Паняцце.пра.пунктуацыю.Класификацыя.знакау.прыпынку.у.бел.мове. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Паняцце.пра.пунктуацыю.Класификацыя.знакау.прыпынку.у.бел.мове.



КРОПКА

1. Кропка ставіцца ў канцы закончанага апавядальнага сказа: Вечар быў цёмны і ціхі. Побач з чыгункай стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. На станцыі шумеў паравоз таварнага цягніка, шумеў ціха і роўна, як бы баючыся парушыць спакой гэтага лесу. Замаўкаюць птушыныя звонкія спевы, калі восень прыходзіць у край наш лясны. Позняя ноч. Цішыня.

 

2. Калі ў канцы апавядальнага сказа ў дужках указваецца аўтар або даецца пашпартызацыя, то кропка ставіцца пасля дужак: Жнеі спяваюць у полі, жыта густое жнучы (М. Танк). Госця, маладая дзяўчына, сядзела ў пакоі і ціха размаўляла з маці (У. Караткевіч). Выдатны паэт і крытык Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай і шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем паэзіі (ЛіМ).

 

3. Пасля слоў і сказаў, якія з’яўляюцца загалоўкамі да тэкстаў, папер рознага прызначэння, а таксама кніг, карцін, фільмаў і іншых твораў, пасля надпісаў на шыльдах кропка не ставіцца. Калі ж загаловак, назва або надпіс складаюцца з двух або некалькіх сказаў, то кропка пасля апошняга сказа не ставіцца: Рэстаран «Ружа». Сямейныя абеды

 

4. Кропкай звычайна аддзяляецца «назоўны тэмы» –– назва прадмета, асобы ці з’явы, пра якую будзе ісці гаворка ў наступным тэксце.

 

Напрыклад:

Піхты. Вынослівыя, гонкія, стройныя. Яны, як громаадводы, тырчаць з тайгі. Без сукоў, адны голыя ствалы. Толькі на самай макавіне дзе-нідзе рэдзенькія кароценькія лапкі (Я. Сіпакоў).

Дзед Міронавіч. З-за яго і запісваю гэта. Дзед –– у капелюшы, з сахаром у руцэ. А барада… раскошная, як у прарока (Я. Брыль).

 

5. Кропка ставіцца ў канцы пабуджальных сказаў, калі просьба ці пажаданне выказаны спакойным тонам, без клічнай інтанацыі.

Ніколі не спыняйцеся на паўдарозе (Я. Колас).

 

6. Кропка ставіцца ў канцы складаных сказаў з ускосным пытаннем.

 

Пятро падышоў і спытаў у шафёра, ці можна пад’ехаць (І. Шамякін).

 

7. Кропка ставіцца пасля сцвярджальных ці адмоўных слоў-сказаў так, не і іх сінонімаў (ага, але, эге, ну, добра і інш.) пры адсутнасці клічнай або пытальнай інтанацыі.

 

«У бібліятэку збіраецеся?» –– «Так».

 

8. Кропка ставіцца перад злучнікамі і, ды, а, але, аднак і інш., калі яны звязваюць паміж сабой самастойныя сказы.

 

Лабановіч борздзенька кінуўся да форткі. Але там было ўсё ціха (Я. Колас).

 

9. Кропкай аддзяляюцца асобныя часткі выказвання пры парцэляцыі.

 

Людзі змагаюцца і перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць... (І. Шамякін).

 

10. Кропка ставіцца ў канцы рубрык пералічэння, калі гэтыя рубрыкі з’яўляюцца самастойнымі сказамі. Паслядоўнасць пунктаў пазначаецца лічбамі з кропкай.

 

У пастанове былі запісаны чатыры пункты:

 

1. Арганізаваць саюз настаўнікаў на падставе пастановы сходу ад 9 ліпеня 1906 года.

 

2. Саюз ставіць сабе асноўнай мэтай –– весці барацьбу з самадзяржаўным ладам шляхам прапаганды ідэі рэвалюцыі сярод насельніцтва і распаўсюджання рэвалюцыйнай літаратуры. Кожнаму члену арганізаванага настаўніцкага саюза ставіцца ў абавязак –– стварэнне на месцах рэвалюцыйных ячэек з мэтай прыцягнення найбольшай колькасці членаў у саюз настаўнікаў.

 

3. Арганізаванаму настаўніцкаму саюзу далучыцца да Усерасійскага саюза настаўнікаў і ўвайсці з ім у цесныя зносіны.

 

4. Для вядзення спраў саюза выбіраецца бюро ў складзе 3-х асоб: Садовіча, Райскага і Тукалы (Я. Колас).

 

11. Кропка ставіцца пасля ўмоўных графічных скарачэнняў (акрамя стандартных скарочаных абазначэнняў метрычных мер): г. Мінск; в. Лебядзінец; г. Капыль Мінскай вобл.; але: 100 г, 5 см, 3 сек і інш.

 

Калі ўмоўным графічным скарачэннем заканчваецца сказ, то ў канцы сказа другая кропка не ставіцца.

 

Існуюць індукцыйная электрычная зварка (токамі высокай частаты), зварка электронным промнем і інш.

 

12. Кропкай аддзяляюцца назвы дзеючых асоб у драматургічных творах, калі гэтыя імёны запісваюцца ў адным радку з рэплікай.

 

Ч а р н а в у с. Можа, я занадта рэзка выступіў. Трэба будзе пагаварыць з ім.

 

13. Кропка ставіцца ў спасылках (у тым ліку і падрадковых) пры ўказанні на крыніцу цытаты пасля прозвішча аўтара, калі ўслед за ім ідзе назва твора гэтага аўтара.

 

Было лета, самая зялёная пара яго (І. Мележ. «Подых навальніцы»).

 

ПЫТАЛЬНІК

 

1. Пытальнік ставіцца ў канцы простага сказа (у тым ліку слова-сказа), якім выражаецца прамое пытанне.

 

Дзе вы, песні жніўныя? Хто вас адвячоркамі панясе над ніваю? (П. Броўка).

 

2. Пытальнік ставіцца ў канцы складаназалежнага сказа, калі пытанне выражана ў галоўнай і даданай частках або толькі ў галоўнай.

 

Ці ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак? (Я. Колас).

 

3. Пытальнік ставіцца ў канцы складаназлучанага і бяззлучнікавага складанага сказа, калі кожная яго частка або толькі апошняя частка выражае пытанне.

 

Ці гэта казку лес складае, ці даль ачнулася нямая і немасць песняй парушала? (Я. Колас).

 

4. У пытальных сказах з аднароднымі членамі сказа пытальнік можа ставіцца пасля кожнага аднароднага члена з мэтай раздзялення пытання.

 

Вольна ішлі яны [калгаснікі] пушчай, прыцішыўшы крокі... Стрэл адзінокі рэхам трывожна глухім дакаціўся да іх. Што гэта? Стрэл паляўнічы? Ці знак таямнічы? (А. Куляшоў).

 

КЛІЧНІК

 

1. Клічнік ставіцца ў канцы простага і складанага сказаў, якія вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй.

 

Эх, і прывабныя стаяць летнія дзянькі! (І. Навуменка).

 

2. Клічнік ставіцца пасля звароткаў, якія стаяць у пачатку або ў канцы сказа, пасля выклічнікаў і гукаперайманняў, што стаяць у пачатку, у сярэдзіне ці ў канцы сказа, калі гэтыя словы вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй.

 

Піліпчык! Нясі з істопкі, што там ёсць у нас. Людзям час даўно снедаць (М. Лынькоў).

 

3. Клічнік ставіцца ў канцы слоў і сказаў, якімі эмацыянальна перадаюцца прывітанні, развітанні, віншаванні, пажаданні, заклікі і інш.

 

–– Дзень добры!

 

–– Дзень добры! Сядай, чалавеча! (А. Куляшоў).

 

–– Добры дзень вам! –– сказала, усміхаючыся ад нечаканасці і здзіўлення, Вера Сымонаўна (Б. Сачанка).

 

4. Клічнік можа ставіцца пасля «назоўнага тэмы» («назоўнага ўяўлення»).

 

Мурог! Ды што за травіца! І шоўк у ёй мяккі і лён, і вечная наша крыніца з гаючай жывіцай-вадзіцай ад бацькаўскіх, дзедаўскіх дзён! (Я. Колас).

 

5. Клічнік можа ставіцца ў дужках для выражэння эмацыянальных адносін да зместу выказвання.

 

Прыйшоў адтуль [з рэдакцыі] ліст. А ў ім, як звычайна, пісалася: «...відаць, вы (!) упершыню ўзяліся за пяро...» (В. Зуёнак).

 

ШМАТКРОП’Е

 

1. Шматкроп’е ставіцца ў канцы апавядальнага сказа для абазначэння незакончанасці выказвання.

 

Няма Хатыні... Звоняць толькі званы (Р. Мачульскі).

 

2. Шматкроп’е ставіцца пасля апошняга слова пералічэння, калі яно абрываецца.

 

У гэтым кутку міжрэчча некалькі вёсак маюць назву Рудня: Рудня Марымонава, Рудня Каменева... (І. Шамякін).

 

3. Шматкроп’е ставіцца для абазначэння нечаканых перапынкаў, перарывістасці ў маўленні, што ўзнікаюць у выніку перажыванняў, хвалявання чалавека або пошуку спосабу выражэння думкі.

 

–– Я... так... хлопец... падарожны, праз сябе сам... Я... нічый! –– і пры гэтым асцярожна ён [Сымон] зірнуў на дзедаў кій (Я. Колас).

 

4. Шматкроп’е ставіцца ў пачатку, у сярэдзіне, у канцы цытаты, каб паказаць, што ў гэтых месцах прапушчаны словы.

 

К. Крапіва, раскрываючы сутнасць сатырычных твораў, адзначае: «...рэзананс сатырычнага твора... залежыць ад значнасці аб’екта, на які гэты твор накіраваны».

 

5. У лексікаграфічных працах пры пропуску часткі цытаты-ілюстрацыі звычайна ставяцца дзве кропкі.

 

БАРВЕ'ЦЬ, -ве'е; незак. Тое, што і б а р в а в е ц ь (у 2 знач.). Грывы канчаліся трохі наводдаль, а за імі.. барвелі ў густой зелені плямы ўжо чырвоных асінак. Караткевіч (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы).

 

6. Калі скарачаецца цытата, у канцы якой павінен стаяць пытальнік або клічнік, то гэтыя знакі ставяцца пасля дзвюх кропак.

 

Гэй! узвейце сваім крыллем, арляняты, буйна, бурна..! (Я. Купала).

 

Параўн.: Гэй! узвейце сваім крыллем, арляняты, буйна, бурна, на мінулых дзён магіле, над санлівасцю хаўтурнай!

 

7. Шматкроп’е ставіцца ў дыялогу, каб перадаць маўчанне замест адказу на зварот суразмоўцы.

 

 

–– Дык што, пайшлі?–– запыталася дзяўчынка.

 

––...

 

–– Ну, чаго ты маўчыш?

 

8. Шматкроп’е ставіцца паміж абзацамі пры нечаканым пераходзе ад аднаго плана апавядання да другога.

 

Яна была яшчэ зусім маладая, але на твары яе ляжаў адбітак перажытага. Цесненькія маршчынкі сабраліся на яе лбе і каля рота, сінія кругі былі пад вачыма, твар увесь быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй таксама быў у зямлі...

 

9. Шматкроп’е можа ставіцца пасля «назоўнага тэмы».

 

Хатынь... Мала хто чуў, мусіць, гэтую назву да вайны. Мала хто ведаў і самую вёску, якая згубілася сярод лясоў і пагоркаў Лагойшчыны.

 

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-16; просмотров: 631; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.217.108.11 (0.028 с.)