Літаратурная крытыка С. Палуяна. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Літаратурная крытыка С. Палуяна.



 

Заўвага: біяграфію С. Палуяна студэнты павінны ўжо ведаць з гісторыка-літаратурнага курса (літаратура пачатку ХХ стагоддзя). Напомнім толькі, што ён наш зямляк, з Брагіна. Пражыў вельмі мала (у 1890-м нарадзіўся, памёр у 1910-м), а зрабіў многа.

Асноўныя літ.крыт. працы С. Палуяна:

-- Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках (1. Народная славеснасць і першыя спробы штучнай паэзіі) (1910). Гэта, паводле В. Рагойшы і Т. Кабржыцкай, пачатак вялікай працы па гісторыі беларускай літаратуры, якую, на жаль, С. Палуян, не скончыў). Надрукавана на Украіне. Пасля своеасаблівага тэарэтызаванага ўступу аналізуецца літаратура ХІХ ст.

-- Беларуская літаратура ў 1909 гаду (1910). Надрукавана ў “Нашай ніве” пад псеўданімам С. Ясяновіч. Гэта першы аглядавы артыкул у беларускім літаратуразнаўстве. У ім С. Палуян ацэньвае ўклад у роднае пісьменства не толькі, паводле яго вызначэння, “старых” пісьменнікаў (Я. Купала, Я. Колас, Цётка, К. Каганец, Ядвігін Ш., А. Паўловіч), але і маладых, якія на той час толькі заявілі пра сябе (М. Багдановіч, Ц. Гартны, К. Буйло і інш.).

-- “Тарас на Парнасе”. Ш. Ядвігін. “Дзед Завала” (1910) – невялічкі аналіз двух кніжачак, якія выпусціла Віленскае выдавецтва “Наша хата”.

-- Якуб Колас. “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1910) – невялічкі аналіз кніжкі-хрэстаматыі, якая выйшла ў Пецярбургу.

-- Выдавецтва “Час” (1910) – аналіз серыі кніжак, выпушчаных гэтым выдавецтвам. Закранаюцца пытанні перакладу, маст.-эстэт. пытанні (гл. ніжэй М. Мушынскага).

-- Г. Вашчанка. Сляпы. (1910). Аналізуецца выдадзеная ў Пецярбургу п’еса ўкраінскага пісьменніка. Фігуруюць пытанні залішняй аўтарскай тэндэнцыйнасці, псіхалагізму творчасці, спецыфічнай формы (вялікія рэмаркі, з-за якіх твор можа чытацца як апавяданне).

-- Аб беларускім нацыянальным адраджэнні (1909). Закранаюцца пытанні велізарнай ролі пісьменнікаў у абуджэнні нацыянальнай думкі беларусаў.

 

У артыкулах “Першая беларуская вечарына” (1910), “Беларускія вечарыны” (1910), “Этнаграфічны вечар у Вільні” (1910) закранаюцца пытанні месца і ролі тэатра ў нацыянальным адраджэнні.

 

Міхась Мушынскі аб Сяргею Палуяну.

На вопыт культурна-гістарычнай школы, апроч М. Гарэцкага, абапіраліся і іншыя крытыкі і гісторыкі літаратуры, у прыватнасці С. Палуян. Ён таксама ўнёс прыкметны ўклад у развіццё беларускай крытычнай думкі. Праўда, большасць Палуянавых матэрыялаў пабачыла старонкі друку ва ўкраінскай перыёдыцы. Затое публіцыстыка друкавалася галоўным чынам у «Нашай Ніве», дзе быў змешчаны таксама і грунтоўны артыкул «Беларуская літаратура ў 1909 гаду» пад псеўданімам С. Ясяновіч. Гэтым артыкулам С. Палуян пашыраў жанравыя рамкі беларускай крытыкі, замацоўваючы ў ёй форму гадавога агляду. На жаль, дзейнасць С. Палуяна як крытыка і публіцыста доўжылася ўсяго два гады (1909—1910), але і за гэты кароткі час ён паспеў нямала зрабіць у распрацоўцы метадалагічных асноў крытыкі і ў галіне рэцэнзавання.

Канкрэтная праява сувязі С. Палуяна з культурна-гістарычнай школай — у яго імкненні вытлумачваць літаратурныя з'явы сацыяльнымі фактарамі, грамадска-палітычнымі ўмовамі. Паміж узроўнем духоўнага стану нацыі і ўзроўнем культуры, літаратуры, лічыць С. Палуян, існуе глыбокая ўзаемасувязь, дыялекгычнае ўзаемадзеянне: «Адраджэнне любога народу пачынаецца з нараджэння ў яго сваёй уласнай літаратуры. Калі гэта так, то можна сказаць і наадварот: разам з нараджэннем нацыянальнай літаратуры адраджаецца і замёршы дух нейкага народу, бо літаратура з'яўляецца паказчыкам духоўнага жыцця яго» (Палуян С. Лісты ў будучыню: Проза. Публіцыстыка. Крытыка. Мн., 1986. С. 94.).

Выступіўшы рашучым прыхільнікам ідэі народнасці літаратуры, С. Палуян паказаў, з якой цяжкасцю гэтая якасць выпрацоўвалася ў беларускім пісьменстве. Згодна з ягонымі меркаваннямі, творы А. Рыпінскага, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага «не застануцца ў гісторыі літаратуры», хоць кожны з прыгаданых літаратараў меў задаткі «стаць першым беларускім пісьменнікам». Перашкаджала ім гэта зрабіць адарванасць ад жыццёвых інтарэсаў беларускага народа, нешматлікасць «літаратурнай прадукцыі». Яны былі непаслядоўныя ў выяўленні ўласнай пазіцыі. Той жа «спольшчаны беларус» А. Рыпінскі хоць і «горача любіў свой край», але глядзеў на яго «толькі праз зафарбаваныя ўсепольскія акуляры» (Там жа. С. 102.). С. Палуян сцвярджае, што «першым літаратурным імем на безлітаратурнай Беларусі» (Там жа. С. 104.) стаў В. Дунін-Марцінкевіч.

Нельга не бачыць і пэўнага суб'ектывізму ў разважаннях С. Палуяна. Ён не заўсёды ўлічваў гістарычныя абставіны і іх уздзеянне на літаратурны працэс. Недаацэньваліся ім нацыянальна-культурныя дасягненні, якія мела старажытная беларуская літаратура. А вось роля псіхалагічных фактараў, валявыя намаганні асобы яўна перабольшаны. Аднак пры ўсіх выдатках метадалагічнага характару артыкулы С. Палуяна каштоўныя той бескампраміснасцю, з якой іх аўтар абгрунтоўваў неабходнасць глыбокай сувязі літаратуры з жыццём народа. Слоўнае мастацгва павінна быць прасякнута нацыяльнай ідэяй, патрыятычным духам, верай у творчыя магчымасці працоўных. Вось тады яно, гаворыць крытык, зможа стаць дзейсным фактарам актывізацыі духоўнага жыцця грамадства і нацыянальнага адраджэння.

Для высвятлення поглядаў С. Палуяна на прыроду мастацтва істотна яго заўвага наконт магчымай недаацэнкі ролі пісьменніка як творчай індывідуальнасці. Менавіта намаганнямі апошняга і ствараецца літаратура. Мастацкі твор нельга зводзіць да люстранога адбітку рэальных з'яў. Адсюль зразумелая тая ўвага, з якой аўтар агляду «Беларуская літаратура ў 1909 гаду» ставіўся да эстэтычнага ўзроўню, да мастацкай дасканаласці твора. Зразумелыя і патрабавальнасць, крытычныя закіды ў адрас Я. Купалы, якому С. Палуян адвёў «асаблівае месца» сярод тых пісьменнікаў, хто найбольш вызначыўся ў 1909 г. «Ад гэтага песняра, — зазначае крытык, — Беларусь можа чакаць многа, калі ён толькі будзе з увагай глядзець за сваім паэтычным развіццём. Талент яго ўжо паказаў нам сябе, ды, на жаль, багата ёсць у яго вершаў неабдуманых, неабробленых. Спатыкаюцца часта і перапевы колькі разоў аднаго і таго ж, бадай тымі самымі словамі. Усё ж такі ў палавіне таго года можна прыкмеціць паварот у яго паэзіі. Новыя творы яго акуратна абдуманыя, тэм розных многа, форма лёгкая, усюды артыстычна апрацаваная. Калі і бачым дзе-якія няхваты, дык відаць і ўнутраная сур'ёзная работа, праўдзівае разуменне задач літаратуры. Яшчэ нямнога было гэтых новых вершаў, але ўжо можна сказаць, што перад Купалам вялікая будучыня, калі толькі ён не сойдзе з выбранага гасцінца» (Палуян С. Лісты ў будучыню. С. 105—106.). Нельга не пагадзіцца, што аўтар агляду прадэманстраваў высокі ўзровень крытычнага мыслення, здольнасць схопліваць найбольш характэрныя асаблівасці творчай манеры паэта, прагназаваць кірунак развіцця яго таленту. Падобнага зместу матэрыялы былі важкім укладам у беларускую крытычную думку.

У заслугу Палуяну-крытыку трэба паставіць праяўленую ім ініцыятыву публічнага абмеркавання праблем, звязаных з літаратурнымі ўзаемасувязямі і з перакладной літаратурай. У рэцэнзіі на серыю кніжак, выпушчаных украінскім народным выдавецгвам «Час» С. Палуян запярэчыў супраць заўчаснай папулярызацыі ў сялянскім асяроддзі сусветнай класікі (Мапасан, Дадэ, Лермантаў), бо працоўны хлебароб яшчэ не меў тады твораў уласнай літаратуры, «якая больш адпавядае складу яго душы ўжо дзякуючы аднаму таму, што яна ўкраінская» (Там жа. С. 116.). Са сказанага, аднак, не вынікае, нібыта С. Палуян недаацэньваў ролю і грамадскае, эстэтычнае значэнне вопыту іншых літаратур. Наадварот, ім глыбока ўсведамлялася небяспека адасобленасці, ізаляванасці культур. Так, у «Лістах з Украіны» С. Палуян вітаў стварэнне асобнага «беларускага аддзела» ва ўкраінскім штомесячным часопісе «Украïнська хата», бо публікацыя ў ім матэрыялаў пра «цяперашняе беларускае жыццё» павінна «прынесці вялікую карысць абодвум братнім народам» (Там жа. С. 81.). Са здавальненнем прыгадвае крытык выказванні ўкраінскіх чытачоў наконт «свежасці і моцы беларускай паэзіі». А калі народ аказаўся здатным «вырабіць такую паэзію», дык ён «зможа дагнаць на гасцінцы поступу тыя народы, што даўно ідуць далёка ўперадзе. Зможа многа чаго ўзяць ад іх і многа чаго даць ім. Зможа і сваю дань палажыць у скарбніцу ўсясветных культурных здабыткаў» (Там жа. С. 90.).

Артыкулы, звернутыя да праблем перакладу як аднаго з факгараў узаемаўзбагачэння літаратур, актывізавалі творчае і культурна-грамадскае жыццё на Украіне і ў Беларусі. I ў гэтым іх значэнне.

 

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-12; просмотров: 835; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.116.62.45 (0.004 с.)