Паэтычная творчасць Р.Баравіковай і стратыфікацыйнасць гендэра. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Паэтычная творчасць Р.Баравіковай і стратыфікацыйнасць гендэра.



Па-свойму развівае тэму ўзаемаадносін паміж поламі і аналізуе іншых жанчын – сучасніц і далёкіх папярэдніц – Р.Баравікова. Адносіны паэткі да статусу жанчыны ў грамадстве вельмі добра прасочваюцца ў яе творчасці. Калі ў юнацтве галоўным для лірычнай гераіні з’яўляецца каханне, то пасталеўшая, яна шукае сяброўства, вернасці, павагі, роўнасці. Пацверджаннем выказанай думкі з’яўляюцца вершы паэткі са зборнікаў «Каханне» (1987) [12] і «Люстэрка для самотнай» (1992) [13].

Прымаючы пад увагу стратыфікацыйнасць гендэра і азначэнне гэтай катэгорыі як «нявызначанай пераменнай», якая ў межах адной творчасці ўдакладняецца / карэктуецца ўзростам звернемся да паэзіі Р.Баравіковай. Аналіз яе паэтычных зборнікаў даволі яскрава сведчыць пра правільнасць такой высновы, пацвярджае стратыфікацыйную тэорыю гендэра.

 

2. Асэнсаванне лірычнай я-гераіняй катэгорыі «каханне» і заснаваных на ім ўзаемаадносін паміж поламі ў паэтычным зборніку «Каханне».

Вершы са зборніка «Каханне», як і яго назва, перадаюць адно толькі пачуццё, пазачасавае і пазасацыяльнае, якое цяжка перадаць словамі. Вельмі ўдала наконт гэтага выказалася В.Куртаніч: «Усе лепшыя вершы Раісы Баравіковай – агучаная мяжа паміж пачуццём і думкай. Можна стаяць з аднаго боку мяжы, адчуваць насалоду ад слоў і песціць думкі пра пачуцці, а можна знаходзіцца з іншага боку – і, ведаючы пачуцці, шукаць словы...» [73, 69]. Найбольш падыходзяць для вызначэння «кахання паэткі» эпітэты светлае, радаснае, моцнае, імпульсіўнае, страснае. Гэтае пачуццё ніколі не ўяўляецца аўтарцы зборніка цяжарам, тым больш пакутай. Каханне, між тым, даволі неаднароднае пачуццё, яно «і прынізіць, і... узніме». Жаль, растанне, смутак, боль, радасць, шчасце – усё гэта праявы любові, і ўсе яны аднолькава дарагія лірычнай гераіні, бо значаць, што яна жыве. Яе сэрца заўсёды адкрытае для пачуцця, у ім ніколі не згасае вера:

Ах, яно ізноўку верыць: будзе

ў гэткі дзень,

забыўшыся, што быў [12, 29].

Нягледзячы на пачуццёвы палон, у якім знаходзіцца лірычная гераіня, яна здольна прааналізаваць сваё каханне і нават цвяроза паглядзець на каханага:

І ты, каму я ўслед глядзела,

як богу...

Дыхаць не магла.

Заняўся мітуснёй здрабнелай

з пыхлівым выглядам арла... [12, 113].

У зборніку Р.Баравіковай пададзены не столькі жаночыя вобразы, колькі адзіны вобраз лірычнай гераіні, якую наскрозь працінае каханне. Закаханая жанчына, намаляваная ў вершах, вельмі юная душою, яе знешнасць, характар, як і сацыяльны статус нявызначаныя. Лірычная гераіня ўвогуле часта губляе сваё цялеснае ўвасабленне (яна толькі душа і яе праяўленні, выражаныя ў пачуццях) і «падарожнічае» душою:

Прачнуўся муж, пытае: «Дзе была?»,

адказваю: «Вярнулася з аблокаў» [12, 18].

Час ад часу аўтарка ўсё ж спрабуе «ўмясціць» пачуццё ў жыццёвыя сітуацыі, і тады пачынае вымалёўвацца вобраз рэальнай жанчыны, праступаюць рысы яе характару. Пачуццё ўласніцтва ў адносінах да каханага, як адна з рыс, прадстаўлена ў жаданні «быць адзінай». Закаханая жанчына, да таго ж, схільная да абагаўлення свайго выбранніка:

Усюды ты...

і хай даруе творца

прыроды пышнай, сёння не яна

захопленасць мая, мой дол і сонца,

неперажыты дзень і даўніна [12, 22].

Характэрная для жанчын ідэалізацыя, абагаўленне каханага падкрэслівае рамантычнасць жаночай душы ў маладосці, перавагу пачуццёвасці над розумам, закаханасць у створаны ўяўленнем вобраз, а не ў канкрэтную асобу, што ў выніку прыводзіць да расчаравання і страты пачуцця.

Р.Баравікова па-мастацку асэнсоўвае не толькі супрацьлеглы пол, паэтка разважае і над сваёй, жаночай, сутнасцю. Адносіны да жанчын у яе супярэчлівыя і даволі арыгінальныя («Жанчыны»). Аўтарка зборніка адначасова ўспрымае сябе як адну з іх і супрацьпастаўляе сябе ўсім астатнім жанчынам, бо ў кожнай бачыць суперніцу. Усіх іх, апроч кахання да супрацьлеглага полу, на думку паэткі, аб’ядноўвае і пачуццё рэўнасці. Апошняе жанчын і раз’ядноўвае. Зацікаўлены ў рэўнасці найперш мужчыны, бо яна ўказвае на іх запатрабаванасць і, як вынік, падкрэслівае іх значнасць. Па гэтай прычыне вернасць пераходзіць у разрад «старамодных» паняццяў:

Патрэбны лугу веснавому травы,

а ў мове стала лішнім слова «вернасць»,

мы сёстры аднае цяпер дзяржавы,

пад назваю даўно не новай «рэўнасць» [12,135].

Канкрэтныя вобразы жанчын, прадстаўленыя ў зборніку, адлюстроўваюць не толькі аўтарскі погляд. Яны перадаюць і адносіны грамадства да жанчыны. Прысутнасць аўтаркі тут выяўляецца праз падтэкст, які падкрэслівае або згоду паэткі з грамадскімі нормамі, або выяўляе пратэст супраць іх, як у вершы «Кулёма». Яго лірычная гераіня – звычайная вясковая дзяўчына, толькі непрывабная з выгляду. Мянушка, што далі ёй вяскоўцы, выяўляе, з аднаго боку, метафарычнасць народнага мыслення (знешняе падабенства з кулём мокрай саломы), з другога – з’яўляецца прычынай смерці дзяўчыны. Мянушка настолькі «прырасла» да лірычнай гераіні, што ніхто не змог успомніць яе сапраўднае імя нават на пахаванні. Кулёма – гэта не толькі слова, якое можа «ўсцешыць і параніць», гэта прысуд грамады, які вартасць дзяўчыны вызначыў праз цела і гэтым пазбавіў яе магчымасці будаваць сваё асабістае жыццё. Пасля самагубства Кулёмы склалася легенда, быццам дзяўчына «супыняе» нежанатых хлопцаў і звяртаецца да іх з пытаннем: «Дзе прозвішча маё?» [12, 114]. Пытанне гучыць як папрок хлопцам, грамадству, якое адвярнулася ад дзяўчыны. Імя страчана, прозвішча, якім надзяляе мужчына, не было магчымасці набыць. Само жыццё ў такой сітуацыі губляе сваю каштоўнасць. Адсутнасць імя сімвалізуе яшчэ і бяспраўнасць дзяўчыны. Згадваючы яшчэ раз сцвярджэнне І.Саўкінай [119] пра тое, што жанчына больш залежная ад цела, чым мужчына, зазначым, што такая залежнасць развіваецца ў двух напрамках, але мае адзін вынік – смерць. Цялесная непрывабнасць вядзе да самагубства, прыгажосць – да прысуду натоўпу, як у вершы В.Коўтун «Старая балада». Гэтыя вершы ўказваюць і на тое, што адыход ад сацыяльнай нормы караецца грамадствам: абавязова будзе расплата маральная ці фізічная.

Не менш рэальны вобраз няні з дзіцячага садка («Адзінота»), якая аддае сваю пяшчоту чужым дзецям з-за адсутнасці сваіх. Прафесійная дзейнасць лірычнай гераіні, якая на першы погляд кампенсуе праблему мацярынства, на самой справе абвастрае яе:

І ёй здаецца, кожнае яе,

але ніхто з дзяцей не скажа: «Мама...» [12, 116].

Хаця аўтарка не падае вобраз няні як трагічны, усё ж ноткі суму, нявыказанасці прысутнічаюць у вершы. Погляд паэткі тут таксама пераклікаецца з традыцыйным, які шчасце жанчыны звязвае з каханнем і мацярынствам. Такі погляд на ролю жанчыны ў грамадстве аспрэчваецца вершам «Птушачка». У ім Р.Баравікова па-свойму трактуе прымаўку «бабіна дарога ад печы да парога». Сімвалічная назва верша адлюстроўвае, акрамя створанага рукамі «цётачкі», стан душы лірычнай гераіні, непадуладнай ніякім абмежаванням, кім бы яны не былі ўсталяваны. Менавіта таму «жыццё прайшло ў палёце, // хоць і было ў ім – печка ды парог» [12, 118]. Верш «Птушачка», у якім гучыць аўтарскае захапленне лірычнай гераіняй, сугучны вершу «А раніца прарвала ліўнем лета», блізкі яму сілай уяўлення. У гэтым вершы намалявана жанчына, здольная на сваё асабістае, унутранае, духоўна багатае жыццё (свет фантазій, творчасць), якое падпарадкоўваецца толькі ёй.

Згодна з традыцыяй падае паэтка ў зборніку вобраз маці. Гэта састарэлая вясковая кабета з яе ўсёдаравальнасцю ў адносінах да дзяцей («Маці»).

 

3. Пераасэнсаванне лірычнай я-гераіняй (абумоўленае ўзростам) катэгорыі «каханне» і заснаваных на ім ўзаемаадносін паміж поламі ў зборніку «Люстэрка для самотнай».

Зусім іншы па танальнасці зборнік Р.Баравіковай «Люстэрка для самотнай», хоць і аддалены ў часе ад папярэдняга толькі пяццю гадамі. Напал пачуцця, характэрны для вышэй згаданага зборніка, змяняецца ў ім сталасцю, спакоем, роздумам, нават перавагай розуму над пачуццём. Кніга прадстаўляе новую ступень узаемаадносін паміж поламі. Гэта патрабаванне не толькі кахання, але і павагі, роўнасці, прызнання сваёй значнасці. Лірычная гераіня жадае шчырасці і цяпла, а не гульні і пазёрства:

Ты халадком прываблівай дзяўчатак

і вернасцю мяне, каб не ўцякла... [13, 22].

Яна не хоча трапіць у сіло, але і не жадае быць «для яго турмой», шукае раўнапраўных адносін, шукае «доўга друга». Да гэтага, урэшце, прыходзяць і Л.Геніюш, і В.Коўтун, і Л.Рублеўская:

Турбуешся, што я адна...

Зноў кожны крок мой пад наглядам.

Як мне знаёма, і здаўна,

сіло дакучлівай улады [13, 98].

Жанчына яшчэ па-ранейшаму «лётае», але яе палёт вымяраецца імгненнем – занадта моцнае зямное прыцягненне – цяжар быту з узростам робіцца ўсё болей адчувальным («Жанчына лётала і ценем // сплывала ў распракляты быт» [13, 75]). Пячатка сталасці, разумення канечнасці ўсяго зямнога, недаўгавечнасці пачуццяў («ёсць у пачуццяў нашых межы, – // свой час згасання і агню» [13, 91]) усё часцей прысутнічае ў вершах.

У адрозненне ад Л.Геніюш («Бабулька») і В.Коўтун («Казачніца»), якія падаюць старасць у яе канкрэтным увасабленні, Р.Баравікова, застаючыся вернай сабе, перадае пачуцці, светаўспрыманне гераіні ў такім узросце. Старасць, з яе душэўным спакоем і сузіральнасцю, набліжэннем да прыроды, паэтка параўноўвае з бясстраснай парой дзяцінства, лічыць «бясполай»:

Ужо не соладка, ні горка,

Ні шкадавання, ні нуды,

як у дзяўчынкі, што з пагорка

ляціць, не знаючы куды... [13, 91].

Яшчэ адну праблему спрабуе вырашыць лірычная гераіня зборніка «Люстэрка для самотнай» – адыход кахання. Яна раскрываецца на памежжы пачуцця кахання як індывідуальнага праяўлення чалавека і патрабаванняў соцыуму. Здавалася б, што прасцей: жыві разам, калі ёсць каханне, калі ж яго няма, навошта суіснаваць побач? Але тут акурат і знаходзіцца пункт сутыкнення. Адносіны да жыцця і ўзаемаадносіны паміж поламі вымяраюцца не адным пачуццём кахання, сцвярджае аўтарка. Да кахання,а часам і на яго месца далучаюцца адказнасць і прывычка жыць разам, шкадаванне адно аднаго. Шлюб, сям’я, мноства гадоў побач – гэта ўжо нешта большае, чым каханне, хоць і мялее душа:

У васемнаццаць можна б і расстацца,

а мы даўно жывём, як спарышы... [13, 92].

Лірычная гераіня канстатуе, што замест кахання «тут спакой пасяліўся навек». Часам двое не могуць расстацца, хоць нічога іх ужо не ўтрымлівае побач:

Ды ўпартыя, мы дзелім рэха

таго, што песняй быць магло [13, 113].

І нельга не пагадзіцца з аўтаркай наконт таго, што страсцю адарыла чалавека прырода, а над каханнем яшчэ папрацавалі гісторыя і грамадства (Каханне – выпадковасць, «бяры і спакушай» [13, 106]). Інстынкт працягу роду нельга параўноўваць з каханнем, як нельга параўноўваць каханне на зары чалавецтва і сёння, яно развіваецца: нешта траціць і адначасова набывае новыя рысы («Пачуццё»). На думку Фуко [152], пачуццёвасць з’яўляецца гарантам сувязі свядомасці з акаляючым светам. Але пачуццёвасць у сучасным яе разуменні, як непадзельнасць пачуццёвага і інтэлектуальнага пачаткаў у чалавеку (раней існавалі паняцці «плоць» і «дух», якія не незалежалі адно ад другога). Калі лічыць, што гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя станаўлення свядомасці чалавека, фармавання яго суб’ектыўнасці.

У зборніку «Люстэрка для самотнай» з’яўляецца новы для Р.Баравіковай матыў адзіноты. І калі ў В.Коўтун пачуццё адзіноты вынікае з волі, якой прагне лірычная гераіня яе вершаў і, нарэшце атрымаўшы, не ведае, што з ёй рабіць, і ўсё ж яна спрабуе жыць і «роднай», і «чужой». А лірычная гераіня Я.Янішчыц словы «воля» і «пакінутасць», «непатрэбнасць» успрымае як сінонімы, то адзінота Р. Баравіковай іншага кшталту – яна дадае духоўнай моцы лірычнай гераіні:

не схацеў тады маёй ласкі,

адкасніся цяпер ад болю [13, 97].

У супрацьлегласць каханню, якое з’яўляецца пачуццём для дваіх, боль, на думку аўтаркі, – кожны перажывае паасобку. З ім сучасная жанчына разбіраецца сама, сама сябе лечыць. Але боль і адзінота не здольны перамагчы прагу да жыцця. Паэтка лічыць, што «на зямлі няма яшчэ прычыны» [13, 110] развітвацца з гэтым светам. Пасталелая, аўтарка ўжо не ставіць каханне на першае месца, перавагу яна аддае менавіта жыццю. Прыгожа, напэўна, аддаваць яго за каханне, але не заўсёды такі ўчынак належна ацэньваецца:

Даруй, як страшна сэрца б’ецца:

каханак твой – ужо вясёлы [13, 115].

 

4. Мастацкае асэнсаванне Р.Баравіковай лёсаў Саламеі Русецкай-Пільштыновай і Барбары Радзівіл як выражэнне «самасці» самой аўтаркі.

Р.Баравікова ў згаданых зборніках асэнсоўвае лёсы неардынарных жанчын нашай гісторыі: Саламеі Русецкай-Пільштыновай і Барбары Радзівіл, «каб іх вуснамі гаварыць аб уласных пачуццях» [55, 61]. Лірычны цыкл «Саламея» яшчэ раз пацвярджае думку пра дваістасць жанчын у поглядзе на сябе. Раздумваючы над лёсам наваградскай лекаркі, аўтарка не згаджаецца з яе бяспраўнасцю ў сям’і, што абумоўлена і законам, і залежнасцю (духоўнай / псіхалагічнай) Саламеі ад каханага. Пільштын, падкрэсліваецца ў творы, не варты такой адданасці. Ён карыстаецца яе каханнем у сваіх мэтах. Таму натуральна для аўтаркі выглядае ўчынак Саламеі, калі тая нарэшце «вызваляецца» з-пад улады мужа:

Я вольная... Чуеш, каханы,

абжытая хата яшчэ не жытло! [12, 158].

Паэтка не ўяўляе іншых узаемаадносін паміж закаханымі, акрамя няроўных. Прычым падначаленым з’яўляецца закаханы, не залежна ад полу і правоў – у дадзеным выпадку Саламея. Такая няроўнасць успрымаецца нават больш востра, чым залежнасць сацыяльная. Каханне як творчы акт двух незалежных людзей застаецца марай і ў наш час, але для многіх гэтае пачуццё нават такім і не ўяўляецца. Людзі часцей звязваюць яго з пакутай, і горда нясуць яе праз жыццё:

Каханне, ты – прывабная быліна,

дзе з двух герояў нехта вечны раб [12, 160].

У Саламеі, і гэта ўхваляецца аўтаркай, знаходзяцца сілы вызваліцца з рабства кахання. Але галоўнае ў тым, што яна (чытай: сама паэтка), пакідаючы Пільштына, застаецца здольнай на пачуцці.

Вобраз Барбары Радзівіл з аднайменнай драматычнай паэмы, жанчыны, якую традыцыйна лічаць шчаслівай у каханні, па-свойму адметны і даволі супярэчлівы. Звесткі пра Барбару, што дайшлі да нашых дзён (К.Шышыгіна-Патоцкая [177]), падаюць, як два бакі аднаго медаля, яе прыгажосць і распусту. Першая з якіх узвышае, а другая прыніжае Барбару. Р.Баравікова не здымае гэтую супярэчнасць у сваёй паэме. І як бы аўтарка не спрабавала перадаць вышэйшасць кахання і шчасце галоўнай гераіні, многія эпізоды твора (а не толькі фінал) выяўляюць драматызм далёкіх ад нашага часу падзей. Узаемаадносіны паміж поламі, што існавалі ў грамадстве ХVІ ст. былі далёка не на карысць жанчыны. Нават калі яна знаходзілася на самым версе сацыяльнай лесвіцы. Бо кожны чалавек, і гэта падкрэслівае стратыфікацыйнасць такой катэгорыі, як гендэр, займае неаднолькавыя пазіцыі ў розных іерархіях. Напрыклад, «дачка знакамітага баярына займае верхнюю іерархічную прыступку ў адносінах да сялян, якія належаць ёй па праву наследавання вотчыны; але яна ж можа займаць адначасова і ніжнюю ў адносінах да яе бацькоў, якія вырашаюць за яе яе лёс, выдаюць замуж і падпарадкоўваюць мужу. Такое сімвалічнае насілле «спрацоўвае» тады, калі мужчыны і жанчыны падзяляюць адны і тыя ж класіфікацыйныя катэгорыі» [102, 29]. У выпадку з Барбарай адбываецца тое ж самае: яе правы і статус у грамадстве, безумоўна, вышэйшыя, чым у камедыянткі Соф’і. Але для братоў – роднага Мікалая Рудога і стрыечнага Мікалая Чорнага – яна сродак для дасягнення ўлады. Гонарам яны толькі прыкрываюцца перад Жыгімонтам ІІ Аўгустам, уздзейнічаюць на яго. Барбара такая ж бяспраўная перад імі, як і ўсе жанчыны той эпохі адносна мужчын. Нездарма ў творы падкрэсліваецца, што пасля смерці мужа яна засталася «на шыі ў брата» [13, 140] Мікалая Рудога. (Нягледзячы на той факт, што жывой была яшчэ і маці Барбары.). Перавага яе перад многімі іншымі жанчынамі часовая, яна толькі ў тым, што галоўная гераіня «каханая». Такі «статус быў дакладна зафіксаваны ў грамадскай свядомасці, бо акрамя адчування псіхалагічнага камфорту ён надаваў жанчыне дадатковыя сацыяльныя балы» [107, 217]. Барбара, да ўсяго, яшчэ прыгожая і маладая. А гэта, на думку К.Мілет, «дадатковая катэгорыя жанчын» [86, 21]. Захапляе ў паэме ўчынак Жыгімонта ІІ у адносінах да Барбары, калі не ўлічваць таго факту, што ён прымусовы. У вобразе Жыгімонта ўхваляецца мужчына, «вартасць», высакароднасць якога вымяраецца адносінамі да жанчыны. Трон, улада, патрабаванні закону і грамадства да караля ігнаруюцца ім. Адыход ад нормы паводзін Жыгімонта прымушае нашчадкаў пераасэнсоўваць яго ўчынак, ствараць міф пра каханне, яго ўсёпераможнасць, але, на жаль, недаўгавечнасць. Бо невядома, чым бы сталася каханне паміж Барбарай і Жыгімонтам, калі б не ўмяшалася Яе Вялікасць Смерць, без удакладнення прычыны яе прыходу. Каханне не вельмі часта спраўджваецца ў жыцці, таму цалкам зразумелыя спадзяванні герояў на тое, што яно адбудзецца на тым свеце, дзе існуюць душы, вольныя ад цела і яго патрабаванняў, душы, неабмежаваныя мараллю і законам. Надзея герояў драматычнай паэмы на працяг кахання па-за жыццём яшчэ раз падкрэслівае яго жыццёвую няспраўджанасць і хуткаплыннасць. Яно па-ранейшаму застаецца марай. Прыгажосць гэтага пачуцця ў яго незавершанасці. Жыгімонт ІІ застаўся ў гісторыі перш за ўсё як чалавек, які ўмеў кахаць, і толькі потым як выдатны кіраўнік.

Інтымныя адносіны паміж поламі ў драматычнай паэме абмаляваны неяк занадта лёгка, без усялякіх абмежаванняў: маральных і прававых. Так, для Барбары і для Жыгімонта каханне і вернасць не адно і тое ж. Гэтыя паняцці існуюць паасобку, яны не ўзаемазвязаныя. Таемна павенчаная Барбара ў хвіліны роспачы і бязвер’я лёгка суцяшаецца ў абдымках Давойны, асабістага лекара Жыгімонта ІІ Аўгуста. Раней сам Жыгімонт спрабуе забыцца з камедыянткай Соф’яй. Акцёрка ім успрымаецца як лекі ад кахання. Спатоліць шал усё роўна, што наталіць голад – звычайна, беспраблемна. Сексуальнасць ХVІ стагоддзя нельга параўнаць з сучаснай, яна была іншай, тут мае рацыю аўтарка паэмы. Р.Баравікова стварыла гімн каханню, а разам з гэтым паказала асабістую залежнасць грамадзяніна ад соцыуму, вынік якой – трагічнасць пачуцця кахання.

З усяго вышэй сказанага можна зрабіць выснову, што найбольш стратыфікацыйнасць такой катэгорыі, як гендэр, залежнасць яе ад узросту чалавека, асэнсаванне таго, што сацыякультурная канструкцыя чалавека гэта не толькі вынік, а і працэс, прасочваецца на прыкладзе творчасці Р.Баравіковай. З узростам аўтарка мяняе сваё разуменне кахання і заснаваных на гэтым пачуцці ўзаемаадносін паміж поламі.

Пры апісанні іншых жанчын у Р.Баравіковай, як і ў яе папярэдніц і сучасніц, праглядваецца наступная заканамернасць: «Чым (яны – Т.Ф.) бліжэй (біяграфічна) і пазітыўней (з пункту гледжання сацыякультурных канвенцый).., тым цяжэй аўтаркам праблематызаваць іх і выражаць праз іх сваю «самасць» [119, 204].

Лекцыя 3

1. Творчая спадчына Я.Янішчыц праз прызму гендэрных даследаванняў: трагічнасць света-ўспрымання я-гераіні.

2. Гендэрныя адносіны вясковых людзей – ідэал узаемаадносін паміж поламі для я-гераіні інтымнай лірыкі Я.Янішчыц.

 

1. Творчая спадчына Я.Янішчыц праз прызму гендэрных даследаванняў: трагічнасць света-ўспрымання я-гераіні.

Намі ўжо адзначалася, што жанчынам-творцам нескладана выражаць сваю «самасць», ствараючы вобразы жанчын, што аддалены сацыякультурна, гістарычна і біяграфічна і цяжка праблематызаваць жанчын, якія блізкія да іх па гэтых параметрах. Найбольш складана паэткам разабрацца ў сваёй жыццёвай сітуацыі. Найяскравей гэтая заканамернасць выявілася ў інтымнай лірыцы Я.Янішчыц, якая часам нагадвае самарэфлексію. Лірычная гераіня яе вершаў быццам спрабуе апраўдацца, знайсці памылку. Ці не таму яна то «бяссонны год, як лён, перабірае», то «раскручвае памяці сувой», то «гартае адчайна годы». Вершы паэткі пра каханне – сведчанне таго, як гендэр стаў вынікам і перастаў быць працэсам. Сацыякультурная канструкцыя полу гэтай жанчыны спынілася, адсюль трагедыя яе жыцця. Гэтая трагедыя прысутнічае ў вершах. Таму інтымную лірыку Я.Янішчыц таксама можна вызначыць як трагічную, за выключэннем ранніх вершаў, дзе прасочваецца адно прага кахання, прадчуванне яго, мары пра прыгожае будучае. Трагічнасць у тым, што паэтка і ў больш сталым узросце не змагла аддзяліць жыццё ад мары (не «перарасла» яе), а па гэтай прычыне не змагла прыняць свой асабісты лёс: Ды хіба ж я гэткае долі // Ў надзеі схілялася ніц? [180, 83]. У вершах Я.Янішчыц, на думку Дз.Бугаёва, «зусім невыпадкова так часта з балючай пранізлівасцю гучалі матывы нешчаслівага кахання» [180, 17]. Невыпадкова таму, што яе асабістае жыццё было неўладкаванае: «І сямейнай картай бітая...» [180, 205]. Паэтка традыцыйна лічыла, што жанчына ў першую чаргу «ўсё ж створана для сямейнага шчасця» [180, 17]. Інтымныя вершы Я.Янішчыц вельмі асабістыя, аўтабіяграфічныя, шчырыя, балючыя. У іх прысутнічае такая глыбіня пачуцця да канкрэтнага чалавека, якую не здольны ўявіць, а значыць і перадаць мужчына-творца, як бы глыбока ён не ведаў псіхалогію жанчыны. Такая магчымасць адкрылася для саміх пісьменніц толькі ў другой палове ХХ стагоддзя, гэта вынік іх сумарнага творчага вопыту, што прывёў да большай адкрытасці, шчырасці пры самавыяўленні. Лірычная гераіня паэзіі Я.Янішчыц незразумелая і адзінокая: «Адна. Ні пры кім» [180, 205]. Паміж аўтаркай і ёю ў большасці вершаў можна ставіць знак роўнасці. Амаль усе яны прысвечаны адзінаму чалавеку – каханаму, якога паэтка называе: «Жаданы мой, мінулы. Найхарошы!» [180,235], «самы лепшы», «нязбыўны мой», «нясуджаны», «неразлюблены мой», «мой нязбытны каханы», «адзіны», «мой боль». Каханне ёю таксама ўспрымаецца як боль, пакута, адзінота:

Я,

з тваёй пазбытай ласкі,

На краёчку адзіноты... [180, 223].

Трагічнасць пачуцця, на думку Я.Янішчыц, схавана ў яго недаўгавечнасці. Зыходзячы са сваёй жыццёвай сітуацыі, паэтка перадае яе ў наступнай, на яе погляд, універсальнай для ўсіх схеме:

Зноў паўторыцца нечая казка

Рук ласкавых, жадобных вачэй.

Захапленне... Каханне... Развязка...

Што яшчэ можа быць балючэй! [180, 244].

Аўтарка жыве ўспамінамі, быццам дня сённяшняга і заўтрашняга не існуе, а ўсё лепшае засталося далёка ў мінулым. Пра гэта сведчыць жаданне пераасэнсаваць мінулае («дні назад перагартаю», «і тчэцца сцежка праз «было») і даволі частае выкарыстанне дзеясловаў прошлага часу («была маладою», «вясёлай была»). Можна таксама сказаць, што Я.Янішчыц «зацыклілася» на моманце расстання з каханым. Не, яна не жадае нічога мяняць, перайначваць, не шукае вінаватых. толькі мінулае і момант расстання сталі для яе жыццём (жыццём яе душы, унутраным станам):

Развіталіся. Досыць журыцца.

Развіталіся. І назаўжды...

Перакрыю артэрыю болю

Жгучым жгутам бязбожнай зімы.

Ды не гасне святло за табою

Год каторы ці век на зямлі! [180, 240-241].

Час ад часу яна ўспамінае сына, дзеля якога трэба жыць («Memento mori? Думаю пра сына, // Пра сэрцайка чуллівае яго» [180, 258].). Але боль пакінутай жанчыны перамагае мацярынскія пачуцці. Для паэткі раўназначныя па сэнсу словы «вольная» і «пакінутая». Яна не жадае быць вольнай: «Навошта ж воля для жанчыны, // Калі ёй цэлы свет чужы!» [180, 200], або: «Адмаўляю незалежнасць, // Прыналежная табе!» [180, 84]. У лірыцы Я.Янішчыц няма развіцця пачуцця кахання, пераходу яго ў іншыя стадыі, акрамя згаданага намі пераходу ад мары пра каханне да з’яўлення гэтага пачуцця ў душы я-гераіні. Не адбываецца далейшага развіцця ўзаемаадносін паміж закаханымі, што прыходзіць з мудрасцю, як у паэзіі Р.Баравіковай, калі каханне – гэта найперш клопат, абавязак, прывычка, павага, беражлівасць, шкадаванне адно аднаго, нават усёдаравальнасць, а часам і адзінота. Узаемаадносіны паміж лірычнай гераіняй вершаў Я.Янішчыц і «каханым» заканчваюцца не развіўшыся, абрываюцца на высокай ноце любові, а не ў выніку страты пачуцця. Рэчаіснасць аказалася для я-гераіні настолькі непрывабнай, што яна зноў вяртаецца ў мару: «Я прыдумвала Вас...» [180, 225]. Сваё нерастрачанае пачуццё Я.Янішчыц пераплаўляе ў вершы і не стамляецца маляваць вобраз каханага, вобраз прыгожы, годны кахання, нягледзячы на нязбыўнасць мар, няспраўджанасць надзей. Яна хвалюецца: «А ці ўсё раскажуць вершы?» [180, 242]. Ці здолеюць перадаць усю глыбіню пачуцця, «Агонь вішнёвы // Роспачы маёй?» [180, 224]. І толькі аднойчы аўтарка паддаецца сумненню:

Скажы, душа, ты плакала учора?

А ён не варты шчырых слёз тваіх! [180, 227].

У некаторых вершах нават прысутнічае боязь будучыні як вынік страты каханага, але непераадоленасці ў душы пачуцця да яго. Я-гераіня не верыць у вечар свайго жыцця. Пра гэта сведчаць наступныя радкі:

Сама сябе нясу

За край, якога страшуся [180, 229].

Або:

О як трывожна час ляціць!

Дэпрэсія дыхання ці світання?

Да вечара – ці доліла дажыць? [180, 245].

«Жанчына, якая знаходзіцца ў стане неперапыннага любоўнага гарэння, выклікае хутчэй жаль, чым павагу» [54, 11]. Словы гэтыя сказаны Г. Кісліцынай адносна Я.Пфляўмбаўм, якая змагла прыняць свой узрост, а таксама звязаныя з ім новыя ролі дастойна і адмовіць каханню: «Прыйшла ты (любоў – Т.Ф.), дзякуй, але позна, // Занадта позна, хоць сагрэла...» [103, 11]. Але справа нават не ў павазе ці яе адсутнасці, справа ў самакаштоўнасці жыцця. Да такой высновы, на жаль, не здолела прыйсці лірычная гераіня паэзіі Я.Янішчыц. Каханне, на думку філосафаў (Э.Фром), вымяраецца не адным пачуццём любові да супрацьлеглага полу. Яно ўключае ў сябе яшчэ і адносіны да бацькоў, дзяцей і, не ў апошнюю чаргу, адносіны чалавека да сябе самога.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 6165; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.144.25.74 (0.052 с.)