Кадыфікацыя права ВКЛ у XVI ст. Канцэпцыя, накірункі рэалізацыі, сістэма права. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Кадыфікацыя права ВКЛ у XVI ст. Канцэпцыя, накірункі рэалізацыі, сістэма права.



 

19.Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1529 г. (крынiцы, распрацоўка, зацвярджэнне, сістэма, значэнне).

Падрыхтоўка першага Статута ВКЛ вялася ў першай чвэрцi XVI ст. Яго праект быў гатовы ўжо ў 1522 г., але не быў зацверджаны. Толькi ў вераснi 1529 г. Статут быў уведзены ў дзеянне. Яго рыхтавалi мясцовыя вучоныя i юрысты-практыкi на аснове кадыфiкацыi i сiстэматызацыi нормаў мясцовага звычаёвага права, рашэнняў судовых i дзяржаўных устаноў, прывiлеяў. У працэсе падрыхтоўкі тэксту Статута ўпершыню былi выпрацаваны сiстэма i структура размяшчэння прававых нормаў у залежнасцi ад iх зместу; уключаны тыповыя i абагуленыя нормы; дадзена дакладная рэдакцыя кожнага артыкула; уведзены шэраг прававых нормаў, у якiх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносiны, нормы дзяржаўнага, адмi-нiстрацыйнага, цывiльнага, шлюбна-сямейнага, крымiнальнага, судова-працэсуальнага i iншых галiн права.

Складальнiкi Статута не прытрымлiвалiся сiстэмы кадыфiкацыi, прынятай у рымскiм праве, а выпрацавалi сваю. У яе аснову былі пакладзены прынцыпы суверэннасці дзяржавы (насуперак сярэдневяковаму касмапалiтызму), адзiнства права, прыярытэту пiсанага права. Статут уключаў нормы агульнага права i спецыяльныя нормы, якiя забяспечвалi прывiлеi пануючаму класу або яго групам. Гэтыя нормы былi не выключэннем, а састаўной часткай Статута, хаця i не адпавядалi яго асноўным прынцыпам.

Статут складаўся з 13 раздзелаў i 244 артыкулаў. Пазней, у сувязi з дапаўненнямi, колькасць артыкулаў павялiчылася да 283. У I — III раздзелах былі змешчаны асноўныя нормы дзяржаўнага і прынцыповыя палажэннi iншых галiн права, у IV i V — шлюбна-сямейнага i спадчыннага, у VI — працэсуальнага, VII — крымiнальнага, VIII — зямельнага, IX — ляснога i паляўнiчага, X — цывiльнага i ў XI—XIII — крымiнальнага i крымiнальна-працэсуальнага права1.

У Статуце былі юрыдычна замацаваны асновы грамадскага i дзяржаўнага ладу, прававое становiшча класаў, станаў (саслоўяў) i сацыяльных груп насельнiцтва, парадак утварэння, склад i паўнамоцтвы некаторых органаў дзяржаўнага кiравання i суда. Абвяшчалася правiла, паводле якога ўсе асобы, “як убогiя, так i багатыя”, павiнны былi судзiцца ў адпаведнасцi з нормамi, якiя былi выкладзены ў Статуце. Вялiкi князь (гасудар) абавязваўся захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць краiны, не дапускаць чужаземцаў на дзяржаўныя пасады, не даваць iм маёнткаў, не адбiраць у мясцовых феадалаў пасады i маёмасць без суда, прытрымлiвацца ўсiх старых законаў i звычаяў.

Асаблiвая ўвага ў Статуце надавалася судова-працэсуальнаму праву. Суд быў важным органам, якi забяспечваў ахову правапарадку і дзейнасць якога была накiравана на поўнае абмежаванне самавольства феадалаў, наданне праву аўтарытэту. Асаблiвая ўвага ўдзялялася парадку ажыццяўлення правасуддзя. Абвяшчаліся прынцыпы яго публiчнасцi, фармальнай роўнасцi бакоў у працэсе, права абвiнавачванага на абарону з удзелам адваката. Адначасова ў Статуце прадугледжвалася захаванне прывiлеяў i льгот для феадалаў, што на практыцы замацоўвала бяспраўе простых людзей. Аднак у перыяд феадалiзму нават абвяшчэнне iдэi правапарадку было значным крокам наперад.

На нормы крымiнальнага i цывiльнага права паўплывалi iдэi гуманiзму. Так, у артыкуле 7 раздзела I абвяшчалася, што нiхто не павiнен адказваць за чужую вiну, а крымiнальнае пакаранне трэба назначаць толькi асобам, вiна якiх устаноўлена судом. У артыкуле 7 раздзела XI зроблена спроба абмежаваць халопства. Так, вольнага чалавека за злачынства не павiнны былi аддаваць у вечную няволю.

У Статуце даволi поўна выкладзены нормы, якiя забяспечвалi права ўласнасцi феадалаў; шмат увагi нададзена сямейна-шлюбнаму праву; падрабязна рэгламентаваўся парадак назначэння апекуноў непаўналетнiм дзецям, якiя засталiся без бацькоў.

Такiм чынам, прававыя нормы, змешчаныя ў Статуце, у сваёй сукупнасцi складалi своеасаблiвую феадальную канстытуцыю, у якой упершыню вызначалiся структура i характар дзейнасцi органаў дзяржаўнай улады, замацоўвалiся асноўныя правы i прывiлеi пануючага класа i шляхты1.

Змены, якiя адбывалiся ў сярэдзiне XVI ст. у сацыяльна-эканамiчным i палiтычным жыццi дзяржавы (правядзенне аграрнай, судовай i адмiнiстрацыйнай рэформаў), патрабавалi ўдасканалення права. Недахопы ў заканадаўстве адчуваў i сам урад. Таму ў 1551 г. была створана камiсiя з 10 чалавек (5 католiкаў i 5 праваслаўных) для падрыхтоўкi праекта новага Статута, які быў аддадзены сойму на папярэднi разгляд у 1561 г., але законную сiлу набыў толькi ў 1566 г.

20.Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1566 г. (крынiцы, распрацоўка, зацвярджэнне сістэма, значэнне).

Змены, якiя адбывалiся ў сярэдзiне XVI ст. у сацыяльна-эканамiчным i палiтычным жыццi дзяржавы (правядзенне аграрнай, судовай i адмiнiстрацыйнай рэформаў), патрабавалi ўдасканалення права. Недахопы ў заканадаўстве адчуваў i сам урад. Таму ў 1551 г. была створана камiсiя з 10 чалавек (5 католiкаў i 5 праваслаўных) для падрыхтоўкi праекта новага Статута, які быў аддадзены сойму на папярэднi разгляд у 1561 г., але законную сiлу набыў толькi ў 1566 г.

Асноўнымi крынiцамi Статута 1566 г. былi агуль-наземскiя i абласныя прывiлеi, Судзебнiк 1468 г., Статут 1529 г. i некаторыя нормы звычаёвага права, а таксама рымска-каталiцкага i грэка-праваслаўнага царкоўнага права, “инших прав христианских”.

Калi рыхтаваўся другi Статут ВКЛ, некаторыя члены рэдакцыйнай камiсii (Аўгусцiн Ратундус, Пётр Ронзiй) настойвалi на замене “рускай” (старабеларускай) мовы мовай лацiнскай. Але супраць гэтага выступiлi патрыятычна настроеныя юрысты, у прыватнасцi дзяк вялiкакняжацкай канцылярыi Марцiн Валадковiч. Iх падтрымаў падканцлер Астафей Валовiч, у вынiку чаго Статут быў падрыхтаваны на старабеларускай мове1.

Па сваёй структуры Статут складаўся з 14 раздзелаў i 367 артыкулаў. Раздзелы I — III ахоплiвалi нормы дзяржаўнага, ваеннага i адмiнiстрацыйнага права, IV — судовага ладу i судовага працэсу, V — VI — сямейнага i апякунскага права, VII, VIII i IX — цывiльнага, X — ляснога i паляўнiчага, XI — XIV — крымiнальнага права. Найбольш iстотныя змены былi ўнесены ў нормы дзяржаўнага, судова-працэсуальнага i цывiльнага права.

У Статуце былi замацаваны асноўныя прынцыпы права: яго адзiнства для ўсiх грамадзян (хоць яно не было роўным для ўсiх); дзяржаўны суверэнiтэт (насуперак царкоўнаму касмапалiтызму); абмежаванне ўлады вялiкага князя (гаспадара); прыярытэт пiсанага права. Упершыню намячалася аддзяленне суда ад органаў улады i кiравання. Для гэтага стваралiся земскiя i падкаморскiя суды. Больш поў-на рэгламентавалася кампетэнцыя органаў дзяржаўнай улады i кiравання, якiя былi заснаваны на агульных прынцыпах феадальнага права: стварэнні льгот i пераваг для класа феадалаў i саслоўя шляхты, недапушчэнні простых людзей у органы кiравання, замацаванні прававой няроўнасцi розных сацыяльных груп насельнiцтва.

Кiраўнiком дзяржавы i галоўнай асобай ва ўсёй сiстэме дзяржаўных органаў прызнаваўся вялiкi князь, якi ў Статуце называўся “господарь”. Яго прававое становiшча было тыповым для абмежаванага манарха, хаця i мела некаторыя асаблiвасцi. Паўнамоцтвы князя рэгламентавалiся прававымi нормамi. Напрыклад, ён не мог без рашэння сойма пачынаць вайну або ўстанаўлiваць падаткi на ваенныя патрэбы, выдаваць новыя законы. Статут забараняў даваць маёнткi, пасады i званнi чужаземцам, у тым лiку ўраджэнцам Польшчы, замацоўваў галоўную ролю буйных феадалаў у дзяржаве.

У Статуце 1566 г. акрэслены пераход ад феадальнага да буржуазнага права ўласнасцi. Усе феадалы маглi вольна распараджацца сваiмi маёнткамi. Тут значна паўней, чым у папярэднiм Статуце, выкла-дзены нормы спадчыннага права, iстотныя змены ўнесены ў крымiнальнае права. Так, суб’ектам злачынства прызнаваўся толькi сталы чалавек, непаўналетнiя ж маглi быць пакараны толькi пасля дасягнення iмi 14-гадовага ўзросту; абвяшчалася прэзумпцыя невiнаватасцi; крымiнальнае пакаранне павiнна было ажыццяўляцца толькi па суду; асоба, якая абвiнавацiла каго-небудзь у злачынстве i не даказала яго вiны, несла такое ж пакаранне, якiм мог быць пакараны абвiнавачаны ёю.

Другi Статут Вялiкага княства Лiтоўскага (звод законаў феадальнага права) дзейнiчаў на Беларусi i ў Лiтве ў 1566 — 1588 гг., а на Правабярэжнай Украiне i ў XVII — XVIII стст., атрымаўшы назву “Валынскi Статут”. Вядомы яго пераклады на лацiнскую i польскую мову.

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1566 г., кадыфiкацыйныя работы не спынiлiся. Ужо на Берасцейскiм сойме 1566 г. у некалькi артыкулаў былi ўнесены папраўкi. Праз два гады Гродзенскi сойм таксама ўнёс папраўкi ў некаторыя артыкулы i стварыў камiсiю для дапрацоўкi Статута. Гэта камiсiя была зацверджана i Люблiнскiм соймам (за выключэннем тых яе сяброў, якiя прадстаўлялi землi, што адышлi да Кароны).

21.Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г. (крынiцы, распрацоўка, зацвярджэнне сістэма, значэнне).

Статут 1588 г. быў падрыхтаваны на высокiм тэарэтычным узроўнi. Як мы ўжо гаварылі, ёсць некалькi гiпотэз наконт таго, як быў распрацаваны яго тэкст. Так, I.I.Лапо сцвярджае, што ў справе “поправы” Статута галоўная роля належала павятовым соймiкам ВКЛ, матэрыялы з якiх паступалi ў Дзяржаўную канцылярыю, дзе праходзiлi канчатковае рэдагаванне. Я.А.Юхо лiчыць, што Статут ВКЛ 1588 г. — справа спецыяльнай камiсii, у якую ўваходзiлi квалiфiкаваныя правазнаўцы. Iх працай кiравалi А.Б.Валовiч i Л.I.Сапега, якiя займалi ў той час адпаведна пасады канцлера i падканцлера ВКЛ. Ужо да канца 1584 г. работа над Статутам была закончана, але ў сувязi з тым, што новы звод iгнараваў акт Люблiнскай унii 1569 г., Польшча не дапускала яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалiтай.

Аднак Жыгiмонт III Ваза, жадаючы захаваць вялiкакняжацкi трон, зацвердзiў Статут сваiм прывiлеем ад 28 студзеня 1588 г. Галоўнае значэнне дзяржаўна-прававых нормаў Статута заключалася ў тым, што ён заканадаўча аформiў захаванне ВКЛ як дзяржавы насуперак акту Люблiнскай унii.

Ён меў 14 раздзелаў i 488 артыкулаў1. У раздзелах I — IV змяшчалiся нормы дзяржаўнага права i судовага ладу, у V — X i часткова ў XIII — шлюбна-сямейнага, зямельнага i цывiльнага права, у XI — XII, XIV i часткова ў XIII — крымiнальнага права. Трэба заўважыць, што нормы дзяржаўнага права былi амаль поўнасцю перанесены са Статута 1566 г. з некаторымi ўдакладненнямi i дапаўненнямi. Яны юрыдычна замацоўвалi адносiны, якiя склалiся памiж ВКЛ i Польшчай пасля 1569 г.

Сiстэматызацыя права, пакладзеная ў аснову Статута 1588 г., была пабудавана на новых прынцыпах, уласцiвых для пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да новага часу i зараджэння буржуазных адносiн. Гэта перш за ўсё выяўлялася ў абмежаваннi ўлады гаспадара i iмкненнi да падзелу ўлад; абвяшчэннi неабходнасцi прытрымлiвацца дзяржаўнага суверэнiтэту насуперак сярэдневяковаму касмапалiтызму i ў юрыдычным замацаваннi адзiнства права для ўсёй дзяржавы i ўсiх паўнапраўных людзей. Заканадаўчая ўлада замацоў-валася за соймам, выканаўчая — за вялiкiм князем i Радай, судовая — за вялiкакняжацкiм i галоўным, а таксама за мясцовымi судамi.

Адначасова з канчатковым запрыгоньваннем сялян Статут прадугледжваў крымiнальную адказнасць за забойства простага чалавека, абвяшчаў iдэю верацярпiмасцi, забараняў перадачу вольнага чалавека за даўгi або злачынства ў няволю, устанаўлiваў наступленне крымiнальнай адказнасцi з 16 гадоў.

Адзначым, што Статут прызнаваў iльготы i прывiлеi для пануючых саслоўяў. Гэтым падрываўся агульны прынцып адзiнства права. Але мы павiнны ведаць, што пры феадальным ладзе прывiлеi былi не выключэннем, а састаўной часткай усяго феадальнага права, хаця i не адпавядалi новым буржуазным прынцыпам. У гэтым заключалася ўнутраная супярэчлiвасць феадальнай прававой сiстэмы.

Праз увесь Статут праводзiцца iдэя ўмацавання прававога парадку, пры якiм усе дзяржаўныя органы i службовыя асобы абавязаны дзейнiчаць толькi ў адпаведнасцi з законам. Гэта iдэя была накiравана супраць дэспатызму гаспадара, буйных феадалаў i сярэдневяковай тэакратычнай тэорыi паходжання i сутнасцi дзяржавы.

Крынiцамi для распрацоўкi трэцяга Статута былi Статуты 1529 і 1566 гг., соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 i 1584 гг., каралеўскiя прывiлеi, пастановы павятовых соймiкаў.

 

22. Дзяржаўнае і ваеннае права ВКЛ у XV–XVI стст.

23.Крымінальнае права ВКЛ ў XV–XVI стст.

У заканадаўстве Вялiкага княства Лiтоўскага значная ўвага была ўдзелена нормам крымiнальнага права. Вызначэнне злачынства фармiравалася ў залежнасцi ад яго характару i вынiкаў. Напрыклад, злачынствы супраць здароўя, недатыкальнасцi асобы i маёмасцi вызначалiся як гвалт, крыўда, зладзейства, шкода; злачынныя дзеяннi наогул — “выступ из права”, “злочинство”, “вина”. Вызначэнне паняцця злачынства, блiзкае сучаснаму “праступак”, упершыню сустракаецца ў прывiлеi 1447 г.

Суб’ектамi злачынства маглi быць пэўныя асобы i групы людзей, якiя адказвалi за чужую вiну. Калектыўная адказнасць была зручным сродкам прымусу феадальна-залежных людзей да пакорнасцi, усталявання кругавой парукi, накiраванай на падтрыманне зручнага для феадалаў парадку. Згодна з законам суб’ектам злачынства мог быць толькi чалавек. Псiхiчна хворыя, а таксама асобы, якiя не дасягнулi пэўнага ўзросту, да адказнасцi не прыцягвалiся. Калi Статут 1566 г. прадугледжваў крымiнальную адказнасць пасля 14 гадоў, то Статут 1588 г. — пасля 16. Закон размяжоўваў вiну наўмысную i ненаўмысную. Ненаўмысная вiна ў шэрагу выпадкаў прадугледжвала маёмасную адказнасць (пакрыццё страт, шкоды). Пры адсутнасцi вiны крымiнальнае пакаранне не ўжывалася. Для правiльнага вызначэння ступені вiны суд павiнен быў вызначыць прычынную сувязь памiж дзеяннямi вiнаватай асобы i iх вынiкамi.

Крымiнальнае права XVI ст. выразна не размяжоўвала стадыi злачыннай дзейнасцi, хаця i адрознiвала намер, падрыхтоўку, замах, якiя каралiся толькi ў прадугледжаных законам выпадках. Акрамя таго, Статутам 1588 г. вызначалася пакаранне ў залежнасцi ад ступенi ўдзелу асобы ў злачынстве. Адрознiвалася простае саўдзельнiцтва, калi ўсе ўдзельнiкi былi выканаўцамi злачынства, i складанае, пры якiм адны дзейнiчалi як падбухторшчыкi, другiя — як выканаўцы, трэцiя — як памагатыя. Падбухторшчык падзяляў крымiнальную адказнасць з забойцам. Не лiчыўся ўдзельнiкам злачынства слуга, якi суправаджаў свайго феадала пры наездзе на чужы маёнтак, а таксама слуга, якi паранiў цi забiў чалавека, абараняючы свайго гаспадара. Самастойным вiдам злачынства лiчылася ўкрыццё злачынцы.

У залежнасцi ад аб’ектаў злачыннага замаху злачынствы, якiя былi прадугледжаны Статутам, падзяляліся на дзяржаўныя, супраць парадку кiравання i правасуддзя, ваенныя, царквы, маралi, жыцця, здароўя i гонару людзей, замах на маёмасць, злачынствы слуг i феадальна-залежных людзей супраць феадалаў. Найбольш цяжкiмi лiчылiся злачынствы супраць дзяржавы i рэлiгii. Да першых адносiлiся дзяржаўная здрада, змова супраць вялiкага князя, паўстанне, дзяржаўны пераварот, абраза гаспадара. Да рэлiгiйных злачынстваў адносiлiся выхад з хрысцiянства, спакушэнне хрысцiян у iудзейскую цi мусульманскую рэлiгiю, вядзьмарства.

У залежнасцi ад спосабу ўзбуджэння крымiнальных спраў у судзе яны падзялялiся на тры катэгорыi: справы, якiя ўзбуджалiся прадстаўнiкамi дзяржаўнай улады незалежна ад наяўнасцi пацярпеўшага (дзяржаўныя злачынствы, злачынствы супраць рэлiгii i маралi, супраць парадку кiравання i правасуддзя); прыватнага абвiнавачання па заявах пацярпелых (злачынствы супраць асобы i маёмасцi); змешанага абвiнавачання, калi абвiнаваўцамi выступалi і службовыя i прыватныя асобы. Па справах прыватнага абвiнавачання, нават па такiх, як забойства, дапускалася прымiрэнне старон.

У лiку галоўных мэт, якiя дасягалiся шляхам прымянення пакарання, можна назваць запалохванне, кампенсацыю пацярпеўшаму прычыненай яму шкоды за кошт злачынцы цi яго блiзкiх, а таксама помсту — нанясенне злачынцу шкоды (пакут). Справа ў тым, што ў феадальнай тэорыi права i ў судовай практыцы XVI ст. панавала меркаванне, што лепшым сродкам папярэджвання злачынстваў з’яўляецца пагроза жорсткай кары i яе публiчнае ажыццяўленне. Таму ў заканадаўчыя акты ўводзiлiся нормы, якiя прадугледжвалi пакараннi з выкарыстаннем жорсткiх метадаў. Сродкам запалохвання служылi таксама i непамерныя маёмасныя спагнаннi i штрафы. Пакаранне прымянялася з улiкам класавай прыналежнасцi як пацярпеўшага, так i злачынцы. Асноўнымi вiдамi пакарання былi маёмасныя, кара смерцю (простая i квалiфiкаваная); цялесныя — “пакута” (балючыя i членашкоднiцкiя); зняволенне ў вязнiцы (турэмнае зняволенне); выгнанне (“выволание”), апала (“банiцыя”), пазбаўленне шляхецкай годнасцi (“iнфамiя”) i аб’яўленне па-за законам.

Пашырэнне iдэй гуманiзму садзейнiчала некатораму змякчэнню пакаранняў, прывядзенню iх у адпаведнасць учыненым злачынствам. Невыпадкова ўжо ў прадмове да Статута 1588 г. указваецца на неабходнасць за злачынныя дзеяннi прымяняць “слушнае каранье”. Нягледзячы на гэта, за адно i тое ж злачынства простых людзей i шляхцiцаў каралi па-рознаму. У гэтым выяўляўся класава-саслоўны характар феадальнага крымiнальнага права, якое працавала на карысць феадалаў, захоўвала ўсе iх льготы i перавагi.

Пакараннi, якiя прымянялiся ў адпаведнасцi са Статутам ВКЛ 1588 г., былi больш гуманныя, чым тыя, што iснавалi ў iншых еўрапейскiх краiнах той эпохi, н епрымяненнi смяротнай кары ў адносiнах да цяжарных жанчын (праўда, iх пасля нараджэння дзіцяцi ўсё роўна каралі смерцю), у адмове ад крымiнальнага пакарання дзяцей, ва ўстанаўленнi крымiнальнай адказнасцi шляхцiца за забойства простага чалавека, у больш высокай адказнасцi за злачынствы супраць жанчын, у адносна невялiкiх тэрмiнах зняволення1.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-07-14; просмотров: 681; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.191.236.174 (0.021 с.)