Катэгорыі асобы, ліку і роду дзеяслова 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Катэгорыі асобы, ліку і роду дзеяслова



Катэгорыяй асобы выражаюцца адносіны дзеяння і яго стваральніка (суб’екта) да прамоўцы. У залежнасці ад таго, хто ўтварае дзеянне (сам прамоўца, субяседнік або асоба, што не бярэ ўдзел у гаворцы, або тое, пра што гаворыцца), выдзяляюцца адпаведна першая, другая і трэцяя асоба дзеяслова, якія ўваходзяць у больш шырокую катэгорыю персанальнасці, што выражаецца і асабовымі займеннікамі, і іншымі паказчыкамі
(гл.: БОНДАРКО 1971, 47; PERSONALITÄT UND PERSON 1999), або яшчэ ў шырэйшую катэгорыю персанальнасці / імперсанальнасці, што ўключае ў сябе катэгорыі ладу, часу і асобы (гл.: УКРАИНСКАЯ ГРАММАТИКА 1986, 86).

Асобы дзеяслова могуць выступаць у адзіночным і множным ліку, што марфалагічна выражаюцца яго канчаткамі, аналітычна асабовымі займеннікамі, субстантывамі пры выражэнні 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку. Катэгорыя асобы не праяўляецца ў дзеясловаў прошлага часу (параўн.: я быў, ты быў, ён быў і інш.). Дзеясловы, значэнні якіх звязаны з дзеяннем ці станам, што ўзнікаюць і існуюць самі па сабе, без канкрэтнага стваральніка, называюцца безасабовымі (параўн.: світае, сутоньваецца, нездаровіцца і інш.). Яны не маюць роду і ліку, выражаюцца формай 3-й асобы адзіночнага ліку абвеснага ладу ўсіх трох форм часу, абазначаюць звычайна прыродныя з’явы, псіхічны ці біялагічны стан чалавека. Як і для іншых марфалагічных катэгорый, для катэгорыі асобы характэрна транспазіцыя: ужыванне адных форм асобы ў значэнні іншых. Так, першая асоба множнага ліку можа ўжывацца ў значэнні першай асобы адзіночнага ліку (так званае аўтарскае мы); форма другой асобы множнага ліку часта выступае для абазначэння асобы адзіночнага ліку (форма ветлівасці), а другая асоба адзіночнага ліку здольна выступаць у абагульненым значэнні (параўн.: Што пасееш, тое і пажнеш, і да т.п.) і г.д. Катэгорыя асобы сумесна з катэгорыяй ладу і часу фарміруюць важнейшую ўласцівасць сказа – прэдыкатыўнасць, ці адносіны да рэчаіснасці.

Марфалагічная катэгорыя ліку ў дзеяслова выражае суадноснасць дзеяння з адным ці некалькімі яго ўтваральнікамі, прадстаўлена двума формамі – адзіночным і множным лікам, што звычайна дубліруе форму ліку адпаведнага субстантыва, разам з якім дзеяслоў утварае ядро выказвання. Канчаткі дзеяслова, што ўказваюць на лік, адначасова рэалізуюць і катэгорыю асобы (параўн.: слухаю – слухаем, слухаеш – слухаеце і інш.). У безасабовых дзеясловаў адсутнічае катэгорыя ліку, бо няма супрацьпастаўлення адзіночны / множны лік; яны ўжываюцца толькі ў форме адзіночнага ліку. Катэгорыя ліку з’яўляецца граматычнай, бо не заўсёды адпавядае рэальнаму ліку, напрыклад, пры ўжыванні ветлівага Вы, пры апусканні ў маўленні асобы выказвання (параўн.: вам тэлефанавалі і інш.).

Гэтаксама як і катэгорыя ліку, катэгорыя роду ў дзеяслова дубліруе адпаведны род тых субстантываў, з якімі спалучаецца ў межах сказа ці суадносіцца ў дыскурсе. Катэгорыя роду праяўляецца ў дзеясловаў прошлага часу нулявым канчаткам (мужчынскі род), канчаткам (жаночы род), канчаткам (ніякі род), які адначасова ўказвае і на катэгорыю ліку. Формы роду звязаны і з той катэгорыяй асобы, якая для мужчынскага і жаночага роду звычайна не рэалізуецца ў 3-й асобе дзеяслова, што стасуецца пераважна з формамі ніякага роду, ужываецца ў беларускай мове як правіла ў дачыненні да безасабовых дзеясловаў.

Спражэнне дзеясловаў

З улікам асабовых канчаткаў дзеясловаў выдзяляюцца два тыпы спражэння (змяненне па асобах і ліках у цяперашнім і будучым часе абвеснага ладу, а ў прошлым часе – і па родах) першае і другое, якія прасцей за ўсё вызначаць па канчатках
2-й асобы адзіночнага ліку і 3-й асобы множнага ліку.
Так, для дзеясловаў першага спражэння характэрны адпаведныя канчаткі -еш (-эш, -аш) і -уць (-юць), а для дзеясловаў 2-га спражэння – канчаткі -іш (-ыш) і –аць (-яць). Вызначыць тыпы спражэння можна і на аснове інфінітыўных форм дзеяслова: да 2-га спражэння адносяцца дзеясловы на –іць (-ыць), а таксама дзеясловы гнаць, спаць, стаць, належаць, баяцца, дзеясловы на -ець (-эць), калі е (э) не знаходзяцца ў першай асобе адзіночнага ліку цяперашняга часу пад націскам (параўн.: глядзець – гляджу, гарэць – гару і інш.). Усе астатнія дзеясловы належаць да першага спражэння.

Такім чынам, для дзеясловаў першага і другога спражэння характэрны наступныя канчаткі (гл.: БЕЛАРУСКАЯ ГРАМАТЫКА 1994, 202).

 

Лік Асоба Канчаткі 1-га спражэння Канчаткі 2-га спражэння
Адзіночны 1-я. 2-я 3-я - у -ю - еш -эш -аш - е -э -а -у –ю -іш –ыш -іць -ыць
Множны 1-я 2-я 3-я - ем -эм -ём -ом -ам - еце -эце -яце -яцё - уць -юць -ім –ым -іце –ыце -аць -яць

 

Канчаткі абодвух тыпаў спражэння маюць дзеясловы бегчы, есці, даць, якія называюцца разнаспрагальнымі.

Дзеепрыметнік

Дзеепрыметнікі звычайна адносяць да дзеяслоўных форм са значэннем прыкметы, якая праяўляецца ў часе (працэсуальная прыкмета). Значэнне прыкметы і часу робяць гэтую форму дзеяслоўна-іменнай, што падмацоўваецца наяўнасцю ў дадзеный форме дзеяслоўных катэгорый часу, трывання, стану і іменных катэгорый роду, ліку, склону. Дзеепрыметнікі адрозніваюцца ад дзеясловаў тым, што не маюць форм асобы і ладу, а ад прыметнікаў тым, што не маюць формаў суб’ектыўнай ацэнкі. Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу могуць мець кароткія формы (параўн.: кніга прачытана і інш.), якія, аднак, малаўжывальныя ў сучаснай беларускай мове (параўн.: ЛЯОНЧАНКА 1957, 25), хаця раней (у старабеларускай мове) яны даволі шырока выкарыстоўваліся ў якасці прэдыкатываў (гл.: ЖУРАЎСКІ 1967, 280).

Дзеепрыметнікі незалежнага стану характарызуюць таго, хто (што) утварае дзеянне (параўн.: знікшы незнаёмец, набалелае пытанне і інш.), залежнага стану таго, хто (што) падлягае дзеянню (параўн.: засеянае поле, адамкнутыя дзверы і інш.). Дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану з суфіксамі – уч (-юч), -ач (-яч), -ем (-ом), -ім, -ш-, -уш -, якія з’яўляюцца прадуктыўнымі ў рускай мове, гэтаксама як і зваротныя дзеепрыметнікі, малаўжывальныя ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. На месцы такіх дзеепрыметнікаў рускай мовы ў беларускай мове могуць ужывацца даданыя сказы (параўн.: танцующий кавалер – кавалер, які танцуе і да т.п.), прыметнікі (параўн.: воображаемый сюжет – уяўны сюжэт і да т.п.), назоўнікі (параўн.: будущее человечества – будучыня чалавецтва і да т.п.), дзеясловы (параўн.: загоревшийся костёр ярко светил – вогнішча загарэлася і ярка свяціла і да т.п.), развітыя прыдаткі (параўн.: витамины, стимулирующие активность – вітаміны – стымулятары актыўнасці і да т.п.) і інш. (гл.: СУЧАСНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ МОВА 1997, 193–194). Найбольш ужывальнымі ў беларускай мове з’яўляюцца дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага і незалежнага стану з суфіксамі -л-, -н-, -ан-, -ен-, -т- (параўн.: пажоўклы лес, поле было ўзарана, зачараваны хлопчык, вандроўнік быў стомлены падарожжам, закрыты твар і інш.), якія выступаюць у ролі азначэнняў і прэдыкатываў. Пераважна азначальная функцыя дзеепрыметнікаў спрыяла іх пераходу ў прыметнікі, калі на першы план выступае не працэсуальная прыкмета, а якасная, што часцей за ўсё ўзнікае пры метафарычным ужыванні дзеепрыметнікаў незалежнага стану з суфіксам -л- і дзеепрыметнікаў залежнага стану з суфіксамі -н-, -ан-, -ен-, -т- (параўн.: заляжалы тавар, стрыманы чалавек, сасмаленая палка, неабжытая спадчына і інш.). Пры ўжыванні дзеепрыметнікаў разам з паясняльнымі словамі ўтвараецца дзеепрыметнае словазлучэнне, сінтаксічна непадзельная адзінка, якая выконвае ў сказе функцыю аднаго яго члена – азначэння.

 

Інфінітыў і дзеепрыслоўе

Гэтыя формы дзеяслова адносяцца да нязменных. Інфінітыў з’яўляецца пачатковай формай дзеяслова, якае не мае ні асобы, ні ладу, ні ліку, ні часу, але ўказвае на трыванне, стан, пераходнасць / непераходнасць, зваротнасць / незваротнасць. Фармальным паказчыкам інфінітыва, ці неазначальнай формы дзеяслова, служаць канцавыя марфемы (суфіксы) -ць (далучаецца да асновы дзеяслова на галосны, параўн.: даць, ехаць і інш.), -ці (далучаецца да асновы дзеяслова на зычны, параўн.: везці, пасці і інш.), -чы (далучаецца да асновы дзеяслова на заднеязычныя г, к (параўн .: бегчы, секчы і інш.). Інфінітывы на -ці, - чы адносяцца да малаўжывальных у сучаснай беларускай літаратурнай мове. У форме інфінітыва дзеясловы падаюцца разнастайнымі слоўнікамі (арфаграфічнымі, марфалагічнымі, тлумачальнымі і інш.).

Дзеепрыслоўе ўключае ў сябе нязменныя формы дзеясловаў, якія абазначаюць дадатковыя дзеянні пры галоўным дзеянні, выражаным выказнікам. З генетычнага пункту гледжання дзеепрыслоўі ўзніклі ад кароткіх дзеепрыметнікаў незалежнага стану цяперашняга і прошлага часу (гл.: БУЛЫКА, ЖУРАЎСКІ, КРАМКО 1979, 397). Дзеепрыслоўе, як вынікае з яго назвы, сумяшчае рысы дзеяслова і прыслоўя::падобна дзеяслову яно мае закончанае і незакончанае трыванне (параўн.: чытаючы – прачытаўшы і інш.), можа быць зваротным і незваротным (параўн.: мыючы – мыючыся і інш.), пераходным і непераходным (параўн.: слухаючы лекцыю – стоячы наверсе і інш.), мае толькі незалежны стан (параўн.: узяўшыся за рукі і інш.), але не мае формы часу, якая злілася ў ім з катэгорыяй трывання. Падобна прыслоўю, дзеепрыслоўе выконвае ў сказе сінтаксічную ролю акалічнасці, паясняе дзеяслоў-выказнік, не змяняецца. У некаторых паўночна-заходніх гаворках Беларусі дзеепрыслоўе закончанага трывання ўжываецца ў функцыі выказніка, тыпу тут ручай перасохшы, ён быў прыехаўшы і да т.п. (гл.: АНІЧЭНКА 1973, 108). Пры ўжыванні з паясняльнымі словамі дзеепрыслоўе ўтварае спалучэнне, якое выступае ў сінтаксічнай функцыі аднаго члена сказа (акалічнасці), выдзяляецца на пісьме коскай (коскамі). У сказе дзеепрыслоўе кіруе субстантывамі, можа паясняцца прыслоўямі (параўн .: хутка ідучы і інш.) і пераходзіць у прыслоўі пры перадачы прыкметы дзеяння (параўн.: стаяў не рухаючыся = стаяў нерухома і інш.). Дзеепрыслоўе ў сказе выражае дадатковае дзеянне, што, як і асноўнае дзеянне, утвараецца адной асобай, прадметам, з’явай.

Прыслоўе

Часціна мовы, якая абазначае разнастайныя прыкметы дзеянняў, стану, якасцяў прадмета ў адносінах да дзеяслова (дзеепрыслоўя), прыметніка (дзеепрыметніка), назоўніка, а таксама і да другога прыслоўя. У параўнанні са словамі іншых знамянальных часцін мовы прыслоўе з'яўляецца найменш граматычным, бо не скланяецца, не спрагаецца, не мае марфалагічных катэгорый роду, ліку, склону, часу, трывання, ладу і інш. Аднак у вялікай групы прыслоўяў, якія адносяцца да разраду якасных, адзначаюцца ступені параўнання і формы суб’ектыўнай ацэнкі, чым выражаецца розная ступень якасці ці ўласцівасці пэўнай прыкметы, што пряўляецца марфалагічна ў формах вышэйшай найвышэйшай ступеняў параўнання.

Вышэйшая ступень параўнання ў сваю чаргу мае простую, ці сінтэтычную форму, якая ўтвараецца пераважна праз далучэнне да асновы зменных прыслоўеў суфікса –ей (-эй), тыпу даўно – даўней, доўга – даўжэй і інш., і складаную, або аналітычную, што ўтвараецца спалучэннем слоў больш, менш з якаснымі прыслоўямі (параўн.: больш проста, менш складана і інш.). Найвышэйшая ступень параўнання таксама мае простую форму, якая ўтвараецца праз далучэнне да формы вышэйшай ступені параўнання прыстаўкі най - (параўн.: найпрыгажэй, найцямней і інш.) і складаную, што ўтвараецца праз спалучэнне слоў найбольш, найменш, а таксама вельмі, надта, надзвычай і інш. з прыслоўямі (параўн.: найбольш рацыянальна, найменш заблытана і інш.). Формы суб’ектыўнай ацэнкі выражаюцца без параўнання з дапамогай ужывальных суфіксаў –еньк- (-аньк -), тыпу хуценька, скоранька і да т.п., і менш ужывальных – утк- (-ютк-), -усеньк- (-юсеньк-), -ечк - (- ачк-), -усенечк- (-юсенечк), -енн- (-энн-), -эрн-, -эзн-(-эразн-), -ават - і інш., якія выкарыстоўваюцца пераважна ў гутарковым маўленні (параўн.: блізютка, ціхусенька, недалёчка, страшэнна, даўжэзна і інш.).

Паводле свайго значэння прыслоўі дзеляцца на якасныя з граматычнымі характарыстыкамі ступеней параўнання і суб’ектыўнай ацэнкі (параўн.: проста – просценька – прасценечка і да т.п.), колькасныя, што выражаюць дзеянне і прыкмету па ступені іх праяўлення (параўн.: багата, крыху і інш.), акалічнасныя, што членяцца на прыслоўі месца(параўн.: блізка, далёка і інш.), часу (параўн.: даўно, заўтра і інш.), прычыны (параўн.: згарача, спрасонку і інш.), мэты (параўн.: знарок, назло і інш.), якасна-акалічнасныя, у якіх сумяшчаецца значэнне якасных і акалічнасных прыслоўяў(параўн .: бягом, па-брацку і інш.).

Па сваёй дэрывацыйнай структуры прыслоўі падзяляюцца на невытворныя (нематываваныя, тыпу куды, дзе і да т.п.) і вытворныя (матываваныя знамянальнымі словамі ўсіх іншых часцін мовы, ад якіх яны паходзяць, тыпу вясной, хутка, утрох, па-мойму і інш.). Прыслоўі, якія непасрэдна абазначаюць прыкметы, адносяцца да знамянальных, а якія толькі ўказваюць на іх – да займеннікавых (параўн.: тут, тады, калі і інш.). Граматычная транспазіцыя прыслоўяў праяўляецца ў тым, што яны даволі шырока могуць выкарыстоўвацца ў значэнні іншых часцін мовы: назоўнікаў (параўн.: залатое учора не вернецца да нас і інш.), прыназоўнікаў (параўн.: хадзіць вакол дома і інш.), часціц (параўн.: Заняткі пачнуцца роўна а другой гадзіны і інш.), мадальных слоў (параўн.: Безумоўна, мы яшчэ сустрэнемся і інш.), злучнікаў (параўн.: Не ведаў, дзе знаходзіцца і інш.), прэдыкатываў (параўн.: Для мяне гэта даволі рана і інш.). Семантычная транспазіцыя праяўляецца ў выкарыстанні слоў адных тэматычных груп у значэнні іншых, напрыклад, прыслоўі месца могуць ужывацца ў значэнні прыслоўяў часу (параўн.: там, пасля і інш.).

Прыслоўі шырока выкарыстоўваюцца для ўтварэння слоў іншых знамянальных часцін мовы з дапамогай разнастайных афіксаў: назоўнікаў (параўн.: вакол – ваколіца і інш.), займеннікаў (параўн.: чамусьці, па-іхняму, зусім і інш.), прыметнікаў (параўн .: заўтра – заўтрашні і інш .), дзеясловаў (параўн .: даволі – задаволіць і да т.п.), іншых прыслоўяў (параўн.: учора – заўчора і інш.), а таксама незнамянальных слоў (гл.: ВИНОГРАДОВ 1972, 313–318; БУРАК 1985, 182–184). У ролі прыслоўяў выкарыстоўваюцца фразеалагізмы тыпу час ад часу, ні сном ні духам і інш., службовыя часціны мовы ў пэўных кантэкстах (хто за, хто ўстрымаўся, хто супраць і інш.), а таксама неспрагальныя дзеяслоўныя формы тыпу загадзя, нехаця, жартуючы, чуць і інш. (гл.: ШУБА 1962, 177–182).

Службовыя часціны мовы

Дадзеныя словы характарызуюцца тым, што не маюць намінатыўнага значэння, выкарыстоўваюцца ў мове для сувязі знамянальных слоў, з’яўляюцца граматычна нязменнымі, нешматлікімі, але шырока ўжывальнымі. Да службовых часцін мовы адносяцца прыназоўнікі і злучнікі. Прыназоўнікі выкарыстоўваюцца для падпарадкавальнай сувязі галоўнай і залежнай лексемы ў словазлучэннях, выражаюць разнастайныя сінтаксічныя адносіны, у якіх адлюстроўваюцца пэўныя знешнія сувязі паміж адпаведнымі рэаліямі: прасторавыя (параўн.: выехаць з горада, пайсці ў лес і інш.), часовыя (параўн.: з дня ў дзень, перад навальніцай і інш.), аб’ектныя (параўн.: стукаць у дзверы, марыць пра волю і інш.), меры і ступені (параўн.: турбот па горла, шчасце без меры і інш.), прыналежнасці (параўн.: гузік ад кашулі, кніга з бібліятэкі і інш.), мэты (параўн.: хадзіць па грыбы, падрыхтаваць да экзаменаў і інш.), прычыны (параўн.: зачырванець ад хвалявання, скакаць ад радасці і інш.), атрыбутыўнасці (параўн.: торт з крэмам, галава без розуму і інш.), спосабу дзеяння (параўн.: адказваць без падрыхтоўкі, працаваць з натхненнем і інш.), кампаратыўныя (параўн.: мацнейшы за мяне, вышэйшы супраць бацькі і інш.). Назва дадзенага лінгвістычнага тэрміна з’яўляецца матываванай, бо ў беларускай мове словы гэтай непаўназначнай часціны мовы ўжываюцца ў спалучэннях слоў іншых граматычных разрадаў (уключна назоўнікі) іменна з назоўнікам (субстантывам), які граматычна падпарадкоўваецца ім. Прычым кіраваць субстантывам можа кожнае знамянальнае слова пры дапамозе прыназоўніка: дзеяслоў (параўн.: дзякаваць за падарунак і інш.), назоўнік (параўн.: паход па мясцінах і інш.), прыметнік (параўн.: лепшы за нас і інш.), прыслоўе (параўн.: высока над намі і інш.), лічэбнік (параўн.: двое з адной школы і інш.), займеннік (параўн.: я з сябрам і інш.).

Адцягненае значэнне прыназоўнікаў служыць асновай полісеміі многіх з іх (параўн.: выйсці на работу, спадзявацца на поспех, ехаць на аўтобусе, быць на месцы і інш., дзе прыназоўнік на выражае розныя семантыка-граматычныя адносіны паміж паўназначнымі словамі). Высокая частотнасць прыназоўнікаў
(у лік першых дзесяці самых ужывальных слоў беларускай мастацкай прозы, паэзіі, а таксама фальклору ўваходзіць чатыры прыназоўнікі у, на, за, а; гл.: МАЖЭЙКА, СУПРУН 1976; МАЖЭЙКА, СУПРУН 1982; МАЖЭЙКА, СУПРУН 1992), што служыць прычынай іх многазначнасці. Так у спецыяльным слоўніку прыназоўнікаў для у зафіксавана 57 значэнняў, на –
47 значэнняў, з – 38 значэнняў (гл.: ШУБА 1993).

Па свайму паходжанню прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя (параўн.: за, без, на, пры, для і інш.) і вытворныя, да якіх адносяцца прыназоўнікі, што генетычны звязаны з іншымі часцінамі мовы, у прыватнасці, з прыслоўямі (параўн.: абапал дарогі, вакол дрэва і інш.), назоўнікамі (параўн.: у час адпачынку, па прычыне гэтага і інш.), дзеясловамі (параўн.: нягледзячы на цяжкасці, дзякуючы табе і інш.). Па вонкавай структуры прыназоўнікі падзяляюцца на простыя (параўн.: для, пры, над і інш.), складаныя (параўн.: па - над, з-за і інш.), састаўныя (параўн.: на чале з, у залежнасці ад і інш.). Прыназоўнікі могуць ужывацца з адным склонам, кіраваць ім: родны склон – ад, без, да, дзеля, для, ля, каля, з-за, з-пад, з-над, заміж, паміма, акрамя, апрача, без, замест, звыш, наконт, накшталт, паводле, падчас, сярод, на працягу, за кошт, на аснове, за выключэннем і інш.; давальны склон – адпаведна, дзякуючы, згодна, к, насустрач, насуперак, паралельна, услед і інш.; вінавальны склон – нягледзячы на, пра, праз, цераз, у адказ на; творны склон – згодна з, на чале з, па-за, поруч з, разам з, следам за, у сувязі з і інш.

З двума склонамі ўжываюцца прыназоўнікі над, пад, перад (вінавальны і творны), аб, на, пры (вінавальны і месны), паміж (родны і творны), паўз, скрозь (родны і вінавальны), упоперак (родны і давальны). З формамі трох склонаў выкарыстоўваюцца прыназоўнікі з, за, між (родны, вінавальны, творны), па (давальны, вінавальны, месны), у (родны, вінавальны, месны).Многія прыназоўнікі ўступаюць у сінанімічныя адносіны паміж сабой (параўн.: на полі – у полі, пасля вайны – па вайне, пра яе – аб ёй і інш.), могуць ужывацца ў розных варыянтах (параўн.: к – ка, над – нада, з – са, у – ва і інш.; гл.: ШУБА 1971. 21 –46).

Злучнік – непаўназначнае службовае слова, якое звязвае лексемы ў сказе, а сказы ў тэксце, выражае паміж імі граматычныя і семантычныя адносіны, выконвае сінтаксічную, арганізацыйную ролю. З улікам менавіта сінтаксічных функцый злучнікі падзяляюцца на злучальныя, што служаць для аб’яднання сінтаксічна раўнапраўных адзінак мовы (слоў, словазлучэнняў, сказаў), падпарадкавальныя, якія выкарыстоўваюцца для сувязі сінтаксічна нераўнапраўных кампанентаў (частак складаназалежнага сказа). Сярод злучальных выдзяляюцца спалучальныя і, ды (у значэнні і), як …так, ні …ні, супастаўляльныя, а, аднак, але, ды (у значэнні але), затое, не толькі … але, размеркавальныя або, ці, або … або, ці … ці і інш. Сярод падпарадкавальных адрозніваюць тлумачальныя (што, як, чым), прычынныя (бо, таму што і інш.), часавыя (калі, як, пакуль і інш.), умоўныя (каб, калі б, раз і інш,), мэтавыя (для, каб, абы і інш.), выніковыя (дык, то і інш.), уступальныя (хоць, няхай і інш.), параўнальныя (як, чым, нібы і інш.). Злучнікі могуць быць полісемантычнымі, выражаць, напрыклад, і раўнапраўныя адносіны паміж часткамі выказвання, і супастаўляльныя (параўн .: я ды ён; не я, ды ён і інш.), часовыя і ўмоўныя (параўн.: наведаю, калі буду мець час; калі не дамовімся, будзе кепска і інш.).

З генетычнага пункту гледжання злучнікі падзяляюцца на невытворныя (параўн .: а, і, але, ды і інш.) і вытворныя, што паходзяць ад слоў іншых часцін мовы: займеннікаў (параўн.: што, таму што і інш.), прыслоўяў (параўн.: калі, пакуль, як і інш.), дзеясловаў (параўн.: няхай, хаця і інш.), часціц (параўн.: ці, быццам і інш.). Па сваёй знешняй структуры злучнікі дзеляцца на простыя (параўн .: і, што, каб і інш.) і састаўныя, якія складаюцца з некалькіх слоў (параўн.: таму што, для таго каб і інш.). Па спосабу ўжывання сярод злучнікаў выдзяляюцца адзіночныя (параўн.: а, бо, чым і інш.), парныя (параўн.: не толькі … але і, калі … то і інш.), паўторныя (параўн.: то … то, ці … ці і інш.). Амонімамі злучнікаў што, калі, чым, як і інш. у складаназалежных сказах выступаюць злучальныя словы, якія выконваюць роль членаў сказа і адносяцца да пэўных знамянальных часцін мовы. Злучнікі могуць быць стылістычна нейтральнымі, ужывацца ва ўсіх сацыяльных функцыях маўлення (параўн.: але, і, калі і інш.), размоўнымі, выкарыстоўвацца пераважна ў вусным маўленні (параўн.: дык, дарма што і інш.), кніжнымі, ужывацца, як правіла, у афіцыйным стылі, пісьмовым тэксце (параўн.: у сувязі з тым што, нягледзячы на тое што і інш.).

Да непаўназначных часцін мовы адносяцца і звязкі, якія маюць дзеяслоўнае паходжанне, выражаюць граматычныя катэгорыі часу, ладу састаўнога выказніка, чым і адрозніваюцца ад іншых службовых слоў. У процілегласць звязкам, што служаць першай часткай састаўнога выказніка, іншыя словы, якія выступаюць у ролі другой часткі састаўнога выказніка, належаць да неспрагальных слоў, суадносяцца з дзейнікам праз звязку, нясуць часта пры гэтым асноўную сэнсавую нагрузку дадзенага члена сказа. Лексічнае значэнне звязак можа захоўвацца па-рознаму, у залежнасці ад чаго яны падзяляюцца на знамянальныя (напрыклад, дзеясловы руху або стану, параўн.: Ён вярнуўся задаволены і інш.), поўзнамянальныя (дзеясловы тыпу стаць, рабіцца, з’яўляцца і інш., параўн.: Ён з’яўляецца чэмпіёнам краіны і інш.), незнамянальныя – формы дзеяслова быць, тыпу Ён быў узрушаны і інш.

Часціцы і мадальныя словы

Часціцы – дапаможныя словы, якія надаюць дадатковыя кантэкстуальныя сэнсавыя адценні словам, словазлучэнням, сказам, актуалізуюць іх семантычны патэнцыял. У адрозненне ад такіх непаўназначных слоў, як прыназоўнікі, злучнікі, што выконваюць пераважна сінтаксічныя функцыі, часціцы адыгрываюць роль своеасаблівага семантычнага каментатара іншых знамянальных моўных адзінак. У адпаведнасці з гэтай роляй яны падзяляюцца на тры асноўныя сэнсавыя групы, унутры якіх звычайна вылучаюць больш дэталёвыя падгрупы. Гэтыя групы ўключаюць, па-першае, часціцы, што выражаюць дадатковыя семантычныя адценні, па-другое, часціцы, якія выражаюць мадальныя адценні, па-трэцяе, часціцы, што абазначаюць эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні (гл.: КИСЕЛЕВ 1976).

Сярод часціц з дадатковым семантычным адценнем выдзяляюцца ўказальныя (вось, вунь, гэта), азначальна-ўдакладняльныя (амаль, акурат, іменна, проста, прыблізна, чыста, сапраўды, якраз), вылучальна-абмежавальныя (выключна, толькі, усяго, хаця, хіба і інш.). Сярод мадальных часціц адрозніваюць сцвярджальныя (так, але і інш.), адмоўныя (не, ні, ані), пытальныя (а, ну, няўжо, ці, хіба і інш.), параўнальныя (быццам, нібы і інш.), пабуджальныя (давай, няхай, ану і інш.). Эмацыянальна-экспрэсіўныя часціцы падзяляюцца на клічныя (вось, як, ну і інш.) і ўзмацняльныя (аж, і нават, дык ні, так і інш.). Некаторыя з пералічаных канкрэтных часціц з’яўляюцца полісемічнымі, ужываюцца ў розных выдзеленых падгрупах (параўн.: так, вось, ні і інш.). Некаторыя ж часціцы даволі шырока выкарыстоўваюцца ў значэнні слоў іншых граматычных класаў (часцін мовы), у прыватнасці, злучнікаў (параўн .: і, ні, але, ды, хаця і г.д.) і могуць лічыцца граматычнымі амонімамі. Значная колькасць часціц ужываецца як словаўтваральны і сінтаксічнаўтваральны сродак для пабудовы іншых лексем і граматычных канструкцый. Такімі часціцамі-кампанентамі ў беларускай мове служаць абы-, ані-, не-, ні-, -небудзь, - сьці (параўн .: абы-куды, аніхто, нехта, нішто, што-небудзь, хтосьці і інш.). Для ўтварэння аналітычных загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў ужываюцца часціцы давай, няхай, бы і інш. (параўн.: давай вырашаць, няхай прынясе, пайшоў бы і інш.). Асобныя часціцы выкарыстоўваюцца для выражэння сінтаксічных адносін у складаных сказах, г. зн. адыгрываюць, як ужо зазначалась, ролю злучнікаў, і для выканання марфалагічных функцый пры ўжыванні ў якасці прыставак (параўн.: не надта прыгожы і непрыгожы, ні які і ніякі, не было нікога ані і не было анікога і інш.). Прычым некаторыя былыя часціцы цалкам перайшлі ў разрад словаўтваральных афіксаў (параўн.: -ка, -небудзь, -сьці, -сь, -ся, -сьці, -та і інш. у словах дай-ка, калі-небудзь, хтосьці, штось, як-та і інш.).

Па свайму паходжанню часціцы падзяляюцца на невытворныя (параўн .: і, а, але, вунь, жа, не і інш.)і вытворныя, якія суадносяцца з адпаведнымі паўназначнымі словамі, а таксама з выклічнікамі (параўн.: выключна, гэта, давай, ах, ну, так і інш.). Праз спалучэнні дзвюх і болей аднаслоўных часціц утвараюцца састаўныя часціцы, што надаюць, як правіла, выказванню павышаную экспрэсію (параўн.: дык вось, абы толькі, куды там і інш.).

Да мадальных слоў у беларускай мове адносяцца нязменныя лексічныя адзінкі, якія выражаюць адносіны прамоўцы да рэчаіснасці ці да выказанага паведамлення. Мадальнасць з’яўляецца глабальнай семантыка-граматычнай катэгорыяй (гл.:MODALITÄT UND MODUS 1994), якая можа выражацца граматычнымі формамі (катэгорыя ладу), дзеясловамі, часціцамі. Мадальныя словы ўключаюць у свой склад нязменныя моўныя адзінкі тыпу безумоўна, бясспрэчна, відавочна, мабыць, напэўна, сапраўды і інш., з дапамогай якіх перадаюцца разнастайныя значэні даверу / недаверу, пэўнасці / няпэўнасці, магчымасці / немагчымасці і г.д. Большасць мадальных слоў паходзіць ад слоў іншых часцін мовы, але практычна страціла іх зыходнае лексічнае значэнне, зрабілася, па сутнасці, іх амонімамі (параўн., напрыклад: назоўнікі праўда, факт і інш., кароткія прыметнікі вядома, магчыма і інш., прыслоўі зразумела, відавочна і інш., дзеясловы здаецца, мусіць і інш. і суадносныя з гэтымі рознымі часцінамі мовы адпаведныя мадальныя словы). Пры пераходзе лексем згаданага тыпу да мадальных слоў страчваецца іх граматычная зменнасць, мадальныя словы замацоўваюцца ў мове адной якой-небудзь формай. У якасці мадальных могуць ужывацца ўстойлівыя словазлучэнні тыпу па ўсёй верагоднасці, можа быць і інш. У сказе мадальныя словы сінтаксічна не звязваюцца з іншымі членамі сказа, што падмацоўваецца іх выдзяленне на пісьме знакамі прыпынку, а ў вусным маўленні – адпаведнай інтанацыяй.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-09-20; просмотров: 998; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.141.29.145 (0.02 с.)