Пачатак Другой сусветнай вайны 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Пачатак Другой сусветнай вайны



Польшча, як краіна, якой дасталася шмат германскіх зямель па выніках Першай сусветнай вайны, была адной з галоўных мішэняў для Гітлера. Пакуль Германія інкарпаравала Аўстрыю і Чэхію, Варшаву ўпэўнівалі ў сяброўстве з боку Берліна. Так было 16 лютага 1937 г. пры наведванні Варшавы Г.Герынгам, і 5 лістапада 1937 г., калі Гітлер заверыў польскага пасла ў Германіі аб нязменнасці юрыдычнага і палітычнага статуса былога прускага, а зараз польскага Данцыга.

Але 11 красавіка 1939 г., пасля вырашэння чэшскага пытання, Гітлер зацвердзіў «план Вайс», які прадугледжваў ліквідацыю Польшчы. 28 красавіка Германскае кіраўніцтва аб’явіла аб дэнансацыі сваіх абавязкаў аб ненападзенні, заключаных паміж Польшчай і Германіяй у 1934 г.

Да канца жніўня 1939 г. падрыхтоўка да нападзення на Польшчу была завершана. 22 жніўня 1939 г. Гітлер правёў нараду вышэйшага каманднага складу, дзе выказаў канкрэтныя мэты вайны супраць Польшчы, а 23 жніўня 1939 г. было заключана савецка-германскае пагадненне аб ненападзе, антыпольскае згодна «сакрэтнаму пратаколу». 31 жніўня 1939 г. Гітлерам была падпісана дырэктыва аб нападзе на Польшчу.

У ноч з 31 жніўня на 1 верасня 1939 г. германскія спецслужбы правялі аперацыю «Гімлер». Эсэсаўцы ў польскай форме, пад кіраўніцтвам штурмбанфюрэр СС А.Наўёкса «захапілі» радыёстанцыю ў горадзе Глейвіц, з якой прагучаў зварот на польскай мове «...аб’ядноўвацца і біць немцаў». Раніцай 1 верасня 1939 г., пасля выступлення Гітлера, Германія напала на Польшчу. Звязаныя пагадненнямі аб узаемадапамозе,
3 верасня вайну Германіі аб’явілі Францыя, Англія і яе калоніі і дамініёны. Пачалася Другая сусветная вайна.

Насельніцтва Польшчы з энтузіязмам сустрэла вестку аб рашэннях Англіі і Францыі ўступіць у вайну. Разам з Польшчай яны мелі: 172 дывізіі, каля 4000 танкаў, звыш 7600 самалётаў, да 36000 гармат і мінамётаў. Германія мела толькі 103 дывізіі, 3200 танкаў, звыш 4000 самалётаў і 26000 гармат і мінамётаў. Але, як і разлічвалі ў Берліне – саюзнікі здрадзілі і на гэты раз. 15 верасня наступленне, якое магло карэнным чынам змяніць сітуацыю на франтах, так і не пачалося. На заходняй мяжы Германія трымала толькі 23 дывізіі супраць 110 французскіх і англійскіх.

 

Вайна пачалася не толькі для палякаў – але і для беларусаў, бо яны складалі каля 15% насельніцтва Другой Рэчы Паспалітай. Прыклад мужнасці праявілі беларусы ў баях на ўзбярэжжы Гдыні, пры абароне Модліна і Хеля. Гераічнай старонкай стала абарона Брэсцкай крэпасці (з 14 па 18 верасня 1939 г.). Абаронцы адбілі 7 варожых атак і страцілі палову саставу. Не атрымаўшы падмацавання, яны з 17 на 18 верасня пакінулі пазіцыі і адышлі ў паўднёва-заходнім накірунку. Гарнізон Брэсцкай крэпасці (каля 4 тыс.) на 40% складаўся з рэзервістаў-беларусаў.

Да 16 верасня германская армія акупіравала большую частку тэрыторыі Польшчы і выйшла на «лінію Керзана» – мяжу рассялення беларусаў і ўкраінцаў. Польскі ўрад 16 верасня эмігрыраваў у Румынію, а затым у Лондан. Гераічна змагалася Варшава, якая 27 верасня капітулявала. Страты польскай арміі былі значнымі. Загінула каля 65 тыс. салдат, прыкладна 140 тыс. былі паранены, у германскім палоне аказалася каля 400 тыс. салдат і афіцэраў польскай арміі, у тым ліку 70 тыс. беларусаў. Некалькі тысяч беларусаў у складзе польскіх ваенных часцей перабралася на Захад, у Францыю, Англію. Беларусы прынялі актыўны ўдзел у баях на франтах Афрыкі і Заходняй Еўропы.

У ходзе польскай кампаніі значнымі былі і германскія страты, што надоўга затрымала пачатак германскага наступлення на Францыю. Аднак прыклад Германіі развязаў рукі іншым краінам – удзельніцам Траістага пакту. У красавіку 1939 г. італьянскія фашысты пачалі акупацыю Албаніі.

Уз’яднанне Беларусі. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ў заходніх абласцях БССР

Масква была вельмі зацікаўлена ў чысціні прававой працэдуры далучэння да СССР новых тэрыторыяў. 1 кастрычніка 1939 г. была прынятая пастанова Палітбюро ЦК УКП(б) «Пытанні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны», якая складалася з 33 пунктаў. Пастанова абавязвала склікаць Украінскі і Беларускі Народныя сходы з выбарных, вызначала змест рашэнняў, якія павінны былі прымацца на сходах.

Выбары адбыліся 22 кастрычніка 1939 г. у абстаноўцы палітычнага ўздыму і пад пільным наглядам Камуністычнай партыі. На 929 участкаў прыйшло 2672280 асобаў (гэта 96,7% выбаршчыкаў), з іх 96,7% галасавалі за «народны спіс». З 929 абраных дэпутатаў Народнага сходу прадстаўнікоў сялянства, рабочых, інтэлігенцыі, служачых, саматужнікаў. Сярод іх беларусаў налічвалася 62.

Народны сход аднагалосна прыняў 29 кастрычніка дэкларацыю аб устанаўленні Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Аднагалосна была прынятая і дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, дзе змяшчаўся зварот да Вярхоўнага Савета СССР і БССР аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і БССР, аб’яднанні беларускага народа ў адзіную дзяржаву ў мэтах «пакласці канец раз’яднанню беларускага народа». 30 кастрычніка былі прыняты дэкларацыі аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці і канфіскацыі памешчыцкіх зямель. 17 верасня Народны сход абвясціў Днём усенароднага свята.

2 лістапада нечарговая V сесія ВС СССР першага склікання задаволіла просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі і ўключыла Заходнюю Беларусь у склад СССР з уз’яднаннем яе з БССР. На нечарговай III сесіі ВС БССР 14 лістапада прымаецца закона, у якім было запісана: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і ўз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве». У склад БССР увайшла тэрыторыя плошчай 100 тыс. кв. км. з насельніцтвам 4,7 млн. чалавек. У складзе БССР было ўтворана 10 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Віцебская, Вілейская, Гомельская, Мінская, Магілёўская, Палеская, Пінская.

1 лістапада 1939 г. беларусы даведаліся, што Віленскі край Савецкі ўрад адлучыў ад Заходняй Беларусі і перадаў Літве. Гэта 6656 кв. км. з 457 тыс. чалавек, з якіх літоўцаў было толькі 100 тыс. Пагадненне аб яе перадачы было падпісанае яшчэ
10 кастрычніка 1939 г., але яно не публікавалася, аж пакуль выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі і беластоцкая сесія не адышлі ў гісторыю. Волі насельніцтва ніхто не пытаў і нацыянальнага складу яго не ўлічваў.

Далейшыя мерапрыемствы на далучаных тэрыторыях выдзяляюцца ў некалькі груп. Гэта ўвядзенне адзінай сістэмы адміністрацыйнага падзелу і стварэнне сістэмы органаў улады; эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэнні; змены ў культуры і адукацыі; мерапрыемствы ў сферы абароны.

У канцы 1939 г. у Заходняй Беларусі быў уведзены новы адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел: вобласці, раёны, сельсаветы. Створаны 5 абласцей – Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і 101 раён. 24 сакавіка 1940 г. тут адбыліся першыя выбары ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР. За кандыдатаў «блока камуністаў і беспартыйных» прагаласавала 98,1% выбаршчыкаў. У органах кіравання – як савецкіх, так і партыйных – пераважалі спецыялісты, прысланыя з Усходняй Беларусі і Савецкай Расіі. У канцы 1939 – пачатку 1940 г. былі створаны партыйныя органы кіравання.

У эканоміцы адбываліся сацыялістычныя пераўтварэнні. У лістападзе-снежні 1939 г. пачалася нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку, дробных і банкаў. Адначасова пашыраліся існаваўшыя прадпрыемствы, будаваліся новыя фабрыкі і заводы. Аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці павялічыўся амаль у 2 разы ў параўнанні з 1938 г. і склаў 27,6% прамысловай вытворчасці рэспублікі.

У сельскай вытворчасці ствараліся калектыўныя гаспадаркі, але ўлады не пайшлі па шляху масавай прымусовай калектывізацыі. Гэта абавязкова б вызвала ўсеагульнае сялянскае выступленне, якое паставіла б пад сумленне правамоцнасць дабравольнага далучэння Заходняй Беларусі да СССР. Тым не менш, да чэрвеня 1941 г. мелася 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс., ці каля 7% сялянскіх гаспадарак. На землях лепшых маёнткаў было арганізавана 28 саўгасаў. Пераход да калектывізацыі выклікалі супраціўленне часткі сялян, асабліва заможных, але выпадкі падпалу калгасных будынкаў, тэрарыстычных актаў былі адзінкавымі. Нацыяналізацыя прамысловасці, пераадоленне беспрацоўя, павышэнне заработнай платы, пераразмеркаванне зямлі забяспечылі пэўны рост жыццёвага ўзроўню рабочых і сялян.

 

7.Падрыхтоўка Германіі да вайны з Савецкім Саюзам

Ужо 21 ліпеня 1940 г. галоўнакамандуючы нямецкіх сухапутных сіл фельдмаршал Браўхіч атрымаў загад распрацаваць план вайны супраць Савецкага Саюза. 18 снежня 1940 г. Гітлер падпісаў дырэктыву №21, больш вядомую пад назвай «план Барбаросса», якая была накіравана на хуткі разгром Савецкага Саюза. Ваенна-палітычнае кіраўніцтва Германіі разглядала СССР як праціўніка, які пераўзыходзіць вермахт па колькасці зброі, ваеннай тэхнікі і колькасці салдат. Але ў якасных адносінах немцы былі перакананы ў значнай сваёй перавазе.

Падрыхтоўка да вайны з СССР складалася з стандартнага пераліку мерапрыемстваў, гэта ўдасканаленне ўзброеных сіл і ваеннай вытворчасці, актывізацыя дыпламатычнай дзейнасці, узмацненне ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва.

У лютым-чэрвені 1941 г. на Усход былі перакінуты асноўная колькасць сухапутных войск і авіяцыі, створаны наступальныя групоўкі, распрацоўваліся пытанні ўзаемадзеяння розных родаў войск і сілаў вермахта з арміямі саюзнікаў. Асаблівая ўвага надавалася мабільнасці войскаў – доля танкавых і матарызаваных частак павялічылася да 18%. Значна выраслі рэзервы галоўнага камандавання. На ўзбраенне вермахта прыходзіла шмат новай тэхнікі, асабліва наступальных яе відаў. Павялічвалася колькасць супрацьтанкавых сродкаў у войсках. Важная роля адводзілася разведцы – паветраныя сілы люфтвафэ на 17% былі скамплектаваныя з разведвальных самалётаў. Чырвоная Армія лічылася «роўным праціўнікам».

Бліжэйшымі мэтамі вермахта лічылася знішчэнне асноўных сілаў Чырвонай Арміі ў заходняй частцы СССР, потым хуткімі клінападобнымі прарывамі танкавых частак акружыць іншыя баяздольныя часткі – каб недапусціць іх адыходу ў глыб тэрыторыі. Канчатковай мэтай з’яўляўся выхад вермахта на лінію Архангельск-Волга-Астрахань. Пры гэтым, важны прамысловы ўральскі рэгіён хоць і быў пакінуты СССР, але яго дзейнасць паралізавалася бамбардзіроўкамі люфтвафэ. Гэтыя планы атрымалі назву – «бліцкрыг», ці маланкавая вайна. Сапраўды, тэрмін разгрому СССР вагаўся ад 8 да 16 тыдняў – і ніяк не больш.

Што датычыцца прамысловай палітыкі Германіі, то акупацыя краін Заходняй Еўропы дазволіла ёй значна ўзмацніць свой ваенна-эканамічны патэнцыял. У распараджэнні германскага ВПК аказалася вытворчыя магутнасці акупаванай часткі Францыі а гэта 97% чыгуну і 94% сталі, 79% здабычы вугалю, 100% жалезнай руды краіны. Магутнасці металургічнай прамысловасці Рэйху павялічыліся на 13-15 млн тон. На прадпрыемствах Рэйху працавала больш за 1 млн. замежных рабочых і ваеннапалонных. Германія назапасіла значныя запасы стратэгічных відаў сыраві-
ны – каляровых металаў і нафтапрадуктаў. Акрамя невялікіх асабістых нафтавых рэсурсаў выкарыстоўвалася нафту Румыніі, Аўстрыі, Венгрыі, Польшы; у Францыі было захоплена 8,8 млн. тон паліва.

Наогул, у сістэме ВПК на маі 1941 г. колькасць працоўных дасягнула 5,5 млн. чалавек. У 1940 г. прамысловасць Германіі дала вермахту 10250 самалётаў, 2200 танкаў і бронемашын, 5900 гармат, каля 1352 тыс. вінтовак, 171 тыс. кулямётаў і аўтаматаў. Перадавая аўтамабільная прамысловасць забяспечвала высокую ступень матарызацыі і манеўранасці ўзброеных сіл. Паскорана будаваліся чыгуначныя дарогі, аўтастрады, аб’екты ваеннай інфраструктуры – палігоны, казармы, аэрадромы. На тэрыторыі Польшчы іх было пабудавана да мая 1941 г. 100, а на тэрыторыі Германіі – 250. Мадэрнізаваліся арміі ваеннай інфраструктуры ў Фінляндыі, Румыніі і Венгрыі.

Значна павялічылася лічбавая колькасць вермахта. З лета 1940 г. пачалося фарміраванне 40 новых дывізій, якія перадыслацыраваліся на Усход, у тым ліку ў Румынію і Нарвегію, узмацнялася ўзбраенне армій саюзнікаў.

На плануемым тэатры баявых дзеянняў немцы стварылі шырокую разведвальную сетку. Склалася вельмі напружанае становішча на дзяржаўнай граніцы. Толькі на ўчастку 17-га Брэсцкага пагранатрада (працягам у 180 км) у 1940 г. было затрымана 1242 варожых лазутчыкаў і дыверсантаў. Многія агенты здолелі стварыць на тэрыторыі БССР свае дыверсійныя цэнтры.

Ужо 30 сакавіка 1941 г. працэс падрыхтоўкі нападу на СССР прыняў няўхільны характар. На нарадзе каманднага саставу вермахта Гітлер падкрэсліў неабмежаваныя паўнамоцтвы германскіх вайскоўцаў у адносінах да грамадзянскага насельніцтва. Былі канчаткова адобраныя планы, якія ўтрымлівалі галоўныя накірункі гаспадарчага выкарыстоўвання захопленых тэрыторый. Гэтыя планы прадугледжвалі галодную смерць дзесяткам мільёнаў савецкіх грамадзян – так званае «радыкальнае скарачэнне карэннага насельніцтва шляхам запланаванага голаду і насільнага высялення».

Актыўныя дзеянні прадпрымаліся на дыпламатычным накірунку. 27 верасня 1940 г. у Берліне быў падпісаны пакт паміж Германіяй, Італіяй і Японіяй, згодна з якім свет падзяляўся паміж гэтымі краінамі. Каб заспакоіць Маскву і замаскіраваць антысавецкі характар дамоўленасцей, у лістападзе 1940 г. Гітлер «прапановаў» СССР далучыцца да пакту, пры гэтым Маскве абяцаліся тэрыторыі Персідскага заліву, Індыя і рэгіён Бліжняга Усходу. Але сам Гітлер не лічыў гэтыя прапановы сур’ёзнымі, і Сталін так сама гэта вельмі добра разумеў. Але Маскву вельмі турбавала верагоднасць весці вайну на два франты – з Германіяй і Японіяй. Японія так сама не была падрыхтаваная да актыўных дзеянняў па некалькім накірункам. У верасні 1940 г. яна захапіла Паўночны Індакітай і пашырала экспансію на Поўдні. Таму Масква выкарыстала гэтую асаблівасць японскага становішча і 13 красавіка 1941 г. у Маскве тэрмінам на 5 год было падпісана пагадненне аб нейтралітэце паміж СССР і Японіяй. Тым не менш, 2 ліпеня 1941 г. у праграме нацыянальнай палітыкі Японіі прапісваецца магчымасць вырашэння так званай «паўночнай праблемы» пры станоўчым развіцці германа-савецкай вайны.

Псіхалагічная вайна Германіі супраць насельніцтва СССР была амаль безвыніковай. Тут нацызм сутыкнуўся з вельмі моцнай камуністычнай ідэалогіяй, якая не дазволіла пранікнуць на савецкую тэрыторыю ідэям нацызму і такім чынам стварыць «пятую калону». Асаблівую цікавасць мае загад па вермахту «Аб камісарах» ад 6 чэрвеня 1941 г. Ім прадугледжвалася бязлітаснае знішчэнне палітычнага кіраўніцтва Чырвонай Арміі. Менавіта гэты загад яшчэ падкрэслівае ідэалагічную сутнасць вайны нацыскай Германіі супраць СССР. Менавіта носьбіты камуністычнай ідэалогіі з’яўляюцца галоўнымі ворагамі Германскай дзяржавы, якая ўвасабляе сабой будаўніка «новага свету». І канкурэнты – а камуністычная ідэалогія так сама прапаноўвала будаўніцтва новага свету – падлягалі фізічнаму знішчэнню. Формы мірнай палемікі паміж ідэалогіямі нацызм не прызнаваў.

Вынікі: на працягу 1940 г. – пачатку 1941 г. уся дзейнасць Германіі зводзілася да падрыхтоўкі нападу на СССР. СССР быў галоўнай перашкодай нацыскай Германіі на шляху да сусветнага панавання. Дзякуючы праведзенай паскоранай індустрыялізацыі СССР становіцца адной з самых прамысловаразвітых краін свету. На прамысловай моцы базіруецца яго ваенная магутнасць. Але Савецкі Саюз – гэта яшчэ і смяротны ідэалагічны вораг, бо камуністычная ідэалогія так сама прапаноўвае варыянт будаўніцтва свету. Але прынцыпы будаўніцтва камуністычнага грамадства карэнным чынам супярэчаць нормам нацызму. Менавіта з гэтай нагоды пад час падрыхтоўкі вайны акрэсліваецца антычалавечы характар палітыкі нацызму на плануемых да захопу тэрыторыях.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-07-16; просмотров: 308; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.15.156.140 (0.017 с.)