V. Функцыянальныя стылі беларускай 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

V. Функцыянальныя стылі беларускай



Літаратурнай мовы.

Агульныя звесткі

Як і іншыя нацыянальныя мовы, беларуская мова існуе ў дзвюх формах – дыялектнай і літаратурнай.

Дыялектная мова – гэта мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – гэта мова аднаго ці некалькіх населеных пунктаў з аднатыпнымі моўнымі рысамі. Мясцовыя гаворкі распаўсюджаны толькі на пэўнай тэрыторыі, выкарыстоўваюцца звычайна ў вуснай форме, часцей сялянствам. Гаворкі аб’ядноўваюцца ў дыялекты. На тэрыторыі Беларусі выдзяляюць два дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні.

Кожны з гэтых дыялектаў мае свае асаблівасці ў лексіцы, фанетыцы, марфалогіі і сінтаксісе, якія адрозніваюць іх адзін ад аднаго і ад літаратурнай мовы.

Паміж паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім дыялектамі вылучаюцца сярэднебеларускія гаворкі, якія з’яўляюцца пераходнымі.

У апошні час новыя дыялекты не ўтвараюцца, нівеліруюцца, і таму страчваюцца дыялектныя асаблівасці, знікаюць мясцовыя словы і выразы.

Генетычна сучасная літаратурная мова грунтуецца на гаворках цэнтральнай часткі Беларусі, але ў працэсе развіцця яна сінтэзавала найбольш характэрныя для большасці беларускіх гаворак рысы і таму не супадае цалкам з якім-небудзь тэрытарыяльным дыялектам, г.зн. мае наддыялектны характар.

На працягу некалькіх пакаленняў літаратурная мова апрацоўвалася майстрамі беларускай літаратуры. Беларуская літаратурная мова – гэта вышэйшая, унармаваная, агульнапрынятая і абавязковая для ўсіх членаў грамадства, стылістычна разгалінаваная форма нацыянальнай мовы.

Наяўнасць нормы – істотная асаблівасць літаратурнай мовы, якая адрознівае яе ад дыялектнай. Пад нормай разумеюцца выпрацаваныя грамадствам і пісьмова замацаваныя (ці кадыфікаваныя) у нарматыўных слоўніках, даведніках, граматыках узоры, правілы, якім падпарадкоўваюцца вымаўленне і напісанне слоў, выбар слоў, ужыванне граматычных формаў, пабудова словазлучэнняў і сказаў. Кадыфікаваная, узаконеная норма з’яўляецца абавязковай для ўсіх носьбітаў літаратурнай мовы.

Спецыфіка літаратурнай мовы выяўляецца і ў тым, што яна існуе ў дзвюх разнавіднасцях – вуснай і пісьмовай (дыялектная мова – толькі ў вуснай).

Вуснае маўленне – гэта пераважна дыялагічнае маўленне. Таму для яго ўласцівы такія рысы, як спантаннасць (выказванне звычайна не абдумваецца загадзя, ствараецца як быццам “на хаду”), эмацыянальнасць, наяўнасць пытальных сказаў, паўтораў, простых, няпоўных канструкцый, змест якіх абумоўлены папярэднім выказваннем.

Пісьмовае маўленне – прадуманая, апрацаваная фіксацыя літаратурнай мовы з мэтай перадачы думкі, узнаўлення сказанага. Яно мае спецыфіку ў адборы слоў, граматычных канструкцый, больш складаны сінтаксіс, максімальна ўзбагачаны слоўнік.

Літаратурная мова выкарыстоўваецца ў розных галінах жыцця і дзейнасці чалавека – у навуцы і палітыцы, асвеце і культуры, у прэсе і на дзяржаўнай службе, у мастацкай літаратуры, выконваючы самыя разнастайныя функцыі: камунікатыўную, кагнітыўную, эстэтычную, рэгулятыўную і г.д.

Функцыя зносін (камунікатыўная) рэалізуецца пераважна ў бытавой сферы, кагнітыўная (пазнавальная) функцыя – пераважна ў сферы навукі і адукацыі, пабуджальная (экспрэсіўная) – у друку, эстэтычная – у сферы мастацтва, рэгулятыўная – у справаводстве.

З улікам функцый мовы, а таксама сферы і мэты зносін у літаратурнай мове вылучаюцца функцыянальныя стылі. Стыль – гэта разнавіднасці мовы, якія адрозніваюцца паміж сабой сферай абслугоўвання грамадскага жыцця і ўласцівымі ім моўнымі сродкамі. Кожны стыль мае свае задачы і характарызуецца адпаведнымі яму моўнымі асаблівасцямі. У сучаснай беларускай мове выдзяляецца пяць функцыянальных стыляў: мастацкі, навуковы, публіцыстычны, афіцыйна-справавы, размоўны.

Для ўсіх стыляў характэрна наяўнасць міжстылёвых (нейтральных) моўных сродкаў. Гэта, а таксама пранікненне элементаў аднаго стылю ў другі без парушэння стылістычнай цэласнасці тэксту сведчыць аб незамкнутасці стыляў. Найбольш пранікальнымі лічацца мастацкі і публіцыстычны стылі, найменш – афіцыйна-справавы.

Размоўны (размоўна-бытавы, гутарковы) стыль абслугоўвае сферу бытавых зносін і часцей выкарыстоўваецца ў форме вуснага маўлення (у пісьмовай форме ў тэкстах мастацкага стылю, асобных жанрах публіцыстычнага). Асаблівасці жывога, вуснага маўлення вызначаюць у большасці асаблівасці размоўнага стылю, для якога характэрна нязмушанасць, суб’ектыўнасць, дыялагічнасць і эмацыянальнасць.

Мастацкі стыль выконвае агульную для ўсіх стыляў камунікатыўную функцыю, выкарыстоўвае сродкі ўсіх функцыянальных стыляў, толькі для яго характэрна эстэтычная функцыя.

У мастацкім стылі ўсе пласты лексікі з яе прамым і пераноснымі значэннямі, экспрэсіўна-эмацыянальнымі афарбоўкамі, усе сродкі граматыкі і асабліва сінтаксісу, багатая фразеалогія беларускай літаратурнай мовы і нават розныя нелітаратурныя моўныя адзінкі (дыялектызмы, жарганізмы і інш.) эстэтычна матывуюцца і рэалізуюцца індывідуальна. Задача мастацкага стылю – намаляваць карціну рэчаіснасці, паказаць думкі і пачуцці аўтара.

Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-палітычных і літаратурна-мастацкіх часопісах, у сродках масавай камунікацыі, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях. Важнейшымі асаблівасцямі яго з’яўляюцца папулярнасць, інфармацыйнасць, вобразнасць, палемічнасць выкладу. Задача публіцыстычнага стылю – фарміраваць светапогляд чытача, абуджаць грамадзянскія якасці асобы.

Афіцыйна-справавы стыль абслугоўвае афіцыйна-справавую, канцылярскую, юрыдычную, дыпламатычную сферы грамадскай дзейнасці чалавека. Рэалізуецца ён у дзяржаўных дакументах, указах, дагаворах, законах і кодэксах, актах, даверанасцях, пратаколах, аб’явах, заявах, справаздачах і інш. службовых дакументах. Усе віды афіцыйна-справавых тэкстаў аб’яднаны адсутнасцю, з аднаго боку, экспрэсіўна-эмацыянальнай лексікі і экспрэсіўных сінтаксічных адзінак, а з другога – наяўнасцю своеасаблівай лексікі і сінтаксісу, якія ўжываюцца па традыцыі і ў адпаведнасці з нормамі гэтага стылю. Галоўнае ў мове афіцыйных дакументаў – наяўнасць моўных клішэ (стандартных выразаў), паслядоўнасць і строгая дакладнасць выкладу фактаў, аб’ектыўнасць ацэнак.

Навуковы стыль абслугоўвае навуковую дзейнасць грамадства і выкарыстоўваецца пераважна ў пісьмовай форме ў навуковай літаратуры – манаграфіях, артыкулах, дысертацыях, дакладах, справаздачах аб навукова-даследчай працы і інш.

З развіццём сродкаў масавай камунікацыі, а таксама з павелічэннем ролі навукі ў грамадстве і ростам розных кантактаў навукоўцаў (з’езды, канферэнцыі, сімпозіумы) узрастае роля і вуснай формы навуковай мовы.

Экстралінгвістычныя прыкметы навуковага стылю – гэта дакладнасць фармулёвак, навуковая доказнасць, паслядоўнасць у тлумачэнні фактаў або з’яў, абстрактнасць, лаканічнасць думкі і аб’ектыўнасць. Яны арганізуюць усе моўныя сродкі, якія фарміруюць навуковы стыль. Тут не дапускаецца выкарыстанне дыялектных і стылістычна афарбаваных слоў, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі. Амаль кожнае слова ў навуковым тэксце абазначае паняцце.

Мэта навуковых тэкстаў – данесці да чытача аргументаваную інфармацыю, выкладзеную лагічна, ясна, дакладна і аб’ектыўна.

 

ГЭТА ЦІКАВА

Слова “стыль” (ад лац.stilus) паходзіць ад назвы вострай палачкі, якая ўжывалася ў Старажытнай Грэцыі і Рыме: людзі пісалі на дошчачках, залітых воскам. Вострым канцом палачкі выводзілі літары, тупым – выпраўлялі, загладжвалі напісанае. Тады ж узнік выраз “saepe vertere stylum” – “часцей паварочвай стыль”, г. зн. пішы і папраўляй.

 

ЗАДАННІ

 

¨ Заданне 1. Абапіраючыся на наступную табліцу, вызначце і ахарактарызуйце стыль прыведзеных ніжэй тэкстаў:

 

Стылі Сфера выкарыстання Мэты зносін. Функцыі мовы Асноўныя стылявыя рысы
Гутаркова-размоўны (гутарковы)   Быт, сямей-ныя, сяброў-скія адносіны Абмен думкамі, інфармацыяй з блізкімі, знаёмымі людзьмі   Камунікатыўная функцыя. Непасрэднасць, непадрыхтаванасць, спантаннасць маўлення; нязмушанасць выбару моўных сродкаў; адсутнасць строгай лагіч-насці, эмацыянальнасць, ацэначны характар моўных сродкаў
Навуковы   Навука, тэхніка, навучальны працэс Растлумачэнне дасягненняў навукі і тэхнікі, паведамленні пра іх, растлумачэнне сутнасці з’явы, яе прычыны і пад.   Кагнітыўная функцыя Лагічнае, паслядоўнае, дакладнае, абстрактна-абагульненае выкладанне матэрыялу, яго доказнасць, аргументаванасць, пэўная сухасць маўлення
Афіцыйна–справавы     Афіцыйныя дакументы, канцылярскія, юрыдычныя, дыпламатыч-ныя сферы Рэгуляцыя афіцыйных адносін, указы, прадпісанні   Рэгулятыўная функцыя Строгая дакладнасць і паслядоўнасць выкладу; аб’ектыўнасць ацэнак, сухасць і бясстраснасць, адсутнасць эмацыянальнасці    
Публіцыс-тычна-пра-моўніцкі (публіцыс-тычны)   Палітыка-ідэалагічныя, грамадска-эканамічныя, культурныя, спартыўныя і іншыя грамадскія зносіны Інфармацыя пра грамадска важныя справы, уздзеянне на свядомасць, пачуцці людзей, фарміраванне грамадскай думкі   Экспрэсіўная (эмацыйная) функцыя Дакументалізм, факталагічная дакладнасць, даступнасць, агульназразумеласць, адкрытасць аўтарскай пазіцыі, ацэначнасць, эмацыянальнасць, палымянасць  
Мастацкі   Духоўная сфера жыцця, мастацкая літаратура, тэатр, кіно Інфармацыя аб духоўным вопыце чалавецтва, эстэтычнае ўздзеянне на духоўны свет чалавека   Эстэтычная функцыя Мастацкая вобразнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць; ацэначны характар моўных сродкаў; стылістычная незамкнутасць (г. зн. спалучэнне элементаў розных стыляў)

 

 

Моўныя сродкі Асноўныя віды тэкстаў Разнавіднасці
Агульнаўжывальныя словы, бытавая лексіка і фразеалагізмы, эмацыянальна–экспрэсіўная лексіка; максімальна скарочаныя выказванні; простыя, няпоўныя сказы, пытальныя, пытальна-пабуджальныя, клічныя сказы; важнасць інтанацыйнага гучання     Гутаркі (дыялогі), запіскі, прыватныя лісты да знаёмых і блізкіх людзей   Размоўна-бытавы, размоўна-афіцыйны
Выкарыстанне навуковых тэрмінаў і спецыяльных слоў, апавядальных сказаў, складаных сказаў са злучнікавай падпарадкавальнай сувяззю, адсутнасць вобразных сродкаў   Даклады, лекцыі, выступленні, навуковыя артыкулы, водгукі, рэцэнзіі, манаграфіі, дысертацыі і падручнікі і да т.п. Уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны, навукова-тэхнічны
Наяўнасць маўленчых стандартаў (клішэ); адсутнасць эмацыянальна афарбаваных слоў і фразеалагізмаў; адсутнасць выклічнікаў; ужыванне выказнікаў-інфінітываў, аднасастаўных сказаў; абстрактная тэрміналагічна лексіка   Афіцыйныя і службовыя дакументы, законы, статуты, пастановы, указы, паведамленні, загады, рэзалюцыі, пратаколы, аўтабіяграфіі і г.д. Уласна заканадаўчы, дыпламатычны, афіцыйна- канцылярскі
Выкарыстанне агітацыйна–прапагандысцкіх сродкаў, уласна–ацэначнай лексікі і фразеалогіі, эпітэтаў, метафар, паўтораў, рытарычных зваротаў     Газетныя і часопісныя артыкулы, нарысы, рэцэнзіі, замалёўкі, лекцыі, даклады на грамадска-палітычныя тэмы, выступленні на мітынгах і да т.п. Газетна-публіцыстычны, радыё-журналісцкі, прамоўніцкі
Выкарыстанне разнастайных вобразна-выяўленчых сродкаў (сінонімаў, мнагазначных слоў, метафар, эпітэтаў і іншых тропаў); дыялектызмаў, жарганізмаў, прафесіяналізмаў   Апавяданні, аповесці, раманы, казкі, вершы, паэмы, п’есы., кінасцэнарыі і г. д. Проза, паэзія, драматургія

 

Тэкст №1

Магнетызм

У адной з казак ”Тысячы і адной ночы” апавядаецца аб велізарнай гладкай скале, якая ўзнімаецца над акіянам і пагражае гібеллю ўсім караблям. Яна цягне іх да сябе з непераможнаю сілаю, вырывае з драўлянага касцяка ўсе цвікі, прыцягвае да сябе ўсе жалезныя часткі, і карабель разбіваецца аб яе гладкія сцены.

Як узнікла гэтае паданне? Трэба думаць, што ўяўленне яго творцы кіравалася чуткамі аб таямнічай здольнасці аднаго рэдкага каменя прыцягваць да сябе жалеза. Камень гэты быў знойдзены ў малаазіяцкім горадзе Магнэзіі, таму і названы быў “magnes lapis”, або магнэсавым каменем. Старажытным даследчыкам здавалася чараўніцтвам, што ён прыцягваў да сябе кавалачкі жалеза, і не дзіўна, што народная фантазія малявала сабе ў занадта перабольшаным выглядзе небяспекі, якія магла б у сабе заключаць гара з такога магнэсавага (магнітнага) каменя.

Такім чынам, ужо старажытным людзям вядомы быў чорны, з металёвым бляскам камень, які валодаў цудоўнай здольнасцю прыцягнення. Камень гэты па сутнасці з’яўляецца жалезнай рудою, магнітным жалезняком, як яго назвалі мінеролагі, і яго хімічны склад азначаецца формулай Fе3О4. На Урале, на востраве Эльба, у Іспаніі, Паўночнай Амерыцы і Скандынавіі гэтай руды надта многа, хоць яна не заўсёды валодае магнітнымі ўласцівасцямі.

 

Тэкст №2

Электрамагнітная індукцыя

З электрычнай энергіяй і яе шматлікімі формамі ўжывання мы сустракаемся цяпер на кожным кроку не толькі ў горадзе, але і на вёсцы. Яна асвятляе нашы кватэры і вуліцы, прыводзіць у рух нашы машыны, працуе за нас у хатняй гаспадарцы, абагравае нашы пакоі. Адкуль бярэцца ўжытая пры гэтым энергія? Зразумела, не ад тых гальванічных элементаў, з якімі мы пазнаёміліся ў першым раздзеле. Усе мы ведаем, штоэлектрычная энергія, якую мы ўсюды назіраем у рабоце, вытвараецца машынамі, а не хімічнымі ператварэннямі. Але чаму ж не карыстаюцца гальванічнымі элементамі для вытворчасці току ў буйным маштабе, калі яны прыгодныя забяспечваць неабходнай энергіяй тэлефонныя, тэлеграфныя ўстаноўкі і інш.? Правільны адказ на гэтае пытанне дасць нам раздзел VIII, які змяшчае звесткі аб элементах і батарэях. 3 яго мы даведаемся, што для атрымання колькі-небудзь моцнага току неабходна злучаць у батарэю шмат элементаў і што электрарухальная сіла асобнага элемента, наогул кажучы, не перавышае 1–1,5 вольт.

 

Тэкст №3

Электрычныя адзінкі меры

Калі патрэбна вымераць два дрэвы рознай вышыні, для гэтага карыстаюцца пэўнаю мераю – метрам і параўноўваюць даныя, атрыманыя пры вымярэнні, паміж сабою. Такім жа чынам паступаюць з розніцамі патэнцыялаў рознай вышыні – іх таксама вымяраюць, а потым параўноўваюць. Але якою

 

 

Замяніце дзеепрыслоўныя звароты спалучэннямі дзеяслова з назоўнікам.

Пазнаючы матэрыю, уплываючы на развіццё, распрацоўваючы новыя тэхнічныя сродкі, падтрымліваючы раўнавагу, жывучы ў натуральным асяроддзі, ствараючы новыя крыніцы энергіі, з’яўляючыся асаблівасцю сучаснай навукі, забяспечыўшы матэрыяльна-тэхнічную базу, вызначыўшы адлегласць да пульсара, праводзячы даследаванне, пераключыўшы тэрыстары ў адпаведнае становішча, разгледзеўшы графік трохфазнага току, спыніўшы асінхронны рухавік, падключыўшы дзве фазы статара, прымяніўшы механічны тормаз.

 

мераю карыстацца для гэтага? Навука стварыла для вымярэння розніцы патэнцыялаў асобную меру – “вольт”. Гэтае слова паходзіць ад імя Аляксандра Вольта, аб якім мы ўжо казалі ў папярэднім раздзеле, і адзінка меры з’яўляецца розніцай патэнцыялаў звычайнага элемента з меднай і цынкавай пласцінамі, з якімі мы ў першым раздзеле прарабілі некалькі доследаў. У гэтага элемента розніца патэнцыялаў, або электрарухальная сіла, складае досыць дакладна 1 вольт.

Для параўнання розніц патэнцыялаў пабудаваны асобныя прыборы – вальтметры, з якімі мы яшчэ пазнаёмімся ў далейшым (у раздзеле VII).

 

Тэкст № 4

Трансфарматары

Трансфарматарам называецца статычны электрамагнітны апарат, які служыць для пераўтварэння энергіі пераменнага току другога напружання пры нязменнай частаце току. Трансфарматары шырока выкарыстоўваюцца для перадачы і размеркавання электраэнергіі пераменнага току. Для больш эканомнай перадачы электраэнергіі на вялікія адлегласці з меншымі стратамі і з большай эканоміяй каляровага металу неабходна перадаваць ток вялікага напружання.

Генератары вырабляюць пераменны ток напружання не болып як 6,3; 10 і 21 кВ. Для перадачы электраэнергіі на вялікія адлегласці пераменны ток пераўтвараецца на трансфарматарных падстанцыях у ток з напружаннем 35; 110; 150; 220; 330; 500; 750; і 1150 кВ. Прымальнікі электрычнай энергіі (рухавікі, электралямпы) у асноўным разлічаны на напружанне пераменнага току 127; 220; 380; 600 В. Для пераўтварэння току высокага напружання ў ток ніжэйшага напружання будуюцца паніжальныя трансфарматартныя падстанцыі. Часта выкарыстоўваюцца прымальнікі, для сілкавання якіх патрэбны пераменны ток напружаннем 36; 24; 12 і 6. Для сілкавання такіх прымальнікаў ад сеткі пераменнага току ў самім прымальніку маецца трансфарматар, які пераўтварае ток сеткавага напружання ў ток патрэбнага напружання.

Трансфарматары, якія павышаюць напружанне пераменнага току, называюцца павышальнымі, а якія паніжаюць напружанне пераменнага току, – паніжальнымі.

 

 

Тэкст № 5

Беларусы, як і ўсе народы свету, маюць сваіх выдатных сыноў. Фізічна адыходзячы ад нас у вечнасць, яны духоўна застаюцца з намі, сваім існаваннем, прыкладам жыцця, геніяльным яго прадбачаннем яднаюць жывую повязь пакаленняў, вечнасць і неўміручасць нацыянальнага духу, несмяротнасць народа. Яны – духоўныя правадыры і павадыры нацыі, яе гонар і сумленне, шчасце і радасць, надзея і неўтаймоўны боль яе. Пакуль будзе існаваць жыццё на зямлі, датуль сэрца кожнага беларуса будзе саграваць вечнае сонца, імя якому – Францішак Скарына.

Проста немагчыма ўявіць і паверыць у тое што ўсё, зробленае ім, створана адным чалавекам.

Але гэта быў сапраўдны подзвіг у імя нацыі, першы подзвіг на цярністым шляху нацыянальнага Адраджэння.

Францыск Скарына прыйшоў да свайго знясіленага народа, бо так было трэба. Прыйшоў час яго і яго народа.

Гэта быў подзвіг, бо ён даў народу СЛОВА, роднае СЛОВА, дарагое для кожнага з нас СЛОВА. Як тут не ўспомніць Біблію: «I першым было слова»! Яго пераклад Святота Пісання на беларускую мову – першы сярод усходнеславянскіх народаў. На небасхіле нашай нацыянальнай гісторыі золатам зіхаціць 6 жніўня 1517 года, калі ў Празе Чэшскай Скарына выдаў першую кнігу на старабеларускай мове «Псалтыр», а ўвогуле менш чым за два гады «пусціў у свет» 22 кнігі Святога Пісання!

Гэта быў подзвіг, бо, як у чароўнай казцы, дзвюма-трыма кнігамі ён адчыніў дзверы і з цемры вывеў людзей на святло, увёў нас у агульналюдскую, агульнаеўрапейскую сям’ю, у пантэон гуманістычнай культуры нашага кантынента, заявіў аб праве беларускага народа на нацыянальна–культурнае вызначэнне.

(З выступлення Пятра Краўчанкі на адкрыцці мемарыяльнай дошкі ў гонар Францішка Скарыны ў Падуанскім універсітэце 20 кастрычніка 1992 года)

 

Тэкст № 6

Незалежнасць – гэта...

Незалежнасць – гэта калі ты з’явішся на свет у радзільні, дзе няма самых стэрыльных на зямлі савецкіх прусакоў, затое ёсць аднаразовыя шпрыцы і пялюшкі.

Незалежнасць – гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і жанчына, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а не выцягне са стала “Справочник личных имён народов СССР” і не будзе, размахваючы ім, істэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам – не можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий).

 

 

Замяніце спалучэнні дзеяслова з назоўнікам дзеепрыслоўнымі зваротамі.

Падпісаць дакумент, распрацаваць тэхналогію, змяніць частату вярчэння асінхроннага рухавіка, зменшыць індуктыўнае супраціўленне, пераключаць фазныя правады, пераключацца з меншага ліку пар полюсаў на большы, разглядаць пускавы рэастат з дзвюма секцыямі, будаваць дэрывацыйныя гідраэлектрастанцыі, устанавіць абарачальныя гарызантальныя турбіны.

 

Незалежнасць – гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая табе падабалася ў дзіцячым садзе, – на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, – на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, – на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату і маме не трэба будзе ўсё лета збіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія не тое каб не хацелі вучыць сваіх дзяцей так, як твае тата і мама, а проста ніколі пра гэта не думалі, бо выраслі пры інтэрнацыяналізме. І гэтыя заявы не трэба будзе губляць тры разы дырэктару і два – сакратарцы, і ў першы вераснёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што “год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы”, а прыйшоўшы ў свой клас, не даведаешся, што, дзякуючы няўхільнаму клопату партыі і ўрада, у вас на ўвесь клас толькі адзін лемантар і дзве “матэматыкі” на роднай мове.

Незалежнасць – гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскара, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова “імавернасць”, і ты па-французску растлумачыш яму.

Незалежнасць – гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выхадныя ў Вену, і ты з чыстым сумленнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып’яце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашаю вандроўкаю ніхто не будзе высвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве габрэем, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык з якой мэтай.

Незалежнасць – гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на могілкі і ведаеш, што паставіш там свечку і пакладзеш кветкі, а не станеш удзельнікам выпрабавання балончыкаў з нервова-паралітычным газам ці новае мадэлі гумовага дручка.

Незалежнасць – гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдскую бітву, якая ўратавала твой народ ад смерці, і кажуць праўду пра ўладу, што расстраляла твайго дзеда і задушыла голадам тваю бабулю.

Незалежнасць – гэта калі да цябе завітае спявак з Нью-Йорка і ты вып’еш з ім добрую чарку вішнёўкі, і пасля ветлівыя дзядзькі ў цывільным не запрапануюць табе падрабязна напісаць, дзе і што вы пілі і каго пры гэтым лаялі.

Незалежнасць – гэта калі з тэлеперадач і газет раптам знікаюць лісты нястомна-таямнічых ветэранаў і вусцішныя паведамленні пра нацыяналістаў і экстрэмістаў з народных франтоў, якія нават уначы не спяць, а распальваюць паміж табой, Алёшам і Мішам, тату якога звалі Ісакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, міжнацыянальную варожасць, каб учыніць сярод вас крывавую разню і пусціць пад адхон цягнік перабудовы.

Незалежнасць – гэта калі ніхто не страшыць цябе, што твой народ не зможа выжыць без вялікага старэйшага брата, бо не мае сваіх баксітаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галандцаў ці бельгійцаў, якія не маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.

Незалежнасць – гэта калі раптам высветліцца, што разумныя людзі ёсць і ў нас, і калі – крый Божа! – выбухне завод ці прычыніцца якое іншае ліха, не трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камісія з маскоўскіх разумнікаў.

Незалежнасць – гэта калі на Божай пасцелі ведаеш, што пасля таго, як ты памяняеш гэты свет на лепшы, на месцы царквы ці касцёла, дзе цябе хрысцілі і дзе ты вянчаўся, не выкапаюць сажалку з брудным лебедзем і не пабудуюць басейн імя XVIII з’езду КПСС, а могілкі, дзе будуць спачываць твае косці, не знясуць і не ператвораць у закіданы пустымі пляшкамі парк культуры і адпачынку імя таварыша Гарбачова або імя таварыша Лігачова.

Незалежнасць – гэта...

Незалежнасць – гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі.

Я веру, што калі -небудзь так будзе.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2017-02-21; просмотров: 427; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.138.105.124 (0.048 с.)