Структура і змест дыпломнай работы 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Структура і змест дыпломнай работы



 

Структура дыпломнай работы павінна адпавядаць сучас­ным патрабаванням да напісання навуковага даследавання
і ўключаць абавязковыя часткі:

– тытульны ліст;

– рэферат;

– змест;

– уводзіны;

– асноўная частка, якая ўключае главы, раздзелы і пад­раздзелы;

– заключэнне;

– бібліяграфічны спіс;

– дадаткі (пры неабходнасці).

Тытульны ліст – першая старонка работы (нумар старонкі не прастаўляецца). На тытульным лісце павінны быць ука­заны: ведамасная прыналежнасць установы адукацыі; назва ўстановы адукацыі, факультэта і кафедры, на якой выканана работа; тып работы (дыпломная); тэма работы; звесткі аб аўтары (курс, група, прозвішча, імя, імя па бацьку студэнта); звесткі аб навуковым кіраўніку (вучоная ступень, званне і пасада, прозвішча, імя, імя па бацьку); дата допуску да абаро­ны і подпіс загадчыка кафедры; месца і год прадстаўлення работы да абароны (Дадатак Б).

Рэферат – другая (пасля тытульнага ліста) старонка ды­пломнай работы, якая, як і наступныя старонкі, нумаруецца.
У рэфераце прадстаўлены: аб’ект даследавання, мэта ды­пломнай работы, метадалогія і метады даследавання, асноў­ныя вынікі дыпломнай работы, іх навуковае або практычнае зна­чэнне, а таксама даныя аб дадатках. Пачынаецца рэферат з ключавых слоў, затым прыводзіцца сам тэкст. Ключавыя сло­вы пішуцца вялікімі літарамі, аддзяляюцца адно ад другога коскай. Аб’ём рэферата – адна старонка.

Змест – уключае назвы глаў, раздзелаў і падраздзелаў з указаннем нумароўстаронак, на якіх пачынаюцца матэрыялы адпаведных частак работы (Дадатак В).

Уводзіны – уступная частка дыпломнай работы. Ва ўво­дзінах абгрунтоўваецца выбар тэмы і яе актуальнасць, фарму­лююцца мэта і задачы дыпломнай работы, аб’ект і прадмет даследавання, указваецца ступень распрацаванасці праблемы, навізна і практычная значнасць дыпломнай работы, метада­логія і метады даследавання, структура дыпломнай работы.

Асноўная частка – уяўляе сабой тэарэтыка-практычную аснову работы. Змест асноўнай часткі вызначаецца ў адпавед­насці са спецыфікай падрыхтоўкі спецыялістаў па канкрэтнай спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці).

Спецыяльнасць «рэжысура свят». Асноўная частка ды­пломнай работы складаецца, як правіла, з дзвюх глаў, якія ў сваю чаргу маюць не менш двух раздзелаў. Першая главаз’яўляецца навукова-тэарэтычным даследаваннем, якое рас­крывае тэндэнцыі развіцця свята на розных гістарычных эта­пах. У гэтай главе неабходна разгледзець:

– на аснове вывучэння гістарычных, архіўных і фальклор­ных крыніц агульнанацыянальныя традыцыі, тэрытарыяльныя і мясцовыя асаблівасці правядзення свята;

– традыцыйную кампазіцыйную пабудову свята;

– сімволіку і семантыку абрадава-рытуальных і гульнявых дзей;

– традыцыйныя формы стварэння перадсвяточнай і святоч­най атмасферы;

– традыцыйны парадак правядзення абрадава-рытуальных і гульнявых дзей;

– сучасны стан свята;

– дзейнасць устаноў культуры і мастацтва па адраджэнні, захаванні і развіцці народных традыцый у сучаснай святочнай культуры Беларусі, творчым пераасэнсаванні і стварэнні на аснове мастацкіх здабыткаў мінулых пакаленняў новых свя­точных формаўтварэнняў, пазітыўныя і негатыўныя тэндэнцыі ў гэтым працэсе.

Другая глава рэжысёрскі праект свята, які ўключае: заду­му, творчую распрацоўку і ўвасабленне святочных дзей абра­нага студэнтам свята, а таксама вырашэнне матэрыяльна-тэх­нічных, арганізацыйных і фінансавых аспектаў. У структуру рэжысёрскага праекта ўваходзяць:

– задума свята: творчая заяўка на правядзенне свята; форма правядзення свята (рэканструкцыя, рэстаўрацыя, новае свя­точнае формаўтварэнне); навізна свята; арганізацыі, зацікаў­леныя ў правядзенні свята; месца правядзення свята, яго архі­тэктурна-ландшафтныя асаблівасці; адрас свята (узрост, са­цыяльны статус людзей); праграма свята; арганізацыя перад­святочнай атмасферы;

– сцэнарна-рэжысёрская распрацоўка свята: тэма свята, ідэя – звышзадача; разгорнуты сцэнарны план з указаннем эпізодаў свята (вобразная назва эпізоду, структура, рэжысёрскі акцэнт); кампазіцыйная пабудова; сцэнарна-рэжысёрскі ход; мастацкі вобраз свята;

– арганізацыйна-вытворчы план падрыхтоўкі свята: аргка­мітэт свята; палажэнне аб правядзенні свята і журы (у выпадку конкурснай асновы свята); арганізацыйна-вытворчы аналіз сцэнарыя(творчае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне); наяўнасць прызавога фонду; арганізацыя прыёму гасцей; ра­бота з дапаможнымі службамі(пажарная, медыцынская служ­бы; служба бяспекі дарожнага руху; служба аховы);

– літаратурны сцэнарый свята;

– каштарыс свята.

Спецыяльнасць «харэаграфічнае мастацтва». У асноўнай частцы тэарэтыка-мастацтвазнаўчай дыпломнай работы студэнт павінен:

– правесці аналітычны агляд навукова-крытычных, архіў­ных, мемуарных, электронных крыніц;

– прадставіць гістарычны аналіз вывучаемай праблемы; выявіць кірункі і заканамернасці ў развіцці таго ці іншага напрамку, стылю, жанру харэаграфічнага мастацтва;

– выявіць агульныя і спецыфічныя рысы ў творчасці тых ці іншых балетмайстраў, выканаўцаў;

– абагульніць і сістэматызаваць па пэўным прынцыпе (хра­налагічным, сістэмна-аналітычным) сабраны матэрыял.

У асноўнай частцы тэарэтыка-практычнай дыпломнай работы студэнт павінен:

– вызначыць стылявую і жанравую скіраванасць асабістага харэаграфічнага твора;

– правесці гістарычны аналіз балетмайстарскіх прац, якія належаць да аналагічнага стылю і жанру, што абраны для дыпломнай работы;

– апісаць працэс фарміравання мастацкай задумы будучага твора;

– ажыццявіць аналіз музычнага матэрыялу, абранага для харэаграфічнага ўвасаблення (пры магчымасці прааналізаваць творчасць кампазітара ці музыкальнай групы);

– скласці падрабязны кампазіцыйны план;

– распрацаваць канцэпцыю дэкарацыйнага і светлавога вы­рашэння харэаграфічнага твора, а таксама сцэнічных касцю­маў для выканаўцаў;

– абгрунтаваць прынцыпы адбору выканаўцаў;

– распрацаваць графік пастановачнай і рэпетыцыйнай работы;

– апісаць выразныя сродкі, балетмайстарскія прыёмы, якія выкарыстоўваліся ў харэаграфічным творы.

Спецыяльнасць «народная творчасць», напрамак спе­цыяльнасці «народная творчасць (тэатральная)». У асноў­най частцыдыпломнай работы, якая складаецца з 4 глаў, асвят­ляюцца галоўныя пытан­ні пастановачнага плана. Першая глава прысвечана даследаванню аб аўтары, другая – рэжы­сёрскаму аналізу п’есы, трэцяя – апісанню рэжысёрскай заду­мы спектакля, чацвёртая – апісанню працэсу сцэнічнага ўва­саблення спектакля.

У першай главе дыпломнай работы раскрываюцца асноў­ныя этапы жыццёвага і творчага шляху аўтара, даецца кароткі аналіз творчасці драматурга (пісьменніка, паэта), вызначаюц­ца літаратурна-мастацкія і стылістычныя асаблівасці яго твор­час­ці, асноўная тэма творчасці драма­тур­га (пісьменніка, паэ­та), роля і месца дадзенага твора ў творчасці драматурга (пісьменніка, паэта), стылістычныя і моўныя асаблівасці абра­нага твора (п’есы, апавядання, аповесці, верша), раскрываецца гісторыя пастановак абранага твора.

У другой главе апісваюцца першыя ўражанні аб творы, вызначаюцца яго асноўная тэма і ідэя, сюжэт і фабула, жанр і стыль, прапанаваныя абставіны, скразное і контрскразное дзеянні ў творы, іх носьбіты, асноўны і другарадныя кан­флікты ў творы, іх носьбіты, кампазіцыйная пабудова п’есы (апавядання, аповесці, верша), асноўныя аўтарскія рэмаркі ў творы, характарыстыка дзеючых асоб, дадзеная аўтарам твора.

Трэцяя глава дыпломнай работы прысвечана апісанню рэжысёрскай задумы (эксплікацыі) спектакля, вызначэнню яго тэмы, ідэі і звышзадачы, жанру і стылю, прапанаваных абста­він, кампазіцыйнай пабудовы спектакля, падзейнага рада спектакля і яго ключавых мізансцэн, характарыстык дзеючых асоб, прынцыпаў сцэнаграфічна-дэкарацыйнага і музычна-шумавога вырашэння.

Чацвёртая глава прысвечана ўвасабленню рэжысёрскай за­думы дыпломнага спектакля на сцэнічнай пляцоўцы: даецца апісанне сцэнаграфічнага, музычна-шумавога, светлавога і пластыка-харэаграфічнага вырашэння спектакля, яго атма­сфера і інш.

Асноўныя пытанні для работы над рэжысёрскім пастано­вачным планам прыведзены ў Дадатку Г.

Спецыяльнасць «народная творчасць», напрамак спецыяль­насці «народная творчасць (народныя рамёствы)»; спецыяль­насць «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», напрамак спе­цыяльнасці «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (рэстаў­рацыя вырабаў)». У асноўнай частцы дыпломнай работы прад­стаўляецца значны аналітычны матэрыял па абранай тэме. Інфармацыйнае напаўненне асноўнай часткі, колькасць глаў і раздзелаў варыятыўна і залежыць ад мэты і задач даследа­вання. Тэарэтычна значным з’яўляецца гістарычны агляд раз­віцця пэўнага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аналіз яго сучаснага стану, персаналіі мастакоў дэкаратыўна-прык­ладнога мастацтва, разгляд асаблівасцей іх творчых пошукаў.

Асобная глава ўключае матэрыял, які з’яўляецца падмур­кам мастацкай ідэі твора і прадстаўляе апісанне народных свят і абрадаў, міфапаэтычных уяўленняў беларусаў, гістарычных і культурных падзей і г. д. Таксама аналізуюцца творы маста­коў, блізкія да абранай студэнтам тэматыкі, іх мастацка-воб­разнае і кампазіцыйнае рашэнне, тэхналагічныя асаблівасці.

Абавязковай з’яўляецца глава, у якой раскрываецца мето­дыка стварэння мастацкага твора. У раздзелах абгрунтоў­ваецца пластычны вобраз твора, кампазіцыйная схема, выраз­ныя сродкі (графічныя, пластычныя, каларыстычныя, дэкара­тыўныя). Падрабязна даецца апісанне паслядоўнасці выканан­ня аўтарскага твора; выкарыстаных матэрыялаў, абсталявання і інструментаў.

Асноўная частка дыпломнай работы выпускнікоў напрамку спецыяльнасці «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (рэс­таўрацыя вырабаў)» абавязкова ўключае тэарэтычны раздзел па методыцы рэстаўрацыі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастац­тва. У асобным раздзеле апісваецца паслядоўнасць выканання студэнтам кансервацыйных або рэстаўрацыйных работ на канкрэтным творы.

Спецыяльнасць «народная творчасць», напрамак спецыяль­насці «народная творчасць (фальклор)», спецыялізацыя «этна­фоназнаўства». Асноўная частка дыпломнай работы скла­даецца з дзвюх (трох) глаў,у якіх разглядаюцца тэарэтычны і практычны аспекты дыпломнай работы.

Першая глава – аналітычная частка, якая адлюстроўвае тэарэ­тычную базу дыпломнага праекта. У ёй адзначаюцца асноў­ныя канцэптуальныя здабыткі беларускай фалькларыстыкі па тэме даследавання і даецца апісанне навуковых высноў, зробленых аўтарам у ходзе падрыхтоўкі дыпломнай работы:

– указваюцца працы айчынных і замежных даследчыкаў, дзе выкладзены асноўныя навуковыя палажэнні адносна аб’екта даследавання: лакалізацыя, храналогія, міфасемантыка і струк­тура абраду (ці яго асобнага этапу), удзельнікі і жанравы склад абрадавых твораў;

– акрэсліваецца зона (ці зоны) найбольшага пашырэння абраду, дзе захаваліся носьбіты і пераймальнікі традыцыі; робіцца вывад аб прыналежнасці аб’екта даследавання да пэўнага гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Беларусі;

– вызначаецца ступень захаванасці абранай для мастацкай рэканструкцыі абрадавай з’явы ў сучаснай сацыякультурнай прасторы, ацэньваюцца ўмовы для яе вывучэння і пераймання і магчымасць яе рэвіталізацыі;

– указваюцца артэфакты народнай культурнай спадчыны, якія з’яўляюцца актуальнымі менавіта пры мастацкай рэкан­струкцыі абраду (ці яго асобнага этапу) у сучаснай са­цыякультурнай прасторы.

Другая глава – праектная частка дыпломнай работы. Змест яе засноўваецца на аўтэнтычным фальклорным матэрыяле.
У ёй апісваецца аўтарская методыка мастацкай рэканструкцыі абраду (ці яго асобнага этапу) на дакументальнай аснове і падсумоўваюцца вынікі практычнага ўвасаблення дыпломнай работы:

– указваецца палявы фальклорна-этнаграфічны і этнафа­нічны матэрыял (сабраны аўтарам дыпломнай работы і/ці апублікаваны ў працах асобных даследчыкаў ці аўтарскіх калектываў), які выкарыстоўваўся ў мастацкай рэканструкцыі;

– абгрунтоўваецца выбар спеўнага, рэчытатыўнага, музыч­нага, гульнявога і харэаграфічнага матэрыялу мастацкай рэканструкцыі;

– даецца этнафанічная характарыстыка абрадавых песень;

– прыводзіцца апісанне асноўных этапаў мастацкай рэкан­струкцыі: даследчы, сцэнарна-праектны, вучэбна-рэпетыцый­ны, прэзентацыйны, аналітычны і інш.

Заключэнне. У гэтай частцы дыпломнай работы прыво­дзяцца асноўныя вынікі і зробленыя на іх аснове вывады. Заключэнне можа ўключаць 3–5 коратка сфармуляваных абагульненняў.

Бібліяграфічны спіс. Уключае ўсе выданні, якімі кары­стаўся аўтар пры распрацоўцы тэмы. Пры наяўнасці ў сту­дэнта публікацый па праблеме, яны таксама ўключаюцца ў спіс. Аб’ём і якасць выкарыстанай літаратуры паказвае на­колькі аўтар дыпломнай работы валодае інфармацыяй. Біблія­графічны спіс літаратуры складаецца ў алфавітным парадку ў адпаведнасці з міждзяржаўнымі стандартамі: ГОСТ 7.1-2003 Бібліяграфічны запіс. Бібліяграфічнае апісанне, ГОСТ
7.82-2001 Бібліяграфічны запіс. Бібліяграфічнае апісанне элек­тронных рэсурсаў (Дадатак Е).

Дадаткі. Уяўляюць сабой матэрыял, які студэнт засвоіў у працэсе распрацоўкі тэмы, але самастойнага значэння не мае і таму прыводзіцца асобна, па-за тэкстам.Формы дадаткаў разнастайныя. Разам з традыцыйнымі формамі (ілюстрацыі, схемы, табліцы, ксеракопіі, копіі архіўных ці рэдкіх дакумен­таў) да тэксту дыпломнай работы могуць прыкладацца аўдыя- і відэаматэрыялы, электронныя версіі змястоўных тэкстаў
і інш.

Дадаткі да тэксту дыпломнай работы студэнтаў спецыяль­насці «рэжысура свят» уключаюць:

– генеральны план дэкарыравання свята;

– карту-схему або план-размяшчэнне зон дзеяння;

– эскізы мастацкага афармлення сцэнічных пляцовак, свя­точных зон дзеяння, касцюмаў персанажаў, бутафорыі і рэк­візіту, друкаванай прадукцыі (афіша і плакат, запрашальны білет, буклет і інш.);

– схемы вузлавых мізансцэн;

– службовую дакументацыю;

– фотаздымкі перыяду падрыхтоўкі і правядзення свята;

– мультымедыйную прэзентацыю (дыск з відэазапісам свята);

– пратакол прыёму дыпломнай работы (Дадатак Д).

Дадаткі да дыпломнай работы студэнтаў спецыяльнасці «харэаграфічнае мастацтва» ўключаюць эскізы касцюмаў, мастацкага афармлення нумара, праект (макет) афішы, прагра­мак, запрашальнага білета, фотаздымкі асобных эпізодаў нумара, дыск з відэазапісам нумара і іншыя дакументы.

У дадатках да тэксту дыпломнай работы студэнтаў спе­цыяльнасці «народная творчасць», напрамку спецыяльнасці «народная творчасць (тэатральная)» прыводзяцца эскізы касцюмаў, мастацкага афармлення спектакля, праект (маке­т) афішы, праграмак, запрашальнага білета, фотаздымкі сцэн у рэпетыцыйны перыяд і падчас пастаноўкі спектакля, дыск з відэазапісам (па магчымасці) і інш.

Да дыпломнай работы абавязковададаецца пратакол пры­ёму дыпломнай работы (Дадатак Д).

Дыпломная работа студэнтаў спецыяльнасці «народная творчасць», напрамку спецыяльнасці «народная творчасць (народныя рамёствы)»; спецыяльнасці «дэкаратыўна-пры­кладное мастацтва», напрамку спецыяльнасці «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (рэстаўрацыя вырабаў)» абавязкова ўключае дадаткі, у якіх ілюстрацыйны рад (фотаздымкі, малюнкі, эскізы) суправаджае тэкставую частку.

Адным з дадаткаў да дыпломнай работы выпускнікоў спецыяльнасці «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», на­прамку спецыяльнасці «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (рэстаўрацыя вырабаў)» з’яўляецца распрацаваны студэнтам рэстаўрацыйны пашпарт твора дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама постар або мультымедыйная прэзентацыя этапаў рэстаўрацыйных работ.

Дадаткі да дыпломнай работы студэнтаў спецыяльнасці «народная творчасць», напрамак спецыяльнасці «народная творчасць (фальклор)», спецыялізацыя «этнафоназнаўства» ілюструюць асноўныя палажэнні ўвасобленай мастацкай рэ­канструкцыі абраду (ці яго асобнага этапу) на дакументальнай аснове. Дадаткамі з’яўляюцца: рэпертуарны зборнік (у друка­ваным выглядзе і на аўдыяносьбіце), абрадавая карта, сцэнар­ны план, відэаматэрыял правядзення дыпломнага праекта ці інш.

Не ўваходзяць у склад дыпломнай работы, але з’яўляюцца абавязковымі суправаджальнымі дакументамі: заданне на дыпломную работу, вод­зыў навуковага кіраўніка і рэцэнзія на дыплом­ную работу.

 

Падрыхтоўка практычнай часткі дыпломнай работы

 

Работа над практычнай часткай дыпломнай работы вядзец­ца студэнтам, як правіла, падчас пераддыпломнай практыкі.

Спецыяльнасць «рэжысура свят». У перыяд працы над практычнай часткай дыпломнай работы студэнт павінен:

– распрацаваць разгорнуты сцэнарны план і літаратурны сцэнарый свята;

– вызначыць ідэйна-тэматычны аналіз, кампазіцыйную па­будову, сцэнарна-рэжысёрскі ход і мастацкі вобраз свята;

– распрацаваць сумесна з мастаком-пастаноўшчыкам – мас­тацка-дэкаратыўнае, з харэографам-пастаноўшчыкам – плас­тыка-харэаграфічнае, з музычным кіраўніком – музычна-шу­мавое вырашэнне свята;

– падрыхтаваць пастановачны план, графік рэпетыцый, каштарыс;

– арганізаваць рэпетыцыйны працэс з удзельнікамі свята;

– ажыццявіць пастаноўку свята.

Калі свята вялікае па маштабе дзеяння або поліфанічнай на­кіраванасці (г. зн. адначасовае функцыянаванне некалькіх зон дзеяння, кожная з якіх мае сваю ідэйна-тэматычную накірава­насць, структуру, кампазіцыйную пабудову і вобразнае ра­шэнне), то над такім святам дазваляецца працаваць двум або некалькім студэнтам.

Спецыяльнасць «харэаграфічнае мастацтва». Пры выка­нанні практычнай часткі дыпломнай работы студэнт павінен самастойна падрыхтаваць харэаграфічны твор.

Спецыяльнасць «народная творчасць», напрамак спецыяль­насці «народная творчасць (тэатральная)». У перыяд працы над практычнай часткай дыпломнай ра­боты студэнт павінен:

– здзейсніць сцэнічнае ўвасабленне спектакля па творах замежных або айчынных аўтараў;

– падрыхтаваць рэжысёрскі пастановачны план спектакля;

– скласці графік рэпетыцый;

– арганізаваць рэпетыцыйны працэс;

– стварыць эскізы запрашальных квіткоў, афішы, касцюмаў, бутафорыі, дэкарацыйнага афармленняі інш.;

– распрацаваць музычна-шумавую партытуру спектакля;

– зрабіць фотаздымкі і відэазапіс эпізодаў рэпетыцый і спектакля.

У выпадку, калі студэнт-выпускнік кафедры тэатральнай творчасці працуе ў прафесійным тэатры, ён прадстаўляе вы­піску з пратакола пасяджэння мастацкага савета тэатра з аб­мер­каваннем дыпломнага спектакля.

Спецыяльнасць «народная творчасць», напрамак спецыяль­насці «народная творчасць (народныя рамёствы)»; спецыяль­насць «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», напрамак спе­цыяльнасці «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (рэстаўра­цыя вырабаў)». Мэтай практычнай часткі з’яўляецца візуалі­зацыя мастацкай ідэі праз арыгінальны пластычны вобраз у пэўным матэрыяле і тэхніцы (кераміка, ткацтва, габелен, ба­тык, саломапляценне, роспіс, выцінанка, лямец); узбагачэнне традыцыйных канструктыўна-пластычных прыёмаў народнага рамяства, выкарыстанне дасягненняў сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Завершаны мастацкі твор прадстаўляе сабой дэкаратыўнае пано (серыю, дыптых, трыпціх) або аб’ёмныя формы, якія складаюць ансамбль прадметаў і паві­нен адлюстроўваць разуменне выпускніком спецыфікі форма­ўтварэння вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; пластычных уласцівасцей матэрыялу; сувязі дэкору з формай і матэрыялам; функцыі колеру ў творах дэкаратыўна-прык­ладнога мастацтва.

Практычная частка дыпломнай работы студэнтаў спецыяль­насці «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», напрамку спе­цыяльнасці «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (рэстаўра­цыя вырабаў)» звязана з матэрыялам, тэхналагічнымі асаблі­васцямі і непасрэдна творам, які быў рэстаўрыраваны студэн­там. Завершаная работа афармляецца як выставачны твор (на падрамніках, у рамах, на планках і інш.) з улікам асаблівасцей экспанавання.

Неад’емнай часткай дыпломнай работы з’яўляецца выка­нанне планшэта, на якім мастацка-вобразная ідэя ўвасабля­ецца лаканічна, выразнымі графічнымі прыёмамі.

Дыпломная работа выконваецца выпускніком поўнасцю або часткова з уласных матэрыялаў і за ўласныя сродкі. На абарону абавязкова прадстаўляюцца ўсе часткі дыпломнай работы.

Спецыяльнасць «народная творчасць», напрамак спецыяль­насці «народная творчасць (фальклор)», спецыялізацыя «этна­фоназнаўства». Пры падрыхтоўцы практычнай часткі ды­пломнай работы студэнт павінен:

– зафіксаваць на відэа выбраную для мастацкай рэкан­струкцыі абрадавую з’яву ў жывым бытаванні (калі ступень яе захаванасці дазваляе гэта зрабіць);

– на аснове тэарэтычных ведаў і эмпірычнага матэрыялу стварыць абрадавую карту, рэпертуарны зборнік і сцэнарны план мастацкай рэканструкцыі;

– ажыццявіць паслядоўна галоўныя этапы мастацкай рэкан­струкцыі і зафіксаваць на відэа яе ўвасабленне;

– правесці аналіз выканання дыпломнага праекта і аформіць дадаткі.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-06-19; просмотров: 565; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.190.217.134 (0.042 с.)