Перыядызацыя Другой сусветнай вайны 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Перыядызацыя Другой сусветнай вайны



С.Ф.Шымуковіч

 

 

Вялікая Айчынная вайна
савецкага народа

(у кантэксце Другой сусветнай вайны)

 

 

Курс лекцый

 

 

 

Мінск 2004

 


УДК 947.084.8(076.6)

 
ББК 63.3(2)722

Ш61

Серыя заснавана ў 2001 г.

Рэкамендавана да выдання Камісіяй па прыёмцы і атэстацыі электронных версій вучэбных і вучэбна-метадычных матэрыялаў Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь.

 

Шымуковiч С.Ф.

Ш61 Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): Курс лекцый. – Мн.: Акадэмiя кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, 2004 – 230 с.

ISBN 985-457-317-6

 

Курс лекцый прызначаны для студэнтаў сістэмы адкрытай адукацыі Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, якія навучаюцца па спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка".

 

УДК 947.084.8(076.6)

ББК 63.3(2)722

 

ISBN 985-457-317-6 ã Шымуковiч С.Ф., 2004
  ã Акадэмiя кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, 2004

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ 9

Лекцыя 1. Уводзіны 9

Гістарыяграфія, крыніцы 10

Перыядызацыя Другой сусветнай вайны 15

РАЗДЗЕЛ I. САВЕЦКІ САЮЗ І ІНШЫЯ КРАІНЫ СВЕТУ НАПЯРЭДАДНІ І Ў ПАЧАТКУ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ 17

ТЭМА 1. МІЖНАРОДНАЕ СТАНОВІШЧА НАПЯРЭДАДНІ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ 17

Лекцыя 2. Міжнароднае становішча напярэдадні Другой сусветнай вайны 17

Міжнародная дзейнасць Германіі ў 30-х гг. XX ст. 17

Антыкамінтэрнаўскі пакт. Складванне блока агрэсіўных дзяржаў 23

Мюнхенскае пагадненне 27

Спроба стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе 28

Савецка-германскія дагаворы 31

Кантрольныя пытанні да тэмы №1 32

ТЭМА 2. ПАЧАТАК ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ І ПАДЗЕІ ў БЕЛАРУСІ 34

Лекцыя 3. Пачатак Другой сусветнай вайны і падзеі ў Беларусі 34

Пачатак Другой сусветнай вайны 34

Уступленне войск Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну 37

Уз’яднанне Беларусі. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ў заходніх абласцях БССР 39

Становішча ў краінах Балтыі.
Утварэнне Малдаўскай ССР 44

Савецка-фінляндская вайна 46

Кантрольныя пытанні да тэмы №2 49

ТЭМА 3. АКУПАЦЫЯ ГЕРМАНІЯЙ КРАІН ЕЎРОПЫ 50

Лекцыя 4. Акупацыя Германіяй краін Еўропы 50

«Дзіўная вайна» 50

Пашырэнне германскай агрэсіі ў Еўропе 51

«Бітва за Англію» 54

Агрэсія Германіі на Балканах 55

Рух Супраціўлення ў краінах Еўропы 57

Падрыхтоўка Германіі да вайны з Савецкім Саюзам 59

Кантрольныя пытанні да тэмы №3 63

ТЭМА 4. СССР НАПЯРЭДАДНІ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ 64

Лекцыя 5. СССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны 64

Мерапрыемствы партыйных, савецкіх і гаспадарчых органаў па ўмацаванню абароназдольнасці краіны 64

Народная гаспадарка БССР напярэдадні вайны 67

Ідэалагічная работа напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны 69

Ваенная рэформа ў СССР 71

На мяжы з Германіяй 73

Кантрольныя пытанні да тэмы №4 75

РАЗДЗЕЛ ІІ. БАРАЦЬБА САВЕЦКАГА НАРОДА СУПРАЦЬ ГЕРМАНСКАЙ АГРЭСІІ 77

ТЭМА 5. ПАЧАТАК ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ 77

Лекцыя 6. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны 77

Мэты Германіі ў вайне супраць Савецкага Саюза. Характар і асаблівасці вайны 77

Напад Германіі на СССР 79

Прыгранічныя баі ў Беларусі 81

Арганізацыя абароны краіны 83

Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г. 88

Прычыны няўдач Чырвонай Арміі летам-восенню 1941 г. 90

Маскоўская бітва 93

Пачатак стварэння антыгітлераўскай кааліцыі 96

Кантрольныя пытанні да тэмы №5 98

ТЭМА 6. АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ 99

Лекцыя 7. Акупацыйны рэжым 99

Планы нямецкіх захопнікаў па выкарыстоўванню акупіраваных тэрыторый 99

Складванне сістэмы кіравання акупіраванымі тэрыторыямі 101

Гаспадарчае рабаванне Беларусі 105

Калабарацыя на Беларусі 110

Кантрольныя пытанні да тэмы №6: 117

ТЭМА 7. ПАРТЫЗАНСКАЯ І ПАДПОЛЬНАЯ БАРАЦЬБА СУПРАЦЬ ГЕРМАНСКІХ АГРЭСАРАЎ НА
ЗАХОПЛЕНАЙ ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ 118

Лекцыя 8. Партызанская і падпольная барацьба на акупіраванай тэрыторыі 118

Станаўленне народнага супраціўлення 118

Шырокае распаўсюджанне партызанкі на Беларусі 124

Партызанка у перыяд вызвалення Беларусі 135

Падпольная барацьба 138

Кантрольныя пытанні да тэмы №7 145

 

 

РАЗДЗЕЛ Ш. РАЗГРОМ ФАШЫСЦКАГА БЛОКА. ЗАВЯРШЭННЕ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ І ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВОЙНАЎ 146

ТЭМА 8. ПАДЗЕІ НА ФРАНТАХ ВАЙНЫ. КРУШЭННЕ НАСТУПАЛЬНАЙ СТРАТЭГІІ ГЕРМАНСКАГА ВЕРМАХТА 146

Лекцыя 9. Падзеі на франтах вайны. Крушэнне наступальнай стратэгіі германскага вермахта 146

Пашырэнне маштабаў Другой сусветнай вайны. Перамогі саюзных войск у Афрыцы, Міжземнамор’і і на Ціхім акіяне 146

Ваенныя дзеянні на савецка-германскім фронце 148

Сталінградская і Курская бітвы. Карэнны пералом у вайне 150

Умацаванне антыгітлераўскай кааліцыі. Праблема другога фронту 156

Кантрольныя пытанні да тэмы №8 159

ТЭМА 9. ВЫЗВАЛЕННЕ БЕЛАРУСІ АД ГЕРМАНСКІХ ЗАХОПНІКАЎ 160

Лекцыя 10. Вызваленне Беларусі ад германскіх захопнікаў 160

Пачатак вызвалення Беларусі 160

Першыя аднаўленчыя мерапрыемствы 162

Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён» 163

Узаемадзеянне партызан, падпольшчыкаў і
насельніцтва з войскамі Чырвонай Арміі 167

Аднаўленне народнай гаспадаркі 170

Кантрольныя пытанні да тэмы №9 175

 

ТЭМА 10. САВЕЦКІ ТЫЛ У ГАДЫ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ 176

Лекцыя 11. Савецкі тыл у гады вайны 176

Перавод эканомікі СССР на ваенны лад 176

Усходнія раёны СССР – асноўная ваенна-прамысловая база 177

Дапамога СССР па ленд-лізу 180

Працоўны подзвіг савецкага народа 181

Ураджэнцы Беларусі – героі савецкага тылу 184

Дзейнасць беларускіх устаноў і арганізацый у савецкім тыле 186

Палітычная агітацыя і прапаганда 187

Кантрольныя пытанні да тэмы 10 190

ТЭМА 11. ЗАКАНЧЭННЕ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ І ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВОЙНАЎ 191

Лекцыя 12. Заканчэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Перамога 191

Адкрыццё другога фронту 191

Вызваленчы паход у Еўропу 193

Крымская канферэнцыя 194

Берлінская аперацыя 196

Патсдамская канферэнцыя 197

Разгром Квантунскай Арміі. Капітуляцыя Японіі 198

Удзел воінаў-беларусаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у складзе саюзных армій і Еўрапейскім руху Супраціўлення 200

Беларусь – адна з краін-заснавальніц ААН. Страты беларускага народа ў вайне 203

Нюрнбергскі працэс над ваеннымі злачынцамі 204

Вынікі і ўрокі вайны 205

Кантрольныя пытанні да тэмы №11 206

ЗАКЛЮЧЭННЕ 208

Лекцыя 13. Заключэнне 208

ПЫТАННІ ДА ЗАЛІКУ 212

СПІС ЛІТАРАТУРЫ 215


УВОДЗІНЫ

Лекцыя 1. Уводзіны

Дваццатае стагоддзе вызначалася незвычайнай жорсткасцю ў адносінах паміж народамі свету. Менавіта ў гэты час пачынаюцца сусветныя войны, узнікаюць дзесяткі рэгіянальных канфліктаў, хутка разрастаецца зараза тэрарызму. Але найбольш кровапралітнай і жорсткай з усіх вядомых узброеных канфліктаў была Другая сусветная вайна. Яе ўздзеянне на лёс народаў Еўропы і СССР было вызначальным. Менавіта з гэтай нагоды патрабуецца больш глыбокае і комплекснае вывучэнне гэтай важнейшай падзеі XX стагоддзя. Разгортванне ваенных падзей, паказ трагедыі і выпрабаванняў, што выпалі на долю беларускага народа – важнейшая задача факультатыву пад назвай «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа» (у кантэксце Другой сусветнай вайны).

Навуковае асэнсаванне падзей 1939-1945 гг. прадаўжаецца. З цягам часу ў даследчыкаў узнікаюць новыя пытанні, новыя спрэчкі, у выніку якіх праглядаецца шэраг раней безапеляцыйных высноў. Шмат пытанняў і ў айчыннай гістарыяграфіі застаецца спрэчнымі ці да канца не высветленымі. Вось як выглядае іх кароткі пералік:

1. дакладныя звесткі аб колькасці загінуўшых грамадзян СССР і БССР да апошняга часу не выяўлены;

2. уклад саюзнікаў у справу разгрому гітлерызму трактуецца неадназначна. Неапраўдана перабольшваецца на Захадзе роля ЗША і Англіі і недаацэньваецца ўклад народаў СССР у Перамогу;

3. празмерна ўзносяцца талент і здольнасці савецкіх ваеначальнікаў, якія дабіваліся перамог за кошт празмерных і неапраўданых страт з боку салдат. Адначасова аб прыроднай кемлівасці, гераізме і мужнасці, гуманізме, духоўнай і фізічнай сіле салдат і малодшых камандзіраў Чырвонай Арміі гаворыцца мала;

4. амаль не распрацавана пытанне аб штодзённым жыцці простага насельніцтва ва ўмовах вайны – як у тыле Чырвонай Арміі – так і пад акупацыяй нямецкімі войскамі;

5. вельмі важным з’яўляецца пытанне аб ускладанні Захадам адказнасці на кіраўніцтва СССР за развязванне Другой сусветнай вайны, што з’яўляецца спробай перанесці адказнасць за сваю палітыку «замірэння» Германіі;

6. для Беларусі вельмі актуальнымі з’яўляюцца пытанні разгортвання і сутнасці савецкай партызанкі і падпольнага супраціўлення акупантам і дзейнасці іншых антыфашысцкіх арганізацый – такіх як Армія Краёва;

7. мала вядома аб удзеле беларусаў у руху Супраціўлення ў Заходняй Еўропе, а так сама аб удзеле беларусаў у ваенных дзеяннях на баку саюзнікаў у складзе Арміі Андэрса і іншых ваенных фарміраванняў антыгітлераўскай кааліцыі;

8. не менш актуальнымі для Беларусі з’яўляюцца пытанні, звязаныя з калабарацыяй. Аднабаковы падыход да гэтай з’явы не ідзе на карысць нашай навуцы.

Такія аднабаковыя падыходы не з’яўляюцца навуковымі, супярэчаць асноўным прынцыпам гістарызму. Акцэнт на адмоўных, як і перабольшванне станоўчых бакоў не дазваляе аб’ектыўна разгледзець ваенныя і палітычныя працэсы, якія разгортваліся на рубяжы 30-х – 40-х гг. ХХ стагоддзя. У той час задача гістарычнай навукі – праўдзіва асвятляць мінулае, асабліва яго найбольш складаныя, пераломныя старонкі.

Гістарыяграфія, крыніцы

За 60 год, што прайшлі пасля завяршэння Другой сусветнай, заходняя і айчынная гістарыяграфія назапасіла шмат навуковых даследаванняў. Гэта публікацыі дакументаў, артыкулы, навуковыя манаграфіі, мемуары былых вайскоўцаў і палітычных дзеячаў і г.д. У шэрагу краін удзельніц вайны ствараюцца буйныя абагульняючыя працы: у Вялікабрытаніі падрыхтавана 66 тамоў Гісторыі Другой сусветнай вайны, у ЗША вы даюцца 99, у Японіі 100 тамоў. Шмат прац напісана ў Германіі.

У савецкай і айчыннай гістарыяграфіі можна ўмоўна вылучыць некалькі этапаў у вывучэнні і апісанні падзей Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў:

· Першая палова 1940-х гг. Гэта літаратура вайны – інфармацыйная, агітацыйна-прапагандысцкая, яна мела мабілізацыйную і патрыятычную функцыю. Прац навуковага характару яшчэ не было. Але да навуковых прац можна далучыць распрацоўкі савецкага Генеральнага штаба – які планаваў правядзенне буйных вайсковых аперацый;

· Другая палова 1940-х – сярэдзіна 50-х гг. Пасля вайны пачынаецца навуковае даследаванне падзей вайны – але ва ўмовах культу асобы Сталіна пераважае суб’ектывісцкі падыход, перабольшванне ролі І.В.Сталіна ў дасягненні Перамогі над Германіяй;

· Другая палова 50-х – сярэдзіна 60-х гг. У даследаваннях гэтага перыяду вядучае месца адводзіцца кіруючай ролі КПСС у барацьбе на франтах, на акупаванай тэрыторыі і працы ў савецкім тыле. Распрацоўваюцца пытанні героікі савецкага народа;

· Другая палова 60-х – пачатак 80-х гг. У гэты час напісаны фундаментальныя абагульняючыя працы. Але даследчыкі не здолелі выйсці за рамкі ідэалагічных і палітычных ацэнак, панаваўшых у савецкай гістарыяграфіі. Гэтыя працы адпавядаюць крытэрыям усебаковага і аб’ектыўнага разгляду шматлікіх праблем вайны;

· Другая палова 80-х – па наш час. Гэта перыяд крытычнага і комплекснага асвятлення падзей вайны, асабліва маладаследаваных праблем.


Гістарыяграфія. Для беларусаў пачатак другой сусветнай вайны – гэта ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Гэтай падзеі прысвечаны шэраг прац, якія былі апублікаваныя як напярэдадні Айчыннай вайны, так і ў наш час. Гэта артыкулы гісторыкаў У.Палуяна, У.Ладысева, Л.Лыча, В.Селяменева, Я.Бараноўскага, А.Вялікага ў зборніках: «Назаўсёды разам. Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР» (Мн., 1999) і «Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Гісторыя і сучаснасць». Матэрыялы міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі
17-18 верасня 1999 г. (Мн., 2000).

Даследаванні па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны можна падзяліць на некалькі тэматычных групаў. Адна з найбольш вялікіх – гэта гістарыяграфія вайсковых аперацый. Першыя працы з’явіліся ў канцы 40 – пачатку 50-х гг.: І.Р.Караткоў і С.М.Шышкоў «Победа Красной Армии в Белоруссии» (М., 1946), Я.Салдаценка «Советская Армия – освободительница Белоруссии» (Мн., 1948), М.М.Мінасян «Победа в Белоруссии: Пятый Сталинский удар!» (М., 1952). У гэтых працах разглядаліся толькі перамогі над вермахтам у 1943-1944 гг. У 60-80-х гг. з’явіліся працы, у якіх аналізаваліся прычыны няўдач Чырвонай Арміі летам 1941 г.: В.А.Анфілаў «Начало Великой Отечественной войны» (М., 1962), «Провал «блицкрига» (М., 1974), М.К.Андрушчанка «Народное ополчение Белорусси» (Мн., 1980), «На земле Белорусии летом 1941 г.» (М., 1985), Я.С.Паўлаў «В суровом сорок первом» (Мн., 1985) і іншыя.

Найбольш распрацаванай тэмай (і не выпадкова) з’яўляецца гісторыя партызанскага руху на Беларусі. Першыя працы належаць партыйным і дзяржаўным кіраўнікам, арганізатарам партызанскага руху – П.К.Панамарэнку, М.В.Зімяніну, Ц.С.Гарбунову. З канца 40-х гг. пачалі з’яўляцца і навуковыя даследаванні С.Ф.Ажгірэя, Н.Е.Гракава, Ф.В.Круглікава, П.Я.Цярэнцева і інш. У 1951 г. пад аўтарствам Л.Цанавы з’яўляецца калектыўная праца беларускіх гісторыкаў «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков» у двух тамах. У манаграфіі выкарыстана вялікая база крыніц, грунтоўна распрацаваны пытанні стварэння і дзейнасці партызанскіх фарміраванняў, упершыню асветлена дзейнасць Арміі Краёвай. У 50-80-я гады з’явілася звыш 40 манаграфій і 100 кніг мемуараў, якія былі прысвечаны пытанням партызанскага руху і падпольнай барацьбы на Беларусі. Выключную каштоўнасць для далейшых даследаванняў маюць: зборнік дакументаў і матэрыялаў у трох тамах «Всенародная борьба в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (нюнь 1941 – нюль 1944)», «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков» у трох тамах, а так сама чацвёрты том «Гісторыі Беларускай ССР» выдадзены ў 1975 г., які цалкам прысвечаны падзеям другой сусветнай вайны на Беларусі.

Яшчэ адна група даследаванняў прысвечана дзейнасці нямецкага акупацыйнага рэжыму на Беларусі. Па адзначанай праблеме выдадзены дзесяткі зборнікаў дакументаў і матэрыялаў, манаграфій. Сярод іх працы М.М.Загарулькі, А.Ф.Юдзянкова «Крах экономических планов фашистской Германии на временно оккупированной территории СССР» (М., 1970), І.С.Краўчанкі, А.І.Залескага, В.П.Раманоўскага «Немецко-фашистский оккупационный режим (1941-1944 гг.)» (Мн., 1965), А.А.Фактаровіча «Крах аграрной политики немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии» (Мн., 1979) і інш. Беларускія эмігранты – былыя дзеячы калабарацыі – займаліся выданнем зборнікаў дакументаў, мемуараў і навуковых прац: «Другі ўсебеларускі кангрэс» (Мюнхен, 1954), «За дзяржаўную незалежнасць Беларусі» (Лондан, 1960), К.Акула «Змагарныя дарогі» (Мюнхен, 1962), Я.Малецкі «Пад знакам Пагоні. Успаміны» (Таронта, 1976), I.Касяк «3 гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу» (Нью-Йорк, 1956), Шнэк У. «Беларуская Краёвая Абарона» (Мельбурн, 1984) і інш., у якіх са свайго пункту гледжання асвятлялі падзеі падчас акупацыі яе гітлераўскай Германіяй.

У апошні час пачалі з’яўляцца працы, прысвечаныя ліквідацыі шматлікіх «белых плям» падзей вайны на Беларусі. Гэта тычыцца гісторыі польскай Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі, пра дзейнасць якой выйшлі працы Ю.Весялкоўскага «Што прывяло Армію Краёву на Беларусь» (Лондан, 1995), В.І.Ермаловіча, С.У.Жумара «Огнём и мечом: хроника польского националистического подполья в Белоруссии (1939-1953 гг.)» (Мн., 1994) і Я.І.Сямашкі «Армія Краёва на Беларусі» (Мн., 1994). Праблеме беларускага калабарацыянізму прысвечана кніга А.К.Салаўёва «Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах» (Мн., 1995), манаграфія А.А.Кавалені «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі 1941-1944: Вытокі. Структура. Дзейнасць» (Мн., 1999). Сістэма акупацыйнай прапаганды на Беларусі ў 1941-1944 гг. была прааналізавана ў манаграфіі С.У.Жумара «Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны» (Мн., 1996). Усе гэтыя пытанні разглядаліся ў працы Ю.Туронка «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (Мн.,1993).

Новыя падыходы ў навукоўцаў з’яўляюцца ў даследаваннях традыцыйных тэм савецкай партызанкі і падполля. У 1992 г. выйшла праца К.І.Дамарада «Партийное подполье и партизанское движение в Минской области 1941-1944», у 1995 г. калектыўная праца «Мінскае антыфашысцкае падполле». На старонках гэтых кніг вяртаецца добрае імя Кавалёву – аднаму з кіраўнікоў савецкага падполля ў г. Мінску. Па новаму разглядаюцца ў даследаваннях і армейскія аперацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.: у І.В.Цімаховіча «Битва за Белоруссию 1941-
1944 гг.» (Мн., 1994), У.І.Лемяшонка «Вызваленне - без грыфа «Сакрэтна!» (Мн., 1996), I.А.Басюка «Навагрудскі кацёл» (Мн., 1998).

Разам з тым многія «белыя плямы» яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Па сутнасці – сапраўднае вывучэнне падзей Другой сусветнай вайны на Беларусі толькі пачынаецца.

Мюнхенскае пагадненне

Да 1938 г. узрасла напружанасць ў Еўропе. У лістападзе 1937 г. Гітлер на нарадзе з ваенным кіраўніцтвам паставіў мэту – далучыць да Рэйху Чэхаславакію, якая займала выгаднае стратэгічнае палажэнне ў цэнтры Еўропы і мела добра развітую прамысловасць (10-е месца ў свеце). Гэта было магчыма толькі пры нейтральнай пазіцыі Францыі і Англіі. Н.Чэмберлен
24 сакавіка 1938 г. заявіў, што адмаўляе Чэхаславакіі ў дапамозе пры агрэсіі з боку Германіі. Але ўрад Чэхаславакіі разлічваў на дагаворы аб узаемадапамозе з Францыяй і СССР. 22 жніўня 1938 г. нарком замежных справаў СССР М.Літвінаў заявіў германскаму паслу ў СССР Шуленбургу, што СССР акажа Чэхаславакіі усялякую падтрымку, якую тая запросіць. Да верасня 1938 г. на заходняй мяжы СССР сканцэнтраваў 40 дывізій і танкавы корпус, яшчэ 36 дывізій рыхтавалася да перакідвання. Але 27 верасня 1938 г. Н.Чэмберлен папярэдзіў прэзідэнта Чэхаславакіі Э.Бенеша аб неўмяшальніцтве ў канфлікт з Германіяй Англіі і Францыі.

Цікава, што зачэпкай для захопу краіны стала пытанне аб становішчы нацыянальнай меншасці у Чэхаславакіі – судэцкіх немцаў. Нібыта ў гэтай краіне правы немцаў былі абмежаваныя. У красавіку 1938 г. судэта-нямецкая партыя лідэра Генлейна, абапіраючыся на фінансавую і палітычную падтрымку Берліна, запатрабавала ад урада шырокай аўтаноміі – а па сутнасці – выхаду вобласці са складу Чэхаславакіі. Так была выкарыстаная карта распальвання міжнацыянальнай варожасці ўнутры адной краіны. У напружаных абставінах урады Вялікабрытаніі і Францыі патрабавалі ад Э.Бенеша адмовіцца ад пагаднення з Савецкім Саюзам і ўступіць Гітлеру.

29-30 верасня 1938 г. у Мюнхене была склікана канферэнцыя, у якой бралі ўдзел А.Гітлер, Н.Чэмберлен, Э.Даладзье і Б.Мусаліні. Па пагадненню Чэхаславакія страціла 1/5 тэрыторыі і каля 5 млн. чалавек насельніцтва, 33% прамысловых прадпрыемстваў. Праз некаторы час Германія аб’явіла Чэхаславакію ачагом «небяспекі і пагрозы еўрапейскаму міру» і падштурхнула Славакію да аддзялення ад Чэхіі. 18 сакавіка 1939 г. Славацкая рэспубліка была афіцыйна ўзятая пад «ахову» германскага Рэйху. А 16 сакавіка 1939 г. чэшскія вобласці Багемія і Маравія сталі «германскім пратэктаратам», іншыя раёны краіны перадаваліся Польшчы і Венгрыі.

22 сакавіка 1939г. Германія пад пагрозай ваеннай акцыі дамаглася ад Літвы перадачы Рэйху Клайпеды (Мемель) – буйнога марскога порта на Балтыцы. Ужо ў красавіку 1939 г. Гітлер разарваў дамоўленасці з Англіяй аб марскіх узбраеннях, а Італія распачала ваенную акупацыю Албаніі. Такім чынам, Мюнхенскае пагадненне стала рашаючай падзеяй на шляху развязвання Другой сусветнай вайны. Палітыка «замірэння» агрэсараў, якую праводзілі Вялікабрытанія, Францыя, не дазволіла стварыць адзіны фронт дзяржаў, здольны разам супрацьстаяць блоку агрэсараў. 11 красавіка 1939 г. Гітлер зацвердзіў «Дырэктыву аб адзінай падрыхтоўцы узброеных сіл да вайны на 1939-1940 гг.». У гэтым дакуменце паслядоўна былі вызначаны прыярытэты германскай агрэсіі – спачатку Польшча, потым Францыя і Англія, а так сама іх дробныя еўрапейскія саюзнікі і толькі ў апошнюю чаргу – «паход на Усход». Аб гэтых планах адразу стала вядома ў Лондане, Парыжы, Вашынгтоне і Маскве. Згубнасць палітыкі «замірэння» стала відавочнай для ўсіх патэнцыяльных ахвяр Германскай агрэсіі.

Спроба стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе

Мерапрыемствы па стварэнню сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе храналагічна можна падзяліць на два перыяды. Мяжа паміж імі праходзіць вясной 1939 г. Першы перыяд характарызуецца панаваннем палітыкі «замірэння», ігнараваннем ролі СССР у супрацьстаянні блоку агрэсіўных дзяржаў, надзеямі заходніх дэмакратый павярнуць германскую агрэсію супраць СССР. У другі перыяд прыходзіць да лонданскіх і парыжскіх палітыкаў разуменне неабходнасці цесных кантактаў з Масквой у стварэнні еўрапейскай сістэмы бяспекі.

Важным этапам фарміравання міждзяржаўных адносін з’явілася праца Жэнеўскай міжнароднай канферэнцыі па разбраенню (1932-1935 гг.) з удзелам прадстаўнікоў 63 краін. Дэлегацыя СССР прапанавала здзейсніць прынцып усеагульнага і поўнага разбраення, але іншыя дзяржавы не падтрымалі гэтую прапанову. Па ініцыятыве СССР у маі 1935 г. былі падпісаны савецка-французскі і савецка-чэхаславацкі пакты аб узаемадапамозе супраць агрэсіі. Гэтыя ініцыятывы маглі б стаць сур’ёзным падмуркам стрымлівання агрэсіўнай палітыкі Германіі і яе саюзнікаў і паслужыць асновай стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Але сур’ёзнай перашкодай для знешняй палітыкі СССР былі пастановы VI кангрэса Камінтэрна (1928 г.) дзе гаварылася аб хуткай «сусветнай рэвалюцыі» і краху сістэмы капіталізму. Такія ўстаноўкі УКП(б) і Камінтэрна ў большасці краін захаду ўспрымаліся як заклік да «сусветнай рэвалюцыі». Не дабаўлялі міжнароднага аўтарытэта Савецкаму Саюзу сталінскія рэпрэсіі. Палітычная актыўнасць на міжнароднай арэне Масквы ў 30-я гг. успрымалася як спроба навязаць камуністычныя ідэалы. Толькі ў 1939 г. ад гэтых стэрэатыпаў пачалі адыходзіць.

У сакавіку-красавіку 1939 г. урады Англіі і Францыі прадставілі Польшчы, Грэцыі, Румыніі і Турцыі дадатковыя гарантыі бяспекі. У сакавіку 1939 г. пачаліся кансультацыі паміж урадамі СССР, Англіі і Францыі аб магчымым падпісанні пагаднення аб узаемадапамозе і аказанні помачы іншым еўрапейскім краінам, супраць якіх пачалася агрэсія. Савецкаму Саюзу прапаноўвалі аказваць неадкладную ваенную дапамогу не толькі Англіі і Францыі, але і тым краінам, якім яны гарантавалі бяспеку, што было заведама непрымальнай для савецкага ўрада ўмовай, бо яны не ўтрымлівалі прынцыпу ўзаемнасці і ставілі СССР у няроўнае становішча. У іх не прадугледжвалася абавязкаў дапамогі Англіі і Францыі СССР у выпадку нападзення Германіі на Савецкі Саюз.

З 15 чэрвеня па 2 жніўня 1939 г. «перамовы дзеля перамоваў» праходзілі ў Маскве, адбылося 12 пасяджэнняў. У выніку былі дасягнутыя дамоўленасці аб прадаўжэнні перамоў і аб падпісанні палітычнага і ваеннага пагадненняў.

Ваенныя місіі прыбылі ў Маскву толькі 11 жніўня, але яны мелі права падпісваць пагадненні. З 12 па 21 жніўня адбылося дзевяць пасяджэнняў, 15 жніўня на прапанову кіраўніка Генштаба Чырвонай Арміі Б.М.Шапашнікава дэлегацыям Англіі і Францыі не было што адказаць. Да таго, паўстала праблема праходу савецкіх войск праз польскую тэрыторыю. Польшча катэгарычна не згаджалася на ўвод Чырвонай Арміі на сваю тэрыторыю. Яна разлічвала на дагавор ад 19 мая 1939 г. з Францыяй, па якому апошняя аказвала неадкладную дапамогу Варшаве. 25 жніўня 1939 г. пагадненне аб узаемадапамозе з Польшчай падпісала Англія. Варшава спадзявалася на дапамогу з Захаду і ігнаравала прапановы Масквы. Перамовы зайшлі ў тупік.

Адначасова Берлін працягвай дыпламатычную гульню як з Лонданам і Парыжам, так і з Масквой. Да апошняга часу першым Гітлер даваў надзею на тое, што яго агрэсія будзе накіравана ў першую чаргу супраць СССР, і гэты факт паралізаваў магчымасці брытанскай і французскай дыпламатыі да крытычнага ўспрымання рэчаіснасці, якая склалася ў свеце. 11 жніўня швейцарскі дыпламат К.Буркхардт са згоды ўрадаў Англіі і Францыі сустракаўся з Гітлерам, які завяраў Захад у антысавецкім накірунку сваёй палітыкі. Пра гэтыя кантакты ведалі ў Маскве, што не дабаўляла даверу гэтым краінам. Мэта Гітлера – не дапусціць складвання адзінага антыгерманскага фронту вялікіх дзяржаў была з поспехам дасягнутая. З мая 1939 г. і Масква пачала атрымліваць канкрэтныя прапановы па заключэнню міждзяржаўнага пагаднення. Каб пазбегнуць пагрозы складвання шырокай антысавецкай кааліцыі, СССР ідзе на кантакты з Гітлерам.

Савецка-германскія дагаворы

26 ліпеня 1939 г. савецкаму паверанаму ў Берліне Г.Астахаву было заяўлена аб жаданні Германіі «на справе даказаць магчымасці дамовіцца па любым пытанням, даць любыя гарантыі» СССР. Савецкі ўрад праяўляў празмерную асцярожнасць, змяняючы назвы кантактаў з Берлінам з «перамоваў» на «размовы». Апошняя прапанова з Берліна заключыць дагавор аб ненападзенні прыйшла ў Маскву 20 жніўня. А ўжо 23 жніўня ў Маскву прыляцеў германскіміністр замежных спраў І.Рыббентроп, які вечарам 23 жніўня падпісаў разам з П.Молатавым германа-савецкі дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў. Адначасова быў падпісаны «сакрэтны дадатковы пратакол». У ім агаворвалася пытанне аб размежаванні сфер інтарэсаў ва Усходняй Еўропе – гэтае ёсць падставай абвінавачваць СССР у пасобніцтве германскай агрэсіі. Ці так гэта? Сапраўды, Савецкі Саюз атрымліваў гарантыі бяспекі, але дакумент не ўтрымліваў артыкулаў аб ваенным супрацоўніцтве і не абавязваў бакі весці баявых дзеянняў супраць трэціх краін, альбо аказваць дапамогу ў ваенных канфліктах. Пагадненні не рабілі СССР і Германію саюзнікамі ні фармальна, ні фактычна. Тым не менш, СССР стаў староннім наглядальнікам за тым, як Германія па чарзе разграміла асноўных канкурэнтаў у Еўропе і падрыхтавала базу да нападу на СССР. СССР ад палітыкі стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі перайшоў да палітыкі фарміравання асабістай сферы ўплыву ў Еўропе і тэрытарыяльнай экспансіі. З восені 1939 г. Масква апынулася ў стане поўнай міжнароднай ізаляцыі.

Але, разам з тым, дагавор меў і станоўчыя вынікі – асабліва для народа Беларусі. Ажыццявілася ўз’яднанне беларускага народа, аднавілася гістарычная справядлівасць. За перадваенныя гады на Усходзе краіны было ўведзена ў эксплуатацыю звыш 9 тыс. новых заводаў, фабрык, шахт, што садзейнічала ўмацаванню абароны дзяржавы. Падпісаны германа-савецкі дагавор не мог паўплываць на рэалізацыю планаў Берліна па развязванні агрэсіі супраць Польшчы.

Вынікі: Такім чынам, на працягу 1930-х гг. ініцыятывы СССР па стварэнню калектыўнай сістэмы бяспекі на еўрапейскім кантыненце вельмі цяжка знаходзілі паразуменне з боку кіруючых колаў Англіі, Францыі, Польшчы. Урады гэтых краін больш імкнуліся дасягнуць сваёй бяспекі за кошт СССР, накіроўвалі агрэсію нацысцкай Германіі на Усход. У выніку Савецкі Саюз прымае прапановы Германіі і падпісвае з ёй дагавор аб ненападзенні. Далейшая гісторыя пакажа памылковасць такой палітыкі – але і Захад у адносінах з Берлінам памыляўся не адзін раз.

Савецка-фінляндская вайна

З жніўня 1939 г. Масква праводзіла палітыку далучэння да СССР тэрыторый, уключаных у сваю «сферу ўплыву» згодна з сакрэтнымі пратаколамі да савецка-германскіх пагадненняў. Апошняй у чарзе стаяла Фінляндыя – з увядзеннем яе ў палітычную арбіту Масквы, па-сутнасці, аднаўлялася былая мяжа Расійскай імперыі пачатку XX ст. Вырашэнне фінляндскага пытання адпавядала і мэце забеспячэння бяспекі паўночна-заходніх подступаў да Ленінграда, бо мяжа праходзіла ў 32 км. ад горада. Сучасныя артылерыйскія сістэмы дазвалялі абстрэльваць калыску рэвалюцыі з тэрыторыі Фінляндыі.

У кастрычніку 1938 г. па кастрычнік 1939 г паміж СССР і Фінляндыяй ішлі перамовы аб урэгуляванні савецка-фінскай мяжы. Савецкі Саюз прапанаваў Суомі перадаць сабе ў арэнду на 30 год порт Ханко, а так сама абмяняць частку фінскай тэрыто-
рыі – 2761 кв. км на 5529 кв. км савецкай тэрыторыі ва ўсходняй Карэліі. Але на значна меншай фінскай тэрыторыі знаходзілася
8 буйных цэлюлозна-папяровых камбінатаў і ГЭС Раўхала, якая вырабляла трэцюю частку энергіі ў Фінляндыі, а так сама развітая транспартная сетка. СССР прапаноўваў незаселеную і нераспрацаваную тэрыторыю.

Фінскі бок адхіліў прапановы Масквы. СССР выкарыстаў ваенны інцыдэнт на мяжы і 30 лістапада 1939 г. часткі Чырвонай Арміі перасеклі савецка-фінляндскую мяжу. Кіраўніцтва СССР разлічвала на хуткую перамогу – за 14 дзён, аднак вайна зацягнулася. У складзе Чырвонай Арміі на савецка-фінскім фронце ўдзельнічала ад 550 да 760 тыс. чал. Вайна была дрэнна падрыхтавана, кіраўніцтва краіны не дала Генштабу часу для распрацоўкі дэталёвага плана дзеянняў і разгортвання ваенных частак. Фінскае камандаванне вельмі ўдала выкарыстоўвала ўсе магчымасці мясцовасці і прыродных умоваў, а так сама магутнасці «лініі Манэргейму». Таму на першым этапе баёў у снежні 1939 г. яны мелі пэўныя перавагі, а савецкія войскі панеслі вялізарныя страты. З 11 лютага 1940 г.пачаўся другі этап ваенных дзеянняў. Чырвоная Армія была ўзмоцнена танкавымі і авіяцыйнымі злучэннямі, атрымала цёплае абмундзіраванне. У пачатку сакавіка была пераадоленая «лінія Манергэйма», і войскі пачалі наступленне на сталіцу Фінляндыі.

Збоку СССР у ваенных дзеяннях прымалі ўдзел да 760 тыс. чалавек, 11 тыс. гармат, 3000 танкаў, 3000 самалётаў, караблі Балтыйскага і Паўночнага флатоў, Ладажскай флатыліі. З боку Фінляндыі – усе яе ўзброеныя сілы колькасцю каля 600 тыс. чалавек (разам з рэзервам), каля 900 гармат, 270 самалётаў, 60 танкаў і 29 караблёў. Ваенную і дыпламатычную падтрымку фінам аказвалі Англія, Францыя, Швецыя, Нарвегія, Італія. На баку фінаў змагаліся тысячы дабравольцаў з Еўропы і Амерыкі. Вялікія краіны дамагліся 14 снежня 1939 г. выключэння СССР з ліку членаў Лігі Нацый. Ужо 2 снежня 1939 г. ЗША ўвялі «маральнае эмбарга» на пастаўкі ў СССР авіяцыйнай тэхнікі і тэхналогій. А англійскі ваенны кабінет разгледзеў 7 лютага
1940 г. мерапрыемствы па ажыццяўленню інтэрвенцыі супраць Савецкага Саюза, нават планавалася нанесці паветраныя бомбавыя ўдары па нафтавых промыслах Закаўказзя.

Цікава, што з пачаткам вайны на тэрыторыі Фінляндыі быў створаны паўстанцкі «ўрад Фінляндскай Дэмакратычнай Рэспублікі» – ці так званы «ўрад Куусінена». Гэтая акцыя была дзейснай спробай палітычнага націску на Хельсінкі. Яна давала зразумець ураду Суомі, што непрыняцце патрабаванняў СССР можа прывесці да змены палітычнага строю ў гэтай краіне. Было нават распачата стварэнне «фінляндскай народнай арміі». Падчас перамоваў у сакавіку 1940 г. выкарыстанне фактара «Куусінена» вымусіла Хельсінкі прыняць усе ўмовы савецкага ўрада.
12 сакавіка 1940 г. мірнае пагадненне было падпісана ў Маскве, Фінляндыя захавала свой суверэнітэт, але ўмовы СССР ёй прыйшлося выканаць усе і ў поўным аб’ёме.

Вайна была вельмі непапулярнай сярод савецкага народу. Чырвоная Армія панесла неапраўдана вялікія страты. Гэта 65 тыс. чалавек забітымі, 20 тыс. страчанымі без вестак, параненымі і абмарожанымі каля 200 тыс., захварэўшымі – 51 тыс. чалавек. Вайна паказала слабасць Чырвонай Арміі – што ў вялікай ступені паўплывала на рашэнне Гітлера перапыніць падрыхтоўку нападу на Англію і пераарыентаваць агрэсію на Усход – супраць СССР. Калос у яго ўяўленні стаяў на гліняных нагах.

Вынікі: Як бачна, сацыяльна-палітычныя працэсы ў заходніх рэгіёнах СССР у перадваенныя гады цяжка назваць адназначнымі. Разам з тым, дзякуючы намаганням кіруючых колаў СССР у 1939-1940 гг. адбылося значнае ўзмацненне краіны. Больш чым на 20 млн. чалавек павялічылася колькасць насельніцтва Савецкага Саюза, на 400 тыс. кв. км. пашырылася яго тэрыторыя. У складзе Савецкага Саюза заходнія вобласці Украіны і Беларусі ўключыліся ў агульнасаюзны працэс сацыяльна-эканамічнага развіцця. Асноўным зместам пераўтварэнняў, праведзеных тут у канцы 1939 – першай палове 1940 г., быў падзел памешчыцкіх зямель, нацыяналізацыя банкаў і прамысловасці, рэканструкцыя прамысловых прадпрыемстваў, пачатак калектывізацыі сельскай гаспадаркі, шырокае культурнае будаўніцтва. Абапіраючыся на эканамічны і навукова-тэхнічны патэнцыял усёй краіны, заходнія рэгіёны пасля ўз’яднання зрабілі значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў.

На мяжы з Германіяй

Вясной 1941 г. Генштаб Чырвонай Арміі распрацаваў «План абароны дзяржаўнай мяжы 1941 г.», згодна якому войскі памежных акруг павінны былі не дапусціць ворага на тэрыторыю СССР, скаваўшы яго пад час абароны ў абарончых умацаваных раёнах, што дазволіць правесці мабілізацыю і развёртванне галоўных сіл Чырвонай Арміі, стварыць тым самым умовы для галоўнага наступлення. Гэтыя задачы ўскладваліся на 60 дывізій першага стратэгічнага эшалону, размеркаваныя паміж 5 заходнімі памежнымі акругамі.

Негледзячы на заяву ТАСС ад 14 чэрвеня 1941 г., якая адмаўляла магчымасці вайны з Германіяй, 15 чэрвеня прымаюцца меры па тэрміноваму ўзмацненню баяздольнасці арміі. Гэтыя меры адпавядалі раней прынятым дакументам – «Плану абароны... 1941 г.» і ваеннай дактрыне «прэвентыўнага ўдару».

У красавіку-маі дзеля папаўнення войска заходніх акруг было прызвана з рэзерву (нібыта на ваенныя зборы) 800 тыс. чалавек. У маі пачалася перадыслакацыя бліжэй да мяжы 66 дывізій з унутраных акруг. 12 чэрвеня да мяжы па начах падцягваліся 63 дывізіі рэзерваў заходніх акруг. Войскі прыгранічных акруг складалі каля больш паловы ўсёй Чырвонай Арміі. Часці Заходняй Асобай ваеннай акругі складаліся з 44 дывізій агульнай колькасцю 671,9 тыс. чалавек. У войсках было 10087 гармат і мінамётаў, 2201 танкаў і 1685 самалётаў (у асноўным устарэлых узораў).

Гэта былі буйныя сілы, дастатковыя да паспяховай абароны. Але асабовы склад большасці дывізій, асабліва танкавых фарміраванняў, быў укамплектаваны па штатах мірнага часу. Большасць мабілізацыйных запасаў знаходзілася каля дзяржаўнай мяжы. Чырвоная Армія рыхтавалася да апераджальнага ўдару, таму войскі прыкрыцця для другога і трэцяга стратэгічных эшалонаў не развёртваліся, савецкае ваеннае кіраўніцтва неадэкватна ацэньвала свае магчымасці. Так, асабовы састаў Заходняй асобай ваеннай акругі пад камандаваннем генерала арміі Д.Паўлава налічваў ад 37% да 71% штатаў ваеннага часу ў залежнасці ад канкрэтнай часткі. Забяспечанасць тылавых органаў транспартам складала 40-45%.
З 6 механізаваных карпусоў толькі адзін меў амаль поўную матэрыяльную частку. Асновай танкавага парку і авіяцыі былі машыны ўстарэлых марак. Ваенна-паветраныя сілы размяшчаліся скучана, блізка ля мяжы і не мелі цэнтралізаванага кіравання і сучасных сродкаў сувязі.

Новая граніца пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР заставалася неабсталяванай, будаўніцтва новых 4-ох умацаваных раёнаў – Гродзенскага, Асавецкага, Замброўскага, Брэсцкага толькі адставала ад плану. Да чэрвеня 1941 г. было пабудавана толькі 505, а абсталявана толькі 193 доўгатэрміновых агнявых збудаванняў з запланаваных 1174. Для сістэмы абароны заходніх межаў Беларусі гэта было нішто. Умацаванні старой дзяржаўнай савецка-польскай мяжы паскоранымі тэмпамі разбураліся.

Вынік: Напрыканцы 1930-х гг. па



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2017-01-26; просмотров: 215; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.149.26.176 (0.059 с.)