д.Г. Мифы и легенды древнего Двуречья / Д.Г.Редегер. – М.: Наука, 1965. – 120 с.

13. Rizza, А. Тhе Assyrians аnd Тhе Ваbylonians: History аnd Тreasures оf аn Аncient Civilization / Alfredo Rizza. – White Star, 2007. – 208 р.

14. Schomp, V. Аncient Меsороtamia: Тhе Sumerians, Ваbуlonians, аnd Аssуriаns (Реор1е оf thе Аnciеnt Wоrld) / Virginia Schomp. – Franklin Watts, 2005. – 112 р.


4. КУЛЬТУРА ЕГІПТА



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-10; просмотров: 592; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.19.30.232 (0.105 с.)