Сутнасць феадальнай раздробленасці. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Сутнасць феадальнай раздробленасці.



ХІІ ст. у гісторыі старажытнай Русі пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці. Прычынамі таму былі слабыя эканамічныя і камунікацыйныя стасункі паміж рознымі рэгіёнамі, рост мясцовых эканомік і жаданне ўдзельных князёў адасобіцца ад цэнтральнай улады. Першае, пасля смерці Усяслава, распалася Полацкае княства. У другой палове ХІІ ст. амаль адразу пасля вылучэння з Кіеўскай дзяржавы распалася Тураўскае княства. У выніку на пачатку ХІІІ ст. на беларускіх землях існавала больш за 20 незалежных дзяржаўных утварэнняў. Некаторыя з іх былі даволі моцныя. Так, у 60 –70 гг. ХІІ ст. Полацкае і Віцебскае княствы трапілі ў залежнасць ад Смаленскага. Бярэсце і землі Панямоння залежалі ад галіцка-валынскага князя. Феадальная раздробленасць мела станоўчыя і адмоўныя бакі. Яна давала больш шырокія магчымасці для развіцця розных зямель. Улада мясцовага князя была больш аператыўнай. Ён быў вымушаны абапірацца на мясцовых баяр, раздаючы ім землі і прывілегіі, што, несумненна, спрыяла развіццю феадальных адносін. Але з разбурэннем цэнтралізаванай дзяржавы парушаліся сувязі між рэгіёнамі. Паміж удзельнымі князямі ўсё часцей успыхвалі ваенныя канфлікты. Вядома, што такое становішча значна аслабіла палітычную моц беларускіх княcтваў, і яны сталі ахвярай іншаземных захопнікаў.

Барацьба з іншаземнымі захопнікамі.

З канца ХІІ ст. нямецкія крыжакі пачалі планамерны захоп Прыбалтыйскіх зямель, частка якіх знаходзілася ў залежнасці ад Полацкага княcтва. На рацэ Заходняя Дзвіна былі пабудаваны полацкія калоніі - гарады Герцыке і Кукенойс. Іх насельніцтва было змешанае, часткова славянскае, часткова балцкае. Кіравалі Герцыке і Кукенойсам князі славянскага паходжання.

У 1201 г. ў вусці Заходняй Дзвіны нямецкі біскуп Альберт заснаваў крэпасць Рыгу. У 1202 г. з дапамогай папы рымскага ім быў створаны ваенна-манаскі ордэн мечнікаў. З 1234 г. ў Прусіі пачаў дзейнічаць Тэўтонскі ордэн. У 1237 г. ордэны аб’ядналі свае сілы. Галоўную ролю адыгрываў больш вядомы ў Еўропе Тэўтонскі ордэн. Але ордэн мечнікаў, які з гэтага часу зваўся Лівонскім (Інфлянцкім), таксама працягваў існаваць. Крыжакі ставілі перад сабой высакародную мэту – хрысціць Прыбалтыйскія землі. Іх войскі былі адносна невялікія, але даволі дысцыплінаваныя. На самай справе галоўнай мэтай крыжакоў было падпарадкаванне новых зямель і мясцовага гандлю.

У выніку ўпартай барацьбы з крыжакамі жыхары Кукенойса на чале з князем Вячкам пасля 1208 г. разбурылі свой горад і пакінулі яго. Сам князь перайшоў з дружынай на бок Ноўгарада і загінуў пры абароне крэпасці Юр'еў. Пасля 1230 г. пад уладу рыжскага біскупа трапіў Герцыке. Крыжакі ўрываліся на беларускія землі, сеячы смерць і спусташэнне. У 1203 і 1206 гг. полацкі князь Уладзімір рабіў паходы на крыжакоў, але яны былі няўдалыя. У выніку Полацк быў вымушаны ў 1210 г. падпісаць першы мірны дагавор з Рыгай. Праз шэсць гадоў Уладзімір здолеў стварыць моцную кааліцыю супраць рыцараў-мечнікаў. Але падчас падрыхтоўкі да паходу князь нечакана памёр. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён быў атручаны крыжакамі.

У 1236 г. пад Шаўлямі нямецкія крыжакі пацярпелі моцнае паражэнне ад літоўскіх плямён. У 1237 г. яны былі разбіты пад Драгічынам валынскім князем Данілам. Вялікую ролю ў спыненні нямецкага наступу адыгрвлі бітвы 1242 г. на Чудскім возеры і 1260 г. на возеры Дурба. Аднак да поўнай перамогі было яшчэ вельмі далёка.

У другой палове 30-х гг. ХІІ ст. многія землі Усходняй Еўропы сталі ахвярай мангола-татарскага нашэсця. У 1238 г. мангола-татары разрабавалі і спустошылі Смаленскае княства. У 1239 г. іх атрады спустошылі значную частку паўднёва-ўсходняй Беларусі. У 1240 г. флангавыя атрады на чале з ханамі Гуюнкам і Кайданам уварваліся ў паўднёвую Беларусь, захапілі і разрабавалі Мазыр, Тураў, Пінск, Бярэсце. Аднак спроба Кайдана прасунуцца далей на поўнач скончылася яго паражэннем у бітве каля мястэчка Крутагор’е (зараз Дзяржынск). Пасля вяртання з Заходняй Еўропы ў 1242 г. правадыр мангола-татар Батухан (Батый) заснаваў у Паволжы дзяржаву Залатая Арда, якой выплачвалі даніну ўсходнія і паўднёвыя рускія землі. У 1275, 1277, 1287, 1315, 1338 гг. залатаардынскія ханы рабілі паходы і на беларускія землі, але падпарадкаваць іх сабе не здолелі.

Тэма 3. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ІХ – ПАЧАТКУ ХІІІ СТСТ.

1. З'яўленне хрысціянства на Беларусі.

Прыняцце хрысціянства стала адной з самых важкіх падзей культурнага жыцця беларускіх зямель у ІХ– пач. ХІІІ стст. Першыя звесткі аб пранікненні на ўсходнеславянскія землі хрысціянства па візантыйскім узоры адносяцца да ІХ ст. Лічыцца, што хрысціянкай была кіеўская княгіня Вольга. Ісландская "Сага аб хрышчэнні" ўзгадвае пра манастыр Іаана Прадцечы ў Полацку, заснаваны каталіцкім місіянерам Торвальдам-вандроўнікам у Х ст. У канцы Х ст. кіеўскі князь Уладзімір прыняў хрысціянскую веру па візантыйскім (праваслаўным) узоры. Першай датай, што тычыцца прыняцця хрысціянства на землях Беларусі, лічыцца заснаванне Полацкай епархіі (каля 992 г.).

Па меркаванні шэрагу даследчыкаў, працэс распаўсюджання новай веры у нашай краіне быў досыць мірны, але і больш працяглы (да ХІІІ–ХІV стст.), а адзінкавыя астраўкі паганства захаваліся да ХІХ – пач. ХХ стст.). Толькі аб Тураве ў сувязі з прыняццем хрысціянства згадваецца паданне аб чырвонай ад крыві Прыпяці і каменных крыжах, якія плылі па яе водах. Першыя хрысціянскія святары (у асноўным выхадцы са славянскай Балгарыі) выкарыстоўвалі паганскія святы і абрады для хутчэйшага распаўсюджання новай веры (Вялікдзень – Пасха, Радуніца, Купалле – свята Іаана Хрысціцеля, Дзяды, Каляды – Нараджэнне Хрыстова). Суіснаванне на пэўнай тэрыторыі элементаў паганства і хрысціянства называецца двухвер’ем. На беларускіх землях хрысціянства пераважала сярод гарадскога насельніцтва, і значна больш марудна гэты працэс праходзіў на вёсцы.

Прыняцце хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях спрыяла ўмацаванню дзяржавы і ўлады, стала вялікім крокам наперад у эканамічным і культурным развіцці. Менавіта з пачаткам хрысціянізацыі на беларускіх землях пачынае распаўсюджвацца кірылічная сістэма пісьма.

Пісьменнасць.

Аб распаўсюджванні пісьменнасці сярод розных катэгорый насельніцтва сведчаць знаходкі спецыяльных прыстасаванняў для пісьма – пісал (у Наваградку, Мінску, Друцку), подпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава (канец Х ст.), на цагліне Сафійскага сабора ў Полацку (ХІ ст.), на каменных прасліцах з Пінска, Друцка і Віцебска, "Рагвалодавых" і "Барысавых" камянях (ХІІ ст.), берасцяных граматах і г. д. Увогуле, пісьмовыя помнікі першай паловы ХІІІ ст. даюць падставу сцвярджаць, што ўжо ў гэты перыяд пачынае фарміравацца пісьмовая беларуская мова (дагавор Смаленска з Рыгай і Гоцкім берагам 1229 г.).

У першай палове ХІ ст. на ўсходнеславянскіх землях пачалося летапісанне. Некаторыя падзеі, што адбыліся на Беларусі, згадваюцца ў "Аповесці мінулых гадоў" (пачатак ХІІ ст.). В. Тацішчаў у сваіх працах згадвае Полацкі летапіс, страчаны ў ХVІІІ ст. – помнік не толькі літаратуры, але і мастацтва ХІІ ст. Звесткі аб полацкіх князях змешчаны ў "Слове пра паход Ігаравы" (ХII ст.).

Значная роля ў пашырэнні асветы і культуры на беларускіх землях належыць праваслаўным царкоўным дзеячам – Ефрасінні Полацкай (1101(?)–1167), Кірыле Тураўскаму (каля 1130 – каля 1182), Кліменту Смаляцічу ((?) – пасля 1164) і Аўраамію Смаленскаму (? –?). Даволі поўная інфармацыя аб іх дзейнасці ўтрымліваецца ў агіяграфічнай (жыційнай) літаратуры, росквіт якой прыпадае на канец ХІІ – ХІІІ стст.

Архітэктура і жывапіс.

Адным з вынікаў прыняцця хрысціянства стала з’яўленне на беларускіх землях манументальнага дойлідства. Грэчаскія майстры прынеслі ва Усходнюю Еўропу сістэму крыжова-купальнага храма, у аснову якой быў закладзены квадрат, падзелены чатырма слупамі так, што ў плане ён уяўляў сабой крыж. Найбольш слынным з мураваных збудаванняў на нашых землях стаў Сафійскі сабор у Полацку, пабудаваны пры Усяславе Чарадзеі (1044–1066). Храм быў узведзены з чырвонай цэглы, унутры аздоблены рознакаляровымі фрэскамі. Першапачаткова гэта быў пяцінефны сямікупальны будынак, які выконваў не толькі культавыя, але і грамадскія (скарбніца, бібліятэка, зала для прыёму паслоў) функцыі і з’яўляўся своеасаблівым сімвалам незалежнасці і сілы Полацкай зямлі.

З наступленнем феадальнай раздробленасці (ХІІ ст.) памеры храмаў значна змяншаюцца. З’яўляюцца манастыры – цэлыя комплексы культавых збудаванняў. Паступова вырастаюць мясцовыя школы дойлідства. Найбольш знакамітая з якіх – полацкая. Для будынкаў, выкананых яе майстрамі, характэрны падоўжаны план, выступаючая толькі адна апсіда (дзве другія хаваюцца ў тоўшчы сцяны), аздабленне верхняй вонкавай часткі храма какошнікамі кілепадобнай формы. Яркім узорам такога храма з’яўляецца царква Святога Спаса ў Полацку, пабудаваная, па паданні, за 30 тыдняў дойлідам-манахам Іаанам па заказе св. Ефрасінні Полацкай. Полацкія майстры захавалі ў сваіх будынках муроўку са "схаваным радам", дзе рады плінфы перамешваюцца з радамі камянёў. Прыкладна ў гэты ж час на заходніх землях фарміруецца гродзенская школа, для помнікаў якой характэрны цагляная аднародная муроўка, вонкавое ўпрыгожванне сцен паліраванымі пліткамі і шліфаванымі камянямі, наяўнасць у канструкцыі сцен гаршкоў-галаснікоў, адсутнасць фрэскавых роспісаў, аздабленне падлогі рознакаляровай керамічнай пліткай. Усе гэтыя рэчы ўвасоблены ў Барысаглебскай (Каложскай) царкве (Гародня, канец ХІІ ст.).

У ХІІ ст. у Полацку налічвалася каля дзесяці храмаў, сем – у Смаленску, тры ў Гародні, па аднаму – у Мінску, Віцебску, Наваградку, Ваўкавыску, Тураве, Пінску. Мураванае дойлідства пашыралася і ў грамадскім будаўніцтве – знойдзены рэшткі будынкаў у Слуцку, Мінску, Мсціславе, княжацкага палаца ў Гародні.

У другой палове ХІІІ ст. на межах беларускіх зямель будуюцца абарончыя вежы, з якіх да нашых дзён дайшоў толькі "Камянецкі слуп", пабудаваны на беразе рэчкі Лясная дойлідам Алексай "со тоземцы". Для вежы характэрны гатычныя элементы (спічастыя праёмы, тынкаваныя нішы, пояс з пакладзеных "на вугал" цаглін). Гэты мастацкі стыль быў распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе ў ХІІ – ХVI стст.

З ХІ ст. пад візантыйскім і заходнееўрапейскім уплывам на Беларусі пачынае развівацца манументальны жывапіс (фрэскі), іканапіс, кніжная мініяцюра. Як і ў архітэктуры, у жывапісе назіраўся працэс фарміравання мясцовых лакальных школ. Мясцовыя майстры працавалі таксама з бурштынам, шклом, каляровымі металамі, апрацоўвалі камень і дрэва. Своеасаблівым сімвалам беларускіх зямель можна назваць створаны ў 1161 г. па заказе ігуменні Ефрасінні полацкім майстрам Лазарам Богшам шасціканцовы крыж.

Беларуская культура ІХ–ХІІІ стст. развівалася ў межах сусветных культурна-гістарычных тэндэнцый. Значны ўплыў на яе аказала прыняцце хрысціянства, якое стала штуршком у развіцці культурных працэсаў. У той жа час на гэтым этапе быў закладзены падмурак фарміравання беларускага этнасу і адметнай культуры нашага народа.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-06-23; просмотров: 435; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.221.187.121 (0.006 с.)