Кантрольныя пытанні да тэмы №6 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Кантрольныя пытанні да тэмы №6



1. Што з’явілася прычынай Лівонскай вайны?

2. На якіх умовах была заключана Люблінская ўнія двух краін?

3. На якіх умовах адбывалась выбранне каралёў Рэчы Паспалітай?

4. Які характар мела на Беларусі падтрымка паўстання на Ўкраіне Б.Хмяльніцкага?

5. Што з’явілася прычынай пачатка вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654-1667 гг.?

6. Паміж якімі магнацкімі групоўкамі распачалася вайна ў канцы XVII стагоддзя?

7. Якія рэформы былі праведзены на Чатырохгадовым сейме?

8. Што з’явілася прычынай правядзення аграрнай рэформы 1557 года?

9. Якімі шляхамі адбывалася аднаўленне гаспадаркі Беларусі ў пачатку XVIII стагоддзя?

10. У чым была асаблівасць разгортвання мануфактурнай вытворчасці на Беларусі?


ТЭМА 7. РАЗВІЦЦЁ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVII – XVIII СТст

Лекцыя 7. Развіццё культуры Беларусі ў другой палове
XVII – XVIII стагоддзяў

Асноўныя паняцці:

беларуская мова; рэнесансная культура; новалацінская паэзія; публіцыстыка; палітычная сатыра; гісторыка-мемуарная літаратура; "Дыярыўш"; "Фрынас"; "высокая" паэзія; батлейка; школьны тэатр; інтэрмедыя; прыватныя тэатры; барока; базілікальны тып храма; "віленскае барока"; паланізацыя; акаталічванне; Асветніцтва; Адукацыйная камісія; фрэскі; беларуская іканапісная школа; “сармацкія партрэты”; пластыка; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; Аружэйная і Сярэбраная палаты; ракако; класіцызм; кафля; шкляныя мануфактуры; “персіярня”.

 

У пераходны перыяд ад сярэдневечча да новага часу сфарміраваўся беларускі тып рэнесанснай культуры, узніклі перадумовы для станаўлення сучаснай беларускай мовы, літаратуры, тэатра, музычнага і выяўленчага мастацтваў. Рэнесансная культура ў рэчышчы еўрапейскага працэсу саступіла месца культуры барока, якая раскрылася на Беларусі ў дзвюх разнавіднасцях – усходнеславянскай, якая сфарміравалася на аснове сінтэзу мясцовай культуры і заходнееўрапейскага ўплыву і чыстай заходнееўрапейскай, носьбітамі якой на Беларусі былі каталіцкія ордэны. Значны ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569-1795 гг. аказалі рэлігійныя працэсы (рэфармацыя і контррэфармацыя, царкоўная ўнія), пазнейшы эканамічны заняпад і палітычны крызіс.

Літаратура

На мяжы паміж гуманістычным Адраджэннем і культурай барока сфарміравалася творчасць Сімяона Полацкага і тэарэтыка літаратуры і красамоўства, новалацінскага польскага паэта М.Сарбеўскага. У беларускай літаратуры таго перыяду летапісны жанр саступае месца новым напрамкам: публіцыстыцы, палітычнай сатыры, паэзіі, гісторыка-мемуарнай літаратуры. Пад уплывам рэфармацыі і контррэфармацыі з’яўляюцца публіцыстычныя творы С. Буднага, В. Цяпінскага, П. Скаргі, І. Пацея, М. Сматрыцкага, Л. Карповіча, братоў Зізаніяў. Адметнымі ўзорамі мемуарнай літаратуры становяцца дыярыўшы – свецкія дзённікі. Прыкладам можа служыць "Дзённік" наваградскага падсудка Федара Еўлашоўскага (1546-1616), "Дыярыўш" А. Філіповіча (1597?-1648), якія ярка апісваюць скандальныя і трагічныя падзеі гісторыі Бацькаўшчыны. У другой палове XVII-ХVIII стcт. мемуарыстыка становіцца шматмоўнай. Вялікую цікавасць выклікаюць уласныя ўспаміны аб шматлікіх падарожжах наваградскай лекаркі Саламеі Пільштыновай (Русецкай). Да ранняй эпісталярнай спадчыны адносяцца "Допісы" аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага (1530-1587), у якіх аўтар піша аб пагранічным жыцці, аб планах Івана ІV у адносінах да ВКЛ.

Таленавіты вучоны і публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч М. Сматрыцкі (1577-1633) больш вядомы сваім сучаснікам як пісьменнік-палеміст, аўтар шматлікіх твораў, сярод якіх вылучаецца " Фрынас " (1610), дзе пісьменнік выступае супраць акаталічвання і прыняцця царкоўнай уніі. За выданне гэтага твора быў прыгавораны да турэмнага зняволення другі пісьменнік-публіцыст, педагог, царкоўны дзеяч, адметны прадстаўнік аратарскай прозы Лявонцій Карповіч (1580-1620).

З канца ХVІ ст. у еўрапейскай літаратуры і мастацтве вылучаецца стыль барока, які бярэ сабе на ўзбраенне каталіцкая царква ў барацьбе з рэфармацыйнымі плынямі. Ён характарызуецца кантраснасцю, параднасцю, рухавасцю формы, апеляцыяй да пачуццяў, супярэчлівасцю, метафарычнасцю. У літаратуры гэта праяўляецца ў з’яўленні "высокай" паэзіі, адметным прадстаўніком якой становіцца паэт і драматург, кнігавыдавец, асветнік і грамадскі дзеяч С. Полацкі (1629-1680). Найбольш значнымі яго творамі сталі зборнікі паэтычных твораў "Ветроград многоцветный" і "Рифмологион". Новай для беларускай паэзіі стала палітычная сатыра ("Прамова Мялешкі", "Ліст да Абуховіча"), якая высвятляе заганы тагачаснага грамадства.

Значную ролю ў культурным жыцці грамадства ў гэты час стаў адыгрываць тэатр. Адным з першых на Беларусі стала батлейка – народны лялечны тэатр, вядомы яшчэ з ХVІ ст. Яе рэпертуар складаўся з 2 частак – кананічнай і свецкай. Прадстаўленне гэтага своеасаблівага "тэатра аднаго акцёра" складалася з песень, танцаў, дыялогаў і маналогаў. У ХVІІ ст. з развіццём школьнай адукацыі і драматургіі асобую ролю набывае школьны тэатр. У ім ставіліся п’есы як рэлігійнага і гістарычнага зместу, так і інтэрмедыі – кароценькія п’ескі на беларускай ці польскай мове, пантамімы, танцы, што выконваліся паміж дзеямі спектакля. Вядомы 24 дэкламацыі С. Полацкага, напісаныя ім для тэатраў брацкіх школ. Галоўным героем інтэрмедый стаў разумны і дасціпны беларускі селянін. У 1787 г. на змену традыцыйнай школьнай інтэрмедыі прыходзяць першыя драмы, напісаныя на беларускай народнай
мове – "Камедыя" К. Марашэўскага і "Лекар міжволі" М. Цяцерскага.

У ХVІІІ ст. адметнай з’явай культуры становіцца прыгонны тэатр, трупа якога складалася пераважна з залежных сялян. Рэпертуар першага з іх – Нясвіжскага – складаўся першапачаткова з 16 п’ес і оперных лібрэта Ўршулі Францішкі Радзівіл. У другой палове ХVІІІ ст. З’яўляюцца прыватныя тэатры ў Слоніме, Гародні, Шклове, Ружанах і інш. Пры іх утрымліваліся музычныя капэлы, аркестры. Для падрыхтоўкі артыстаў оперы і балета ствараліся балетныя школы (у Слоніме, Слуцку). На сто год раней, чым на Захадзе, на Беларусі пачалі скарыстоўваць у афармленні спектаклей павільёны. У 70-я гады ХVІІІ ст. працаваў "плавучы тэатр" на Агінскім канале. Беларускія акторы складалі аснову труп сталічных, у тым ліку Варшаўскага, тэатраў.

У другой палове ХVІ ст. барочны стыль пачынае ўсталёўвацца ў беларускай архітэктуры. Першым творам гэтага стылю стаў нясвіжскі касцёл Божага цела – езуітаў (архітэктар – італьянец Я.М. Бернардоні (1554-1593)), прататыпам якога стаў рымскі храм Іль Джэзу. Увогуле, стыль барока ў беларускай архітэктуры меў некалькі этапаў свайго развіцця.

1-ы этап – ранні (канец ХVІ – першая палова ХVІІ ст.) характарызуецца пошукам формаў, стратай абарончых функцый; паступовым пераходам замкавага дойлідства ў палаца-замкавае. У культавым дойлідстве фарміруецца базілікальны тып храма з бязвежавым, а пазней з двухвежавым фасадам (касцёлы езуітаў у Гародні, дамініканцаў у Стоўбцах).

2-гі этап – сталы (другая палова ХVІІ ст. – 1730-я гады) стабілізацыя 2-вежавай базілікі, павелічэнне колькасці ярусаў вежаў, пластычная насычанасць фасадаў (Мікалаеўская царква ў Магілёве). Распаўсюджваецца палацава-сядзібнае будаўніцтва (комплексы ў Нясвіжы, Слоніме, Гародні, Воўчыне). Для іх характэрна П-падобная кампазіцыя з анфіладай, парадным дваром, багатым дэкорам фасадаў і інтэ’ераў.

3-ці этап – позні – у культавай архітэктуры – "віленскае барока" (1730-я – 80-я гг.). Важную ролю ў развіцці гэтага адметнага для нашых зямель напрамку адыграла дзейнасць Я.К. Глаўбіца. Стыль вызначаецца пластычнасцю аб’ёмаў, маляўнічасцю сілуэта, стромкімі шмат’яруснымі ажурнымі вежамі, фігурнымі франтонамі, багаццем архітэктурнага дэкору (уніяцкі Сафійскі сабор у Полацку, Спаская царква ў Магілёве, ратуша ў Віцебску).

У культавым драўляным дойлідстве фарміруюцца адметныя традыцыі на Палессі і паўночным усходзе. Палессе прадстаўлена
2 групамі храмаў, – яруснай кампазіцыі з двух-трох шатровымі вярхамі і асіметрычнымі падоўжанымі кампазіцыямі з вежай на галоўным фасадзе. Паўночна-ўсходняя традыцыя характарызуецца высокімі зрубамі, завершанымі двухсхільнымі дахамі ці шатрамі.

Пасля падпісання Люблінскай уніі (1569) уплыў Польшчы на беларускую культуру становіцца ўсё больш значны. Беларуская мова паступова выцясняецца, а ў 1696 г. сойм прымае пастанову аб ужыванні ў дзяржаўным справаводстве выключна польскай мовы. У пачатку ХVІІІ ст. былі зачынены амаль усе брацкія школы і друкарні. У кнігавыданні пачала пераважаць лацінка. Асноўным носьбітам беларускай мовы застаўся народ. Пашыралася паланізацыя і акаталічванне краю.

З апошняй чвэрці ХVІІІ ст. на беларускіх землях пачынаюць распаўсюджвацца ідэі Асветніцтва – антыфеадальнай буржуазнай ідэалогіі перыяду станаўлення капіталістычных адносін. Яна сцвярджала прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці грамадства, асобы і дзяржавы. Асаблівымі рысамі беларускага Асветніцтва можна назваць адсутнасць рашучага рэвалюцыйнага і матэрыялістычнага характару, арыентацыю на вырашэнне сялянскага пытання; носьбітамі ідэй асветніцтва сталі дваранства і духавенства. Беларуская літаратура ў гэты час развіваецца марудна; для яе характэрны полілінгвістычны характар.

У Еўропе яшчэ з канца ХVІІ ст. пачынаецца працэс секулярызацыі жыцця, што вылілася, перш за ўсё, у пераходзе школьнай адукацыі з-пад кантролю царквы пад апеку дзяржавы. У 1773 г. ў Рэчы Паспалітай быў ліквідаваны ордэн езуітаў. Гэта супала з пачаткам рэформы ў сферы адукацыі – стварэннем Адукацыйнай камісіі. Яна імкнулася ўсталяваць поўны кантроль над усёй сістэмай асветы ў краіне. Прадугледжваўся свецкі характар, шматпрадметнасць і 3-ступенчатасць сістэмы адукацыі: (парафіяльныя акруговыя і падакруговыя школы, Галоўная школа ВКЛ – былая Віленская езуіцкая акадэмія). Але запланаванае адукацыйнай камісіяй не было праведзнна ў жыццё, гэтаму супрацьстаяла каталіцкае духавенства, феадалы і рэаліі часу – падзелы Рэчы Паспалітай. Ідэі Асветніцтва паўплывалі на творчасць філосафа К. Лышчынскага (1634?-1689), які напісаў трактат "Аб неіснаванні бога", г. Каніскага (1717-1795), І. Капіевіча. Да прац, што ўтрымлівалі ідэі свецкага развіцця навук, адносяцца работы філосафаў К. Нарбута і Б. Дабшэвіча, матэматыка і астранома М. Пачобута-Адляніцкага, гісторыка А. Нарушэвіча. Ідэі французскіх асветнікаў прапагандавалі прыдворныя тэатры.

Становішча культуры беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай было вельмі няпростым. Скончыўся "залаты век", узмацніўся польскі ўплыў. Носьбітамі сапраўды беларускай мовы, культуры, традыцый сталі сяляне і гарадскія нізы.

Жывапіс

З перыяду XVII-XVIII стст. захавалася нешмат помнікаў жывапісу ў параўнанні з колькасцю створанага ў тыя часы. Але і тое, што захавалася, гаворыць аб усебаковым развіцці гэтай галіны мастацтва.

Манументальны жывапіс – фрэскі. З архіўных матэрыялаў вядома пра роспіс фрэскамі шматлікіх праваслаўных і ўніяцкіх храмаў мясцовымі майстрамі (касцёлы распісвалі пераважна замежныя майстры). Так, у XVII ст. былі распісаны Петрапаўлаўская царква ў Мінску, цэрквы ў Оршы, Магілёве, Віцебску. У XVIII ст. распісалі праваслаўныя храмы ў Слаўгародзе (Прапойску), Чачэрску, уніяцкія – Сафію ў Полацку (адстроена Я.Глаўбіцам і Б.Касінскім ў 1738-1750-я гг.) і Крыжаўздвіжанскую царкву Жыровіцкага манастыра (мастак Шаталовіч, 1772 г.) і іншыя.

Каталіцкія касцёлы ў XVII-XVIII стст. афармляліся ў стылі барока, які з’явіўся на Беларусі на прыканцы XVI ст. Тыповыя рысы барока – дэматэрыялізацыя плоскасці сцяны, любоў да вычварнасці, “разарваных” архітэктурных форм, пышнасці, тэатральнасці, знешняй эфектнасці. Сярод найбольш яскравых прыкладаў – афармленне касцёлаў францысканцаў у Гальшанах, езуітаў у Нясвіжы (XVII ст.), касцёла св. Станіслава ў Маглёве (1765 г., мастак Пятро Паўлоўскі). У роспісах касцёлаў мастакі выкарыстоўвалі кампазіцыі вядомых заходнееўрапейскіх мастакоў. У другой палове XVIII ст. у архітэктуры і афармленні некаторых помнікаў выразна назіраюцца рысы класіцызму (размалёўка касцёла Тадэвуша ў Лучаі).

Іконапіс на Беларусі адчуў на сабе ўплыў заходнееўрапейскіх і візантыйскіх тэндэнцый, але ўсё ж характарызавалася захаваннем нацыянальных традыцый, выпрацоўкай асабістых прынцыпаў. У выніку сінтэзу розных напрамкаў фарміруецца асабістая іканапісная школа (канчаткова – у ХVІІІ ст.), прадстаўленая адметнымі магілёўскай, палескай, полацка-віцебскай, гарадзенскай, слуцка-мінскай плынямі. Для беларускага іканапісу характэрна спалучэнне сімвалізму выяўленчай мовы з вострахарактарным тыпажом, дакладнасць перадачы дэталяў.

Гістарычныя ўмовы (Люблінская і Брэсцкая ўніі) і ўплыў заходнееўрапейскай культуры паспрыялі таму, што ў іконапіс пранікаюць рэалістычныя пачаткі. Помнікам першай паловы XVII ст. “Маці Боская Адзігітрыя” з Жыткавіч і “Ілья” з Крычава ўласцівы адыход ад іканапіснай манеры пісьма, увядзенне арнаментыкі і дэкаратыўнага афармлення поля абразоў драўлянымі накладкамі з “каменнямі”. Такім чынам, абразы пераўтвараліся ў “карціны з рамамі”, што сведчыць пра разбурэнне канону іконапісу на Беларусі. Яшчэ больш перадавыя памкненні прасочваюцца ў творчасці невядомага мастака з Маларыты (“Праабражэнне” 1648г., “Пакроў” 1650 г., “Успенне” 1652 г.) і Пятра Яўсеевіча з Галынца, які напісаў ікону-карціну “Нараджэнне Маці Боскай” (1649 г.). Мастак рэалістычна напісаў магілёўскі пейзаж за кратамі акна, бытавыя рэчы, уласцівыя сваёй эпохе.

У помніках сярэдзіны – другой паловы XVII ст. мастакі інтэнсіўна ўводзяць у свае творы архітэктурны і ландшафтны пейзаж, персанажы апранаюць у адзенне сваёй эпохі. Прыклады – “Маці Боская Адзігітрыя Баркалабаўская” з Быхава (1659 г.), “Уваскрасен-
не – Сашэсце ў пекла” з Чачэрска (1678 г.).

У помніках XVIII ст. іконы яшчэ больш паходзілі на помнікі свецкага жывапісу, што выявілася ў перадачы прасторы, архітэктурных дэталях, размяшчэнні фігур “Аўраамій і Меркурый Смаленскія”, “Пакланенне вешчуноў” (1723-1728 гг.), а ў помніках сярэдзіны стагоддзя з’яўляюцца элементы барока, адчуваецца блізкасць да фальклору, але некаторыя помнікі гавораць пра зніжэнне ўзроўня прафісійнага майстэрства мастакоў. Іканапісцы як і раней, у асноўным паўтаралі традыцыйныя іконаграфічныя схемы, захаванне якіх перашкаджала канчатковаму разрыву з сярэдневяковым светапоглядам.

Партрэтнае мастацтва ў XVII-XVIII стст. развівалася пад уплывам шляхецкага светапогляда, згодна якому шляхціц – былы “сармат” – з’яўляецца гаспадаром дзяржавы і жыцця, ен жа павінен праславіць свой род, сям’ю. Пахаванне члена роду пераўтваралася ва ўрачысты рытуал, у якім асобае месца займаў трунны пахавальны партрэт. Гэта садзейнічала шырокаму развіццю мастацтва партрэта. Вялікія партрэтныя калекцыі збіраліся ў магнацкіх рэзідэнцыях у Нясвіжы і Слуцку, Ружанах, Слоніме, Гродна, Свіслачы і інш., з іх бралі прыклад і шляхціцы. З партрэтаў рабіліся шматлікія копіі для родзічаў.

З XVI ст. на Беларусі пад уплывам заходнееўрапейскага мастацтва партрэты пісалі алеем на палатне, адначасова пераймаліся прыёмы малявання. У XVII ст. назіраецца засваенне традыцый мастацтва Фландрыі і Галандыі. Яны выяўляюцца ў партрэтах Януша Радзівіла, Аляксанра Астрожскага, Альбрэхта Станіслава Радзівіла (апошняму ўласцівы і рысы іспанізму).

У XVII-XVIII стст. з’яўляюцца новыя тыпы і формы партрэтаў – арыстакратычны, рэтраспектыўны з багатым антуражам, пакаленны ці пагрудны (шляхецкі ці мяшчанскі), партрэты ў латах рыцарскага тыпу, партрэт вучонага і пахавальны. Кожны з іх захоўваў свой канан, што сведчыць пра цесныя сувязі з іконапісам. Шырока ў
XVII-XVIII стст. распаўсюдзіліся так званыя “ сармацкія партрэты ”. Назва звязана з уяўленнямі шляхты аб сваім паходжанні ад ваяўнічых сарматаў, якія пакарылі землі Ўкраіны, Беларусі, Польшчы і Літвы. Асобы на іх былі апранутыя ў старадаўнія касцюмы, маляваліся ўсе атрыбуты ўлады, якімі валодала асоба, гербы. Партрэт выконваў функцыю сацыяльную ў большай ступені, чым эстэтычную. Таму асоба падавалася без ідыялізацыі – гэта быў бясстрасны і дакладны партрэт. У стылі “сармацкага” выконваліся парадны, рыцаркі і трунныя партрэты магнатаў і заможнай шляхты. Прыклады – “Партрэт Канстанціна Астрожскага” (пач. XVII ст.), “Партрэт Кшыштафа Весялоўскага” (1636 г.), “Партрэт Міхаіла Казіміра Паца” (другая палова XVII ст.) і інш. Партрэты выконвалі як запрошаныя майстры, так і мясцовыя. Вядомы мастак з Вільні Іаган Шрэрэр (XVII ст.), невядомы мінскі майстар напісалі ў 1676 г. “Партрэт Анджэя Завішы”. Жывапісцы з Полацка стварылі галерэю партрэтаў выкладчыкаў Полацкай езуіцкаў калегіі, лепшы сярод іх – “Партрэт Мікаэля Квіена, прафесара старажытных усходніх моў”. У 1783 г. для Радзівілаў іх прыдворным мастаком Юзафам Ксаверыем Гескай быў створаны “Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага”. У вогуле, на развіццё мастацтва Беларусі XVIII ст. аказалі вялікі ўплыў прыдворныя мастакі саксонскіх курфюрстаў (адначасова і каралёў Рэчы Паспалітай) з Дрэздэна, дзе працавала вялікая колькасць мастакоў з Францыі і іншых заходнееўрапейскіх краін.

Такім чынам, беларускія майстры партрэтнага жывапісу перапрацоўвалі здабыткі заходнееўрапейскай культуры і захоўвалі мясцовыя асаблівасці, самабытнасць.

У XVII-XVIII стст. у адпаведнасці з пануючымі стылямі развівалася пластыка. Барока ў архітэктуры, скульптуры, разьбе, лепцы на Беларусі пратрымалася ўсе XVII і тры чвэрці XVIII ст. і набыло лакальны характар, мясцовыя асаблівасці (густы заказчыкаў, традыцыі мясцовага народнага мастацтва).

Скульптура

Скульптура выкарыстоўвалася ў афармленні касцёлаў, праваслаўная царква яе не прымала. Яскравае ўяўленне аб ансамблі ранняга барока дае алтар касцёла ў Будславе (1643-1651 гг.). У алтарнай скульптуры канца XVII ст. адбываецца ўзмацненне барочных матываў (“Распяцце” Казіміруса Круповіча, 1696 г.). У сярэдзіне XVIII ст. скульптура нярэдка выконвалася пад светлы мармур, ці наадварот, уся фігура пакравалася пазалотай, пасярэбранню, акрамя твару і рук (статуі з Гродна, Кобрына, Шарашова.

У свецкай скульптуры шырока распаўсюдзілася мемарыяльная скульптура – надмагіллі. Устанаўленне помніка ў храме гаварыла пра наяўнасць на Беларусі новага, гуманістычнага светапогляду. Надмагіллі вядомы з XVI ст., выконваліся замежнымі, часцей італьянскімі майстрамі. З XVII ст. вядомы надмагіллі ў Нясвіжы (1608 г. і 1616 г.), у Крамяніцы (1623 г.), у Гальшанах, Вільне.
У XVIII ст. у надмагіллі пачынаюць укампаноўвацца маляўнічыя партрэты. У мемарыяльнай скульптуры Беларусі сустракаюцца амаль усе вядомыя тыпы надмагілляў, выкананыя на высокім мастацкім узроўні, яны сведчаць аб вялікіх поспехах мастацтва партрэта.

У разбе сярэдзіны XVII ст. адбыліся значныя змены, звязаныя з засваеннем раней невядомых матываў і выкарыстоўваннем вялікай колькасці невядомых раней інструментаў. Беларускія майстры творча перапрацавалі барочную разьбу, яны зрабілі яе высокай, аб’ёмнай. Найбольш выдатныя помнікі – гэта шматярусныя іканастасы, характэрныя толькі для праваслаўных і ўніяцкіх храмах. Новы, беларускі, “ачышчаны ад каталіцызму” варыянт разьбы майстры прынеслі ў Маскву, дзе майстры ведалі толькі плоскую “фражскую” разьбу. Славу беларускім майстрам у Маскве стварыў палац цара ў Каломенскім (1667-1668 гг.) і шэраг іканастасаў для маскоўскіх манастыроў і сабораў (Новадзявочы манастыр 1683-1686 гг.).
У XVIII ст. у перыяд сталага барока адбываецца “абміршчэнне”, што праяўляецца ў скарачэнні радоў іканастасу, у больш стрыманым іх афармленні. Павышаная ўвага ўдзяляецца царскім варотам. Адначасова некаторыя помнікі гавораць аб прыкметным зніжэнні прафісійнага майстэрства рэзчыкаў, як і ў іканапісе – рэлігійнае мастацтва не здольна было паказаць перадавыя тэндэнцыі эпохі.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

XVII-XVIII стст. – гэта перыяд найвышэйшага росквіту і, у XVIII ст., заняпадка беларускага рамяства. Рамеснік у той час – гэта не проста вытворца рэчаў, неабходных у гаспадарке. Рамеснік – гэта перш за ўсё мастак, кожная рэч павінна быць “шэдэўрам”, па наша-
му – помнікам мастацтва. У гэтым сэнсе вядучым рамяством была ювелірная справа, і беларускія майстры дасягнулі ў ёй значных поспехаў. На працягу адзначанага перыяду ў шматлікіх гарадах Беларусі і ў Вільні дзейнічалі цахі залатароў і сярэбранікаў, а колькасць майстроў (па архіўных дадзеных) дасягала 1700 чалавек. Асноўнымі замоўцамі залатароў з’яўляліся заможныя феадалы і царква – як каталіцкая, так праваслаўная і ўніяцкая.

Майстры хутка засвойвалі дасягненні заходнееўрапейскага мастацтва і адначасова захоўвалі традыцыйны канон. Іх спалучэнне адрознівае нацыянальную мастацкую школу беларускіх майстроў-залатароў і сярэбранікаў XVII-XVIII стст. У многіх захаваўшыхся помніках пачатку XVII ст. назіраюцца моцныя рысы Рэнесанса і готыкі, але хутка пануючым стылем стала барока, асноўнай прыкметай якога быў сакавіты раслінны арнамент. Беларусы перанялі таксама кветкавы арнамент, які нарадзіўся ў галанскіх майстроў у 1650-1660-я гг. і хутка стаў пануючым ва ўсёй Еўропе. У помніках сталага барока (другая палова XVII ст.) асабліва натуралістычна прачаканьваюцца цюльпаны, макі, гваздзікі, нарцысы, півоні, ландышы. У гэтай традыцыі выконваюцца рызы – барэльефныя накладкі, “адзенне” абразоў (прыклад – рыза алтарнай карціны ў Камаях). Адзін з асноўных матываў сталага барока – акант – з’яўляецца ў помніках з 1666 г. (пацір з Ружан).

Этапнымі творамі, што сведчаць аб авалоданні мясцовымі майстрамі новымі прыёмамі чаканкі, якое яны спалучаюць з ліццём, гравіроўкай і павышаным рэльефам, з’яўляецца абраз “Маці Боская Адзігітрыя” са Слуцка, крыж Дзісенскага брацтва (1673 г.) і аправа Евангелля з Урэчча. Яны вызначаюцца багаццем каларыту, дасягнутага разнастайнасцю тэхнік: праразной чаканкай, чэрню, ліццём па форме, гравіроўкай, філігранню. Мясцовыя майстры стварылі свой, лакальны варыянт барочнага мастацтва. Яго ж яны перанеслі ў Маскву, куды пад час вайны 1654-1667 гг. былі насільна вывезены ўсе рамеснікі з беларускіх гарадоў, якія ўяўлялі хоць нейкую каштоўнасць. У Маскве майстры працавалі ў Аружэйнай і Сярэбранай палатах на рускага цара і з’яўляліся яго асабістай маёмасцю. Моцны ўдар нанесла залатарнай справе і Паўночная вай-
на – шмат вырабаў з золата і срэбра было выкрадзена пад час нашэсця швецкага і рускага войскаў.

Пасля Паўночнай вайны барока ўступае ў апошнюю стадыю развіцця. У інтэр’ерах, як і ў пластыцы, у 1730-1775 гг. пануе ракако. Да найбольш выразных помнікаў гэтага стылю адносяцца рыза абраза “Маці Боская Адзігітрыя Смаленская” майстра Пятра Сліжыка (г. Дзісна, 1774 г.). Прыкметы ракако – павышаная дэкаратыўнасць і вычварнасць форм, любоў да с-падобных завіткоў. У арнаментыцы з’яўляецца ракавіна, якая і дала назву гэтаму стылю. Пад канец XVIII ст. з’явіліся сымптомы новага стылю – класіцызму (яшчэ ў сімбіёзе з барока).

Буйныя заказы залатары атрымлівалі не толькі ад царевы, але і ад феадалаў: гетманскія булавы, жэзлы, парадныя шаблі “карабелы”, паясы, залаты і сярэбраны посуд, нават фігуры дванаццаці апосталаў (Нясвіж, сховішча Радзівілаў). У выкананні некаторых прадметаў майстры вымушаны былі архаізаваць іх выгляд, што адпавядала светапогляду шляхты, тэорыі яе сармацкага паходжання.

Вялікую ролю ў афармленні царкоўных і свецкіх інтэр’ераў, адзення магнатаў, шляхты і іх быту адыгрываў не толькі мастацкі метал, але і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: кераміка, фаянс, шкло, скура, саломка, тканіны, вышыўка, аплікацыя, шпалеры.

Вялікае распаўсюджанне ў XVII-XVIII стст. атрымала кафля. Па тэхніка-матэрыяльных адзнаках яна дзеліцца на тэракотавую (“чырвоную” – XVI-XVII стст.), манахромную рэльефную і паліхромную рэльефную (XVI-XVII стст., асобныя прыклады ў XVIII ст.) і распісную (XVIII ст.). У афармленні кафлі выкарыстоўвалі геаметрычныя матывы, кветкі, расліны, фрукты, птушак, жывёл, гербы, выявы людзей, бытавыя жыцейскія і біблейскія матывы, тэксты. Кампазітнае афармленне, названае “паўлінава вока” з’яўляецца ўласна беларускім вынаходніцтвам. Рамеснікі цаніннай справы так сама былі выведзены ў Маскву, дзе іх прадукцыя карысталася вялікім попытам (кафляныя печы). Там беларускія майстры Ігнат Максімаў з Копысі, Сцяпан Іваноў з Мсціслава адраджаюць традыцыю дэкарыроўкі фасадаў цэркваў пліткамі (Барысаглебская царква ў Гродна на Каложы, XII ст.). Кафля выкарыстоўвалася і ва ўнутраным аздабленні храмаў.

У інтэр’ерах магнацкіх і шляхецкіх палацаў канца XVIII ст. асаблівая ўвага ўдзяляецца шпалерам, дыванам, мэблі, люстэркам, люстрам. На фаянсавых мануфактурах у Свержані (з 1738 г.), Целяханах (з 1778 г.) ствараліся фігуркі шляхціцаў, кафля, садовыя вазы, падсвечнікі – прадукцыя ішла на ўпрыгожванне палацаў. Вялікі попыт на вырабы са шкла прывёў да з’яўлення шкляных мануфактур у Налібоках (1717 г.), Урэччы (1732 г.), Мышы 1736 г.), Ільі (1767 г.), Гродна (1770 г.) і іншых месцах. Найбольш вялікімі былі першыя дзве. Асартымент гэтых мануфактур дасягаў 100 назваў, у Ўрэччы ўпершыню ў Рэчы Паспалітай пачалі рабіць люстэркі вельмі добрай якасці. Наогул, адметная рыса гэтых радзівілавых мануфактур – высокі ўзровень гравіроўкі і шліфоўкі.

Важная роля ў быце, касцюме феадалаў, афармленні інтэр’ераў належыла вырабам ткацтва, вышыўцы, карункам, шпалерам і дыванам. Каштоўны матэрыял па арнаментыцы тканін, карункаў, вышавак, цясьмы, стужак даюць творы жывапісу і скульптуры
XVII-XVIII стст.

У XVII ст. пачынаецца вытворчасць бязворсавых дываноў (кілімаў) у Мядзелі, Мінску, Слуцку, Магілёве, Шклове, Полацку і ворсавых дываноў у Слуцку. У наступным, XVIII ст. была наладжана вытворчасць разнастайных відаў шаўковых, залотных тканін (адамашак, атлас, паўатлас, аксаміт і інш.), шаўковых і залотных карункаў (край, аграмант, прошва), набіванкі. У вышыўцы пачалі выкарыстоўваць новыя матэрыялы і тэхнічныя прыёмы – шклярусы, перламутр, бліскаўкі. Вышыўка выконваецца біццю і каніцеллю.

Найбольш магутным цэнтрам ткацтва на Беларусі быў Слуцк, менавіта там і была ў 1730-1750-я гг. адкрыта (перанесена з Нясвіжа) так званая “ персіярня ” – мануфактура па вырабу паясоў. Запрошаны майстар Ян Маджарскі выпрацаваў строгую і гарманічную структуру пояса новага тыпу, за якім засталася назва – “слуцкі пояс”.

У XVIII ст. у ткацтве былі дасягнуты вельмі вялікія поспехі – асвоены новыя прывазныя матэрыялы, найскладанейшыя тэхналогіі (нават вопытны французскі ткач выпрацоўваў у дзень не больш 10 см. узорнага палатна) і арнаментыка. У Беларусі былі створаны буйныя мануфактуры.

У XVIII ст. шпалеры і дываны вырабляліся ў Гродна, Слоніме і Карэлічах. Апошнія адрозніваліся найбольш высокім мастацкім і тэхнічным узроўнем. На шпалерах адлюстроўвалі партрэты, канкрэтныя эпізоды з жыцця магнатаў, якія ўслаўлялі іх подзвігі (“Бітва пад Славечнам” ткачыхі Марыі Кулакоўскай). Часам шпалеры дасканала капіравалі картыны вядомых еўрапейскіх мастакоў. Выдатныя помнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі XVII-XVIII стст. паказваюць, што яны займаюць такое ж пачэснае месца, як жывапіс і пластыка. У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве відаць станаўленне і развіццё нацыянальнай школы, якое адбывалася на базе культуры папярэдняга перыяду.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-16; просмотров: 201; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.144.116.159 (0.025 с.)