І. Дайце вызначэнне паняццям. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

І. Дайце вызначэнне паняццям.



1. «Венеды».

2. Летапіс.

3. Правідэнцыялізм.

4. Сага.

5. «Дыярыўш».

ІІ. Выберыце правільны адказ.

1. Аб неўрах упершыню напісаў

А) Страбон

Б) Герадот

В) Пампоній Мела

Г) Марцін Капела.

2. С.Я.Рассадзін лакалізаваў андрафагаў у басейне

А) р. Сулы

Б) р. Росі

В) р. Гарыні

Г) р. Бярэзіны.

3. Аб бастарнах пісаў

А) Тацыт

Б) Страбон

В) Герадот

Г) Іардан.

4. У арабскіх крыніцах пад Славіяй разумеецца

А) Ноўгарад

Б) Полацк

В) Наваградак

Г) Кіеў.

5. Першую рэдакцыю «Аповесці мінулых гадоў» зрабіў

А) Нестар

Б) Сільвестр

В) Уладзімір Манамах

Г) Нікан.

6. «Аповесць мінулых гадоў» адносіцца да

А) антычнай гістарыяграфіі

Б) крытычнай школы

В) школы базавай верыфікацыі

Г) сярэдневяковай гістарыяграфіі.

7. Доказам існавання летапісання ў Полацку з’яўляецца фрагмент Кіеўскага летапісу аб падзеях у Полацкай зямлі ў

А) 1119 г.

Б) 1127 г.

В) 1159 г.

Г) 1163 г.

8. Барацьбу Полацкага княства з Ордэнам мечаносцаў першым апісаў

А) Генрых Латвійскі

Б) Барталемей Хёнэке

В) Герман Вартберг

Г) Віганд з Марбурга.

9. Аб княжанні Брачыслава Ізяславіча ў Кіеве апавядае

А) «Аповесць мінулых гадоў»

Б) «Эймундава сага»

В) «Сага пра Торвальда Вандроўніка»

Г) «Сага пра Торвальда Вялікага Падарожніка».

10. Беларуска-літоўскае летапісанне пачалося ў

А) Вільні

Б) Наваградку

В) Смаленску

Г) Віцебску.

11. Беларуска-літоўскае летапісанне было

А) мясцовым

Б) цэнтралізаваным

В) прыватна-арыстакратычным

Г) шляхецкім.

12. Беларуска-літоўскі летапіс быў складзены ў

А) 1443 г.

Б) 1444 г.

В) 1445 г.

Г) 1446 г.

13. М.Літвін выводзіў літоўскую знаць ад

А) Нерона

Б) Цэзара

В) Пампея

Г) Актавіяна.

14. Берасцейская царкоўная ўнія разгорнута апісана ў

А) Баркулабаўскай хроніцы

Б) Слуцкім летапісу

В) Магілёўскай хроніцы

Г) Віцебскім летапісу.

15. Вобразы Пятра І, Карла ХІІ прадстаўлены ў

А) Баркулабаўскай хроніцы

Б) Слуцкім летапісу

В) Магілёўскай хроніцы

Г) Віцебскім летапісу.

16. Да ВКЛ адмоўна ставіўся

А) Я.Длугаш

Б) Мацей з Мяхова

В) Б.Вапоўскі

Г) М.Кромер.

17. Першым ідэю аб аўтахтоннасці славян выказаў

А) М.Бельскі

Б) Мацей з Мяхова

В) Б.Вапоўскі

Г) М.Кромер.

18. У пісьмах Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага асвятляюца падзеі

А) вайны 1500 – 1503 гг.

Б) вайны 1507 – 1508 гг.

В) вайны 1534 – 1537 гг.

Г) вайны 1558 – 1582 гг.

19. Дэталёвае апісанне паўстання С.Налівайкі аставіў

А) Ф.С.Кміта-Чарнабыльскі

Б) Ф.М.Еўлашоўскі

В) А.Філіповіч

Г) С.І.Маскевіч.

20. За адраджэнне праваслаўнай царквы выступаў

А) Ф.С.Кміта-Чарнабыльскі

Б) Ф.М.Еўлашоўскі

В) А.Філіповіч

Г) С.І.Маскевіч.

21. Вайну 1609 – 1618 гг. апісаў

А) Б.К.Маскевіч

Б) Ф.М.Еўлашоўскі

В) А.Філіповіч

Г) С.І.Маскевіч.

22. Расправу над віленскімі кальвіністамі апісаў

А) Ф.С.Кміта-Чарнабыльскі

Б) Я.Я.Цадроўскі

В) А.Філіповіч

Г) С.І.Маскевіч.

23. Пра ваенныя падзеі 1648 – 1649 гг. пісаў

А) Я.Я.Цадроўскі

Б) Ф.М.Еўлашоўскі

В) Б.К.Маскевіч

Г) С.І.Маскевіч.

24. Першае апісанне Беларусі было зроблена

А) Джозафата Барбарам

Б) Амброджа Кантарыні

В) Паола Навакомскім

Г) Жыліберам дэ Ланаа.

25. Аўтарам «Запісак аб Масковіі» з’яўляецца

А) Паола Навакомскі

Б) С.Герберштэйн

В) А.Гваньіні

Г) М.Кромер.

ІІІ. Складзіце пералік.

1. Метадалагічныя прыёмы антычнай гістарыяграфіі (па Палібію): …

2. Лівонскія хронікі: …

3. Этапы беларуска-літоўскага летапісання: …

4. Беларускія гісторыкі, даследчыкі беларуска-літоўскага летапісання: …

5. Аўтары Магілёўскай хронікі: …

Замежныя падарожнікі і дыпламаты, якія праязджалі праз Беларусь у другой палове ХVІ ст.: …

 

Тэма 3

Развіццё гістарычных ведаў у ХVI – пачатку ХІХ ст.

 

План

 

1. Мацей Стрыйкоўскі – першы гістарыёграф Вялікага княства Літоўскага.

2. Развіццё гістарычнай думкі ў ВКЛ у XVII – першай палове XVIIІ ст.

3. Гістарычныя даследаванні ў ВКЛ у другой палове XVIIІ ст. «Манархічная» школа А.Нарушэвіча.

4. «Рамантычная» школа І.Лялевеля. Станаўленне беларускага крыніцазнаўства ў першай трэці ХІХ ст.

5. Гістарычныя звесткі пра Беларусь у працах рускіх гісторыкаў і археографаў XVIIІ – пачатку ХІХ ст.

Літаратура

 

1. Аксамітаў А.С., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. – Мн.: Полымя, 1991. – 151 с.

2. Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии ХVІ в. – 30-е годы ХХ в. – Мн.: Беларуская навука, 1996. – С. 19 – 65.

3. Басевич А.М. Иоахим Лелевель: польский революционер, демократ, ученый. – М.: Изд. соц.-экономич. лит., 1961. – 192 с.

4. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1. – Мн.: БелЭн, 2005. – 768 с.

5. Беларусы: У 8 т. Т.3: Гісторыя этналагічнага вывучэння. – Мінск: Беларуская навука, 1999. – С. 30 – 50.

6. Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце ХVІІ – середине ХVІІІ в. – Мн.: БГУ, 1971. – 179 с.

7. Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве. – Мн.: БГУ, 1979. – 160 с.

8. Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. – Гродно: ГрГУ, 2002. – 427 с.

9. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. – Мн.: БелЭн, 2005. – 688 с.

10. Габрусевіч С.А., Марозава С.В. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына: гіст. нарыс. – Гродна: ГрДУ, 2005. – 216 с.

11. Ермаловіч М. Тацішчаўскія звесткі пра Беларусь // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. – 1976. - № 2. – С. 33 – 35.

12. Историография истории южных и западных славян: Учеб. пособ. – М.: МГУ, 1987. – 262 с.

13. История Вильнюсского университета (1579 – 1979) / Ред. кол.: Й.Кубилюс, С.Лазутка. – Вильнюс: Мокслас, 1979. – 373 с.

14. Караў Д.У. Беларуская і польская гістарыяграфія ў ХVІ – ХХ стст. // Беларусика = Albaruthenika: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. – Мн.: Навука і тэхніка, 1994. – С. 242 – 251.

15. Карев Д.В. Белорусская историография в конце ХVІІІ – начале 60-х годов ХIХ в. // Очерки истории науки и культуры Беларуси IХ – начала ХХ в. / П.Т.Петриков, Д.В.Карев, А.А.Гусак и др. – Мн.: Наука и техника, 1996. – С. 24 – 39.

16. Караў Дз. Пачаткі беларускага крыніцазнаўства // Спадчына. – 1994. - № 1. – С. 4 – 14.

17. Карев Д. В. У истоков белорусской национальной историографии. Конец ХVІІІ – 50-е годы ХІХ в. (Историческая наука Белоруссии и Литвы времён Т.Нарбута) // Наш радавод. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі «Царква і культура народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі ХІІІ – пачатку ХХ стст.». – Гродна, 1990. – Кн. 5 (ч. 2). – С. 199 – 252.

18. Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVІ – ХІХ стст. – Мн: Навука і тэхніка, 1984. – С. 23 – 72.

19. Кісялёў Г.В. Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. – Мн.: Маст. літ., 1982. – 255 с.

20. Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР (эпоха феодализма). – Мн.: Университетское, 1986. – С. 16 – 20.

21. Лабынцаў Ю.А. Пачатае Скарынам: Бел. друк. літ. эпохі Рэнесансу. – Мн.: Маст. літ., 1990. – 333 с.

22. Мальдзіс А. Календары, выдадзеныя ў ХVІІІ ст. // Книговедение в Белоруссии. – Мн., 1977.

23. Мальдзіс А. Першыя календары Беларусі // ЛіМ. – 1970. – 7 жн.

24. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. – Мн.: БелЭн., 1995. – 671 с.

25. Подокшин С.А. Философия истории М. Стрыйковского // Беларусика = Albaruthenika: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. – Мн.: Навука і тэхніка, 1994. – С. 287 – 290.

26. Попков Б.С. Польский ученый-революционер Иоахим Лелевель. – М.: Наука, 1974. – 212 с.

27. Рогов А.И. Русско-польские культурные связи в эпоху Возрождения. (Стрыйковский и его хроника). – М.: Наука, 1966. – 310 с.

28. Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. – М.: Наука, 1973. – С. 16 – 62.

29. Юхо И. Татищев о Белоруссии // Неман. – 1989. - № 3. – С. 174 – 176.

 

Тэматыка рэфератаў

 

1. Выданне каляндароў у Беларусі ў ХVІІІ ст.

2. «Рамантычная школа» І.Лялевеля.

3. Погляды І.Лялевеля на гісторыю ВКЛ і Расіі.

4. Віленскі універсітэт – центр гістарычнага вывучэння Беларусі ў першай трэці ХІХ ст.

5. В.М.Тацішчаў аб гістарычных падзеях на тэрыторыі Беларусі.

 

1. Мацей Стрыйкоўскі – першы гістарыёграф Вялікага княства Літоўскага. У 20 – 90-я гг. ХVІ ст. на гістарычнае развіццё ВКЛ і Рэчы Паспалітай значны ўплыў аказалі Адраджэнне і Рэфармацыя. Яны прадвызначылі ўключэнне беларускіх зямель у сферу ўплыву заходнееўрапейскай культурнай традыцыі. Прафесар Д.У.Караў назваў гэты працэс «вестэрнізацыяй» беларускай культуры». На яго думку, новая тэндэнцыя ў духоўным жыцці беларускага грамадства суправаджалася этнакультурнай дэзінтэграцыяй, кардынальнай зменай релігійнай і моўнай сітуацыі, што прывяло да з'яўлення публіцыстыкі (творы П.Скаргі, І.Пацея, М.Літвіна і інш.).

Інтэнсіўная палеміка паміж прыхільнікамі «традыцыйнай» і «заходняй» арыентацыі садзейнічала росту грамадскай цікавасці да гісторыі як асобнай галіны ведаў. Таму ў гістарыяграфіі зацвярджаецца жанр хранографаў, які звязваў гісторыю беларускага народа з сусветнай. Першай працай падобнага тыпу ў ВКЛ стала «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, якая ўключыла гісторыю ВКЛ у арбіту заходнееўрапейскай гістарыяграфічнай традыцыі.

Мацей Стрыйкоўскі (1547 – 1590 (1593) гг.) нарадзіўся ў м. Стрыйкаў каля Лэнчыц (сучаснае Лодзінскае ваяводства Польшчы) у сям’і судовага вознага. Па жаночай лініі ён паходзіў са знакамітага роду Лелі́ва, а па мужчынскай – Асостаў. Па маці ягоным продкам быў мазавецкі ваявода Хры́сцін, які вызначыўся ў бітве пры Захвосце (1205 г.).

У сем гадоў Стрыйкоўскі пайшоў вучыцца ў парафіяльную граматычную школу ў Бжэзінах. Сам ён назваў яе «Падуяй і Балоньяй», бо атрымаў там грунтоўную адукацыю. Далейшы лёс Стрыйкоўскага супярэчлівы. Беларуская даследчыца А.А.Семянчук называе яго «геніальным саманавукай» і лічыць, што ён не атрымаў вышэйшай адукацыі. Расійскі гісторык А.І.Рогаў сцвярджае пра вучобу Стрыйкоўскага ў Кракаўскай Акадэміі (універсітэце): у 1564 г. атрымаў ступень бакалаўра. Вучоба перапынялася вандроўкай ў ВКЛ. Ёсць гіпотэза, што Стрыйкоўскі падчас Лівонскай вайны быў «рыскуном» (шпіёнам).

У 1567 – 1569 гг. яго імя зноў значыцца ў спісах студэнтаў Кракаўскай Акадэміі. Там Стрыйкоўскі добра авалодаў лацінскай мовай і антычнай літаратурай. Таксама ён ведаў нямецкую мову, інжынернае мастацтва. Магчыма гэтая акалічнасць заставіла яго вярнуцца ў ВКЛ на ваенную службу ў Віцебскі гарнізон (1572 – 1574 гг.).

У 1574 г. М.Стрыйкоўскі выдаў у Кракаве вершаваную кнігу «Ганец цноты» (дабрадзейнасці). Аўтар услаўляў шляхту, якую лічыў крыніцай дабрачыннасці. Ён пісаў пра сармацкае паходжанне шляхецкага саслоўя, што прадвызначала іх больш шырокія правы, чым у караля Рэчы Паспалітай. Пад уплывам Адраджэння Стрыйкоўскі звяртаецца з заклікам вывучаць навукі, найперш, гісторыю. Ужо ў гэтай працы аўтар зрабіў кароткі агляд гісторыі Літвы.

У тым жа годзе Стрыйкоўскі напісаў паэму «Праваслаўнага ўезду да Кракава і памяці годнай каранацыі Генрыха Валуа апісанне». Магчыма гэтым творам ён шукаў каралеўскай службы, што дало плён. У верасні 1574 г. яго накіравалі ў складзе пасольства Рэчы Паспалітай у Канстанцінопаль. Там Стрыйкоўскі склаў дзесяць карт Турцыі, план г. Канстанцінопаля, а па вяртанні напісаў кнігу «Пра пачатак, паходжанне, мужнасць, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага».

У гэтым творы супрацьпастаўляюцца «залатыя» шляхецкія вольнасці, як своеасаблівы палітычны лад, становішчу славянскіх народаў, якія знаходзіліся пад прыгнётам Асманскай імперыі. Пры гэтым аўтар раскрыў гісторыю Турцыі, выкарыстаўшы турэцкую хроніку, якую яму пераклаў атурэчаны венгр. Крытычны характар кнігі выклікаў незадаволенасць караля Стэфана Баторыя, бо Асманская імперыя аказала яму падтрымку пры выбранні на трон Рэчы Паспалітай. Верагодна, па гэтай прычыне Стрыйкоўскі пакінуў дзяржаўную службу.

З 1576 па 1578 гг. ён знаходзіўся пры двары князёў Алелькавічаў у Слуцку і Капылі пад пратэкцыяй князя Юрыя Юр’евіча Алелькавіча. Там Стрыйкоўскі пачаў пісаць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі». Пасля смерці свайго апекуна ён пераходзіць пад пратэкцыю жмудскага біскупа Мельхіора Гедройца. З яго дапамогай Стрыйкоўскі атрымаў пасаду жмудскага каноніка. Неверагодна, але паляк заняў пасаду ў ВКЛ. А.А.Семянчук тлумачыць гэты факт схільнасцю Стрыйкоўскага да Княства, тым, што ён адстойваў права ВКЛ на Падолію, а таксама падтрымкай з боку магнатаў (Радзівілаў, Глябовічаў, Хадкевічаў і інш.).

«Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» была выдадзена ў Круляўцы (сучасны г. Калінінград) у 1582 г. на польскай мове. Хроніка прысвечана каралю Стэфану Баторыю, віленскаму біскупу Радзівілу, сынам Юрыя Алелькавіча. Гэта першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Твор складаецца з пяці частак: рыфмаванай аўтабіяграфіі Стрыйкоўскага, прадмовы са зваротам да шляхты, самой Хронікі (25 кніг, падзеленых на главы), спіса апечатак, рэестра ўласных імён.

Стрыйкоўскі паўстае ў хроніцы не ў якасці сярэдневяковага кампілятара, а як даследчык. Гэта відавочна ў шырокім выкарыстанні аўтарам гістарычных крыніц (працы Герадота, Ціта Лівія, Клаўдзія Пталамея, Страбона, Я.Длугаша, Мехавіты, М.Кромэра, П.Дусбурга, «Аповесць мінулых гадоў», беларуска-літоўскія летапісы і інш.).

Вельмі падрабязна ён раскрыў гісторыю ВКЛ ад Палямона да Стэфана Баторыя. Характарызуючы вялікіх князёў літоўскіх, Стрыйкоўскі не згадзіўся з польскімі храністамі аб «нізкім» паходжанні Гедзіміна (конюх Віценя). Дарэчы, гэта пазіцыя была характэрна лівонскім хроністам. Таксама ён сцвярджаў, што ў Альгерда было дзве жонкі: віцебская княжна Марыя і цвярская Улляна. Грунтоўна падаецца аналіз знешнепалітычных акцый ВКЛ.

С.А.Падокшын і А.А.Семянчук лічаць хроніку ўзорам шляхецкай гісторыі, а М.І.Ермаловіч называў Стрыйкоўскага «свядомым фальсіфікатарам» на карысць М.Гедройца. Твор адметны «літоўскім» патрыятызмам, прывержанасцью да дынастыі Ягелонаў. Адной з асаблівасцей хронікі можна назваць вершаваныя ўстаўкі на батальную тэму (бітва пад Клецкам 1506 г., бітва пад Оршай 1514 г., бітва на Уле 1564 г.). Але аўтар прадэманстраваў некрытычны падыход да гістарычных крыніц, апублікаваўшы часам фантастычныя звесткі.

Метадалагічныя прынцыпы Стрыйкоўскага сфарміраваліся пад уплывам эпохі Адраджэння. Рухаючай сілай гісторыі ён лічыў не столькі Бога, колькі чалавека. Таму гісторыя – гэта адзіны паток з мінулага, сучаснага і будучага. Чалавек павінен зацвердзіць сябе не ў пасіўна-сузіральным, а ў дзейнасна-практычным жыцці. Прычым галоўная ўзнагарода яго чакае не ў загробным свеце, а ў памяці нашчадкаў.

У працэсе гістарычнага пазнання Стрыйкоўскі вылучаў два ўзроўні: фундаментальны (пазнавальны) і маральна-дыдактычны (навучальны). Гэты падыход адрознівае М.Стрыйкоўскага ад сярэдневяковай гістарыяграфіі, у якой асноўны змест і сэнс гісторыі зводзіўся да маральнага вопыту, а вопыт палітычны, сацыяльны амаль што не разглядаўся.

2. Гістарычная думка ў ВКЛ у XVII – першай палове XVIIІ ст. У ХVІІ – першай палове ХVІІІ ст. гістарычная думка знаходзілася пад кантролем езуітаў, якія манапалізавалі сістэму адукацыі ў ВКЛ.

Навучальны план езуіцкіх навучальных устаноў «Ratio et institutio studiorum Societatis Jesu» быў распрацаваны ў 80-я гг. XVI ст. Ніжэйшыя школы – калегіўмы – мелі трох і пяцікласнае навучанне. Веды па гісторыі, геаграфіі, міфалогіі даваліся ў чацвёртым класе паэтыкі і ў пятым класе рыторыкі. Навучанне ў вышэйшай школе (Акадэміі) прадугледжвала вывучэнне на філасофскім і багаслоўскім факультэтах логікі, фізікі, метафізікі, этыкі (па Арыстоцелю).

XVI ст. стала пачатковым этапам у развіцці адукацыі Ордэна езуітаў. Гісторыя не з’яўлялася самастойным прадметам навучання, а выкарыстоўвалася для вывучэння паэтыкі і рыторыкі. Гістарычныя веды павінны былі садзейнічаць маральнаму і хрысціянскаму выхаванню моладзі.

Крыніцамі гістарычнай інфармацыі з’яўляліся працы і каментарыі антычных аўтараў. Ужо ў класе граматыкі пры вывучэнні моў паўстала праблема выкарыстання гістарычнай інфармацыі для вызначэння стылю паэта і г.д. Жыццё і дзейнасць старажытнагрэчаскіх і старажытнарымскіх гісторыкаў разглядалі ў класе паэзіі. Наступным этапам прадугледжвалася вывучэнне непасрэдна прац антычных аўтараў (Тацыта, Ціта Лівія, Фукідзіда і інш.).

З 1593 г. у вучэбным працэсе сталі карыстацца кнігай Антонія Пасевіна «Выбраныя кнігі», у якой аўтар прадставіў пералік прац, неабходных для навучання ў калегіўмах, кароткую інфармацыю аб розных народах і дзяржавах. Першы падручнік па гісторыі для калегіўмаў выдаў рэктар рымскай семінарыі Гарацый Турчаліні (? – 1599 г.) у 1598 г. «Historiarum ab origine mundi usque ad annum 1598» у 10 кнігах. Гэты падручнік па сусветнай гісторыі ахопліваў падзеі ад біблейскіх часоў па сярэднявечча. Па ініцыятыве генерала ордэна К.Аквавівы навучэнцам было загадана вывучаць кнігу ў сямі тамах «Гісторыя таварыства Ісуса», у якой разглядалася гісторыя езуітаў ад моманту ўзнікнення ордэна да 1632 г. У Заходняй Еўропе набыла папулярнасць праца Дзіянісія Петавія (1583 – 1652 гг.), аўтар якой першым пачаў датаванне гістарычных падзей біблейскай гісторыі да нараджэння Ісуса Хрыста. Па яго падручнікам навучэнцы школ Гродна і Нясвіжа рабілі тэатральныя пастаноўкі нават і ў XVIIІ ст.

Кардынальных перамен у гістарычнай адукацыі езуітаў не адбылося і ў першай палове XVII ст. Праўда, падчас арганізацыі Літоўскай правінцыі ордэна езуітаў прайшла нарада (лістапад 1609 г.), прысвечаная гуманітарнай адукацыі. Яе рашэнні сведчылі аб тэндэнцыі да мадыфікацыі «Ratio studiorum», жаданні ўлічыць спецыфіку правінцыі. Удзельнікі сустрэчы прапанавалі стварыць кафедры гісторыі ў калегіўмах, дзе выкладалася філасофія. Гэта тлумачылася просьбамі мясцовай шляхты, якая жадала, каб шляхецкая моладзь навучылася дастойна выступаць на пасяджэннях соймікаў і вальнага сойма. Але генерал ордэна катэгарычна адмовіў, растлумачыўшы сваю пазіцыю тым, што гісторыі прысвечана дастаткова ўвагі ў класах паэтыкі і рыторыкі.

У езуіцкіх школах Літоўскай правінцыі іх навучэнцы карысталіся падручнікамі Яна Квяткевіча, выдадзенымі ў 1627 г. і 1698 г. Па іх вывучалі лацінскую мову і гісторыю антычнага свету ў класе рыторыкі. Таксама атрымала пашырэнне кніга Флоруса (1646 г.), у якой асвятлялася гісторыя Старажытнага Рыма ад легендарных часоў да Аўгуста. Даследаванне адпавядала сармацкай ідэалогіі, таму што раскрывала рэспубліканскія інстытуты ўлады. Напрыклад, Я.Квяткевіч параўноўваў Уладзіслава ІV Вазу з Александрам Македонскім.

У Польскай правінцыі езуітаў гісторыю Польшчы вывучалі на аснове працы Альберта Інэса (1620 – 1658 гг.) «Лехіада» (1655 г.). Аўтар у паэтычнай форме раскрыў дзейнасць каралёў Польшчы. На прыкладах айчыннай гісторыі ў вучняў фарміраваліся патрыятычныя пачуцці, занепакоенасць за лёс Рэчы Паспалітай у сувязі з І-й Паўночнай вайной 1655 – 1660 гг.

У Літоўскай правінцыі езуітаў мінулае ВКЛ вывучалі на аснове «Гісторыі Літвы» – першага сістэматызаванага курса гісторыі ВКЛ, які быў створаны шляхціцам, пісьменнікам, палемістам, гісторыкам Войцехам Віюком Каяловічам.

Войцех Віюк Каяловіч (1609 – 1677 гг.) нарадзіўся ў Коўне. У Нясвіжы вывучаў філасофію, потым займаўся ў класе паэзіі ў Смаленску. У 1634 – 1638 гг. вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскай Акадэміі. Абараніў дысертацыю на званне магістра філасофіі, выкладаў логіку, фізіку, метафізіку, этыку. Рэктар Віленскай Акадэміі (1653 г.). Пазней – рэктар дома езуітаў-прафесараў у Вільні. Віюк Каяловіч пакінуў вялікую колькасць палемічных твораў, накіраваных супраць пратэстантаў, а таксама шмат біяграфій езуітаў і багаслоўскія трактаты.

«Гісторыя Літвы» была выдадзена ў 2-х частках (ч. 1 у Гданьску, 1650 г.; ч. 2 у Антвэрпэне, 1669 г.) на лацінскай мове і прысвечана магнату Казіміру Сапеге. Таксмама твор прызначаўся замежнаму чытачу, каб данесці ў Еўропу звесткі пра ВКЛ.

Першая частка ўяўляе па сваёй сутнасці пераказ «Хронікі» М. Стрыйкоўскага. Аўтар адзначыў, што яго кніга з’яўляецца літаратурнай апрацоўкай «Хронікі», а не арыгінальным творам. Праўда, В.Каяловіч адкінуў шмат яе фантастычных звестак і сістэмна разглядзеў гісторыю ВКЛ да Крэўскай уніі. Другая частка носіць больш самастойны характар і даводзіць падзеі да Люблінскай уніі.

Гісторык, у адрозненне ад Стрыйкоўскага, прывёў іншы варыянт легенды пра паходжанне літоўскай знаці, апусціў шэраг фрагментаў пра суседзяў ВКЛ, правёў уласны аналіз і сістэматызацыю гістарычных звестак. Як і Стрыйкоўскі, аўтар апісаў падзеі палітычнай і ваеннай гісторыі. Тэндэнцыйнасць Каяловіча праявілася пры раскрыцці язычніцкіх князёў Літвы. Міндоўга ён прадставіў тыранам, які прыняў хрышчэнне пад націскам знешніх падзей. Аднабакова ацэнены Тройдзень, Віцень і інш. князі. Толькі Кейстут параўноўваецца з Адысеем.

Аўтар раскрыў барацьбу з крыжацкай агрэсіяй на рубяжы ХІІ – ХІІІ ст. Пры гэтым указывалася на экспансіянісцкія намеры нямецкага рыцарства. ВКЛ, на яго думку, абараняла свой сувэрэнітэт. Калі Стрыйкоўскі, апісываючы Грунвальдскую бітву, паказаў рашаючую ролю Княства, то Каяловіч не забыў напісаць аб паляках, якія мелі меншыя страты. Ім, а не літоўцам, дапамог Бог.

Праца В.Каяловіча выкарыстоўвалася не толькі ў езуіцкіх школах, але і ў піярскіх навучальных установах.

Таксама Віюк Каяловіч апісаў у кнізе «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў» ваенныя падзеі паходу гетмана Януша Радзівіла супраць казацкіх «загонаў» пад час казацка-сялянскай вайны 1648 – 1651 гг.

Ён у 1648 г. пачаў працу над кнігай аб гісторыі шляхты ВКЛ. Але яе друкаванне было спынена па патрабаванню адной шляхецкай сям’і, якая палічыла сябе абражанай. Дарэчы, Каяловіч сапсаваў свае адносіны з Радзівіламі, бо ў 1653 г. выдаў «Радзівілаўскі летапіс», у якім раскрыў таямніцы іх роду. Сапсаваў адносіны і з Сапегамі, бо іх род выводзіў аб баярына Сунігайлы, а не ад Гедзіміна.

Выкладчыкі-езуіты здолелі да сярэдзіны XVIII ст. вырашыць сваю галоўную задачу – стварыць пакаленне моладзі, адданае Папе рымскаму і артадаксальнаму каталіцызму. Але ў самой сістэме падрыхтоўкі кадраў-багасловаў адчуваўся пэўны дуалізм. Езуіты рыхтавалі не толькі фанатычных католікаў, але і багасловаў-палемістаў. Гэта, у сваю чаргу, патрабавала грунтоўнай адукацыі ў сферы гуманітарных навук, найперш, гісторыі.

Езуіты надавалі вялікую ўвагу вывучэнню антычнай спадчыны, у асноўным лацінскай, цудоўна разумелі неабходнасць яе гістарычнага і геаграфічнага тлумачэння. Таму для каменціравання антычных аўтараў выкарыстоўваліся працы, у якіх матэрыял сістэматызаваўся не па храналагічным, а па прадметна-энцыклапедычным прынцыпе. У якасці падручніка падобнага тыпу ў ВКЛ выкарыстоўвалася кніга італьянскага езуіта Мусантыя. У 1706 г. прафесар Віленскай Акадэміі Ян Дрэўс (1645 – 1710 гг.) выдаў падручнік па гісторыі і геаграфіі (у 4-х частках), які ўяўляў сабою скарочаны варыянт кнігі Мусантыя. Я. Дрэўс зрабіў кароткае апісанне народаў і дзяржаў свету, паказаў ролю каталіцкай царквы ў распаўсюджанні цывілізацыі, варожа ставіўся да арабаў і магаметан. У першай палове XVIII ст. падручнік перавыдаваўся дзевяць разоў.

Пад уплывам Асветніцтва і рэформы піярскіх школ гісторыя была ўведзена ў школы Літоўскай правінцыі езуітаў у якасці самастойнага прадмет а ў 1741 г. Гэта ажыццявіў правінцыял Кароль Бартольд.

Кароль Бартольд (1680 – 1745 гг.) нарадзіўся ў Мазовіі. Вучыўся ў езуіцкіх навучальных установах Пултуска, Варшавы і Вільні. Прафесар філасофіі і тэалогіі. У 1735 – 1737 гг. займаў пасаду рэктара Віленскай Акадэміі, затым правінцыяла Літоўскай правінцыі езуітаў. Выкладаў рыторыку, філасофію, тэалогію, кананічнае права. Вёў барацьбу з піярамі за ўплыў на сістэму адукацыі, абараняў шляхецкія вольнасці.

Будучы прафесарам Віленскай Акадэміі, Бартольд у 1719 г. напісаў падручнік па гісторыі «Свята для першага класа», які шэсць разоў перавыдаваўся пад назвай «Вобразы князёў і каралёў Польшчы». Аўтар звёў гісторыю Рэчы Паспалітай да гісторыі польскіх каралёў і літоўскіх князёў ад легендарных часоў да Аўгуста ІІ Моцнага. Тэкст перамешаны палітычнымі і маральнымі высновамі, а таксама павучаннямі.

Папулярнасць у першай палове XVIII ст. набыла праца Адама Нарамеўскага «Воблік сарматаў».

Адам Нарамеўскі (1686 – 1736 гг.) – ураджэнец ВКЛ. Пасля заканчэння Віленскай Акадэміі працаваў у ёй прафесарам, а затым выкладаў у езуіцкіх калегіях Варшавы і Пултуска.

У адпаведнасці з сярэдневяковай традыцыяй Нарамеўскі апісаў жыццё і дзейнасць каралёў, князёў, прымасаў і епіскапаў. Аўтар звярнуў увагу на працэс утварэння Польскага каралеўства і ВКЛ, паказаў гісторыю шляхты, рэфармацыйны рух, развіццё школьнай справы езуітамі. Праўда, ён некрытычна пераняў інфармацыю з гістарычных крыніц, таму ў кнізе шмат фантастычных звестак. Нарамеўскі выступіў з асуджэннем Казіміра Лышчынскага.

Пачатак перыядычнаму друку ў ВКЛ у гэты перыяд паклаў Ян Пашакоўскі.

Ян Пашакоўскі (1684 – 1757 гг.) паходзіў са шляхты Упіцкага павета (Літва). Скончыў езуіцкую школу ў Коўне, Нясвіжскую педагагічную семінарыю, Віленскую Акадэмію. Выкладаў філасофію, граматыку і тэалогію ў Коўне, Крожах, Вільні, Нясвіжы. У 1713 г. атрымаў сан каталіцкага святара. Выхоўваў сыноў магната Міхала Казіміра Рыбанькі, займаў пасаду надворнага тэолага. Напісаў шмат сачыненняў багаслоўскага характару, рабіў пераклады з лацінскіх твораў, складаў панегірікі.

Як багаслоў-тэолаг, Пашакоўскі абараняў вучэнне каталіцкай царквы, крытыкаваў пратэстантызм. У Вільні ён выдаў працу «Голас пастыра Ісуса Хрыста…» (1736 г.), у якой даказываў існаванне Бога, сцвярджаў пра ілжывасць атэізму. Аўтар звярнуўся да гісторыі пратэстантызму ў ВКЛ, вывучаў янсенізм (адгалінаванне каталіцызму ў Нідэрландах і Францыі, блізкае да пратэстантызму), іслам. Ён рыхтаваў працу па гісторыі царквы ў Рэчы Паспалітай, якую, на жаль, не паспеў завяршыць.

Але галоўнай справай жыцця Пашакоўскага стала падрыхтоўка каляндароў, што дало пачатак перыядычнаму друку ў ВКЛ. Толькі ў Вільні на працягу 1735 – 1749 гг. ён выдаў дваццаць «Палітычных каляндарыкаў», напрыклад, адзін з іх прызначаўся нават для жанчын. У каляндарах крытыкавалася геліацэнтрычная сістэма Каперніка, пералічваліся астранамічныя з’явы, называліся важнейшыя падзеі з гісторыі ВКЛ і Польшчы. Аўтар вельмі клапаціўся аб дакладнасці прыводзімых у сваіх выданнях біяграфічных звестках. Апошнія гады жыцця ён быў паралізаваны і памёр у Нясвіжы.

З арыгінальных прац гісторыкаў-езуітаў вызначаюцца «Гісторыя Літоўскай правінцыі ордэна езуітаў» С.Растоўскага і «Гісторыя Віленскай Акадэміі» Яна Прэўсгайфа. Кніга Прэўсгайфа, якая выйшла ў 1707 г., стала першай спробай напісання гісторыі Віленскага універсітэта. Але тэкст мае сумбурны характар і ўтрымлівае шмат факталагічных памылак.

3. Гістарычныя даследаванні ў ВКЛ у другой палове XVIIІ ст. «Манархічная» школа А.Нарушэвіча. Другая палова XVIII ст. характарызуецца секулярызацыяй гістарычнай думкі і ў цэлым адукацыі ў ВКЛ. Гэта адбылося пад уплывам рэформы ордэна піяраў, якую правёў Станіслаў Канарскі ў 50 – 60-я гг. Рэформа прадугледжвала вывучэнне польскай, французскай моў, прыродазнаўчых дысцыплін, эстэтычнае і фізічнае выхаванне дзяцей, правядзенне практычных заняткаў за кошт скарачэння курса тэалогіі.

Таксама свой уплыў аказалі ідэі французскіх асветнікаў, творы якіх перакладаліся пры садзейнічанні Адукацыйнай камісіі. Адбыўся пераход ад гісторыі, узгодненай са Святым Пісаннем, да гісторыі дэсакралізаванай.

Пад кантролем і апекай графа Ігната Патоцкага былі напісаны новыя падручнікі па сусветнай гісторыі братамі Скшатускімі «Палітычная гісторыя для дваранскай моладзі», «Заўвагі па ўсеагульнай гісторыі для народных вучылішчаў». Да іх блізкімі па свецкай накіраванасці стала кніга па ўсеагульнай гісторыі піяра Д.Шыбінскага «Кароткія звесткі пра важнейшыя манархіі свету, старажытныя каралеўствы і рэспублікі». Ён адным з першых сярод гісторыкаў Рэчы Паспалітай зрабіў спробу ўвесці ўласную перыядызацыю гісторыі, заснаваную па падзеях свецкай гісторыі, першым імкнуўся аддзяліць гісторыю царквы ад грамадзянскай гісторыі.

Прааналізаваўшы выкладанне гуманітарных дысцыплін, Адукацыйная камісія запатрабавала, каб пры вывучэнні ўсеагульнай гісторыі асноўная ўвага надавалася гісторыі Польшчы. У Галоўнай Літоўскай школе кафедру ўсеагульнай гісторыі ўзначальваў прафесар Томаш Гусаржэўскі.

Томаш Гусаржэўскі (1731 – 1797 гг.) нарадзіўся ў Варшаве у шляхецкай сям’і, карані якой узыходзяць да ВКЛ. Пасля вучобы стаў ксяндзом-місіянерам. Выкладаў у духоўных семінарыях Варшавы і Вены. У 1783 г. узначаліў кафедру ўсеагульнай гісторыі Галоўнай Літоўскай школы.

Гусаржэўскі не аставіў пасля сябе значных гістарычных твораў. Але яго заслуга ў прапагандзе асветніцкага разумення гісторыі. У працы «Уводзіны ва ўсеагульную гісторыю, у асаблівасці царкоўную» (1775 г.) ён выдвінуў ідэю прагрэсіўнага развіцця чалавецтва па ўзыходзячай лініі. На яго думку, гісторыя павінна вывучаць увесь шлях, пройдзены чалавецтвам. Аўтар закрануў праблему верыфікацыі гістарычных крыніц, іх навуковага аналізу. Ён таксама спрабаваў аддзяліць царкоўную гісторыю ад свецкай.

Асветніцкую лінію ў гістарычнай навуцы Беларусі і Літвы ў пачатку ХІХ ст. працягваў Готфрыд Гродэк – буйнейшы спецыяліст у галіне класічнай гістарыяграфіі, асабліва старажытнагрэчаскай літаратуры.

Готфрыд Эрнэст Гродэк (1762 – 1825 гг.) нарадзіўся ў Гданьску. Скончыў Гейдэльбергскі універсітэт. У 1804 – 1825 гг. займаў пасаду прафесара грэчаскага і лацінскага мовазнаўства Віленскага універсітэта. Цікавіўся антычнай міфалогіяй і рэлігіяй, аставіў працы «Як неабходна пісаць на міфалагічныя тэмы», «Аб сутнасці і характары рэлігійнасці грэкаў».

У другой палове ХVIII ст. значную папулярнасць набылі працы Францішка Папроцкага і Кароля Вырвіча, якія фактычна сталі асноўнымі падручнікамі па гісторыі ВКЛ.

Францішак Папроцкі (1723 – 1805 гг.) паходзіць з тэрыторыі Беларусі. Стаў членам ордэна езуітаў у 1740 г. у Полацку. Адукацыю атрымаў у Польшчы. З 1758 г. – прафесар. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў Варшаўскай і Віленскай Акадэміях, кіраваў шляхецкімі калегіямі ў Вільні і Камянцы.

Папроцкі прадоўжыў справу, распачатую Я.Пашакоўскім. Ён выдаваў у Вільні «Палітычныя каляндарыкі». За 1764 г. размясціў храналогію польскіх каралёў і князёў ВКЛ, апісаў першае бескаралеўе, якое наступіла пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста.

З прац, прысвечаных усеагульнай гісторыі, вылучаецца кніга «Найбольш значныя войны…» (1763 г.). Яна напісана на аснове твораў антычных і сярэдневяковых гісторыкаў. У прадмове аўтар пісаў: «Няма нічога больш непрыемнага для народаў, чым войны, і ў той жа час веданне гісторыі войнаў дазваляе высветліць прычыны ўзвышэння і падзення дзяржаў і, што асабліва важна, шляхі ўмацавання свабоды і незалежнасці Айчыны». У такой форме Папроцкі выказываў занепакоенасць патрыятычных сіл лёсам Рэчы Паспалітай. Трывогай за будучае краіны прасякнута праца «Аб рыцарскім пытанні ў Польшчы» (1776 г.). На аснове аналізу прычын перамог і паражэнняў у мінулым ВКЛ і Рэчы Паспалітай аўтар паспрабаваў выказаць свае рэкамендацыі па ўмацаванню абароны дзяржавы і павышэнню баяздольнасці яе арміі.

Цікавасць выклікаюць дзве невялікія працы Папроцкага «Дамашнія весці аб ВКЛ» (1763 г.) і «Дамашнія весці аб Польскім каралеўстве» (1771 г.). Яны ўяўляюць кароткія энцыклапедычныя даведнікі аб геаграфічным становішчы, прыродных умовах, гісторыі, дзяржаўным ладзе, судах, арміі і інш. атрыбутах гэтых дзяржаў. Кнігі ўяўляюць сабой даведнікі, якія прызначаліся для навучэнцаў школ. У дачыненні да гісторыі аўтар паказаў палітычныя і рэлігійныя падзеі на тэрыторыі Княства да Люблінскай уніі 1569 г. без іх аналіза. Ён паўтарыў гістарычныя канцэпцыі Длугаша і Літвіна.

Папроцкі зыходзіў з рацыяналістычнага разумення гістарычнага працэсу і сваёй дзейнасцю падрыхтаваў глебу для ўспрымання ідэі заканамернага развіцця гісторыі ў апошняй трэці ХVIII ст. З другога боку, ён трактаваў гістарычны працэс як простую паслядоўнасць падзей. Падобны эмпірычны падыход быў характэрны для ўсіх гісторыкаў асветніцкага часу.

Найбольшай папулярнасцю ў школах ВКЛ карысталіся кнігі Кароля Вырвіча.

Кароль Вырвіч (1717 – 1793 гг.) нарадзіўся ў Браслаўскім павеце ў беднай шляхецкай сям’і. Вучыўся ў езуіцкіх калегіях Пінска і Дынабурга, скончыў Віленскую Акадэмію. Працаваў прафесарам рыторыкі, гісторыі і геаграфіі ў Навагрудскай езуіцкай калегіі, затым прафесарам варшаўскага Collegium Nobilium і яго рэктарам. Будучы выхавацелем сына віленскага ваяводы Яна Гільзена, змог наведаць Францыю, Галандыю, Германію, дзе вывучаў арганізацыю асветы.

Вырвіч з’яўляўся аўтарам дзвух падручнікаў, напісаных на французскай мове, «Паходжанне сучасных дзяржаў і народаў» (1769 г.) і «Кароткае сістэматычнае выкладанне ўсеагульнай гісторыі» (у 2-х т., 1766 – 1771 гг.).

Светапогляд Вырвіча мае супярэчлівы характар. У яго творах спалучаюцца дзве тэндэнцыі: тэалагічная, бо з’яўляўся езуітам, і асветніцкае, бо разумеў ролю рацыяналістычнай філасофіі. Будучы гісторыкам, Вырвіч знаходзіўся пад уплывам ідэй французскага Асветніцтва. Ён адмоўна ставіўся да разумення гісторыі як працэса адлюстравання палітычных падзей і войнаў. Даследчык лічыў, што гісторыя – гэта сукупнасць змен у палітычным жыцці, звычаях, рэлігіі, навуцы, мастацтве, эканоміцы.

Важнае месца адводзіў ролі эканомікі ў грамадскім жыцці, у прыватнасці, эканамічнаму развіццю Рэчы Паспалітай. Галоўнай крыніцай багацця краіны ён лічыў гандаль, які мог пашырацца толькі на аснове развіцця прамысловасці і земляробства. Вырвіч падтрымліваў палітыку пратэкцыянізму.

У другой палове ХVIII ст. гістарычная навука ВКЛ набывае трывала крыніцазнаўчы фундамент, які быў закладзены Мацеем Догелем.

Мацей Догель (1715 – 1760 гг.) нарадзіўся ў в. Гембулы Лідскага павета ў сям’і дробнага шляхціца. Пасля заканчэння піярскай школы ў Шчучыне ўступіў ў ордэн піяраў. З 40-х гг. – рэктар піярскай калегіі ў Вільні. Заснаваў школу з асобным інтэрнатам для шляхецкай моладзі. Шмат падарожнічаў. З’яўляючыся выхавацелем сына маршалка ВКЛ С. дэ Кампа, змог выехаць за мяжу. Наведваў лекцыі ў Лейпцыгскім і Парыжскім універсітэтах.

З 1748 г. у якасці пасла Рэчы Паспалітай Догель працаваў ў архівах і бібліятэках Германіі, Францыі, Галандыі. Таксама карыстаўся малавядомымі і сакрэтнымі дакументамі ў каралеўскіх архівах Кракава і Нясвіжа. Гэта дазволіла яму пачаць выданне зборніка дакументаў і матэрыялаў «Дыпламатычны кодэкс Каралеўства Польскага і ВКЛ». З васьмі запланаваных тамоў выйшлі тры. Нявыдадзеныя матэрыялы ў рукапісах паступілі ў Каралеўскую бібліятэку ў Варшаве, потым – у Віленскі універсітэт, а адтуль – у Пецярбургскую публічную бібліятэку. Догель выдаў яшчэ адзін зборнік дакументаў па размежаванню дзяржаўнай мяжы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне ХVI ст. Яго зборнікі матэрыялаў па гісторыі міжнародных адносін Польшчы, Літвы і Беларусі за ХІІІ – ХVIІІ ст. як гістарычныя крыніцы не страцілі свайго значэння да нашых дзён.

Дакуметамі, сабранымі Догелем, карыстаўся вядомы польскі паэт, асветнік і гісторык Адам Нарушэвіч.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-16; просмотров: 369; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.141.193.158 (0.166 с.)