Навуковая і літаратурна-крытычная дзейнасць А. Станкевіча. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Навуковая і літаратурна-крытычная дзейнасць А. Станкевіча.



 

Гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, выдавец, грамадска-палітычны дзеяч, асветнік, беларускі каталіцкі святар, кандыдат кананічнага права Адам Вінцэнтавіч Станкевіч нарадзіўся 24.12.1891(6.1.1892) г. у в. Арляняты Ашмянскага пав. Віленскай губ. (цяпер Смаргонскі р-н Гродэенскай вобл.) у сялянскай сям'і. Пачатковую навуку атрымаў у Барунах, Гальшанах і Ашмянах (1902—1909 гг.). У 1914 г. скончыў Духоўную семінарыю ў Вільні і быў пасвечаны ў ксяндзы; першую імшу адправіў на новы 1915 год у парафіяльным касцёле ў Крэве Ашмянскага пав. Пасля сканчэння ў Петраградзе рымска-каталіцкай Духоўнай Акадэміі (1918) вярнуўся ў Вільню, але доўга там не затрымаўся, бо польскія духоўныя ўлады хацелі ізаляваць яго ад беларусаў і адраджэнцкай працы сярод іх. А. Станкевіч быў досыць вядомы сваёй грамадскай дзейнасцю. Ужо ў семінарыі ён стварыў беларускі гурток і бібліятэку, хадзіў па вёсках дзеля пашырэння нацыянальнай самасвядомасці сярод сялян. У Пецярбургу стаў членам беларускага гуртка, а ў 1916—1918 гг. быў яго старшынёй. Там жа супрацоўнічаў з беларускімі часопісамі «Светач» і «Дзянніца». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі актыўна ўключыўся ў дзейнасць Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Удзельнічаў у з'ездзе беларускага каталіцкага духавенства (24—25.5.1917) у Мінску, дзе выступіў з рэфератам аб беларускім руху і яго дачыненні да касцёла ў Беларусі. А. Станкевіч адзін з першых сярод беларускіх ксяндзоў пачаў ужываць родную мову ў богаслужэнні. У 1917—1918 гг. ён часта выступаў перад сялянамі Браслаўшчыны і Дзісеншчыны, абуджаў іх да свядомага ўдзелу ў палітычным і культурным жыцці свайго краю, за што польскія духоўныя ўлады выслалі яго ў Драгічын. Там А. Станкевіч прабыў да жніўня 1919 г. Змена біскупскай улады дазволіла А. Станкевічу вярнуцца з ссылкі ў Вільню, і ён адразу ўключыўся ў беларускі грамадскі рух, стаў у цэнтры культурна-асветніцкай, палітычнай, літаратурнай і дабрачыннай працы. З 1919 г. выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 г. быў абраны паслом у Польскі Сейм, таму цалкам аддаўся палітычнай дзейнасці, выступаў як абаронца свайго народа з прамовамі на пасяджэннях сейма і мітынгах. Быў адным з намеснікаў старшыні Беларускага сеймавага клуба Б. Тарашкевіча, а пасля расколу клуба (1925) разам з іншымі пасламі стварыў сваю фракцыю — Беларускі сялянскі саюз. Пасольская дзейнасць А. Станкевіча працягвалася да 1928 г. Царкоўныя ўлады забаранілі ксяндзам належаць да палітычных партый, і А. Станкевіч фармальна адышоў ад прамога ўдзелу ў палітыцы, але заўсёды заставаўся духоўным апекуном і кансультантам беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, Беларускага сялянскага саюза і іншых нацыянальных незалежніцкіх груп, якія ўзнікалі ў канцы 20-х і 30-я гады ў Заходняй Беларусі. З 1928 г. А. Станкевіч узнавіў выкладчыцкую дзейнасць у Віленскай беларускай гімназіі, аднак у 1933 г. быў звольнены адтуль польскімі ўладамі. Да 1935 г. выкладаў у польскай Гандлёвай школе імя С. Сташыца ў Вільні. Дабрачынная і грамадская праца А. Станкевіча ніколі не перапынялася: ён апекаваў дзіцячыя прытулкі, узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны, у 1924 г. быў старшынёй Таварыства Беларускай школы (ТБШ), у 1926-м — старшынёй і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Плённай і шырокай была рэдактарска-выдавецкая дзейнасць А. Станкевіча. З 1927 г. на працягу 11 гадоў ён рэдагаваў і выдаваў штомесячны рэлігійны часопіс для католікаў-беларусаў «Хрысціянская думка», каля 20 гадоў супрацоўнічаў з «Крыніцай», штотыднёвай беларускай газетай, і іншымі беларускімі выданнямі («Калоссе», «Шлях моладзі», «Сялянская ніва»). У 1926 г. А. Станкевіч стаў адным з заснавальнікаў у Вільні беларускай друкарні імя Ф. Скарыны (былі выдадзены дзесяткі кніг рэлігійнага і свецкага характару, творы беларускай літаратуры). З прадмовамі А. Станкевіча і пад яго рэдакцыяй выйшлі кнігі В. Адважнага, Я. Быліны, А. Зязюлі, Ф. Багушэвіча, Я. Коласа («Новая Зямля»), К. Сваяка і іншых беларускіх пісьменнікаў. У 1928 г. А. Станкевіч і іншыя дзеячы заснавалі «Беларускае каталіцкае выдавецтва», якое выдала «Гісторыю святую Старога і Новага Закону», кнігі для набажэнства. Дэмакратычныя погляды і культурна-арганізацыйная праца А. Станкевіча сярод беларусаў, асабліва яго дзейнасць па беларусізацыі касцёла, змаганне за тое, каб весці набажэнства для беларусаў па-беларуску, выклікалі незадаволенасць духоўных і палітычных улад. У 1938 г. А. Станкевіч быў высланы з Вільні і з Віленскага ваяводства на 5 гадоў. Ссылку адбываў у Слоніме. Восенню 1939 г., пасля заняцця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі, вярнуўся ў Вільню, імкнуўся зноў наладзіць беларускую культурна-асветніцкую працу. Пры яго ўдзеле ўзноўлена Беларуская дзяржаўная прагімназія (ён стаў яе дырэктарам) і беларуская пачатковая школа. Калі ў канцы кастрычніка 1939 г. Вільня была перададзена Літве, А. Станкевіч стаў старшынёй Беларускага цэнтра ў Літве. Там было адноўлена выданне беларускай газеты «Крыніца», у касцёле св. Міхала А. Станкевіч адпраўляў набажэнствы. У 1940 г. беларуская культурная грамадскасць шырока і ўрачыста адзначыла 25-я ўгодкі святарскай дзейнасці А. Станкевіча. Нумар «Крыніцы» за 12 студзеня поўнасцю прысвечаны гэтай падзеі. Нямецкую акупацыю А. Станкевіч перажыў у Вільні, трымаючыся здаля ад акупацыйных улад. У снежні 1944 г. ён быў арыштаваны сталінскімі органамі бяспекі, у красавіку 1949 г. — у другі раз, асуджаны 31.8.1949 г. на 25 гадоў пазбаўлення волі, вывезены ў Тайшэт Іркуцкай вобл. Там, у лагеры, загінуў (пахаваны 10.12.1949, Тайшэт Іркуцкай вобл., на могілках Аэярлага каля в. Шаўчэнкі Тайшэцкага р-на, магіла № 3—43). Праз некалькі гадоў на дабрачынныя складкі віленскіх беларусаў ксяндзу Адаму Станкевічу і яго маці Антаніне на могільніку каля Крэва быў пастаўлены помнік.

Асабісты архіў А. Станкевіча захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Беларусі (ф. 4).

У 2011 г. у Вільні выйшаў вялікі (агульным аб’ёмам 1097 старонак) збор твораў А. Станкевіча.

Літаратурная спадчына А. Станкевіча — гэта працы па гісторыі беларускай культуры і літаратуры (артыкулы, эсэ, брашуры, кнігі). Першыя яго карэспандэнцыі з'явіліся ў 1913 г. у «Нашай ніве». Найболып плённым і творчым быў віленскі перыяд дзейнасці. Кніга А. Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі (1525—1925)» адкрыла шэраг літаратурных партрэтаў дзеячаў беларускай гісторыі і культуры. У ёй А. Станкевіч даводзіў, што асноўная ідэя Скарыны была не проста ў пашырэнні граматы, а ў магчымасці ўспрыняць на мясцовым (старабеларускім) грунце «сем свабодных навук», распаўсюджаных у заходнееўрапейскіх школах. Пісьменнік акцэнтаваў увагу на гуманістычнай накіраванасці і дэмакратычным характары дзейнасці Ф. Скарыны. Адметнымі літаратурнымі працамі А. Станкевіча былі таксама нарысы «Францішак Багушэвіч: яго жыццё і творчасць. У 30-я ўгодкі смерці (1900—1930)», «Казімір Сваяк: нарыс аб ягонай ідэалогіі», «Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцця і працы», «Магнушэўскі — Паўлюк Багрым — Баброўскі: (Да вытокаў беларускага Адраджэння)», «Кастусь Каліноўскі, “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнай Беларусі», крытычныя нарысы пра творчасць В. Адважнага, А. Зязюлі, М. Танка, М. Машары, шматлікія іншыя працы гісторыка-культурнага (свецкага і ралігійнага) зместу.

Грунтоўнымі абагульняюча-аналітычнымі працамі па гісторыі хрысціянства і хрысціянска-дэмакратычнага руху на Беларусі сталі манаграфіі А. Станкевіча «Беларускі хрысціянскі рух» (1939) і «Хрысціянства і беларускі народ» (1940). Навукова-публіцыстычны стыль прац А. Станкевіча, яго выключная дасведчанасць, эрудыцыя, засяроджанасць на патрыятычных праблемах гісторыі беларускага адраджэнцкага руху, прапаведаванне дэмакратычных і гуманістычных поглядаў (вартасць асобнага чалавека-грамадзяніна, абарона і ўмацаванне беларускай нацыянальнай індывідуальнасці) — гэтыя і іншыя рысы творчасці А. Станкевіча зрабілі яго папулярным і паважаным сярод беларусаў. Вядомыя пераклады А. Станкевіча з лацінскай («Лекцыі і Евангеллі на нядзелі і святы») і літоўскай (творы П. Цвіркі) моў. Апошняя грунтоўная праца, якую пачаў А. Станкевіч у кастрычніку 1944 г. — «Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)». Па задуме аўтара, яна павінна была складацца з пяці частак паводле храналагічнага прынцыпу перыядызацыі. Згодна матэрыялам, што захоўваюцца ў рукапісным аддзеле ЦНБ АН Беларусі (ф. 4, воп. 1, адз. зах. № 125), за 2 месяцы А. Станкевіч паспеў закончыць толькі 2 часткі кнігі, давесці апісанне падзей да 13 стагоддзя. Арышт і раптоўная адпраўка ў Сібір назаўсёды адарвалі «вялікага філантропа» (так называлі А. Станкевіча ў віленскім беларускім асяроддзі) ад працы над кнігай і наогул ад усёй літаратурнай і грамадскай працы.


Тэма № 4



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-07-19; просмотров: 88; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.222.80.122 (0.006 с.)