Жанр рэзюмэ і яго асаблівасці 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Жанр рэзюмэ і яго асаблівасці



 

Побач з традыцыйнымі жанрамі другаснай інфармацыі – рэфератам, анатацыяй і аглядам – выкарыстоўваюцца так званыя рэзюмэ – вывады, ці сціснутыя вывады. Сутнасць іх у наступным: даследчык звычайна пасля прачытання артыкула па сваёй спецыяльнасці прыходзіць да якой-небудзь высновы адносна змешчаных у ім звестак. Гэтая выснова можа быць скарочана запісана за некалькі хвілін.

Рэзюмэ-вывад не ідэнтычны рэферату. Па-першае, ён карацей; па-другое, дзякуючы яго мінімальнаму памеру ён значна даўжэй застаецца ў памяці. Выбар моўных сродкаў для пабудовы рэзюмэ-вывадаў падпарадкаваны асноўнай задачы кампрэсіі (згортвання) інфармацыі: мінімум моўных сродкаў - максімум інфармацыі.

Гэта звычайна адзін - тры выразныя, сціслыя, дакладныя сказы, якія раскрываюць, на думку аўтара, самую сутнасць апісваемага аб'екта. Напрыклад:

На аснове вылічэння тыпізаваных адносінаў будуецца вылічэнне функцыянальных структур, прызначаных для апісання гэтых структур і працэсаў, што ў іх адбываюцца. Разглядаюцца магчымасці яго выкарыстання.

 

Празмернае выкарыстанне цукрозы з'яўляецца важным фактарам з'яўлення інфаркту міякарда і перыферыйнай артэрыяльнай недастатковасці.

 

Указальнікі індэксаў поўных загалоўкаў серый больш танныя і карысныя за іншыя ўказальнікі, але часам яны ўпускаюць каштоўныя звесткі.

 

Вырашаецца задача сінтэзу мульціМП сістэм з нарастальнай структурай матрычнага камутатара. Прапануемы падыход дазваляе павысіць прапускную здольнасць камутацыйных структур і надзейнасць сістэмы ўвогуле.

ТЭЗІСЫ

 

Вельмі часта пры рабоце з навуковым тэкстам даследчыку даводзіцца складаць яго план.

Форма запісу ў выглядзе плана надзвычай важная для аднаўлення ў памяці зместу прачытанага, для развіцця навыку дакладанага фармулявання думак.

Складанне плана - працэс працаёмкі. Тут патрэбна выключная дакладнасць, вельмі ўдумлівы падыход да падбору кожнага слова.

Удала складзены план гаворыць аб уменні аналізаваць тэкст, аб ступені засваення яго зместу.

Планы бываюць некалькіх тыпаў:

- пытальны;

- назыўны;

- тэзісны;

- план - апорная схема.

Усе яны фіксуюць інфарматыўныя цэнтры (асноўныя думкі, рэмы) тэксту, толькі кожны па-свойму: пытальны - у форме пытанняў, а тэзісны - у форме тэзісаў.

Тэзіс 6 звычайна супадае з інфарматыўным цэнтрам абзаца. Па складу тэзісы падзяляюцца на тэзісы намінатыўнага ладу, якія складаюцца з назыўных сказаў пераважна з аддзеяслоўнымі назоўнікамі, і тэзісы дзеяслоўнага ладу, якія складаюцца са сказаў з выказнікамі.

Тэзісы дзеяслоўнага ладу сустракаюцца часцей.

Плану, складзенаму з тэзісаў намінатыўнага ладу, звычайна даюць найменне назыўны, плану з тэзісаў дзеяслоўнага ладу – тэзісны.

Параўнаем назыўны і тэзісны планы да тэксту "Гукі, якія мы не чуем"

Тэкст "Гукі, якія мы не чуем"

Многія жывёлы і птушкі (магчыма, каб схаваць сваё перамяшчэнне ад чалавека!) карыстаюцца гукамі, якія мы не чуем.

Добра вядомы прыклад кажаноў, якія маюць ультрагукавы лакатар: пасылаючы і ловячы адлюстраваныя ад сценаў і галінаў дрэва ультрагукавыя хвалі, кажаны лёгка агібаюць самыя тонкія і дробныя перашкоды ў апраметнай цемры.

Прырода часта надзяляе свае стварэнні самымі дзіўнымі прыкладамі. Многія чулі пра рыб з чатырма вачыма, але, пэўна, менш вядома, што, напрыклад, у коніка вушы размешчаны … на яго шырока расстаўленых нагах. Гэта падаецца нам дзіўным, але, пэўна, такое тэхнічнае рашэнне найбольш разумнае: размясці Прырода органы адчування гуку на маленькай галовачцы коніка, наколькі цяжэй было б яму даведвацца, з якога боку набліжаецца небяспека!

Інжынеры і вынаходнікі нашых дзён знайшлі для ўльтрагуку і інфрагуку самае шырокае выкарыстанне. Інфрагук аказаўся вельмі зручным для дальняй падводнай сувязі, для хуткага адшукання перашкод пад вадой. Ультрагук вельмі добра ачышчае паверхню любых крышталяў ад дробных забруджванняў, крышыць руду, бачыць схаваныя ракавіны і дэфекты ў металах і сплавах, пранікае скрозь тканкі чалавечага цела, дапамагае атрымаць аб'ёмную выяву унутраных органаў чалавека. Ультрагуку ў гэтым ідзе насустрач сама будова чалавечага арганізма - межы паміж сасудамі і крывёю, паміж пухлінаю і нармальнай тканкай па-рознаму адлюстроўваюць ультрагук, дазваляючы заўважыць тонкія змены ў структуры і размяшчэнні ўнутраных органаў. Пры гэтым ультрагук цалкам бясшкодны для чалавечага арганізма.

Ва ўсёбачнага рэнтгенаўскага выпраменьвання, якім нельга злоўжываць, з'явіўся сябар-сапернік. Ультрагукавыя аналізы доктар можа, калі гэта падасца яму неабходным, рабіць без усякіх наступстваў для здароўя хворага некалькі разоў на дзень.

 

Назыўны план Тэзісны план
1. Выкарыстанне жывёламі і птушкамі нячуемых гукаў 1. Многія жывёлы і птушкі карыстаюцца гукамі, якія мы не чуем.
2. Прыклады, створаныя прыродай 2. Прырода часта надзяляе свае стварэнні самымі дзіўнымі прыкладамі.
3. Выкарыстанне ўльтрагуку і інфрагуку ў нашыя дні 3. Інжынеры і вынаходнікі знайшлі ўльтрагуку і інфрагуку самае разнастайнае выкарыстанне.
4. Сябар-сапернік рэнтгенаўскага выпраменьвання. 4. У рэнтгенаўскага выпраменьвання з'явіўся сябар-сапернік.

 

Падводзім вынікі: Тэзіс – гэта сцісла сфармуляванае асноўнае палажэнне абзаца, тэксту лекцыі, даклада і г.д. Колькасць тэзісаў тэксту супадае з колькасцю інфарматыўных цэнтраў тэксту.

 

Неабходна яшчэ адзначыць, што тэзісы бываюць другаснымі і арыгінальнымі (гл.: Колесникова, 2003, 44).

Другасныя тэзісы пішуцца з мэтай выдзялення галоўнай інфармацыі якой-небудзь крыніцы (напрыклад, навуковага артыкула). Такія тэзісы неабходныя для далейшай навуковай працы (у прыватнасці студэнтам, аспірантам).

Арыгінальныя тэзісы пішуцца як першасны тэкст да будучых выступленняў (напрыклад, на семінары, канферэнцыі, кангрэсе і пад.). Такія тэзісы публікуюцца ў спецыяльных зборніках.

6.5. ЦЫТАТА 7 Ў НАВУКОВЫХ ТЭКСТАХ

 

Неабходнай умовай любой навуковай працы з'яўляецца цытаванне. Вельмі часта цытата дапамагае пацвердзіць правільнасць уласнага пункту гледжання, робіць рэферат, даклад, курсавое даследаванне і пад. больш значным і важкім.

Правілы афармлення цытат:

Невершаваная цытата заўсёды бярэцца ў двукоссе; калі цытата суправаджаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова. Напрыклад: Піфагору прыпісваюць выказванне: "Усё ёсць лік". Да лікаў (а ён меў на ўвазе толькі натуральныя лікі) ён хацеў звесці ўвесь свет, і матэматыку ў прыватнасці (гл.: Энцикл. словарь юного математика, 1989, 28).

Цытата, уключаная ў тэкст як частка сказа, пачынаецца з малой літары (у адным сказе можа быць некалькі цытат). Напрыклад: Згодна з Ф.Энгельсам, "чыстая матэматыка мае сваім аб'ектам прасторавыя формы і колькасныя адносіны рэчаіснага свету". Гэтае вызначэнне не толькі апісвае аб'ект вывучэння матэматыкі, але і указвае яго паходжанне - рэчаісны свет (гл.: Энцикл. словарь юного математика, 1989, 174).

Пропуск слоў у цытатах ці абрыў цытавання абазначаецца шматкроп'ем. Напрыклад: У гэтых лекцыях, выказваючыся словамі Р.Фейнмана, "… буду расказваць, як упарадкавана Прырода, але калі вам не падабаецца, як яна упарадкавана, гэта будзе перашкаджаць вашаму разуменню. Фізікі навучыліся вырашаць гэтую праблему: яны зразумелі, што падабаецца ім тэорыя ці не - няважна. Важна іншае - ці дае тэорыя прадказанні, якія ўзгадняюцца з эксперыментам…" (гл.: Энцикл. словарь юного математика, 1989, 4).

Цытата абавязкова суправаджаецца спасылкай на аўтара, якога цытуюць.

Спасылкі афармляюцца паводле ўстаноўленага ДАСТа.

7. ПІСЬМОВЫЯ ДАКУМЕНТЫ Ў СФЕРЫ АФІЦЫЙНА-СПРАВАВЫХ ЗНОСІН

 

Афіцыйна справавы стыль з’яўляецца адной з разнавіднасцей літаратурнай мовы, абслугоўвае адміністрацыйна-прававую дзейнасць чалавека. Да агульных стылявых рысаў тэкстаў, што забяспечваюць гэтую камунікатыўную дзейнасць, характэрны аб’ектыўнасць, афіцыяльнасць, высокая ступень стандартызацыі, дакладнасць, лагічнасць, лаканічнасць, канкрэтнасць, паўната выказвання, адсутнасць вобразнасці і эмацыянальнасці.

Моўныя асаблівасці гэтага стылю знаходзяцца ў прамой залежнасці ад жанру і зместу дакумента, абумоўлены яго задачамі і патрабаваннямі. Паняцце “дакумент” (лац. documentum – доказ, сведчанне) вызначаецца як матэрыяльны аб’ект з інфармацыяй, замацаванай створаным чалавекам спосабам для яе перадачы ў часе і прасторы” (гл.: ДАСТ 16483-83, 2). Усякі дакумент можа разглядацца з розных бакоў: спосабу фіксацыі, носьбіта інфармацыі, выконваемых дакументам функцый.

Службовы (афіцыйны) дакумент – гэта дакумент, які створаны арганізацыяй, прадпрыемствам, установай ці службовай асобай і аформлены ва ўстаноўленым парадку. Пад службовай асобай трэба разумець асобу, якая ажыццяўляе функцыю прадстаўніка ўлады ці займае пасаду, звязаную з выкананнем арганізацыйна-распарадчых ці адміністрацыйных абавязкаў. (гл.: Давыдава, 2002, 10).

У афіцыйных дакументах выклад ідзе ў стылі прадпісання, канстатацыі, сцверджання. Гэта выяўляецца ў адметнасці выкарыстання моўных сродкаў і характарызуецца ўжываннем:

1) прававой, юрыдычнай, грамадска-палітычнай тэрміналогіі (апеляцыя, вымова, тарыф, сабекошт);

2) лексем з семантычным адценнем прымусовасці (забараняць, мера, рашэнне, не церпіць адкладу);

3) нейтральных агульнаўжывальных сродкаў (назвы з’яў прыроды, прадуктаў чалавечай дзейнасці і г.д.);

4) агульнавядомых лексем у якасці тэрмінаў (пакупнік, заказчык);

5) невялікай колькасці вузкаспецыяльных тэрмінаў (камісіянер, омбудсмен, каніфікацыя);

6) вялікай колькасці аддзеяслоўных назоўнікаў (бяздзеянне, ліквідатар);

7) інфінітыва (аказаць, аб’явіць);

8) дзеепрыметнікаў незалежнага стану на -уч- (-юч-), -ач- (-яч-) і залежнага на -ем-, -ім- (бягучы, апякаемы);

9) складаных адыменных прыназоўнікаў (у адносінах, у мэтах);

10) канцылярскіх штампаў – устойлівых зваротаў, якія паўтараюцца пры апісанні аднолькавых сітуацый, абазначэнні пашыраных паняццяў (прыцягнуць да адказнасці, узяць пад кантроль).

Функцыя любога дакумента патрабуе таго, каб ён быў выкладзены лагічнай зразумелай мовай. У дакументах адсутнічаюць дыялектызмы, жарганізмы, аргатызмы, стылістычна-афарбаваныя словы. Пры складанні дакументаў рэкамендуецца ўжываць простыя сказы, устойлівыя (трафарэтныя) словазлучэнні, пазбягаць без неабходнасці слоў іншамоўнага паходжання, не дапускаць плеаназмаў (свая аўтабіяграфія) і таўталогіі (з’ява з’яўляецца). У тэкстах дакументаў прымяняюцца агульнапрынятыя скарачэнні (г. Брэст – горад Брэст), указваюцца канкрэтныя даты лічбавым спосабам (05.05.2006).

Афіцыйнаму стылю ўласцівы неасабовы характар выказвання.

У сучасным беларускім справаводстве назіраецца актыўнае перайманне моўных сродкаў з рускай мовы. Адсюль назіраецца ўжыванне варыянтаў, сінонімаў: дагавор – дамова, тыраж – наклад, спонсар – фундатар.

У дзейнасці кожнай арганізацыі, установы, прадпрыемства ствараецца вялікая колькасць арганізацыйна-распарадчых дакументаў, што забяспечваюць арганізацыю працэсаў кіравання. Усе дакументы дзеляцца на наступныя групы:

- распарадчыя (загад, распараджэнне, указанне, пастанова, рашэнне);

- арганізацыйныя (статуты арганізацыі, палажэнне аб арганізацыі, штатны загад, правілы ўнутранага распарадку, графік адпачынкаў і інш.);

- даведачна-інфармацыйныя (акт, ліст, дакладная і тлумачальная запіскі, даведка і інш.).

Спіс прыведзеных дакументаў, якія ўваходзяць у сістэму арганізацыйна-распарадчай дакументацыі, невычарпальны.

Аднак патрэбна выдзеліць такі від дакумента, як пратакол, які аб’ядноўвае ў сабе рысы і распарадчага, і даведачна-інфармацыйнага дакумента (гл.: Рыбаков, 2005, с. 45-49).

У дачыненні да справаводства дакументы могуць класіфікавацца паводле зместу (простыя і складаныя, у залежнасці ад таго, адно ці некалькі пытанняў ахоплівае іх змест), паходжання (афіцыйныя, або службовыя, і асабістыя), паводле тэрміновасці (тэрміновыя і нетэрміновыя) і г.д. (гл.:Каўрус, 1994, 5). Такія дакументы як таварна-транспартныя накладныя, прыходныя і расходныя (выдатковыя) ордэры і інш. знаходзяць сваё адлюстраванне ў кнігах бухгалтарскага ўліку і належаць да бухгалтарскіх дакументаў.

Кожны дакумент з’яўляецца носьбітам інфармацыі, утрымлівае комплекс інфармацыйных элементаў. Інфармацыйны элемент дакумента, які характарызуе сам дакумент, яго мэтавае прызначэнне ці месца, якое займаецца ім у прасторы і ў часе, называецца рэквізітам (гл.: Рыбаков, 2005, 45-49). Напрыклад: “адрасат”, “дата”, “назва дакумента”, “тэкст, “подпіс” і інш. – усяго 32 згодна з дзяржаўным стандартам. Сукупнасць рэквізітаў, пэўным чынам размешчаных у дакуменце, складае яго фармуляр.

Фармуляр, характэрны для пэўнага віду дакументаў, называецца тыпавым фармулярам. Службовыя дакументы, як правіла, складаюцца на бланку – стандартным аркушы паперы, на якім узнаўляецца сталая інфармацыя дакумента і адводзіцца месца для пераменнай інфармацыі. У бланк уваходзіць шэраг рэквізітаў, якія наносяцца друкарскім спосабам (гл.: Каўрус, 1994, 7).

У тэксце дакумента выдзяляюцца тры часткі: уступ, галоўная частка, заключэнне. Кожнае важнае палажэнне, структурныя часткі дакумента вызначаюцца на пісьме асобнымі абзацамі.

Уся справавая карэспандэнцыя класіфікуецца па розных падставах на пэўныя групы і па тэматычнай прыкмеце падзяляецца на камерцыйную і справавую. Камерцыйныя дакументы складаюцца ад імя юрыдычных асоб, таму звычайна служаць адначасова і як прававыя дакументы (напрыклад, лісты-запыты, лісты-прапановы, лісты-рэкламацыі, суправаджальныя лісты, адказы на падобныя лісты). Справавыя лісты маюць афіцыйны і прававы статус, яны рэгістрыруюцца і ўключаюць у сябе распіскі, паведамленні, запрашэнні і інш. У залежнасці ад скіраванасці на адрасата справавыя лісты падзяляюцца на цыркулярныя (ліст пасылаецца з адной крыніцы-ўстановы па некалькіх пэўных адрасатах, як правіла, падпарадкавальных інстанцый) і звычайныя (пасылаецца ад адной да другой установы). Па знешняй форме справавыя лісты падзяляюцца на рэгламентаваныя (стандартныя) і нерэгламентаваныя (нестандартныя). Стандартныя лісты складаюцца па пэўнаму ўзору (паперы пэўнага фармату з зададзеным наборам рэквізітаў), а нестандартныя, хаця і маюць элементы рэгламентацыі, рэалізуюцца ў выглядзе аўтарскага тэксту (гл.: Колтунова, 1999, 6-7).

Па функцыянальным прызначэнні справавыя лісты падзяляюцца на лісты, якія патрабуюць адказу (ліст-запытанне, ліст-просьба, ліст-зварот, ліст-прапанова і інш.) і лісты, якія не патрабуюць адказу (ліст-папярэджанне, ліст-напамін, ліст-запрашэнне, суправаджальны ліст і інш.).

Аб’ём справавых лістоў звычайна не павінен перавышаць дзвюх старонак, яны ўключаюць такія дадзеныя (рэквізіты) як адрас атрымання, дата адпраўкі, індэкс, тэкст (тэма, жанр або характар ліста – гарантыйны, рэкламацыйны, дагаварны, суправаджальны і г.д., што вызначаецца з дапамогай ключавых слоў), адрас адпраўшчыка (адрасанта), найменне адрасанта. У справавых лістах звычайна выкарыстоўваюцца ўстойлівыя лагічныя і моўныя выразы, што надаюць ім афіцыйны характар, адназначнае разуменне, дакладнасць, стандартнасць. Яны выглядаюць пераканаўчымі і заслугоўваюць больш даверу, калі яны адпавядаюць нормам службовага этыкету. Тон ліста ў любым выпадку павінен быць нейтральным, тэкст – утрымліваць дастаткова абгрунтаваныя аргументы і пэўную інфармацыю, якая дазволіць адрасату прыняць рашэнне па пытанні, што разглядаецца ў лісце. У лістах не дапускаюцца разважанні, розныя домыслы, лішняя інфармацыя.

Спіс рэквізітаў дакументаў, якія ўваходзяць у сістэму арганізацыйна-распарадчай дакументацыі, агульныя правілы іх афармлення вызначаюцца Дзяржаўным стандартам Рэспублікі Беларусь (СТБ) 6.38-2004 “Уніфікаваныя сістэмы дакументацыі Рэспублікі Беларусь. Сістэма арганізацыйна-распарадчай дакументацыі. Патрабаванні да афармлення дакументаў”.

 

 

Дадатак

Прыклады бібліяграфічнага апісання розных відаў твораў друку

 

1,2 ці 3 аўтары

Лепешаў І.А. Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні: Дапаможнік / І.Я. Лепешаў. - Гродна: ГрДУ, 2002. - 207 с.

Русско-белорусский словарь математических, физических и технических терминов / Н.Н. Костюкович, В.В. Люштик, В.К. Щербин; Под ред. Н.Н. Кос-тюковича. - Мн.: "Беларуская энцыклапедыя" имени Петруся Бровки, 1995. - 512 с.

 

Чатыры аўтары

Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Арашонкава Г.У., Булыка А.М., Люшцік У.В., Падлужны А.І.; Навук. рэд. А.І. Падлужны. - Мн.: Беларуская навука, 1999. - 175 с.

 

Пяць і больш аўтараў

История мировой экономики: Учеб. Для вузов / В.С. Адвадзе, А.И. Мар-кова, Г.Б. Поляк и др.; Под ред. Г.Б. Поляка, А.И. Марковой. - М.: Юнита, 2001. - 727 с.

 

Шматтомныя выданні

Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. / Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. - Мн.: "Экаперспектыва", 2000 - 351 с.; іл.

 

Зборнікі інструкцый, стандартаў, матэрыялаў

Инструкция по оформлению диссертаций: Утв. Постан. БелВАК 4.10.94 - Мн., 1994.

 

Састаўная частка са зборніка матэрыялаў

Дзядзюля П.В. Роля адукацыі ў станаўленні дзяржаўнасці Беларусі // Труды Белорусского государственного технологического университета: Сборник / Выпуск 5. Серия 5. Политология, философия, история, филология. - Мн.: БГТУ, 1993. - С. 3 - 6.

 

Састаўная частка з часопісаў, газет

Симхович В.А. Эволюция социальных институтов Японского общества // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. - 2004. - № 1. - с. 12 - 18.

 

Прыклады анатацыі розных крыніц

1. Ляшчынская В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка: Вучэб. дапаможнік. - Мн.: РІВШ БДУ. 2001. - 256 с.

Дапаможнік змяшчае тэарэтычныя звесткі па такіх пытаннях, як гісторыя развіцця і сучасны стан беларускай мовы, яе структура, функцыянальныя стылі, спецыфіка навуковых тэкстаў і іх важнейшых адзінак - тэрмінаў. Да кожнай тэмы падаюцца пытанні для кантролю і практыкаванні.

Прызначаны студэнтам нефілалагічных спецыяльнасцей ВНУ, можа быць выкарыстаны выкладчыкамі спецыяльных кафедраў і ўсімі, хто цікавіцца пытаннямі беларускай мовы, тэрміналогіі.

 

2. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі: Нараджэнне новай ідэалогіі / Пер. з фр. А. Мароза; Рэд. Ю. Залоска. - Мн.: Беларускі Фонд Сораса, 1995. - 336 с. - (Адкрытае грамадства).

У рэфератыўнай форме пераказваецца развіццё тэорыі і практыкі масавай інфармацыі і камунікацыі - ад зараджэння піктаграфічнага пісьма ў Месапатаміі да развіцця камп'ютэрных сетак і электроннай пошты ў наш час.

Разлічана на спецыялістаў у галіне тэорыі і практыкі СМІ, навукоўцаў, аспірантаў, студэнтаў факультэтаў журналістыкі, усіх, хто цікавіцца праблемамі камунікацыі ў інфармацыйным грамадстве.

 

3. Левкович О.А. Основы компьютерной грамотности: учеб. пособие / О.А. Левкович, Е.С. Шелкоплясов, Т.Н. Шелкоплясова. - 2-е изд. - Мн.: ТетраСистемс, 2005. - 528 с.: ил.

Навучальны дапаможнік змяшчае падрабязнае і даступнае апісанне магчамасцей камп.ютэраў, іх прыстасаванняў, праграм, глабальных сетак. Дапаможнік можна выкарыстоўваць як самавучыцель па авалоданні наступным праграмным забеспячэннем: аперацыйнай сістэмай Windows; пакетам прыкладных праграм Mikrosoft Office (Word, Excel, PowerPoint, Outlook, Access); Mikrosoft Internet Explorer, Outlook Express, ICQ; архіватарамі WinRar, WinZip; графічнымі рэдактарамі Mikrosoft Paint, Corel Draw. Выклад матэрыялу грунтуецца на прыкладах з падрабязным тлумачэннем методыкі іх рашэння. Для нагляднага ўспрымання ў дапаможнік уключана шмат ілюстрацый і табліц.

Для карыстальнікаў любой кваліфікацыі, а таксама студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, навучэнцаў прафтэхвучылішчаў і школ, дзе вядзецца выкладанне асноў інфарматыкі.

 

4. Дубянецкі Э.С. Культуралогія: Энцыкл. давед. / Э.С. Дубянецкі; Маст. А.А. Глекаў. - Мн.: БелЭН, 2003. - 384 с.: іл.

Даведнік уключае больш за 800 артыкулаў, у якіх разглядаюцца актуальныя праблемы тэорыі і гісторыі культуры, асноўныя культуралагічныя паняцці і тэрміны, найважнейшыя школы і кірункі культуралогіі. У біяграфічных артыкулах, прысвечаных вядомым культуролагам, мысліцелям і асветнікам, дзеячам культуры, асвятляюцца іх жыццёвы і творчы шлях, асаблівасці светапогляду, распрацаваныя імі канцэпцыі і тэорыі. Змест большасці матэрыялаў арганічна звязаны з Беларуссю, з канкрэтнымі рэаліямі этнакультурнага развіцця беларускага грамадства.

Кніга адрасавана спецыялістам у галіне культуралогіі, выкладчыкам і навучэнцам вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, усім, хто цікавіцца пытаннямі айчыннай і сусветнай культуры.

Узор афармлення тытульнага ліста рэферата

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі

"Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі"

 

Кафедра беларускай і рускай моў

 

Рэферат

 

Беларускі фальклор

 

 

Няхаева Івана Мікалаевіча

студэнта І курса

522406 групы

эканамічнага факультэта

 

Навуковы кіраўнік

Іваноў В.І., выкл. кафедры

 

Мінск 2006

Узор афармлення зместу рэферата

 

 

Змест

Уводзіны

Узнікненне і паходжанне фальклору................................................................3

1. Асноўная частка

1.1. Асаблівасці і значэнне вусна-паэтычнай творчасці.................................4

1.2. Пісьменнікі і дзеячы культуры аб фальклоры..........................................7

1.3. Каляндарна-абрадавая паэзія......................................................................9

Заключэнне

Са спадчынай продкаў - у будучыню..............................................................13

Літаратура...........................................................................................................14

 

 

ЛІТАРАТУРА

1. Азарка В.У., Васілеўская А.С., Круталевіч М.М. Беларуская мова: спецыяльная лексіка. – Мн.: БДПУ, 2004. – 207 c.

2. Антанюк Л.А. Беларуская навуковая тэрміналогія: Фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне. – Мн.: Навука і тэхніка, 1987. – 240 с.

3. Беларуская мова: У 2 ч.: Ч 1: Падруч. для навучэнцаў педвучылішчаў і каледжаў / Я.М. Адамовіч, Л.А. Акаловіч, С.К. Берднік і інш.: Пад агульн. рэд. Л.М. Грыгор’евай. – 3-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Выш. шк., 1998. – 330 с.

4. Булыка А.М. Моўная сітуацыя ў БССР. Беларуская лінгвістыка, выпуск № 36, – Мн., 1989. – С. 3-10.

5. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў. – Мн.: Народная асвета, 1993. – 398 с.

6. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 1: А-Л – Мн.: БелЭН, 1999. – 736 с.

7. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 2: М-Я – Мн.: БелЭН, 1999. – 736 с.

8. ГОСТ 16487083. Делопроизводство и архивное дело. Термины и определения. М. 1987.

9. Давыдова Э.Н. Делопроизводство: Учебно-практическое руководство / Э.Н. Давыдова, А.Е. Рыбаков. – 6-е изд., стереотип. – Мн., ТетраСистемс, 2002, – 288 с.

10. Доклады Белорусского государсвтенного университета информатики и радиоэлектроники: Электроника, материалы, технологии, информатика, экономика и управление. – Мн., 2005. - № 4, – 100 с.

11. Каўрус А.А. Дакумент па-беларуску. Справаводства. Бухгалтэрыя. Рыначная эканоміка. – Мн.: Беларусь, 1994. – 160 с.

12. Квасов Н.Т. Элементы квантовой механики и статистической физики: Учеб. пособие по курсу «Физика» для студ. всех спец. и форм обуч. БГУИР / Н.Т. Квасов. – Мн.: БГУИР, 2004. – 63 с.: ил.

13. Кобков В.П. Способы сжатия текста при переводе научно-технической литературы // Язык научной литературы. – М.: Наука, 1975. – С. 234-245.

14. Колесникова Н.И. От конспекта к диссерттации: Учебное пособие по развитию навыков письменной речи. – 2-е изд. – М.: Флинта: Наука, 2003. – 288 с.

15. Колтунова М.В. Деловое письмо. Что нужно знать составителю. – М.: Дело, 1999. – 112 с.

16. Куліковіч У.І. Беларуская мова. Вуч. дапаможнік. – Мн., 2003. – 55 с.

17. Курбека І. Руска-беларускія крыжасловы: Займальны дапам. для ўдаскан. мовы. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993. – 47 с.

18. Лукашанец А.А. Да характарыстыкі двухмоўя ў БССР. Беларуская лінгвістыка, выпуск № 36. – Мн.: 1989. – С. 18-23.

19. Ляшчынская В.А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка: Вучэб. дапам. для студэнтаў ВНУ. – Мн.: УП “ІВЦ Мінфіна”, 2003. – 243 с.

20. Мартынаў В.У. Мова і культура. Некаторыя разважанні. Беларуская лінгвістыка, выпуск № 36. – Мн., 1989. – С. 12-17.

21. Маршэўская В.В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка: Вуч. дап. / В.В. Маршэўская – Гродна: ГрДУ, 2003. – 274 с.

22. Міксюк Р.В. Навучаемся спецыяльнасці па-беларуску. – Мн.: БДТУ, 1995. – 91 c.

23. Навуковы стыль мовы. Водгук, рэцэнз., анат., рэф., дыпломн. работа / Склад. Савіцкая Н.А., Кузьміч В.А., Міксюк Р.В., Скорабагатая А.І., Швед Г.Ф. – Мн.: БДТУ, 1999. – 66 с.

24. Практыкум па беларускай мове / Пад рэд. Г.М. Малажай. – Мн.: Вышэйш. шк., 1993. – 329 с.

25. Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. – Мн.: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003. – 672 с.

26. Русско-белорусский словарь. В 3 т. 5-е изд. – Мн.: БелЭН, 1994.

27. Русско-белорусский словарь математических, физических и технических терминов / Под ред. Н.Н. Костюковича. – Мн.: БелЭН, 1995. – 512 с.

28. Рыбаков А.Е. Изменения в оформлении организационно-распорядительной документации. // Отдел кадров. 2005. № 8. – С. 45-49.

29. Славутыя імёны Бацькаўшчыны: Зборнік. Вып. 2 / Уклад. У. Гілеп і інш.; Рэдкал.: А. Грыцкевіч (гал. рэд.) і інш. – Мн.: БФК, 2003. – 384 с.

30. Слоўнік беларускай мовы / Пад рэд. М.В. Бірылы. – Мн.: БелСЭ, 1987. – 902 с.

31. Сцепанчук Ю.А. Лексіка іншамоўнага паходжання ў сучаснай беларускай паэзіі / Ю.А. Сцепанчук. – Мн.: УП “Ходр” ГА “БелТІЗ”, 2002. – 82 с.

32. Сямешка Л.І. Беларуская мова: Вучэбны дапаможнік. – Мн.: Сучаснае слова, 1999. – 224 с.

33. Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. – Мн.: Універсітэцкае, 1996. – 654 с.

 

 

Вучэбнае выданне

 

Бондар Людміла Антонаўна

Вайніла Наталля Генадзеўна

Галянок Мая Аляксандраўна і інш.

 

 

Беларуская мова: спецыяльная лексіка

Вучэбна-метадычны дапаможнік

 

Камп’ютэрная вёрстка В.П. Мятліцкая

 


[1] Кампрэсія (лац.) - сцісканне, скарачэнне.

[2] Анатацыя (лац.) - кароткі выклад зместу кнігі, артыкула.

[3] Рэферат (лац.) - выклад сутнасці якога-небудзь пытання.

4 Клішэ (фр.) - моўны стэрэатып, гатовы зварот, стандарт, які лёгка выкарыстоўваецца ў пэўных умовах.

5 Рэферат - (ням. Referat, ад лац. referre) 1) кароткі выклад якога-небудзь пытання, зместу кнігі; 2) даклад, заснаваны на крытычным аглядзе кніг [Булыка].

6 Тэзіс (грэч.) - каротка сфармуляванае асноўнае палажэнне абзаца, даклада і пад.

7 Цытата, -ы, ж. Даслоўная вытрымка з якога-небудзь тэксту ці прамовы (ТСБЛМ, с. 735).

Цытата - гэта даслоўная вытрымка з якога-небудзь выказвання, кнігі ці дакумента, ужытая для ілюстрацыі або з мэтай пацвярджэння думкі.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2017-01-24; просмотров: 453; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.147.103.8 (0.117 с.)