Статут (Судзебнiк) Казiмiра 1468 г. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Статут (Судзебнiк) Казiмiра 1468 г.



Першай спробай сiстэматызацыi нормаў права ў агульнадзяржаўным маштабе з’явiўся Судзебнiк Казiмiра 1468 г.2 пасля абмеркавання тэкста з князямi, панамi-радай i “с всим посполитством”. Су-дзебнік быў невялiкiм па аб’ёме i аб’ядноўваў нормы крымiнальнага, адмiнiстрацыйнага i працэсуальнага права. Рукапiсны тэкст Судзебнiка, які, як i большасць заканадаўчых актаў Вялiкага княства Лiтоўскага таго часу, быў напiсаны на старабеларускай мове, не быў падзелены на артыкулы. Толькi пры публiкацыi ў ім было вылучана 25 артыкулаў. Гэта дзяленне захоўваецца i ў сучаснай гiсторыка-прававой лiтаратуры. Ён быў зацверджаны вялiкiм князем на агульнадзяржаўным сойме 29 лютага 1468 г.

Судзебнiк увёў шэраг новых прынцыпаў i падыходаў дзяржавы да пакарання злачынцаў. Так, напрыклад, у ім устанаўлiваліся адзiныя для ўсёй дзяржавы вiды пакаранняў за злачынствы супраць феадальнай уласнасцi, абмяжоўваліся адказнасць жонкi i дзяцей за злачынствы мужа i бацькi. Тым самым у Судзебнiку атрымала замацаванне iдэя iндывiдуалiзацыi пакарання. Новым было i вызначэнне злачынства як супраць-праўнага дзеяння: злачынец “ис права выступаеть” (арт. 12), “ис права земьского выступил, а над право сягнул”(арт. 21), гэта значыць парушыў прававую норму. Быў устаноўлены новы прынцып вызвалення ад крымiнальнай адказнасцi дзяцей да сямiгадовага ўзросту. У прыватнасцi, уводзiлася прававая норма, якая забараняла перадаваць пацярпеўшаму дзяцей ва ўзросце да сямi гадоў.

У Судзебнiку ўпершыню змешчаны артыкул, якi прадугледжваў аналогiю закону.

Выявiўся ў Судзебнiку i новы погляд на мэты пакарання. Так, у iм упершыню атрымала заканадаўчае замацаванне “запалохванне” як адна з асноўных мэт пакарання ў феадальным праве, хаця не выключалiся i маёмасныя кампенсацыi; забаранялася вызваляць злачынцу ад кары. Паводле звычаёвага права, злачынца, якi быў асуджаны да смяротнай кары, мог адкупiцца або быць перададзены ў няволю пацярпеўшаму цi яго блiзкiм.

Судзебнiк прадугледжваў пакаранне смерцю асоб, якiя садзейнiчалi ўцёкам чэлядзi нявольнай i феадальна-залежных сялян ад сваiх паноў, а таксама пакаранне феадалаў за захоп чужых земляў, мiжусобiцы i зямельныя спрэчкi. Судзебнiк абавязваў усiх жыхароў трымаць у належным стане дарогi i масты1.

Вяршыняй сiстэматызатарскай i кадыфiкацыйнай дзейнасцi стала распрацоўка i прыняцце сусветна вядомых зводаў законаў Вялiкага княства Лiтоўскага — Статутаў 1529, 1566 i 1588 гг. Па сваёй унутранай дасканаласцi i шырынi рэгулюемых адносiн яны не мелi сабе роўных сярод юрыдычных актаў у Еўропе. Напiсаны яны былi на старабеларускай мове. Базавай асновай Статутаў былi мясцовае звычаёвае права, адмiнiстрацыйная i судовая практыка, нормы папярэдняга пiсанага права i ў некаторай ступенi нормы заходнееўрапейскага, польскага, кананiчнага i рымскага права.

 

17. Гісторыка-прававы аналіз абласных (земскіх) прывілеяў (Новагародскай зямлі 1440 г., Віцебскай зямлі 1503 г. (пацвярджальны), Полацкай зямлі 1511 г. (пацвярджальны) i iнш.) i валасных прывілеяў.

Абмежаванне ўлады вялiкага князя можна бачыць на прыкладзе Полацкага прывiлея 1511 г., згодна з якiм ён не меў права ўмешвацца ў справы мясцовай царквы, дараваць полацкiя землi, забiраць вымарачную маёмасць у дзяржаўную казну, без згоды жыхароў Полацкай зямлi прызначаць ваяводу, а таксама прыцягваць да выканання пагранiчнай службы. Гэты прывiлей ставiць ваяводу — галаву вялiкакняжацкай адмiнiстрацыi — у залежнае становiшча ад вярхушкi палачан. Жыхары вызвалялiся ад падводнай павiннасцi, сярэбшчыны, мелi права без пошлiны гандляваць на ўсёй тэрыторыi дзяржавы.

Пры ўступленнi на прастол новага князя цi пры парушэннi ўстаноўленых граматамi нормаў выдавалiся пацвярджаючыя прывiлеi тым землям, якiя мелi iх раней. Гэтыя прывiлеi ўтрымлiвалi нормы раней выдадзеных.

Такiм чынам, выдача абласных прывiлеяў i iх пацвярджэнне мелi дзяржаўна-прававы характар, бо сама наяўнасць гэтых прывiлеяў сведчыла аб асаблiвым становiшчы дадзенай зямлi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, яе адасобленасцi i непадзельнай цэласнасцi.

Валасныя прывiлеi выдавалiся, як правiла, па хадайнiцтве жыхароў той цi iншай воласцi з мэтай абароны iх iнтарэсаў ад самавольства адмiнiстрацыi. Але трэба адзначыць, што, выдаючы валасныя граматы i тым самым абмяжоўваючы ўладу службовых асоб, вялiкi князь у першую чаргу баранiў iнтарэсы не насельнiцтва, а дзяржаўнага скарбу, бо са збяднелых сялян немагчыма было б збiраць падаткi. Таму змест валасных прывiлеяў у асноўным забяспечваў юрыдычнае замацаванне павiннасцей i некаторых правоў жыхароў воласцi, у тым лiку права выбару старца — прадстаўнiка сялянскай мясцовай адмiнiстрацыi. Прыкладам валасных прывiлеяў могуць быць прывiлеi Падняпроўскiм i Задзвiнскiм валасцям ад 2 кастрычнiка 1511 г., каралевы Боны жыхарам Усвяцкай i Азярышчанскай валасцей ад 4 верасня 1535 г., жыхарам Магiлёўскай воласцi ад 1 лiпеня 1536 г. i iнш.1 У тым выпадку, калi выдадзеныя прывiлеi iгнаравалiся мясцовымi службовымi асобамi, вялiкiм князем выдавалiся паўторныя.

Такiм чынам, агульны аналiз валасных прывiлеяў дазваляе ў значнай меры даследаваць характар эксплуатацыi працоўнага народа як феадальнай дзяржавай у цэлым, так i асобнымi феадаламi.

Валасныя прывiлеi цiкавыя i тым, што ў iх змяшчаюцца шматлiкiя водгукi яшчэ больш старажытных прававых звычаяў. Гэта садзейнiчае больш поўнаму вывучэнню гiсторыi права Беларусi.

Аналiз абласных i валасных грамат дазваляе зрабiць вывад аб тым, што асноўнай крынiцай права гэтых дакументаў было мясцовае звычаёвае. Да спецыяльных актаў, якiя выдавалiся толькi для гара-джан, трэба аднесцi прывiлеi на магдэбургскае права; прывiлеi, што выдавалiся ў сувязi з цяжкiм становiшчам жыхароў горада, якое магло быць выклiкана стыхiйнымi бедствамi (пажарам, паводкай, ваеннымi дзеяннямi), а таксама самавольствам адмiнiстрацыi; прывiлеi, што выдавалiся з мэтай развiцця горада i прыцягнення ў яго новых жыхароў1.

Разгледзiм больш падрабязна граматы на магдэбургскае права. Першымi іх атрымалi жыхары Вiльнi (1387 г.), Бярэсця (1390 г.) i Гароднi (1392 г.). У iх гаварылася, што гараджанам дазваляецца судзiцца i вырашаць свае гарадскiя справы па тэўтонскім i магдэбургскім праве i прадастаўляюцца некаторыя льготы. На працягу XV — XVI стст. граматы на магдэбургскае права былi выдадзены ўсiм буйным гарадам Беларусi, а таксама многiм мястэчкам. Гэты прывілей даваўся гарадам вярхоўнай ўладай ВКЛ або (прыватнаўласнiцкiм гарадам) уладальнiкам горада. У абодвух выпадках ён выконваў ролю юрыдычнага акта аб самакiраванні гарадоў, спрыяў саслоўнай кансалiдацыi гараджан, вызваляў iх ад феадальнай залежнасцi. Часта прывiлей пашыраў дзеянне магдэбургскага права на прадмесцi i сёлы, што належалi мяшчанам2. Тым самым яны атрымлiвалi такое ж права валодаць зямлёй, як баяры-шляхта.

Першаступеннае значэнне ў граматах надавалася нормам, што ўстанаўлiвалi парадак утварэння i кампетэнцыю гарадскiх органаў кiравання. У прыватнасцi, у іх змяшчалiся ўказаннi аб вызваленнi гараджан ад улады i суда ваявод, старастаў i iншых службовых асоб агульнага кiравання i аб перадачы ўладных паўнамоцтваў у рукi гарадскога войта, бургамiстраў, радцаў (саветнiкаў) i лаўнiкаў (засядацеляў). Войт прызначаўся на пасаду вялiкiм князем цi феадалам або выбiраўся насельнiцтвам з заможных шляхцiцаў цi мяшчан. Рада, якая складалася з радцаў i лаўнiкаў, выбiралася з лiку купцоў, багатых майстроў, цэхмiстраў. Узначальваў Раду выбарны бурмiстр (цi бурмiстры). Паўнамоцтвы войта i бурмiстраў у розных гарадах не былi аднолькавыя. Напрыклад, судом другой iнстанцыi ў адносiнах да войтаўскага суда ў адных гарадах аб’яўляўся суд вялiкага князя i Рады (Магiлёў, Менск), а ў другіх — замкавы суд старастаў i намеснiкаў (Пiнск). У Наваградку войт разам з шасцю радцамi выбiраў двух бурмiстраў, а ў Пiнску бурмiстр прызначаўся старастам з чатырох кандыдатаў, якiх прадстаўлялi мяшчане. Гэтыя прыклады сведчаць аб адсутнасцi якой-небудзь залежнасцi войта i бурмiстраў ад асноўнай масы гарадскога насельнiцтва, а таму няма дастатковых падстаў лiчыць iх органамi гарадскога самакiравання. З атрыманнем магдэбургскага права замест улады i суда старасты або намеснiка дзейнiчала ўлада войта, бурмiстраў i радцаў.

Вывучэнне актаў гарадскiх магiстратаў дазваляе меркаваць, што за рэдкiм выключэннем сапраўднае магдэбургскае права ў гарадах ВКЛ не ўжывалася. Так, беларускiя гарады не выбiралi бургграфа, а фогт (войт) не толькi ўзначальваў суд, але i быў вышэйшай судовай iнстанцыяй у горадзе. Беларускiя гараджане не прынялi нормаў магдэбургскага права аб перадачы пасады лаўнiка па спадчыне; дзейнiчаў прынцып выбрання лаўнiкаў радай з ухвалення сходу гараджан i г.д.1

У прывiлеях на магдэбургскае права не ўтрымлiвалася нормаў крымiнальнага, цывiльнага, зямельнага i iншых найбольш важных галiн права, на аснове якiх складвалiся праваадносiны i якiмi кiравалiся ў сваёй дзейнасцi гарадскiя органы. Больш таго, у граматах на магдэбургскае права няма нават указанняў, якiмi нямецкiмi кодэксамi або зборнiкамi трэба карыстацца.

У сувязi з гэтым нельга не пагадзiцца з прафесарам Я.А.Юхо, якi сцвярджае, што разгляд гарадскiх грамат на магдэбургскае права дае падставу гаварыць, “што ў iх змяшчалiся нормы мясцовага звычаёвага права (асаблiва ў частцы льгот i павiннасцей гара-джан) i новыя нормы, выпрацаваныя ў працэсе вы-дзялення гараджан у асаблiвае саслоўе феадальнага грамадства — мяшчан. Усё гэта дае падставу называць гэтае права не нямецкiм, а гарадскiм (мяшчанскiм) правам Беларусi”1.

Такi вывад становiцца яшчэ больш абгрунтаваным, калi ўлiчваць прававыя нормы шэрага iншых грамат, якiя атрымлiвалi жыхары гарадоў, абласцей i валасцей. Нормамi мясцовага пiсанага i звычаёвага права рэгулявалiся гаспадарча-эканамiчныя, маёмасныя i iншыя адносiны.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-07-14; просмотров: 526; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.14.253.221 (0.006 с.)